Курс лекцый у дзвюх частках Частка 1




старонка8/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   35

Паходжанне беларусаў


Асіміляцыя балтаў адбылася хуткімі тэмпамі – культурная і гаспадарчая перавага славян садзейнічалі гэтаму працэсу. Але і балты таксама паўдзельнічалі ў стварэнні новага народа – славяне пераймалі геаграфічныя назвы ад мясцовага насельніцтва, некаторыя рэлігійныя адметнасці і прадметы матэрыяльнай культуры. У выніку такой асіміляцыі да IX ст. на тэрыторыі Усходняй Еўропы ўтварылася 15 этнічных славянскіх аб’яднанняў (протанароднасцяў ці протадзяржаў) – згодна з летапісамі – “княжэнняў”. З іх на Беларусі – 3 аб’яднанні: дрыгавічы, радзімічы і крывічы (дакладней – крывічы-палачане).

Крывічы – мелі этнавызначальную прыкмету – драцяныя скроневыя (вісочныя) кольцы дыяметрам 5-11 см з завязанымі канцамі. Крывічы рассяляліся на поўначы Беларусі. Этнавызначальная прыкмета дрыгавічоў – спіральныя скроневыя кольцы. Дрыгавічы насялялі паўднёвыя і цэнтральныя раёны сучаснай Беларусі. Радзімічы насялялі паўднёва-усходнія раёны сучаснай Беларусі і іх этнавызначальная прыкмета – сяміпромневыя скроневыя кольцы.

З развіццём гістарычнай навукі (беларускай і суседніх дзяржаў) былі распрацаваны канцэпцыі паходжання беларусаў.



Старажытнаруская канцэпцыя распрацавана на прыканцы XIX – пачатку XX cтст. рускімі і беларускімі гісторыкамі А.А.Шахматавым, М.У.Токаравым, Я.І.Карнейчыкам. Яна з’яўлялася пануючай у савецкай гістарыяграфіі, атрымала падтрымку Сталіна. Асноўным палажэннем гэтай канцэпцыі было існавала так званай старажытнарускай народнасці ў межах адзінай старажытнарускай дзяржавы – Кіеўскай Русі. Менавіта са старажытнарускай народнасці растуць карані трох усходнеславянскіх народаў – рускіх, украінцаў і беларусаў. Недахопы гэтай тэорыі: не даказана існаванне гэтай адзінай старажытнарускай народнасці, больш таго, паміж існаваннем Кіеўскай Русі і станаўленнем рускіх, украінцаў і беларусаў як народнасцяў пралягае некалькі стагоддзяў.

Існуе таксама дзве выключаючыя адна адну тэорыі паходжання беларусаў – вялікаруская і вялікапольская, складзеныя на хвалі супрацьстаяння польскай і рускай нацыянальнай ідэй у барацьбе за беларускія землі (канец XIX – пачатак XX стст.). Аўтары гэтых канцэпцый – славянафілы А.Сразнеўскі, А.Сабалеўскі і інш. і палякі Я.Галембоўскі, А.Рыпінскі. Пастулаты гэтых тэорый вельмі падобныя. Адны сцвярджалі, што беларусы – гэта рускія, а беларуская мова – гэта дыялект мовы рускай, але “пашкоджанай” польскім уплывам, другія –наадварот.

Аўтары крывічскай тэорыі – В.Пагодзін, В.Ластоўскі, М.Кастамараў – сцвярджалі, што продкі сучасных беларусаў – гэта крывічы-палачане. Аднак аўтары праігнаравалі ўдзел у станаўленні беларускага этнасу дрыгавічоў і радзімічаў. Гэтую акалічнасць улічылі аўтары крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай тэорыі (Я.Карскі, В.Пічэта, М.Доўнар-Запольскі, М.Грынблат). Аднак і тут ёсць недакладнасці: беларуская народнасць склалася значна пазней, чым узніклі этнічныя суполкі крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў. Да таго ж, аўтары не ўлічылі ўплыву суседзяў-балтаў у фармаванні беларусаў.

Аўтары балцкай канцэпцыі г.Штыхаў і В.Сядоў сцвярджалі, што беларусы з’явіліся шляхам змяшэння славян і балтаў. Але ў выніку гэтых працэсаў утварыліся дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Яшчэ больш фантастычная фінская тэорыя паходжання беларусаў. На падставе існавання на Беларусі фінскай тапанімікі (геаграфічныя назвы) аўтар – І.Ласкоў сцвярджаў, што беларусы пайшлі ад змяшэння славян і фіна-уграў. Але фіна-угры былі выцеснены з Беларусі балтамі значна раней, чым тут з’явіліся славяне. Усё, што засталося ад іх у час рассялення славянаў – гэта назвы некаторых геаграфічных аб’ектаў.

Сучасная канцэпцыя, якая ўлічвае амаль усе акалічнасці этнічных працэсаў на Беларусі распрацавана М.Піліпенкам. Яна спалучае выкарыстанне дзвюх этнічных працэсаў – эвалюцыйнага і дыфузійнага. На першым этапе, калі ішло рассяленне славян на Беларусі, у выніку дыфузійных працэсаў (асіміляцыя балцкіх плямёнаў) узніклі крывічы, дрыгавічы і радзімічы. На другім этапе
(X – XI стст.) у выніку эвалюцыйнага працэсу адбылася кансалідацыя насельніцтва ў адзіную славянскую этнічную супольнасць. На трэцім этапе адбываліся дыфузійныя працэсы з заходнімі славянамі, балцкімі і цюркскімі элементамі. У выніку да сярэдзіны XVI ст. узнік беларускі этнас. Менавіта ў гэты час з’яўляецца назва тэрыторыі “Белая Русь”.

Кантрольныя пытанні да тэмы №2


  1. Якія агульныя характарыстыкі мае першабытная эпоха?

  2. Назавіце асноўныя перыяды археалагічнай перыядызацыі.

  3. На якім прынцыпе заснавана археалагічная перыядызацыя?

  4. Чым праабшчына адрозніваецца ад родавай абшчыны?

  5. Якія варыянты першабытныхрэлігійных уяўленняў вы ведаеце?

  6. Што ўключаецца ў паняцце “прысвайваючая гаспадарка” і “вытворчая гаспадарка”?

  7. У чым сутнасць “неалітычнай рэвалюцыі”?

  8. Якія археалагічныя культуры эпохі энеаліту вы ведаеце?

  9. Калі пачалося засяленне сучаснай беларускай тэрыторыі славянамі?

  10. Якія тэорыі паходжання беларусаў вы ведаеце? У чыі іх адрозненні?



ТЭМА 3. РАННЕФЕАДАЛЬНАЕ ГРАМАдсТВА НА БЕЛАРУСІ. ПЕРШЫЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЎТВАРЭННІ НА БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ Ў X – XIII СТСТ.

Лекцыя 3. Раннефеадальнае грамадства на Беларусі. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускай зямлі ў Х – ХІІІ ст.ст.


Асноўныя паняцці:

раннекласавае грамадства; падсека; двухполле; трохполле; дзедзічы; смерды; закупы; радовічы; дзякло; мезлева; “кармленні”; вотчыннае землеўладанне; памеснае землеўладанне; рамяство; “братчыны”; дырхемы; “шлях з вараг у грэкі”; горад; дзяцінец; Рагвалод; полацкая княская дынастыя; хрысціянства; праваслаўе; каталіцтва; епіскап; епархія; паганства; “схізматыкі”; манастыры; веча; ваенна-манашаскі ордэн; тысяцкі; пасаднік; мангола-татары; “барысавы камяні”

Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускіх земляў у
X – XIII стст.


Протадзяржавы крывічоў і дрыгавічоў утварыліся дзякуючы поспехам у гаспадарчым развіцці гэтых протанародаў, развіццю раннекласавага грамадства.

У галіне апрацоўкі зямлі панавала ворнае земляробства, але адначасова ў лясных і паўднёвых раёнах шырока распаўсюджана была і падсека. Развівалася папарная сістэма земляробства – двухполле і простае трохполле. Земляробы выкарыстоўвалі больш дасканалыя прылады працы – двухрогую ці шматрогую саху з жалезным наканечнікам і іншымі жалезнымі дэталямі. Наогул, стала больш жалезных прылад працы, што выкарыстоўваліся ў гаспадарцы. Ураджаі дазвалялі без рызыкі існаваць асобнай малой сям’і. Неабходнасць у захаванні патрыярхальнай родавай абшчыны адпала. Зацвярджалася новая форма грамадскай арганізацыі – сельская суседская абшчына, у аснове існавання якой ляжалі не кроўна-родасныя, а тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі паміж яе членамі. Некалькі побач жывучых сем’яў складалі сяло ці весь. Недалека размешчаныя сёлы складалі абшчыну (мір, верв). Цэнтр такой абшчыны – самае вялікае з сёл, яно звалася пагост.

Адначасова са станаўленнем суседскай абшчыны развівалася паняцце аб прыватнай маёмасці, спачатку на прылады працы, а потым на іншыя сродкі вытворчасці і на атрыманую прадукцыю. Самае галоўнае права ўласнасці – гэта ўласнасць на зямлю. Вылучаецца два шляхі станаўлення прыватнай маёмасці на гэты сродак вытворчасці. Першы – гэта прамы захоп абшчынных зямель князем (вярхоўным кіраўніком дзяржавы), які пачаў лічыцца ўласнікам усей зямлі ў дзяржаве. Другі шлях – гэта захоп абшчыннай зямлі больш заможнымі абшчыннікамі, якія карысталіся цяжкім гаспадарчым становішчам сваіх суабшчыннікаў. Разам з зямлёй у залежнасць да новага класа, што пачаў складвацца, – феадалаў пападалі і сяляне. Але не ўся зямля адразу перайшла ў маёмасць да знаці. Яшчэ некалькі стагоддзяў існавалі дзедзічы – землі, якія знаходзіліся ў спадчынным карыстанні ўсёй абшчыны.

Аднародная маса сялян-абшчыннікаў перастала існаваць. Разам са свабоднымі сялянамі (зваліся людзі) ужо існавалі смерды – залежныя ад феадалаў, закупы – часовазалежныя, да моманту звароту займаных грошай ці прадуктаў (“купы”), радовічы – часовазалежныя, звязаныя з феадалам нейкімі дагаварнымі абавязацельствамі (“рядам”). Была і катэгорыя хатніх рабоў – халопы, чэлядзь. Залежныя сяляне выконвалі павіннасці на карысць феадалаў – натуральны аброк – даніну (прадукцыяй раслінаводст-


ва – дзякло, прадукцыяй жывелагадоўлі – мезлева) і адпрацоўвалі паншчыну на зямлі феадала.

Крыніц з’яўлення феадалаў было некалькі. Самы галоўны феадал – гэта кіраўнік дзяржавы – князь. Ён лічыўся ўладаром усёй зямлі дзяржавы. Спачатку князь сам збіраў з насельніцтва княства даніну (палюддзе). Але потым права збору даніны было перададзена самым давераным асобам з дружыны князя – мужам, і гэта атрымала назву “кармленне” (права збору даходаў з воласці). Такім чынам, галоўная крыніца станаўлення класа феадалаў – гэта княжацкая дружына. Другая крыніца – гэта вылучэнне і ўзбагачэнне абшчыннай вярхушкі. Феадалы пасяляліся асобна ад сялян, іх умацаваныя рэзідэнцыі зваліся двор, дом, град.

У гэты перыяд пачалі складвацца асноўныя формы феадальнага землеўладання – вотчынная і памесная. Валоданне зямлёй на правах вотчыны давала права ўладальніку прадаваць, дзяліць, падараваць, перадаваць па спадчыне зямлю разам з сялянамі, што жывуць на ёй. Памесная форма землеўладання прадугледжвала толькі права карыстання маёнткам за службу князю. Продаж, падзел, перадача па спадчыне не дазваляліся. Адначасова развіваліся пераходныя формы землеўладання. Найбольш буйнымі землеўладальнікамі на Беларусі ў той час быў князь, яго дружыннікі – феадалы-баяры і хрысціянская царква (з канца X ст.).

Значныя ўдасканаленні на той час адбыліся ў галіне хатніх промыслаў. Удасканальваецца домніца і сырадутны метад атрымання жалеза, на Беларусі з’яўляецца ганчарнае кола і будуюцца спецыяльныя печы па абпальванню керамікі. Гэта ўсё садзейнічала таму, што чалавек павінен быў больш часу выдзяляць менавіта рамесніцкім заняткам, а ўдасканаліўшы сваю тэхніку, перайсці выключна на вытворчасць рамесніцкай прадукцыі для продажу ці абмену. Першыя рамесніцкія спецыяльнасці, што аддзяліліся ад земляробства (другі вялікі падзел працы пасля аддзялення ад земляробства жывёлагадоўлі), былі кавальская справа, ганчарства, апрацоўка скур і некаторыя іншыя. Наогул, на гэты час іх налічваецца каля 40. Але рамеснікі большую частку прадукцыі выконвалі на заказ, таму што ўнутраны рынак быў вельмі неразвіты, няшмат было пакупнікоў іх прадукцыі.

Адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі ў сваю чаргу вызвала развіццё пастаяннага ўнутранага гандлю – з’явіліся спецыяльныя месцы, дзе вёўся гандаль – рынкі, таргі. Развіццё гандлёвых адносін з іншымі тэрыторыямі прывяло да з’яўлення на нашай тэрыторыі вялікай колькасці манет. Перыяд IX – X стст. – гэта час распаўсюджвання на Беларусі куфіцкага дырхема (сярэбраная манета Арабскага халіфата). Выкарыстоўваліся ў гандлі як цэлыя манеты, так і часткі (галоўным чынам на мясцовым рынку). Сярэбраныя грошы былі вельмі шырока распаўсюджаны на нашай тэрыторыі. Праз беларускія землі праходзіў “шлях з вараг у грэкі”, што звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам. У непасрэднай блізкасці ад яго ў 1973 г. быў адкрыты Казьянкаўскі манетны скарб (схаваны каля 940-х гг.), што ўключаў 7588 сярэбраных манет агульнай вагай каля 20 кг.

У выніку збяднення радовішчаў срэбра на Усходзе галоўнае месца ў грашовай сістэме на беларускіх землях заняў заходнееўрапейскі дынарый (канец X – першая палова XI стст.), але і ён хутка знік з прычыны феадальнага драблення дзяржаў Заходняй Еўропы. У так званы безманетны перыяд (другая палова


XI – XIII стст.) у гандлёвых аперацыях выкарыстоўвалі плацёжныя зліткі з серабра (грыўны) ці іх вагавыя часткі.

Менавіта на працягу X – XIII стст. на Беларусі ўтварылася асноўная колькасць нашых старажытнейшых гарадоў. Горад выконваў функцыі: адміністратыўную (ён быў цэнтрам княства ці воласці, там месцілася адміністрацыя); рамесную (у горадзе канцэнтраваліся вытворцы, больш таго, з’явіліся першыя аб’яднанні рамеснікаў – брацтвы); гандлёвую (менавіта ў гарадах знаходзіліся гандлёвыя рынкі – таргі); рэлігійна-культурную (саборы і цэрквы будаваліся ў гарадах, тут засноўвалі манастыры, а пры іх – скрыпторыі па перапісцы кніг і школы); абарончую (дзякуючы моцным абарончым збудаванням, у гарадах хавалася насельніцтва навакольных сёл у час небяспекі). Гарады ўзнікалі на месцы родавых цэнтраў, маглі вырасці з феадальнага замка ці сяла (пры ўмове спрыяльнага геаграфічнага іх знаходжання), ці быць заснаванымі на новым месцы па волі князя. Самым старажытным горадам Беларусі з’яўляецца Полацак – старажытная сталіца крывічоў. Ён упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 год. Іншыя нашы гарады ўпершыню ўзгадваюцца: Віцебск – 974 г., Тураў – 980 г., Заслаўль – 988 г.,


Брэст – 1019 г., Браслаў – 1065 г., Мінск – 1067 г., Друцк – 1078 г., Барысаў – 1102 г., Гародня і Слуцк – 1116 г., Навагрудак – 1117 г.

Старажытныя беларускія гарады мелі ўсталяваўшуюся структуру. Галоўнай часткай горада з’яўляўся дзяцінец – умацаваны цэнтр горада, дзе знаходзілася рэзідэнцыя князя ці яго намесніка. Пад сценамі дзяцінца знаходзілася пасяленне рамеснікаў, гандляроў і іншых гараджан – пасад. Яго маглі таксама абнесці сценамі. Акрамя адміністратыўнага цэнтра – дзяцінца – існаваў і грамадскі цэнтр горада – торг ці рынак. Менавіта тут збіралася веча – агульны сход дарослых мужчын горада і акругі, што вырашаў важныя пытанні.

Такім чынам, на працягу X – XIII стст. у межах шматукладнага грамадства (спалучаліся рысы першабытнаабшчыннага, рабаўладальніцкага і феадальнага грамадстваў) адбылася перамога феадальных адносін. Узнікла феадальная зямельная маёмасць і клас залежных сялян. Адбылося адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, у выніку чаго значны штуршок у развіцці атрымаў гандаль, хутка сталі ўзнікаць гарады. Поспехі ў развіцці гаспадаркі спрыялі ўтварэнню першых дзяржаў на нашай тэрыторыі.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка