Лада Алейнік майстэрства пабудовы прыгодніцкага сюжэта




старонка9/12
Дата канвертавання20.03.2016
Памер2 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

Алесь Сухадолаў




ЗНАЧЭННЕ МАСКІ ЦЫГАНА Ў АБРАДНАСЦІ БЕЛАРУСАЎ

Маска-персанаж цыгана была самай распаўсюджанай на тэрыторыі Беларусі [5, с. 29] і амаль круглы год удзельнічала ў святах аграрнага цыклу (Каляды, Масленка, Вялікдзень, Мікольшчына, Пакровы, зімовы Мікола), а таксама прысутнічала ў сямейных абрадах (хрэсьбіны і вяселле).

Паводле Т. І. Кухаронак рытуальнае пераапрананне або маскіраванне – гэта «пераўвасабленне ўдзельнікаў рытуалу пры дапамозе маскі або грыма, касцюма, бутафорыі, якое ў час выканання абрадава-магічных дзеянняў дапаўнялася жэстамі, своеасаблівай манерай паводзін, музыкай, танцамі, словамі» [5, с. 7]. Маскі ў беларусаў маглі прадстаўляць зааморфных персанажаў (каза, бусел, мядзведзь і інш.), міфічных істот (анёл, смерць, чорт і інш.) і антрапаморфных герояў (дзед, салдат, поп, яўрэй, цыган і інш.). Карнавальныя персанажы дзяліліся на чыстыя («красівыя») і нячыстыя («некрасівыя»). «Красівыя» (шчодра, афіцэр, пан і інш.) танцавалі, спявалі, ладзілі тэатралізаваныя відовішчы, а «некрасівыя» (дзед, баба, чорт, смерць і інш.) – учынялі шкодніцтвы, глупствы, смяшылі людзей [5, с. 27]. Да чыстых ці нячыстых масак адносілі цыгана – пра гэта даследчыкі змоўчваюць; паводле нашых назіранняў, у гэтым вобразе праяўляюцца рысы адной і другой груп, ён знаходзіцца на мяжы паміж імі, часам цягнецца да ўласцівасцей нячыстых персанажаў – у схільнасці да крадзежу.

Персанаж цыгана апраналі пераважна ў дзіравыя лахманы, абмазвалі твар сажай, абавязковым яго атрыбутам – этнічным – была пуга, якую ён трымаў у руцэ ці за поясам. У вандроўнікаў пуга сапраўды мела сакральнае значэнне як крыніца гаспадарчага дабрабыту.

Антрапаморфныя вобразы-маскі часцей за ўсё былі парныя [5, с. 27], таму цыгана суправаджала цыганка, якую апраналі ў балахон-хустку, скручвалі на руцэ ў выгляде лялькі анучы (дзіця Сідорка); яе характэрным атрыбутам маглі быць карты.

На Каляды цыган разам з мядзведзем, дзедам, маладзіцай, казой, кабылай і інш. уваходзіў у гурт калядоўшчыкаў, весяліў прысутных: танцаваў, расхвальваў, прадаваў, мяняў кабылу, прапаноўваў паслугі каваля, выступаў павадыром мядзведзя і інш. «У час шчодрай куцці ролю «цыгана» выконвалі дзяўчаты: адну з іх пераапраналі «цыганом», другую – «цыганкай». Яны спявалі, танцавалі, «варажылі», за гэта атрымлівалі падарункі» [9, с. 522]. Наогул, прыход маскіраваных на навагодняе свята прыносіў шчасце і дабрабыт у сям’ю на цэлы год – гэтае ўяўленне звязана са славянскім павер’ем пра палазніка – першага госця ў Новым годзе [4].

На Вялікдзень цыган уваходзіў у склад групы валачобнікаў [1, с. 305].

На Міколу ладзіўся абрад «Салоха» [6, с. 74], калі адзін мужчына і некалькі жанчын апраналіся цыганамі. Мужчына з дзвюма жанчынамі танцаваў, трэцяя – варажыла, астатнія – спявалі [9, с. 522]. У некаторых месцах у гэты дзень дзейнічалі толькі «цыганкі», якія «парылі» сустрэчных бярозавымі венікамі, патрабуючы платы [5, с. 107].

Увосень, на Пакровы, хадзілі і «чудзілі» перапранутыя цыганы разам з персанажамі гусараў. У Магілёўскай губерніі на зімовага Міколу «цыганы» спявалі, танцавалі і варажылі. [5, с. 135 - 136]

Маскіраваныя цыганы на хрэсьбінах варажылі, танцавалі, спявалі прыпеўкі і выганялі ўдзельнікаў хрэсьбін з хаты (Хоцімскі раён), з шумам і крыкамі суправаджалі ў канцы абраду бабу-парадзіху, якую везлі на баране ці начоўках (Слаўгарадскі раён) [6, с. 17].

Але найбольш разнастайнымі былі сімвалічныя дзеянні цыганоў падчас вясельных гульняў. Традыцыйна кожнае вяселле заканчвалася маскарадам (машкарадай), гульнёй, якую многія даследчыкі так і называюць «цыганы» [2, с. 720], калі ўдзельнікі вяселля пераапраналіся ў цыганоў, венграў, яўрэяў, салдата, доктара і інш., мужчыны пераапраналіся жанчынамі і наадварот. Пераапранутыя вясельнікі хадзілі па хатах, збіраючы пачастункі, грошы, «варажылі», «лячылі», «арыштоўвалі», кралі курэй, парасят і ўсё гэта неслі ў хату, дзе гулялі вяселле. Цыганы, якія збіраліся ў доме жаніха, ішлі да бацькоў нявесты і наадварот. Па дарозе яны спявалі песні, білі ў засланкі, пускаліся ў скокі, спявалі прыпеўкі, выпрошвалі грошы, ежу, розную старызну, імкнуліся залезці ў кішэню, затым «прадавалі» сабранае – ладзілі своеасаблівае тэатральнае прадстаўленне, збіраючы шматлікіх гледачоў «Сімвалічныя дзеянні «цыганоў» былі найбольш яркімі момантамі вяселля» [9, с. 129, 522].

Галоўным прынцыпам рытуальнага пераапранання з’яўляецца перавернутасць, якая назіраецца «ў адзенні маскіраваных, у выкарыстанні прадметаў, у карнавальнай свабодзе дзеянняў, дэманстрацыі сексуальных сцэнак, выкарыстанні ненарматыўнай лексікі, адным словам, усяго таго, што ў паўсядзённым жыцці беларусаў строга забаранялася і асуджалася» [5, с.19]. Гэтая перавернутасць цалкам уласціва персанажам цыганоў: іх знешняму выгляду (вымазаныя сажай і апранутыя ў рыззё) і, галоўнае, дзеянням (крадзеж, нястрыманая весялосць, абдурванне, блазнаванне). Нярэдка маскіраванне цыганоў уключала пераапрананне ў адзенне процілеглага полу, калі мужчына станавіўся цыганкай, а жанчына – цыганом (прычым цыган выбіраўся маленькага росту, а цыганка – высокага [7, с. 50]), чым яшчэ больш узмацнялася перавернутасць. Такім чынам, цыганскія персанажы, як удзельнікі абрадаў, з’яўляюцца выразнымі ўзорамі поўнай карнавалізацыі ў беларускай традыцыйнай культуры.

Якія яшчэ іншародцы суправаджалі маскіраваных цыганоў у каляднай і вясельнай абраднасці? Гэта, найперш, яўрэй і яўрэйка, татарын – аднак гэтыя персанажы не вылучаюцца такімі значнымі функцыямі і спецыфічнымі дзеяннямі, як цыганы. Цікавай з’яўляецца маска венгра, што, па меркаванню тэатраведаў, з’яўляецца прататыпам больш пашыранай маскі доктара. Венграмі ў народзе называлі славакаў-лекараў і гандляроў лекамі, што перавозілі тавары з поўдня [5, с. 29]. Персанаж венгра, як і доктара, «лячыў» людзей выразна падманнымі сродкамі – такім чынам, у ім выяўлены не спецыфічныя рысы іншародца, а прафесійныя лекарскія ўласцівасці і заганы.

Якім чынам узніклі ў беларускай абраднасці вобразы цыганоў? У фальклоры маюцца сведчанні, што цыганоў-музыкаў запрашалі граць на вяселлях, відавочна, што цыганы, як муштроўшчыкі і, наогул, «артысты забаўляльнага жанру» час ад часу прымалі ўдзел у народных святкаваннях. Але, згодна з энцыклапедычным даведнікам «Беларуская міфалогія», «сувязь чужынцаў з «нячыстай сілай» рабіла катэгарычна недапушчальным іх удзел у рытуалах каляндарнага і сямейнага цыклаў» [1, с. 558] – маецца на ўвазе не забаўляльная, а сакральная складовая абрадаў. Значыць, не ўдзел сапраўдных цыганоў у святкаваннях спрычыніўся да ўзнікнення іх вобразаў у абрадавай сферы беларусаў, а, менавіта, народнае ўяўленне пра іх як іншародцаў, звязаных з нячыстай сілай, са светам невядомага і патаемнага. Безумоўна, на фарміраванне саміх вобразаў-масак, іх знешніх уласцівасцей паўплывалі рэальныя цыганы, якімі яны адлюстраваліся ў народнай свядомасці: цёмнаскурыя, спецыфічна апранутыя, з характэрнымі прафесійнымі навыкамі (кавальства, гандаль коньмі, муштроўка мядзведзяў, варажба), адмоўнымі схільнасцямі (папрашайніцтва, крадзеж, ашуканства), уласцівасцямі (артыстызм, экспрэсіўнасць).

Мы падышлі непасрэдна да пытання вызначэння функцый, якія выконваюць у рытуалах маскі цыганоў. Галоўнай іх функцыяй мы лічым сакральную або магічную, якую, на жаль, даволі цяжка адназначна інтэрпрэтаваць. Неахайныя маскі цыганоў, бясспрэчна, моцна набліжаюць гэтыя вобразы да нячысцікаў. Паводзіны маскіраваных цыганоў таксама супярэчаць нормам і маралі сялянскага жыцця (крадзеж, блюзнерства, неземляробчыя заняткі). Такім чынам, цыганскі нацыянальны каларыт у гэтых персанажах з’яўляецца толькі фармальнай часткай, іх абалонкай, сутнасць жа іх – у сувязі з нячыстай сілай. На Каляды, да прыкладу, адбывалася змена фазы Сонца, што суправаджалася актывізацыяй нячысцікаў [1, с. 306], а ў шырэйшым разуменні – мяжа паміж сапраўдным светам і іншасветам станавілася празрыстай для пранікнення трансцэндэнтных сіл і сутнасцяў – неабавязкова нячыстых, але проста невядомых, не даступных разуменню, забароненых ці табуіраваных (нездарма паняцце табу ў архаічнай свядомасці закранае як свяшчэнныя, так і нячыстыя праявы [8]). Маска служыла сродкам кантакту чалавека з невядомым, адначасова абараняючы яго ад гэтага (магчыма, праз меркаваную падобнасць) – такім чынам, рэалізоўвалася сумежная сакральнай ахоўная функцыя маскі [1, с. 306]. У калядных абрадах дзейнічаюць выразна памежныя паміж рэальнасцю і невядомым маскі чорта і смерці, таксама дзеда і бабы – носьбітаў старэння як разбуральнага пачатку ў жыцці. Сакральная і ахоўная функцыі цыганоў на Каляды не такія выразныя, зводзяцца да іх іншародства, затое яны выдатна праяўляюцца ў іншыя святы, дзе цыганы падмяняюць магчымых дэманічных істот.

Прывядзём наша філасофскае разуменне з’явы рытуальнага пераапранання: святы каляндарнага цыклу звязаны са зменамі ў прыродзе, са зменамі сонечнага цыклу, гэтаксама як святы сямейныя злучаны са зменамі ў жыцці чалавека. Любыя змены нясуць невядомыя вынікі, а старажытны чалавек з яго ўяўленнем пра абсалютную падуладнасць року або долі любыя змены атаясамліваў з дзейнасцю вышэйшых сіл, таму ўсё міфічнае, нячыстае і звышнатуральнае актывізуецца ў перыяд змяненняў у жыцці і прыродзе. Карнавал набліжаў чалавека да іншасвету, адкрываў партал паміж зямной і іншай рэчаіснасцю, адначасова абараняў чалавека ад таямнічага і ўплываў на тое. Пераапрануты чалавек кіраваўся сваёй падсвядомасцю, а не розумам, набліжаўся да першабытнага стану як да вытоку сапраўднай чалавечай натуры. Ён імкнуўся накіраваць змены ў лепшы бок, перастрахоўваўся. Такім чынам, важнейшыя святы аграрнага і жыццёвага цыклаў – гэта своеасаблівыя мікракропкі біфуркацыі ў сістэме існавання прыроды і чалавечага жыцця.

Вялікая папулярнасць у розных мясцовасцях маскі цыгана тлумачыцца яе памежнай пазіцыяй паміж чыстым і нячыстым, што дазваляла пераапранутаму з лёгкасцю і без страху ўваходзіць у кантакт з нячыстай, небяспечнай і невядомай, сілай. Напрыклад, калі разглядаць рытуальнае пераапрананне на Мікольшчыну, то становіцца відавочным, што для маскіраваных не з’яўляецца істотным тое, што яны выконваюць ролі менавіта цыганоў: важнай была сама магчымасць пераапранання, якая ставіла чалавека па-за агульнапрынятымі нормамі паводзін, набліжала яго да трансцэндэнтнага. Паказальна тое, што мікольскія цыганы ў адрозненне ад маскіраваных на іншыя святы вандроўнікаў спявалі не забаўляльныя прыпеўкі, а мікольскія песні з яўна свяшчэнным зместам, звернутым да сіл прыроды [6, с. 74-75].

Важнай для пераапранання з’яўляецца функцыя псіхалагічнай разгрузкі, дзякуючы якой адкрываецца «легальны клапан для выхаду адмоўных эмоцый» [5, с. 9]. Асабліва гэтая функцыя актуалізуецца ў наш час, калі рытуал пазбаўлены сакральнасці. У масках цыганоў магчымасць «выпусціць пар» даволі плённая, бо пераапранутыя вызваляюцца ад традыцыйных норм паводзін і маралі – могуць адкрыта весяліцца і блазнаваць, нават жартоўна красці. Паводле З. Фрэйда атрымліваецца, што карнавал – гэта таксама адзін з відаў сублімацыі.

Нельга адмаўляць наяўнасці ў дзеяннях пераапранутых і проста забаўляльнай функцыі.

К. А. Цвірка замацаваў за вясельнымі цыганамі такую функцыю як збліжэнне людзей. «Гэты вясёлы звычай, які дазваляў «жабраваць», «красці» ў сваякоў, як бы гаварыў, што набыткі кожнай сям’і былі набыткамі і ўсяго роду» [3, с. 28]. Асабліва ярка гэтая функцыя праяўляецца ў той мясцовасці, дзе цыганы выпраўляюцца ў апошні дзень вяселля як ад жаніха да хаты маладой, так і ад маладой да жаніха [7, с. 50-51]. Часам вясельныя цыганы збіраюць падарункі па вёсцы, тым самым, спрыяючы згуртаванасці ўсёй сялянскай абшчыны [3, с. 430]. На Мікольшчыну пераапранутыя ў цыганоў сяляне ездзілі ў госці па сваяцтву, што так і называлася «цыганіць» [5, с.107]. Ды і ў астатнія святы функцыя збліжэння і згуртавання людзей была ўласціва маскіраваным цыганам.

Каб падвесці вынік нашай працы, хочацца наноў адкрыць пытанне, слаба асветленае нашымі папярэднікамі: чаму ў абрадавых дзеяннях на важнейшыя святы аграрнага цыклу, як Каляды, удзельнічаюць маскі іншародцаў і іншых нячыстых персанажаў? Калі, здаецца, уся ўвага павінна накіроўвацца на імітацыю перамогі Святла над Цемрай, Парадку над Хаосам, Дабра над Злом, Лета над Зімою, а нашы продкі ўшаноўваюць сваімі дзеяннямі не толькі светлыя сілы, але і цёмныя? Мы лічым, што так праяўляюцца законы, закладзеныя ў чалавечай псіхіцы, далёкія ад ідылічных уяўленняў сучасных рэлігійных сістэм. Фальклорнай архаічнай свядомасці, як, напэўна, і славянскаму язычніцтву, не ўласціва такая форма дуалізму, калі светлыя, стваральныя сілы беззваротна супрацьпастаўлены цёмным і разбуральным. Барацьба ўсведамлялася таксама формай гарманічнага суіснавання дыянісійскага і апаланічнага пачаткаў (паводле Ф. Ніцшэ) у народнай культуры. Так, у батлейцы, што таксама ладзілася на Каляды, містэрыяльнай частцы відовішча супрацьпастаўлялася камічна-карнавальная. Абрадавы маскарад у міфалагічным аспекце звяртаецца да праяў хаосу і цемры, а ў псіхічным – закранае малавядомыя механізмы чалавечай падсвядомасці.
Літаратура


  1. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С.Санько [і інш.]. – 2-ое выд. – Мн., 2006.

  2. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. – Т. 2. – Мн., 2006.

  3. Вяселле: Абрад / Уклад. К. А. Цвіркі. – 2-ое выд. – Мн., 2004.

  4. Иванов В., Топоров В. Полазник // Славянская мифология. — M., 1995. http://www.pagan.ru/p/polaznik0.php

  5. Кухаронак Т. І. Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў. – Мн., 2001.

  6. Народны тэатр / Уклад. М. А. Каладзінскага. – 2-ое выд. – Мн., 2004.

  7. Палескае вяселле / Уклад. В. А. Захаравай. – Мн., 1984.

  8. Штернберг Л. Табу // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона в 82 тт. и 4 доп. тт. — М., 2001 г. http://www.cultinfo.ru/fulltext/1/001/007/098/98777.htm

  9. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. – Мн., 1989.



1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка