Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Пагарэльцаўская сярэдняя школа”
Раённы конкурс сачыненняў
“Зброяй яго стала “пякучае” і “вострае” слова…”
Аўтар: Курганава Маргарыта Алегаўна,
навучэнка 10 класа
Кіраўнік: Дылеўская Вольга
Вікенцьеўна, настаўнік
беларускай мовы і літаратуры
вышэйшай катэгорыі
Нясвіж
2016
Я крыкну – ўраз
Па гушчах мас
Нясецца хваля рэх
І ў свой прабег
Раджае смех,
Здаровы смех.
К. Крапіва
Па-рознаму прыходзяць у літаратуру мастакі слова. Кожны творца выбірае свой шлях, якога прытрымліваецца ўсё жыццё. Адны – пранікнёныя лірыкі, другія заглыбляюцца ў псіхалогію чалавека, трэція бачаць сваё прызванне ў даследаванні гісторыі сваёй зямлі, свайго народа. А Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) выбраў самы складаны і супярэчлівы, на маю думку, шлях – сатыру.
Выкрываць недахопы, якія бачыш, заўсёды складана. Гаварыць пра чалавечыя заганы небяспечна: мы памятаем, як склаўся лёс Эзопа. Але ж у пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя малады чырвонаармеец Кандрат Атраховіч адчуў неадольнае жаданне “ўмяшацца ў жыццё і тое-сёе ў ім паправіць”.
Убачыўшы ўпершыню ў Мінску наклееную на сцяну беларускую газету, у якой быў надрукаваны сатырычны верш, Кандрат Атраховіч рашыў, што і сам змог бы напісаць такі. Праз ноч вершаваны фельетон на беларускай мове, якую пачынаючы паэт добра ведаў, быў гатовы і чакаў прысуду ў рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”. З заміраннем сэрца пачынаючы паэт падыходзіў на наступны дзень да таго месца, дзе звычайна наклейвалася газета. Але хваляванне было дарэмным: верш быў надрукаваны без усякіх паправак. З таго часу ён пачаў пісаць фельетоны ў вершах і прозе на бытавыя і палітычныя тэмы. Паэтычнымі творамі, якія штодня друкаваліся ў газеце “Савецкая Беларусь”, сатырык змываў “дакастрычніцкі бруд” – розныя перажыткі, недахопы, забабоны. Папулярнасць Кандрата Кандратавіча шырылася. Крытычная бескампраміснасць першых і наступных сатырычных твораў паэта-сатырыка сведчыла, што ён выбраў сабе надзейную зброю. Ёй стала “пякучае” і “вострае” слова.
Сатыры Крапіва надаваў асабліва вялікае значэнне. Сутнасць яе бачыў у тым, каб “выстаўляць на паказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця”. Пісьменніка заўсёды цікавілі міжнародныя падзеі, пытанні народнагаспадарчага, культурнага будаўніцтва і самыя будзённыя, бытавыя з’явы рэчаіснасці.
Тэма грамадзянскай вайны і іншаземнай інтэрвенцыі займала асаблівае месца ў першы перыяд літаратурнай дзейнасці сатырыка. Асноўнымі сродкамі, якімі карыстаецца Крапіва ў такіх творах, з’яўляецца злосная іронія, гратэск, карыкатура. Вобразы царскіх генералаў намаляваны ў вершы “Чырвоная мятла добра мяла”. Аўтар умела выкарыстаў “пякучае” і “вострае” слова – сялянскую лексіку, трапныя народныя выразы, для таго каб зрабіць верш зразумелым, даходлівым:
Не адзін аб троне марыў,
Вось і Врангель, фон-барон,
Гэткім самым жа макарам
Сесці мерыўся на трон.
Мы ж не цацкаліся з гадам,
Не зважалі, што барон,
I ў галёш падбітым задам
Неўзабаве сеў і ён…
Значная частка вершаў сатырыка прысвечана праблеме выхавання чалавека, барацьбе з культурнай адсталасцю, з рознымі перажыткамі ў побыце і свядомасці людзей. Пад трапны абстрэл крапівінскай сатыры трапляла пустазвонства, лянота, хабарніцтва, бескультур'е, знахарства, забабоны, сквапнасць. Асаблівую ж трывогу, а таму і пастаянную ўвагу да сябе выклікала праблема п'янства. Сатырычныя вершы пісаліся Кандратам Крапівой і ў час Вялікай Айчыннай вайны. Яго “пякучае” і “вострае” слова ваеннай пары бязлітасна бічавала фашысцкую нечысць:
Расквітаемся мы з гадам
Здружанымі сіламі:
Лоб стальны праб’ём снарадам,
Зад праніжам віламі.
Сярод сатырычных твораў Крапівы асаблівае значэнне маюць байкі. Стыхія камічнага, якая выбухнула ў крапівінскім таленце, была такой напорыстай, магутнай, што адразу забяспечыла паэту-сатырыку самую шырокую і ўдзячную аўдыторыю.
Праз байкі паэт-гумарыст і сатырык размаўляў са сваім чытачом на вельмі зразумелай і блізкай яму мове. Яго байкі – часта жывыя бытавыя сцэнкі, узятыя з самой гушчыні народнага жыцця. Апавядаючы займальную, часта камічную гісторыю, Кандрат Крапіва дае чытачу сур’ёзны ўрок.
Сатырык вельмі патрабавальна ставіўся да сваіх баек і сатырычных вершаў, дапрацоўваў іх і паляпшаў. Асабліва старанна працаваў ён над заключнымі радкамі, у якіх канцэнтруецца асноўны сэнс твора, яго мараль. Шмат якія байкі яго зараз маюць іншыя канцоўкі, больш лаканічныя і змястоўныя, чым гэта было ў першых рэдакцыях. Сваім “пякучым” і “вострым” словам Крапіва заваяваў усенародную любоў і прызнанне.
|