Лекцыя Фарміраванне і ўмацаванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў Беларусі




Дата канвертавання24.03.2016
Памер121.07 Kb.
Лекцыя 6. Фарміраванне і ўмацаванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў Беларусі (кастрычнік 1917-чэрвень 1941 гг.).

План лекцыі:

1. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. Усталяванне Савецкай ўлады ў Беларусі.

2. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці. БНР. ССРБ. ЛітБел.

3. Беларуская дзяржаўнасць ва ўмовах польска-савецкай вайны 1919–1920 гг. Рыжскі мірны дагавор 1921 г.




  1. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. Усталяванне Савецкай ўлады ў Беларусі.


Лютаўская рэвалюцыя.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. скінула з трона апошняга расійскага самадзержца Мікалая II.

Важнейшым фактарам Лютаўскай рэвалюцыі стала Першая сусветная вайна. Незадаволенасць рабочых, сялян, салдат, даведзеных да крайняй галечы вайной, гаспадарчай разрухай, голадам, – усё гэта вылілася ў масавыя выступленні супраць царызму.

23 лютага 1917 г. на вуліцы Петраграда выйшлі рабочыя (у асноўным жанчыны). Хутка да іх далучыўся ўвесь працоўны люд сталіцы. Ні адно буйное вайсковае злучэнне, ні адна палітычная партыя не стала на абарону Мікалая II. 27 лютага ў развіцці падзей наступіў рашаючы пералом. Салдаты раскватараваных у Петраградзе запасных батальёнаў гвардзейскіх палкоў сталі пераходзіць на бок мітынгаваўшых рабочых. Баявыя дружыны з рабочых і салдат захапілі Галоўны арсенал, тэлеграф, вакзалы, вызвалілі з турмаў палітычных зняволеных. Рэвалюцыя ў Петраградзе перамагла. 2 сакавіка імператар Мікалай II падпісаў адрачэнне ад прастола. Улада перайшла да Часовага ўрада. Далейшы лёс краіны павінен быў вырашыць Устаноўчы сход.

У лічаныя дні царская адміністрацыя была знішчаная па ўсёй краіне. Рэвалюцыя ў Беларусі разгортвалася па агульнарасійскім сцэнары. Тэлеграфныя весткі пра падзеі ў Петраградзе выклікалі ўсеагульную радасць. Ва ўсіх буйных гарадах прайшлі мітынгі і дэманстрацыі ў падтрымку Часовага ўрада.

Функцыю разбурэння і вынішчэння старых парадкаў узялі на сябе саветы салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якія ствараліся ў Беларусі пераважна па ініцыятыве вайскоўцаў. Раззбройвалася паліцыя і жандары, вызваляліся палітычныя вязні, стваралася народная міліцыя з добраахвотнікаў.

Рэвалюцыйныя перамены дасягнулі і вёскі. Сяляне праганялі прадстаўнікоў царскай адміністрацыі (ураднікаў, земскіх начальнікаў), перавыбіралі валасных старшыняў. У асобных месцах губерні рабаваліся панскія маёнткі. Узнікалі саветы сялянскіх дэпутатаў.

Такім чынам ўзнікла сітуацыя двоеўладдзя, калі паралельна дзейнічалі органы ўлады Часовага ўрада і саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.

Пасля рэвалюцыі пачалі аднаўляцца і пашыраць сваю дзейнасць палітычныя партыі. Аднавіла сваю дзейнасць і Беларуская сацыялістычная грамада, якая летам 1917 г. ужо налічвала 5 тысяч членаў. Акрамя яе, узніклі яшчэ 23 нацыянальныя арганізацыі: Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС), Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), Беларускі саюз зямельных ўласнікаў і іншыя. 25 сакавіка яны правялі ў Мінску свой з’езд і выбралі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) на чале з буйным памешчыкам Раманам Скірмунтам. 10 ліпеня ў Мінску адбыўся другі з’езд беларусскіх арганізацый, на якім замест БНК была створана Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый (ЦБР). Пазней, у кастрычніку 1917 г. ЦБР была пераўтворана ў Вялікую беларускую раду.

Тым часам галоўныя праблемы, якія прывялі да рэвалюцыі і звяржэння самадзяржаўя заставаліся нявырашанымі, перш за ўсё пытанні аб зямлі і праве народаў на самавызначэнне. Сітуацыя ўскладнялася пагаршэннем эканамічнага становішча мас і няўдачамі на фронце. Гаспадарчы хаос, масы дэмаралізаваных салдат, над якімі страцілі кантроль генералы і Часовы ўрад у спалучэнні з бальшавіцкімі лозунгамі аб патрэбе пралетарыяту сілай узяць уладу сталі прычынай далейшай радыкалізацыі грамадскіх настрояў.

Ва ўмовах паглыбляўшагася палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага крызісу галоўнакамандуючы войскам генерал Карнілаў вырашыў устанавіць ваенную дыктатуру. Для гэтага ён рушыў з фронта частку войскаў на Петраград. Але мяцеж быў падаўлены. Прычым значную ролю ў гэтым адыгралі бальшавікі. Пад іх кіраўніцтвам пры саветах пачалі стварацца ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, чырвонагвардзейскія атрады, якія блакіравалі ў Беларусі рух карнілаўскіх частак. Пасля падаўлення карнілаўскага выступлення ўплыў бальшавікоў значна ўзмацніўся, асабліва папулярнымі яны былі ў салдацкім асяродку.

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.

У гэтых умовах бальшавікі ўзялі курс на ўзброенае паўстанне, якое адбылося 25 кастрычніка 1917 г. ў Петраградзе. У гэты ж дзень ІІ з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў сфарміраваў урад на чале з Уладзімірам Леніным, абраў Цэнтральны Выканаўчы камітэт, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі.

Бальшавікі сталі хутка прыбіраць к рукам ўладу і на тэрыторыі Беларусі. Ужо 26 кастрычніка Мінскі гарадскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім дамінавалі бальшавікі, абвясціў аб спыненні паўнамоцтваў дэмакратычна абранай у жніўні гарадской думы і паставіў сябе на яе месца. Важнейшым фактарам захопу ўлады бальшавікамі стаў іх уплыў у войску. У лістападзе амаль усе вайсковыя фарміраванні ў Беларусі апынуліся пад кантролем бальшавіцкага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту.

У лістападзе 1917 г. бальшавікі заснавалі ў якасці вышэйшага органа сваёй улады ў Беларусі Выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах). Ніводнага прадстаўніка беларускага руху ў Аблвыкамзаху не было. Яго кіраўнікі (Аляксандр Мяснікоў, Вільгельм Кнорын, Карл Ландар) не былі выхадцамі з Беларусі, да ідэі самавызначэння беларусаў ставіліся крайне адмоўна, і ўвогуле не лічылі беларусаў самастойным асобным этнасам.



Палітыка ваеннага камунізму ў Беларусі.

Ваенны камунізм – эканамічнай палітыка ў 1918–1920 гг. на тэрыторыі кантраляванай бальшавікамі. Складаўся з шэрагу надзвычайных мер:



  • нацыяналізацыі прамысловай вытворчасці,

  • жорсткай цэнтралізацыі кіравання эканомікай,

  • забароны прыватнага гандлю харчовымі і найбольш дыфіцытнымі таварамі (асабліва хлебам),

  • карткавай сістэмы размеркавання тавараў,

  • частковай адмены грошаў,

  • харчразверсткі і г.д.

Харчовая развёрстка – заключалася ў фактычнай канфіскацыі лішкаў хлеба для пакрыцця выдаткаў на армію і ўтрыманне рабочых. Хлеб браўся за папяровыя грошы ці даўгавыя распіскі. Праводзілася яна сіламі рабочых атрадаў і камітэтаў беднаты, што мелі неабмежаваныя паўнамоцтвы. Вынік – сяляне ўтойвалі запасы, адмаўляліся засяваць больш зямлі, чым неабходна для пражытку сваёй сям’і (скарачэнне пасяўных плошчаў), месцамі было арганізавана ўзброенае супраціўленне прадатрадам.

Характэрна, што ўлады адмаўляліся размяркоўваць памешчыцкія землі паміж сялянамі, спадзеючыся, што створаныя на іх камуны і арцелі паступова выціскнуць прыватную сялянскую гаспадарку.

Усё гэта выклікала масавую незадаволенасць сярод сялян і часткі гарадскога насельніцтва.[
2. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці. БНР. ССРБ. ЛітБел.
Усебеларускi з’езд 15-17 (28-30) снежня 1917 г. i яго вынiкi. З мэтай стварэння прызнанай дэмакратычнай улады беларускія нацыянальныя арганізацыі склікалі Усебеларускі з'езд (кангрэс), які адкрыўся 14 снежня 1917 г. у Мінску. На з'езд палітычнымі партыямі, гарадскімі думамі, земствамі, зямельнымі камітэтамі і іншымі арганізацыямі і ўстановамі была дэлегавана 1872 прадстаўнікоў, з іх 1167 дэлегатаў мелі права рашаючага голасу. Каля 800 дэлегатаў з'езда з'яўляліся прадстаўнікамі рабочых, сялян, салдат.

На Усебеларускім з'ездзе асноўная барацьба разгарнулася вакол пытання аб формах самавызначэння Беларусі. Частка дэпутатаў выступала за аб'яўленне незалежнасці Беларусі і адзяленне яе ад савецкай Расіі. Частка – за абласную аўтаномію Беларусі ў складзе савецкай Расіі.

У выніку было прынята кампраміснае рашэнне аб стварэнні часовага органа краёвай улады — Усебаларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Ён быў павінен замяніць арганізаваныя бальшавікамі органы савецкай улады на Заходнім фронце і Беларусі.

Аднак бальшавікі ў ноч з 17 на 18 снежня разагналі з’езд, былі праведзены арышты некаторых членаў прэзідыума і шэрагу дэлегатаў.

Абвяшчэнне БНР.

Тым часам са снежня 1917 г. у Брэст-Літоўску праходзілі мірныя перамовы паміж Савецкай Расіяй і Германіяй. У лютым яны зайшлі ў тупік. Савецкая дэлегацыя на чале з Л. Троцкім адмовілася прымаць прапанаваныя немцамі ўмовы міру і пакінула Брэст-Літоўск.



18 лютага 1918 г. германскае камандаванне аддало загад сваім войскам пачаць наступленне, што рэзка абвастрыла сітуацыю на Заходнім фронце. Пад пагрозай захопа Мінска нямецкімі войскамі кіраўніцтва Аблвыкамзаха і СНК Заходняй вобласці, штаб Заходняга фронту ў ноч на 19 лютага вымушаны былі спешна эвакуіравацца ў Смаленск.

У гэтых умовах выканкам Усебеларускага з'езда зрабіў спробу ўзяць уладу ў свае рукі.

21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да беларускага народа з 1-й Устаўной граматай, у якой заявіў аб яго неад'емным праве на поўнае самавызначэнне, а сябе абвясціў часовай уладай. У якасці часовага выканаўча-распараджальнага органа з прадстаўнікоў сацыялістычных партый быў сфарміраваны Народны сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам. Аднак ва ўмовах нямецкай акупацыі рэальнай улады Народны Сакратарыят не атрымаў і працягваў сваё існаванне толькі фармальна.

3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй, з аднаго боку, і Германіяй і яе саюзнікамі, з другога, быў падпісаны Брэсцкі мірны дагавор. Паводле дагавора землі, якія знаходзіліся на захад ад лініі Рыга —Дзвінск ― Свянцяны ― Ліда ― Пружаны і належалі раней Расійскай імперыі, былі пераданы Германіі і Аўстра-Венгрыі (звыш 150 000 км²). Будучы іх лёс павінен быў вырашацца ў адпаведнасці з пажаданнямі насельніцтва.

9 сакавіка 1918 г. на пашыраным пасяджэнні выканкама Усебеларускага з'езда была прынята 2-я Устаўная грамата, ў якой Беларусь была абвешчана Народнай Рэспублікай — БНР. Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначаліў прадстаўнік БСГ Іван Серада. На тэрыторыі рэспублікі Устаўной граматай дэклараваліся дэмакратычныя правы і свабоды, пацвярджалася права прыватнай уласнасці на зямлю, якая бясплатна перадавалася тым, хто яе апрацоўваў, устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень.

25 сакавіка 1918 г. была прынята 3-я Устаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і вызначалася тэрыторыя рэспублікі. У склад БНР былі ўключаны Магілёўская, Мінская, Віцебская губерні, а таксама беларускія часткі Віленскай, Гродзенскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і іншых губерняў.

Але ў прамым сэнсе дзяржавай БНР не стала. Не было сапраўднай сістэмы органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, сістэмы распрацоўкі і прыняцця законаў, забеспячэння іх выканання, аховы правоў і свабод грамадзян. Функцыі ўрада БНР абмяжоўваліся паўнамоцтвамі нацыянальнага прадстаўніцтва пры германскай акупацыйнай адміністрацыі і рашэннем задач у культурна-асветнай галіне.



Тым не менш, абвяшчэнне БНР і дзейнасць яе структур з'явіліся важным крокам на шляху да беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Пытанне аб праве беларускай нацыі на самавызначэнне было пастаўлена ў плоскасць яе практычнай рэалізацыі. Беларуская Народная Рэспубліка, хаця і існавала ў большай ступені як ідэя, чым рэальна існуючае дзяржаўнае ўтварэнне, стала каталізатарам стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Паражэнне аўстра-германскага блока ў I Сусветнай вайне і Лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі 1918 г. кардынальна змянілі палажэнне на фронце. 13 лістапада 1918 г. Савецкі ўрад дэнансаваў Брэсцкі дагавор, а Чырвоная Армія перайшла ў наступленне супраць германскіх войск па ўсім фронце. 10 снежня 1918 г. яе часткі занялі Мінск. Бальшавікі не прызналі БНР. Да канца лютага 1919 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі была адноўлена савецкая ўлада.

Стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Адразу пасля роспуску Усебеларускага з'езда пачалася падрыхтоўчая работа па стварэнню Беларускай савецкай рэспублікі. 31 студзеня 1918 г. пры Народным камісарыяце нацыянальнасцей РСФСР быў арганізаваны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам), які ўзначаліў Аляксандр Чарвякоў. Кіраўнікі і супрацоўнікі Белнацкама (Аляксандр Чарвякоў, Зміцер Жылуновіч, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя) выступалі за стварэнне нацыянальнай дзяржаўнасці ў яе савецкім варыянце.

У гэтым Белнацкам падтрымлівалі члены беларускіх секцый Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў (РКП(б)), якія існавалі ў 1918 г. ў розных гарадах Расіі (Петраград, Масква, Саратаў, Тамбоў, Казань і інш.) і ў Беларусі. 21-23 снежня 1918 г. у Маскве адбылася канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б), на якой было прынята рашэнне аб неабходнасці стварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

30-31 снежня 1918 г. у Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), якая аб'явіла сябе Першым з'ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі. Таксама на з'ездзе было прынята рашэнне аб тым, каб абвясціць Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, вызначыўшы яе граніцы ў складзе Мінскай, Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, а таксама асобных раёнаў Віленскай, Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў. У ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. Часовы рабоча-сялянскі ўрад па радыё абнародаваў Маніфест, які абвясціў аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (ССРБ) (потым назва была ператворана ў БССР). 8 студзеня 1919 г. урад Савецкай Беларусі пераехаў са Смаленска ў Мінск.

16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) па ініцыятыве У.І. Леніна прыняў рашэнне аб выдзяленні з БССР Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і ўключэння іх у склад РСФСР. Мінскай і Гродзенскай губерням было прапанавана аб'яднацца з Літоўскай Савецкай Рэспублікай. Гэта рашэнне было выклікана неабходнасцю ўтварэння буфернай дзяржавы паміж РСФСР і Польшчай, кіраўнікі якой пачалі ўзмоцненую падрыхтоўку да вайны з Савецкай Расіяй з мэтай аднаўлення Польшчы ў межах 1772 года.

Канстытуцыя ССРБ 1919 г. і ўтварэнне Літ-Бел.

2-3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся I Усебеларускі з'езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Каб выключыць любыя нечаканасці, дэлегаты не выбіраліся насельніцтвам, а прызначаліся адпаведнымі інстанцыямі. З’езд выбраў Цэнтральны выканаўчы камітэт Беларусі з 50 чалавек і яго Прэзідыум, якому надавалася функцыя ўрада. Але ні адзін савецкі беларускі дзеяч туды выбраны не быў. Новым бальшавіцкім прэм’ерам Беларусі замест 3. Жылуновіча стаў А. Мяснікоў. Сам жа Зміцер разам з іншымі беларускімі камуністамі, якія пратэставалі супраць новых падзелаў краіны, быў арыштаваны.

З’езд ухваліў утварэнне БССР, зацвердзіў першую Канстытуцыю Савецкай Беларусі, герб і сцяг рэспублікі, прыняў рашэнне аб устанаўленні федэратыўных сувязей з РСФСР, а таксама пастанову аб аб'яднанні савецкіх сацыялістычных рэспублік Беларусі і Літвы ў адзіную дзяржаву са сталіцай ў Вільні. Такім чынам, адной пастановай ён юрыдычна аформіў БССР, а другой фактычна ліквідаваў яе.

У складзе ўрада ЛітБел ССР на чале з Вінцасам Міцкявічусам-Капсукасам не было ніводнага беларуса.
3. Беларуская дзяржаўнасць ва ўмовах польска-савецкай вайны 1919–1920 гг. Рыжскі мірны дагавор 1921 г.

У лістападзе 1918 г. адрадзілася Польская дзяржава, палітычнае і ваеннае кіраўніцтва якой на чале з Юзэфам Пілсудскім разглядала Беларусь ў якасці яе неад'емнай часткі. У Беларусь польская інтэрвенцыя пачалася ў канцы лютага 1919 года.

У першай палове сакавіка 1919 г. польскімі войскамі былі захоплены гарады Брэст, Слонім, Ваўкавыск, Скідзель, Шчучын, Пінск. Праз месяц польскія войскі ўзнавілі наступленне. У ноч на 17 красавіка яны прарвалі Заходні фронт і захапілі Ліду і Баранавчы, а 21 красавіка ― Вільню.

23 красавіка 1919 г. кіраўнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі звярнуўся з адозвай да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага з прапановаю вырашаць самім унутраныя, рэлігійныя і нацыянальныя справы. Ю. Пілсудскі прапанаваў утварыць федэратыўную дзяржаву польскага, украінскага, беларускага і літоўскага народаў у межах Рэччы Паспалітай 1772 года на аснове прынцыпа «роўныя з роўнымі». Але гэта абяцанне аказалася звычайнай дэмагогіяй.

Вясной–летам 1919 г. польскія войскі працягвалі наступаць і пад націскам пераважаючых сіл праціўніка часці Чырвонай Арміі былі вымушаны адступаць на ўсход.

8 жніўня польскія войскі занялі Мінск. Рухаючыся далей на ўсход, да канца жніўня 1919 г. яны выйшлі на лінію Дзвінск ― Полацк ― Бабруйск ― р. Пціч ― Камянец-Падольскі. Толькі ў кастрычніку 1919 г. наступленне польскіх войскаў было спынена на рубяжы Дзісна ― Лепель ― Барысаў ― Бабруйск ― Рэчыца. Практычна ўся тэрыторыя ЛітБел ССР была акупавана палякамі. Фактычна рэспубліка перастала існаваць.

Другое абвяшчэнне БССР. Летам 1920 г. Чырвоная Армія пачала наступленне, у выніку якога яе часткі занялі Мінск. 31 ліпеня 1920 г. ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, ЦК Беларускай камуністычнай арганізацыі, Цэнтральнае бюро прафсаюзаў горада Мінска і Мінскай губерні, ЦК Бунда на ўрачыстам пасяджэнні прынялі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі.

Адзначым, ССРБ аднаўлялася толькі ў складзе толькі дзвюх няпоўных губерняў ― Гродзенскай і Мінскай.



Рыжскi мiрны дагавор 1921 г. i яго вынiкi. 18 сакавіка дэлегацыі РСФСР і УССР падпісалі з Польшай мірны дагавор, па якому лінія граніцы паміж РСФСР і Польшчай пралягала ад Верхнядзвінска, заходней Плешчаніц, Заслаўя, Дзяржынска, Узды, Капыля, Чырвонай Слабады, Турава. Прадстаўнікі Беларусі да ўдзелу ў перамовах дапушчаны не былі. Такім чынам, да Польшчы была далучана частка этнічна беларускіх зямель (каля 40 % усёй тэрыторыі Беларусі) з 4,6 млн. чалавек (паводле даных польскага перапісу 1931 г.) насельніцтва.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка