М. Ю. Шода Яшчэ адзін міф: аналіз цыклу вершаў пра Крука Тэда Х’юза




Дата канвертавання23.03.2016
Памер70.76 Kb.
М.Ю. Шода
Яшчэ адзін міф: аналіз цыклу вершаў пра Крука Тэда Х’юза

У сярэдзіне 60-х гадоў XX стагоддзя, пасля выхаду двух першых збораў вершаў ангельскага паэта Тэда Х’юза (1930-1989) “Каршак пад дажджом” (The Hawk in the Rain, 1957) і “Луперкаліі” (Lupercal, 1960), амерыканскі крытык М. Разэнталь, называючы часам агульны ўзровень гэтых кніг слабым, пісаў, што геній Тэда Х’юза, які прарываецца ў асобных тэкстах, яшчэ, пэўна, праявіць сябе і што “том выдатных вершаў яшчэ будзе напісаны” [1, 232]. Занадта крытычны, што да першых твораў паэта, крытык не памыляўся ў адным. Сапраўды праз некалькі год з’явілася кніга, што аб’яднала ў сабе моцную непасрэднасьць ранніх вершаў і сімвалічнае пашырэнне сэнсаў. Гэта быў зборнік “Крук: З жыцця і песняў Крука” (Crow: From the Life and Songs of the Crow, 1970), спроба паэта скласці ўласны міф.


Літаратура XX стагоддзя ў большай сваёй частцы міфалагічная. Гэта і эксплуатацыя старых як свет сюжэтаў, міфалагемаў і архетыпаў, і апераванне міфалагічнымі катэгорыямі, і спробы стварэння ўласных міфалагічных сістэмаў. У творчасці кожнага паэта можна знайсці элементы міфалагічнага мыслення. Бо, напрыклад, асноўны складнік верша – метафара – ёсць асноўным элементам пабудовы любога міфу. Але, як бы ні пастуляваў паэт-міфатворца самастойнасць створанага ім міфу, чысціня гэтага эксперыменту заўсёды будзе сумнеўнай. У аснове любога сучаснага міфу ляжаць здабыткі міфалагічнага мыслення першабытнытнага чалавека. Тэд Х’юз тут не выключэнне. З першага погляду відавочнай ёсць першакрыніца вершаў, якія складаюць цыкл пра Крука. Як згадваў сам паэт, пачынаўся гэты цыкл пад уздзеяннем твораў амерыканскага мастака Леанарда Баскіна, які прапанаваў напісаць суправаджальны тэкст для некалькіх ягоных гравюраў з выявамі антрапаморфнай птушкі. Але дыпламаваны спецыяліст па археалогіі і антрапалогіі Тэд Х’юз не мог не згадаць пра існаванне міфаў паўночна-ўсходніх палеаазіатаў і паўночна-заходніх індзейцаў, якія цыклізаваныя вакол постаці Крука, адначасова культурнага героя і трыкстэра.
Як згадвае ў сваім артыкуле вядомы знаўца міфаў свету Е.М. Мелецінскі: “Хаця мудрасць Крука адзначаецца шырока, у тым ліку і ў антычнай традыцыі, і ў германцаў, і г.д., але яна праяўляецца пераважна злавесным чынам. І толькі ў арэале Чукотка–Камчатка–Аляска ёсць велізарны міфалагічны “цыкл пра крука”, у якім Крук разам з адзнакамі махляра надзелены рысамі дэміурга, культурнага героя і першапродка, т.б. у асноўным ацэнены вельмі пазітыўна” [2, 185].

У палеаазіяцкім эпасе Крук (чукоцкі Куркыль, ітэльменскі Кутх, Куйкыняку абарыгенаў Камчаткі) фактычна дзейнічае як дэміург: ён прадзёўбвае нябесную цвердзь і здабывае святло, з яго натуральных адпраўленняў утвараюцца горы і рэкі, з травы і зямлі ён робіць людзей, а з трэсак – жывёлу. Як культурны герой ён навучае чалавека мове, здабывае агонь і стварае бубен, культавы прадмет шаманізма. Ён жа ўспрымаецца як татэмны персанаж і першапродак. Але адначасова і нават у першую чаргу Крук яшчэ і міфалагічны махляр. Галодны і сквапны, ён прыдумвае розныя хітрыкі, каб здабыць ежу ці розныя даброты, і гэтае здабыццё суправаджаецца падманам ці крадзяжом, парушэннем фізічных і сацыяльных нормаў.


Як адзначае Мелецінскі: “Зыходным пунктам міфалагізацыі з’яўляюцца натуральныя заалагічныя ўласцівасці крукаў: чорны колер, хрыпаты голас, усеяднасць, непералётнасць і інш. Амаль усе гэтыя якасці тлумачыліся ў духу хтанізму, а хтанізм маніфеставаўся як у плане высокага дэманізму, так і ў плане камічнай нячыстасці” [2, 185].

А вось як пра тое ж кажа не даследчык, а стваральнік міфаў:


Чэрань была замест вачэй

Чэрань роту замест

Чэрань – чэрава

Чэрань печань чэрань дых

(…)

Чэрань мозг, чэрань розум

Пахаваў зрок і сон

Чэрань была душою, зрывам

Крыку, што як чорт завыў, не ў стане

Вымавіць сваё сонца.

(пер. Вальжыны Морт)
Крук Тэда Х’юза амаль нічым не адрозніваецца ад свайго першабытнага прататыпу. Ён такі ж брыдкі, вульгарны, непрыстойны, дэструктыўны (“крыклівае, чорнае, жахлівае, маленькае нішто”) і ў той жа час крэатыўны, бо ўладкоўвае свет вакол сябе (“чорная вясёлка, // перакінутая ў пустэчу над пустэчай // Да таго ж з навыкамі лётаць”). Але міф, які стварае паэт, мае сутнасную адрознасць. У ягоных тэкстах Крук не самотны персанаж ці патрыярх вялікай сям’і, а складнік апазіцыі, на другім баку якой Бог-дэміург, Бог, які стварае Крука.
У міфах Крук з’яўляецца досыць традыцыйным шляхам (напрыклад, нараджэнне ад нябеснай панны). Х’юз у інтэрв’ю BBC перад публікацыяй “Крука” апавёў сваё бачанне ягонага з’яўлення: “Ён быў створаны як кашмар Бога” [Тут і далей цыт. па п. 4]. І пазней на адным з паэтычных фестываляў ён апавядаў падрабязней: “Бог меў кашмар, нейкі голас ці руку, словам рэч, якая ўтварылася, калі ён спаў”. Пасля Бог стварыў Чалавека, а Кашмар спрачаўся з Богам наконт мэтазгоднасці такой вытворчасці. Бог упарта абараняў сваё стварэнне, ды ўсё сапсаваў сам чалавек, які “падыйшоў да нябеснае брамы і пачаў прасіць Бога забраць ягонае жыццё назад, бо яму сумна і нудна”. Ізноў жа намёк на Біблію. Але біблійны Творца бачыць, што Адам сумуе і літасціва стварае Еву. Бог Тэда Х’юза гневаецца, яму падаецца, што ягонае стварэнне яго прынізіла і ён вырашае стварыць нешта лепшае за чалавека. Кашмар пранікае ў матэрыю, з якой творыць Бог, робіцца эмбрыёнам і так з’яўляецца Крук. Але нават будучы стварэннем лепшым за чалавека, Крук таксама ёсць няўдачай Бога, бо “Крук меў амбіцыі быць Чалавекам”.

Вершаваны варыянт з’яўлення Крука таксама будуецца на біблійных алюзіях, нават на кантамінацыі з дзвюх біблійных кнігаў Старога і Новага Запавету:



На пачатку быў Крык,

Ад яго нарадзілася Кроў,

Ад яе нарадзілася Вока,

Ад яго нарадзіўся Страх

Ад яго нарадзілася Крыло,

Ад яго нарадзілася Костка,

Ад яе нарадзіўся Граніт,

Ад яго нарадзілася Фіялка,

Ад яе нарадзілася Гітара,

Ад яе нарадзіўся Пот,

Ад яго нарадзіўся Адам,

Ад яго нарадзілася Марыя,

Ад яе нарадзіўся Бог,

Ад яго нарадзілася Нішто,

Ад яго нарадзілася Ніколі,

Ніколі, Ніколі, Ніколі,
Ад яго нарадзіўся Крук,
Які крычаў пра кроў,

Пра шнары і струпы,
Пры нешта такое,
Які бяспёры й дрыготкі сядзеў у гняздзе.

(пер. наш – М.Ш.)

У некаторых варыянтах палеаазіяцкага міфалагічнага пантэону ёсць згадкі пра культ нейкага вярхоўнага нябеснага боства, з функцыямі якога часам перакрыжоўваюцца і змешваюцца функцыі Крука. Па словах Мелецінскага, “нябесны гаспадар азначае боскую ўладу, а Крук – шаманскую медыяцыю паміж часткамі космасу. Як творца першы з’яўляецца пасіўным ініцыятарам, а другі – актыўным выканаўцам” [2, с.175]. У адрозненне ад першабытных міфаў, у тэкстах Х’юза Крук – другаснае стварэнне адносна Бога, якое выконвае функцыі ягонага антаганіста. То бок міфалогія чукчаў і эскімосаў змешваецца з біблійным поглядам на свет і ў творах Тэда Х’юза ўтвараецца сітуацыя, вельмі падобная да “дзвюхвер’я”, існага ў свой час сярод усходніх славянаў, калі ў першыя стагоддзі пасля хрышчэння славянскіх земляў паганскае і хрысціянскае бачанне свету змяшаліся, і пачалі стварацца легенды пра два творчыя пачаткі – Дабро і Зло, Бога і Сатану, – у якіх апошні псаваў створанае першым.


Пры ўсіх біблійных алюзіях Бог Тэда Х’юза – гэта не ўсемагутны і літасцівы Госпад, а Творца, які часам памыляецца, і тады ягоны антаганіст спрабуе выправіць ягоныя памылкі. Калі Крук бярэцца за справу сур’ёзна, ён нават спрабуе пазбавіць свет ад катастрофы (вершы “Крук, чарнейшы чым звычайна”),

Калі Бог, адвараціўшыся ад чалавека,

Павярнуўся тварам да неба,

І чалавек, адвараціўшыся ад Бога,

Павярнуўся тварам да Евы,

Здавалася, свет разваліцца на кавалкі

(Пер. наш – М.Ш.)
Крук, зачапіўшыся кіпцюрамі, злучае неба й зямлю, але

Не мог чалавек быць чалавекам, і Бог Богам.

Была агонія.

Крык.

Крук

Крычыць,

Крыўляючыся: “Маё стварэнне!”

І здаецца сабе чорным сцягам.

(Пер. наш – М.Ш.)

Калі Бог спрабуе надзяліць людзей душой, а тыя “ляжаць бяздушныя / нерухомыя, утаропіўшыся ў нікуды” і “праблема здаецца невырашальнай”, Крук жартуе, ён надзяляе мужчыну і жанчыну полавымі адзнакамі (верш “Дзіцячы жарт”). Калі Бог спрабуе навучыць Крука чалавечым эмоцыям і навыкам, жадае перамяніць ягоную амаральную натуру. І Крук сумленна спрабуе навучыцца казаць слова “Каханне”, але ў яго атрымліваюцца ягоныя ўласныя пакутлівыя варыянты “кахання” – “белая акула”, “маскіт, авадзень і цэцэ”, “мужчынская галава і жаночая вульва”. У гэтых вершах Крук Х’юза наўпрост набліжаецца да Крука-трыкстэра з палеаазіятскіх міфаў, бо “ламае табу і рушыць святая святых”.


Вышэйзгаданы М. Разэнталь адзначаў, што ў ранніх вершах Х’юза, прысвечаных жывёлінам (“Думка-ліса”, “Каршак пад дажджом” і г.д.), такое “дасканалае і канкрэтнае ўвасабленне ў жывёльны свет, што складаўся эфект магічнай рэінкарнацыі”(1, 230). Але найвыразнейшая рэінкарнацыя адбылася ў цыкле вершаў пра Крука, дзе Х’юз наўпрост на сябе прымерыў маску трыкстэра і дэміурга, махляра і шамана, разбуральніка і творцы.
Разэнталь заўважаў у ранніх тэкстах Х’юза “адначасова першабытны жах і зачараванасць навакольным светам, жорсткасць прыроды, здольнасць звяроў да здзяйснення забойства і жорсткасць чалавека ў яго самых бяздумных жывёльных аспектах” [1, 226]. А Х’юз верыў у магічную моц паэзіі, у тое, што паэзія – мнематычны інструмент, з дапамогай якога ў свет можна прынесці лекавую творчую энергію [4]. Для Х’юза міф быў большы за слоўнік сімвалаў, ён зрабіўся чароўнай палачкай, сродкам кантролю і кіравання энергіяй яго твораў.


  1. Rozental M.L. The New Poets: American and British Poetry Since World War II. New York, 1967.

  2. Мелетинский Е.М. Палеоазиатский эпос о Вороне и проблема отношений Северо-Восточной Азии и Северо-Западной Америки в области фольклора // Мелетинский Е.М. Избранные статьи. Воспоминания. М., 1989. – с. 170-189

  3. Мелетинский Е.М. Миф и двадцатый век // Мелетинский Е.М. Избранные статьи. Воспоминания. М., 1989. – с. 419-426

  4. Ann Skea. Ted Hughes and Crow // http://www.zeta.org.au/~annskea/Trickstr.htm

  5. Тэд Х'юз. Кветкі Эдэму. Вершы // Дзеяслоў. №3, 2005. С. 142-149


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка