Мацюхіна т. Б., Інстытут мовы І літаратуры




Дата канвертавання30.03.2016
Памер84.29 Kb.



МАЦЮХІНА Т. Б.,

Інстытут мовы і літаратуры

імя Якуба Коласа і Янкі Купалы

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Мінск)
“ГУК” І “КОЛЕР” У ІМПРЭСІЯНІСТЫЧНАЙ

ФАЛЬКЛОРНА-ПЕСЕННАЙ ЛІРЫЦЫ Л. УКРАІНКІ, П. ТЫЧЫНЫ,

Ул. САСЮРЫ
З прычыны таго што слова вызначаецца рытмамеладычнымі якасцямі і нясе пэўную сэнсавую нагрузку, варта адзначыць: у імпрэсіянізме “…пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі <…>” [2, с. 213] з’яўляюцца плённымі ў плане мастацкага эксперыменту з тэкстам. А песня, заснаваная на сугестыі вершаваных радкоў, іх паўторы, нярэдка знаходзіць сваё выражэнне ў пейзажнай лірыцы розных аўтараў.

Ва ўкраінскай спадчыне рысы літаратурнага імпрэсіянізму прадстаўлены пейзажнай лірыкай Л. Украінкі, П. Тычыны, Ул. Сасюры і інш. У лірыцы названых аўтараў выяўляецца грамадзянска-патрыятычная лінія, а ў жанравым плане вершы выбарачна уяўляюць сабою каларытныя, скампанаваныя па прыкметах імпрэсіяністычнага стылю загадкі (“Енгармонійне” П. Тычыны), песні (цыкл “Мелодії” Л. Украінкі). Нярэдка імпрэсіянізм спалучаецца з іншымі напрамкамі, напрыклад, з рамантызмам (паэзія Ул. Сасюры) [1, с. 868].

Талент Л. Украінкі, якая раскрыла тыповыя рысы імпрэсіянізму ў творчасці, у поўнай меры праявіўся якраз ў яе фальклорна-песеннай лірыцы (“Сльози-перли” (цикл), “Мелодії” (цикл), “Ритми” (цикл), “Хвилини” (цикл), “Осінні співи”(цикл)) і выспяваў ва ўмовах класавай барацьбы [6, с. 13]. Аднак, эстэтыка імпрэсіянізму ў паэзіі гэтага аўтара раскрываецца шматгранна ў кожным вобразе: “пісні соловейкові дзвінко сріблисті” – “Сім струн: “La”; “небо глибокеє, сонце ласкавеє, пурпур і злото на листі в гаю” – “Хвилини”: “Талого снігу…”; таму “фарбы”, “струны”, “рытмы”, “мелодыі” – знакавыя паняцці-інфарматары, якія ўвасабляюць мару паэтэсы пра вечнасць жыцця (“Осінні співи”: “Останні квіти…”, “Осінь”). У імпрэсіях Л. Украінка звяртаецца да мелодыі, здольнай перадаць таемныя думы: Вітер сумно зітхав у саду. // Ти співав, я мовчазна сиділа, // Пісня в серці у мене бриніла, // Вітер сумно зітхав у саду… [7, с. 99]. У пейзажнай лірыцы ўкраінскай паэтэсы, як і ў паэзіі беларускай – Н. Арсенневай, распаўсюджаныя вобразы “ветру”, “хваляў”, “мора” і “зораў” (“Мелодії”: “Хотіла б я піснею стати…”, “Нічка тиха і темна була…” Л. Украінкі і “Выйдзі ўночы у чыстае поле…”, “Ночка”, “Летуценні” Н. Арсенневай).

Імпрэсіі Л. Украінкі будуюцца па прынцыпу кантрасту (“хмари-промінь” – у вершы “Зоря” з цыкла “Зоряне небо”), што істотным чынам уплывае на вобразную канцэпцыю асобы названага аўтара. Для ўкраінскай паэтэсы характэрная псіхалагізацыя лірычнага героя праз адухаўленне і ўвасабленне – у большай ступені, чым для П. Тычыны, Ул. Сасюры (“Ритми”: “Чи тільки блискавицями…”; “Чом я не можу…” Л. Украінкі). Паэтызацыя музыкі і музычных інструментаў (“золотая арфа” – у вершы “Якби оті проміння…” з цыкла “Ритми”; “кобза” – у мелодыі “Si” з цыкла “Сім струн”) тыпалагічна яднае лірыку Л. Украінкі з лірыкай П. Тычыны. Як бачым, “характерною рисою її лірики був органічний зв’язок з традиціями украинскої народної пісенної творчості” [10, с. 95].

Паэтэса падрабязна распрацоўвае сюжэтную лінію імпрэсій і звяртаецца да дыялогу (“Осінні співи”: “Осінь”), дэталі (“Осінні співи”: “Плач Єремії”), партрэта (“Пісні”: “Ой, здається – не журюся…”). Мажорная і мінорная настраёвасць імпрэсій Л. Украінкі вызначаюць магутнасць песні, у цэнтры якой – багацце духоўных перажыванняў і пачуццяў асобы: …І, може, де кобза найдеться, // Що гучно на струни озветься, // На струни, на співи мої негучні [7, c. 78].

П. Тычына – родапачынальнік украінскага пейзажу, у найвышэйшай ступені віртуознага майстэрства раскрытага аўтарам ў зборніках “Сонячні кларнети” (1918), “В космічному оркестрі” (1921) , “Вітер з України” (1924). Так, “Сонячні кларнети” П. Тычыны – адзін з самых лірычна-афарбаваных і імпрэсіяністычна-кранальных зборнікаў, у якім найчасцей сустракаюцца простыя, аднакампанентныя вобразы. У паэзіі ранняга перыяду аўтара “виявилась майстерність поета-новатора – новизна теми, пісенність, музичність, багатство ритміки, органічний зв’язок з народною творчістю” [9, с. 415]. Тут шырока прадстаўлены разнастайныя музычныя інструменты (“кларнет” – у імпрэсіі “Не Зевс, не Пан…”; “арфа” – у імпрэсіі “Арфами, арфами…”; “скрыпка” – у імпрэсіі “Подивилась ясно…”; “флейта” – у нізцы вершаў “Пастелі”: Коливалося флейтами…”; “орган” – у імпрэсіі “Співає стежка…”).

Гук – першакрыніца ўсяго, што створана Богам і людзьмі (вершы “Закучерявилися хмари…”, “Я стою на кручі... ”, “Хор лісових дзвіночків”, “Золотий гомін”). Ва ўсім, да чаго дакранаецца рука паэта, – пануе гармонія [5, с. 13]. А цішыня, супакоенасць, суладнасць думак і адначасова пявучасць гукаў у вобразах наваколля вядучым лейтматывам гучаць у імпрэсіях П. Тычыны (“Цвіт в моєму серці…”, “Не дивися так привітно…”).

У змястоўным плане пейзажная лірыка гэтага аўтара пазначана такімі антынамічнымі рысамі, як аптымізм і элегічнасць, сум па нечым страчаным і занядбаным (“Квітчастий луг…”, “Світає…”). У свеце імпрэсій-“імгненняў” П. Тычыны з розных зборнікаў пануюць фалькларызаваныя вобразы “хмараў” і “сонца”, “кветак”, вясёлкавым праменнем зіхацяць і набываюць значнасць радасць і туга, мінулае і сучаснасць, якія ў сэнсавым плане утвараюць “замкнёнае, яднаючае кола” Сусвету, Космасу: …З душі моєї – мов лілеї – // Ростуть прекрасні – ясні, ясні// З душі моєї смутки, жалі мов квітоньки ростуть. // <…>. І сміх, і дзвони, й радість тепла. Цвіте веселка дум… [4, с. 32].

У пейзажнай лірыцы П. Тычыны пануюць дзве асноўныя стыхіі – паветра і вады. Так, “святло”, “гук” і “колер” тут паняцці амбівалентныя і, у той жа час, сінтэтычна-паяднаныя (“горить-тремтить ріка, як музика” – у вершы “Гаї шумлять…”; “враз сердечним теплим сяєвом щось їй бризнуло з очей” – у вершы “Десь надходила весна…”; “промені як вії сонячних очей” – у вершы “Подивилась ясно…”). Паэт падкрэслівае недасягальнасць таямніцы ў спасціжэнні руху, вечнасці планет, падкрэслівае мнагамернасць праяўлення існуючых формаў на Зямлі, што таксама характерна для аўтараў-імпрэсіяністаў, погляды якіх часткова судакраналіся з мастацкімі поглядамі аўтараў-рэалістаў у іх народнасці, дэмакратычнасці. П. Тычына, які на пачатку свайго жыцця ішоў “па шляху народності й реалізму” [9, с. 415], стаў больш цікавіцца гнасеалагічным аспектам філасофскага быцця: У танці я, ритмічний рух, // В безсмертнім – всі планети [4, с. 30].

Уклад П. Тычыны ва ўкраінскі літаратурны імпрэсіянізм выяўляецца ў вобразна-мастацкай сістэме фальклорна-песеннай паэзіі: аўтарам увасабляецца ідэя гармоніі рухаў, ўспрымання пахаў, колераў, гукаў дзякуючы выражэнню індывідуальна-аўтарскага пачуцця: “Ой не крийся, природо…” – ціхі сум з надыходам восені; “Там тополі у полі…” – трывога за будучыню народа; “О, панно Інно…” – горыч ад успаміну пра каханне, якое прайшло.

У лірыцы названага аўтара спалучаюцца адзінкавае і «множественное», прыватнае і грамадскае і, самае галоўнае, тыповае для нацыянальнай культуры краіны, у якой жыў паэт: Слухаю мелодій // Хмар, озер та вітру. // Я бриню, як струни // Степу, хмар та вітру [4, с. 40]. Каляровы эквівалент не з’яўляецца сэнсавызначальным у літаратурнай кампазіцыі гэтага твора (“Цвіт в моєму серці…”). Аднак, спалучэнне ў фалькларызаваным вобразе руху мелодыі і каляровага эквівалента – адзнака вышэйшага ўзроўню імпрэсіяністычнага літаратурнага стылю П. Тычыны ( “Хтось гладив ниви...”, “Гаї шумлять…”).

Тэндэнцыі імпрэсіянізму відавочныя і ў пейзажнай лірыцы Ул. Сасюры, асабліва ў зборніках “Червона зима” (1922), “Осінні зорі” (1924), “Коли зацвітуть акації” (1928), дзе аўтар услед за сваім настаўнікам П. Тычынам працягваў развіваць ідэю музычнасці, сугестыўнасці песні. Безумоўна, апошні з названых зборнікаў вершаў – “Коли зацвітуть акації” – яркі ўзор “пейзажу душы” (“Тебе любив, як вітер небо…”, “Білі акації будуть цвісти…”). У імпрэсіях гэтага зборніка лаканізм у выражэнні думкі, схільнасць да градацыі вобразаў тлумачацца засяроджаннасцю аўтара на прафанным свеце, а не на містычных з’явах жыцця: Янтаріє дорога ясна, // і вона прийде скоро… // Тишина. // Зорі [3, с. 84].

У замалёўках паэт акцэнтаваў сваю ўвагу на такіх паняццях, як “колер“, “фарба”, “адценне”, што дае магчымасць пацвердзіць думку аб візуальнай змястоўнасці вобразных характарыстык аўтара (“липне золотий”, “ранок голубий” – у вершы “Безладно торохтить по бруку день бездумний…”; “зоря золоторога” – у вершы “Уже зоря золоторога…”; “гай синій” – у вершы “Може, ми й не друзі…”; “захід янтарно-червоний” – у вершы “Море – в берег…”; “жовтіє лист” – у вершы “Жовтіє лист”). Фрагментарнасць, мазаічнасць імпрэсій – дамінантны прынцып, нават пастулат ў пабудове твораў Ул. Сасюра, які прадвызначае адыход ад сацыялістычнага рэалізму, які панаваў на пачатку XX cт. А складаныя асацыятыўныя метафары – аснова імпрэсій-“імгненняў” названага ўкраінскага аўтара: Магнолії лимонний дух, // солодкі мрії олеандри… // А в небі огненні гранати, // і мислі зоряно цвітуть…[3, с. 32]. Відавочна, многакампанентнасць характарыстык спрыяе раскрыццю “знешняй абалонкі” лірычных вобразаў і паглыбленню ў падтэкст, сюжэт твора.

Паэт увасабляе красу прыроды ў вобразах восені, якая сімвалізуе мінулае, а таксама асенняга забыцця (“забвения”), што ў пэўнай ступені адрознівае лірыку Ул. Сасюры ад лірыкі П. Тычыны. Пейзажная лірыка паэта характарызуецца павышэннем ролі “імгненнасці”, настраёвасці імпрэсій (“Яблуні” – журботні настрой; “Ластівки на сонці, ластівки на сонці…” – радасны, узнеслы настрой). Безумоўна, Ул. Сасюра “виробив свій стиль, характерними рисами якого є глибокий ліризм, простота, класична прозорість побудови вірша, наспівність, романтична піднесеність” [8, с. 329].

Аўтар выяўляе ў сваіх творах квяцістасць, “сонечнасць” каляровай гамы (“Ми на драбинах зор за днем золотодзвонним…”, “Білі акації будуть цвісти…”). І нават “на верби огонь янтаря” [3, с. 98] – сімвал успаміну і чакання, адзнака хуткацечнасці жыцця і сцішанасці душы ў любых сітуацыях. Паэт узвялічвае кантрастныя вібрацыі святла ўначы і ўдзень (верш “Ліг на верби огонь янтаря…”). Ул. Сасюра, як і П. Тычына, звяртаецца да бінарнага раду “святло-цемра” у адценнях (“Шуми міста…”, “Сад шумить…”, “Пам’ятаю, вишні доспівали…”). Кожная замалёўка аўтара характарызуецца завершанасцю кампазіцыі, але ідэя, лейтматыў не схаваныя ў нетрах радкоў паэта, як у творчасці П. Тычыны ці Л. Украінкі, а бачацца здалёк, і таму – навідавоку: Як сонце до істоми гріє // і пахнуть береги в цвіту… // По пильному шосе пробіг автомобіль // <…>. // А день біжить, // а день сміється… [3, с. 31].

“Гук” і “колер” – дамінантныя, сэнсавызначальныя паняцці ў пейзажнай фальклорна-песеннай лірыцы Л. Украінкі, П. Тычыны, Ул. Сасюры. Менавіта таму “гук”, “напеў”, “мелодыя”, “песня” – з аднаго боку, і “штрых”, “лінія”, “фарба”, “абрыс прадмета”, “карціна” – з другога, – фарміруюць цэласнае ўяўленне пра суб’ектыўна-аб’ектыўны духоўны свет любога паэта, які звяртаецца да паняцця “імпрэсіянізм”.


Літаратура:

1. Гординський, С. Імпресіонізм / С. Гординський // Енциклопедія українознавства: Т. 3. / Голов. ред. В. Кубійович і інш. – Киів: Видавництво “Молоде Життя”, 1996. – С. 867–868.

2. Сініла Г. В. Імпрэсіянізм / Г. В. Сініла // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Заставка–Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 1998. – С. 213–214.

3. Сосюра, В. М. Розстріляне безсмертя / В. Сосюра. – Київ: Український письменник, 2001. – 318, [1] с.

4. Тичина, П. Г. Ранні збіркі поезії П. Тичини = The complete earle poetry collections of P. Tychyna / переклад, передмова і примітки М. Найдана. – Львів: Літопис: Центр гуманітарних досліджень Львівського національного університету, 2000. – 430 с.

5. Тычина, П. Г. Избранное / П. Г. Тычина. – Москва: Гослитиздат, 1946. – 407 с., [1] л. портр.

6. Украинка, Л. Собрание сочинений / [Под ред. Н. Брауна и др. Вступит. статьи А. Дейча и М. Рыльского. Коммент. А. Дейча]. Стихотворения и поэмы. – 1956. – 499 с.; 1 л. потр.

7. Українка, Л. Вибрані поезії / [Вступна стаття: І. Стебун. “Леся Українка”, с. 3–27]. За ред. дійсн. чл. Ан УРСР О. І. Білецького. – Київ: Держлітвидав України, кн. ф-ка в Одесі, 1948. – 343 с. з заставками і кінцівками; 1 л. портр.

8. Українська радянська енциклопедія: Т.13 (Світлякові–Сподумен) / Головна редакція української радянської енциклопедії. – Київ, 1963. – С. 328–329.



9. Українська радянська енциклопедія: Т.14 (Споживання–Тумак) / Головна редакція української радянської енциклопедії. – Київ, 1963. – С. 415–416.

10. Українська радянська енциклопедія: Т. 15 (Туман–Цемент) / Головна редакція української радянської енциклопедії. – Київ, 1964. – С. 95–98.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка