Край наш найдзівосны Беларуссю ўсе завуць




Дата канвертавання18.05.2016
Памер137.34 Kb.
Літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная творчасці Міхася Паўлавіча Пазнякова “Край наш найдзівосны Беларуссю ўсе завуць”

Аўтары: Ткачова Іна Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі; Белавусава Таццяна Леанідаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі.



Сугучча: вучань і настаўнік – таленты роднай зямлі

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Нашаму роднаму гораду Быхаву выпаў гонар сустракаць дваццаты, юбілейны, Дзень пісьменства.

З быхаўскай зямлёй звязана жыццё і творчасць многіх вядомых пісьменнікаў, паэтаў і літаратуразнаўцаў. Міхаісь Паўлавіч Пазнякоў – паэт, празаік, перакладчык, крытык, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – адзін з іх.

Нарадзіўся Міхась Паўлавіч у 1951годзе ў вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аспірантуру. Працаваў настаўнікам у школе, навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН Беларусі, дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея М. Багдановіча, галоўным рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”, часопісаў “Вожык” і “Нёман”. Цяпер – старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар больш як 40 кніг для дзяцей і дарослых. Выдаў “Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы” ў 2-х тамах. Лаўрэат васьмі літаратурных прэмій. Актыўны грамадскі дзеяч. Мае дзяржаўныя ўзнагароды. Асобныя творы перакладзены на 12 моў народаў свету. Выдатнік друку Беларусі. Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Шматлікія вершы пакладзены на музыку. Жыве ў Мінску.

Вучні нашай гімназіі ў час правядзення Дня беларускага пісьменства віталі Міхася Паўлавіча літаратурна-музычнай кампазіцыяй “Край наш найдзівосны Беларуссю ўсе завуць” і атрымалі вялікую асалоду ад магчымасці сустрэцца са знакамітым земляком. Трэба адзначыць, што Міхась Паўлавіч часты госць на Быхаўскай зямлі, і дырэктарам гімназіі Л. Я. Яршовай не аднойчы былі арганізаваны сустрэчы з паэтам. Кнігі Міхася Паўлавіча карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў вучняў гімназіі, і, захапляючыся мілагучнасцю роднага слова, дзеці спрабуюць самі пісаць вершы. Дарэчы, ім ёсць з каго браць прыклад. Літаратурная творчасць ужо даўно стала неад’емнай часткай жыцця настаўнікаў беларускай мовы і літара- туры Цімохавай Ірыны Уладзіміраўны і Белавусавай Таццяны Леанідаўны.

Жадайце жыць!

Не гаварыце: “Не хачу”.

Ва ўсім павінна быць жаданне.

І лёсу ўсе выпрабаванні

І ноччу цёмнай, і ўранні

Здадуцца лёгкімі зусім.

Знайдзіце ў душы сваёй

Пясчынку радасці і шчасця,

Яе памножце добрым словам,

Аддайце людзям незнаёмым.

І атрымаеце тады,

Намнога болей, чым аддалі.

Дабро зрабіў – табе так лёгка!

Душа ляціць нібы ў космас.

Глядзіш на ўсё з другой планеты,

І разумееш вечнасць свету.

А як прымаеш спачуванне,

Нібы знаходзішся ў яме,

Як быццам міласціны далі,

Душу-калеку прыласкалі.

Не гаварыце: “Не магу!”

Жыццё даецца,каб змагацца.

І кожны дзень нам нараджацца,

Шукаць магчымасці і моц,

Каб вытрымаць жыцця навуку.

Сусвет, як той ганчарны круг,

Нясецца так – захоплівае дух.

Няма ўжо сілы – звіты путам.

А чалавек – ён моцны духам,

Бо ён прыйшоў на свет,

Каб жыць!

Няма вышэй жыцця нічога

Ні ў чалавека, ні ў Бога.

Таму жывіце на Зямлі:

Жывеце кожную хвіліну.

Так, каб на просьбу: “Божа, я прашу …”

Ён не сказаў Вам: “Не магу”.

Жадайце жыць! Душой тварыце,

У мудрасці народнай словы піце,

Гасподзь цярпеў і вы цярпіце.

Ірына Цімохава

Родны сэрцу куточак

Цiхi двор .

Шэры змрок.

Заблукаў і прылёг

Вечар стомлены працай і доляй.

Цiха ноч надышла,

Агарнула ўсё

I ўзяла ў палон

Сваёй сiлай .

Неба зорнага высь!

Панства цудаў начных!

Знiчкi хуткай палёт...

Для кагосьцi ён будзе шчаслiвым.

Ты спытаеш: « Няўжо гэта дзiва?»

Сонны ранак цнатлiвы

Сном салодкiм сваiм

Лёг над рэчкай і над лагчынай.

Спiць-сапiць ён у сне,

Як малое дзiця.

Дасыпае свае хвiлiны.

Запытаеш: «Чаму гэта дзiва ?»

Буслаў клёкат над вёскай

Над хатай бацькоў,

Быццам гiмн векавечны, урачысты.

Бласлаўляе жыццё, мары і дабрабыт

Ўсiх людзей працавiтых i шчырых!

А ты скажаш : «Дык гэта не дзiва!»

Пах сунiц .

I блiскучыя вочы чарнiц.

Стромкасць белых бяроз

Непаўторных, нiбы

Прыгажосць маладой дзяўчыны.

Велiч мужных дубоў —

Непахісных асiлкаў Айчыны.

Я не ведаю, дзiва цi не,

I тлумачыць не стану нiкому.

Гэта сэрца куточак майго

Шчымiць горкiм камком салёным.

Калi сцежкай знаёмай iду

Да бацькоўскага роднага дому,

Калi дзецям сваiм кажу

Пра пявучую родную мову .

I пра тое, што мы яе

Шанаваць і любiць павiнны.

I пра гонар за тых людзей,

Што аддалi жыццё Айчыне.

У iмя гэтых мiрных дней

За шчасце і радасць людзей!

Гэта нельга аддаць, падарыць,

атрымаць …

Гэта дзесьцi далёка-далёка …

Гэта проста радзiмы

Куточак маёй!

Гэта, проста - мая РАДЗIМА!

Ірына Цімохава

Мая малая радзіма

Белы бусел ляціць над зямлёй,

А наўкол – летні ранак урачысты.

Толькі тут, на радзіме маёй,

Пах у лета гаючы і чысты.

Як п’яніць водар свежага сена

І вячэрні канцэрт салаўя!

А на лузе трава па калена,

Гэта ты ўсё, радзіма мая.

Не прывабяць заморскія далі,

Шум і гоман буйных гарадоў.

Тут раслі і дзяцей гадавалі,

Тут прытулак бацькоў і дзядоў.

Дзе б ні быў і куды б ні паехаў,

У свеце цудаў і дзіваў багата,

Толькі так павялося спрадвеку:

Даражэй за ўсё – родная хата.

Таццяна Белавусава



Маім бацькам прысвячаецца…

Заўсёды трэба помніць пра бацькоў

І прыязджаць дамоў не толькі ў святы.

І трэба ў соты раз , а не ў дзясяты

Спытацца ў таты:

-Як ты там , здароў?

-А ты, матуля, усё ў сваім гародзе,

Палоць, паліць…ды клопатаў зашмат.

-Твой гонар, тата, яблыневы сад

Ці добра цвіў у гэтым годзе?..

Паспейце ўсё ім пры жыцці сказаць,

Прыехаць, памагчы і прытуліцца.

На святы, нараджэнні не забыцца

Павіншаваць, абняць, пацалаваць.

Любіце іх, пакуль яны жывуць,

Ім ад дзяцей не так і многа трэба.

Ім словы вашы добрыя патрэбны,

Яны ўзамен жыццё вам аддадуць.

Таццяна Белавусава

Загадкі

Самы хітры ў лесе звер,

Ты ніколі ёй не вер!

Ашукае і падмане,

Круць хвастом-яе не стане.

(Ліса)


Калючая спінка,

Пыхлівы клубочак.

На мышак палюе

У цёмную ночку.

(Вожык)

Доўгія ногі



У чырвоных ботах.

Гэты прыгажун

Ходзіць па балотах.

(Бусел)


Самыя першыя

З поўдня прылятаюць.

Добрае надвор’е-

У вышыні лятаюць.

Як на дожджык хмарыць,

Нізка апускаюцца,

Што гэта за птушкі?

Хто з вас здагадаецца?

(Ластаўкі)

Чатыры сястрычкі і трое братоў,

Жывуць яны ўсе дружнай сям’ёй.

Пяцёра ў школу ўсіх нас вядуць,

А двое прыйдуць-

Адпачнуць нам даюць.

(Дні тыдня)

Цяпер без яго ні туды ні сюды,

Прыжыўся ён зараз у кожнай сям’і.

Што ў свеце?Па чым што?А як там сябры?

Націснуў на кнопку-сядзі і глядзі.

(Камп’ютар)

Таццяна Белавусава

Край наш найдзівосны Беларуссю ўсе завуць

Мэта: падкрэсліць важнасць сувязі дзіцяці з кнігай для развіцця яго інтэлекту, здольнасцей, творчай актыўнасці;

Задачы:

пазнаёміць з творчасцю Міхася Паўлавіча Пазнякова;

стварыць умовы для выхавання лепшых маральных якасцей, творчых, здольнасцей і эстэтычнага густу;

фарміраваць жаданне больш ведаць аб мінулым і сучасным Прыдняпроўскага краю.

Абсталяванне: магнітафон, дыскі с запісамі песень, выстава кніг М.П.Пазнякова, фотаздымкі пісьменніка.

Ход мерапрыемства

На фоне музыкі (І.Лучанок “Мой родны кут”) гучыць верш М.П.Пазнякова “Радзіма”

1 Чытальнік:

Грае вечар на цымбалах,

Плаўна музыка цячэ,

Месяц у блакітных далях

Пакруглеў і паярчэў.

Пахне мёдам,

пахне кропам

Напаўсоннае сяло,

Дзе малінавым сіропам

Сонца захад абліло.

І плыве з садоў у сэрца

Сакаўны птушыны грай.

Ён Радзімаю завецца —

Непаўторны гэты край.


1 ВЯДУЧЫ. Слова! Ты прысяга воіна і тайна дзявочага сэрца, вокліч, з якім ідуць у бой, і першы радасны воклік дзіцяці, ты – і павуцінка, што ірвецца ад самага кволага павеву ветрыку.

2 ВЯДУЧЫ. На Беларусі заўсёды шанавалі друкаванае слова, таму ў першую нядзелю верасня мы святкуем Дзень беларускага пісьменства - свята кожнага, хто імкнецца зберагчы культуру і традыцыі сваіх продкаў, хто любіць родную мову.

1 ЧЫТАЛЬНІК.

Нам кніга – вечнае святло,

Крыніца ведаў, цуд бясконцы!

І параўнацца з ёй магло б,

Відаць, у свеце толькі сонца.

Адкрые безліч таямніц,

Дасць у палёт жывыя крылы,

Навучыць радасна любіць

Бацькоўскі край, адзіны, мілы…

(Міхась Пазнякоў “Кніга”)



1 ВЯДУЧЫ. Дзень беларускага пісьменства з’яўляецца нацыянальным святам і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Гэта свята тых, хто захоўвае духоўную спадчыну нашага народа, узбагачае нацыянальную культуру, беражліва адносіцца да роднага слова. Пачынаючы з 1994 года, свята праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У гэтым годзе свята сустракае наш родны горад Быхаў. Быхаўшчына заслужыла права называцца сталіцай свята Дня беларускага пісьменства. Мне здаецца, што ні адзін рэгіён Магілёўшчыны не падараваў свету столькі паэтаў і пісьменнікаў.

2 ВЯДУЧЫ. Працаваць дзеля развіцця культуры, усе свае сілы, увесь час, усю душу аддаваць абранай справе – ці не для таго чалавек з’яўляецца на свет? Міхася Паўлавіча Пазнякова можна назваць узорам працавітасці і незвычайнай творчай натхнёнасці. Кім яму толькі не давялося пабываць у сваім жыцці! І школьным настаўнікам, і навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук, і дырэктарам літаратурнага музея Максіма Багдановіча, і рэдактарам шэрага беларускіх выданняў. Але песня нябёс, кранаючы струны душы, перамагае звычайныя зямныя гукі.

1 ВЯДУЧЫ. Радзіма…У кожнага чалавека гэта слова выклікае пачуццё гонару і павагі, замілаванасці і трапяткой любові, нясцерпнага чакання сустрэчы з роднай бацькоўскай хатай .

2 ЧЫТАЛЬНІК.

Звіняць у небе жаўрукі,

Клякоча бусел каля хаты…

І дзень пагодлівы такі!

І сам я – нібы птах крылаты.

Сцяжынкай крочу ўздоўж сяла

З галінкай мамінага бэзу –

Наведаць рэчку, што прайшла

Праз лёс і сэрца: нашу Грэзу.

Сады аж пеняцца наўкол,

Шапоча таямніча лісце,

І адуванчыкавы дол

Пяшчотай вее, як калісьці.

Кранае велічнасць бяроз

І дуба – волата старога.

Я нарадзіўся тут і рос,

Мне даражэй няма нічога.

(Міхась Пазнякоў “Я нарадзіўся туі і рос”)



2 ВЯДУЧЫ. Наш слаўны быхаўскі край таксама не абойдзены высокім літаратурным словам аб сваім харастве і непаўторнасці. Шмат сваіх твораў прысвяціў Міхась Паўлавіч Пазнякоў роднай Быхаўшчыне, месцу, дзе так вольна дыхаецца і плённа працуецца.

3 ЧЫТАЛЬНІК.

У Дняпры на магутным плячы

Ты аднойчы паўстаў, нібы волат.

Тут маланкай жахалі мячы,

Калі ты здабываў сваю волю.

У наш дзень з той суровай пары

Крапасныя валы пазіраюць.

Колькі мужнасці тояць муры!

Колькі велічных тайнаў хаваюць!

Годна жыў і ствараў ты заўжды,

Не згінаўся ніколі прад ліхам.

І сягоння стаіш малады,

Расквітнелы і сонечны Быхаў!

(Міхась Пазнякоў “Роднаму Быхаву”)


1 ВЯДУЧЫ. Міхась Паўлавіч Пазнякоў піша творы для дарослых, займаецца перакладчыцкай і навуковай дзейнасцю. Але ж дзіцячая літаратура асабліва блізкая яму. Яго творы вучаць дзяцей марыць, фантазіраваць, далучаюць іх да скарбаў роднай мовы, выхоўваюць патрыятычныя пачуцці.
4 ЧЫТАЛЬНІК.

Усяму вядомы свету

Наш руплівы край здавён.

Тут на сонечных палетках

Спеюць бульба, жыта, лён..

Тут Дняпро бяжыць прывольна,

Сож, Бярэзіна, Дзвіна,

Прыпяць, Шчара, Свіслач, Нёман,

Вілля, Піна, Буг, Дзісна…

Тут крыштальныя азёры –

Нарач, Свіцязь, Снуды, Свір…

Полацк – наш найпершы горад,

Віцебск, Тураў, Быхаў, Мір…

Тут з народам на ўвесь голас

З кніг, што мудрасць нам нясуць,

Песняры Купала, Колас

Шчыра гутаркі вядуць.

Тут умельцы вырабляюць

Слаўны трактар “Беларус”.

Тут ствараюцца БелАЗы –

Трохсоттонны везці груз…

Тут сыны лятуць у космас,

Песні матчыны пяюць…

Гэты край наш найдзівосны

Беларуссю ўсе завуць.

(Міхась Пазнякоў “Беларусь”)



3 ВЯДУЧЫ. Вершы для дзяцей, напісаныя Міхасём Паўлавічам Пазняковым, займальныя, дасціпныя, яны развіваюць вобразнае мысленне, нясуць дабро, дапамагаюць лепш спазнаць навакольны свет.
5 ЧЫТАЛЬНІК.

Паглядзіце – проста дзіва

Па блакіце азярка

Качкі з берага імкліва

Паплылі да астраўка.

Мабыць, гэту трэніроўку

Птушкі дружна пачалі,

Хто хутчэй – на стометроўку

Чарадою паплылі.

(Міхась Пазнякоў “Качкі”)



6 ЧЫТАЛЬНІК.

– Што за плямістая кошка

На суку сядзіць, Сярожка?

Вочы злосна блісь ды блісь.


7 ЧЫТАЛЬНІК.

– Гэта звер пагрозны – рысь.

У вальеры ёй самотна,

Ёй бы ў лес, яна б ахвотна

Па ялінах там скакала,

Зайку б хутка ўпалявала.

(Міхась Пазнякоў “Рысь”)

8 ЧЫТАЛЬНІК.

Не відаць нідзе Валеры,

Зноў турбуюцца сябры.

Ён застыў перад вальерам,

У якім жывуць зубры.

І любуецца на мужных

З Белавежы жыхароў,

Што да нас дайшлі са сцюжных,

Грозных далечных вякоў.

(Міхась Пазнякоў “Зубры”)



4 ВЯДУЧЫ. У 2012 годзе ў выдавецтве “Народная асвета” выйшла серыя кніг Міхася Паўлавіча Пазнякова “Свет вакол нас”. Тэматыка вершаў разнастайная. Гэта вершы пра радзіму, родную мову, навакольны свет. Акрамя традыцыйных вершаў ёсць у гэтых кнігах і скорагаворкі, і загадкі, і каламбуры, і крылатыя выразы. Рэдка ў якога аўтара знойдзецца такое. Сапраўды – поўны воз дзівос. (4 вучні чытаюць скорагаворкі)

1)Просіць Лора Борку 2) Над возерам вецер лятае,

Выгаварыць скорагаворку. На хвалях лілеі люляе.

3) Хто кніжку любіць і шануе, 4) Прыгадала Іра правіла,

Таму і шчасціць, і шанцуе. Іра Ігара паправіла.

3 ВЯДУЧЫ. А спыніцеся, рабяткі! Я хачу вам загадаць загадкі. Калі ж госці ведаюць адгадкі, просім іх дапамагаць – у гульні ўдзел прымаць.

1)Хто са мною пасябруе,

Той ужо не замсуе.

Языка хоць і не маю,

А пра ўсё апавядаю.(Кніга)
2) Ходзіць па балоце

Угустым чароце,

Там, дзе твань і мель,

Птушка…(Журавель)


3) На сцяжынцы клубок –

Не адкоціш убок,

А паколеш толькі

Рукі аб іголкі. (Вожык)


4) Увосень шчыра запрашае,

Дзяцей старанна навучае. (Школа)


5) Вуркатлівы ён, вусаты,

Забаўляцца з ім мы рады.

Ходзіць – не парушыць цішы,

І яго баяцца мышы. (Кот)

6) Сакавіты, круглатвары

Здаравяка гэты.

Нам патрэбны на салаты

І на вінегрэты. (Бурак)


4 ВЯДУЧЫ. Якія ж вы ўсе малайцы. І вы, дзеткі, і вы, шаноўныя госці. А ці ведае хто з вас, што вершы Міхася Паўлавіча Пазнякова натхняюць кампазітараў на складанне цудоўных песень. З ім супрацоўнічаюць кампазітары Леанід Захлеўны, Уладзімір Карызна, Мікалай Літвін і іншыя. У выкананні вакальнай групы гімназіі вашай увазе прадстаўляецца

песня на словы верша Міхася Паўлавіча Пазнякова “Заўжды вярнуся”.



3 ВЯДУЧЫ. Якія кнігі чытаць і якіх аўтараў – рашаць вам. Аднак мне вельмі хочацца, каб у беларускіх сем’ях былі паліцы з кнігамі і каб увечары маці сказала свайму дзіцяці: “А давай пачытаем разам”.

8 ЧЫТАЛЬНІК.

У горадзе,

Між ніў жытнёвых,

У важным доме,

Сціплай хаце

Не забывайце

Роднай мовы –

Для нас навек яна,

Як маці.

9 ЧЫТАЛЬНІК.

Каб свет


Чароўнай прыгажосцю

Вас ні на момант

Не пакінуў,

Шануйце мову

Не як госцю,

А як матулю,



Гаспадыню.

(Міхась Пазнякоў “Родная мова”)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка