Лекцыя 11. Беларусь у міжрэвалюцыйны перыяд. 1905 г. —люты 1917 г




старонка3/4
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.57 Mb.
1   2   3   4

Беларуская літаратура. У мастацкай літаратуры найбольш яскрава выяўляўся нацыянальны характар беларуса. Іх традыцыйная любоў да песен паспрыяла з’яўленню цэлай плеяды таленавітых паэтаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна. Прыродны гумар народа абумоўліваў пашырэнне камедыйных твораў. Вялікай папулярнасцю карысталіся на сцэне камедыі «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Паўлінка» і «Прымакі» Янкі Купалы. Першымі яркімі публіцыстамі і літаратурнымі крытыкамі сталі Максім Багдановіч, Сяргей Палуян, Лявон Гмырак (сапр. Бабровіч Мячыслаў). Беларуская літаратура ў нашаніўскі перыяд выходзіла на ўзровень класічнай і ўключалася ў еўрапейскі культурны працэс.

Першы дапаможнік па гісторыі Беларусі. Выхад дапаможніка адбыўся ў 1910 г. у Вільні. Кніжка называлася «Кароткая гісторыя Беларусі». Яе напісаў на беларускай мове Вацлаў Ластоўскі. І гэта стала важнейшай падзеяй у летапісе беларускага нацыянальнага руху.

Навуковая дзейнасць. На старонках «Нашай нівы» распрацоўвалася тэорыя беларускай культуры, выкрываліся сумніцельныя погляды аб зліцці меншых народаў з большымі. Газета даводзіла, што асіміляцыя наносіць велізарную шкоду не толькі беларускай, але і сусветнай культуры. Рэдактары прыходзілі да вельмі важнай высновы: тварыць культурныя рэчы сусветнай вартасці можна толькі ў сваёй роднай мове. Адзін з заснавальнікаў «Нашай нівы» Іван Луцкевіч, этнограф і археолаг па прафесіі, збіраў пры рэдакцыі калекцыі для будучага беларускага нацыянальнага музея. У 1914 г. ён знайшоў у вёсцы Сорак Татар пад Вільняй кнігу Аль-Кітаб, на якой маліліся татары Вялікага Княства Літоўскага. Яна была напісана арабскімі літарамі па-беларуску.У тыя часы ў Расіі не існавала амаль ніводнага ўніверсітэцкага горада, дзе б пад уплывам «Нашай нівы» беларускія студэнцкія гурткі не пераходзілі да тэарэтычнага абгрунтавання самасцвярджэння беларускай нацыі. Вылучаўся Пецярбург. Там выходзіў літаратурна-мастацкі альманах «Маладая Беларусь» (1912-1913), які, па сутнасці, быў першым выданнем беларускай навуковай публіцыстыкі, працаваў Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў (1912-1917). Яго арганізатарам быў Браніслаў Тарашкевіч, пазнейшы аўтар першага падручніка па беларускай граматыцы. Пад кіраўніцтвам Яўхіма Карскага, Еўдакіма Раманава, Браніслава Эпімах-Шыпілы гурткоўцы распрацавалі комплексную праграму даследавання беларускай мовы, фальклору, этнаграфіі, народнага мастацтва. Тут упершыню загаварылі аб беларусазнаўстве як сістэме ведаў пра Беларусь.

Асветніцтва. «Наша ніва» змагла зацікавіць беларускую моладзь народнай культурай, літаратурнымі творамі сваіх суайчыннікаў. Па гарадах, мястэчках і вёсках ствараліся аматарскія гурткі, якія ладзілі беларускія вечарынкі з песнямі, танцамі, дэкламаваннем твораў народных пісьменнікаў, а потым і тэатральныя паказы. З 1907 г. пачалі ўзнікаць першыя прыватныя беларускія школы. Восенню таго ж года прайшоў з’езд настаўнікаў гэтых школ, на якім быў заснаваны нелегальны Беларускі настаўніцкі саюз.

Тэатральная дзейнасць. Адна са шматлікіх тэатральных труп склалася ў фальварку Палівачы Дзісненскага павета на чале з Ігнатам Буйніцкім. Былы землямер аказаўся таленавітым артыстам, пастаноўшчыкам танцаў і рэжысёрам. У 1910 г. яго трупа перарасла ў прафесійны тэатр. Ён стаў першым нацыянальным. Не маючы свайго будынку, тэатральны калектыў вандраваў па гарадах і мястэчках Беларусі. Гледачам прапаноўваліся спевы, танцавальныя праграмы і тэатральныя пастаноўкі. Зборы ад сялянскай публікі былі невялікія, і трупа трымалася ў значнай ступені на сродкі Ігната Буйніцкага пакуль ён у рэшце рэшт не абанкруціўся. У 1913 г. тэатр закрыўся. Але за час сваёй дзейнасці ён аб’ехаў амаль усю Беларусь, выступаў у Пецярбургу і Варшаве і тым самым узнімаў нацыянальны дух беларусаў. Па прыкладу Ігната Буйніцкага ў 1911 г. у Вільні адзін з пачынальнікаў БСГ Алесь Бурбіс стварыў Беларускі музычна-драматычны гурток. 27 студзеня 1912 г. калектыў упершыню паказаў «Паўлінку» Янкі Купалы. Прысутнічаў аўтар, які быў зачараваны Паўлінай Мядзёлкай, што выконвала галоўную ролю. Пры падтрымцы тэатральнага дзеяча, музыканта і этнографа Аркадзя Смоліча і Аляксандра Уласава летам 1913 г. узнік беларускі артыстычны гурток і ў Мінску. Яго кіраўнік Фларыян Ждановіч таксама рыхтаваў для паказу ў горадзе купалаўскую «Паўлінку», але ўлады не дазволілі. Прадстаўленне адбылося ў Радашковічах.

Выяўленчае і музычнае мастацтва. Сталым ілюстратарам беларускіх выданняў быў Карусь Каганец, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры новага часу, відны дзеяч БСГ. У нашаніўскі перыяд пачыналася творчае жыццё гадаванца Віленскай мастацкай школы Язэпа Драздовіча (1888-1954), таленавітага беларускага графіка, мастака і скульптара, беларускага кампазітара Людаміра Рагоўскага, які ў сваіх «Беларускай сюіце» і кантаце «А хто там ідзе?» (на верш Янкі Купалы) вельмі дакладна выявіў пачуцці і настроі беларускага народа. І ўсё ж у пачатку ХХ ст. беларускае выяўленчае і музычнае мастацтва як самастойная культурная з’ява яшчэ не сфарміраваліся.

Уклад «Нашай нівы» у нацыянальнае адраджэнне. Штотыднёвая беларуская газета мела памер у адзін друкаваны аркуш, а наклад да 4,5 тыс. асобнікаў. Колькасць – нязначная для шматмільённага беларускага насельніцтва. На большае не хапала сродкаў. Але газета перадавалася з рук у рукі. Яе чакалі ў вёсках: «хамская» мова, ды раптам стала газетнай! Толькі ў 1910 г. «Наша ніва» змясціла 666 карэспандэнцый з 320 населеных пунктаў. Газету чыталі ва ўсіх кутках імперыі, а таксама ў Празе, Парыжы, Лондане, Нью-Йорку. Пры адсутнасці сваёй дзяржаўнасці, нацыянальная культура, якую прапагандавала і падтрымлівала газета, была для беларусаў адзіным аб’яднаўчым фактарам. Выконваць такую місію было не проста. Існавала забарона выпісываць і чытаць «Нашу ніву» ўсім настаўнікам Віленскай навучальнай акругі, усім дзяржаўным ураднікам і вучням сельскагаспадарчых школ.

Абарона сацыяльнай справядлівасці і гуманізму. Беларускі рух не абмяжоўваўся пытаннямі нацыянальнага вызвалення. Пакуль існавала сялянскае беззямелле і захоўваліся памешчыцкія латыфундыі, ідэя сацыяльнай роўнасці заўсёды ішла побач з ідэямі нацыянальнай незалежнасці. БСГ, што дзейнічала ў падполлі, мела вялікі ўплыў на ідэалагічную накіраванасць «Нашай нівы». Раз-пораз на яе старонках з’яўляліся адкрытыя выказванні аб неабходнасці працоўнай салідарнасці. «Наша ніва» была сапраўды народнай газетай, адной з самых дэмакратычных у тагачаснай Расіі. Яна ніколі не дазваляла сабе зняважлівых выказванняў наконт іншых нацый. Больш таго, яна нястомна згадвала аб неабходнасці шанаваць правы кожнага народа, шырока выкарыстоўваць здабыткі рускай, польскай і ўкраінскай культур.

Клерыкальна-нацыянальная плынь. У студзені 1913 г. у Вільні пры фінансавай падтрымцы княгіні Магдалены Радзівіл пачала выходзіць на беларускай мове лацінкай каталіцкая штотыднёвая газета «Беларус». Яе рэдактары-выдаўцы Адам Бычкоўскі і Баляслаў Пачобка, сяляне па паходжанню, браліся працаваць выключна для каталіцкіх беларусаў, але пад уплывам «Нашай нівы» перайшлі да абароны агульнабеларускіх інтарэсаў. За нацыянальную справу браліся ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля). Зараджалася клерыкальна-нацыянальная плынь беларускага руху.

Міжнацыянальнае культурнае ўзаемадзеянне. Культурны працэс y шматнацыянальнай імперыі набываў спецыфічны характар. У Беларусі духоўныя каштоўнасці ствараліся мясцовымі сіламі пераважна на беларускім матэрыяле, але пад вялікім уплывам рускай, польскай, украінскай і літоўскай культур. Іх творцамі выступалі часам людзі, далёкія ад беларускага руху. І ўсё ж іх культурныя здабыткі служылі і на карысць духоўнага ўзвышэння беларусаў. У той час яны мелі сваё інтэлектуальнае нацыянальнае ядро, якое могло выкарыстаць і вытлумачыць культуру любога паходжання ў сваіх інтарэсах. А з другога боку, пад уплывам беларускага руху шматкультурная мясцовая творчая інтэлігенцыя набліжалася да культурных патрэб карэнных жыхароў краю. А таму на пачатку ХХ ст. можна гаварыць аб феномене культуры сумежжа, якая з’яўляецца такой жа неад’емнай спадчынай беларускага народа, як і культурныя здабыткі нашаніўцаў.

Навука. Вывучэннем Беларусі займаліся Віцебская вучоная архіўная камісія (1909), Смаленская вучоная архіўная камісія, Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт (1908), узноўлены ў 1910 г. у Вільні Паўночна-заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, польскае Таварыства сяброў навукі ў Вільні (1907), «Таварыства вывучэння Беларускага краю» ў Магілёве. Друкаваліся зборнікі дакументаў, навуковыя працы. Пры садзеянні названых навуковых устаноў у пачатку ХХ ст. краязнаўчыя музеі былі створаны ў Віцебску, Магілёве, Гродне, Мінску і Вільні. Працягвалася дзейнасць акадэміка Яўхіма Карскага, этнографа Еўдакіма Раманава, гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, іншых навукоўцаў. Гуманітарныя навуковыя даследаванні мінуўшчыны Беларусі спрыялі абуджэнню ў яе жыхароў патрыятычных пачуццяў і сілкавалі працэс беларускага нацыянальнага самасцвярджэння. Значнай з’явай навуковага жыцця Беларускага краю ў пачатку ХХ ст. стала дзейнасць Таварыства ўрачоў Мінска. Першымі навуковымі ўстановамі прыродазнаўчага профілю сталі доследныя станцыі -- Беняконская сельскагаспадарчая ў Віленскай губерні (1910) і Мінская балотная (1913). Пытаннямі навуковай агранаміі і ветэрынарыі займаліся асобныя памешчыкі пад апекай сельскагаспадарчых таварыстваў. У Мінску ў 1912-1916 гг. выдаваўся першы ў Расіі часопіс па культуры балот -- «Болотоведение». Усяго ж у Беларусі з 1901 да 1917 г. выходзіла каля 20 прыродазнаўчых перыядычных выданняў, у тым ліку восем сельскагаспадарчых, астатнія -- па медыцыне, балотазнаўству, лесаводству, чыгуначнаму транспарту і агульных праблемах. Іх рэдакцыі знаходзіліся ў Вільні, Мінску, Віцебску, Гродне, Магілёве, Бабруйску, Лепелі. Гэтыя выданні мелі навукова-папулярны характар і забяспечвалі інфармацыйныя патрэбы тагачасных жыхароў краю.

Тэатральнае мастацтва. На сцэнах беларускіх губернскіх гарадоў выступалі практычна ўсе лепшыя тэатральныя калектывы Расіі. Сваё майстэрства дэманстравалі рускія, украінскія, польскія, яўрэйскія трупы. Мінчане былі сведкамі творчых пошукаў рэжысёра-наватара Усевалада Мейерхольда, які ў 1908 г. паставіў у гарадскім тэатры п’есу Аляксандра Блока «Балаганчык». У Беларусь прыязджалі знакамітыя кампазітары і выканаўцы Сяргей Рахманінаў (1873-1943) і Аляксандр Скрабін . На беларускай зямлі тварыў вядомы польскі кампазітар Мячыслаў Карловіч (1876-1909). Звычайнай з’явай былі гастролі славутых замежных музыкантаў і спевакоў, такіх як сусветнавядомы «шведскі салавей» Альма Форстрэм. Мясцовыя ўлады заахвочвалі стварэнне рускіх аматарскіх труп. Яны дзейнічалі ў Мінску, Картуз-Бярозе, Магілёве. У пачатку ХХ ст. у асобных гарадах сталі ўзнікаць прыватныя музычныя вучылішчы. У Мінску арганізаваўся сімфанічны аркестр.

Выяўленчае мастацтва. У Мінску, Віцебску, Магілёве працавалі прыватныя рысавальныя школы. Самым распаўсюджаным жанрам жывапісу станавіўся партрэт і пейзаж. Вялікую вядомасць заваяваў мастак Фердынанд Рушчыц (1870-1936), які пасля заканчэння Пецярбургскай акадэміі мастацтваў працяглы час жыў на радзіме, у маёнтку Багданава Ашмянскага павета (вядомая карціна «Зямля»). Другі знакаміты мастак-пейзажыст і гадаванец Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Генрых Вейсенгоф (1859-1922) з сярэдзіны 70-х гадоў стала жыў ў маёнтку Русаковічы Ігуменскага павета (вядомая карціна «Снег»). Паступова яго маёнтак ператварыўся ў музей мастацкіх твораў, напісаных ураджэнцамі Беларусі. Найбольш яркім прадстаўніком бытавога жанру ў мясцовым жывапісе быў Юдаль Пэн (1854-1937). Пасля заканчэння Пецярбургскай акадэміі мастацтваў ён пасяліўся ў Віцебску. Карціны Юдаля Пэна -- гэта старонкі з яўрэйскага жыцця: партрэты рамеснікаў, равінаў, жабракоў. Пасля 1905 г. у творчасці мастака адчуваліся матывы авангардызму. Пэн меў славу добрага педагога. Яго вучнем быў сусветнавядомы Марк Шагал.

Зараджэнне ідэалаў незалежнасці. У пачатку ХХ ст. адны беларусы бачылі свой край рускім і праваслаўным, другія -- польскім і каталіцкім. А нашаніўцы і іх паслядоўнікі бачылі сваю Айчыну беларускай і хрысціянскай, гэта значыць вольнай і непадзельнай, ды хацелі прымірыць варожыя бакі на аснове інтарэсаў беларускай зямлі. Але ўсе без выключэння бралі за палітычны ідэал аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, праўда, на розных культурна-этнічных падмурках. І толькі асобныя інтэлектуалы пачыналі думаць аб здабыцці волі па-за межамі Расійскай імперыі. Іван Луцкевіч, які меў кантакты з украінскімі дзеячамі з Галіцыі і немцамі, прапагандаваў ідэю беларуска-украінскай федэрацыі.

На цярністым шляху адраджэння. Пасля рэвалюцыі 1905 г. паскаралася самасцвярджэнне беларускай нацыі. Аднак нацыянальнае самаўсведамленне не стала ўсеагульнай з’явай. А поспехі нашаніўцаў, у параўнанні з культурнымі дзеячамі Польшчы, Украіны, Літвы, былі даволі сціплымі. Вось некаторыя прычыны. 1. Царская шавіністычная палітыка і ідэалогія змаглі паралізаваць нацыянальную самасвядомасць большасці праваслаўных беларусаў, і яны спачатку даволі слаба прымалі ўдзел ў нацыянальным руху. 2. Беларусы-католікі (пераважна шляхецка-сялянская інтэлігенцыя) хутчэй далучаліся да беларускага руху, бо заставаліся спадкаемцамі заходнееўрапейскіх традыцый, закладзеных у былым Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле перапісу насельніцтва 1897 г., 43,3% каталіцкай шляхты Беларусі сваёй роднай мовай назвалі беларускую. Каталіцкая інтэлігенцыя тварыла ядро нацыі. Аднак нацыянальнай кансалідацыі шкодзіў бар’ер недаверу паміж праваслаўнымі масамі і каталіцкімі лідэрамі. 3. Беларускі рух не меў трывалай эканамічнай базы. Гандлёва-прамысловыя эліты былі мізэрнымі. А ў асяродку памешчыкаў каталіцкай веры існаваў пастаянны страх, што ўзмацненне беларускага руху пераважна сацыялістычнай арыентацыі можа зруйнаваць іх зямельную ўласнасць у Беларусі. 4. Беларусы не мелі абшараў адноснай вольнасці, як літоўцы ў Прусіі ці ўкраінцы ў Галіцыі, адкуль можна было б выпраменьваць нацыянальную культуру. Тым не менш, адраджэнcкі рух набіраў такую імклівасць, што захопліваў як зрусіфікаваных, так і спаланізаваных беларусаў. Для беларускага руху адкрывалася новая перспектыва.

* * *


Такім чынам, рэвалюцыя 1905-1907 гг. паскорыла мадэрнізацыю Расіі. Але гэтая мадэрнізацыя закранула пераважна эканамічную сферу і вельмі слаба – грамадскае жыццё. Па-ранейшаму стаўка рабілася на адзіную і непадзельную імперыю, якая стала, па вызначэнню Уладзіміра Леніна, “турмой народаў”. Таму набіраў моц і беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, які адбываўся ў мірных формах. Эканамічнае добраспрыянне і некаторая лібералізацыя ў галіне нацыянальнай палітыкі дазволіла беларусам сцвердзіць сябе ў духоўнай сферы. З’явілася беларуская прафесійная культура – літаратура і мастацтва. Нацыятворчыя працэсы, што ахапілі Расійскую імперыю, былі складовай часткай яе мадэрнізацыі.
3. Становішча Беларусі ў гады першай сусветнай вайны. Звяржэнне самаўладдзя.

Вайна ў планах беларускіх патрыётаў. Беларускія дзеячы адносіліся да вайны па-рознаму. Адны сталі абаронцамі, бо меркавалі, што перамога знітуе паднявольныя народы і ім будзе лягчэй потым перабудаваць імперыю на федэратыўных пачатках. Іншыя жадалі паражэння Расіі. На іх думку, гэта прывяло б да ўсенароднага паўстання супраць царызму.

1914-ты. Беларускія губерні знаходзіліся на ваенным становішчы. Усякае грамадска-палітычнае жыццё замерла. Запанаваў жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым. Дазваляліся толькі патрыятычныя маніфестацыі, малебны і сходы. Урад разгарнуў шырокую ідэалагічную кампанію пад сцягам абароны самаўладства і Расіі. Квазіпатрыятызм ахапіў тады шмат каго і ў Беларусі, не кажучы ўжо пра ўласна Расію. «Наша ніва» пазбягала гучных слоў пра вайну і, наколькі гэта было магчыма, гаварыла пра бядоты, якія яна з сабою несла. І ўсё спраўджвалася. Тэрыторыя Беларусі знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да раёна баявых дзеянняў. Тут маршыравалі расійскія войскі, а інтэнданты абіралі мясцовых гараджан і вяскоўцаў. Сялян Беласточчыны і Гродзеншчыны першых пачалі зганяць на абарончыя работы.

Наступленне немцаў. Летам 1915 г. вайна перакінулася на беларускія землі. Жнівеньскае наступленне немцаў разгортвалася ў накірунку Коўна--Вільня-- Мінск. 3-га верасня акупанты ўварваліся ў старадаўнюю сталіцу Літвы, а праз два тыдні кайзераўская кавалерыя перарэзала чыгуначную лінію Мінск--Масква ў раёне Смалявіч. І толькі цаной вялікіх намаганняў расійкай арміі ўдалося спыніць немцаў і адкінуць іх у раён азёраў Свір і Нарач. Але германскае войска працягвала ўтрымліваць заходнюю Беларусь. У жніўні сядзіба галоўнакамандуючага была перанесена з Баранавіч у Магілёў.

Разарваная Беларусь. У кастрычніку 1915 г. нямецка-расійскі фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск--Браслаў--Паставы--Смаргонь--Баранавічы--Пінск. На працягу двух гадоў і пяці месяцаў (да лютага 1918 г.) ён заставаўся нязменным і дзяліў Беларусь на дзве часткі. Тут канцэнтравалася звыш 1,5 млн. рускіх салдат і афіцэраў і каля 1,0 млн. нямецкіх. Штаб Паўночнага фронта месціўся ў Дзвінску, а штаб Заходняга – у Мінску. У ліпені 1916 г. руская армія спрабавала прарваць фронт у раёне Баранавіч, але толькі аплаціла няўдалую спробу стратай 80 тыс. салдат. Лілася людская кроў, руйнаваўся дабрабыт гарадоў і вёсак. Зямля пакрывалася акопамі, абцягвалася калючым дротам. Людзі ўпершыню зведалі жахі авіяцыйных налётаў і газавых атак.

Намеры захопнікаў. Урадавыя колы нямецкага рэйха (імперыі), як лічыць беларускі і польскі гісторык Юры Туронак, не збіраліся разбураць Расійскую імперыю. Па яе неабсяжных прасторах маглі добра разыходзіцца вырабы германскай прамысловасці. Галоўным для Вільгельма ІІ было эканамічна прывязаць Расію да Германіі. А таму тэрытарыяльныя дамаганні заваёўнікаў вызначаліся адноснай памяркоўнасцю. Яны спадзяваліся толькі адсунуць рускіх ад сваіх усходніх межаў, а для таго стварыць буферную польскую дзяржаву ды анексаваць Літву і Курляндыю. Беларусь разглядалася як гаспадарча і культурна адсталая частка Расіі са сваёй этнічнай спецыфікай.

Акупацыйная адміністрацыя. Захопленыя Германіяй беларускія землі дзяліліся паміж вайсковым адміністрацыйным абшарам Обэр Ост, які быў створаны ўвосень 1915 г., і вайскова-аперацыйнай паласой, якая прылягала да нямецка-расійскіх акопаў. Усходняя мяжа Обэр Ост праходзіла прыкладна па лініі Браслаў--Ліда--Зэльва--Брэст. Яна супадала з тэрытарыяльнымі дамаганнямі немцаў да Расіі. Землі вайскова-аперацыйнай паласы ўрадавыя колы рэйха збіраліся вярнуць рускаму цару за яго адмову ад прэтэнзій на астатнія акупіраваныя тэрыторыі. Вясной 1917 г. у склад Обэр Оста ўваходзілі Літва, Курляндыя і Беластоцка-Гродзенская акруга. На чале акупацыйнай адміністрацыі стаяў генерал Эрых Людэндорф. Ён падпарадкоўваўся камандуючаму ўсходнім фронтам фельдмаршалу Паўлю фон Гіндэнбургу.

Акупацыйная палітыка. Улады Обер Оста былі зацікаўлены ў захаванні ў прыфрантавой паласе стабільных эканамічных структур, якія працавалі б на патрэбы вайны. Таму ніякіх перашкод у гаспадарчай дзейнасці яны імкнуліся не чыніць. Больш таго, акупанты садзейнічалі забяспяпячэнню маёнткаў і прадпрыемстваў рабочай сілай. Шмат хто зведаў тады і нямецкіх цялесных пакаранняў. А мясцовыя землеўладальнікі і гандлёва-прамысловыя прадпрымальнікі адразу ж трапілі пад прэс ваенных падаткаў. Перад акупацыйнай адміністрацыяй паўстала праблема кіравання шматнацыянальным краем, дзе дамінавалі польская і нямецкая (у Курляндыі) культуры. Але для ўмацавання свайго становішча ў краі акупацыйныя ўлады прынялі правіла аднолькава адносіцца да ўсіх нацый. І толькі да палякаў Э.Людэндорф часам адносіўся прадузята. У адпаведнасці з загадам Гіндэнбурга (ліпень 1915), усялякая палітычная дзейнасць на акупіраваных тэрыторыях забаранялася. Немцы распусцілі нават Саюз беларускіх настаўнікаў. Права на функцыяніраванне атрымалі камітэты дапамогі ахвярам вайны, якія ўзніклі яшчэ да акупацыі па ўсёй прыфрантавой паласе расійскіх войск. Яны былі ўпаўнаважаныя выказваць уладам прапановы ад кожнай нацыі ў сацыяльнай, асветнай і культурнай галінах. У кастрычніку 1915 г. нямецкія ўлады прызналі таксама дзейнасць дазволенага яшчэ царскай уладай Грамадзянскага камітэту, у склад якога ўваходзілі 12 палякаў (у тым ліку Юзеф Пілсудскі), 5 літоўцаў, 2 яўрэі. Беларусаў прадстаўлялі Антон. Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі і паляк А. Заштаўт. Аднак ужо ў лістападзе дзейнасць камітэта згарнулася з-за польскіх амбіцый і свавольства акупантаў. У снежні 1915 г. Гіндэнбург выдаў дырэктывы, а ў студзені 1916 г. інструкцыі, якія тычыліся арганізацыі школьніцтва. Нямецкія ўлады забаранялі навучанне па-руску і ўводзілі ў пачатковых школах абавязковае выкладанне на роднай мове для ўсіх карэнных нацый Обэр Оста, але толькі на аснове лацінскага алфавіта. Такі ж ліберальны падыход захоўваўся і пры выкладанні рэлігійных законаў. Вывучэнне нямецкай мовы таксама было абавязковым. Але ніхто не прымушаў бацькоў пасылаць сваіх дзяцей у школы, калі яны лічылі, што мова выкладання непрымальная для іх. Усім нацыянальнасцям Обэр Оста дазвалялася культурная дзейнасць і выданне газет на роднай мове.

Беларуская справа. Такія шырокія правы беларусы атрымалі ўпершыню. Улады Расіі, як вядома, не падтрымлівалі адкрыццё беларускіх школ. Цар пачаў абяцаць увод беларускай мовы ў школьніцтве толькі ў 1915 г. А таму нямецкімі ільготамі не маглі не скарыстацца беларускія дзеячы дзеля нацыянальнага самасцвярджэння, хоць ва ўмовах вайны іх ажыццявіць было цяжка. Не хапала нацыянальнай інтэлігенцыі. Народ пакутаваў ад рэквізіцый, прымусовай працы на ваенных збудаваннях. Было не да адукацыі. Ды і акупацыйныя ўлады больш займаліся рабаваннем беларускіх земляў, чым павышэннем культуры іх жыхароў. Асабліва гэта тычылася вайскова-аперацыйнай паласы, насельніцтва якой увогуле ніякіх правоў ад немцаў не атрымала. А таму адзіным больш менш значным востравам беларускай культуры пад нямецкай акупацыяй стала Вільня. Яшчэ ў лістападзе 1915 г., тут адчынілася першая ў гісторыі беларуская публічная школа (дагэтуль навучанне на беларускай мове вялося патаемна). У той жа перыяд намаганнямі польскай інтэлігенцыі ў Вільні былі адчынены чатыры польскія гімназіі, восем прагімназій і 30 пачатковых школ. Сотні польскіх школ узнікалі ў правінцыі. Яны прызначаліся і для беларускіх дзяцей. Перавага палякаў у інтэлектуальных і матэрыяльных сілах з непазбежнасцю вяла да паланізацыі беларусаў ва ўмовах, калі рускае супрацьстаянне здымалася. Культурна-асветная беларуская праца магла паспяхова разгортвацца толькі пры падтрымцы акупацыйных улад. Шмат намаганняў паклалі нешматлікія беларускія дзеячы, каб давесці да кіраўніцтва Обэр Оста, што за плячыма беларускага народа багатая гісторыя і культура, і што ён ў роўнай меры з іншымі народамі мае права на незалежнасць. Прызнанне немцамі нацыянальнай адметнасці беларусаў у рэшце рэшт адбылося, і іх нацыянальны рух адразу ажывіўся.

Віленскі цэнтр нацыянальнай дзейнасці. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны ў старадаўняй сталіцы Літвы пачаў дзейнічаць яшчэ з сакавіка 1915 г. пад старшынствам Вацлава Іваноўскага. З прыходам жа немцаў камітэт узначальваў Антон Луцкевіч, бо Вацлаў Іваноўскі эвакуіраваўся ў глыб Расіі. Новы старшыня згуртаваў вакол сябе амаль усіх беларускіх дзеячаў, што засталіся пад нямецкай акупацыяй. Сярод іх вылучаліся Францішак Аляхновіч, Алаіза Пашкевіч-Кейрыс (Цётка), Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, немка Юліана Менке. Ужо ў снежні 1915 г. камітэт арганізаваў у Вільні настаўніцкія курсы, дзе выкладаў Іван Луцкевіч. 15 лютага 1916 г. у Вільні пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага пачала выходзіць беларуская газета «Гоман», якая праіснавала да канца 1918 г. З лета 1916 г. у Вільні працаваў Беларускі клуб, у рамках якога Францішак Аляхновіч арганізаваў аматарскі тэатр. Там жа адчыніліся беларуская бібліятэка, навуковае таварыства, кааперацыйнае аб’яднанне «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», выдаваліся падручнікі і школьная літаратура. З 1 студзеня 1919 г. пачала працаваць беларуская гімназія.

Школьніцтва. Найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, якіх мабілізавалі ці эвакуавалі ў Расію. І нямецкая адміністрацыя пайшла на адкрыццё беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы (Гродзеншчына). Доўга шукалі выкладчыкаў. У Свіслачы нават часова працаваў немец-прафесар Рудольф Абіхт з Брэслаўскага (Вроцлаўскага) універсітэта. Семінарыя адчынілася толькі 15 кастрычніка 1916 г. і працавала да 15 лістапада 1918 г. За гэты час яна падрыхтавала 144 настаўнікі беларускіх школ. У кастрычніку 1916 г. такіх школ налічвалася на тэрыторыі Обэр Оста ўсяго восем, а пад канец нямецкай акупацыі -- 89. Большасць іх знаходзілася ў Беластоцка-Гродзенскай акрузе. Намаганні нямецкіх улад пашырыць сетку беларускіх школ сустракалі супраціўленне большасці ксяндзоў, асабліва ў каталіцкіх асяродках, дзе ўсе беларусы каталіцкага веравызначэння традыцыйна лічыліся палякамі. У паводзінах кліру знаходзіла адлюстраванне імкненне большасці палітычных груповак Польшчы да федэралізацыі або анексіі беларускіх зямель. У аперацыйнай вайсковай паласе беларускі рух немцамі бадай што не падтрымліваўся, але і тут да канца 1918 г. узнікла каля 60 беларускіх школ. Значыць, усяго іх пад нямецкай акупацыяй існавала каля 150 (па іншых звестках – да 350).
1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка