М. У. Сільчанка паходжанне дзяржавы І права




старонка4/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер1.99 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9
ГЛАВА 3.

ПАХОДЖАННЕ ПРАВА
1. Асноўныя віды нарматыўных рэгулятараў (правілаў паводзінаў) першабытнага грамадства. 2. Неалітычная рэвалюцыя і змены ў сістэме нарматыўнага рэгулявання першабытнага грамадства. 3. Агульныя рысы нарматыўных рэгулятараў першабытнага грамадства. 4. Паходжанне права, яго прыметы. 5. Асноўныя шляхі і формы паходжання права.
Ніводнае грамадства не можа нармальна функцыянаваць і развівацца без таго, каб не ўрэгуляваць належным чынам адносіны паміж людзьмі. Ужо на самых ранніх этапах развіцця чалавецтва было зроблена адно з самых значных «сацыяльных адкрыццяў», згодна з якім найлепшым чынам грамадскія адносіны можна ўладкаваць шляхам стварэння разнастайных правілаў паводзінаў агульнага характару – сістэмы нарматыўнага рэгулявання.
1. Асноўныя віды нарматыўных рэгулятараў (правілаў паводзінаў) першабытнага грамадства.

Першабытнае грамадства мела ўласцівую для яго сістэму нарматыўнага рэгулявання (правілаў паводзінаў), якая адпавядала зместу і характару тых адносінаў, якія складваліся ў гэтым грамадстве.

Першапачатковымі правіламі паводзінаў першабытнага грамадства былі разнастайныя ТАБУ, якія існавалі на працягу дзесяткаў і нават соцен тысяч гадоў. Прычым самыя першасныя табу складваліся стыхійна ў ходзе практычнай дзейнасці людзей ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем, ці, дакладней, пад уздзеяннем навакольнага прыроднага асяроддзя, яны як бы звонку навязваліся першабытнаму чалавеку і самым першасным чалавечым калектывам «... слепой, неопознанной ими внешней силой»1.

Старажытныя людзі тэрмінам «табу» адначасова абазначалі і забароны ажыццяўляць нейкія дзеянні, і самі забароненыя дзеянні, і стан, у якім маглі знаходзіцца людзі і рэчы. Сутнасць табу, на думку Ю.І. Сямёнава, зводзіцца да забароны пэўных дзеянняў. Найбольш яскрава яна выяўляецца ў табу-забаронах, якія з’яўляюцца першаснай, зыходнай формай табу. Пры гэтым, калі кожнае табу ёсць забарона ці звязана з забаронай, то не кожная забарона ёсць табу. Таму тэрмінам «табу» можна абазначаць не ўсе забароны, а толькі забароны асобнага кшталту2.

Адна з важнейшых асаблівасцяў табу зводзіцца да таго, што забарона нічым не матывуецца і нічым не абгрунтоўваецца. Ясна адно: парушаць табу нельга, бо ў выпадку яго парушэння чалавеку і калектыву пагражае нейкая небяспека. Гэтая небяспека застаецца патэнцыяльнай, схаванай да таго часу, пакуль табу захоўваецца. І як толькі табу парушаецца, небяспека з патэнцыяльнай пераўтвараецца ў рэальную і пагражае гібеллю не толькі парушальніку табу, але і ўсяму калектыву1. Страх перад небяспекай, якая можа абрынуцца на калектыў пры парушэнні табу, прымушае калектыў прымаць усе меры дзеля таго, каб прымусіць усіх членаў калектыву захоўваць забароны і караць парушальнікаў табу як людзей сацыяльна небяспечных. Аднак не страх перад карай з боку калектыву з’яўляецца асноўным матывам захавання табу і складае яго сутнасць, а страх перад невядомай небяспекай, якая можа абрынуцца на чалавека і калектыў у выпадку парушэння табу.

На больш позніх этапах развіцця першабытнага грамадства з’явіліся так званыя «маральныя табу», прычынай якіх былі, умоўна кажучы, першасныя сацыяльныя патрэбы старажытнага чалавека. Старажытны чалавек дзеля свайго выжывання вымушаны быў абмежаваць жывёльны індывідуалізм і жывёльныя інстынкты. Так узніклі самыя разнастайныя палавыя табу. У ходзе практычнай дзейнасці ў людзей узніклі ўяўленні аб тым, што палавыя адносіны падчас палявання, рыбалоўства, збіральніцтва прыводзяць да непажаданых вынікаў, небяспекі. З’яўленне забарон на палавыя адносіны дало перавагу тым праабшчынам першабытных людзей, у якіх яны былі ўсталяваны2. А гэта прывяло да замацавання табу ў свядомасці людзей, да неабходнасці іх захавання і выканання.

На больш позніх этапах развіцця першабытнага грамадства ўзнікае новы від правілаў паводзінаў – МІФ. Міфы былі прымітыўнай формай грамадскай свядомасці, сродкам мыслення першабытнага чалавека і пазнання рэчаіснасці. У міфах захоўваліся веды чалавека аб навакольным асяроддзі, аб сваім месцы ў прыродзе і грамадстве, замацоўваліся звесткі аб шляхах вандравання, аб месцах стаянак, аб спосабах вырабу сродкаў вытворчасці, аб правілах шлюбна-сямейных адносін, аб класах сваяцкіх адносін, татэмічныя правілы і г. д. «Мифы первобытных народов, – піша Ю. Ліпс, – заменяют им Библию и учебник истории, прописные правила приличия и энциклопедию. Рассказы их можно сравнить с сундуками сокровищ, наполненными тысячелетней мудростью, откровениями глубочайшего человеческого знания и прежде всего остроумием и весельем. Все эти истории «доподлинны», и если даже в них рассказывается о самых необыкновенных приключениях фантастических существ, то все это и для тех, кто рассказывает, и для тех, кто слушает, они представляют собой истинную правду»3.

Сучасныя гістарычная і этнаграфічная навукі выдзяляюць у міфе некалькі шчыльна ўзаемазвязаных момантаў – пазнавальна-ідэалагічны, нарматыўна-рэгулятыўны, абрадавы, выхаваўчы1. Галоўным момантам міфа А.Б. Венгераў справядліва лічыць яго нарматыўна-рэгулятыўную частку, г. зн., тыя правілы паводзінаў, якія замацоўваліся міфам і ў якіх акумуліраваўся тысячагадовы практычны вопыт чалавецтва2. «По существу, – падкрэслівае Т.В. Кашаніна, – мифология представляет собой набор хороших и дурных примеров, руководство к действию или воздержанию от действий, способы поведения, которым должны следовать люди в своих взаимоотношениях с природой и друг с другом»3.

Такім чынам, у параўнанні з табу міф уяўляе больш складаны нарматыўны рэгулятар. У міфах утрымліваюцца ўжо не толькі нейкія «нормы-забароны», але і станоўчыя правілы паводзінаў, паказваюцца, адабраюцца супольнасцю і ўсяляк стымулюцца, кажучы сучаснай мовай, «правамерныя» паводзіны. Міф суправаджаўся, як правіла, пэўнымі абрадамі, рытуаламі, якія садзейнічалі яго замацаванню ў свядомасці першабытнага чалавека.

Табу і міф былі асноўнымі відамі правілаў паводзінаў першабытнага чалавека ва ўмовах прысвойваючай эканомікі, такой сістэмы гаспадарання, якая была заснавана на спажыванні гатовых, дадзеных прыродай раслінных і жывёльных форм. Асноўнымі відамі вытворчай дзейнасці чалавека ва ўмовах гэтай эканомікі, як нам ужо вядома, былі збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства.


2. Неалітычная рэвалюцыя і змены ў сістэме нарматыўнага рэгулявання першабытнага грамадства.

Значныя змены ў сістэме нарматыўнага рэгулявання першабытнага грамадства адбыліся пасля і ў выніку неалітычнай рэвалюцыі.

Як было адзначана ў главе 2 дадзенага дапаможніка, у ходзе і ў выніку неалітычнай рэвалюцыі чалавек перайшоў ад прысвойваючай да вытворчай эканомікі, г. зн., ад палявання, рыбалоўства і збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі, г. зн., ад прысваення гатовых, дадзеных прыродай раслінных і жывёльных форм да сапраўднай працоўнай дзейнасці, якая была накіравана на пераўтварэнне прыроды і вытворчасць ежы, утварэнне новых раслінных і жывёльных форм.

Ва ўмовах прысвойваючай эканомікі не трэба было ўлічваць працоўны ўклад кожнай асобы ў агульныя здабыткі супольнасці, таму што гэта, па-першае, немагчыма было зрабіць, а, па-другое, было немэтазгодна рабіць, бо прысвойваючая эканоміка не магла забяспечыць стабільны лішкавы прадукт, які можна было б размеркаваць у залежнасці ад якасці і колькасці працы. Сітуацыя карэнным чынам

памянялася з пераходам грамадства да вытворчай эканомікі. Селекцыя раслін і жывёл, поліўнае земляробства, асабліва ірыгацыя змянілі ўзаемаадносіны паміж чалавекам і навакольным асяроддзем, значна ўзвысілі вытворчасць працы і прывялі да таго, што ў грамадстве з’явіўся стабільны лішкавы прадукт. Яго трэба было ўлічыць, захаваць, а затым і пераразмеркаваць. Каб гэта здзейсніць, трэба было ўнармаваць і ўлічыць працоўны ўклад кожнага супольніка і вынікі яго працы, яго ўдзел у стварэнні грамадскіх фондаў і вырашыць пытанне выдачы яму часткі лішкавага прадукту з гэтых грамадскіх фондаў1.

Пераход першабытнага чалавека да вытворчай эканомікі суправаджаўся фармаваннем якасна новай сістэмы нарматыўнага рэгулявання. Весці земляробства, асабліва поліўнае, немагчыма без астранамічных ведаў. Заняцце жывёлагадоўляй патрабуе ведаў аб размнажэнні жывёлы, яе развіцці, харчаванні і г. д. Узнікаюць КАЛЕНДАРЫ (агранамічныя і жывёлагадоўчыя) як новыя віды правілаў паводзінаў земляробаў і жывёлаводаў. Гэтыя календары дэталёва, падрабязна рэгламентавалі жыццядзейнасць першабытных супольнасцяў і жыццё кожнага чалавека ў адносна замкнутых, аўтаномна функцыянуючых абшчынах земляробаў і жывёлаводаў.

Адзін з самых старажытных і вядомых нам календароў знаходзіцца ў польскім горадзе Гданьску ў археалагічным музеі ў калекцыі керамічных вырабаў, якія адносяцца да VI–II ст. да Н.Х. і належалі ў свой час памаранам – групе заходне-славянскіх плямёнаў. На большасці вазаў і куўшынаў, якія былі выраблены ганчарамі памаранаў, змяшчаюцца рэльефы і малюнкі з выявамі сцэн з палявання і паўсядзённага жыцця, а таксама разнастайныя знакі і сімвалы. Прычым паміж выявамі сцэн, лініямі і знакамі існуе строгая логіка і паслядоўнасць, якая зводзіцца да таго, што адлюстроўвае паслядоўнасць і час правядзення памаранамі той ці іншай справы, таго ці іншага занятку ў залежнасці ад пары года, ад каляндарнага часу.

Табу і міфы ў змененым выглядзе працягваюць існаваць і ва ўмовах вытворчай эканомікі, але яны ўжо не маюць ранейшага значэння. Больш таго, у новых умовах узнікаюць новыя па зместу міфы з культам Сонца, паміраючага і ўваскрасаючага Бога.

З узнікненнем календара ў сістэме нарматыўнага рэгулявання першабытнага грамадства пачынае, хутчэй за ўсё, складвацца перадумова адной з будучых заканамернасцяў ва ўзаемаадносінах паміж рознымі відамі правілаў паводзінаў, якая затым ва ўмовах, калі ўзнікла права, атрымала назву іерархіі, субардынацыі паміж рознымі нормамі і крыніцамі. Ва ўмовах вытворчай эканомікі каляндар становіцца галоўным, дамінуючым відам правілаў паводзінаў першабытнага грамадства, паколькі рэгламентуе асноўную масу сацыяльных сувязяў і прычым самыя значныя для існавання чалавека грамадскія адносіны.

Табу і міфы, у тым ліку і новыя, працягваюць, як і раней, рэгламентаваць значную частку сацыяльных сувязяў, але яны не займаюць больш дамінуючага становішча ў сістэме нарматыўнага рэгулявання і перамяшчаюцца на «перыферыю» сістэмы нарматыўнага рэгулявання сацыяльных адносінаў.

Паколькі і ва ўмовах вытворчай эканомікі працягвае існаваць сацыяльная аднароднасць грамадства, адсутнічаюць сацыяльныя супярэчнасці, заснаваныя на колькаснай і якаснай маёмаснай няроўнасці, то паміж рознымі відамі нарматыўных рэгулятараў не магло існаваць супярэчнасцяў у сучасным іх разуменні. Розныя віды правілаў паводзінаў рэгулявалі розныя бакі і розныя «пласты» грамадскіх адносінаў, але дзейнічалі ўзаемаўзгоднена, дапаўняючы адзін аднаго. Яны як бы размяшчаліся, умоўна кажучы, на адной лініі, але па сваёй значнасці, хутчэй за ўсё, гэтыя правілы паводзінаў нагадвалі своеасаблівую піраміду, на вяршыні якой знаходзіліся самыя каштоўныя з іх, самыя вызначальныя для жыццядзейнасці першабытнага чалавека. У гэтым сэнсе слова ўсе правілы паводзінаў першабытнага чалавека былі строга ранжыраваны, прычым незалежна ад віду – былі гэта правілы паводзінаў, якія былі змешчаны ў календары, захоўваліся як табу ці як міфы.
3. Агульныя рысы нарматыўных рэгулятараў першабытнага грамадства.

Нягледзячы на тое, што разгледжаныя вышэй віды правілаў паводзінаў першабытнага грамадства маюць свой адметны змест, сваё непаўторнае аблічча, разам з тым ім уласцівы і некаторыя агульныя рысы.

Па-першае, усе яны маюць прыродны характар, г. зн., яны фармуляваліся першабытным чалавекам падчас яго прыстасавання да навакольнага прыроднага асяроддзя ва ўмовах жорсткай барацьбы за выжыванне. Асабліва гэта прыметна на прыкладзе табу і міфаў, але прыродная залежнасць характэрна таксама і для агракалендароў і жывёлагадоўчых календароў. Жорсткасць умоваў існавання першабытнага чалавека абумоўлівала і жорсткасць зместу правілаў паводзінаў. Да сённяшняга дня сярод абарыгенаў Паўднёвай Амерыкі, якія захавалі першабытны лад жыцця, дзейнічае правіла, якое рэгулюе парадак пераходу групай людзей рэчкі, у якой водзяцца драпежныя жывёлы1. Вывучыўшы звычаі гэтых жывёл і заўважыўшы, што яны нападаюць на тых, хто ідзе апошнім у чарзе, людзі стварылі правіла, згодна з якім вызначылі не толькі парадак пераходу рэчкі (спачатку ішлі дзеці, затым жанчыны і, нарэшце, апошнімі – хворыя і старыя), але ўсталявалі тым самым каштоўнасць чалавечага жыцця той ці іншай асобы. Не меншай жорсткасцю характарызаваліся і правілы паводзінаў, якія былі ўласцівы старажытным германскім і літоўскім плямёнам ва ўмовах, калі яны кіраваліся ў паўсядзённым жыцці правіламі і нормамі, якія былі сфармуляваны ў агракалендарах і жывёлагадоўчых календарах і аб якіх знакаміты рускі гісторык С.М. Салаўёў пісаў наступнае: «... отец в семье

германской и литовской осуждал на гибель новорожденных детей своих, если семья была уже многочисленная или новорожденные были слабые, увечные. … язычники смотрели на жизнь человека с чисто материальной стороны; при господстве физической силы человек слабый был существом самым несчастным, и отнять жизнь у такого существа считалось подвигом сострадания; доказательством тому служит обязанность детей у германцев и литовцев убивать своих престарелых, лишенных сил родителей»1.

Такім чынам, прыроднасць характару правілаў паводзінаў першабытнага грамадства азначае, што яны фармуляваліся дзяля таго, каб паводзіны чалавека былі адэкватнымі пэўным сувязям, якія чалавек назіраў у прыродным асяроддзі, пэўным прыродным залежнасцям і заканамернасцям, да якіх ен вымушаны быў прыстасоўваць свае паводзіны. Правілы паводзінаў, якія фармуляваліся першабытным чалавекам, не ўтрымліваліся, безумоўна, ў гатовым выглядзе ў прыродным асяроддзі, а фармуляваліся самім чалавекам у выніку яго інтэлектуальна-волевых высілкаў. Прыродныя сувязі і заканамернасці чалавек «перакладваў на мову правілаў паводзінаў», якія змяшчалі нейкі загад, нейкі абавязковы імператыў для паводзінаў першабытнага чалавека. Выкананне гэтых загадаў (імператываў) дазваляла чалавеку захаваць жыццё ці проста выжыць у жорсткіх ўмовах існавання.

Па-другое, нарматыўныя рэгулятары першабытнага грамадства з’яўляюцца звычаямі па форме існавання і захавання. «Все виды нормативных требований в древности, - справядліва падкрэсліваюць С.Р.Драбязка і В.С.Казлоў, - неизменно принимали форму обычая – традиционного поведенческого стереотипа, передаваемого от старших поколений младшим»2.Такім чынам, пад звычаёвасцю правілаў паводзінаў першабытнага грамадства разумеюцца не тыя звычаі, што называюцца гэтым тэрмінам у сучасным свеце – старыя, вядомыя ўсім правілы паводзінаў чалавека, правілы, якімі людзі кіруюцца ў паўсядзённым жыцці, а тысячагадовая прывычка не парушаць вядомых першабытнаму чалавеку правілаў паводзінаў – табу, міфы і г. д.3.

Першабытнае грамадства ўжо на самых ранніх этапах свайго існавання вынайшла не толькі пэўныя адмоўныя (табу-забароны) і станоўчыя (міфы-стымулы) правілы паводзінаў, але і асобныя, спецыфічныя «правілы-сродкі», з дапамогай якіх захоўваліся і абараняліся табу, міфы, календары–рытуалы, абрады, нормы этыкета. З дапамогай правілаў-сродкаў адбывалася рэалізацыя правілаў паводзінаў у паўсядзённым жыцці старажытнага грамадства і адначасова забяспечвалася іх перадача ад пакалення да пакалення, фармавалася ўстаноўка, звычка, а затым і звычай захоўваць і выконваць правілы паводзінаў. На наш погляд, старажытныя

звычаі, уласцівыя першабытнаму грамадству, уяўлялі менавіта асобныя правілы-сродкі, з дапамогай якіх захоўваліся і абараняліся асноўныя віды правілаў паводзінаў першабытнага грамадства.

Умоўна кажучы, ужо ў старажытным грамадстве адбыўся своеасаблівы падзел усіх правілаў паводзінаў на «матэрыяльныя» і «працэсуальныя». Своеасаблівасць тут у тым, што рытуалы, абрады, правілы этыкета, звычаі былі формай існавання, падтрымання і захавання табу, міфаў і календароў. Аналізуючы правілы паводзінаў першабытнага грамадства, Т.В. Кашаніна слушна заўважае, што «… содержание ритуала не столь важно, поскольку доминирующее значение имеет его форма»1. Уяўляецца, што дадзены вывад можна пашырыць і распаўсюдзіць на абрады, правілы этыкета і звычаі, дадаўшы пры гэтым, што змест і асноўнае прызначэнне гэтых відаў правілаў паводзінаў у тым, каб забяспечыць належнае існаванне і выкананне асноўных нарматыўных рэгулятараў – табу, міфаў, календароў.

Такім чынам, звычаёвасць правілаў паводзінаў першабытнага грамадства ёсць не што іншае, як спосаб іх існавання ў часе, спосаб перадачы ад пакалення да пакалення.

Па-трэцяе, правілы паводзінаў першабытнага грамадства маюць «монанарматыўны» характар. Гэта значыць, што яны з’яўляюцца адзінымі і непадзельнымі на віды ў залежнасці ад характару рэгулюемых грамадскіх адносінаў. «Монанарматыўнасць» азначае таксама, што гэтыя правілы паводзінаў маюць аднолькавыя механізмы ўздзеяння на грамадскія адносіны, аднолькавыя сродкі абароны ў выпадку іх парушэння. Яны знаходзяцца ў арганічнай сувязі з эканомікай і ідэалогіяй як прысвойваючай сістэмы гаспадарання, дзе чалавек з’яўляецца часткай прыроды, так і ва ўмовах вытворчай эканомікі земляробаў і жывёлаводаў у абшчынах, якія адносна замкнуты і аўтаномна развіваюцца. Але самае галоўнае ў «монанарматыўнасці» правілаў паводзінаў першабытнага грамадства зводзіцца да таго, што яны, будучы рознымі па свайму характару і зместу, былі адзінымі для ўсіх членаў першабытнага грамадства, бо ў грамадстве не існавала яшчэ сацыяльнай дыферэнцыяцыі, не было розных сацыяльных слаёў і груп насельніцтва, якія б выдзяляліся па маёмаснай прымеце, а «… половые и другие биологические различия между членами общества…не являлись основанием для различного их формулирования и применения»2.

Па-чацвёртае, правілы паводзінаў першабытнага грамадства зыходзілі ад усёй супольнасці, выказвалі яе волю, інтарэсы, а таму ўспрымаліся як свае і выконваліся добраахвотна. Іх захаванне забяспечвалася аўтарытэтам усёй супольнасці. У першабытным грамадстве не існавала спецыяльных органаў, якія б сачылі за ажыццяўленнем нарматыўных рэгулятараў. Да парушальнікаў правілаў паводзінаў прымяняліся выхаваўчыя меры, пры неабходнасці – прымус, але ўсе гэтыя меры

зыходзілі ад усёй супольнасці – статка, рода, племені. Разам з тым па меры развіцця першабытнага грамадства і ўскладнення сістэмы нарматыўнага рэгулявання, асабліва пасля з’яўлення міфалогіі, у асяродку першабытнага грамадства з’явіліся людзі (жрацы, знахары, шаманы), якія спецыяльна займаліся захаваннем правілаў паводзінаў і пільна сачылі за тым, як выконваюцца правілы паводзінаў і асабліва правілы-сродкі – рытуалы, абрады, этыкет. Яны валодалі значным аўтарытэтам у супольнасці, які абапіраўся на іх грунтоўныя веды і незвычайныя здольнасці.

Па-пятае, для правілаў паводзінаў першабытнага грамадства характэрна тое, што яны не мелі прадстаўніча-абавязваючага характару. Гэта значыць, у той час не існавала ніякай розніцы паміж правамі і абавязкамі, права ўспрымалася як абавязак, а абавязак – як права. Справа ў тым, што першабытныя людзі, якія належалі да адной супольнасці, былі псіхалагічна і фізічна тоеснымі паміж сабой. Тоеснасць паміж людзьмі вынікала, па-першае, з адсутнасці супярэчнасцяў у грамадстве, якія былі б абумоўлены якаснай і колькаснай маёмаснай няроўнасцю, а, па-другое, абумоўлівалася роднаснымі сувязямі, якія ляжалі ў падмурку першабытнага грамадства. «Сплачивая коллектив, – пішуць А.І. Першыц, А.Л Мангайт, В.П. Аляксееў, – родо-племенная организация ставила вне закона все, что находилось за рамками этого коллектива. Подавляя в интересах общества всякое проявление индивидуализма, она вместе с тем нивелировала и всякую индивидуальность, сковывала инициативу и предприимчивость. Люди этой эпохи неотличимы друг от друга… в первобытном обществе человек еще ощущал себя слитным с другими людьми, еще не смотрел на себя со стороны, еще не обладал сколько-нибудь развитым самосознанием»1.

Факт тоеснасці паміж людзьмі ў першабытным грамадстве дае, на наш погляд, падставы зрабіць выснову аб тым, што ў першабытным грамадстве, па меншай меры, на самых ранніх этапах яго развіцця, не магло існаваць маралі і маральных правілаў паводзінаў. Справа ў тым, што мараль і маральныя правілы паводзінаў складваюцца ва ўмовах, калі чалавек у стане выдзеліць сябе з нейкага цэлага, асэнсаваць сваю «самасць», усвядоміць сябе як індывіда, як асобу, што мае свае адметныя, асабістыя інтарэсы, інтарэсы, якія не супадаюць з інтарэсамі іншых людзей і інтарэсамі калектыву. Толькі пры супастаўленні інтарэсаў у свядомасці і душы чалавека складваюцца ацэнкі інтарэсаў, адбываецца іх субардынацыя, аддаецца перавага тым ці іншым інтарэсам, а паводзіны чалавека ў залежнасці ад перавагі тым ці іншым інтарэсам ацэньваюцца як справядлівыя альбо несправядлівыя, добрыя альбо шкодныя.

Адначасова можна канстатаваць наступнае. Толькі пасля фармавання асабістых, непаўторных, індывідуальных інтарэсаў у першабытным грамадстве маглі стварыцца перадумовы для ўзнікнення індывідуальнай, а затым і прыватнай

уласнасці, спачатку спарадычнага, а затым і рэгулярнага тавараабмену. Таму з’ява, а дакладней, працэс трансфармацыі «тоеснага» грамадства ў грамадства «індывідуальнае» патрабуе далейшага пільнага вывучэння. Тут, у гэтым працэсе, як можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, палягаюць карані маралі і маральнасці, карані прыватнай уласнасці і развіцця права. Адначасова можна выказаць версію аб тым, што індывідуалізацыя грамадства была адной з самых першых і самых істотных прычын (ці перадумоў) дыферэнцыяцыі сістэмы нарматыўнага рэгулявання і фармавання асобных відаў правілаў паводзінаў першабытнага грамадства.

Па-шостае, для нарматыўных рэгулятараў першабытнага грамадства характэрны іх «рэлігійны характар». Яны заўсёды асвяшчаліся нейкай звышсілай, якая, на думку першабытнага чалавека, кіравала прыродай і яго жыццём. У старажытнага чалавека ўжо на самых ранніх этапах існавання з’явілася патрэба ў падтрымцы з боку звышсілы. І таму цалкам лагічнай з’явай першабытнага грамадства сталі ахвярапрынашэнні і звязаныя з імі рытуалы і абрады рэлігійнага характару. Зразумела, што першасныя табу-забароны, у падмурку якіх ляжалі невядомыя чалавеку прыродныя сілы і з'явы, не маглі не мець рэлігійнага характару. Са з’яўленнем міфа і міфалогіі, асноўнымі дзеючымі асобамі якіх былі розныя богі, менавіта з іх учынкамі і дзеяннямі пачалі звязвацца пэўныя правілы паводзінаў. Вось чаму правілы паводзінаў, якія фармуляваліся ў міфе, падлягалі няўхільнаму захаванню і безумоўнаму выкананню. Калі пэўным чынам паступаюць богі, то чалавек тым больш павінен прытрымлівацца пэўных правілаў паводзінаў.

З развіццём рэлігіі і рэлігійнай свядомасці на больш позніх этапах першабытнага грамадства з’яўляюцца самастойныя, асобныя, рэлігійныя правілы паводзінаў, у падмурку якіх ляжалі патрабаванні шматлікіх багоў, а затым – запаветы адзінага Бога і якія напачатку ўсталёўвалі парадак, працэдуру ўзаемаадносінаў паміж чалавекам і шматлікімі багамі, а затым – паміж чалавекам і адзіным Богам.

Характарызуючы правілы паводзінаў, уласцівыя першабытнаму грамадству, акрэсліваючы іх агульныя рысы, трэба мець на ўвазе і тое, што на іх характар, на іх змест, на іх развіццё і трансфармацыю вельмі моцны ўплыў аказвала мысленне першабытнага чалавека. Без эмацыянальна-інтэлектуальных высілкаў з боку чалавека ніякія правілы паводзінаў увогуле не маглі не толькі ўзнікнуць, але і існаваць. «Всякая норма, – пісаў знакаміты рускі філосаф і навуковец А.А. Багданаў, – предполагает более или менее сознательную формулировку и предполагает мысль о возможности «нарушения»1.

Разам з тым, мысленне першабытнага чалавека першапачаткова было інтуітыўна-містычным, таму што ва ўмовах прысвойваючай эканомікі вельмі цяжка

было ўстанавіць і ўсталяваць сувязі паміж дзеяннямі чалавека і вынікамі яго дзеянняў. Выпадковасць вынікаў пры паляванні, збіральніцтве, рыбалоўстве, адсутнасць заканамерных сувязяў паміж працай і яе вынікамі не дазвалялі сфармуляваць дакладна акрэсленыя, фармальна-азначаныя, правільныя, аднастайныя правілы паводзінаў пры паляванні, рыбалоўстве і збіральніцтве. У гэтых варунках акцэнт у нармаванні паводзінаў чалавека пераносіўся на рытуальную і абрадавую частку паводзінаў, на тыя правілы, якія папярэднічалі яго вытворчай дзейнасці і якія суправаджалі яе вынікі. Іх можна было сфармуляваць дакладна і адназначна.

Пасля пераходу першабытнага грамадства ад прысвойваючай да вытворчай эканомікі, з узнікненнем земляробства і жывёлагадоўлі перад чалавекам паўстала цэласная і даволі поўная карціна паходжання вынікаў яго працы, чалавек можа дакладна ўбачыць сувязь «… между началом и результатом процесса, у истоков которого он сам стоит»1. Мяняецца мысленне першабытнага чалавека. Ад інтуітыўна-містычнага светаўспрымання чалавек паступова пераходзіць да мыслення, у якім пераважаюць лагічныя моманты. А разам з такім пераходам адбываюцца і змены ў характары і змесце сфармуляваных чалавекам правілаў паводзінаў. Яны набываюць большую абстрактнасць, абагулены характар, фармальную азначанасць. Больш таго, пры стварэнні правілаў паводзінаў першабытны чалавек пераносіць акцэнт на вытворчую сферу сваёй дзейнасці і імкнецца найбольш дэталёва і падрабязна ўрэгуляваць адносіны менавіта ў вытворчай сферы сваёй дзейнасці.
4. Паходжанне права, яго прыметы.

Права ўзнікае натуральна-гістарычным шляхам у выніку тых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, што адбыліся ў грамадстве пасля трох буйных грамадскіх падзелаў працы.

Першы буйны падзел грамадскай працы – аддзяленне жывёлагадоўлі ад земляробства, другі – аддзяленне рамяства ад земляробства, трэці – адасабленне групы людзей, якія сталі займацца гандлем таварамі, – гандляроў. Непасрэдным следствам трох буйных падзелаў працы стала якасная маёмасная няроўнасць сярод людзей, сутнасць якой у тым, што пэўныя групы насельніцтва пачынаюць спецыялізавацца выключна (альбо пераважна) на нейкім адным відзе вытворчай дзейнасці, яны як бы «манапалізуюць» пэўную вытворчую дзейнасць, фармуецца спецыялізацыя вытворчасці. З аднаго боку, спецыялізацыя садзейнічае значнаму павышэнню вытворчасці працы, а, з другога, натуральна прыводзіць да тавараабмену.

Прычым у выніку першага буйнога падзелу працы, што адбыўся паміж рознымі родамі і плямёнамі, складваецца рэгулярны міжродавы і міжпляменны

тавараабмен. «В первой общине, – заўважае Арыстоцель, – т. е. в семье, не было явно никакой надобности в обмене; он сделался необходимым, когда общение стало обнимать уже большее количество членов. В самом деле, в первоначальной семье все было общим; разделившись, стали нуждаться во многом из того, что принадлежало другим, и неизбежно приходилось прибегать к взаимному обмену»1. Другі буйны падзел працы садзейнічае пранікненню сістэматычнага тавараабмену непасрэдна ў род і племя. Усё гэта непазбежна прыводзіць да колькаснай маёмаснай няроўнасці спачатку паміж родамі і плямёнамі, а пасля і ўнутры іх. Адбываецца пераразмеркаванне лішкавага прадукту на карысць найбольш уплывовых груп насельніцтва, асобных сем’яў, старэйшын, военачальнікаў, шаманаў, так званай «родавай арыстакратыі». Да таго ж рэгулярны тавараабмен лагічна прыводзіць да перамешвання насельніцтва, бо людзі перамяшчаюцца разам з таварамі. На месцы адносна замкнутай родавай, а затым і першабытнай суседскай абшчыны фармуецца тэрытарыяльная абшчына.

Заканамерным вынікам азначаных працэсаў, якія доўжыліся тысячагоддзі, стала фармаванне якасна новага грамадства ў параўнанні з першабытным грамадствам, заснаванага на рэгулярным тавараабмене, вядучая роля ў якім належыць таварна-грашовым адносінам і адносінам, што абумоўлены існаваннем тавараабмену і таварна-грашовых адносінаў.

Важным этапам у фармаванні грамадства, заснаванага на рэгулярным тавараабмене, з’яўляецца перыяд так званай «прэстыжнай эканомікі». З развіццём індывідуальнай уласнасці і з’яўленнем лішкавага прадукту ў развіцці ўзаемаадносінаў паміж людзьмі, якія належалі пераважна да розных суседскіх абшчын, узнікае такая сацыяльная з’ява, як «абмен дарамі», ці, іншымі словамі, – «дараабмен». Пры гэтым дарыцель нічога не губляў, бо пры абмене дарамі дзейнічаў прынцып эквівалентнасці, так званая ўзаемнасць. Дарыцель набываў грамадскі прэстыж. Але больш важным з’яўляецца тое, што падчас існавання ва ўмовах прэстыжнай эканомікі людзі набылі навыкі абмену таварамі на прынцыпе эквівалентнасці. У іх свядомасці замацавалася разуменне таго, што тавары можна мяняць на суразмерных пачатках, пры гэтым яны навучыліся вымяраць эквівалентнасць тавараў.

І калі на самых першасных этапах прэстыжнай эканомікі абмен дарамі меў спарадычны, нерэгулярны характар, а людзі ажыццяўлялі дараабмен пераважна дзеля таго, каб набыць (ці атрымаць) грамадскі прэстыж, то з развіццём рэгулярнага тавараабмену перад грамадствам паўстала пытанне аб тым, як і з дапамогай якіх правілаў паводзінаў урэгуляваць новыя грамадскія адносіны, заснаваныя на тавараабмене, а таксама грамадскія адносіны, якія сфармаваліся пад уздзеяннем таварна-грашовых адносінаў.

Існаваўшыя ва ўмовах першабытнага грамадства правілы паводзінаў – табу, міфы, аграрныя і жывёлагадоўчыя календары – не ў стане ўрэгуляваць узнікшыя ў выніку трох буйных грамадскіх падзелаў працы новыя грамадскія адносіны. Спатрэбіліся новыя віды нарматыўных рэгулятараў. Так узнікае права, а разам з ім адбываецца трансфармацыя ва ўсёй сістэме нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносінаў.

Якія прыметы выдзяляюць права сярод іншых нарматыўных рэгулятараў і адрозніваюць яго ад правілаў паводзінаў, якія былі ўласцівы першабытнаму грамадству?

Па-першае, права ўзнікае ў выніку развіцця рэгулярнага тавараабмену і таварна-грашовых адносінаў. Можна сказаць, што таварна-грашовыя адносіны з’яўляюцца «родавай пупавінай» права. Першапачаткова права ўзнікае менавіта для рэгулявання таварна-грашовых адносінаў, для рэгулявання такіх адносінаў, зместам якіх з’яўляецца абмен нейкімі матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Затым права пачынае заканамерна пранікаць і ў іншыя сферы грамадскага жыцця і найперш выкарыстоўваецца для рэгулявання грамадскіх адносінаў, якія ўзнікаюць пад непасрэдным уплывам таварна-грашовых адносінаў.

Па-другое, права ўяўляе сістэму такіх правілаў паводзінаў, «стрыжнем» якіх з’яўляецца ЭКВІВАЛЕНТ, г. зн., суразмернасць. З дапамогай разнастайных па змесце правілаў паводзінаў, іх сістэмы ў таварна-грашовых адносінах, а таксама і ў іншых грамадскіх адносінах усталёўваецца суразмернасць пры абмене матэрыяльнымі каштоўнасцямі, пры кампенсацыі за згубленую маёмасць і г. д., і тым самым забяспечваецца раўнавага, стабільнасць, устойлівасць грамадскіх адносінаў. Апісанне аднаго з самых старажытных і прымітыўных правілаў паводзінаў, з дапамогай якога забяспечвалася «кампенсацыя» за пэўную каштоўнасць, знаходзім у А.Г. Проста: «Если была убита собака, – піша А.Г. Прост, – то ее необходимо было повесить за хвост так, чтобы она касалась носом земли, и сыпать на нее пшеницу до тех пор, пока она не покроет собаку»1.

Па-трэцяе, права – гэта такая сістэма правілаў паводзінаў, якая патрабуе абавязковай знешняй фіксацыі, знешняга выражэння, «матэрыялізацыі». Гэта патрэбна дзеля таго, каб аднастайна, «раз і назаўсёды» зафіксаваць у свядомасці людзей тыя суразмернасці, «эквіваленты», якія былі выпрацаваны для рэгулявання пэўных грамадскіх адносінаў, і надаць ім агульнаабавязковае значэнне, падкрэсліць іх непарушнасць. Прававыя нормы заўсёды фіксаваліся на «матэрыяльных носьбітах», якія былі найбольш зручнымі ва ўмовах існавання той ці іншай чалавечай супольнасці – на папірусе, гліне, дрэве, камені і г. д.

У 1901 годзе французская археалагічная экспедыцыя, якая вяла раскопкі недалёка ад месца, дзе ў свой час знаходзіўся Старажытны Вавілон, знайшла

базальтавы слуп, на якім былі запісаны клінапісам законы цара Хамурапі, выдадзеныя ў XVIII ст. да Н.Х. С.С. Аляксееў слушна падкрэслівае факт запісу законаў на базальтавым слупе і заўважае: «Это не только имело судебно-ритуальное (у столба совершалось правосудие) и не только напоминало всем о существовании законов, но и возвеличивало законы, поддерживало их нерушимость, возвышенность»1.

Пэўным выключэннем з адзначанай заканамернасці можна лічыць паведамленне Плутарха аб тым, што законы спартанскага цара Лікурга не былі пісанымі. Больш таго, Плутарх нават сцвярджае, што Лікург забараніў мець пісаныя законы, таму, што на думку Лікурга, усё тое, што сапраўды патрэбна для шчасця і маральнага ўдасканалення, павінна ўвайсці ў самыя норавы і лад жыцця, каб застацца ў іх назаўсёды, зжыцца з імі2.

Па-чацвёртае, права – гэта такая сістэма правілаў паводзінаў, якая патрабуе абавязковай знешняй абароны з боку грамадства і яго афіцыйнага прадстаўніка – дзяржавы. Справа ў тым, што рэгулярны тавараабмен, які заснаваны на якаснай і колькаснай маёмаснай няроўнасці, заўсёды суправаджаецца барацьбой інтарэсаў пэўных уласнікаў адносна эквівалентнасці (суразмернасці) абменьваемых каштоўнасцяў. І натуральным выглядае працэс абмену, пры якім яго вынікамі не могуць быць задаволены ўсе ўласнікі абменьваемых каштоўнасцяў. У такім разе для захавання выпрацаванага грамадствам эквівалента (нормы ці нормаў паводзінаў, з дапамогай якіх рэгулююцца таварна-грашовыя адносіны і забяспечваецца неабходная эквівалентнасць) заканамерна патрабуецца знешняя прымусовая сіла. Такой сілай на самых ранніх этапах развіцця права маглі выступаць родавыя і пляменныя арганізацыі і органы кіравання, а з узнікненнем асобнай публічнай улады ў форме дзяржавы менавіта яна, з’яўляючыся адзіным афіцыйным прадстаўніком усяго грамадства, сканцэнтравала ў сваіх руках абарону права.

Па-пятае, права ўяўляе такую сістэму правілаў паводзінаў, якія маюць прадстаўніча-абавязваючы характар. Гэта азначае, што яны надзяляюць нейкіх сацыяльных суб’ектаў правамі і адначасова ўскладваюць на іншых абавязкі. Пры рознасці ў маёмасным і сацыяльным становішчы людзей і супрацьлегласці інтарэсаў уласнікаў пэўных матэрыяльных каштоўнасцяў, якімі яны абменьваюцца, у розных удзельнікаў абмену таварамі складваецца рознае фактычнае становішча, напрыклад, становішча гандляра і пакупніка. Урэгуляваць працэс перадачы нейкай матэрыяльнай каштоўнасці ад гандляра да пакупніка і працэс кампенсацыі на эквівалентных пачатках перададзенай каштоўнасці можна толькі шляхам надзялення гэтых удзельнікаў нейкімі правамі (прававымі магчымасцямі) і ўсклаўшы на іх нейкія абавязкі. Прычым у гандляра і пакупніка з неабходнасцю будуць розныя па

зместу правы і абавязкі, але яны павінны быць узаемазвязаны такім чынам, каб кожны з удзельнікаў мог рэалізаваць свае правы праз абавязкі іншага.
5. Асноўныя шляхі і формы паходжання права.

Тры вельмі ўплывовыя сілы аказвалі непасрэднае ўздзеянне на ўзнікненне і развіццё права – новыя грамадскія адносіны, якія складваліся пад уздзеяннем тавараабмену; узнікаючая дзяржава; ужо існуючыя ў грамадстве правілы паводзінаў. Пры гэтым два першыя фактары аказвалі рашаючы ўплыў на генезіс права, а трэці выступаў у якасці нейкага інтэлектуальнага рэзервуара, у якім непасрэдныя стваральнікі нормаў права знаходзілі «нарматыўны матэрыял» для новых відаў правілаў паводзінаў. Узаемадзеянне двух рашаючых фактараў пры фармаванні права дае нам уяўленне аб асноўных кірунках (шляхах) узнікнення права, а разгляд працэсаў выкарыстання ўласцівых першабытнаму грамадству правілаў паводзінаў пры стварэнні норм права дазваляе сфармуляваць асноўныя формы паходжання права.

У залежнасці ад таго, які з двух асноўных, акрэсленых вышэй фактараў аказваў рашаючы ўплыў на фармаванне права, можна выдзеліць два асноўныя шляхі паходжання права. Калі асноватворчым фактарам з’яўляліся якасна новыя, невядомыя першабытнаму грамадству таварна-грашовыя адносіны, мы маем справу, умоўна кажучы, з «еўрапейскім шляхам» фармавання права. Калі ж у якасці галоўнай рухаючай сілы пры ўзнікненні права выступала дзяржава, то ў гэтым выпадку зноў-такі, умоўна кажучы, мы маем справу з «азіяцкім шляхам» фармавання права.

Пры гэтым у выпадку першага шляху паходжання права большая частка норм права складвалася ў жыцці грамадства паступова, эвалюцыйным шляхам, а затым грамадства і яе афіцыйны прадстаўнік – дзяржава надавалі ім агульнаабавязковае значэнне, бралі іх пад сваю ахову і гарантавалі абарону. У выпадку ж другога шляху фармавання права значная частка норм права фармулявалася і выдавалася непасрэдна дзяржавай. Асабліва прыметна гэта ў станаўленні тых вядомых нам прававых сістэм, дзе дзяржава ў сваім развіцці значна апярэджвала фармаванне права.

Разам з тым вядомыя нам гістарычныя факты сведчаць пра тое, што ўзнікненне права адбывалася калі і не адначасова з фармаваннем дзяржаўна-арганізаванага грамадства (дзяржавы), то пад вельмі значным уплывам дзяржавы на фармаванне права. Таму вельмі слушнымі і пераканаўчымі выглядаюць разважанні тых аўтараў, якія лічаць, што працэсы фармавання права і дзяржавы ішлі паралельна, яны ўзаемадзейнічалі і стымулявалі адзін аднаго1.

Нельга, на наш погляд, пагадзіцца як з меркаваннямі аб тым, што права ўзнікае задоўга да фармавання дзяржавы1, так і з разважаннямі, згодна з якімі дзяржава фармуецца раней за права2. І галоўны аргумент тут наступны.

Ключавую ролю як у фармаванні права, так і ў фармаванні дзяржавы адыграў, як падкрэслівалася намі ў главе 2 дадзенага дапаможніка, такі фактар, такая з’ява, як лішкавы прадукт. З’яўленне ў грамадстве менавіта лішкавага прадукту дазволіла развіць рэгулярны тавараабмен і сфармаваць якасна новую сістэму нарматыўнага рэгулявання – права. Адначасова з развіццём тавараабмену і самага першаснага, хай сабе і «прымітыўнага» права, у грамадстве ўзнікаюць і такія ж самыя першасныя структуры абароны гэтага «прымітыўнага» права.

Нават калі прыняць пад увагу тое, што на першых этапах фармавання права яго абаранялі, гарантавалі і праводзілі ў жыццё, іншымі словамі, забяспечвалі старыя рода-пляменныя структуры кіравання і ўлады, то ўзнікае пытанне: забяспечваючы толькі што ўзнікаючае права, ці не мяняюць адначасова сваю прыроду і старыя рода-пляменныя структуры ўлады і кіравання? Нам уяўляецца, што адказ можа быць толькі станоўчы. Бо пры забеспячэнні інтарэсаў таваравытворцаў і ўдзельнікаў тавараабмену яны аддаюць тым самым перавагу інтарэсам толькі часткі супольнасці над агульнымі інтарэсамі ўсёй супольнасці. Больш таго, гарантуючы гэтыя інтарэсы, старыя структуры ўлады пачынаюць «палітызавацца», выбіраць паміж рознымі і нават супрацьлеглымі інтарэсамі суродзічаў і супляменнікаў, параўноўваць іх, узважваць і аддаваць пры гэтым перавагу асобным інтарэсам над інтарэсамі ўсёй рода-пляменнай супольнасці. А што гэта, як не праява дзяржаўна-арганізаванага грамадства?

Уяўляецца, што як меркаванні аб першынстве фармавання права перад дзяржавай, так і адваротным прыярытэце заснаваны на тым, што іх аўтары ў сваіх высновах абапіраюцца пераважна альбо на еўрапейскі шлях фармавання права і дзяржавы, альбо на азіяцкі вектар у станаўленні гэтых сацыяльных інстытутаў. І пры гэтым акцэнтуюць сваю ўвагу альбо на фармаванні права, альбо на фармаванні дзяржавы, не заўважаючы галоўнага, таго, што без лішкавага прадукту не магло быць ні дзяржавы, ні права. А калі гэта так, то як права, так і дзяржава не могуць не ўзнікаць адначасова. Іншая справа, як, якім шляхам ішло размеркаванне і пераразмеркаванне лішкавага прадукту. Калі лішкавы прадукт пераразмяркоўваўся самімі ўдзельнікамі тавараабмену, якія патрабавалі абароны сваіх інтарэсаў ад існуючых на той момант уладных структур, можна гаварыць аб тым, што паскоранымі тэмпамі развівалася права. Калі ж у размеркаванні і пераразмеркаванні лішкавага прадукту найперш удзельнічалі ўладныя і кіраўнічыя структуры, якія вымушаны былі стварыць для гэтага пэўныя нормы і правілы, то можна казаць пра паскоранае развіццё дзяржавы.

Такім чынам, з рознасці ў «тэмпах» фармавання дзяржавы і права нельга рабіць высновы аб тым, што нейкі з гэтых сацыяльных інстытутаў узнік раней за другі. Больш правільнай і адпавядаючай рэчаіснасці будзе выснова аб іх адначасовым узнікненні і ўзаемадзеянні з тым удакладненнем, што ў розных рэгіёнах свету іх узаемадзеянне мела свае адметныя рысы.

У адных рэгіёнах паскоранымі тэмпамі фармавалася дзяржава, адбывалася палітызацыя грамадства1. Тут дзяржава аказвала значны ўплыў на ўзнікненне і фармаванне права. Звязана гэта было з тым, што ў гэтых рэгіёнах пануючае становішча займала дзяржаўная ўласнасць, і, такім чынам, дзяржава аказвала рашаючы ўплыў на развіццё тавараабмену і таварна-грашовых адносінаў, а адначасова і на права (Егіпет, Індыя, Месапатамія і г. д.). У гэтых рэгіёнах маральна-рэлігійныя сістэмы, якія фактычна выконвалі ролю дзяржаўнай ідэалогіі, аказалі значны ўплыў на станаўленне права (канфуцыянства ў Кітаі, навучэнні Птахатэпа ў Егіпце, Законы Ману ў Індыі). У іншых рэгіёнах больш хуткімі тэмпамі адбывалася фармаванне права, бо тут развіццё тавараабмену і таварна-грашовых адносінаў адбывалася на падмурку прыватнай уласнасці, а дзяржаўная ўласнасць не мела значнага распаўсюджвання (Афіны, Рым і г. д.).

Пры фармаванні права адбыліся карэнныя змены ва ўсёй сістэме нарматыўнага рэгулявання. Найперш, само права вылучылася пры ўладкаванні грамадскіх адносінаў на першае месца, таму што яно стала рэгламентаваць самыя значныя для жыццядзейнасці грамадства адносіны. Але пры «разбурэнні» монанарматыўнай, адзінай для ўсёй супольнасці сістэмы нарматыўнага рэгулявання кожны з разгледжаных намі вышэй відаў правілаў паводзінаў паступова стаў займаць пры ўздзеянні на грамадскія адносіны сваю адметную «нішу», знаходзіў тыя грамадскія адносіны ці іх асобныя бакі, на якія працягваў аказваць далейшае рэгулюючае ўздзеянне. Такім чынам, пры ўзнікненні якасна новага нарматыўнага рэгулятара заканамерна адбыліся якасныя перамены і ў іншых відах правілаў паводзінаў. Сфера дзеяння адных правілаў паводзінаў павялічвалася, напрыклад, маралі і маральных норм, а поле дзеяння іншых памяншалася, напрыклад, табу і міфаў.

Але ці не адной з самых цікавых для нас з’яў сталася актыўнае выкарыстанне нарматыўных рэгулятараў, уласцівых першабытнаму грамадству, пры стварэнні норм права.

Для надання прававога характару асобным правілам паводзінаў першабытнага грамадства дастаткова было памяняць змест толькі часткі старога правіла паводзінаў, напрыклад, памяняць санкцыю за парушэнне правіла шляхам усталявання матэрыяльнай адказнасці замест «маральнай адказнасці». Частцы нарматыўных рэгулятараў першабытнага грамадства надавалася новае гучанне. Пры захаванні

знешняй формы яны напаўняліся іншым зместам і прыстасоўваліся для рэгулявання новых грамадскіх адносінаў.

Але не меншае значэнне пры стварэнні норм права і асабліва пры іх замацаванні ў свядомасці людзей мелі тыя правілы-сродкі, якія былі вельмі добра распрацаваны ў першабытным грамадстве – рытуалы, абрады, разнастайныя рэлігійныя працэдуры і правілы. Для надання аўтарытэта і агульнай абавязковасці новым, невядомым першабытнаму грамадству правілам паводзінаў – нормам права – яны былі, магчыма, самым зручным сродкам. «И до настоящего времени индийское Обычное Право, – заўважыў у свой час Г.С. Мэн, – на котором отпечатлелись некоторые любопытнейшие черты первобытного общества, – ставит все личные и наследственные права в зависимость от соблюдения торжественных обрядов, установленных для погребения умерших и вообще для всех тех случаев, когда выбывает один из членов семьи»1. Аб шырокім выкарыстанні формы табу пры рэгуляванні адносінаў уласнасці, у прыватнасці, пры пераходзе (ці перадачы) нейкай рэчы з уласнасці аднаго чалавека ва ўласнасць другога на прыкладах побыту эскімосаў пісаў вядомы рускі навуковец-юрыст М.М. Кавалеўскі. Паколькі эскімосам было добра вядома, што нейкая рэч, якая абазначалася як табу, не магла быць выкарыстана нікім іншым, акрамя ўласніка, то для абазначэння перадачы рэчы ва ўласнасць іншай асобе і пацвярджэння факта змены ўласнасці выкарыстоўвалі форму ўсталявання табу, а менавіта – абазначэнне рэчы шляхам дотыку да яе языком. М.М. Кавалеўскі, апісваючы побыт эскімосаў, заўважае, што тыя «... купив какую-нибудь безделку, – будь-то даже иголка, – тотчас подносят ее ко рту»2.

На наш погляд, адной з формаў узнікнення права на самых першасных яго этапах быў такі спосаб стварэння норм права, пры якім часткова мяняўся змест старога, добра вядомага правіла паводзінаў – нейкага табу, нейкага міфа, нейкага правіла календара. Пры гэтым для падтрымання яго аўтарытэта і надання агульнай абавязковасці новаму правілу паводзінаў выкарыстоўваліся добра вядомыя і неаспрэчныя правілы-сродкі. Больш таго, у першабытным грамадстве ўжо існавала пэўная, даволі арганізаваная сіла ў асобе жрацоў, знахараў, шаманаў, якія выконвалі рытуалы, абрады і іншыя правілы-сродкі. Не дарэмна менавіта гэтая група людзей у многіх рэгіёнах зямнога шара і стала першапачаткова той сацыяльнай сілай, якая і стварала нормы права, ажыццяўляла правасуддзе.

Разам з тым, асноўнай формай у развіцці права быў шлях стварэння якасна новых, невядомых першабытнаму грамадству правілаў паводзінаў – норм права, якія рэгулявалі невядомыя першабытнаму грамадству таварна–грашовыя адносіны і адносіны, якія былі абумоўлены развіццём рэгулярнага тавараабмену і таварна-грашовых адносінаў. Безумоўна, пры стварэнні і якасна новых, прававых па свайму

зместу правілаў паводзінаў не маглі не выкарыстоўваць інтэлектуальна-інфармацыйнага зместу ўласцівых першабытнаму грамадству правілаў паводзінаў, г. зн., тых звестак аб грамадстве, паводзінах чалавека, якія знаходзілі ў табу, міфах, календарах, іншых правілах паводзінаў. Але пры гэтым самі правілы паводзінаў – нормы права – не мелі аналагаў раней.

У працы А.Г. Проста прыводзіцца прыклад вызначэння ўласніка зямлі ў выпадку, калі ўзнікала спрэчка аб зямельнай уласнасці. «Так, в период зарождения государственности во многих местах, – падкрэслівае знакаміты даследчык А.Г. Прост, – для решения спора о земельной собственности в суд приносили глыбу земли и тяжущиеся вступали в борьбу над ней»1. Гэты прыклад яскрава сведчыць аб тым, як пад уздзеяннем новых, невядомых першабытнаму грамадству правілаў паводзінаў – норм права (матэрыяльнага права ўласнасці) складваліся і якасна новыя правілы-сродкі (працэсуальнае права) па вызначэнню ўласнасці і ўласніка.

Прычым, калі на самых першасных этапах фармавання права доля норм права, якія мелі «выключна прававыя карані» і не мелі аналагаў у вядомых правілах паводзінаў, была невялікай, то па меры фармавання і пашырэння сферы таварна-грашовых адносінаў іх удзельная вага павялічвалася.

Фармаванне права працягвалася даволі доўгі час. І пры стварэнні новых норм права, асабліва норм права, якія не мелі аналагаў у правілах паводзінаў першабытнага грамадства, не склаліся натуральным шляхам ці выклікалі рознагалоссі сярод супольнікаў, старажытныя стваральнікі права падыходзілі вельмі асцярожна. М.Л. Гаспараў, апісваючы працэсы зараджэння старажытнага права ў Грэцыі, зазначае, што грэкі не толькі вельмі добра ведалі філасофію, выдатна разбіраліся ў ёй, але і маглі творча прымяняць яе на практыцы. У прыватнасці, абапіраючыся на філасофскую выснову аб тым, што ўсё, што мае свой пачатак, мае і сваё завяршэнне, яны свята шанавалі старыя непісаныя законы (г. зн., звычаёвыя нормы права) менавіта таму, што тыя «… не имели начала, они восходили к незапамятным временам… Законодатели боялись, что к новым законам такого уважения не будет, что их станут менять и отменять. А иметь меняющиеся законы – это все равно, что не иметь никаких. Поэтому прежде всего они заботились о нерушимости своих предписаний. Кто захочет внести в закон хоть какое-нибудь изменение, постановили Залевк и Харонд, тот должен явиться в народное собрание с петлей на шее и сделать свое предложение. Если его отвергнут – он должен тут же на месте удавиться. Если при разбирательстве какого-нибудь дела одна сторона будет толковать закон так, а другая иначе, то оба спорящих должны явиться в суд с веревкой на шее, и чье толкование будет отвергнуто, тот должен на месте удавиться»2.



Праблемныя пытанні


  1. Чаму, на Вашу думку, у першабытным грамадстве ўзніклі правілы паводзінаў агульнага характару (нарматыўныя рэгулятары) і якія функцыі яны выконвалі?

  2. Ці можна лічыць, што будова (структура) разнастайных табу была затым запазычана іншымі відамі нарматыўных рэгулятараў грамадства? І калі гэта так, то абгрунтуйце дадзены тэзіс.

  3. Чаму менавіта нарматыўная частка з’яўлялася галоўнай складальнай часткай міфа, і ці захоўвае яна сваё значэнне ў сучасных умовах?

  4. Ці былі ўласцівы першабытнаму грамадству такія нарматыўныя рэгулятары, як звычай, традыцыя і мараль?

  5. Якія прычыны прывялі да неалітычнай рэвалюцыі, якімі былі яе наступствы ў сферы нарматыўнага рэгулявання?

  6. Якая роля прэстыжнай эканомікі і «дараабмену» ў паходжанні права?

  7. Якой была роля дзяржавы ва ўзнікненні і фармаванні права?

  8. Ці можна лічыць правілы ўліку і размеркавання грамадскай працы, а таксама правілы размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту, якія былі створаны дзяржавамі на Усходзе, нормамі права?

  9. Якім чынам нарматыўныя рэгулятары першабытнага грамадства ўздзейнічалі на ўзнікаючае права?

  10. Якім чынам змяніліся нарматыўныя рэгулятары першабытнага грамадства з узнікненнем права?

  11. Якую ролю выконвала рэлігія ў станаўленні права?

  12. Чаму эквівалентнасць (суразмернасць) з’яўляецца «стрыжнем» права?

  13. Якая роля «класагенезу» ў станаўленні права?

  14. Як Вы ставіцеся да думкі аб існаванні «маральнага права»?

  15. Як суадносяцца паміж сабой асноўныя шляхі і формы паходжання права?


Спіс рэкамендаванай літаратуры


  1. Алексеев В.П. Становление человечества. – М.: Политиздат, 1984.

  2. Богданов А.А. Вопросы социализма. – М.: Политиздат, 1990. – С. 47–52.

  3. Валеев Д.Ж. Обычное право и его генезис // Правоведение. – 1974. – № 6.

  4. Венгеров А.Б. Значение археологии и этнографии для юридической науки //

  5. Государство и право. – 1993. – № 3.

  6. Венгеров В.Б., Барабашева Н.С. Нормативная система и эффективность общественного производства. – М.: Издательство МГУ, 1985. – Гл. 6.

  7. Вишневский А.Ф., Горбаток Н.А., Кучинский В.А. Общая теория государства и права. – Минск: «ТЕСЕЙ», 1999.

  8. Дробязко С.Г., Козлов В.С. Общая теория права. –Минск: НО ООО «БИП – С», 2003.

  9. Дробышевский С.А. Политическая организация, право и классовое общество // Правоведение. – 1988. – № 5.

  10. Дрожжин В.А. Суд в древнем Египте // История государства и права. – 2000. – № 3.

  11. Калмыков П.О. О символизме права вообще и русского в особенности. – СПб., 1839.

  12. Кашанина Т.В. Происхождение государства и права. Современные трактовки и новые подходы. – М.: Юрист, 1999.

  13. Коркунов Н.М. Лекции по общей теории права. – СПб., 1914. – С. 8-30.

  14. Куббель С.С., Першиц А.И., Венгеров А.Б. Этнография и наука о государстве и праве / Вестник АН СССР. – 1984. – № 10.

  15. Кумф Ф., Оруджев З. Диалектическая логика. – М., 1979. – С. 88-95.

  16. Леонтович Ф. История русского права. – Вып. 1. – Одесса, 1869.

  17. Лукашева Е.А. Право. Мораль. Личность. – М.: Наука, 1986. – С. 112-113.

  18. Морошкин Ф.О постепенном образовании законодательства. – М., 1832.

  19. Муромцев Г.Н. Источники права // Правоведенне. – 1992. – № 2.

  20. Мэн Г.С. Древнее право, его связь с древней историей общества и его отношение к новейшим идеям. – СПб., 1873.

  21. Общая марксистско-ленинская теория государства и права. Т. 2. – М.: Юридическая литература, 1971.

  22. От доклассовых обществ к раннеклассовым. – М.: Наука, 1987.

  23. Першиц А.И. Проблемы нормативной этнографии // Проблемы общей этнографии. – М.: Наука, 1979. – С. 210–240.

  24. Першиц А.И., Монгайт А.Л., Алексеев В.П. История первобытного общества. – М.: Высшая школа, 1982. – С. 143–162.

  25. Пост Г.А. Зачатки государственных и правовых отношений. – М., 1901.

  26. Семёнов Ю.И. Как возникло человечество? – М.: Наука, 1966.

  27. Семёнов Ю.И. Происхождение брака и семьи. – М.: Мысль, 1974.

  28. Семёнов Ю.Н. На заре человеческой истории. – М.: Мысль, 1989.

  29. Теория государства и права / Под ред. С.С. Алексеева. – М.: Юридическая литература, 1985. – С. 22–23.

  30. Трубецкой Е.Н. Лекции по энциклопедии права. – М., 1917.

  31. Чертков А.Н. Древнерусская федерация // Журнал российского права. – 2000. – № 2. – С. 162–172.

  32. Энгельс Ф. Происхожденне семьи, частной собственности и государства // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. – 2-е изд. – Т. 21.


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка