Лекцыя 11. Беларусь у міжрэвалюцыйны перыяд. 1905 г. —люты 1917 г




старонка4/4
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.57 Mb.
1   2   3   4

Праблема палітычнага самавызначэння. Германская акупацыйная палітыка не давала падстаў для надзеі на стварэнне асобнай беларускай дзяржавы з дапамогай немцаў. Яны абмяжоўвалі беларусаў культурна-асветнымі справамі. Але ўжо ў 1915 г. у Вільні ўтварыўся агульнанацыянальны канспіратыўны орган -- Беларускі Народны Камітэт, які займаўся не толькі культурнымі, але і палітычнымі пытаннямі беларускага руху. Членамі яго былі браты Луцкевічы, браты Станкевічы, паэтэса Канстанцыя Буйло, пісьменнік Максім Гарэцкі. Усведамляючы нерэальнасць ажыццяўлення ідэі беларускай дзяржаўнасці, група сацыял-дэмакратычнай арыентацыі на чале з братамі Луцкевічамі звярнулася да ідэі ўзнаўлення Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларускія і літоўскія землі злучаліся б па прынцыпу аўтаноміі і мелі б свой сойм у Вільні. Беларуская палітычная ініцыятыва знайшла падтрымку. Для ажыццяўлення пастаўленай мэты ў снежні 1915 г. была ўтворана Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага з прадстаўнікоў адпаведных арганізацый беларусаў, літоўцаў, палякаў і яўрэяў. Тады ж Канфедэрацыя выдала на чатырох мовах Універсал, у якім заклікала розныя арганізацыі далучыцца да яе, і вылучыла прынцып поўнай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі і Літвы.

Гэты Універсал сведчыць, што погляды віленскіх беларускіх дзеячаў у параўнанні з 1905 г. істотна змяніліся. Тады сябры БСГ і не ўяўлялі сабе Беларусь па-за складам будучай дэмакратычнай федэратыўнай Расіі. А зараз, больш таго, ліберальная групоўка на чале з Вацлавам Ластоўскім, якая мела назву «Сувязь (Саюз) незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», ўвогуле адмаўлялася ад усялякіх саюзаў, у тым ліку і з літоўцамі. Яна выступала за поўную дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. З усіх суседніх народаў «Сувязь» давярала толькі ўкраінцам. Тагачасовы ліберал Вацлаў Ластоўскі быў першым сярод беларускіх палітычных лідараў, хто выказаў ідэю поўнай незалежнасці Беларусі. Але беларускія лібералы, князь Вінцэнт Святаполк-Мірскі, барон Казімір Шафнагель, ксёндз Уладзіслаў Талочка, якія падтрымлівалі праграму Вацлава Ластоўскага, не маглі паразумецца з беларускімі сацыялістамі на чале з братамі Луцкевічамі. Не заціхалі і міжнацыянальныя спрэчкі. Палякі навязвалі ідэю ўзнаўлення Рэчы Паспалітай. Літоўцы прэтэндавалі на ўласную нацыянальную дзяржаву. Канфедэрацыя не знайшла падтрымкі і ў немцаў, а таму хутка распалася. Агорнутая рамантызмам ідэя аказалася не жыццёвай.



Выхад на міжнародную арэну. У 1916 г. віленскія нацыянальныя дзеячы прадстаўлялі Беларусь (як заходнюю, так і ўсходнюю) на канферэнцыях народаў Расіі ў Стакгольме (красавік) і Лазане (чэрвень). Упершыню на міжнародным узроўні беларусы ставілі пытанне аб сваей будучай палітычнай самастойнасці і выказалі разам з іншымі народамі рашучае жаданне пазбавіцца ад прыгнёту расійскіх улад. Дэлегаты Стакгольмскай канферэнцыі ў тэлеграме да прэзідэнта ЗША Вудро Вільсана прасілі аб дапамозе. Іх імкненні аднак не ўзбудзілі зацікаўленасці ні ў Амерыцы, ні ў Еўропе.

Беларусь і Літва: пачатак палітычнай канкурэнцыі. Прыход у Беларусь акупацыйных войск Германіі (1915) прынёс новыя беды, але ў той жа час крыху аслабіў духоўны ўціск рускіх і палякаў. Беларускі і літоўскі народы рабілі важныя крокі ў сваім нацыянальным самасцвярджэнні. Прагерманская арыентацыя збліжала суседзяў. Тым больш, што гэтаму садзейнічалі немцы дзеля супрацьвагі польскаму нацыяналізму. Праўда, шлях да паразумення беларускіх палітыкаў з літоўскімі быў цяжкім і складаным. Акупанты мелі намер стварэння асобнай дзяржавы толькі для літоўцаў. А гэта паспрыяла ўзнікненню ў студзені 1917 г. Літоўскай тарыбы (савета) і прыдало смеласці літоўцам выказаць прэтэнзію на беларускія землі, што знаходзіліся ў складзе Обэр Оста. Магчымасць стварэння супольнай беларуска-літоўскай дзяржавы знікала. Беларускі клуб вынес рэзалюцыю пратэсту супраць тэрытарыяльных дамаганняў Тарыбы і патрабаваў, каб нямецкія ўлады дазволілі правядзенне ў Вільні беларускай нацыянальнай канферэнцыі для ўтварэння свайго прадстаўнічага органа па прыкладу літоўцаў, але безвынікова. Вільня рабілася своеасаблівай беларускай Меккай, дзе пад нямецкай акупацыяй нараджаліся першыя незалежніцкія ідэалы беларускага народа. Такую ж вядучую ролю займала Вільня і ў літоўскім руху. Горад станавіўся для двух народаў агульным святым месцам і побач з агульнай гістарычнай спадчынай (Вялікае Княства Літоўскае) ператвараўся ў дадатковы фактар палітычнай канкурэнцыі пры змаганні за дзяржаўнае самасцвярджэнне. Літоўцы апераджалі беларусаў. Ідэю незалежнасці яны вылучылі яшчэ ў 1896 г.

Бежанства - трагедыя народа. Адступленне рускіх войск у 1915 г. суправаджалася перамяшчэннем на ўсход соцен тысяч людзей, пераважна жанчын, дзяцей і старых. Па прыблізных падліках з тэрыторыі Беларусі выехала і выйшла ў глыб Расіі каля двух мільёнаў чалавек (пераважна праваслаўных). Людзі ратаваліся ад ваеннага тэрору ў прыфрантавой паласе. Вайскоўцы наўмысна распускалі чуткі аб здзеках немцаў над мірным праваслаўным насельніцтвам, а то і прымусова высялялі. У некаторых месцах казакі, што адступалі апошнімі, палілі вёскі і мястэчкі ды гналі беларусаў і яўрэяў на ўсход амаль што з пустымі рукамі. Для вядзення вайны расійскім ўладам патрабаваліся людзкія рэсурсы. Па трактах цягнуліся велізарныя абозы, якія часам абстрэліваліся і бамбардзіраваліся немцамі. У дарозе здараліся эпідэміі. Бежанскі шлях лёгка можна было распазнаць па тых капцах-могілках, што насыпаліся з двух бакоў дарогі.

Табары бежанцаў асядалі вакол маёнткаў, чыгуначных станцый і ў гарадах прыфрантавой паласы. Царскія ўлады спрабавалі выкарыстаць танныя рабочыя рукі бежанцаў на пабудове ваенных аб’ектаў, на ваенных прадпрыемствах і ў памешчыцкіх маёнтках. Працаздольныя яшчэ маглі зарабіць нейкую капейку. А слабыя і хворыя галадалі, паміралі. Становішча бежанцаў у прыфрантавой паласе мала чым адрознівалася ад ваеннапалонных. Гэтая галодная і абяздоленая маса была пагрозлівай для мясцовых улад, і яны стараліся размеркаваць заходніх беларусаў па ўсёй імперыі. У розных гарадах Расіі закладваліся бежанскія камітэты дапамогі ахвярам вайны. Будаваліся баракі, харчавальныя пункты, раздаваліся пайкі і грашовая дапамога.



Ваенная мабілізацыі. Дэмаграфічная сітуцыя ў Беларусі дэфарміравалася не толькі бежанствам, але і татальнымі мабілізацыямі ў расійскае войска. З падуладных цару тэрыторый (Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні) у армію было забрана 633,6 тыс. чалавек -- больш паловы працаздольных мужчын. Сялянскія сем’і заставаліся без кармільцаў. Некаму было засеяць поле. Асобныя надзелы пуставалі, што даўно ўжо не здаралася на беларускай зямлі.

Вынікі дэмаграфічных зрухаў. Сярод вайскоўцаў і бежанцаў апынуліся найбольш актыўныя, адукаваныя і нацыянальна свядомыя людзі. Вайна выштурхоўвала іх з самага сэрца Беларусі -- цэнтра кансалідацыі беларускай нацыі -- і раскідвала па ўсяму свету. Затое месца беларусаў займалі расійцы. Яны зганяліся ў беларускую прыфрантавую паласу ў якасці вайскоўцаў, рабочых ваенных прадпрыемстваў, усемагчымых ураднікаў. Гэтыя дэмаграфічныя змены вызначылі потым у значнай ступені далейшы лёс беларускага народа, бо аслабілі яго нацыянальна-вызваленчы рух і ўзмацнілі тут прарускія настроі.

Жыццё прыфрантавой вёскі. 1915 год паклаў пачатак татальнаму руйнаванню гаспадарчага жыцця ў Беларусі, невыносным пакутам яе жыхароў. Восенню на працы па капанню акопаў, рамонту дарог і мастоў было прыцягнута практычна ўсё працаздольнае насельніцтва прыфрантавых Мінскай і Віцебскай губерняў. Людзей бралі, не зважаючы на пільныя сельскагаспадарчыя работы. З пачаткам дажджоў і халадоў мабілізаваным рабочым недзе было прытуліцца, абагрэцца. Дрэннае харчаванне і невыносныя ўмовы працы прыводзілі да эпідэмічных захворванняў. Летам 1916 г. працоўная мабілізацыя паўтарылася. Магілёўшчына, дзе месцілася Стаўка Вярхўнага галоўнакамандуючага, поўнілася вайсковымі рэзервамі, інтэнданцкімі службамі, рознымі спекулянтамі. Як і нямецкія, расійскія вайсковыя ўлады бязлітасна аббіралі беларускіх сялян. У выніку бясконцых рэквізіцый вяскоўцы пазбаўляліся коней, кароў, збожжа, фуражу, а самі галадалі.

Абвастрэнне аграрных адносін. У буйных землеўладаннях не хапала рабочых рук. Вайсковая адміністрацыя зганяла сялян на памешчыцкія палі як на вайсковую павіннасць. Землеўласнікі нажываліся на ваенных пастаўках і на спекуляцыі прадуктамі харчавання. Гэта абвастрала сацыяльную напружанасць у вёсцы. На правах асноўных абаронцаў цара і Расіі сяляне адкрыта рабавалі панскае дабро -- рабілі парубкі і патравы, а часам і прамыя захопы ды грабяжы. Вайна не давала мажлівасці зарабіць ды пракарміць сябе.

Прыфрантавы горад. У гарадскіх цэнтрах ваеннай Беларусі пачалося няведамае раней жыццё. За кошт вайскоўцаў і бежанцаў колькасць гарадскога насельніцтва павялічвалася ўдвая, а то і болей. Калі ў 1914 г. у Мінску жыло 100 тыс., то ў 1915 г. ужо 250 тыс.чалавек. Адпаведна гэтаму амаль удвая ўзрастала і квартплата. Чыгунка ледзь спраўлялася з ваеннымі перавозкамі. Забяспячэнне таварамі цывільнага насельніцтва рэгулярна зрывалася. Гараджане першымі зведалі, што такое голад, спекулятыўныя цэны, бясконцыя чэргі. Сярэдняя намінальная зарплата тут была ў 1915 г. ніжэй агульнарасійскага ўзроўню амаль напалову. Ваеннае становішча спрыяла панаванню органаў палітычнай бяспекі і мілітарнай контрразведкі. Штодённа праходзілі пахаванні.

Другі цэнтр нацыянальнага руху. У гады першай сусветнай вайны ў Мінску пачаў фарміравацца другі пасля Вільні цэнтр беларускай нацыянальнай дзейнасці. Бежанцы адразу ж павялічылі ўдзельную вагу беларусаў сярод мінчан ды і жыхароў іншых гарадоў Беларусі. Яшчэ летам 1915 г. у Мінску адчынілася Беларускае таварыства па аказанню дапамогі пацярпелым ад вайны, якое аб’ядноўвала 50 чалавек. Яно арганізоўвала для бежанцаў начлежныя прытулкі, платныя і бясплатныя сталоўкі, дапамагала ў працаўладкаванні. Усе супрацоўнікі таварыства на чале з адвакатам В.Чаусавым харчаваліся ў платнай сталоўцы, што месцілася каля Чырвонага касцёла і атрымала назву «Беларуская хатка». Сюды часта прыходзілі беларускія пісьменнікі Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч, Язэп Фарботка, Фабіян Шантыр, Зоська Верас (Людзвіка Сівіцкая), тэатральныя дзеячы Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, архітэктар Лявон Дубяйкаўскі. Фактычна гэта быў мінскі клуб творчай беларускай інтэлігенцыі, якая нелегальна ладзіла для бежанцаў вечарыны. Збіраліся маладыя хлопцы, дзяўчаты, перад якімі з лекцыямі і сваімі вершамі выступаў Максім Багдановіч, які прыехаў у Мінск восенню 1916 г. Менавіта тут, у «Хатцы», упершыню прагучаў і яго знакаміты верш «Пагоня».

Беларуская справа. Умовы для беларускага руху пад царскім ярмом былі непараўнальна горшымі, чым пад нямецкай акупацыяй. Царскі ўрад дазваляў толькі беларускія камітэты дапамогі бежанцам ды і то з вялікай неахвотай. Лічылася, што беларусы нічым не адрозніваліся ад жыхароў Тульскай ці Пензенскай губерні, і таму ніякіх сваіх нацыянальных арганізацый ім не патрэбна. Аж да 1917 г. на тэрыторыі Беларусі, не занятай немцамі, не выходзіла ніводная беларуская газета. Толькі ў Петраградзе восенню 1916 г. з’явіліся невялічкія штотыднёвікі «Дзяньніца» (рэдактары Зміцер Жылуновіч, Эдзюк Будзька) і «Swietаc» («Светач»), ды і тыя выходзілі толькі да пачатку 1917 г.

Рэвалюцыйныя падзеі ў Петраградзе. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. скінула з трона апошняга расійскага самадзержца Мікалая ІІ. Царская хэўра настолькі самаізалявала сябе, што дастаткова было 23 лютага выйсці на вуліцы Петраграда галодным жанчынам-работніцам, каб потым да іх далучыўся ўвесь працоўны люд сталіцы і вайскоўцы петраградскага гарнізона. Ні адно буйнае вайсковае злучэнне, ні адна палітычная партыя не ўстала на абарону Мікалая ІІ. 27 лютага Петраград ужо быў у руках паўстанцаў. Неўзабаве Мікалай ІІ (1894-1917) адрокся ад трону.

Звяржэнне царызму ў Беларусі. У лічаныя дні царская адміністрацыя была знішчана па ўсёй краіне. Рэвалюцыя ў Беларусі разгортвалася па агульнарасійскаму сцэнарыю. Тэлеграфныя весткі аб падзеях у Петраградзе выклікалі ўсеагульную радасць. Ва ўсіх буйных гарадах прайшлі мітынгі і дэманстрацыі ў падтрымку Часовага ўрада. Функцыю разбурэння і вынішчэння старых парадкаў узялі на сябе саветы салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якія ствараліся ў Беларусі ўпершыню і пераважна па ініцыятыве вайскоўцаў. Яны ж выступалі і абаронцамі сацыяльных правоў. Разбройвалася паліцыя і жандары, вызваляліся палітычныя вязні, стваралася народная міліцыя з дабраахвотнікаў. Рэвалюцыйныя перамены дасягнулі і вёскі. Сяляне праганялі ўраднікаў і земскіх начальнікаў, перавыбіралі валасных старшынь. У асобных месцах Магілёўскай губерні рабаваліся панскія маёнткі. Узнікалі саветы сялянскіх дэпутатаў. Стварэннем новай адміністрацыі, падпарадкаванай Часоваму ўраду Расіі, займаліся грамадскія камітэты парадку. Яны фарміраваліся з дзеячаў былых земскіх і гарадскіх упраў, а таксама прадстаўнікоў ад саветаў. Кіраўніцтва камітэтамі парадку паступова перайшло да губернскіх і павятовых камісараў, якія назначаліся з ліку мясцовых ураднікаў ад імя Часовага ўрада. Мясцовыя саветы звычайна падпарадкоўваліся новаму кіраўніцтву і новаму ўраду ў Петраградзе.

Некаторыя вынікі царскага панавання. 300-гадовае самаўладдзе Раманавых, якое амаль паўтара стагоддзя трымала ў падпарадкаванні і беларускі народ, -- рухнула. Расійскі царызм пакінуў пасля сябе цяжкую спадчыну. Край раздзіраўся непрымірымай варожасцю паміж беларускімі землеўладальнікамі, якіх адштурхвалі да польскасці, і беларускімі сялянамі, якіх прыцягвалі да рускасці па рэлігійнай адзнацы. Эканоміка заставалася слабаразвітай. За гады царскага панавання беларускія землі пазбавіліся навыкаў палітычнага самакіравання, нацыянальна перспектыўнага уніяцтва, пабудаванага на мясцовых традыцыях прафесійнага мастацтва, узрастаючага на шляхецка-сялянскай глебе трэццяга саслоўя. Беларускі народ служыў сцяной ва ўсіх асноўных ваенных канфліктах, у якіх удзельнічала царская Расія. Толькі ў гады Першай сусветнай вайны ён страціў 1200 тыс. чалавек. Рускае самаўладдзе метадычна вынішчала мясцовую эліту (1830, 1863, 1905 гг.). Тым не менш, беларускі рух не спыняўся. А з канца ХІХ ст. ён ужо набыў устойлівую тэндэнцыю да нарастання і актыўна ўплываў на вырашэнне лёсу пасляцарскай Расіі. Беларусаў ратавала ад дэнацыяналізацыі іх даволі высокая этнічная маса, польска-рускае супрацьстаянне, наяўнасць уласнай гісторыка-культурнай традыцыі і непрываблівасць імперскіх ідэалаў.

Літаратура

Арлоў Уладзімір, Сагановіч Генадзь. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918):

Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. Вільня, 1999.

Беларуская думка ХХ стагоддзя: філасофія, рэлігія, культура / Склад. Ю. Гарбінскі.

Варшава, 1998.

Біч Міхась. Беларускае адраджэнне ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Гістарычныя асаблівасці,

узаемаадносіны з іншымі народамі. Мінск, 1993.

Болбас М. Ф. Прамысловыя прадпрыемствы дарэвалюцыйнай Беларусі. Мінск, 1988.

Бригадин П. И. Эсеры в Беларуси (конец ХІХ – февраль1917 г.). Минск, 1994.

Бунд в Беларуси, 1897—1921: Документы и материалы / Cост. Э. М. Савицкий. Минск, 1997.

Буховец О. Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Российской империи начала ХХ века: новые материалы, методы, результаты. Москва, 1996.

Весялкоўскі Ю. Беларусь у першай сусветнай вайне: Гістарычны нарыс. Беласток—

Лондан, 1996.

Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. Вільнюс, 1994.

Волобуев П. Февральская революция: её противоречия, альтернативы и историческое место // Наука и жизнь. 1992. № 10.



Гарбацкі А. А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы ХVІІ — пачатку ХХ стст. Брэст, 1999.

Гісторыя Беларусі ад старажытнасці да ХХІ стагоддзя: Кароткі нарыс. Склад. К.

Матусевіч. Мінск, 2000.

Гісторыя беларускага мастацтва. У 6 т. Т. 3. Мінск, 1989.

Гісторыя Беларускай ССР. У 5 т. Т. 2—5. Мінск, 1972—1975.

Гісторыя сялянства Беларусі. У 3 т. Т. 2. Мінск, 2002.

Грицак Ярослав. Нарис історіï Украïни: формування модерноï украінськоï націï ХІХ—

ХХ cтоліття. Киïв, 1996.

Грамадскі быт і культура гарадскога насельніцтва Беларусі. Мінск, 1990.

Гусакова В. Г. История и экономика “крестьянского вопроса”. Минск, 1998.

Дзеляноўскі М. Зямля і воля // Беларуская мінуўшчына. 1993. № 2.

Документы и материалы по истории Белоруссии. У 4 т. Т.3 (1900-1917). Минск, 1953.

Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994.

Думін С. У., Канапацкі І. Б. Беларускія татары: Мінулае і сучаснасць. Мінск, 1993.

Запруднік Янка. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск, 1996.

Ігнатоўскі Усевалад. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецця. Мінск, 1926.

(3-е выданне – 1928).

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Мінск, 1919. (5-е выданне – 1991).

Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі / Аўтар-складальнік І. П.Хоўратовіч.

Мінск, 1995.

Иоффе Э. Г. Страницы истории евреев Беларуси: Краткий научно-популярный

очерк. Минск, 1996.

История Беларуси в документах и материалах / Сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец.

Минск, 2000.

История Беларуси: Словарь-справочник / Под ред. С. Ф. Дубенецкого. Минск, 2000.

История Белоруссии. Вопросы и ответы. Минск, 1993.

Казлоў Леў, Цітоў Анатоль. Беларусь на сямі рубяжах. Мінск, 1993.

Калубовіч А. Т. Крокі гісторыі. Мінск, 1993.

Канапацкі І. Б., Смолік А. І. Гісторыя і культура беларускіх татар. Мінск, 2000.

Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ—ХХ ст.). Навук. рэд. У. І. Навіцкі. Мінск,1998.

Каппелер А. Россия – многонациональная империя: Возникновение, история,

распад / Пер. з нем. С. Червонная. Москва, 2000.

Конан У. М. Беларуская культура: гістарычны нарыс (Х ст. – 1917 г.) // Адукацыя і

выхаванне. 1994. № 10.

Короткая Т. П., Прокошина Е. С., Чудинкова А. А. Старообрядчество в Белоруссии.

Минск, 1992.

Липинский Л. П. Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии. Минск, 1978.

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928 (2-е выданне – 1992).

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996.

Мірановіч Яўген. Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.

Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сёння: Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі.

Мінск, 1993.

Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 т. Т.1-2. Мінск, 1994—1995.

Национальные окраины Российской империи: Становление и развитие системы управления. Москва, 1997.

Пайпс Ричард. Россия при старом режиме. Кембридж—Массачусетс, 1981.

Рагач П. Кароткі агляд гісторыі Беларусі. Кліўленд—Нью-Йорк—Талін, 1990.

Савицкий Э. М. Революционное движение в Белоруссии (август 1914 – февраль 1917

гг.). Минск, 1981.

Cидоревич А. Антон Луцкевич // Неман. 1990. № 7.

Скир А. Я. Еврейская духовная культура в Беларуси: Историко-литературный очерк.

Минск, 1995.

Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і

літоўскіх землях 1864—1917 г. Гродна, 2001.

Смиловицкий Леонид. Евреи Беларуси: Из нашей общей истории, 1905—1953 гг.

Минск, 1999.

Снапковский В. Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг. Минск, 1994.

100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З .Санько. Мінск,

1993 (2-е выданне – 1994).

Тугай У. В. Латышы на Беларусі. Мінск, 1999.
Цвікевіч А. "Западно-руссизм": Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў

ХІХ і пачатку ХХ в. Мінск, 1993.



Шабуня К. И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции

1905—1907 гг. Минск, 1962.

Шалькевіч В. Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. Мінск, 1999.

Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада. Мінск,

1994.

Эканамічная гісторыя Беларусі / Пад рэд. В. І .Галубовіча. Выд 3-е. Мінск, 1999.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1—6. Мінск, 1993—2001.

Юхо Я. А.Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мінск, 1992.

Ярмалковіч В. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі да 1914 года. Беласток, 1997.


Białokozowicz Bazyli. Między Wschodem a Zachodem. Z dziejów formowania się

białoruskiej świadomości narodowej. Białystok, 1998.



Darski Józef. Białoruś. Historia, współczesność, konflikty narodowe. Warszawa, 1994.

Dylągowa Hanna. Historia Polski. 1795—1990. Lublin, 2000.



Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi: 1900—1989. Warszawa, 1994.

Głogowska Helena. Bjałoruś 1914—1929. Kultura pod presją polityki. Białystok, 1996.

Grabowski T. S. Rosyjskie rządy na Białej Rusi. Piotrków, 1916.



Handbuch der Geschichte Weiβruβlands. Herausgegeben von Dietrich Beyray und Rainer

Lindner. Göttingen, 2001.

Historia Europy Środkowo-Wschodniej. t. 1—2. Redakcja: Jerzy Kłoczowski. Lublin, 2000.

Hrycak Jarosław. Historia Ukrainy. 1772—1999. Narodziny nowoczesnego narodu. Lublin,

2000.

Holtbrügge D. Weiβruβland. Dortmund, 1996.



Kosman Marceli. Historia Białorusi. Wrocław, 1979.

Kultura i polityka. Wpływ polityki rusifikacyjnej na kulturę zachodnich rubieży imperium

rosyjskiego (1772—1915). Red. D. Konstantynowa i P. Paszkiewicza. Warszawa, 1994.

Łaniec Stanisław. Białoruś w dobie kryzysu społeczno-politycznego (1900—1914). Olsztyn,

1993.

Sakalouski Uladzimir. Weiβruβland und Deutschland: Geistes- und Kulturbeziehungen

zwischen 1914 und 1941. Band 1. Köln—Weimar—Wien, 2000.

Turonek Jerzy. Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

Wandycz Piotr. Pod zaborami. Ziemie Rzeczypospolitej w latach 1795—1918. Przeł. W.Zajączkowski. Warszawa, 1994.

Wasilewski Leon. Litwa i Białoruś. Przeszlość, teraźniejszość, tendencje roswojowe. Kraków,

1912.

Wielhorski Władysław. Naród białoruski wśród swych sąciadów. London, 1949.



Wrobel Piotr. Ksztaltowanie się bialoruskiej świadomości narodowej a Polska. Warszawa,

1990.


Zienkiewicz Tadeusz. Polske życie literackie w Mińsku w XIX i na początku XX wieku

(do roku 1921). Olsztyn, 1997.


Żukowski Witold. Polacy i Białorusini. Wilno, 1907.
1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка