Лада Алейнік майстэрства пабудовы прыгодніцкага сюжэта




старонка3/12
Дата канвертавання20.03.2016
Памер2 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

Літаратура

  1. Аббаньяно, Н. Мудрость жизни / Н. Аббаньяно // Всемирная философия. XX век / Авт.-сост. А.П. Андриевский. – Минск: Харвест, 2004. – С. 6 – 21.

  2. Белая, А.І. Канцэпцыя творчай асобы ў навуковым асэнсаванні І. Навуменкі / А.І. Белая// Творчая асоба І. Навуменкі і праблемы беларускай філалогіі і адукацыі: зб. навук. артык. / рэдкал.: Т.І. Шамякіна (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А.І. Бельскі. – Мінск: РІВШ, 2006. – С. 185 – 192.

  3. Бергсон, А. Смех. Очерки о значении комического / А. Бергсон // Всемирная философия. XX век / авт.-сост. А.П. Андриевский. – Мінск: Харвест, 2004. – С.119 – 134.

  4. Бердяев, Н.А. Самопознание (Опыт философской автобиографии) / Н.А. Бердяев. – М.: «Книга», 1991.

  5. Богомолов, Н.А. Гумилев Н.С. (краткая биография) / Н.А. Богомолов // Гумилёв, Н.С. Стихи; Письма о русской поэзии / вступ. ст. Вяч. Иванова; сост., науч. подгот. текста, послесл. Н. Богомолова. – М.: Худож. лит., 1990.–
    С. 433.

  6. Булгаков, С.Н. Размышления о национальности / С.Н. Булгаков / Проблемы религиозно-культурной идентичности в русской мысли XIX – XX веков: современное прочтение : учеб.-метод. пособие / автор-сост. Г.Я. Миненков. – Минск: БГУ, 2003. – С. 331 – 337 .

  1. Быкаў, В. Чырвоны нататнік: Аўтабіяграфічныя дадаткі да “Доўгай дарогі дадому” // В. Быкаў. – Наша Ніва. – 2004. – 18 чэрв.– С. 9.

  2. Валери, П. Юная Парка. Стихи, поэма, проза / П. Валери; пер. с франц. – М. : Текст, 1994.

  3. Гарэцкі, М. Прысады жыцця: апавяданні, аповесці / М. Гарэцкі; уклад. Т. Голуб. – Мінск: Маст. літ., 2003. – С. 313 – 433.

  4. Гумилев, Н. Сочинения: в 3 т. – М.: Худож. лит, 1991. Т. 2: Драмы; Рассказы / сост., подгот. текста, примеч. Р. Щербакова; Подгот. текста «Записок кавалериста»; примеч. Е. Степанова. – С. 287 – 349.

  5. Дасаева, Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага / Т.М. Дасаева.– Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – 97 с.

  6. Кривцун, О.А. Эстетика / О.А. Кривцун.– М.: Аспект Пресс, 2003. – 447 с.

  7. Лявонава, Е.А. Агульнае і адметнае: творы бел. пісьменнікаў XX ст. у кантэксце сусв. літ. / Е.А. Лявонава. – Мінск: Маст. літ., 2003. – 198 с.

  8. Одоевцева, И.В. На берегах Нивы: литературные мемуары / И.В. Одоевцева / вступ. ст. К. Кедрова; послесл. А. Сабова. – М.: Худож. лит., 1988. – 334 с.

  9. Пастернак, Б.Л. Доктор Живаго: роман / Б.Л. Пастернак.– М.; «Книжная палата», 1989. – 431 с.

  10. Рагуля, А. Пафас станаўлення: літ.-крытыч. арт. / А. Рагуля. – Мінск: Маст. літ., 1991. – 286 с.

  11. Тычына, М. Прывід гіпертэксту / М. Тычына // – ARCHE. – 2006. – № 3. –
    С. 65 – 85.

18. Шопенгауэр, А. Мир как воля и представление / А. Шопенгауэр; пер. с нем: ред. Е.В. Москвич. – Мн.: Попурри, 1999. – Т. 2. – 829 с.

Алесь Бельскі

РОДНАЯ ЗЯМЛЯ Ў ДУХОЎНЫМ СВЕЦЕ
КАНСТАНЦЫІ БУЙЛО І ГАННЫ АХМАТАВАЙ

Архетып зямлі з’яўляецца вызначальным, ідэяўтваральным у класічнай натурфіласофіі і трывала ўвайшоў у народны светапогляд. Зямля разам з вадой, паветрам і агнём у міфалагічных уяўленнях лічыцца адным з субстанцыяльных першаэлементаў у мадэлі сусвету. Вобраз гэты здаўна ўспрымаўся як сакральны, як касмаганічная стыхія, якая валодае выключнымі ўласцівасцямі. Выдатна сказаў яшчэ ў антычнасці Лукрэцый: «…Заслуженно носит // Матери имя Земля, ибо всё из земли породилось» [12, с. 181]. Зямля — аснова гармоніі і ўладкавання свету, паколькі яна ўзнікла з хаосу і стварыў яе, паводле біблейскай версіі, Бог, надзяліў пры гэтым выключнай жыццядайнай, творчай сілай (Быццё, 1:1). Як зазначае Дж. Фрэзер, «сама прырода сведчыць пра літаральную дакладнасць Святога Пісання» [13, с. 28]: з зямлі прарасла зеляніна — трава і дрэва, зямля нарадзіла ўсё жывое. Пра гэта гаворыцца на першых старонках Бібліі (Быццё, 1:11, 12, 24; 2:7). Такім чынам, зямля з даўніх часоў — увасабленне мацярынскай сутнасці, ідэі жыцця.

У народнай свядомасці і мастацкім свеце беларусаў вобраз роднай зямлі набыў выключную духоўную значнасць, уяўленні пра яе «цесна звязаны з паняццем роду, радзімы, краіны» [8, с. 200]. Больш за тое, гэта па сутнасці цэнтральны этнасімвал, галоўны паэтычны вобраз у нацыянальнай карціне свету. Т. І. Шамякіна піша: «Зямля аб’ядноўвала людзей у грамаду, круг, зямляцтва. Асабліва шанаваў беларус тое месца на зямлі, дзе ён нарадзіўся і вырас. Адсюль бяруць пачатак у нас вытокі святога пачуцця любові да радзімы як у малым, так і ў вялікім сэнсе слова. Культ зямлі ў беларусаў з рэлігійнага паступова перайшоў у паэтычны план» [15, с. 239]. У беларускай паэзіі вобраз зямлі прысутнічае даўно, ён быў заўсёды цесна спалучаны з чалавекам, яго ўяўленнямі і жыццём. Глыбока духоўная сувязь з роднай зямлёй выявілася ў творчасці паэтаў ХІХ і, асабліва, пачатку ХХ стагоддзя. Што значыць родная зямелька для селяніна і наогул чалавека, выдатна ўсведамляў Ф. Багушэвіч. Адзін з яго вершаў мае красамоўную назву — «Свая зямля». Гэты загаловак утрымлівае ў сабе ідэйную канцэптуальнасць думкі: у кожнага чалавека павінна быць свая родная зямля — надзейнае апірышча ў жыцці. Паэт выгуквае: «О, памагае зямля шмат // У кожнай хваробе свая! <…> // А гэта добра ведаю я» [3, с. 95]. Герой Ф. Багушэвіча прайшоў праз выпрабаванні, каб пераканацца, што родная зямля — тая чароўная сіла, якая дае здароўе, мацуе чалавечы дух. Нават жменька яе («узяў у кішэнь так грудку з кулак») ратуе рэкрута ў далечыні ад радзімы, «на чужой старане»: «Умёр бы то, мусіць, я тут, // Каб не жменька той роднай зямлі» [3, с. 97]. Свая зямля творыць цуд, выконвае ролю абярэга ў жыцці героя. Ён упэўніўся, што “яна давяла і да дому”. У вершы Ф. Багушэвіча ўвасобілася глыбокая народная вера ў духоўную моц роднай зямлі. Як самую дарагую святыню, храм прыгажосці, найвялікшы агульнанародны скарб успрымаў зямлю Я. Колас, даводзіў, што яна — «наймацнейшая аснова і жыцця першая ўмова», «аснова ўсёй айчыне» [7, с. 210]. Вуснамі Міхала, героя знакамітай паэмы, які нават перад смерцю трызніў сваёй зямлёй, паэт клікаў: «Зямля… зямля… туды, туды, брат…» [7, с. 264]. Беларуская паэтычная думка была пастаянна скіравана да вобраза роднай зямлі. Нашых паэтаў захаплялі відарысы ландшафту, свежая ралля і баразна, зямля як жыватворная прыродная стыхія, цікавілі дачыненні да яе чалавека. Наогул, асэнсаванне зямлі ў сацыяльным і духоўным жыцці народа з’яўляецца ідэйна-мастацкім цэнтрам усёй літаратуры Беларусі, і гэтую вядучую тэматычную, праблемную лінію ў ХХ стагоддзі можна прасачыць праз ланцужок наступных літаратурных імёнаў: Якуб Колас («Новая зямля») — Кузьма Чорны («Зямля») — Іван Мележ («Палеская хроніка»).

Як можна меркаваць з вышэйсказанага, зямля — галоўная стыхія паэтычнай творчасці. І не толькі ў нас, беларусаў. Ёсць нямала тыпалагічна блізкага, агульнага ва ўспрыманні і адлюстраванні роднай зямлі, асабліва ў паэтаў славянскага свету. Каб упэўніцца ў тым, якую ролю і значэнне мае гэтая каштоўнасць у духоўным свеце беларускай і рускай паэзіі, як раскрываецца феномен зямлі, звернемся да твораў Канстанцыі Буйло і Ганны Ахматавай. Іх паэзія, бясспрэчна, розная па сваёй змястоўнай напоўненасці, адметная вобразна-мастацкім бачаннем свету, але існуе той пункт перасячэння, які збліжае гэтыя два паэтычныя таленты і робіць іх творчасць роднаснай у ідэйна-эстэтычным плане. Паэзію К. Буйло і Г. Ахматавай можна «звязаць адзінай ідэяй любові да сваёй зямлі» [9, с. 6].

З увагі да прыроды радзімы, вобразнага выяўлення яе хараства пачыналіся як лірыкі слова абедзве гэтыя паэткі. К. Буйло з пачуццём вялікага замілавання і любасцю да ўсяго роднага, дарагога з дзяцінства прамовіла: «Люблю наш край — старонку гэту, // Дзе я радзілася, расла…»; «Люблю вясну, што ў кветкі, зелень // аздобіць радасна зямлю…» («Люблю») [4, с. 12]. У аўтабіяграфіі «Па пройдзеным шляху» паэтка прыгадвае, як моцна ўсхвалявала яе прыгажосць роднай зямлі: «Я аслупянела, зачараваная цудоўным відовішчам: на вяршынях усімі колерамі вясёлкі загарэлася густая раса. Шырокія палотны павуціння, развешаныя на дрэвах, зіхацелі і пераліваліся казачнымі ўзорамі. Гэты незабыўны вобраз роднай прыроды глыбока запаў мне ў памяць» [10, с. 73]. Краса роднага краю натхняе паэтку і адгукаецца ў душы песняй — акрыленай, радаснай, прачулай. Разглядаючы творчасць аўтаркі «Курганнай кветкі» (1914), Л. Тарасюк адзначае, што яна «дасканала валодае народна-песеннай інтанацыяй, збіраючы любыя сэрцу праявы роднай прыроды…» [11, с. 63]. «І зноў ў чароўны край прадвесні // Мчыць душу дзіўны спеў!..» [4, с. 17] — гучыць прызнанне ў вершы «На крыллі песні». К. Буйло раскрывае рамантычны стан душэўнай узнёсласці, разняволенага парывання ў паднебныя высі. Паэтка захапляецца, як родная зямля зіхаціць колерамі, эфір над ёй напоўнены гукамі, сузірае родны абшар, быццам з вышыні птушынага палёту. Яна выяўляе непасрэднае і вельмі паэтычнае стаўленне да навакольнага свету: «Ляту, нясуся ўвысь, плыву на мяккіх хвалях… // Як добра, лёгка мне! // Дзе я? Чырвонасць зор, блакіт паднебнай далі, // І сонца ясны бляск, і празрыстасць крышталяў // Дрыжаць вакол мяне»; «…Ляжыць яна — зямля… Так нізка, так далёка! // А тоны ўвысь плывуць» [4, с. 17]. Часта настраёвасць і вобразны склад вершаваных радкоў К. Буйло абумоўлены зусім іншым самаадчуваннем — усплёскамі эмоцый, тугой, сумам і шчымлівымі згадкамі лірычнай гераіні, якая праз расстанне з каханым засталася «адна з сваёй думою». У вершы «Шарая гадзіна» суаднесены прыроднае, зямное і ўнутранае, інтымнае, і ў выніку праведзенай эмацыянальна-сэнсавай паралелі раскрываецца «пейзаж душы»:

…Зямлю прамень апошні цалуе яшчэ раз,

Ноч заручаючы цалункам тым з зямлёю.


Імглою шэраю спавіўся ўвесь абшар,

Бярозка шэпчацца з чырвонаю калінай,

На небе выплылі грамады сонных хмар,

Туманы сцелюцца над волкаю далінай.


А месяц залаты праз тоўшчу хмар пралез

І з вышыні сваёй ўсю землю аглядае,

Таемна шапаціць аб чымсь пажоўклы лес

І жудась нейкую на душу наганяе [4, с. 32].

Зямля і неба “ў паўцёмнае цішы” адчувальна міфалагізаваныя, і на гэтым фоне незвычайнага прыроднага дзейства раскрываецца драма нешчаслівага кахання.

У творчасці Г. Ахматавай ад самага пачатку таксама выяўляецца пачуццё глыбокай замілаванасці да навакольнай красы. Але любаванне гэтае — ціхае, пяшчотнае, засяроджанае. Сузіранне прыроды выклікае непадробную лірычную ўсхваляванасць і песенны настрой. В. Вінаградаў заўважыў, што ў паэзіі Г. Ахматавай «свет адкрываецца спяваючым», «з’явы акампануюць унутранаму маўленню гераіні» [6, с. 283, 286]. У яе паэтычным свеце гэтак жа спалучаны каханне і прырода, каханне і песня. «Я на солнечном восходе // Про любовь пою…» [2, с. 33] — так пачынаецца верш «Песенка». Увесь свет праяў прыроды ў паэзіі Г. Ахматавай — гэта адбітак імгненняў душы, якая кахае, спявае, смуткуе, але, самае галоўнае, тонка, нават абвострана ўспрымае красу: «Тополя тревожно прошуршали, // Нежные их посетили сны, // Небо цвета вороненой стали, // Звезды матово-бледны» («Обман») [2, с. 31]. Аднак рэаліі і дэталі прыроднага ландшафту ўваходзяць у паэзію Г. Ахматавай не толькі як прыгожы фон, але і як вобразы рускай зямлі, сімвалы радзімы, канстанты духоўнага быцця. Вось як выяўляецца пачуццё радзімы ў адным з яе вершаў, дзе ёй згадваецца «тверская скудная земля»:

Журавль у ветхого колодца,

Над ним, как кипень, облака,

В полях скрипучие воротца,

И запах хлеба, и тоска [2, с. 51].

(«Ты знаешь, я томлюсь в неволе…»)

У творах Г. Ахматавай няма гучнай патрыятычнай патэтыкі, але ёсць успрыманне роднай зямлі як чагосьці надзвычай блізкага, інтымнага, незаменнага ў жыцці, і гэтае адчуванне надае вялікі, глыбінны сэнс яе існаванню. Паэтка ўбачыла боскую непаўторнасць створанага цуду, зведала асалоду ад гэтай незвычайнай зямной прыгажосці. Яна з думкай да Усявышняга прамаўляе: «Да, Отец! — твоя земля прекрасна» («Я любимого нигде не встретила…») [1, с. 176].

Лірычная гераіня Г. Ахматавай цяжка перажывае душэўныя зломы, кахае пакутна, з вострым адчуваннем драматызму жыцця. З пранікнёнай шчымліва-элегічнай інтанацыяй яна выгаворвае набалелае. Але паэтка ведае, што значыць жыць дзеля «великой земной любви» («Эта встреча никем не воспета…») [1, с. 260]. Яна ўяўляе зямлю як зямлю кахання, бо спазнала хвіліны ўзаемнасці і асалоды: «О, как была с тобой мне сладостна земля!» («А! Это снова ты… Не отроком влюбленным…») [1, с. 268]. Калі паэтка са скрухай ці гаркотай піша пра нешчаслівае каханне і гэтае пачуццё праступае праз вершаваныя радкі сумным, тужлівым водгаласам, то, здаецца, яна гаворыць пра страчаны рай кахання на зямлі.

Як мы пераконваемся, у паэзіі Г. Ахматавай і К. Буйло каханне робіць вобраз зямлі асабліва прывабным, адухоўленым, незвычайным, з ім звязаны ўяўленні пра красу жыцця, рай і шчасце. Абедзве паэткі скіроўвалі позірк да «паднебнай далі», успрымалі каханне як найвышэйшы дар, які так цяжка захаваць у рэальным свеце. Зямля ў паэтыцы іх любоўных, інтымных вершаў — неад’емная, арганічная частка светаўспрымання і светаадчування. Гэтая прыродная, духоўная субстанцыя пераўтварае ўнутранае жыццё асобы.

Адчуванне роднасці з зямлёй, радзімай асабліва яскрава выявілася ў лірыцы К. Буйло і Г. Ахматавай часу Вялікай Айчыннай вайны. Гітлераўскі фашызм замахнуўся на самае святое, дарагое, запаветнае, таму іх творы напісаны з эмацыянальнай узрушанасцю, глыбокім патрыятычным пафасам. У традыцыях вуснай народнай паэзіі зямля адухаўляецца: плача, жаліцца і скардзіцца на свой лёс гэтак, як і людзі: «…зямля плача // Пад фашысцкім ботам…» («За Дунаем звоняць косы…») [4, с. 102]. У вершы «Там, дзе Свіслачы светлыя хвалі…» са шчымлівай тугой і кранальнай пяшчотай згадвае беларуская паэтка родныя краявіды, шчаслівае мінулае. Гэты свет глыбока ўвайшоў у яе сэрца і памяць. Яна бачыць сваю зямлю ў вобразе роднай маці: «…І глядзелася ў люстра празрыстай вады // Беларусь — мая родная маці…» [4, с. 106]. К. Буйло, звяртаючыся да прыёму фальклорнага паралелізму, надае вобразам роднай зямлі адухоўленую сутнасць, прамаўляе з душэўнай пранікнёнасцю, шчырым маленнем: «…Вас, байцы, край мой просіць, Радзіма мая, // Моліць Свіслач слязістаю хваляй: // Забівайце бандытаў! Знішчайце ў баях, // Каб радзімай зямлі не тапталі!..» [4, с. 107]. З вялікай трывогай пра лёс радзімы выказалася ў гады вайны Г. Ахматава. Чалавечы боль і пакуты роднай зямлі адгукаліся хваляваннем у яе сэрцы: «…томится пречистое тело // Оскверненной врагами земли» («Победа») [2, с. 177]. Яна глыбока адчула трагедыю вайны, выявіла яе антычалавечую сутнасць у творах пра блакадны Ленінград: «Ленинградскую беду // Руками не разведу, // Слезами не смою, // В землю не зарою» («Причитание») [2, с. 173]. Смутак яе глыбокі («всего прочнее на земле — печаль»), але паэтка знаходзіць у сабе мужнасць, упэўненасць, каб наперакор стратам і спазнанай бядзе ў скрутны час сказаць пра духоўна істотнае, невынішчальнае, непераможнае на гэтым свеце — вясну, цяпло, пяшчоту, прыгажосць: «…Вдовою у могилы безымянной // Хлопочет запоздалая весна. // Она с колен подняться не спешит, // Дохнет на почку и траву погладит, // И бабочку с плеча на землю ссадит, // И первый одуванчик распушит» («Памяти друга») [2, с. 178]. У гэтых радках, здаецца, гучыць ціхая і прачулая мелодыя жыцця.

Пачуццё духоўнай лучнасці і адзінства з радзімай увасабляецца ў вершах К. Буйло «Роднаму краю» (1952) і Г. Ахматавай «Родная земля» (1961). Калі верш беларускай пясняркі па сваім змесце аўтабіяграфічны і ў ім аўтарка ідзе ад канкрэтнага да агульнага, то руская паэтка асэнсоўвае дачыненні чалавека і зямлі, яе разважанні таксама маюць вобразную аснову і завяршаюцца абагульненнем. К. Буйло з мерай асабістага вопыту ў лірыка-апавядальнай манеры гаворыць пра тое, чым стала для яе радзіма, беларуская зямля:

І ўсё ж час ад часу ўзнікае патрэба

Убачыць блакіт беларускага неба,

Пачуць нашы песні, хадзіць па узгорках,

Дзе пах ад чабору, духмяны і горкі.

…………………………

Хаджу я тады, як дзяўчынка малая,

Што слухала песні зялёнага гаю,

Што думы складала у вершы над рэчкай,

Дзе грэчка паліла ружовыя свечкі,

Дзе межы сівелі ад пахаў палынных,

Дзе дзіва-кастрамі цвіла канюшына… [5, с. 12].

З гэтага верша беларуская прырода паўстае маляўнічай, пахкай, яркай. Пейзажны свет К. Буйло раскрывае шырока, падрабязна, узнаўляе эстэтычнае аблічча радзімы з экспрэсіяй вобразнага слова. Яе апісанні і метафарычныя ўяўленні сагрэты пачуццём любові. Малюнак роднай зямлі ў творы Г. Ахматавай — някідкі, рэалістычна прыземлены, аднак гэтыя звычайныя вобразы набываюць паэтычную значнасць:

Да, для нас это грязь на калошах,

Да, для нас это хруст на зубах.

И мы мелем, и месим, и крошим

Тот ни в чем не замешанный прах [2, с. 208].

К. Буйло, згадваючы мінулае, не ідэалізуе свой лёс, яна аглядае перажытае і прызнаецца: «Жылося ўсяк…». Г. Ахматава таксама ведала цану людскім нягодам і выпрабаванням, родная зямля ёй «не кажется обетованным раем». Жыццёвыя абставіны, час уплывалі на яе ўнутранае адчуванне прыроды, свету, у выніку чаго ў вершы «Родная земля» з’яўляецца нечаканая метафарычная вобразнасць. Кожная з паэтак па-свойму ўвасобіла матыў духоўнай еднасці з бацькоўскім краем, усеагульны сэнс быцця, які заключаецца ў непадзельнасці чалавечага лёсу з роднай зямлёй: «…Мне без маёй зямлі нідзе жыцця няма» («На радзіму») [5, с. 106]; «Но ложимся в нее и становимся ею, // Оттого и зовем так свободно — своею» («Родная земля») [2, с. 208]. К. Буйло, нягледзячы на тое, што жыла за межамі Беларусі, у Маскве, і Г. Ахматава, якая ўвасабляла часам вобраз «бездомной странницы», у сваёй паэзіі стварылі высокі культ зямлі як радзімы. Гэтую асаблівасць, адметнасць у творчасці Ахматавай заўважыў К. Чукоўскі, які пісаў, што ў яе «жыцці і паэзіі… быў Дом, які служыў ёй ва ўсе часы верным і выратавальным прыстанкам. Гэты Дом — радзіма, родная зямля. Гэтаму Дому яна з юных гадоў аддавала ўсе свае самыя светлыя пачуцці…» [14, с. 733]. Абсалютна тое ж самае з поўным правам можна сказаць пра К. Буйло, якая прысвяціла свае песні «Беларусі — любімаму краю».

Такім чынам, К. Буйло і Г. Ахматава ўвасобілі і раскрылі патрыятычныя пачуцці праз вобразы зямной прыроды. Імі рухала імкненне да спасціжэння роднага, спрадвечнага, анталагічнага, сутнаснага. Кожная з іх стварыла паэтычны міф пра радзіму, у аснове якога ляжыць адчуванне сваёй зямлі як месца непаўторнага і сакральнага. Зямля ў творчасці К. Буйло і Г. Ахматавай — галоўная духоўная першааснова, ідэйны цэнтр філасофскага светаразумення, з якім звязана вытлумачэнне сэнсу жыцця.



Літаратура

1. Ахматова, А. Собрание сочинений : в 6 т. / А. Ахматова; сост., подгот. текста, коммент. и статья Н. В. Королевой. — М. : Эллис Лак, 1998. — Т. 1 : Стихотворения. 1904—1941. — 968 с.

2. Ахматова, А. Стихотворения и поэмы / А. Ахматова; сост., авт. вступ. ст. и примеч. Н. Банников. — М. : Мол. гвардия, 1989. — 222 с.

3. Багушэвіч, Ф. Творы / Ф. Багушэвіч; уклад., прадм. Я. Янушкевіча. — Мінск : Маст. літ., 1998. — 206 с.

4. Буйло, К. Выбраныя творы : у 2 т. / К. Буйло. — Мінск : Маст. літ, 1981. — Т. 1 : Вершы, паэма. — 302 с.

5. Буйло, К. Выбраныя творы : у 2 т. / К. Буйло. — Мінск : Маст. літ, 1981. — Т. 2 : Вершы, успаміны. — 334 с.

6. Виноградов, В. В. Избранные труды. Язык и стиль русских писателей. От Гоголя до Ахматовой / В. В. Виноградов; отв. ред. А. П. Чудаков. — М. : Наука, 2003. — 390 с.

7. Колас, Я. Новая зямля. Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. — Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

8. Крук, І. Зямля / І. Крук, У. Лобач, Я. Сахута // Беларуская міфалогія : энцыкл. слоўнік / С. Санько [і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2004. — С. 200—202.

9. Лихачев, Д. Земля родная / Д. Лихачев. — М. : Просвещение, 1983. — 256 с.

10. Пяцьдзесят чатыры дарогі : аўтабіяграфіі беларус. пісьменнікаў / склад. і падрыхт. тэкстаў Я. Казекі. — Мінск : Дзяржвыд. БССР, 1963. — 552 с.

11. Тарасюк, Л. К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ — пачатку ХХ ст. : вучэб. дапам. для студэнтаў філал. фак. / Л. К. Тарасюк. — Мінск : БДУ, 1999. — 72 с.

12. Тит Лукреций Кар. О природе вещей / Тит Лукреций Кар; пер. с лат. Ф. Петровского. — М. : Худож. лит., 1983. — 383 с.

13. Фрэзер, Дж. Фольклор в Ветхом завете / Дж. Фрэзер; пер. с англ. Д. Вольпина. — М. : Политиздат, 1985. — 511 с.

14. Чуковский, К. И. Анна Ахматова / К. И. Чуковский // Собрание сочинений : в 6 т. — М. : Худож. лит., 1967. — Т. 5 : Люди и книги. — С. 725—755.

15. Шамякіна, Т. І. Міфалогія Беларусі: (нарысы) / Т. І. Шамякіна. — Мінск : Маст. літ., 2000. — 400 с.



Святлана Богуш

ПАЭТЫКА ВАЛЕРЫІ КУСТАВАЙ
Маладая беларуская паэтка Валерыя Кустава свае першыя крокі ў паэзіі зрабіла даволі рана, але надзвычай упэўнена. Творчасць яе з’яўляецца вельмі прыкметнай і істотнай з’явай у літаратурным жыцці Беларусі. У пэўным сэнсе Валерыя — унікальная паэтка. У свае 23 гады яна ўжо з’яўляецца аўтаркай трох паэтычных зборнікаў, шматлікіх публікацый у перыядычных выданнях і сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пры гэтым творчасць яе мае шмат арыгінальнага і цікавага, што заслугоўвае ўвагі літаратурных крытыкаў і даследчыкаў. В.Кустава піша вершы рознай тэматыкі, праблематыкі, стылёвай скіраванасці, шмат эксперыментуе над формай вершаванага твора. І хоць яшчэ нельга казаць пра яе творчую сталасць, усё ж відавочна, што паэтка валодае адметным паэтычным талентам і немалым творчым патэнцыялам.

Нарадзілася Валерыя Кустава ў 1984 годзе ў Мінску. Зараз яна вучыцца у БДУ культуры і мастацтваў на факультэце драматургіі (спецыяльнасць “Кінадраматургія”). Самыя раннія з вядомых сёння вершаў Валерыі былі створаны, калі паэтка мела ўсяго чатыры гады. Першая публікацыя В.Куставай з’явілася ў 1992 годзе ў часопісе “Бярозка”. Уступны артыкул да змешчаных там вершаў напісаў Алесь Разанаў. Яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай Валерыя была вельмі прыязна сустрэта ў літаратурным асяроддзі. Пра яе талент пісалі ў многіх перыядычных выданнях Беларусі. У 1996 годзе выйшла першая кніжка Валерыі “Кроў Сусвету” (пад адной вокладкай са зборнікам Дзяніса Старавойтава-Юрчанкі “И пробил уж полночный час”). У 2004 годзе пабачыў свет яшчэ адзін зборнік В.Куставай “Каб неба сагрэць…”. Кніга належыць да серыі “Дэбют”, хоць дэбютам Валерыі назваць яе можна толькі ўмоўна. Яшчэ праз два гады, у 2006, пабачыў свет чарговы зборнік паэтычных твораў В.Куставай “Тамсама”. Усе тры кнігі паэткі выйшлі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

Творчасць Валерыі прыцягвала і прыцягвае ўвагу многіх літаратурных крытыкаў. Усе зборнікі маладой паэткі былі адзначаны водгукамі ў розных літаратурных выданнях. Аднак часам ацэнкі крытыкаў былі неадназначнымі, часам нават супярэчлівымі. Адны сцвярджалі пра наватарства, арыгінальнасць і экспрэсіўнасць у творчасці Валерыі. Іншыя падкрэслівалі, што, захапіўшыся знешняй абалонкай, паэтка губляе выразнасць і прыгажосць паэтычнага зместу, зацямняе сэнс вялікай колькасцю аўтарскіх неалагізмаў. Але гэтая неадназначнасць крытыкаў толькі пацвярджае цікавасць да постаці Валерыі Куставай і яе творчасці.

Кожны са зборнікаў Валерыі мае сваю спецыфіку як у зместавым, так і ў выяўленчым плане. Разам з тым ва ўсіх кнігах маладой паэткі ёсць некаторыя агульныя рысы, што дазваляе меркаваць пра фармаванне ўласнага аўтарскага стылю. У рознай ступені ва ўсіх зборніках знайшлі адлюстраванне філасофскія матывы пошуку сэнсу жыцця, прызначэння паэта і паэзіі, узаемаадносінаў паміж людзьмі; раскрыты тэмы Радзімы, кахання, сям’і… Вельмі істотнае месца ў паэтычнай творчасці Валерыі належыць фальклору. Фальклорная вобразнасць, перайманне асаблівасцяў паэтычнага сінтаксісу, рыфмікі, інтанацыйнага гучання народных песень сустракаецца ўжо ў самых ранніх вершах паэткі і не знікае ў пазнейшых, ужо сталых творах. Апрача гэтага, адной з адметнасцяў вершаў В.Куставай з’яўляецца спалучэнне, перапляценне ў іх антычнага і сучаснага, хрысціянскага і язычніцкага, запазычанага і спрадвечнага, нацыянальнага. У невялічкай прадмове да зборніка “Каб неба сагрэць…”, якую напісаў Рыгор Барадулін, дакладна і слушна вызначана спецыфіка вершаў Валерыі. Аўтар прадмовы звяртае ўвагу на здольнасць паэткі адчуваць унутраны лад мовы, ствараць непаўторныя паэтычныя вобразы і насычаць іх нацыянальным каларытам: “Паэтка ўмее перабіраць словы, як бурштын. Падкрэслю, як беларускі бурштын. Паэтка любіць вядзьмарыць словам. Заўважу, вядзьмарыць па-беларуску. Паэтка рупіцца пазнаёміць антычных багоў з паганскімі. Нагадаю, з беларускімі паганскімі багамі.” [6, c. 5]. Зварот да фальклору і антычнай міфалогіі, іх гарманічнае суіснаванне ў мастацкай сістэме паэткі найбольш ярка выявілася менавіта ў кнізе “Каб неба сагрэць…”.

Лейтматывам, які праходзіць праз увесь зборнік, з’яўляецца пошук уласнага “я”, спазнанне свету і суаднясенне сусветных з’яў з асабістымі, выключна індывідуальнымі пачуццямі і перажываннямі. Некаторыя вершы Валерыі рэзка адрозніваюцца паміж сабой агульным настроем, пафасам, спосабамі адлюстравання наваколля. Але, тым не менш, усё выглядае даволі натуральным, бо ў сваіх лірычных творах, ці, прынамсі, у большасці з іх, аўтарка максімальна шчырая. У яе вершах гучыць то непахісная ўпэўненасць ва ўласных сілах, то вялікая нясмеласць і разгубленасць. Безнадзейнасць мяжуе з верай у мажлівасць лепшага, незадаволенасць рэчаіснасцю — з бясконцай любоўю і прагай жыцця. Дзіцячая непасрэднасць і юначы максімалізм часам змяняюцца зусім сталай сур’ёзнасцю і заглыбленасцю ў сутнасць рэчаў…

Валерыю Куставу нельга адназначна аднесці ні да паэтаў-традыцыяналістаў, ні да постмадэрністаў. У яе творчасці істотнае месца належыць і класічным вершам з роўным інтанацыйным гучаннем, напісаным у сілаба-танічнай і танічнай сістэме вершавання (“Я хачу, каб Максім уваскрос...”, “ Не толькі ў час журботы смутнай...” ды інш.), і так званым эксперыментальным творам. Прычым эксперыментуе В.Кустава не толькі з лексікай (у вершах шмат, часам нават занадта шмат, тропаў і аўтарскіх неалагізмаў), але і з паэтычным сінтаксісам, рытмікай, рыфмікай. Паказальным тут з’яўляецца верш “Вершасутык”. Ён цалкам заснаваны на сінтаксічным прыёме стыку (эпанастрафы): з гукаспалучэнняў, якімі заканчваюцца папярэднія вершаваныя радкі, распачынаюцца радкі наступныя:

У цішыню бягу

гукам

з розных бакоў

лёснага шляху.

Хукаю на вастрыню.

Нюхаю

лёду


абвостраную смагу...

Аднак за гэтай арыгінальнасцю формы часам не відаць змястоўнасці, сэнсавай напружанасці верша. Нібыта аўтарка імкнецца ўздзейнічаць адно толькі на падсвядомасць свайго чытача, не рупячыся пра зразумеласць і трапнасць створаных паэтычных вобразаў.

Даволі значны пласт паэзіі Валерыі складаюць верлібры. Найчасцей гэтыя вершы належаць філасофскай лірыцы, хоць адрозніваюцца паміж сабой тэматыкай, праблематыкай, ідэйным зместам. Адметна, што першы зборнік паэткі цалкам складаецца са свабодных вершаў, у другім ім прысвечаны цэлы раздзел, а ў трэцяй кнізе верлібраў зусім няма.

Знайшлі месца ў творчасці В.Куставай і такія неўласцівыя беларускай паэзіі віды вершаў як хайку і вельмі блізкія да іх (так бы мовіць, відазмененыя хайку, у якіх у кожным радку па шэсць складоў, замест належных пяці і сямі). Аднак такіх вершаў зусім няшмат.

Увогуле творчасць Валерыі Куставай даволі разнастайная і багатая. І хоць яшчэ нельга казаць пра яе творчую сталасць, усё ж немагчыма адмовіць ёй у наяўнасці незвычайнага паэтычнага таленту.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка