Курс лекцый у дзвюх частках Частка 1




старонка20/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   ...   35

ТЭМА 5. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ Ў IX – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XVII СТст.

Лекцыя 5. Культура Беларусі ў ІХ – першай палове
XVII стагоддзяў


Асноўныя паняцці:

традыцыйная (народная) культура; культура пануючага класа; вусная народная творчасць; рунічная пісьменнасць; кірылічны алфавіт; помнікі пісьменнасці; пергамент; Тураўскае евангелле; агіяграфічная літаратура; фрэскі; плінфа; галаснікі; скамарохі; Адраджэнне; праваслаўныя брацтвы; пратэстанцкія школы; кальвінізм; калегіўмы; скрыпторыі; кнігадрукаванне; летапісанне; гістарычная проза; мемуарыстыка; панегірычная літаратура; батлейка; замкі-кастэлі; барока; сармацкі партрэт; кантррэфармацыя; арыяне; езуіты; Берасцейская царкоўная ўнія.

Культура Беларусі X – XIII стст.


З прыняццем хрысціянства і развіццём феадальных адносін культура падзяляецца па саслоўным прынцыпе на два накірункі – традыцыйную (ці народную) культуру і культуру пануючага класа. Культура пануючага класа была амаль аднолькавай на ўсёй тэрыторыі Кіеўскай Русі, бо яе фундамент – візантыйскае праваслаўе, агульная пісьменнасць, заснаваная на старажытнарускай мове, агульныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы. Традыцыйная культура ў кожнай мясцовасці мела свае асаблівасці, значныя адрозненні, характэрныя для плямёнаў, ад якіх пайшло мясцовае насельніцтва.

Вусная народная творчасць – самая развітая галіна традыцыйнай культуры. Бытавалі каляндарна-абрадавыя песенныя цыклы (прысвечаныя язычніцкім святам і сельскагаспадарчым работам – Масленіцы, Русальнаму тыдню, Купаллю, Дажынкам), сямейна-абрадавыя песні (цыклы для вяселля, пахаванняў). Шырока распаўсюдзіліся казкі-быліны, паданні, легенды, прыказкі, загадкі, замовы. Сярод былін выдзелім “Вальга Святаславіч і Мікула Селянінавіч”, “Дабрыня-сват” (пра сватаўство да Рагнеды Ўладзіміра). Але быліна распавядала пра станаўленне феадальных адносін, а таму характэрна была і для культуры пануючага класа.

Пачынаючы з IX ст., на ўсходнеславянскіх землях шырока распаўсюджваецца пісьменнасць на базе кірылічнага алфавіта (выцесніла рунічную пісьменнасць). Кірыліца была складзена ў 863 г. братамі Кірылам і Мяфодзіем для старабалгарскай мовы, але распаўсюдзілася амаль сярод усіх славянскіх народаў. Спрыяла гэтаму прыняцце славянамі хрысціянства і пераклад святых тэкстаў на славянскія мовы. На Беларусі засталося няшмат помнікаў пісьменнасці, большасць з іх – унікальныя рэчы.

Першы датаваны надпіс ва Ўсходняй Еўропе – пячатка князя Ізяслава (княжыў да 1001 г.) з імем князя на грэчаскі лад – “Ізяславос”. Выдатным помнікам пісьменнасці з’яўляюцца “Барысавы камяні”, якія размяшчаліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны. Па загадзе сына Усяслава Чарадзея, князя Барыса (Рагвалода) на вялікіх камянях – язычніцкіх сімвалах былі нанесены надпісы “Господі помозі”, “Сулібор хрест” і выбіты шасціканцовыя крыжы (1120-я гг.). Берасцяныя граматы XI-XV стст. знойдзены на Беларусі ў Віцебску і Мсціслаўлі. Яны выкананы на берасцяной кары – бяросце. У Бярэсці археолагі знайшлі драўляны грэбень з паслядоўна размешчанымі літарамі кірыліцы – “букваром”, адносіцца ён да XIII ст.

Найбольш каштоўныя помнікі пісьменнасці – гэта рукапісныя кнігі. З XI-XIII стст. захавалася няшмат кніг. Яны былі вельмі рэдкія і ў тыя старажытныя часы. Вырабляліся з пергаменту – спецыяльна апрацаванай скуры маладых жывёл. На адну кнігу трэба было выгадаваць невялікі статак цялят. Да таго ж кнігі перапісвалі ўручную, гэта быў вельмі марудны працэс.

Самая ранняя рукапісная кніга на Беларусі – гэта Тураўскае евангелле XI ст. Яшчэ вядомы Полацкія евангеллі XII-XIV стст., Аршанскае евангелле XIII ст. Акрамя царкоўнай літаратуры распаўсюдзілася свецкая літаратура. Перш за ўсе – гэта летапісы. Ёсць звесткі аб існаванні Полацкага летапісу (ім карыстаўся В.М.Тацішчаў), які не захаваўся. Агульным летапісам Кіеўскай Русі з’яўляецца “Аповесць мінулых гадоў”, што была напісана манахам Нестарам у Кіеве ў пачатку XII ст. “Слова аб палку Ігаравым” змяшчае цікавую інфармацыю пра полацкіх князёў (Усяслаў Чарадзей). Аўтар спрыяльна ставіўся да полацкіх князёў, а ў тэксце сустракаюцца словы, характэрныя да заходніх зямель Кіеўскай Русі. Гэта дало падставу некаторым даследчыкам сцвярджаць, што аўтарам з’яўляецца жыхар ці выхадзец са старажытнабеларускіх зямель. Час стварэння “Слова…” – 1185-1187 гг.

З распаўсюджаннем хрысціянства і з’яўленнем сваіх славянскіх святых з канца XII ст. пашыраецца мясцовая агіяграфічная літаратура – “жыціі” і “хаджэнні” святых. Вядомы “Жыціе і хаджэнне Еўфрасінні Полацкай” (да 1187 г.), “Жыціе Кірылы Тураўскага”, “Жыціе Аўрамія Смаленскага” (напісана яго вучнем Яфрэмам каля 1240 г.), “Хаджэнне Ігнація Смаляніна”.

Вялікую спадчыну пакінуў Кірыла Тураўскі (жыў каля 1130-1182 гг.). Вядомы яго 8 “слоў”-пропаведзяў, 2 каноны, некалькі аповесцяў, каля 30 малітваў-споведзяў. Асноўная тэма, якая турбавала “Златавуста” – духоўная дасканаласць чалавека.

Клімент Смаляціч (?-1164 гг.) – адзін з першых славян, які займаў пасаду кіеўскага мітрапаліта. Знакаміты як вялікі кніжнік, але захаваўся толькі адзін яго твор – “Пасланне Фаме прасвітэру”, у якім ён адстойвае самастойнасць мясцовай хрысціянскай царквы перад канстантынопальскім патрыярхам Фамой.

Вялікае месца ў гісторыі культуры Беларусі займае Еўфрасіння Полацкая (1110-1173 гг.), дачка малодшага сына Ўсяслава Чарадзея. Яна перапісвала і перакладала кнігі, засноўвала манастыры (Спаскі жаночы і прсв. Багародзіцы мужчынскі) і школы для дзяцей пры іх, была фундатарам цэркваў і выдатных помнікаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па загадзе Еўфрасінні полацкі дойлід Іаан пабудаваў Спаскую царкву (каля 1132-1159 гг.), а распісаў царкву фрэскамі мастак Кузьма з памочнікамі (згодна з надпісам на сцяне храма). Па заказе Еўфрасінні полацкі майстар-залатар Лазар Богша ў 1161 г. выканаў шасціканцовы крыж – святыню Беларусі. На драўлянай аснове мацаваліся 11 залатых пласцін, аздобленых перагародчатымі каляровымі эмалямі з выявамі святых, каштоўнымі камянямі. Бакі крыжа абкладзены сярэбранымі пазалочанымі пласцінамі, на якіх нанесены надпіс – гісторыя стварэння крыжа, імя майстра, праклён магчымым злодзеям. Такім чынам, крыж – помнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, помнік пісьменнасці, хрысціянскі помнік старажытнай Беларусі.

Аб высокім узроўні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў старажытных беларускіх княствах гавораць знаходкі прадметаў рамесніцкай вытворчасці – разных з косці і дрэва гронкаў нажоў, грабянёў, лыжак, шахматных фігурак (знойдзены ў Ваўкавыску, Лукомлі, Гародні). Майстры-залатары авалодалі складанай тэхнікай філіграні, гравіроўкі, залачэння, чэрні, зярнення.

Важнае месца ў шматграннай культуры старажытнай Беларусі займае архітэктура. Беларускі даследчык культуры М.М.Шчакаціхін яшчэ ў 20-я гг. XX ст. выдзяліў дзве архітэктурныя школы культавага будаўніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, што адрозніваліся па віду кладкі плінфы, дэкору, памерам і планіроўке пабудоў.

Полацкая будаўнічая школа атрымала вялікі ўплыў візантыйска-малаазіацкага будаўніцтва. Выкарыстоўвалася муроўка з пахаваным радам цэглы (адзін рад цэглы ўтапліваўся глыбей і затынкоўваўся, вонкавая тынкоўка адсутнічала), інтэр’ер (унутраная прастора) аздаблялася фрэскамі – рознакаляровымі роспісамі па сырой тынкоўцы. Выдатнымі помнікамі полацкай будаўнічай школы з’яўляецца Сафійскі сабор (1050-я гг.), Спаская (Спаса-Еўфрасіньеўская) царква (1132-1159 гг.), храмы ў Бельчыцах (XII ст.), Дабравешчанская царква ў Віцебску – ці Царква Звеставання (1-ая палова – сярэдзіна XII ст.) а так сама храмы ў Мінску, Ноўгарадзе, Смаленску.

Гарадзенская архітэктурная школа прадстаўлена помнікамі – Барысаглебскай царквой на Каложы (Каложская царква) ў Гродне, пабудаванай ў апошнюю чвэрць XII ст.; незавершанай царквой у Ваўкавыску XII ст.; гродзенскай Прачысценскай царквой XII ст.; гродзенскай Ніжняй царквой пабудовы XII ст. (загінула пад час пажару 1183 г.), а таксама храмамі ў Тураве, Новаградку, Мінску і інш. Асаблівасці тэхнікі гродзенскай школы – выкарыстанне ў муроўцы плінфы (тонкай цэглы) разам з абцёсаным камнем і дэкаратыўнай маёлікавай пліткі, а таксама галаснікоў – керамічных гаршкоў, умараваных у сцены для паляпшэння акустыкі. Для аздаблення выкарыстоўваліся фрэскі і мазаіка. Гэта гаворыць аб уплыве візантыйскай, балканскай і каўказкай традыцый будаўніцтва.

Выдатным прыкладам ваеннага дойлідства на Беларусі з’яўляецца Камянецкая ці Белая вежа, пабудаваная ў Камянцы сучаснай Брэсцкай вобласці дойлідам Алексай у XIII ст. Рэшткі падобных вежаў знойдзены ў Полацку, Гародні.

Музычная культура мела некалькі накірункаў. Адным з замоўцаў выступаў княжаскі двор, дзе патрабаваліся выканаўцы цэрыманіяльнай і ваеннай музыкі. У межах хрысціянскай праваслаўнай царквы музычныя інструменты не выкарыстоўваліся, але склаўся знакаміты знаменны распеў. Наогул, царква выступала супраць народнай музычнай культуры, прадстаўленай скамарохамі, спевакамі з гуслямі, жалейкамі, бубнамі. Апошніх вельмі шанаваў просты люд і часта прымалі пры дварах феадалаў.


1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка