Маленькія тролі і вялікая паводка. Аўтар Туве Янсан Пераклад Sveavita




Дата канвертавання13.05.2016
Памер78.44 Kb.
Маленькія тролі і вялікая паводка.

Аўтар - Туве Янсан

Пераклад - Sveavita

Час ужо, відаць, блізіўся да палудня, калі аднойчы напрыканцы жніўня Мумі-троль з мамай увайшлі ў самую дрымучую частку лесу. Там было ціха-ціха, а паміж дрэвамі ляжалі такія густыя цені, што здавалася, быццам ужо надыйшоў вечар. Вялізныя кветкі свяціліся і міргалі, як лямпы, а ў ценю шавяліліся халодна-зялёныя агменьчыкі.

-Светлякі,- сказала Мумі-тролева мама, але ў іх не было часу разгледзець светлякоў бліжэй. Яны спяшаліся на пошукі цёплага ўтульнага месца, дзе можна збудаваць дамок на зіму. Мумі-тролі не пераносяць холаду, таму дамок мусіць быць гатовы найпазней у кастрычніку.

Таму яны ішлі не спыняючыся, усё глыбей і глыбей у цішыню і цемру. Мумі-троль пачаў непакоіцца і шэптам запытаўся ў мамы, ці бываюць тут небяспечныя звяры.

-Наўрад,- сказала яна. - Але на ўсякі выпадак трэба ісці шпарчэй. Мы такія маленькія, што нават калі тут і з'явіцца які небяспечны звер, ён нас можа папросту не заўважыць.

Раптам Мумі-троль спуджана ўхапіўся за маміну руку:

-Гля-я-янь! - і ягоны хвосцік падняўся дыбам ад страху.

З-за дрэва на іх не міргаючы глядзела пара вачэй. Мама спачатку таксама спужалася, але, каб супакоіць Мумі-троля, сказала:

-Гэты звер, напэўна, зусім маленькі. Вось мы на яго зараз пасвецім. Разумееш, у цемры ўсё здаецца куды страшнейшае, чым на самой справе.

І з гэтымі словамі яна сарвала вялікую кветку-лямпу і пасвяціла ёй ў цемру за дрэвам. Там сапраўды сядзела маленькае звераня, яно падавалася лагодным і крыху спуджаным.

-Вось бачыш,- сказала Мумі-тролева мама.

-Хто вы такія? - спыталася звераня.

-Я Мумі-троль,- адказаў Мумі-троль, адразу пасмялеўшы. - А гэта мая мама. Прабачце, што непакоім Вас. - (Бачыш, мама навучала яго правілам ветлівасці.)

-Нічога страшнага,- адказала звераня. - Я сядзеў тут сам-насам са сваёй меланхоліяй і вельмі сумаваў без добрай кампаніі. Вы кудысьці спяшаецеся?

-Так,- адказала мама. - Мы шукаем сонечнае месца для новага дома. Ты, можа, хочаш пайсці з намі?

-Яшчэ як хачу!- падскочыла ад радасці звераня. - Я заблукаў і думаў, што ўжо ніколі не пабачу сонца.

І яны пайшлі далей утраіх, прыхапіўшы з сабой вялікі цюльпан, каб асвятляць дарогу. Але навокал згушчалася цемра, кветкі свяціліся ўсё слабей і хутка зусім пагаслі. На шляху нашых падарожнікаў чарнелася вада, паветра было цяжкое і халоднае.

-Ой, які жах!- піскнула звераня. - Гэта ж балота. Туды я не пайду, баюся.

-Гэта чаму ж? - запыталася Мумі-тролева мама.

-Там жыве Вялікі Цмок,- шэптам адказала звераня і баязліва азірнулася па баках.

-Ну, вось яшчэ,- фыркнуў Мумі-троль. Яму хацелася быць смелым. - Мы такія маленькія, што нас ніхто і не заўважыць. Калі вельмі хочацца пабачыць сонечнае святло, ніякае балота не страшнае. Хадзем, смялей!

-Ну, калі не вельмі далёка,- згадзілася звераня. - Але будзьце пільныя, вы гэта робіце на ўласную рызыку!

Яны паціху пераскоквалі з купіны на купіну, а вакол іх булькатала і шапацела балота. Але пакуль свяціла лямпа-цюльпан, ім было спакойна. Мумі-троль паслізнуўся раз і ледзь не ўваліўся ў багну, але мама яго выратавала ў апошні момант.

-Нам патрэбны плыт,- сказала яна. - Вунь як ты змачыў ногі, раптам прастынеш.

З гэтымі словамі яна дастала пару сухіх шкарпэтак з торбы, а пасля пасадзіла Мумі-троля і маленькае звераня на вялікі гарлачыкавы ліст. Усе трое апусці хвасты ў ваду замест вёслаў і скіравалі плыт далей па балоце. Там і сям невядомыя цёмныя істоты ўсплывалі паміж каранёў вялікіх дрэваў і зноў хаваліся ў вадзе. Вакол не сціхала пляскатанне, на падарожнікаў пачаў спаўзаць туман. Маленькае звераня нечакана ўсхліпнула:

-Я хачу дадому!

-Не бойся, зверанятка,- сказаў Мумі-троль дрыжачым голасам. - Вось мы зараз праспяваем што-небудзь вясёлае, і...

У той самы момант лямпа-цюльпан пагасла, і яны апынуліся ў непрагляднай цемры. З цемры да іх даляцеў нейкі шум, і яны адчулі, як гарлачыкавы ліст пад імі затрымцеў і пачаў гушкацца.

-Шпарчэй, шпарчэй,- закрычала Мумі-тролева мама. - Гэта Вялікі Цмок!

Яны апусцілі хвасты яшчэ глыбей у ваду і павеславалі што ёсць моцы, так што пырскі разляталіся ва ўсе бакі. Яны ўжо бачылі Цмока, што плыў за імі. Ягоныя вочы блішчэлі нядобрымі жоўтымі агнямі. Ён іх ужо даганяў, і ўжо разявіў сваю пашчу з доўгім дрыжачым языком. Мумі-троль закрыў вочы далонямі, закрычаў "мама!" і чакаў, што зараз Цмок яго праглыне.

Але нічога не здарылася. Тады ён асцярожна расціцнуў пальцы. Адбылося штосьці неверагоднае. Цюльпан зноў свяціўся, ён раскрыў усе свае пялёсткі, а ўсярэдзіне ў ім стаяла дзяўчынка з блакітнымі валасамі, што сягалі аж да долу.

Цюльпан свяціў ярчэй і ярчэй. Цмок пачаў жмурыцца, а пасля кінуў сваё злоснае вуркатанне і нырнуў назад у балотнае сутонне.

Мумі-троль, ягоная мама і маленькае звераня былі так усхваляваныя і здзіўленыя, што доўга не маглі вымавіць ні слова. Нарэшце Мумі-тролева мама ўрачыста прамовіла:

-Вялікі-вялікі дзякуй Вам за дапамогу, незнаёмая прыгажуня. - А Мумі-троль адвесіў неверагодна глыбокі паклон, бо ніколі ў жыцці не бачыў нікога прыгажэйшага за гэтую блакітнавалосую дзяўчынку.

-Вы заўсёды жылі ў цюльпане? - сціпла пацікавілася маленькае звераня.

-Так, гэта мой дом,- адказала яна. - Можаце зваць мяне Цьюліпа.

І яны паціху павеславалі далей, да берага. На беразе Мумі-тролева мама збудавала схованку з імху пад густа сплеценым веццем папараці, і там яны ўладкаваліся на ноч. Цесна прытуліўшыся да мамы, Мумі-троль слухаў спевы жабаў у балоце. Ноч поўнілася рэдкімі адзінокімі гукамі, і ён доўга не мог заснуць.

Раніцай яны зноў рушылі ў дарогу. Цьюліпа ішла наперадзе, і ейныя блакітныя валасы свяцілі ярчэй за найярчэйшую лямпу. Раптам на іх шляху вырасла гара - такая высокая, што не бачна вяршыні.

-Там наверсе, напэўна, свеціць сонейка. - У голасе маленькага звераняці гучалі сумныя ноткі. - Я невыносна мерзну.

-Я таксама,- сказаў Мумі-троль і чхнуў.

-Ну вось, што я казала - ты прастыў! - сказала мама. - Хуценька сядайце, я запалю вогнішча.

І яна злажыла вялізны стос сухога вецця і падпаліла яго іскарай ад Цьюліпіных блакітных валасоў. Яны селі ўчацвярох кругом вогнішча, і Мумі-тролева мама пачала распавядаць гісторыі. Яна распавяла, якім жыццё было даўней, калі яна была маленькая і калі Мумі-тролям не даводзілася цягацца па дрымучых лясах і балотах ў пошуках жытла.

У тыя часы Мумі-тролі жылі разам з дамавікамі ў людзей, часта за іхнімі кафельнымі грубкамі.

-Некаторыя і зараз там жывуць,- распавядала мама. - Прынамсі, там, дзе дагэтуль засталіся грубкі. За батарэямі цэнтральнага ацяплення мы не прыжыліся.

-А людзі ведалі, што мы там жывем? - запытаўся Мумі-троль.

-Некаторыя з людзей,- сказала мама. - Яны адчувалі нас як халодны подых ветру, калі заставаліся ў адзіноце.

-Раскажы пра тату,- папрасіў Мумі-троль.

-Гэта быў незвычайны троль,- уздыхнула мама. - Ніколі яму не сядзелася на месцы, заўсёды хацеў пераязджаць ад грубкі да грубкі. А пасля знік недзе з хаціфнатамі, маленькімі вандроўнікамі.

-А што яны за істоты? - спыталася маленькае звераня.

-Гэта звяркі невялікага памеру, накшталт троляў,- патлумачыла мама. - Часцей за ўсё нябачныя. Бывае, што жывуць у людзей пад падлогай, і ціхімі вечарамі можна іх пачуць. Але часцей вандруюць па свеце, нідзе не спыняюцца і ні ад чым не дбаюць. Ніколі не ведаеш, гледзячы на хаціфната, ці ён задаволены, ці злосны, ці сумны, ці здзіўлены. Я дык упэўненая, што ў іх наогул няма аніякіх пачуццяў.

-І тата зрабіўся хаціфнатам? - спытаўся Мумі-троль.

-Не, што ты, канешне не! - супакоіла яго мама. - Сам разумееш, яны яго проста звялі за сабой.

-Можа, мы аднойчы яго сустрэнем! - сказала Цьюліпа. - Ён бы, відаць, узрадаваўся.

-Несумненна,- пагадзілася Мумі-тролева мама,- але наўрад ці гэтае магчыма,- і заплакала. Ад гэтых самотных словаў усе астатнія таксама пачалі румзаць, а ад плачу ў іхнія галовы палезлі іншыя самотныя думкі, і яны плакалі ўсё горай. Цьюліпіны валасы пачалі блякнуць ад адчаю, і скора зрабіліся зусім цьмяныя. Раптам пачуўся строгі голас:

-Чаго вы там развыліся?

Яны ўмомант сціхлі і пачалі азірацца па баках, але не ўбачылі нікога, каму мог бы належаць голас.

У тую ж хвіліну з крутой гары спусцілася вяровачная лесвіца, і яны ўбачылі старэнькага дзядзьку, што пазіраў на іх праз адчыненыя дзверы наверсе.

-Га? - крыкнуў ён ізноў.

-Прабачце,- сказала Цьюліпа і прысела ў ветлівым рэверансе. - Але Вы зразумейце, спадар, усё сапраўды вельмі сумна! Мумі-тролеў тата знік, мы змерзлі, не ведаем, як пераадолець гэтую гару, дзе шукаць сонечнае святло, і нам няма дзе жыць.

-Ага, вось яно як... - сказаў дзядзька. - Ну, тады лезьце да мяне. Сонечнага святла, лепшага за маё, і прыдумаць немагчыма.

Нялёгка было караскацца па вяровачнай лесвіцы, асабліва Мумі-тролю з мамай, бо ў іх вельмі кароткія ногі.

-Выцірайце ногі,- сказаў дзядзька і прыбраў за імі лесвіцу. Ён шчыльна зачыніў дзверы, каб ніякая небяспека не праслізнула следам за імі. Пасля яны паехалі яшчэ вышэй угору на эскалатары.

-Вы ўпэўненыя, што гэты дзядзька варты даверу? - шэптам запыталася маленькае звераня. - Памятайце - гэта ўсё вы робіце на ўласную рызыку! - І звераня сціснулася ў камячок і схавалася за Мумі-тролевай мамай.

Раптам яны ўбачылі яркае святло, і перад іхнімі вачыма адкрыўся цудоўны краявід - дрэвы, што аж гнуліся ад пладоў, кветкі, якіх нашыя падарожнікі ніколі дагэтуль не бачылі, а ў траве там і сям блішчэлі плямы снегу.

-Ого-го! - ажно падскочыў Мумі-троль і пабег ляпіць снежкі.

-Асцярожна, снег халодны! - крыкнула яму ўслед мама.

Але дакрануўшыся да снегу, Мумі-троль зразумеў, што гэта зусім не снег, а марозіва. А зялёная трава пад нагамі была зробленая з салодкай ваты. Уздоўж і ўпоперак па лузе, па залатым пясочку беглі, пеніліся і булькаталі рознакаляровыя ручаінкі.

-Ліманад! - крыкнула маленкае звераня і схілілася да ручая, каб напіцца. - Гэта зусім не вада, гэта ліманад!

Мумі-тролева мама накіравалася да іншага ручая, зусім белага, бо яна заўсёды вельмі любіла малако. (Большасць Мумі-троляў любяць малако, ва ўсякім разе як падрастуць.) Цьюліпа бегала ад дрэва да дрэва і скора назбірала цэлы ахапак шакаладак і лядзяшак, а на іх месцы на дрэвах адразу вырасталі новыя. Яны забыліся на ўсе нягоды і радасна бегалі па зачараваным садзе. Старэнькі дзядзька паціху ішоў за імі, відавочна ўсцешаны іхнім здзіўленнем і захапленнем.

-Гэта ўсё я зрабіў сам,- зазначыў ён. - Сонца таксама.

Глянуўшы на сонца, яны заўважылі, што гэта і сапраўды было не сапраўднае сонца, а вялікая лямпа, а ягоныя прамяні зробленыя з каляровай паперы.

-Вось яно што,- расчаравана ўздыхнула маленькае звераня. - А я думаў, што гэта сапраўднае. Зараз бачу, што яно свеціць неяк няправільна.

-Лепей у мяне не атрымалася,- пакрыўджана сказаў дзядзька. - Але ж сад вам, відаць, падабаецца?

-Ага,- адказаў Мумі-троль, хрумскаючы маленькія марцыпанавыя каменьчыкі.

-Калі хочаце, заставайцеся тут, я вам пабудую дом з пірозіваў,- прапанаваў дзядзька,- а то мне бывае сумна тут аднаму.

-Вялікі дзякуй,- адказала Мумі-тролева мама,- але мы мусім ісці далей, Вы толькі не крыўдуйце. Справа ў тым, што мы хочам збудаваць дом у сонечным месцы з сапраўдным сонцам.

-Не, не, давайце застанемся! - закрычалі наперабой Мумі-троль, маленькае звераня і Цьюліпа.

-Ціха, дзеці, ціха. Паглядзім! - сказала мама і лягла спаць пад шакаладны куст.

Прачнуўшыся, яна пачула гучны стогн і адразу зразумела, што гэта ў ейнага Мумі-троля баліць жывот. (З Мумі-тролямі гэта часта здараецца.) Жывот раздзьмуўся ад усяго з'едзенага і невыносна балеў. Каля яго сядзела маленькае звераня і енчыла яшчэ горай - яму ад усіх лядзяшак разбалеліся зубы,.

Мумі-тролева мама не сварылася. Яна дастала два парашкі з торбы і дала кожнаму свой, а пасля запыталася ў старога дзядзькі, ці ёсць у яго басейн смашной цёплай кашы.

-Не, на жаль,- адказаў дзядзька,- але ёсць басейн узбітых вяршкоў і басейн мармеладу.

-Хм... Але ж бачыце, ім неабходная сапраўдная, цёплая ежа,- сказала мама. - А дзе Цьюліпа?

-Яна скардзілася, што не можа заснуць, бо сонца ніколі не садзіцца,- сумна адказаў дзядзька. - Шкада, што вы ў мяне не прыжыліся.

-Мы яшчэ да Вас прыйдзем,- супакоіла яго Мумі-тролева мама. - Але зараз нам усім неабходна выйсці на свежае паветра. - І яна ўзяла за руку Мумі-троля і маленькае звераня і паклікала Цьюліпу.

-Вам, напэўна, лепш за ўсё ехаць уніз па горцы,- ветліва параіў дзядзька. - Праедзеце ўсю гару і патрапіце проста на сонечнае месца.

-Дзякуй,- сказала мама. - Тады да пабачэння.

-Да пабачэння,- сказала Цьюліпа. (Мумі-троль і маленькае звераня нічога сказаць не маглі, бо пачуваліся вельмі блага.)

-Бывайце,- сказаў старэнькі дзядзька.



Яны селі на горку і з шалёнай хуткасцю панесліся ўніз. Калі яны выехалі з другога боку крутой гары, ім так круціліся галовы, што давялося пасядзець некаторы час на зямлі і ачомацца. Пасля яны падняліся і азірнуліся па баках.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка