М. У. Сільчанка паходжанне дзяржавы І права




старонка2/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер1.99 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9
ГЛАВА 2.

ПАХОДЖАННЕ ДЗЯРЖАВЫ
1. Неалітычная рэвалюцыя – перадумова ўзнікнення дзяржавы. 2. Паходжанне дзяржавы; прыметы дзяржавы, якія адрозніваюць яе ад першабытнага грамадства. 3. Асноўныя шляхі, агульныя заканамернасці і формы паходжання дзяржавы. 4. Паходжанне дзяржавы на Усходзе. 5. Паходжанне дзяржавы ў Афінах 6. Узнікненне дзяржавы ў Рыме. 7. Узнікненне дзяржавы ў франкаў (германскага народа). 8. Узнікненне дзяржавы шляхам «запрашэння на княжэнне»
Дзяржава – з’ява гістарычная. Сучасныя навуковыя даследаванні даюць падставы сцвярджаць, што першыя дзяржаўныя ўтварэнні ўзніклі ў Азіі і Афрыцы прыкладна на рубяжы чацвёртага і трэцяга тысячагоддзяў да Н.Х., у Амерыцы – у першым тысячагоддзі да Н.Х, а ў іншых рэгіёнах яшчэ пазней1. Гэта пацвярджаецца антрапалагічнымі, археалагічнымі, гістарычнымі і сацыяльнымі даследаваннямі. Дзяржава ўзнікае натуральна–гістарычным шляхам у выніку пэўных пераўтварэнняў, што адбыліся ў эканамічнай і сацыяльнай сістэмах грамадства, у арганізацыі кіравання грамадствам і ажыццяўленні ўлады, уласцівых першабытнаму грамадству і якія былі разгледжаны ў главе 1 навучальнага дапаможніка.
1. Неалітычная рэвалюцыя – перадумова ўзнікнення дзяржавы.

Важнай вехай у станаўленні дзяржаўна-арганізаванага грамадства (дзяржавы) з’явілася неалітычная рэвалюцыя (10-15 тыс. г. да н. э.). Неалітычная рэвалюцыя як бы праводзіць своеасаблівую мяжу паміж «класічным» першабытным грамадствам, якое існавала тысячагоддзі, і тым грамадствам, якое мы называем дзяржаўна-арганізаваным, альбо дзяржавай. У нейкім сэнсе слова неалітычную рэвалюцыю і тыя сацыяльна-эканамічныя працэсы, якія адбываліся падчас яе, мы можам разглядаць у якасці заключнай фазы існавання першабытнага грамадства. З другога боку, усё, што адбывалася ў гэты перыяд, стварала, з пункту гледжання сённяшняга дня, усе неабходныя перадумовы для таго, каб узнікла дзяржава.

Тэрмін «неалітычная рэвалюцыя» ўпершыню ўвёў у навуку англійскі вучоны Г. Чайлд2. Пад неалітычнай рэвалюцыяй Г. Чайлд разумеў той якасны пераварот, які адбыўся ва ўсіх сферах жыцця чалавека пры пераходзе ў неаліце ад прысвойваючай да вытворчай эканомікі, г. зн. ад палявання, рыбалоўства і

збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі. Гэты пераход пачаўся ў розных рэгіёнах Зямлі (Бліжні Усход, Месапатамія) прыблізна 10–12 тысяч гадоў таму і заняў некалькі тысячагоддзяў.

Сутнасць гэтага пераходу зводзіцца да таго, што чалавек ад прысваення гатовых, дадзеных прыродай раслінных і жывёльных форм, перайшоў да сапраўднай працоўнай дзейнасці, якая была скіравана на пераўтварэнне прыроды і вытворчасць ежы, утварэнне новых раслінных і жывёльных форм. Зразумела, на працягу доўгага часу суіснавалі паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, архаічныя формы земляробства і жывёлагадоўлі. Аднак паступова, крок за крокам, земляробства (падсечна-агнявое, непаліўное і паліўное, у тым ліку і ірыгацыйнае) і жывёлагадоўля (выганная, адгонная, а затым і качавая) сталі адыгрываць асноўную эканамічную ролю ў жыцці грамадства1.

Такім чынам, у ходзе неалітычнай рэвалюцыі чалавецтва ад эканомікі, заснаванай на выкарыстанні натуральных форм расліннага і жывёльнага свету, перайшло да вытворчай эканомікі, эканомікі актыўнага ўмяшання чалавека ў навакольнае асяроддзе з дапамогай новых, больш дасканалых сродкаў вытворчасці і прыладаў працы. Гэтыя перамены ў вытворчым жыцці грамадства садзейнічалі росту вытворчасці працы, з’яўленню лішкавага прадукта. На думку Г. Чайлда, гэтая рэвалюцыя выратавала чалавецтва як біялагічны від ад вымірання ў часы экалагічнага крызісу і вымірання мегафауны – мамантаў, насарогаў і г. д.

Неалітычная рэвалюцыя прывяла да значных пераменаў у сацыяльным жыцці першабытнага грамадства, істотна памяняла яго сацыяльную структуру. З’яўленне ў жыцці першабытнага грамадства новых відаў чалавечай, перш-наперш вытворчай, дзейнасці запатрабавала спецыялізацыі асобных груп людзей на іх выкананні. А гэта прывяло да фармавання ў грамадстве асобных сацыяльных груп, якія вылучаліся з супольнасці наяўнасцю адметных «прафесійных» і сацыяльных інтарэсаў. Такім чынам, у выніку неалітычнай рэвалюцыі сацыяльная структура першабытнага грамадства значна ўскладнілася.

Акрамя гэтага, вытворчая эканоміка, якая аб’ектыўна прывяла да далейшага падзелу грамадскай працы, значна ускладніла і задачы па арганізацыі вытворчасці і кіраванню вытворчымі працэсамі. Яна прывяла да з’яўлення новых, невядомых раней, кіраўнічых функцый. Са складу супольнасці ўжо ў гэты час пачынаюць выдзяляцца групы арганізатараў вытворчасці, групы людзей, якія вялі ўлік працы і ажыццяўлялі кантроль за выкананнем працоўных функцый.

У выніку неалітычнай рэвалюцыі ў розных рэгіёнах зямнога шара адбыўся росквіт раннеземляробчых культур, вынікам развіцця якіх з’явілася ўзнікненне першых цывілізацый і былі фактычна створаны ўсе неабходныя перадумовы для фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства.

2. Паходжанне дзяржавы; прыметы дзяржавы, якія адрозніваюць яе ад першабытнага грамадства.

Значныя змяненні ва ўсіх сферах грамадскага жыцця адбыліся пасля трох буйных падзелаў грамадскай працы, якія па сваёй сутнасці азначалі з’яўленне ў жыцці першабытнага чалавека спецыялізацыі ў вытворчай дзейнасці. Прычым на першасных этапах спецыялізацыя мела хутчэй за ўсе стыхійны характар і была абумоўлена прыроднымі (геаграфічнымі і кліматычнымі) ўмовамі існавання асобных родаў і плямёнаў. Першы падзел грамадскай працы – аддзяленне жывёлагадоўлі ад земляробства, другі – аддзяленне рамяства ад земляробства, трэці – адасабленне групы людзей, якія сталі займацца гандлем таварамі, – гандляроў.

За даўнасцю гадоў вельмі цяжка з усёй падрабязнасцю прасачыць працэсы станаўлення адзначаных буйных падзелаў грамадскай працы. Найбольш абгрунтаванай версіяй таго, як адбываліся гэтыя працэсы, нам уяўляецца канцэпцыя Ю. Ліпса, які выказаў меркаванне аб тым, што менавіта народы-збіральнікі ўраджаю, хутчэй за ўсё, валодалі неабходнымі перадумовамі для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, таму што гэтая форма прысвойваючай гаспадаркі была найбольш прагрэсіўнай, а найбольш спрыяльныя ўмовы для такога пераходу былі ў Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі. На думку Ю. Ліпса, вынаходніцтва земляробства з’яўляецца заслугай жанчыны, бо яна ва ўмовах прысвойваючай эканомікі забяспечвала сям’ю расліннай ежай, а таму магла правесці ў жыццё новае вынаходніцтва. У той жа самы час мужчыны працягвалі займацца паляваннем1.

Непасрэдным следствам трох буйных падзелаў грамадскай працы сталася якасная маёмасная няроўнасць сярод людзей, сутнасць якой у тым, што пэўныя групы насельніцтва пачынаюць спецыялізавацца выключна (альбо пераважна) на нейкім адным відзе вытворчай дзейнасці, яны як бы «манапалізуюць» пэўную вытворчую дзейнасць, фармуецца спецыялізацыя вытворчасці. З аднаго боку, яна садзейнічае значнаму павышэнню вытворчасці працы, а з другога – натуральна прыводзіць да тавараабмену. Прычым у выніку першага буйнога падзелу грамадскай працы, што адбыўся пераважна паміж рознымі родамі і плямёнамі, складваецца рэгулярны міжродавы і міжпляменны тавараабмен, другі буйны падзел грамадскай працы садзейнічае пранікненню сістэматычнага тавараабмену непасрэдна ў род і племя. Усё гэта непазбежна прыводзіць да колькаснай маёмаснай няроўнасці спачатку паміж родамі і плямёнамі, а пасля і ўнутры іх. Адбываецца пераразмеркаванне лішкавага прадукта на карысць найбольш уплывовых груп насельніцтва, асобных сем’яў, старэйшын, военачальнікаў, жрацоў, так званай «родавай арыстакратыі». Да таго ж рэгулярны тавараабмен лагічна прыводзіць да перамешвання насельніцтва, бо людзі рухаюцца разам з таварамі. На месцы адносна замкнутай родавай абшчыны фармуецца тэрытарыяльная суседская абшчына.

Заканамерным вынікам адзначаных працэсаў, якія доўжыліся тысячагоддзі, стала фармаванне якасна новага, у параўнанні з першабытным, грамадства, якое мы называем дзяржаўна-арганізаваным, або, скарочана, дзяржавай.

У гэтым грамадстве пануюць якасная і колькасная маёмасная няроўнасці, а значыць існуе і сацыяльная напружанасць (у тым ліку і барацьба) паміж багатымі і беднымі.У гэтым грамадстве няма адзіных для супольнасці багоў, ідалаў, культаў, бо побач пражываюць прадстаўнікі розных родаў і плямёнаў. А значыць у гэтым грамадстве ўжо не можа існаваць першабытная сістэма кіравання, ажыццяўлення ўлады, бо нельга ва ўмовах існавання розных, часта супярэчлівых інтарэсаў людзей і іх груповак знайсці «агульную мову», агульны аўтарытэт, прыняць рашэнне, якое б задавальняла ўсю супольнасць. Ды і ажыццяўляць кіраванне супольнасцю на «грамадскіх пачатках» немагчыма. Кіраванне пераўтвараецца ў самастойную складаную функцыю грамадства, якая патрабуе пэўнай кваліфікацыі, пэўнага часу і пэўнага матэрыяльнага забеспячэння тых, хто яе ажыццяўляе.

Дзяржаўна-арганізаванае грамадства (дзяржава) адрозніваецца ад першабытнага грамадства наступнымі прыметамі.

1. Гэта сацыяльна-неаднароднае грамадства, у якім побач суіснуюць самыя розныя групы людзей, занятыя разнастайнымі відамі чалавечай дзейнасці, са сваімі часта супрацьлеглымі інтарэсамі. Задавальняючы свае інтарэсы і інтарэсы іншых груп і індывідаў, людзі ўступаюць у розныя грамадскій адносіны паміж сабой. Інтарэсы, галоўнымі сярод якіх з’яўляюцца матэрыяльныя, аб’ядноўваюць іх у супольнасць, нейкае адзінае цэлае, і гэтыя ж самыя інтарэсы ніколі не аб’яднаюць іх, не прывядуць да аднолькавага, аднастайнага міраўспрымання і дзеяння.



2. Гэта грамадства, у якім усе індывіды падзяляюцца перш-наперш па тэрыторыі пражывання. Прыналежнасць да роду, племені, якое ў першабытным грамадстве мела першаснае значэнне для індывіда, вызначала яго ролю і месца ў вытворчым працэсе і размеркаванні матэрыяльных каштоўнасцяў, адсоўваецца на другое і трэцяе месцы па значнасці сярод сацыяльных сувязяў. Ва ўмовах сацыяльна-неаднароднага грамадства і фармавання першабытнай суседскай абшчыны родавыя сувязі не маюць свайго ранейшага значэння ў вытворчым працэсе і размеркаванні прадуктаў працы. Яны не аказваюць ранейшага ўплыву на сацыяльнае становішча асобы.

Падрабязна прааналізаваўшы ход і значнасць рэформаў Клісфена, Арыстоцель надаваў мерам па перамешванню насельніцтва выключнае значэнне пры ўсталяванні, як ён пісаў, новага віду дэмакратыі (а фактычна– дзяржаўна-арганізаванага грамадства. – М.С.) і падкрэсліваў, што калі нехта жадае ўстанавіць дэмакратычны лад, то яму трэба «… устраивать новые филы и фратрии и притом в большем числе; частные культы надо объединять в небольшое количество и делать их общественными; словом, надо придумывать все средства, чтобы все как можно более перемешались между собой, а в то же время чтобы прежние объединения были

разбиты»1.

3. Гэта грамадства, у якім фармуецца якасна новая, у параўнанні з першабытным грамадствам, сістэма кіравання, ажыццяўлення ўлады. Кіраванне і ўлада, як мы ведаем, існавалі і ў першабытным грамадстве. Але там яны выражалі, па-першае, інтарэсы ўсёй супольнасці, а па-другое – яны не выдзяляліся з грамадства ў самастойную функцыю, якая б патрабавала для выканання асобнай групы людзей. Іншая справа – кіраванне і ўлада ў новых умовах. Яны проста не ў стане выражаць і задавальняць у роўнай меры інтарэсы ўсіх індывідаў, іх груп, бо гэтыя інтарэсы не супадаюць. Для ажыццяўлення ўлады і кіравання, што выдзяляюцца ў самастойную функцыю супольнасці, фармуецца асобная група людзей, якія прафесійна займаюцца кіраваннем супольнасцю. Для ажыццяўлення ўлады і кіравання ўтвараецца асобны апарат кіравання – органы дзяржавы і дзяржаўныя ўстановы, якія надзяляюцца ўладнымі паўнамоцтвамі.

4. Гэта грамадства, ажыццяўленне ўлады і кіравання ў якім патрабуе матэрыяльна-фінансавага забеспячэння. Паколькі дзяржаўны апарат ніякай вытворчай дзейнасцю не займаецца, яго патрэбна ўтрымліваць за кошт сродкаў супольнасці. Сродкі гэтыя збіраюцца з насельніцтва ў выглядзе падаткаў і іншых збораў. Карамзін так апісвае эпізод збору даніны: «… и Князь, при наступлении осени… отправился в землю Древлян, и забыв, что умеренность есть добродетель власти, обременил их тягостным налогом…Еще недовольный взятою им данию, он вздумал отпустить войско в Киев, и с частью своей дружины возвратиться к Древлянам, чтобы требовать новой дани. Послы их встретили его на пути, и сказали ему: «Князь! Мы все заплатили тебе: для чего же опять идешь к нам ?» Ослепленный корыстолюбием, Игорь шел далее… Тогда отчаянные Древляне, видя – по словам Летописца – что надобно умертвить хищного волка, или все стадо будет его жертвою, вооружились под начальством князя сваего, именем Мала; вышла из Коростеня, убили Игоря со всею дружиною…»2.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што любая дзяржава імкнулася ўсталяваць дасканалую сістэму падаткаў і збораў. У старажытнаіндыйскім палітыка-прававым помніку «Артхашастра» падрабязна рэгламентуюцца віды і памеры разнастайных падаткаў і даюцца рэкамендацыі філасофска-этычнага характару, кшталту: «Подобно тому как один спелый плод за другим собирают из сада, должен (государь) собирать со своего государства… Но из боязни пострадать самому он не должен собирать неспелые плоды, так как это вызвало бы беспорядки»3. На жаль, князь Ігар, хутчэй за ўсё, не быў знаёмы з усходняй мудрасцю Артхашастры.

Толькі ў сукупнасці вышэйазначаныя прыметы дазваляюць адрозніць дзяржаўна-арганізаванае грамадства (дзяржаву) ад першабытнага, бо ў іх у

канцэнтраваным выглядзе ўтрымліваюцца ўсе найбольш істотныя рысы дзяржавы. Разам з тым у навуковай і вучэбнай літаратуры дзяржаву разумеюць у больш вузкім сэнсе слова, зводзяць яе практычна да якасна новай сістэмы кіравання, ажыццяўлення ўлады ва ўмовах сацыяльна неаднароднага грамадства. У метадалагічных адносінах такі падыход нельга прызнаць правільным. Справа ў тым, што кіраванне і ўлада як самастойныя функцыі супольнасці абумоўліваюцца ўсёй сістэмай сацыяльна-эканамічных адносін, развіваюцца і змяняюцца пад іх уплывам. У адрыве ад іншых бакоў супольнага існавання кіраванне і ўлада не існуюць. Сутнасць іх можа быць даследавана толькі пры ўмове шырокага сацыяльнага падыходу.

Разам з тым, у вучэбных мэтах звужэнне паняцця дзяржавы да асаблівай сістэмы кіравання і ўлады ва ўмовах сацыяльна-неаднароднага грамадства не можа выклікаць нараканняў. Важна пры гэтым захаваць разуменне сутнасці з’явы пад назвай «дзяржава».
3. Асноўныя шляхі, агульныя заканамернасці і формы паходжання дзяржавы.

Працэс фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства быў супярэчлівым, працяглым у часе, зведаў свае ўзлёты і падзенні. Справа ў тым, што новае грамадства мела адначасова як станоўчыя, так і адмоўныя рысы. Абумоўлены трыма грамадскімі падзеламі працы рост вытворчасці працы і ўзрастанне матэрыяльнага дабрабыту грамадства, з’яўленне асобнай прафесійнай групы кіраўнікоў сацыяльнымі працэсамі, безумоўна, былі станоўчымі асаблівасцямі новага грамадства. Разам з тым, канцэнтрацыя багацця ў руках толькі пэўнай часткі насельніцтва, з’яўленне часта «крывавых» супярэчнасцяў паміж багатымі і беднымі, выкарыстанне прафесійнымі кіраўнікамі асобнай публічнай улады ў сваіх асабістых інтарэсах не маглі не выклікаць незадаволенасці з боку народа. Гэтыя абставіны падштурхоўвалі народ да таго, каб «адмовіцца» ад дзяржаўна-арганізаванага грамадства (дзяржавы) і зноў вярнуцца ва ўлонне старых, бездзяржаўных парадкаў.



Адной з вядомых нам спроб своеасаблівай контррэвалюцыі можна лічыць рэформы спартанскага кіраўніка Лікурга, якія надзвычай ярка апісаны Плутархам1.

Створаны Лікургам Савет старэйшын (герусіі) быў, па вобразнаму выразу Платона, «якарам выратавання» і прынёс грамадству ўнутраны мір, бо ён знаходзіўся паміж народам і царскай уладай і як бы ўраўнаважваў іх, стрымліваў царскую (дзяржаўную) ўладу ад яе памкненняў пашырыць свае межы. І калі жонка Лікурга стала папракаць яго за тое, што ён перадаў сваім дзецям меншую ўладу, чым атрымаў сам, то ён адказаў: «Так, меньшую, але затое больш трывалую»2. Другім не менш значным і смелым крокам Лікурга ў барацьбе з адмоўнымі рысамі і праявамі

дзяржавы быў падзел ім зямель. Жадаючы знічтожыць дзве самыя старыя і небяспечныя хваробы дзяржаўнага арганізма – беднасць і багацтва – ён пераканаў народ адмовіцца ад валодання зямлёй на карысць дзяржавы, а затым зрабіць яе новы перадзел і жыць усім на роўных умовах, аддаўшы перавагу маральным якасцям людзей.

І, нарэшце, каб канчаткова знішчыць маёмасную няроўнасць і несуразмернасць – галоўны падмурак дзяржаўна-арганізаванага грамадства – ён паспрабававаў нанесці галоўны ўдар па яго прычынах, якія справядліва бачыў у развіцці таварна-грашовых адносінаў. Лікург паспрабаваў зрабіць гэта шляхам забароны прымяняць залатую і сярэбраную манеты, загадаўшы выкарыстоўваць толькі жалезныя грошы. Дзякуючы гэтаму мерапрыемству ў Спарце зніклі многія злачынствы і непатрэбныя рамёствы.

У юрыдычнай літаратуры было сфармулявала палажэнне, згодна з якім у гісторыі чалавецтва існавалі па меншай меры два спосабы, альбо (больш правільна) два шляхі ўзнікнення дзяржаўна-арганізаванага грамадства (дзяржавы): «дзяржава-ўласнасць» і «дзяржава-ўлада»1.

Першы шлях фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства заснаваны на тым, што пасля ўдасканалення сродкаў вытворчасці і пасля паступовага пераходу ад калектыўнай да прыватнай уласнасці спатрэбілася новая каардынуючая і рэгулюючая структура, якая б ва ўмовах узаемнага абмену матэрыяльнымі каштоўнасцямі і ўскладнення эканамічных сувязяў паміж вытворцамі змагла пастаянна і прафесійна займацца рэгуляваннем і ўладкаваннем ускладніўшагася грамадскага жыцця. Менавіта такой структурай і стала дзяржава. Прычым дзяржаўнымі служачымі, як правіла, станавіліся самыя багатыя і самыя знатныя людзі ці іх прадстаўнікі. У гэтых умовах галоўным прызначэннем дзяржавы была абарона інтарэсаў прыватных уласнікаў.

Такі шлях узнікнення дзяржавы быў у асноўным характэрны для Заходняй Еўропы.

Другі шлях фармавання дзяржавы меў месца ў асноўным у рэгіёнах Азіі і Афрыкі. Заснаваны ён на тым, што яшчэ задоўга да з’яўлення ў жыцці грамадства прыватнай уласнасці з супольнасці заканамерна выдзеліўся асобны слой людзей, якія павінны былі выконваць неабходныя для грамадства агульныя функцыі, што патрабавалі прымянення прымусу. І толькі значна пазней у грамадстве адбываецца маёмасная дыферэнцыяцыя на падставе сацыяльнага статуса асобы. Месца той ці іншай асобы ў апараце кіравання супольнасцю і вызначала маёмаснае яе становішча. Так, праз «прыватызацыю» функцыі кіравання у грамадстве паступова адбыўся падзел на багатых і бедных, пераход ад калектыўнай да прыватнай уласнасці.

Такім чынам, два шляхі ўзнікнення дзяржавы розняцца паміж сабой

пачатковай кропкай пры ўзнікненні асобнага апарату кіравання (дзяржавы). У першым выпадку асобны апарат кіравання ўзнікае ў выніку заканамерных трансфармацый у грамадстве пасля ўзнікнення прыватнай уласнасці. А другі шлях заснаваны на тым, што спачатку фармуецца апарат кіравання, функцыянаванне якога прыводзіць да маёмаснай няроўнасці ў грамадстве і да трансфармацыі апарату кіравання ў апарат дзяржавы.



Т.В. Кашаніна імкнецца абгрунтаваць розніцу паміж акрэсленымі шляхамі розніцай у прыродных (геаграфічных і кліматычных) умовах1. Нельга не пагадзіцца з тым, што прыродныя ўмовы існавання чалавека ўплывалі на працэсы фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Але на станаўленне дзяржавы ўздзейнічалі і іншыя, не менш значныя фактары. Прычым гэтая акалічнасць прывяла да таго, што практычна кожнае з вядомых нам дзяржаўна-арганізаваных грамадстваў ўзнікала сваім адметным і непаўторным шляхам. Як няма абсалютна тоесных людзей, так у гісторыі не было аднолькавых шляхоў узнікнення дзяржавы. Нават у адных і тых жа прыродна-кліматычных умовах узнікненне дзяржаўна-арганізаваных супольнасцяў часта вельмі адрознівалася. Усё гэта дае падставы сцвярджаць аб тым, што нельга зводзіць складаны працэс фармавання дзяржавы да двух акрэсленых вышэй шляхоў. Іх можна разглядаць у якасці своеасаблівых вектараў у дзяржаваствараючай дзейнасці народаў, маючы пры гэтым на ўвазе тое, што ў кожнага з гістарычных і зараз існуючых народаў дзяржава ўтвараецца сваім, адметным, непаўторным шляхам.

Разам з тым, палажэнне аб непаўторным абліччы і паходжанні кожнага з гістарычных дзяржаўных утварэнняў не адмяняе зробленай даследчыкамі высновы аб тым, што ўзнікненне дзяржаўна-арганізаванага грамадства падпарадкоўваецца (ці праходзіць) шэрагу паслядоўных, узаемазвязаных і абумоўленых стадый, нейкім агульным заканамернасцям. Да іх ліку можна аднесці: а) буйныя грамадскія падзелы працы і фармаванне якаснай маёмаснай няроўнасці; б) фармаванне лішкавага прадукту і развіццё рэгулярнага тавараабмену; в) фармаванне колькаснай маёмаснай няроўнасці, супрацьлеглых і супярэчлівых інтарэсаў і сацыяльнай напружанасці ў грамадстве; г) фармаванне тэрытарыяльнай абшчыны; д) фармаванне не супадаючай з грамадствам асобнай сістэмы кіравання, ажыццяўлення ўлады.Усе гэтыя стадыі (агульныя заканамернасці) маюць надзвычай важнае значэнне і прысутнічаюць пры ўтварэнні ўсіх вядомых нам дзяржаўна-арганізаваных грамадстваў.

Разам з тым трэба асабліва падкрэсліць значэнне такой стадыі (ці фазы), як з’яўленне лішкавага прадукту, якая без перабольшання мае ключавое значэнне ў разуменні фармавання дзяржавы. Менавіта са з’яўленнем у выніку папярэдняга развіцця грамадства, у выніку падзелаў грамадскай працы і росту яе прадукцыйнасці лішкавага прадукту сталі магчымымі рэгулярны тавараабмен і пераразмеркаванне

лішкавага прадукту на карысць таваравытворцаў, альбо з’явілася магчымасць пераразмеркаваць лішкавы прадукт, абапіраючыся на апарат кіравання ці шляхам вайны і рабунку. Лішкавы прадукт, такім чынам, – такое звяно ў фармаванні дзяржавы, якая асабліва яскрава ўвасабляецца ў асобным апараце кіравання (улады), з якога пачынаецца «тэхналагічны» працэс фармавання дзяржавы і вакол якога разгортваюцца ўсе дзяржавастваральныя падзеі.

Паслядоўнасць азначаных стадый у фармаванні дзяржавы можа быць рознай, часта яна можа мяняцца. Напрыклад, для фармавання «дзяржавы-ўлады» характэрна спачатку ўтварэнне не супадаючай з грамадствам асобнай сістэмы кіравання, манапалізацыя гэтай функцыі групай людзей, а затым выкарыстанне гэтай сістэмы кіравання для пераразмеркавання лішкавага прадукту на сваю карысць і з’яўлення затым у грамадстве колькаснай маёмаснай няроўнасці, супрацьлеглых інтарэсаў і сацыяльнай напружанасці, што ў сваю чаргу садзейнічае трансфармацыі ўлады і сістэмы кіравання. Але як бы адзначаныя стадыі ні мянялі адна другую, усе яны абавязкова прысутнічаюць пры фармаванні дзяржавы і абавязкова ключавое значэнне сярод іх займае працэс фармавання лішкавага прадукту.

Кожная з дзяржаў узнікала ў пэўных канкрэтных, непаўторных сацыяльна-эканамічных, прыродных (геаграфічных і кліматычных) умовах. Пры гэтым на працэсы фармавання дзяржаўна-арганізаваных супольнасцяў уздзейнічалі самыя разнастайныя сілы (фактары) як унутранага, так і знешняга характару. Усё гэта прыводзіла да таго, што агульныя заканамернасці паходжання дзяржавы дзейнічалі як нейкая тэндэнцыя, але праяўляліся ў непаўторных формах. Накопленыя сучаснай навукай звесткі аб паходжанні дзяржаўных утварэнняў у самых розных рэгіёнах Зямлі дазваляюць выдзеліць найбольш распаўсюджаныя, тыповыя формы паходжання дзяржавы: на Усходзе, у Афінах, у Рыме, у франкаў (германскага народа), узнікненне дзяржавы шляхам «запрашэння на княжэнне». У святле сказанага аб ролі лішкавага прадукту ў фармаванні дзяржаўна-арганізаванага грамадства можна выказаць меркаванне аб тым, што і формы паходжання дзяржавы шмат у чым вызначаюцца характарам размеркавання і пераразмеркавання лішкавага прадукту.


4. Паходжанне дзяржавы на Усходзе.

Сучасная гістарычная навука валодае шматлікімі ведамі і дадзенымі аб тым, што першыя з вядомых нам цывілізацый узніклі ў IV тысячагоддзі да Н.Х. у шумерыйцаў (нізоўе Тыгра і Еўфрата), у сярэдзіне III тысячагоддзя да Н.Х. – у Індыі, а ў пачатку II – у Кітаі. Менавіта там і ўзніклі першыя з вядомых нам дзяржавы-гарады. Яны называюцца так таму, што іх улада распаўсюджвалася толькі на горад і бліжэйшыя аколіцы.

Адметнай рысай паходжання дзяржаўнасці на Усходзе з’яўляецца тое, што на працэсы яе фармавання значны, рашаючы ўплыў аказалі прыродныя (геаграфічныя і

кліматычныя) фактары. Прычым у месцах узнікнення першых цывілізацый існаваў аптымальны экалагічны асяродак, які садзейнічаў развіццю земляробства, а затым і цывілізацый. Аснову земляробства там складала штучнае арашэнне пры дапамозе каналаў і ірыгацыйных збудаванняў. Характар земляробства патрабаваў адзінства намаганняў вялікіх груп людзей, захавання абшчыннай сацыяльнай структуры.



Апісваючы сучасную Японію і асаблівасці яе эканамічнай сістэмы, вядомы і аўтарытэтны знаўца Усхода Уладзімір Цветаў вельмі дакладна і ёмка ахарактэрызаваў адначасова і старажытнаяпонскую эканамічную сістэму: «К японским климатическим условиям, - падкрэсліў У. Цветаў, - больше всего подходит поливное рисоведение. Для него нужна оросительная система: каналы с искусственной подачей влаги, очень часто с низших участков на более высокие, плотины со створами для спуска воды, водохранилища. Создание оросительной системы и теперь-то дело непростое. И потому 800 оросительных прудов с разветвленной сетью каналов, вырытых, по свидетельству древних хроник, в III-IV веках… правомерно приравнять к египетским пирамидам. Земледельческие общины могли строить и поддерживать в рабочем состоянии оросительные системы лишь усилиями всех входящих в общины семей»1.

Такія асаблівасці земляробства не маглі не прывесці да ўзнікнення агульнай для адасобленых абшчын кіруючай сілы, улады, якая б была строга цэнтралізаванай і выконвала інтэгратыўную ролю ў адносінах да сукупнасці адасобленых абшчын. Мы пакуль і зараз не ў стане падрабязна апісаць працэс узнікнення такой знешняй, над усімі абшчынамі стаўшай, улады. Але тое, што яна павінна была з’явіцца менавіта за межамі адасобленых абшчын, не можа выклікаць сумнення, бо іншага шляху для аб’яднання супольнасцяў, паміж якімі не было ніякіх эканамічных сувязяў, не было.

Аднойчы ўзнікшы і паступова, крок за крокам, узмацняючыся, дадзеная ўлада адасобілася і пераўтварылася ў самастойную функцыю супольнага існавання і функцыянавання калектываў абшчын. Гэтая дзейнасць па кіраванню з цягам часу непазбежна станавілася прарэгатывай толькі пэўных асоб, якія кансалідаваліся ва ўстойлівую і замкнутую групу. Устойлівыя групы кіраўнікоў фармаваліся галоўным чынам не ўнутры абшчын, не ва ўмовах іх распаду, а па-за межамі абшчын, пры іх захаванні. Маёмасная няроўнасць як вынік пераразмеркавання лішкавага прадукту фармуецца спачатку паміж кіраўнікамі і абшчыннікамі, а пазней пранікае ў абшчыну.

Такім чынам, дзяржава ўзнікае на Усходзе ў якасці арганізатара грамадскай працы, у якасці надбудовы над адасобленымі абшчынамі, у якасці фактару, які звязваў гэтыя самастойныя і эканамічна адасобленыя адна ад другой абшчыны ў адзінае цэлае. Дзяржава на Усходзе ўзнікае як сіла, што стаіць над грамадствам. Разам з тым, гэта сіла «матэрыялізуецца» і ўвасабляецца асобнай групай людзей на



чале з кіраўніком (дэспатам, імператарам, фараонам і г.д.) і арганізуецца як асобны, прафесійны апарат па кіраванню супольнай працай абшчын, апарат, які займаецца тым і толькі тым, што стала ажыццяўляе ўладу, а гэтая ўлада ёсць разнавіднасць грамадска-карыснай працы. Кітайскі філосаф Мэн-цзы пісаў: «Разве можно управлять Поднебесной, занимаясь одновременно с этим земледелием? Есть занятия больших людей и есть занятия маленьких людей. Поэтому-то и говорят: «Одни напрягают свой ум, другие напрягают свою силу». Тот, кто напрягает свой ум, управляет людьми. Тот, кто напрягает свою силу, управляется людьми. Тот, кто управляет людьми, кормится за счет людей, а управляемый людьми кормит людей. Таков всеобщий закон Поднебесной»1.

Характарызуючы працэсы фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства ў Індыі і Кітаі, асаблівасці паходжання дзяржавы на Усходзе, прафесар Н.А. Крашаніннікава адзначае: «Большинство востоковедов в настоящее время признало, что в средневековых обществах Востока… право частной собственности на землю не сложилось окончательно, что обеспечивало прочность общинных, кастовых, большесемейных связей, противостоящих окончательному формированию классово-сословной структуры. Здесь, как в рамках самого производящего хозяйства – общин, кланов, больших семей, так и в общегосударственном масштабе, огромное значение имели не частнособственнические, а межличностные отношения, формы распределения, обмена, регулируемые жесткими нормативами, установками, ограничениями (обычаем или законом)»2.

Асноўны момант пры разглядзе працэсаў фармавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства на Усходзе зводзіцца да наступнага. Тое, што асаблівыя прыродныя (кліматычныя і геаграфічныя) умовы прадвызначылі неабходнасць з’яўлення па-за межамі абшчын і як бы знешняй у адносінах да абшчын улады і сістэмы кіравання, далёка не азначае, што дзяржава там узнікае пад уздзеяннем выключна (ці, нават, пераважна) прыродна-кліматычных фактараў. Гэтыя фактары, гэтыя ўмовы толькі падштурхнулі да стварэння асобнай, над абшчынамі стаячай сілы ў форме пэўнага кіруючага апарату. Але ці быў гэты апарат, гэтая ўлада дзяржавай у класічным сэнсе слова, па меншай меры, на самых ранніх этапах свайго фармавання і функцыянавання? На наш погляд, не. Можна лічыць, што сам па сабе гэты апарат улады і кіравання пераўтвараецца ў дзяржаву толькі пасля таго, як грамадства пачынае ствараць (не без удзелу, безумоўна, і апарату кіравання) лішкавы прадукт, які размяркоўваецца і пераразмяркоўваецца гэтым асобным апаратам кіравання, на сваю, у першую чаргу, карысць. А гэта надалей прыводзіць да маёмаснай няроўнасці ў грамадстве, сацыяльных супярэчнасцяў на гэтай падставе

і сацыяльнай напружанасці, у тым ліку і барацьбы паміж рознымі сацыяльнымі групамі насельніцтва. Прычым гэтая барацьба можа набываць самыя экзатычныя формы, як, напрыклад, «вайна павязак» у старажытным Кітаі.

Такім чынам, і на Усходзе дзяржава ўзнікае пад рашаючым, можна сказаць, пад вызначальным уздзеяннем сацыяльна-эканамічных прычын, а менавіта пад уздзеяннем размеркавання і пераразмеркавання ствараемага грамадствам лішкавага прадукту.

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка