Магільнянскае падполле




Дата канвертавання27.03.2016
Памер32.24 Kb.
22 чэрвеня 1941 г. нацысцкая Германія, вераломна парушыўшы дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць СССР. Трэцці Рэйх меў значную перавагу ва ўзбраенні і амаль двухразовую ў жывой сіле. Кіраўніцтва Германіі разлічвала знянацку нанесці магутныя ўдары буйнымі танкавымі і матарызаванымі сіламі, рассекчы галоўныя сілы Чырвоннай Арміі і знішчыць іх. Вайну планавалася закончыць за паўтара – два месяцы і за гэты час выйсці на лінію Архангельск — Волга.

Хутка вайна закранула і Уздзеншчыну. Жыхары раёна даведаліся аб ёй у першы ж дзень, 22 чэрвеня 1941 г., з выступлення па радыё Старшыні Савета Народных Камісараў СССР В.М.Молатава. На Уздзеншчыне, як і па ўсёй рэспубліцы, усё пачало падпарадкоўвацца галоўнай задачы: пераводу жыцця на ваенны лад.

28 чэрвеня 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі ўступілі ў Узду. Праз дзень увесь раён быў акупіраваны ворагам. Пачаліся змрочныя дні акупацыі, якія цягнуліся тры гады — з чэрвеня 1941 г. на ліпень 1944 г.

Магільнянскае падполле

Вясной 1942 г. у в. Магільна прыехала ўдзельніца Мінскага падполля Глафіра Васільеўна Суслава. Пазнаеміўшыся з мясцовымі жыхарамі, яна пачала паступова падбіраць патрыётаў для актыўнага ўдзелу ў барацьбе з акупантамі. У жніўні 1942 г. была арганізавана падпольная група ў в. Магільна. Падпольшчыкі мелі радыёпрыёмнік, слухалі зводкі і распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва навакольных вёсак. Г.В.Суслава і А.Ф.Лычкоўская вялі разведку ў варожых гарнізонах, што размяшчаліся ў Стоўбцах і Негарэлым. Яны перадавалі ў партызанскія брыгады імя К.Я.Варашылава і імя К.К. Ракасоўскага звесткі аб умацаваннях на чыгунцы, руху паяздоў, колькасці і мэтах прыбыўшых у гэтыя гарнізоны нямецкіх часцей. Ім удалося раздабыць план гарнізона ў Стоўбцах з пазначанымі на ім агнявымі кропкамі і месцамі размяшчэння воінскіх часцей. Яны здабывалі бланкі пропускаў, а таксама перапраўлялі людзей з Мінска ў партызанскія атрады. Так, на станцыю Стоўбцы прыбылі мінчане С.Фядосчык, А.Брыш і А.Іргер, якіх адправіла мінская падпольшчыца А.Ф.Верамейчык. Яны везлі з сабой зброю, сілкаванне для радыёпрыёмнікаў, чыстыя бланкі пропускаў. Г.В.Суслава і А.Ф.Лычкоўская сустрэлі іх і накіравалі ў брыгаду імя К.К.Ракасоўскага.

Падпольшчьща Леакадзія Адамаўна Петрашэўская наладзіла сувязь з паліцэйскім гарнізонам у Новым Свержані, які ахоўваў яўрэйскае гета. Ёй удалося вывесці з гета ў партызанскую зону каля 200 вязняў.

Лаўскі бой

Пасля шматлікіх баёў і перамяшчэнняў партызанская брыгада ім. К.Я.Варашылава абрала сваім месцам стаянкі Лаўскі лес у Капыльскім раёне. Атрады размясціліся на яго ўскраінах, гэта было адно з правіл партызан, бо немцы, як правіла, бамбілі з самалётаў і абстрэльвалі з гармат цэнтральную частку лесу.

Паблізу знаходзіліся вёскі Калюга, Лавы, Язвіны, Руднікі. У Лавах размясціўся партызанскі шпіталь. Было шмат параненых і хворых. Самі народныя мсціўцы размясціліся хто ў зямлянках, а хто ў буданах. Наладзілі адносіны з жыхарамі навакольных вёсак.Меркавалі, перазімаваць у гэтых мясцінах, але немцы таксама не драмалі. Яны рабілі разведку з самалётаў, засылалі шпіёнаў з ліку здраднікаў. Часта над размяшчэннем брыгады з’яўляліся самалёты-разведчыкі. Партызаны звалі іх “рама”. Яны і сапраўды былі падобныя на раму, бо мелі два фюзеляжы.
У Копыль, Нясвіж, Слуцк пачалі прыбываць нямецкія салдаты і паліцэйскія. І раніцай 3 снежня 1942 гады фашысты сіламі да 7 – 8 батальёнаў пачалі абыходзіць размяшчэнне брыгады з трох бакоў і занялі вёскі Пясочнае, Касцяшы, Осава і пачалі наступленне на брыгаду.
Партызаны адбілі некалькі нападзенняў ворага, а калі скончыліся боепрыпасы, ішлі ўрукапашную. Асабліва цяжка было атраду імя Г.І. Катоўскага. На іх напрамку немцы ўжывалі не толькі аружэйна-кулямётны агонь, але танкі і браневікі. Яны рваліся ў вёску Лавы, каб захапіць партызанскі шпіталь. На іх шляху на клецішчанскіх могілках была засада ўзвода партызан з атрада імя Г.І. Катоўскага на чале з камандзірам узвода Вікенціем Дроздовічам.
У іх задачу ўваходзіла не прапусціць немцаў да Лаў, пакуль эвакуіруюць шпіталь. Для гэтага было неабходна пратрымацца 2 – 3 гадзіны. Неабходна адзначыць, што іх пазіцыя была не з лепшых. Пятачок могілак, які пазарастаў дрэвамі сярод чыстага поля, выключаў манеўранасць і быў мішэнню для артылерыі і мінамётаў суперніка. Партызаны адбілі некалькі нападаў ворага, знішчыўшы вялікую колькасць салдатаў і афіцэраў, але іх сілы былі на зыходзе.
Калі скончыліся боепрыпасы, Драздовіч паслаў аднаго з партызан у брыгаду за дапамогай, а самі біліся да канца, змагаліся ўрукапашную. Усё 18 чалавек загінулі, але і вораг не прайшоў.

Сярод гэтых 18 байцоў быў і 15-гадовы Уладзімір Качаноўскі. Гэта яго спачатку хацелі паслаць за падмогай, але ён папрасіў не рабіць гэтага, бо вырашыў падзяліць свой лёс разам з таварышамі.



 


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка