Курс лекцый у дзвюх частках Частка 1




старонка34/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   27   28   29   30   31   32   33   34   35

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў канцы
XVIII – 50-х гг. XIX ст.


Сельская гаспадарка. Беларусь у XIX стагоддзі з’яўлялася рэгіёнам, дзе панавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. Напярэдадні 1861 г. у памешчыкаў было каля 12 млн. дзесяцін (70%) зямлі, і толькі звыш 4 млн. дзесяцін (прыблізна 27%) знаходзілася ў карыстанні каля 1 млн. сялян. У буйных латыфундыях ствараліся сярэднія па велічыні маёнткі, з колькасцю прыгонных ад 200 да 500 чалавек, якія здаваліся ў арэнду. Рост таварнасці адбываўся за кошт павелічэння паншчынных павіннасцей сялян. Галоўныя павіннасці – паншчына і аброк. Марудна ўводзіліся капіталістычныя формы гаспадарання, такія як прымяненне ўдасканаленых сельскагаспадарчых машын; праца наёмных рабочых; увядзенне травасеяння і шматпольных севазваротаў. Гэтаму перашкаджала танная праца прыгонных сялян.

Асноўная маса памешчыкаў лічыла прыгоннае права падмуркам рацыянальнай гаспадаркі і не збіралася ад яго адмаўляцца. Але была ўмова, якая садзейнічала развалу феадальнага эканамічнага механіз-


му – гэта попыт на хлеб і прадукцыю сельскай гаспадаркі ў Заходняй Еўропе ў першыя дзесяцігоддзі XIX ст. з адначасовым ростам ёмістасці ўнутранага рынку.

У першай палове XIX ст. вызначаецца спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці. Віцебская і паўночныя паветы Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў – гэта раён ільна - і бульбавоцтва. Паўдневыя паветы (Пінскі, Навагруцкі, Гомельскі і інш.) беларускіх губерняў – гэта вырошчванне і перапрацоўка цукровых буракоў. Гродзеншчына – гэта рэгіён танкаруннай авечкагадоўлі, у 40-х гг. XIX ст. там налічвалася 600 тыс. авечак. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў 40-50-я гг. спецыялізаваліся адзінкавыя памешчыцкія гаспадаркі, што мелі вінакурныя заводы.

Такім чынам, у памешчыкаў Беларусі было імкненне ўзнімаць прадукцыйнасць сваіх гаспадарак, вырабляць больш таварнай прадукцыі.

Сялянская саслоўе было неаднародным. Каля 70% беларускіх сялян мелі сваю гаспадарку і карысталіся зямельным надзелам з умовай выканання павіннасцяў. Каля 30% – гэта дваровыя сяляне, якія не вялі сваёй гаспадаркі, працавалі на памешчыцкім двары і знаходзіліся на натуральным утрыманні. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях пераважала сялянскае падворнае землекарыстанне, а ў Віцебскай і Магілёўскай – абшчыннае.

Прылады працы ў сялян былі самыя простыя, тыя ж, што і ў папярэдні перыяд. Толькі ў адзінкавых заможных сялянскіх гаспадарках былі веялкі, малацілкі і іншыя машыны. Агратэхніка, як і раней, – рэгулярнае трохполле. У заможных гаспадарках пачалі сеяць кармавыя травы, асушваць балоты, набываць лепшае насенне для пасеву, ужываць на ўгнаенне глей і торф.

Культуры выкарыстоўвалі ў асноўным тыя ж, але з’явілася бульба (у сярэдзіне стагоддзя займала каля 4% плошчы). Увядзенне ў севазварот бульбы садзейнічала пераходу ад трох - да чатырохполля. Ураджайнасць культур заставалася невялікай, збожжавых у сярэднім сам-3, бульбы – сам-6. На сялянскую гаспадарку прыходзілася два валы або адзін конь, 1-4 авечак і свіней, кароў, так сама і птушка. Памер зямельных надзелаў быў неаднолькавы, у сярэднім каля 10-12 дзесяцін. Складаўся ён з дзвюх аднолькавых частак – цяглай і прыёмнай доляў. За цяглую сяляне адбывалі паншчыну, за прыёмную плацілі аброк.

Са старажытных часоў захаваліся зямельныя сервітуты, яны давалі сялянам права карыстацца сенажаццямі, ляснымі ўгоддзямі, пасвіць жывёлу, лавіць рыбу і г.д. Усё гэта на пэўных умовах было значнай падмогай для сялян.

Павіннасці сялян былі разнастайныя. Самай цяжкай формай была здача сялян панамі падрадчыкам па кантрактах на сплаўныя, будаўнічыя і зямельныя работы на працяглы перыяд. Гаспадары адрываліся ад асабістай гаспадаркі, якая прыходзіла ў заняпад. Значна выраслі памеры паншчыны – яны дасягалі шасці дзён у нядзелю з гаспадаркі, пры гэтым селянін выкарыстоўваў свой інвентар і цяглую сілу. Аброчныя сяляне выплочвалі ад 20 да 80 руб. у год, плацілі даніну прадуктамі і выконвалі дадатковыя павіннасці ў маёнтках.

У 50-я гг. XIX ст. наглядаецца няспынны рост нядоімак дзяржаўных падаткаў. Падушны падатак беларускія сяляне плацілі залатой і срэбнай манетай, што было ў 4-5 разоў даражэй за асігнацыі (асігнацыямі плацілі падушны падатак сяляне суседніх расійскіх губерній). На 1856 г. нядоімкі з беларусаў склалі 8 млн. руб., гэта каля 30% усіх нядоімак па імперыі.

Сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам праз таргі і кірмашы. Але яе гандлёвыя сувязі насілі аднабаковы характар – амаль усе атрыманыя грошы ішлі на выплату памешчыцкіх і дзяржаўных падаткаў. На развіццё сваёй гаспадаркі, пакупку зямлі, машын, насення, жывёлы грошай не заставалася. Сялянская гаспадарка, як і раней, заставалася натуральнай. Другая крыніца грошай – адыходныя промыслы, яны былі звязаны з сезоннымі, сплаўнымі і земляробчымі работамі. Вялікая колькасць сялян працавала ў 50-я гг. на будаўніцтве чыгунак за межамі тэрыторыі Беларусі.

Наглядалася расслаенне сялянскіх гаспадарак, яно было больш глыбокім у заходняй і цэнтральнай частках Беларусі. Але заможных сялян у Беларусі ў параўнанні з цэнтральнымі губернямі Расіі было значна меньш.

Такім чынам, да сярэдзіны XIX ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі паглыбіўся і можна гаварыць аб яе крызісе. Яго прыкметы – зніжэнне прыбытковасці памешчыцкіх маёнткаў; рост дзяржаўных нядоімкаў; маёмаснае і сацыяльнае расслаенне сялянства (заможная вярхушка вяла гандлёвае земляробства або валодала прадпрыемствамі і капіталамі); паступовае ўкараненне элементаў капіталізму (прымяненне вольнанаёмнай працы, машыннай тэхнікі, спецыялізацыя гаспадарак, пастаўка прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці на рынак і інш.).


Прамысловы пераварот і станаўленне фабрычна-заводскай прамысловасці на Беларусі ў першай палове XIX ст.


У першай палове XIX ст. Беларусь уступіла ў стадыю прамысловага перавароту. Прамысловы пераварот — гэта пераход ад заснаванай на ручной працы мануфактуры да машыннай індустрыі. У выніку яго прамысловасць пераўтвараецца ў галоўную галіну грамадскай вытворчасці.

Да пачатку XIX ст. найбольш распаўсюджанымі відамі прамысловай вытворчасці на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца промыслы, рамёствы і мануфактуры ў гарадах і мястэчках. Шырокае развіццё атрымалі палатняная, суконная, гарбарная, кравецкая, шавецкая, ганчарная вытворчасці, апрацоўка дрэва, выраб скур і г.д.

У гарадах вядучае месца займала рамесная вытворчасць. Рост яе таварнасці выклікаў ліквідацыю самастойнасці і карпаратыўнай замкнённасці цэхаў, іх манаполію ў вытворчасці. Члены цэхаў атрымлівалі права наймацца на фабрыкі і заводы. Узніклі буйныя майстэрні з наёмнымі рабочымі. Гарацкое рамяство задавальняла патрэбы не толькі жыхароў горада, але і навакольнага вясковага насельніцтва. У канцы 50-х гг. XIX ст. на Беларусі налічвалася да
16,5 тыс. рамеснікаў.

Прыгонныя вотчынныя мануфактуры ў пачатку XIX ст. пераважалі над капіталістычнымі, але паступова яны трансфармаваліся ў капіталістычныя. Вотчынныя мануфактуры працавалі пераважна дзеля задавальнення патрэб памешчыка-прыгонніка і яго гаспадаркі. Капіталістычныя выраблялі прадукцыю на продаж. Меньшая даходнасць прыгонных мануфактур у параўнанні з прадпрыемствамі, на якіх працавалі вольнанаёмныя рабочыя, з’яўлялася пацвярджэннем крызісу прыгоннай гаспадаркі.

У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. кола мануфактур пашырылася. У 1801-1805 гг. у беларускіх губернях было больш за 300 прадпрыемстваў. З 50-х гг. XIX ст. пачаўся хуткі рост капіталістычных мануфактур з вольнанаёмнымі рабочымі. Уласнікамі мануфактур з’яўляліся купцы, мяшчане і рамесніцкія майстры. На 57 капіталістычных мануфактур у 1860 г. працавала 1.746 рабочых, яны выпускалі прадукцыі на 752 тыс. руб., гэта каля 48% прадукцыі ўсіх мануфактур.

Адначасова (другая чвэрць XIX ст.) адбывалася ўзбуйненне вотчынных мануфактур. Іх частка адносілася да тыпу фабрычна-завоцкіх прадпрыемстваў. Арандатары вотчынных мануфактур выкупалі станкі, будынкі, зямлю і перабудоўвалі прадпрыемствы на капіталістычны лад (металургічны завод у Налібоках).

Першыя фабрыкі і заводы ў Беларусі, як і мануфактуры, былі прыгоннымі. Паравыя машыны ў беларускай прамысловасці з’явіліся ў 20-я гг. XIX ст. на суконных прадпрыемствах памешчыка Пуслоўскага ў мястэчках Хомску Кобрынскага і Косаве Слонімскага паветаў. У 1841 г. узнік мукамольны завод капіталістычнага тыпу ў Магілёве, ён быў аснашчаны паравым рухавіком, размяшчаўся ў цагляным будынку, усе рабочыя былі вольнанаёмнымі, затым цукровы завод у Беліцы.

Сярод рэгіенаў лідыравалі Гродзенская губерня (суконныя прадпрыемствы) і Магілёўская губерня, адставала Мінская губерня. Кошт прадукцыі фабрычнай прамысловасці Беларусі ў 1852 г. склаў 2,5 млн. руб., у 1859 г. – амаль 5 млн. руб. Размяшчэнне прадпрыемстваў залежала ад транспартных шляхоў, крыніц сыравіны і працоўнай сілы. Дамінуючымі галінамі фабрычна-завадской прамысловасці ў гэты перыяд былі суконная, папяровая і шкляная. Другасны характар мелі палатняная, дывановая, канатная, медная і некаторыя іншыя галіны.

На працягу першай паловы XIX ст. дробная вытворчасць у прамысловасці пераважала. Хаця колькасць прадпрыемстваў у ей у параўнанні з 1796 г. скарацілася ў 2,3 раза, але аб’ём прадукцыі вырас да 7.105 тыс. руб. Гэта ўдвая больш за мануфактурную і фабрычную вытворчасці разам. Так сама пануючай яшчэ заставалася прамысловасць, заснаваная на прыгоннай працы. Па колькасці прадпрыемстваў на 1860 г. яна пераўзыходзіла капіталістычную ў
1,5 раза, па колькасці рабочых у 1,8 раза, па валавой прадукцыі ў
2,8 раза.

З 1796 па 1861 г. адбываўся рост гарадоў. Насельніцтва гарадоў павялічылася ў 4 разы – з 80 да 320 тыс. Там зменьшылася колькасць і ўдзельная вага пануючага класа феадальнага грамадства (дваран і духавенства), павялічылася колькасць купцоў, рамеснікаў і працуючых па найму.

Больш заметнымі сталі перамены ў нацыянальным складзе гарацкога насельніцтва Беларусі, значна вырасла колькасць яўрэяў (прычына – існаванне “мяжы аседласці”) і рускіх (новае чыноўніцтва).

Развіццю гандлю спрыяў рост колькасці вольнанаёмных рабочых. Да 40-50-х гг. XIX ст. у гарадах і мястэчках вырасла колькасць купецтва, з’яўляецца катэгорыя гандлюючых сялян. Асноўнай формай гандлёвых адносін у 30-50-я гг. XIX ст. былі кірмашы. Самыя вялікія былі ў Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях, нязначныя – у Віленскай і Мінскай (на Беларусі быў 351 кірмаш з прывозам на 7,4 млн. руб.). Буйнымі былі кірмашы ў мястэчку Зэльва Гродзенскай губерні (721 тыс. руб.), у Бешанковічах (664 тыс. руб.) і ў Любавічах Магілеўскай губерні


(501 тыс. руб.). Развозна-разносны гандаль у гарадах, мястэчках і сельскай мясцовасці пасля кірмашоў займаў другое месца. Базары існавалі амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі. Стацыянарны гандаль адбываўся ў штодзённа працуючых гандлёвых установах – лаўках, крамах, магазінах, піцейных дамах, карчмах, кавярнях і г.д.

Знешні гандаль у асноўным вёўся па рэках і каналах. Галоўны гандлёвы шлях – Днепр, асноўны пункт транзітнага гандлю – Юрбург на р. Нёман (сучасны горад Літвы Юрбаркас). 3 Беларусі тавары траплялі ў еўрапейскія і азіяцкія краіны і калоніі Амерыканскага кантынента. За мяжу з беларускіх губерняў вывозілі прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, лес і драўляныя вырабы, прадукцыю перапрацоўчай прамысловасці. Імпартаваліся еўрапейскія фабрычныя тавары, металы, соль, рыба, вінаградныя віны, садавіна, машыны і абсталяванне. Працягваўся традыцыйны гандлёвы абмен з царствам Польскім, але з апошнім у Расійскай імперыі з 1822 па 1850 г. існавала мытная мяжа.

Між тым як унутраны, так і знешні гандаль развіваўся марудна. Яго развіццю ў вялікай ступені перашкаджаў кепскі стан шляхоў зносін. Тэмпы росту гандлю ў 50-я гг. XIX ст. у параўнанні з другой паловай XVIII ст. знізіліся.

Першая палова XIX ст. – перыяд далейшага фарміравання капіталістычных адносін. Аб гатым сведчылі новыя капіталістычныя мануфактуры, заводы і фабрыкі, дзе працавалі вольнанаёмныя рабочыя, укаранялася паравая машынная тэхніка. Але тэмпы прамысловага развіцця беларускіх губерній былі ніжэйшымі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Еўрапейскай часткі Расіі. Галоўныя прычыны – панаванне прыгоннай сістэмы гаспадарання і канкурэнцыя з боку расійскай і польскай прамысловасці, якія мелі значную перавагу ў сваім развіцці.

Спробы гаспадарчых рэформаў. Крызісныя з’явы ў гаспадарцы прымушалі царскія ўлады рабіць пэўныя захады па рэфарміраванню існуючых парадкаў. Першыя спарадычныя меры прымаліся яшчэ ў пачатку стагоддзя, Але былі непаслядоўнымі і абмежаванымі. Так, у 1801 г. Расійскі ўрад даў дазвол набываць і прадаваць землі купцам, мяшчанам і дзяржаўным сялянам (упершыню купцы і мяшчане Беларусі набылі гэта права яшчэ ў 1775 г. згодна з пастановай Сейму Рэчы Паспалітай). А ў 1803 г. быў выдадзены ўказ аб так званых “вольных хлебапашцах”. Памешчыкі мелі права адпускаць прыгонных з зямлёй за вялізны выкуп, але за імі заставаліся павіннасці згодна з узаемным дагаворам. У 1848 г. вольныя хлебаробы былі ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.

Інвентарная рэформа 1844-1857 гг.. З мэтай абмежаваць бескантрольную ўладу памешчыкаў, царскі ўрад увеў абавязковыя інвентары – гаспадарчае апісанне памешчыцкіх маёнткаў з дакладнай фіксацыяй колькасці прыгонных, памераў зямельных надзелаў, выконваемых павіннасцяў. У 1844 г. было зацверджана палажэнне аб стварэнні дваранскіх камітэтаў у заходніх губернях для складання абавязковых інвентароў памешчыцкіх маёнткаў.
У камітэтах ўдзельнічалі самі памешчыкі, таму складзеные імі інвентары сялянам палёгкі не неслі.

Па інвентарах уся зямля, якая знаходзілася ў фактычным карыстанні сялян, захоўвалася за імі. Для вызначэння павіннасцей за аснову была прынята трэцяя частка даходу з вылучаных сялянам зямель. Інвентарныя правілы часта парушаліся памешчыкамі, тым не менш дзяржава ў некаторай ступені ахоўвала сялян ад празмерных апетытаў іх гаспадароў. Да 1857 г. інвентары былі ўведзены толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў (сяляне актыўна супрацьдзейнічалі іх ўвядзенню), таму можна гаварыць аб правале рэформы.

Адначасова ў сістэме кіравання дзяржаўнай маёмасцю
(каля 465 тыс. сялян на Беларусі) патрабавалася рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі. Яна была праведзена ў 1837-1841 гг. міністрам дзяржаўнай маёмасці П.Д. Кісялёвым. Рэформа мела тры накірункі: рэформа кіравання дзяржаўнай вёскай; “папячы-
цельская” палітыка
; “люстрацыі дзяржаўных маёмасцяў”.

Рэформа кіравання вёскай пачалася ў 1837 г. згодна з спецыяльным палажэннем. Была адменена арэнда дзяржаўных маёнткаў, і быў створаны бюракратычны аппарат кіравання сялянамі, утрыманне якога лягло на плечы дзяржаўных сялян.

“Папячыцельская палітыка” ўключала арганізацыю харчовай дапамогі сялянам, арганізацыю пачатковага навучання для дзяцей і арганізацыю медыцынскай дапамогі. Харчовая дапамога на выпадак перыядычных неўраджаяў складалася ў стварэнні грамадскіх запасаў зерня. Галоўнай крыніцай папаўнення кармоў служылі грамацкія заворванні. Аднак колькасць хлеба ў крамах не павялічвалася. Не лепш былі справы і з іншымі пачынаннямі «папячыцельскай палітыкі». Да таго ж мерапрыемствы папячыцельства фінансаваліся не дзяржавай, а з сум сялянскіх капіталаў і грамадскага збору.

Мэта люстрацыі дзяржаўных маёмасцяў – павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўнай вёскі праз ліквідацыю сялянскага малазямелля (пераразмеркаванне зямельнага фонду паміж маёнткамі і перасяленне сялян) і рэгламентацыю і ўніфікацыю павіннасцяў. Яна праводзілася ў два этапы: да 1844 г. з захаваннем фальварачна-баршчыннай сістэмы, і з 1844 г. па 1857 г. – паскораны ўвод аброчнай сістэмы.

Гэта сялянская рэформа мела буржуазны характар, бо спрыяла пашырэнню таварна-грашовых адносін на вёсцы.

Акрамя таго, у першай палове стагоддзя былі праведзены гільдэйская рэформа 1824 г. і грашовая рэформа 1839-1843 гг. (міністрам фінансаў Е.Ф. Канкрыным).

Мэта першай рэформы была ў пашырэнні правоў купецтва трэцяй гільдыі. Больш таго, акрамя купецтва іншыя асобы (мяшчане, сяляне, рамеснікі) атрымалі права набываць гільдэйскія пасведчанні. Сяляне мелі права трымаць ткацкія станкі, мяшчане маглі закупаць і перапрадаваць сельскагаспадарчыя тавары, аднак на абмежаванай тэрыторыі.

Сутнасць грашовай рэформы была ў замене папяровых грошай (асігнацый) на крэдытныя білеты, якія павінны былі свабодна разменьвацца на срэбра. У сваю чаргу, срэбраная манета вызначалася як галоўная манета абарачэння, мера ўсіх грашовых папер, каштоўных папер і аблігацый. Рэформа мела станоўчы вынік, бо дапамагла ўмацаваць фінансы дзяржавы.



Праведзеныя рэформы садзейнічалі пашырэнню таварна-грашовых адносін у феадальнай гаспадарцы. Але асноўная іх мэта – захаваць феадальнае землеўладанне і прыгонную сістэму. Таму рэформы кардынальна не вырашылі праблему адставання гаспадарчага развіцця ўсёй дзяржавы і Беларусі як яе часткі ад перадавых краін.

Кантрольныя пытанні да тэмы №8


  1. Калі адбыліся падзелы тэрыторыі Рэчы Паспалітай, і якія землі былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі пасля кожнага падзела?

  2. Якія адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі былі створаны на беларускай тэрыторыі?

  3. На якіх прынцыпах будавалася палітыка царскага ўрада на далучаных тэрыторыях?

  4. Якую канфесійную палітыка праводзіў царскі ўрад на далучаных землях?

  5. Што такое “польскае пытанне”, і якія шляхі яго вырашэння прапанавалі ўрады Аляксандра I і Мікалая I?

  6. Якая саслоўная палітыка праводзілася на далучаных тэрыторыях?

  7. Якія мэты на Беларусі мела рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі?

  8. Якую палітыку праводзіў урад у галіне асветы на далучаных тэрыторыях?

  9. Якія адметнасці мелі ваенныя дзеянні 1812 года для беларускага насельніцтва?

  10. Якія тайныя таварыствы першай паловы XIX стагоддзя вы ведаеце, якія ідэі прапагандавалі гэтыя таварыствы?

  11. Якія мэты праследвалі паўстанцы ў 1830-1831 гг., і якія вынікі мела гэта паўстанне?

  12. Што такое прамысловы пераварот, і як ён праходзіў на Беларусі?
1   ...   27   28   29   30   31   32   33   34   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка