Курс лекцый у дзвюх частках Частка 1




старонка5/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.57 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   35

Палеаліт (100-9 тыс. г. да н.э.)


На Беларусі першабытныя людзі з’явіліся ў перыяд палеаліту, прыкладна 100-40 тыс. г. да н.э. Больш дакладна высветліць час з’яўлення людзей на нашай зямлі немагчыма, таму што знаходкі першых каменных прылад працы каля сучасных вёсак Абідавічы, Свяцілавічы, Клеявічы на поўдні Беларусі не даюць дакладнай інфармацыі. Жыхары Беларусі на той час – гэта неандэртальцы. Яны былі вельмі падобныя на сучасных людзей, аднак мелі прынцыповыя адрозненні. Яны былі ніжэй ростам (каля 160 см), мелі каранастую, шырокаплечую фігуру. Нізкі лоб, моцна нахілены назад і вялікія надброўныя валікі прыдавалі своеасаблівы выгляд твару, але аб’ём мозгу ўжо не адрозніваўся ад сучаснага чалавека. Тыпам сацыяльнай арганізацыі неандэртальцаў была праабшчына, дзе панаваў групавы шлюб. Асноўнымі заняткамі неандэртальцаў былі паляванне на буйных жывёл – мамантаў і шарсцістага насарога, збіральніцтва і рыбалоўства. Яны здольны былі будаваць жытлы і здабываць агонь. Прысвайваючая гаспадарка першабытных людзей не спрыяла аседламу ладу жыцця, таму яны не засноўвалі больш-менш трывалых паселішчаў.

Праз некаторы час пачалося чарговае наступленне ледавіка (так званае паазерска-валдайскае абледзяненне, каля 70 тысяч год назад) і першабытныя людзі адышлі ў больш спрыяльныя паўднёвыя раёны. Паўторнае засяленне Беларусі адбылося каля 30-25 тыс. г. да н.э., калі ледавік адступіў на поўнач (пачаўся перыяд позняга ці верхняга палеаліту). Гэта ўжо былі не неандэртальцы, што першымі з’явіліся на Беларусі, а людзі сучаснага выгляду (новаантрапы), ці краманьёнцы. Так іх назвалі ад пячоры каля французскага месца Краманьён, дзе ўпершыню былі знойдзены рэшткі людзей сучаснага тыпу. Па знешнім выгляддзе яны амаль нічым не адрозніваліся ад нас, сучасных людзей, толькі былі крыху ніжэй ростам. Першыя паселішчы знойдзены археолагамі каля сучасных паўднёвых беларускіх вëсак Юравічы (узрост стаянкі каля 26 тыс. гадоў) і Бердыж (узрост стаянкі каля 23 тыс. гадоў). Прыродныя ўмовы былі вельмі неспрыяльнымі. Тэрыторыя Беларусі нагадвала сучаснае Запаляр’е. Сярод нешматлікай расліннасці тундры вандравалі буйныя жывёлы – маманты і шарсцістыя насарогі. Гэтыя ўмовы вызначылі асноўныя напрамкі дзейнасці чалавека.

Прылады працы першабытных людзей былі самымі простымі, іх было каля 100 відаў. Асноўныя матэрыялы, з якіх яны вырабляліся – косткі жывёл, дрэва і, вядома, камяні і крэмень. Каменныя прылады працы – гэта скрэблы, праколкі, рубілы, наканечнікі дзідаў і г.д. Прылады працы дапамагалі людзям больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы. Камяні апрацоўвалі з дапамогай тэхналагічнай аперацыі, што мела назву “адшчэпа”. Ад прызматычнага ядра адціскаліся пласціны дакладнай формы, якія потым даапрацоўвалі праз адцісканне маленькіх лускавінак па краях пласцін. Людзі ведалі, у якое месца камня трэба націснуць ці ўдарыць, каб атрымаць дакладную пласціну. Тыпалагічна каменныя прылады працы адносяцца да так званай мусцьерскай культуры (названай ад французскага месца Ла Мусцье), якая ахоплівала амаль усю тэрыторыю Еўропы.

Асноўным заняткам жыхароў стаянак Бердыж і Юравічы, а таксама падобных ім было паляванне на буйных жывёл – мамантаў, шарсцістых насарогаў, паўночных аленяў і пясцоў. Паляванне на маманта і насарога, калі ўлічваць ступень развіцця паляўнічых прылад (з прылад палявання вядомы толькі дзіда, выкарыстоўвалі таксама лоўчыя ямы з дзідамі на дне і агонь для загону жывёл), патрабавала калектыўнага ўдзелу ў мерапрыемстве ўсіх працаздольных членаў абшчыны. Такім чынам, узнікла першая форма вытворчай кааперацыі людзей – лоўчая абшчына. Паляванне давала першабытным людзям не толькі харчаванне, але і будаўнічы матэрыял – косткі і чарапы мамантаў (з іх узводзілі астоў жытла), скуры (накрывалі жытлы), сыравіну для вырабу прылад працы (косткі, сухажыллі і г.д.), адзенне. Але асноўны аб’ект палявання – буйныя жывёлы не затрымліваліся на адным месцы падоўгу, і чалавеку прыходзілася вандраваць за статкамі жывёл на вялікія адлегласці. Акрамя палявання дапаможнымі заняткамі было збіральніцтва – пошук прыгоднага да спажывання ў навакольным асяроддзі (расліны, дробныя жывёлы, грыбы) і рыбалоўства. Уся дзейнасць людзей была накіравана на выкананне галоўнай задачы – пошуку сродкаў харчавання ў вельмі неспрыяльных прыродных умовах тундры.

Вялікую ролю ў выжыванні чалавека адыгрываў агонь, якім валодаў чалавек. Агонь выконваў некалькі функцый. Ён абаграваў жыллё, абараняў людзей ад драпежнікаў, дапамагаў у паляванні і выкарыстоўваўся ў прыгатаванні больш якаснага харчавання. Захоўвалі агонь жанчыны, і гэтая акалічнасць значна павышала іх сацыяльны статус у першабытным грамадстве. У познім палеаліце складваецца новы тып сацыяльнай арганізацыі людзей – родавая абшчына ці род (прыйшоў на змену праабшчыне ці чалавечаму статку). Род (аб’яднанне людзей аднаго паходжання, што пражываюць на вызначанай тэрыторыі) меў агульныя прыкметы:


  • аб’ядноўваў людзей аднаго паходжання;

  • характарызаваўся агульнай (калектыўнай) маёмасцю;

  • у родзе існаваў падзел працы паводле ўзросту і полу (першая форма падзелу працы);

  • існавала простая кааперацыя ў вытворчай сферы.

Першая форма родавай арганізацыі людзей – гэта мацярынскі род, які аб’ядноўваў усіх жанчын і іншых асоб, што вялі сваё паходжанне ад маці-родазаснавальніцы. Вядучая роля ў гаспадарцы і сацыяльнай структуры такога роду належыла, вядома, жанчыне. Складваецца парная сям’я, з’яўленне якой патрабавала ўвядзенне некаторых абмежаванняў у бязладныя адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі. Гэтыя забароны названыя экзагамія (забараняліся шлюбы ўнутры рода) і эндагамія (забараняліся шлюбы па-за межамі племені). Такім чынам, дазвалялася ўступаць у шлюб толькі ў межах племені, якое аб’ядноўвала некалькі родаў.

Узнікаюць зачаткі рэлігійных вераванняў у выглядзе татэмізму. Згодна яго палажэнняў, першабытныя людзі звязвалі існаванне свайго роду з канкрэтнай з’явай прыроды ці раслінай, жывёлай (татэмам) – з імі ўладкоўваліся цесныя звышрэальныя сувязі. Разнавіднасцю татэмізму з’яўляецца анімізм – калі татэмам рода выступала жывела. Калі ў ролі татэму выступала матэрыяльная рэч, прадмет культа (чурынга) – такая разнавіднасць татэмізму называлася фетышызм. Акрамя таго, чалавек стаў шукаць спосабы ўздзеяння на прыроду і іншых людзей з дапамогай магіі.

На прыканцы эпохі палеаліту (18-9 тыс. г. да н.э.) на Беларусь насунуўся апошні ледавік. Яго мяжа праходзіла па лініі Гродна-Нарач-Лепель-Орша, і таму толькі на самым поўдні Беларусі маглі выжыць людзі.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка