Магдэбургскае права (даведка) Магдэбургскае права




Дата канвертавання18.03.2016
Памер49.38 Kb.
Магдэбургскае права

(даведка)

Магдэбургскае права — гэта феадальнае гарадское права, якое склалася ў нямецкім горадзе Магдэбург у ХІІ-ХІІІ ст.

Яно мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гарадской улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Магдэбургскае права з'явілася юрыдычным замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феадальных павіннасцей. Магдэбургскае права было перанята многімі гарадамі Усходняй Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.

3 XIV ст. Магдэбургскае права распаўсюдзілася і на гарады ВКЛ, што азначала ўключэнне нашых гарадоў у агульнаеўрапейскі кантэкст эканамічнага і грамадскага жыцця. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі Магдэбургскае права, вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш. дзяржаўных службовых асоб.

Прывілеі на самакіраванне, што выдаваліся за подпісам вялікага князя, ні ў якім разе не супярэчылі традыцыйнаму мясцоваму праву, а пазней – беларускім агульназемскім законам і тым больш не адмянялі іх. Яны толькі пашыралі і паглыблялі старасвецкае звычаёвае права, а з часам і агульнадзяржаўнае заканадаўства, улічваючы менавіта спецыфіку гарадскога жыцця. Такім чынам, магдэбургскае права было па сутнасці толькі своеасаблівым адгалінаваннем тагачасных законаў Вялікага Княства Літоўскага. А паколькі не ўсе нашыя гарады жылі паводле самакіравання, то магдэбургскае права можна назваць яшчэ й адметным накірункам тагачаснага беларускага гарадскога права.

Паводле граматаў на Магдэбургскае (па-старабеларуску Майдэборскае, Майтборскае) права ў гарадзе ствараліся органы самакіравання, незалежныя ад ваяводаў і старастаў. Гарадское кіраваньне ўзначальваў войт, прызначаны вялікім князем. Разам з ім дзейнічала гарадская рада. Дзейнасьць рады ў фінансавай сферы кантралявалася выбарным органам з мужоў паспалітых, або прысяглых. Існаваў уласны судовы орган па крымінальных справах — лава, куды ўваходзілі лаўнікі пад старшынствам войта. Штодзённымі справамі займаліся бурмістры, якія па сканчэньні паўнамоцтваў рабілі справаздачу перад радай, а пазней — на агульным сходзе гараджан. Бурмістарскі суд, куды ўваходзілі бурмістры з радцамі, разглядаў грамадзянскія справы. Гарадская рада і лава разам складалі магістрат. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з Магдэбурскім выкарыстоўваліся нормы агульнадзяржаўнага права — Статутаў ВКЛ
Атрыманьне горадам магдэбурскага права вылучала яго з мясцовай феадальна-адміністрацыйнай сістэмы, падпарадкоўваючы вялікаму князю. Статус ягоных жыхароў істотна падвышаўся: яны рабіліся вольнымі, набывалі права на зямельную ўласнасць, вызваляліся амаль ад усіх феадальных павіннасьцяў — нарыхтоўкі сена, выдзялення фурманак і інш., якія неслі дагэтуль разам з сялянамі воласці, ад суда і ўлады дзяржаўных службовых асобаў. Дазвалялася будаваць у горадзее ратушу, мець крамы, мануфактуры, загадваць вагамі і мерамі, будаваць млыны, лазьні і г. д. Прадугледжваліся і пэўныя гандлёвыя ільготы. Магдэбургскае права мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі.
26 ліпеня 1511 года на брэсцкім сейме Навагрудку было дадзена Магдэбурскае права – права на самакіраванне. (Сёння гэты прывілей знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Літоўскай Рэспублікі ў Вільнюсе.).

Тады, у пачатку XVI стагоддзя, Наваградак лічыўся адным з асноўных гарадоў у Вялікім княстве Літоўскім, з 1507 года стаў ваяводскім цэнтрам з добра развітымі рамествамі.

Згодна з прывілеем 1511 года, ў Навагрудку ўсталёўвалася структура самакіравання, якая была абумоўлена статутамі магдэбургскага права. Уводзіліся пасады войта, бурмістраў, радцаў і лаўнікаў. У Навагрудку колькасць гарадскіх службоўцаў вызначана ў фундацыйным прывілеі: войт, 2 бурмістры, 6 радцаў, 8 прысяжнікаў.

Гараджане вызваляліся ад вялікакняжацкай улады і падсуднасці. Ім гарантавалася эканамічная дзейнасць і ўласнасць.


Былі ў іх і пэўныя абавязкі. Плацілі падаткі. Кожны год давалі ў гарадскую казну 50 залатых, сярэбшчызну, плату з карчмы, з рамеснай дзейнасці, з лавак. Кожную суботу пастаўлялі ў замак мяса, пры неабходнасці давалі падводы, выстаўлялі ахову.
3 атрыманнем прывілея на магдэбургскае права не спынілася ўздзеянне на горад дзяржаўнай улады. Многія акты вялікага князя павялічвалі ролю Наваградка як эканамічнага цэнтра. Распараджэннямі (прывілеямі) вялікага князя мяшчане вызваляліся ад пэўных падаткаў, атрымлівалі дазвол на будаўніцтва прадпрыемстваў (напрыклад, цагельня, млын, васкабойня). 3 1597 года дазвалялася два разы ў год праводзіць кірмашы.
Асновай жыцця Навагрудка XVI стагоддзя былі рамёствы і гандаль. У той час тут налічвалася да 30 відаў рамеснай вытворчасці. Кожны тыдзень праводзіліся базары. 3 Наваградка вывозіліся воск, футры, некаторыя рамесныя вырабы. Атрымліваў ён сукно, соль і інш. На базар прыязджалі купцы з Вільні, Віцебска, Магілёва і іншых месцаў. Пры праездзе праз горад іншагароднія плацілі пошліну.

У другой палове XVIII ст. многі беларускія гарады страцілі гэтае права. Аднак Навагрудку Канстытуцыя Варшаўскага сейма 1776 года яшчэ раз пацвердзіла магдэбургскае права, бо горад “ва ўсіх адносінах задавальняў справу вырашэння публічных судоў… І гэта патрэбна было для яго вартасці”.

На Беларусі Магдэбургскае права скасавана паводле ўказаў Кацярыны II. У заходняй Беларусі — у снежні 1795.

Выкарыстаная літаратура:


  1. Гайба М.П. Было ў горада такое права: [магдэбургскае права] / М. Гайба. Навагрудак: гiстарычны нарыс / М.Гайба — Навагрудак, 1992 — С. 11-16

  2. Мікалай Гайба. Было ў горада такое права // У кн.: Памяць : гістор.-дакум. хроніка Навагрудскага р-на – Мн.: Беларусь, 1996. С. 87-88

  3. Гісторыя Беларусі: у 2 ч. / Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля – Мн.: Вышэйшая школа, 2003. – Ч. 1. – С. 416

  4. Грыцкевіч А. Магдэбургскае права // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: ў 6 тамах Т. 5. Мн.: БелЭн, 1999. - С. 5-6.

  5. Стрэнкоўскі, С. Сістэма самакіравання горада Навагрудак у XVI-XVII стагоддзях / С. Стрэнкоўскі // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы): навуковае выданне / Пад рэд. Каваленя А.А. – М., 2010.– С. 127-134

  6. Што такое магдэбургскае права? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І.Саверчанка, З. Санько. – Мн., 1993. – С.20-21



Падрыхтаваў

Мікалай Гайба



02.09.2011 г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка