Курс лекцый у дзвюх частках Частка 1




старонка7/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.57 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   35

Бронзавы век (2 – пачатак 1 тыс. да н.э.)


Назва новага перыяду ў першабытнай гісторыі Беларусі паказвае, што на нашай тэрыторыі з’явіліся першыя вырабы з металаў. Але сваіх радовішчаў медзі на Беларусі і ў непасрэднай блізкасці няма, таму медных і бронзавых прылад працы вельмі мала, большасць металічных знаходак – гэта ўпрыгожванні (бранзалеты, фібулы, кольцы). Яны траплялі на Беларусь з Каўказа, Карпат ў абмен на бурштын і вырабы з бурштыну, якія насельніцтва старажытнай Беларусі атрымлівала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы. Але металічных вырабаў было вельмі мала (археолагі зарэгістравалі ўсяго каля 80 знаходак), яны не маглі зрабіць рэвалюцыю ў вытворчасці. Шырока працягвалі выкарыстоўваць каменныя прылады працы. Таму да Беларусі больш падыходзіць назва перыяду – энеаліт ці медна-каменны век.

Вялікіх памераў дасягнула здабыча і апрацоўка крэмню ў Краснасельскіх шахтах. У апрацоўшчыкаў з’явіўся новы прыём, які яшчэ больш удасканаліў каменныя сякеры і іншыя рэжучыя прылады. Пасля нанясення струменчатай рэтушы (насечкі крыж на крыж) на рэжучыя грані, вытворчыя паказчыкі прылад значна павялічваліся. Відавочныя поспехі ў гаспадарчым развіцці суадносна адбіліся і на жыцці людзей. Замест аднакамерных жылых пабудоў (паўзямлянак ці наземных жытлаў) зараз будуюць двухкамерныя жытлы. З’явіліся лавы і сталы, керамічны посуд з плоскім дном, што ставіўся на сталы і плоскі ачаг.

Каменных сякер патрабавалася ўсё болей і болей – адбываўся пераход да земляробства, яно паступова станавілася галоўнай галіной гаспадаркі, а для яго развіцця патрабавалася высякаць лес. З гэтых умоў нарадзілася своеасаблівая форма земляробства – ляднае ці падсечна-агнявое. Сутнасць яго была ў тым, што лясную дзялянку спачатку высякалі, пні карчавалі, давалі дрэвам высахнуць (1-2 гады), потым іх спальвалі і на ўзбагачонай попелам глебе атрымлівалі на працягу каля 4-5 год добры ўраджай. А потым зноў праводзілі такую ж аперацыю. Глебу ўжо апрацоўвалі не толькі матыкай, але і ралам (драўляным простым плугам), у які ўпрагалі валоў ці каня. Такім чынам, жывёлагадоўля і земляробства з самага пачатку былі цесна звязаны паміж сабой і распаўсюджваліся па Беларусі сінхронна.

Хуткае распаўсюджанне новых вытворчых форм гападаркі звязана не толькі з відавочнымі іх перавагамі над прысвайваючай гаспадаркай, а яшчэ і са з’яўленнем на Беларусі новага насельніцтва – індаеўрапейцаў, якія па ступені гаспадарчага і грамадскага развіцця значна пайшлі наперад у параўнанні з мясцовым (аўтахтонным) насельніцтвам.

Радзіма індаеўрапейцаў – Малая Азія (сучасная Турцыя). У гэтага старажытнага народа асноўным заняткам была жывёлагадоўля. Тут індаеўрапейцы дасягнулі значных поспехаў. Але па нейкіх умовах – кліматычных ці дэмаграфічных (якаснае харчаванне – хуткі рост насельніцтва) – яны вымушаны былі пачаць сваю доўгую вандроўку. Была адна акалічнасць, якая значна палегчыла гэтым людзям падарожнічаць, гэтая акалічнасць – вынаходніцтва кола. Старажытныя індаеўрапейцы сканструявалі павозкі, у якія запрагалі валоў і перавозілі свой няхітры скарб з аднаго луга на другое. Так гэтыя плямёны рассяліліся на вялікай тэрыторыі – ад Індыі да Атлантычнага акіяна, утварыў самую вялікую сучасную моўную сям’ю – індаеўрапейскую, куды ўваходзяць славяне, балты, германцы і іншыя народы. Дзякуючы рухаваму ладу жыцця індаеўрапейцы стварылі развітую мову (яны шмат чаго бачылі і давалі новым з’явам свае назвы, ці займалі іх ад мясцовага насельніцтва). Амаль пастаянныя сутычкі з мясцовым насельніцтвам спрыялі таму, што асноўным заняткам мужчын акрамя жывёлагадоўлі стала вайна. Аб гэтым гаворыць і назва адной з беларускіх археалагічных культур бронзавага веку – культура баявых сякер. Вайна (а таксама новыя вытворчыя формы гаспадаркі) паставіла менавіта мужчыну на першае месца ў сацыяльнай іерархіі першабытнага грамадства. Так, у індаеўрапейцаў існавала патрыярхальная ці бацькоўская родавая абшчына. Асноўныя пытанні жыцця роду ці племені вырашаліся на агульных сходах узброеных мужчын, такі лад кіраўніцтва зваўся “ваенная дэмакратыя”. Але ўжо пачала складвацца і асабістая няроўнасць у родавым грамадстве.

Усё гэта індаеўрапейцы прынеслі і на Беларусь, дзе яшчэ існаваў матрыярхат, а мясцовае (аўтахтоннае) насельніцтва толькі пачало пераходзіць да вытворчых форм гаспадаркі. Аўтахтоннае насельніцтва беларускіх зямель – гэта фіна-вугорскія плямёны, светлавалосыя, з блакітнымі вачыма, а прышлыя індаеўрапейцы – з цёмнымі валасамі, каравокія. На Беларусі пачалі адбывацца асіміляцыйныя працэсы. Ваяўнічыя індаеўрапейцы не выконвалі забаронаў экзагаміі і эндагаміі, бо яны былі заваёўнікамі. Яны бралі жонак з аўтахтонных плямёнаў і так разбурылі прынцып эндагаміі – забарону браць шлюб па-за межамі свайго племені. Плямёны фіна-вуграў часткова былі выціснуты на поўнач, часткова асіміляваны, а беларускія землі ўвайшлі ў тэрыторыю засялення старажытных балтаў (крыху далей, на захадзе, з імі суседнічалі старажытныя славяне – так сама індаеўрапейцы).

На Беларусі археолагі вызначаюць некалькі вялікіх археалагічных культур, што звязваюцца з індаеўрапейцамі – качэўнікамі. Гэта культура баявых сякер (адметныя прыкметы – разнастайная танкасценная кераміка, у тым ліку кружкі, і, па назве культуры – наяўнасць сякер спецыфічнай формы), культура шнуравой керамікі (назва ад адметнага ўпрыгожвання керамікі), тшцінецкая археалагічная культура (адметнасць – цюльпанападобная кераміка).

Такім чынам, галоўныя здабыткі людзей на беларускай зямлі ў бронзавы век:



  • станаўленне новай формы грамадскага ладу – патрыярхату;

  • адбыўся першы вялікі падзел грамадскай працы на земляробства і жывёлагадоўлю;

  • выраслі памеры абмену, у тым ліку міжрэгіянальнага;

  • з’явілася прыватная ўласнасць;

  • з’віліся касмаганічныя рэлігійныя ўяўленні (прадстаўленні аб тым, як утварылася наваколле), больш увагі сталі ўдзяляць культу продкаў.

Жалезны век (7-6 ст. да н.э. – 6-7 ст. н.э.)


Асноўная прыкмета гэтага перыяду –пачатак здабычы і апрацоўкі жалеза. Жалезная руда досыць шырока сустракаецца на Беларусі ў выглядзе лугавой ці балотнай руды. З яе выплаўлялі жалеза ў невялікіх паўкруглых гліняных пячах-домніцах. Першы метад плаўкі – сырадутны. Сутнасць яго ў тым, што ў домніцу загружалі драўляны вугаль і руду, печку замазвалі глінай, але заставаліся невялікія адтуліны, праз якія з дапамогай трубак-соплаў і мяхоў нагняталася паветра. Тэмпературы было недастаткова, каб поўнасцю выплавіць жалеза з руды, таму жалезістая маса – крыца, што атрымлівалася ў канцы працэсу, мела вялікую колькасць дамешкаў і патрабавала доўгай апрацоўкі кавалём. Тым не менш, з’яўленне жалеза і жалезных прылад працы зрабіла вялікі тэхнічны пераварот.

Па-першае, з дапамогай больш дасканалых жалезных прылад працы, сякеры і матыкі, значна ўзрасла роля земляробства (дакладней – падсечна-агнявога ці ляднага), яно ўжо цвёрда ўсталявалася ў якасці самай галоўнай формы гаспадаркі. Разам з тым узрасла роля жывёлагадоўлі і, наадварот, знізілася роля збіральніцтва, палявання і рыбалоўства. Акрамя таго, развіваліся апрацоўка косці і дрэва, прадзіва, ткацтва, пляценне, ганчарства – заняткі, якія значна пазней вылучацца ў асобныя рамёствы. Людзі сталі атрымліваць больш прадукцыі на аднаго чалавека ў параўнанні з папярэднімі гістарычнымі перыядамі. З’явіліся даволі значныя запасы і накапленні прадукцыі. Па-другое, сталі вырабляць з жалеза не толькі прылады працы, але і зброю. Павялічыліся супярэчнасці паміж родамі што выклікала рост ваенных сутычак. Пры гэтым асноўнай мэтай сутычак з’яўлялася імкненне захапіць як мага болей матэрыяльных каштоўнасцяў і рабоў. Упершыню з’явілася эксплуатацыя чалавека чалавекам у форме дамашняга ці патрыярхальнага рабства.

Змяніўся тып паселішчаў. З’явіліся гарадзішчы – размешчаныя ў спрыяльнай для абароны мясцовасці, умацаваныя валамі і драўляным частаколам пасёлкі. Крыху пазней (пачатак нашага часу) з’явіліся селішчы – неўмацаваныя пасёлкі земляробаў, але яны, як правіла, знаходзіліся побач з гарадзішчам, дзе насельніцтва хавалася ў выпадку ваеннай пагрозы. Жылыя пабудовы сталі больш разнастайныя, побач з імі месціліся гаспадарчыя збудаванні. На пачатак жалезнага веку сталыя пазіцыі займаў патрыярхальны род. Паходжанне там вялося па бацьку, яго нашчадкі-мужчыны заставаліся ў родзе. Яны атрымлівалі ўсю маемасць сям’і.

Этнічна насельніцтва Беларусі на працягу жалезнага веку значна змянілася. У раннім жалезным веку тэрыторыю Беларусі засяляла некалькі племянных груп (археалагічных культур), якія вызначаліся агульнай тэрыторыяй, асаблівасцямі пабудовы жытлаў і тыпам пасяленняў, падобнасцю пахавальных абрадаў, і, як і раней, асаблівасцямі вытворчасці керамікі і прылад працы.

На тэрыторыі Палесся (поўдзень Беларусі) жылі плямёны мілаградскай культуры. Адметнасць гэтай культуры – гліняныя фігуркі жывёл, якія па меркаванню даследчыкаў мелі культавае прызначэнне. Крыху пазней, з 3 ст. да н.э. гэтую тэрыторыю засялілі плямёны зарубінецкай культуры, насельніцтва якой падтрымлівала сувязі са скіфамі, кельтамі, грэчаскімі гарадамі Прычарнамор’я
(аб гэтых сувязях гавораць археалагічныя знаходкі).

У ранні жалезны век цэнтральную Беларусь засялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі (выраблялі вастрарэбныя гаршкі са штрыхаванай паверхняй). Яшчэ адна адметнасць гэтай культуры – будаўніцтва асобных жытлаў для сям’і з ачагом у цэнты пабудовы (прыкмета балтаў). На поўначы Беларусі месціліся плямёны днепра-дзвінскай археалагічнай культуры (выраблялі спачатку каменныя, потым металічныя прылады працы, кераміка – гладкасценныя слоікападобныя пасудзіны. Усе гэтыя культуры, верагодней за ўсё, належаць продкам балтаў.

Дзесьці ў IV – VI стст. адбылася падзея, якая носіць назву “вялікае перасяленне народаў”. З азіяцкіх стэпаў у Еўропу прыйшла вялікая колькасць качэўнікаў – гунаў і іншых народаў. Гэта прымусіла стала існаваўшыя на сваіх тэрыторыях народы перасяляцца на значныя адлегласці. Не пазбеглі перасяленняў і славяне, якія жылі на тэрыторыі паміж Віслай і Одэрам. Адзін з напрамкаў рассялення славян закрануў і Беларусь. Ужо ў 5-7 стст. н.э. на поўдні Беларусі з’явіліся прыкметы археалагічных культур, якія маюць ці славянскае паходжанне, ці атрымалі ад іх вялікі ўплыў, гэта калочынская, пражская, у цэнтры Беларусі – банцараўская культуры. Галоўнымі “славянскімі” прыкметамі з’яўляюцца: тып жылля – паўзямлянка з вогнішчам у дальнім вугле, простая карычневая кераміка без арнаменту. Нябожчыкаў славяне спальвалі і хавалі попел у паўсферычных курганах. Гэтыя культуры праіснавалі да
7-8 стагоддзяў нашага часу, калі славяне масава з’явіліся на нашай тэрыторыі і хутка занялі ўсю Беларусь. Мясцовае (аўтахтоннае) насельніцтва было асімілявана. Гэтаму паспрыяла больш высокая ступень гаспадарчага развіцця славян у параўнанні з мясцовым насельніцтвам. Славяне прынеслі новую форму земляробства, што змяніла на некаторых асвоеных тэрыторыях лядную сістэму. Гэта новая форма – ворнае земляробства і новая прылада – саха з жалезным наканечнікам.

Адначасова з засяленнем беларускіх земляў у славян адбываўся пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да феадальнага. Гэтаму спрыяла менавіта ворнае земляробства. Яно садзейнічала ўзнікненню адасобленай гаспадаркі малой сям’і, што вызвала распад абшчыны, звязанай кроўным сваяцтвам. Родавая абшчына паступова саступала месца суседскай сельскай абшчыне, у аснове якой ляжалі тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка