Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны ад Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр




Дата канвертавання20.03.2016
Памер102.75 Kb.


Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны
ад Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр

Трэці сектар”


а/с 54, Гародня, 230009,

тэл./факс (0-152) 75-71-72,

e-mail: trecisektar@yahoo.com

www: sektar.cjb.net

Выпуск 188

(16 верасня 2005 г.)



Сёньня ў выпуску:

  • Навучаньне ў гарах

  • Адкрытая школа мясцовай супольнасьці

  • Рада СПБ сустрэлася ў Польшчы

  • Анджэю Пісальніку - за мужнасьць і прафэсыяналізм

  • Шчасьлівага Дня народзін, БАЖ!

  • Спабор малых грантаў

  • Праграма “Перамены ў рэгіёне – RITA”

  • Гранты для педагогаў

  • Спабор транспамежных праектаў

  • Заняткі для маленькіх патрыётаў


Шаноўныя сябры!

Прапануем вашай увазе першы пасьля летніх канікулаў выпуск нашае “Кронікі”.

Са спадзевам на супрацоўніцтва,

сябры грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтр “Трэці сектар”



Над выпускам працавалі:

Алеся Бяленік (рэдактар выпуска);

Вітаўт Руднік




Падзеі:


Навучаньне ў гарах


Зь 1 па 9 жніўня сябры ГА “Цэнтр “Трэці Сэктар” бралі ўдзел ў міжнародным маладзёвым летніку “IDEA for Youth: Innovations, Development, Education, Action”.

Летнік месьціўся ў гарах Карпаты блізу ўкраінскага мястэчка Слаўск. Акрамя беларусаў, у праекце прынялі ўдзел прадстаўнікі Украіны, Польшчы, Партугаліі і Аргентыны.

Летнік быў скіраваны на маладых трэнэраў, якія працуюць у сфэры нефармальнай адукацыі. Асноўнай часткай летніку была трэнінгавая праграма, якая ўключала ў сябе тэарэтычны курс і практычную частку. Заняткі праводзіла міжнародная каманда трэнэраў, сфармаваная партнэрамі па праекце.

Падчас трэнінгаў маладыя трэнэры актыўна знаёміліся з плянаваньнем адукацыйных праграмаў, структурай трэнінгу, метадамі, прыёмамі і формамі навучаньня і інш. На практычных занятках ўдзельнікі ў міжнародных групах распрацоўвалі ўласныя праграмы трэнінгаў, пасьля чаго дэманстравалі асобныя сэсіі і спрабавалі сябе ў ролі трэнэраў.

Адной з часткаў праграмы летніку была распрацоўка ідэяў будучых супольных праектаў. У выніку ўдзельнікамі летніка зараз распрацоўваюцца 2 міжнародныя праекты. Першы праект тычыць знаёмства з метадамі экалягічнай адукацыі моладзі, другі плянуецца як працяг адукацыйнай праграмы для трэнэраў і скіраваны на метады ўключэньня моладзі ў вырашэньне мяцовых праблем.

Арганізатарамі летніку былі грамадзкія аб'яднаньні “Цэнтр “Трэці Сэктар”, Беларусь, “ОПУС”, Польшча, “Таварыства Лэва”, Украіна і міжнародная сетка “Экаклюб”, прадстаўленая ўдзельнікамі з Партугаліі і Аргентыны.



Алеся БЯЛЕНІК

Адкрытая школа мясцовай супольнасьці


Знаёмства прадстаўнікоў грамадзкіх і дзяржаўных арганізацый з рознымі метадамі павышэння ўдзелу насельніцтва ў вырашэнні мясцовых праблем з’яўляецца мэтай праекта “Open Community School” – “Адкрытая школа мясцовай супольнасці”, які распачаўся летам у Гародні.

Арганізатарамі праекту з’яўляюцца Цэнтр Прамоцыі і Развіцця грамадзянскіх ініцыятыў “ОПУС” (Лодзь, Польшча) і грамадскае аб’яднанне “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці сектар” (Гродна, Беларусь).

Удзельнікамі праекта з’яўляюцца прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый, дамоў культуры, цэнтраў сацыяльнай дапамогі насельніцтву з розных рэгіёнаў краіны.

Першым этапам праекта стаў пяцідзённы трэнінг “Актыўная супольнасьць: ад дапамогі да самадапамогі”. Удзельнікі трэнінга пазнаёміліся з рознымі формамі грамадзкага ўдзелу, папрактыкаваліся ў выкарыстанні розных метадаў вызначэньня найбольш вострых мясцовых праблем.

Асаблівая ўвага ў час трэнінга, які праводзіўся беларускімі іпольскімі трэнерамі, надавалася плянаваньню дзейнасьці, накіраванай на павышэньне ўдзелу людзей у вырашэньні мясцовых праблемаў.

Удзельнікі трэнінга даведаліся таксама пра некаторыя інавацыйныя метады дзейнасці на карысць развіцця мясцовай супольнасці. Прыкладамі такіх метадаў з’яўляюцца стварэнне групаў самадапамогі для сацыяльна малаабароненых групаў насельніцтва, сацыяльна-тэрапеўтычных цэнтраў для дзяцей і падлеткаў, клубаў па інтарэсах, валанцёрскіх цэнтраў і г.д.

Наступнымі этапамі праекта стануць два навучальныя візіты за мяжу: у канцы верасьня – у Літву, а ў канцы кастрычніка – у Польшчу. Удзельнікі гэтых візітаў змогуць пазнаёміцца з літоўскім і польскім досьведам актывізацыі насельніцтва дзеля вырашэньня мясцовых праблем.

Вынікі праекта будуць падсумаваныя ў спэцыяльным выпуску часапіса “Трэці сэктар”, які ўбачыць сьвет напрыканцы года.



Вітаўт Руднік


Рада СПБ сустрэлася ў Польшчы


Галоўная рада Саюза палякаў Беларусі 10 верасня правяла паседжаньне ў памежным польскім мястэчку Кузьніца Беластоцкая.

Паводле словаў рэдактара газэты «Glos znad Niemna» Анджэя Пісальніка, ў час паседжаньня была прынятая адозва да грамадзкай думкі і сябраў Саюза. У ёй крытыкуецца прызнаньне беларускай уладай несапраўдным сакавіцкага VІ зьезду Саюза палякаў, падчас якога старшынёй арганізацыі была абрана Анжаліка Борыс.

Асуджана таксама парушэньне законаў падчас жнівеньскага зьезду арганізацыі ў Ваўкавыску, зарганізаванага з удзелам прадстаўнікоў беларускай улады. СПБ мае намер у гэтай справе зьвярнуцца ў беларускі Вышэйшы суд.

У паседжаньні таксама брала ўдзел і Анжаліка Борыс. Анджэй Пісальнік падкрэсліў, што з 35 сябраў Галоўнай рады ўдалося сабраць 18 чалавек, што было дастаткова для кворума. Паводле Пісальніка, гэта зьяўляецца доказам таго, што легальна абраныя падчас сакавіцкага зьезду ўлады СПБ дзейнічаюць і надалей.



Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК

Анджэю Пісальніку - за мужнасьць і прафэсыяналізм



Галоўны рэдактар газеты "Glos znad Niemna" Анджэй Пісальнік атрымае 16 верасьня ў Менску прэмію імя Дзьмітрыя Завадзкага “За мужнасьць і прафэсыяналізм”.

Анджэй Пісальнік быў галоўным рэдактарам газеты "Glos znad Niemna", супрацоўнічаў з газетай "Rzeczpospolita" і зараз зьяўляецца нефармальным прэс-сакратаром групы актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, зьвязаных з Анжалікай Борыс.



Прэмія была заснаваная чатыры гады таму калектывам расейскага "Первого канала". Кожны год кандыдатуры ляўрэатаў абмяркоўваюцца журналістамі расейскага тэлеканалу і ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", пасьля чаго кандыдатуры зацьвярджае генеральны дырэктар "Первого канала".

Акрамя Анджэя Пісальніка, ляўрэатамі прэміі імя Дзьмітрыя Завадзкага сталі: журналістка Радыё "Свабода" Любоў Лунёва, карэспандэнтка REN-TV Алена Слаў і аператар гэтага тэлеканала Уладзімір Косьцін і журналіст "БДГ" Сяргей Сацук.

Паводле pahonia.promedia.by

Шчасьлівага Дня народзін, БАЖ!


Сёньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” будзе адзначаць дзесятыя ўгодкі сваёй дзейнасьці.

Арганізацыя аб’ядноўвае каля тысячы супрацоўнікаў як незалежных, так і дзяржаўных СМІ, якія падзяляюць прынцыпы прафэсійнай этыкі журналіста.

Пра дзейнасьць Асацыяцыі распавядае старшыня БАЖ Жана Літвіна:

- Калі мы толькі пачыналі працаваць, нейкага дакладнага ўяўленьня пра тое, што мы павінны рабіць, не было. Але само жыцьцё вельмі хутка акрэсліла прыярытэты. Зь першых месяцаў у нас пачалі працаваць юрысты, якія займаліся прававымі кансультацыямі і прадстаўлялі інтарэсы незалежнай прэсы ў судах. Зараз пры БАЖ ужо працуе Цэнтр прававой абароны СМІ.

Другім прыярытэтам нашай дзейнасьці сталі адукацыйныя праграмы, бо, на жаль, мы змушаныя канстатаваць, што губляем прафэсію журналіста, губляем стандарты журналісцкай дзейнасьці.

БАЖ зьяўляецца атрымальнікам шэрагу прэстыжных міжнародных узнагародаў. 14 сьнежня 2004 году асацыяцыя атрымала прэмію Эўрапейскага парляманту імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Гэтаксама аб’яднаньне атрымала прэміі Міжнароднай асацыяцыі журналістаў і Сусьветнай асацыяцыі выдаўцоў газэт “Залатое пяро свабоды” за 2003 год. Аднак Жана Літвіна марыць, “ каб беларускія журналісты атрымлівалі гэтыя ўзнагароды менавіта за сваю працу, сваю творчасьць, а не за барацьбу ў адстойваньні права на сваю прафэсію.”

У гэтым годзе Беларуская асацыяцыя журналістаў заснавала і ўласную ўзнагароду – ганаровы дыплём імя Ігара Герменчука. Першым лаўрэатам дыплёму стала галоўная рэдактарка гарадзенскай газэты «Биржа информации» Алена Раўбецкая.

Ад імя расейскага Першага каналу на сьвяткаваньні ўгодкаў БАЖ яго прадстаўнік Павал Шарамет мае намер ўручыць прэмію Зьміцера Завадзкага «За мужнасьць і прафэсіяналізм», заснаваную калектывам тэлеканала.

У гэтым годзе прэміямі былі ўганараваныя карэспандэнты Ren-TV у Менску Алена Слаў, аператар Уладзімер Косьцін, журналістка Радыё “Свабода” Любоў Лунёва, рэдактар газэты Glos znad Niemna Анджэй Пісальнік і журналіст “БДГ. Деловой газеты” Сяргей Сацук.

Алеся Бяленік

Паводле рассылкі ГА «Беларуская Асацыяцыя журналістаў»
Абвесткі:

Спабор малых грантаў


Праграма разьвіцьця ААН і Глябальны экалягічны фонд пачынаюць рэалізацыю Праграмы малых грантаў у Беларусі.

Галоўная мэта праграмы – паляпшэньне навакольнага асяродзьдзя праз канкрэтныя ініцыятывы і дзеяньні на мясцовым і рэгіянальным узроўнях, павышэньне ўзроўню жыцьця мясцовага насельніцтва і ўмацаваньне мясцовага самакіраваньня.

Праграма будзе рэалізоўвацца на аснове дзяржаўнай праграмнай стратэгіі, паводле якой будзе разглядацца кожны прапанаваны праект.

Прадугледжваецца прадстаўленне грантаў памерам да 50 тысяч даляраў ЗША няўрадавым грамадзкім аб’яднанням (НГА) і аб’яднаньням мясцовага ўзроўню, якія займаюцца пытаньнямі экалёгіі.

За дадатковай інфармацыяй можна зьвяртацца да каардынатара праграмаў ПРААН у вобласьці энэргетыкі і экалёгіі ў Беларусі Дзьмітрыя Галубоўскага па тэл. (017) 227 48 76 альбо нацыянальнага каардынатара Праграмы малых грантаў у Беларусі Аляксандра Леўчанка па тэл. (029) 689 38 88, e-mail: alexander.levchenko@undp.org.

Падрыхтавала Алеся БЯЛЕНІК

Праграма “Перамены ў рэгіёне – RITA”

Беларускія грамадзкія арганізацыі маюць шанец узяць удзел у праграме “Перамены ў рэгіёне – RITA (Region in Transition)”. Дзеля гэтага патрэбна мець альбо знайсьці патнэрскую арганізацыю ў Польшчы.


“Перамены ў рэгіёне” зьяўляюцца праграмай Польска-Амэрыканскага Фонду Свабоды і рэалізуюцца з дапамогай Фонду “Адукацыя для дэмакратыі”. Асновай праграмы зьяўляецца ўмацаваньне дэмакратычных і рынкавых перамен у краінах былога ўсходняга блёку празь перадачу польскага досьведу актывістам грамадзкага руху зь іншых краін (у тым ліку – зь Беларусі).

У 2005-2006 гг. будуць фінансавацца праекты ў двох кірунках:



  • “Супрацоўнічаем лякальна” (прыкладны памер дафінансаваньня падобных праектаў - ад 5 да 20 тысяч польскіх злотых, тэрмін падачы заяўкі – 15 сакавіка 2006 г. );

  • “Найлепшы польскі досьвед” (да 95 тысяч злотых, тэрмін падачы заявак – 15 лістапада 2005 г.).

Дафінансаваньне ў межах праграмы могуць атрымаць арганізацыі, зарэгістраваныя ў Польшчы. Дзейнасьць па праекце мусіць мець сапраўды партнэрскі характар. Заяўляльнікі павінны зрабіць уласны агульны ўнёсак памерам ня менш за 20% ад кошту праекту.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па адрасе http://www.edudemo.org.pl/rita/articles.php?lng=pl&pg=116


Вітаўт Руднік



Гранты для педагогаў


Абвешчаны спабор на атрыманьне грантаў у межах праграмы “Падтрымка адукацыйных і грамадзянскіх ініцыятываў педагогаў”.

Мэта спабору – пашырыць веды пра дэмакратычныя каштоўнасьці, падтрымаць педагогаў, якія ўжываюць інавацыйныя тэхналёгіі навучаньня, спрыяюць набыцьцю базавых сацыяльных кампэтэнцыяў моладзі і дарослых.

Заяўкі прымаюцца ад педагогаў і асобаў, якія працуюць у сфэры адукацыі, зарэгістраваных і незарэгістраваных адукацыйных грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў.

Апошні тэрмін падачы заяўкі – 10 кастрычніка 2005 году.

Заяўкі падаваць на адрас: 220029, Менск-29, а/с 64.

Форму заяўкі і іншую дадатковую інфармацыю можна даведацца па эл. пошце: 1konkurs@gmail.com



Падрыхтавала Алеся Бяленік

Спабор транспамежных праектаў


Сумесныя беларуска-латыска-летувіскія праекты будуць падтрымлівацца ў межах Праграмы Добрасуседзтва (BSR INTERREG III B Neighbourhood Programme Priority South (Latvia – Lithuania – Belarus).

Зь беларускага боку ўдзел у спаборы праектаў могуць браць у тым ліку і грамадзкія аб’яднаньні зь Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай вобласьцяў.

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у спаборы – 23 верасьня 2005 г.

Дадатковую інфармацыю, а таксама форму напісаньня заяўкі і дапаможнік па напісаньні заяўкі можна атрымаць на вэб-пляцоўцы www.bsrinterreg3a.net.



Вітаўт Руднік

Заняткі для маленькіх патрыётаў


Дзіцячы цэнтар з нацыянальным ухілам прапануе заняткі па разьвіцьці творчых здольнасьцяў дзяцей і падлеткаў.

Заняткі плянуюцца па наступных кірунках:

народныя традыцыі і абрады праз песьні, танцы, гульні, тэатралізацыю і інш.

народныя рамёствы (саломапляценьне, выцінанка, макрамэ, вышыўка, кераміка, скура, аплікацыя, ткацтва, флярыстыка і інш.)

Заняткі будуць праводзіцца 2 разы на тыдзень па ўзроставых групах:

-5-6 гадоў

- 7-9 гадоў

- варыянт занятасьці падлеткаў 10-12 гадоў.

За дадатковай інфармацыяй зьвяртацца па тэлефонах у Гародні:

(0152) 77 30 50 альбо (029) 648 11 81, а таксама па адрасе:



Гародня, вул. Леніна, 4 (педкаледж), кантактная асоба – Вера Кунцэвіч.




Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка