«Культура» Таццяна Команава Валянцінін дзень




Дата канвертавання01.05.2016
Памер18.99 Kb.
25.04.2009 «Культура»
Таццяна Команава
Валянцінін дзень
Завяршэнне тыдня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага пройдзе "пад знакам" рэжысуры Валянціны Ераньковай. 24 красавіка яна адзначае свой 60-гадовы юбілей, да якога прымеркаваны "сцэнічны парад" яе спектакляў. Гледачам прадастаўлена магчымасць правесці тры вечары з "Валянцінавым днём" І.Вырыпаева, "Утаймаваннем наравістай" У.Шэкспіра і "Жаніхамі" М.Гогаля.

Як гэта нярэдка здараецца, свой творчы шлях Валянціна Еранькова распачала ў якасці актрысы, але з цягам часу творчая "прырода" унесла свае карэктывы ў гэты выбар, і яна натуральна прыйшла да прафесіі рэжысёра. Сярод этапных і вызначальных для свайго творчага лёсу падзей Валянціна Еранькова называе творчыя стажыроўкі ў Цэнтры тэатральнага мастацтва г. Аарау (Швейцарыя) і маскоўскім тэатры "Ленком" (Расія). Яна стварыла шэраг пастановак у Дзяржаўным маладзёжным тэатры, Рэспубліканскім тэатры юнага гледача, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, дзе і працуе цяпер. Сярод спектакляў, што выклікалі шырокі рэзананс у тэатральных колах і былі шчодра адзначаны айчыннай і замежнай крытыкай, – "Гiсторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі" паводле Ж.Амаду, "Дзівакі" М.Горкага, "Тата, тата, бедны тата..." А.Копіта, "Сільвія" А.Герні, "Злоўлены сеткай" Р.Куні і шэраг іншых.



Своеасаблівым рэжысёрскім крэда Валянціны Ераньковай з'яўляецца тая акалічнасць, што літаральна ўсе яе спектаклі так ці іначай звяртаюцца да адной-адзінай тэмы, якая скразной лініяй праходзіць праз усё творчае жыццё рэжысёра, – кахання, яго месца і значэння ў жыцці чалавека, яго сілы, магутнасці тых здзяйсненняў, якія аказваюцца падуладнымі тым, хто спасціг таямніцы гэтага пачуцця і аддаўся яму цалкам.

У бліжэйшых планах рэжысёра – чарговая прэм'ера на сцэне Горкаўскага тэатра: спектакль" Я – твая нявеста" В.Астаф'ева, які рэжысёр прысвячае 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. I, нягледзячы на тое, што сам твор заглыбляе нас у рэаліі Вялікай Айчыннай вайны, а галоўны герой мусіць загінуць, можна не сумнявацца, што і гэтым разам на сцэне абавязкова перамогуць Каханне і вера ў Жыццё. Інакш у спектаклях Валянціны Ераньковай і не бывае.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка