Курс лекцый у дзвюх частках Частка 1




старонка10/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   35

Рэлігія славян. Распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі


Да прыняцця хрысціянства ўсходнія славяне з’яўляліся язычнікамі ці паганцамі. Гэта значыць, што яны пакланяліся розным з’явам прыроды – агню, сонцу, месяцу, вадзе і г.д. Напярэдадні хрысціянізацыі склаўся пантэон багоў славян, якія мелі антропаморфны выгляд (выглядалі як людзі). Галоўныя багі –
Пярун – бог грому, маланкі і вайны, Сварог – бог неба, Ярыла – бог сонца, Велес – бог-абаронца хатняй жывёлы. Цэнтрамі язычніцкай рэлігіі былі свяцілішчы – капішчы, дзе адбываліся малебны, ахвярапрынашэнні, у тым ліку і чалавечыя. Служкай паганскага культу быў жрэц – пасрэднік паміж людзьмі і багамі. Жрацы падтрымлівалі агонь на капішчах, бо агонь валодаў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Сваіх нябожчыкаў славяне спальвалі на вогнішчы, а знатных – нават разам з жонкамі, рабамі і вялікай колькасцю прылад працы. Гэта гаворыць аб існаванні развітых уяўленняў пра жыццё пасля смерці.

Менавіта ў той час склаліся галоўныя святы славян, звязаныя з сельскагаспадарчым і каляндарным цыкламі, шанаваннем продкаў. Некаторыя з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта зажынкі – пачатак уборкі ўраджаю, звязванне першага снапа і дажынкісвята апошняга снапа; масляніца – свята адраджэння сонца ў пачатку вясны, калі пякліся бліны – сімвалы нябеснага свяціла. Культ шанавання продкаў увасабляецца ў святах Дзяды і Радаўніца. Новы год у славян пачынаўся з сакавіка месяца – гэта таксама было звязана з нараджэннем сонца, хуткім пачаткам сельскагаспадарчай працы.

Але паганства ўжо не адпавядала патрэбам кіруючай вярхушкі Кіеўскай Русі. Суседнія дзяржавы і дзяржавы, з якімі ўсходнія славяне былі звязаны гандлёвымі сувязямі адмовіліся ад паганства на карысць хрысціянства (Еўропа), ці мусульманства (Азія). На землях Старажытнай Русі таксама былі знаёмы з хрысціянствам. Бабка Уладзіміра Святаславіча, княгіня Вольга, прыняла хрысціянства ў Канстантынопалі разам з некаторымі прадстаўнікамі кіеўскай знаці. У Кіеве пад час княжання Святаслава дзейнічала Дзесяцінная царква, і шмат кіеўлян, што арыентаваліся на супрацоўніцтва з Візантыяй (асабліва нараджаемае заможнае купецтва) веравызнавалі хрысціянства па ўсходнім абрадзе.

На Полаччыне былі свае прыклады знаёмства мясцовых жыхароў з хрысціянствам, якое пачало пранікаць у IX ст. Ісландскі помнік пісьменнасці “Сага аб хрышчэнні” распавядае пра Торвальда Вандроўніка (ён ахрысціў Ісландыю), які вяртаўся на радзіму пасля паломніцтва ў Палесціну. Яго шлях пралягаў праз Полацк, дзе місіянер заснаваў манастыр Іаана Прадцечы, але неўзабаве і сам памёр (пахаваны ў гэтым манастыры).

Былі знаёмы з хрысціянствам у сям’і першага гістарычна вядомага полацкага князя Рагвалода. Нездарма Рагнеда аддала перавагу Яраполку, а не Ўладзіміру – першы спрыяльна адносіўся да хрысціян. Усе дзеці Рагнеды былі вядомы сваімі прыхільнымі адносінамі да хрысціянства. Пасля ліквідацыі гарэма Уладзіміра Рагнеда пастрыглася ў манашкі, узяўшы імя Анастасія і жыла ў Заслаўі ў скіце, які, на жаль, так і не пераўтварыўся ў першы жаночы манастыр на Беларусі.

Афіцыйна Кіеўская Русь прыняла хрышчэнне ў 988 г. Ужо ў 992 г. у Полацку была заснавана епархія – царкоўная тэрытарыяльная адзінка, што кіравалася епіскапам. Была пабудавана першая царква ў імя Багародзіцы. Першымі епіскапамі былі грэкі (з Візантыі) ці балгары. У 1005 г. была заснавана Тураўская епархія. Абедзве епархіі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі. Самым вядомым тураўскім епіскапам быў наш славуты культурны дзеяч Кірыла Тураўскі, які жыў у XII стагоддзі.

Распаўсюджванне хрысціянства ішло досыць марудна, яно хутка пранікала ў сем’і феадалаў і знаці, купецкага люду, але амаль не мела ўплыву ў сельскай мясцовасці, дзе па-ранейшаму шанавалі старых паганскіх багоў. Гэтаму спрыяла суседства беларускіх зямель з балцкімі плямёнамі, што веравызнавалі язычніцтва. Адначасова тут спрабавала распаўсюдзіць уплыў хрысціянства заходняга абраду. Яшчэ ў 1013 г. у Тураве дзейнічаў біскуп Рэйнберг з Калобжыц, што прыехаў разам з дачкой польскага караля Баляслава, жонкай тураўскага князя Святаполка Уладзіміравіча. Хрысціянская царква юрыдычна была адзінай, але паміж заходняй і ўсходняй часткай яе існавалі вельмі напружаныя адносіны. Па загаду вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Рэйнберг быў зняволены ў Кіеве, дзе і памёр. У 1054 г. хрысціянская царква канчаткова падзялілася на праваслаўе і каталіцтва, што дало ідэалагічную падставу ў XIII ст. нямецкім рыцарам рабіць напады на славянскія землі – яны ваявалі супраць “схізматыкаў”, ератыкоў і неслі разам з агнём і крыжом “сапраўдную” веру – каталіцтва.

Пад час барацьбы за княжаскі трон у Кіеве (пасля смерці Уладзіміра) у 1015 г. былі забіты князі-браты Барыс і Глеб. Менавіта яны сталі першымі ўсходнеславянскімі святымі (кананізаваны ў 1072 г.). Гэтых святых шанавалі ў Полацкім княстве. Два сыны Ўсяслава Чарадзея названыя ў гонар святых. У сваю чаргу, сын Усяслава Барыс мае прамое дачыненне да так званых “барысавых камянёў”. На велізарных валунах, што з’яўляліся язычніцкімі фетышамі, ён загадаў выбіць хрысціянскі сімвал – шасціканцовы крыж з надпісам “Господі помозі”. Гэта быў адзін з метадаў барацьбы з язычніцтвам. Выкарыстанне язычніцкіх святынь хрысціянствам дапамагала распаўсюджванню новай рэлігіі, стварала бачнасць пераемнасці. Так, нават полацкая Сафія была пабудавана Ўсяславам Чарадзеем (1050-я гг.) на месцы старажытнага паганскага капішча.

Яшчэ адзін з метадаў пашырэння хрысціянства – гэта заснаванне манастыроў. Паводле некаторых звестак, першыя манастыры ўзніклі ўжо ў X ст. Гэта полацкі манастыр св. Іаана Прадцечы (заснаваны Торвальдам Вандроўнікам) і пінскі Лешчынскі (заснаваны кіеўскім князем Уладзімірам). Але дасканала вядома пра манастыры на Беларусі толькі з XII ст. У Полацку гэта – жаночы св. Спаса і мужчынскі св. Багародзіцы (заснаваныя Еўфрасінняй Полацкай), Барысаглебскі ў Бельчыцах пад Полацкам. У пачатку XII ст. у Тураве быў заснаваны жаночы Варварынскі манастыр (заснавала Варвара, жонка Святаполка Ізяславіча) і Барысаглебскі (у ім знаходзілася рэзідэнцыя епіскапа). Манастыры карысталіся значнай падтрымкай ад князёў, частка манахаў і манахінь былі са знатных феадальных родаў.

Са стварэннем ВкЛ адносіны да рэлігіі з боку кіраўнікоў княства крыху змяніліся. Вялікія літоўскія князі, за рэдкім выключэннем, спрыяльна ставіліся да язычніцтва. А ў цяжкіх палітычных абставінах яны з лёгкасцю маглі мяняць веравызнанне на тое, што давала большыя палітычныя перавагі. Так, Міндоўг прыняў праваслаўе ў 1246 г., каталіцтва ў 1251 г., а ў 1261 г. наогул вярнуўся да паганства. Пры князі Трайдзене літоўцы-хрысціяне падвяргаліся ганенням. Тым не менш, да пачатку XIV ст. хрысціянства на беларускай частцы ВкЛ атрымала канчатковую перамогу. На літоўскай частцы ВкЛ пераважна веравызнавалі язычніцтва, але былі і хрысціяне – як праваслаўныя, так і каталікі.


Кантрольныя пытанні да тэмы №3


  1. Якія сувязя ляжалі ў падмурку сельскай суседскай абшчыны?

  2. Якімі шляхамі складвалася прыватная маёмасць на зямлю?

  3. Якія катэгорыі сялянства вы ведаеце?

  4. Якія існавалі крыніцы стварэння класа феадалаў?

  5. Якія формы феадальнага землеўладання вы ведаеце?

  6. Якая форма гандлю была наўбольш развітай – знешні ці ўнутраны?

  7. На землях якога племянного аб’яднання ўтварылася Полацкае княства?

  8. На землях якога племяннога аб’яднання ўтварылася Тураўскае княства?

  9. Які полацкі князь некаторы час займаў пасаду Вялікага князя кіеўскага?

  10. Якія ваенна-манаскія ордэны супрацьстаялі Полацкаму княству ў Прыбалтыке?

  11. Калі былі створаны хрысціянскія епархіі на беларускіх землях?
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка