Конкурс сачыненняў "Зброяй яго стала "пякучае" і "вострае" слова…"




Дата канвертавання13.05.2016
Памер38.71 Kb.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Сярэдняя школа № 2 г.п. Гарадзея”

Раённы конкурс сачыненняў

“Зброяй яго стала “пякучае” і “вострае” слова…”

Аўтар: Гайцюкевіч Валерыя Рыгораўна,

навучэнка 10 класа

Кіраўнік: Качановіч Святлана Мікалаеўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі

Нясвіж

2016


Беларуская літаратура багата на таленавітыя творчыя асобы. Сярод іх – Кандрат Крапіва - выдатны байкапісец і драматург. Жыццёвая сцяжына будучага пісьменніка пачалася ў маленькай вёсачцы Нізок, што на Уздзеншчыне. Менавіта тут, у маляўнічай мясціне, ля вытокаў Нёмана, юны Кандрат пераняў ад простых людзей уменне валодаць родным словам, гумарам, смехам. У будучым сатыра і гумар стануць вызначальнымі рысамі яго творчасці. Ужо ў вершы “Крапіва” пісьменнік дакладна акрэсліў сваё прызначэнне – апякаць абармотам рукі-ногі, гэта значыць мастацкім словам змагацца супраць заганаў людзей. Большасць твораў К.Крапівы былі напісаны ў сувязі з пэўнымі падзеямі, фактамі, з’явамі тагачаснага жыцця, так сказаць, на патрэбу дня. Вось чаму яны карысталіся незвычайнай папулярнасцю ў чытачоў. Іх ведалі тыя, хто ўмеў чытаць, а непісьменныя завучвалі на памяць ад іншых. Вось чаму байка зрабіла пісьменніка ўсенародна вядомым і прызнаным, стала нязменнай спадарожніцай і саюзніцай усяго яго творчага жыцця.

Помню, як настаўніца на ўроку ў восьмым класе чытала байку “Ганарысты Парсюк”. Яна захапіла мяне сваёй праўдзівасцю, жывой мовай. Кожны сказ у байцы – трапны, лаканічны, адзіна магчымы ў канкрэтнай сітуацыі. Мне здавалася, што вось яны, героі байкі, самаўпэўненыя, самазадаволеныя, ганарыстыя, знаходзяцца побач з намі. Захапіўшыся глыбінёй думкі, прагажосцю слова, мне захацелася глыбей пазнаёміцца з творчасцю гэтага выдатнага пісьменніка.

І сёння, трымаючы ў руках томік баек і сатырычных вершаў К.Крапівы, я акуратна перагортваю старонку за старонкай , сустракаюся са знаёмымі і незнаёмымі мне персанажамі. Перада мною паўстаюць дурныя бабы і бараны, ганарыстыя парсюкі, падхалімы івановы, прафесійныя шэфы... Байкі напісаны ў форме жывой і непасрэднай гутаркі з чытачом, вельмі лёгка запамінаюцца, таму што закранаюць тое, з чым амаль кожны чалавек сутыкаецца ў жыцці.

Аб’ектам сатыры пісьменніка з’яўляюцца людзі – носьбіты дурасці, тупасці, злосці, ганарлівасці, падхалімства. Усё гэта наносіць адчувальную шкоду грамадству. З імі трэба змагацца. І гэта ўдала робіць К.Крапіва.

Як не ўспомніць байкі “Мандат”, “Саманадзейны Конь”, “Махальнік Іваноў”, “Сука ў збане”, сатырычныя вершы “Дзве кумы”, “Фіга на талерцы”, “Калі ў краме ёсць нястача...” і многія іншыя творы.

Вось, напрыклад, сатырычны верш “Калі ў краме ёсць нястача...” Перад намі праходзіць цэлая галерэя нячыстых на руку гандляроў. Але ў гандляра ёсць выратавальныя словы “ўсушка”, “утруска”, “мышы”. І сёння існуюць непарадкі, якія пануюць у крамах, дзе гандлюць нячыстыя на руку людзі. Каб вынішчыць растраты ў краме, трэба, каб тыя , хто павінен сачыць за працай у гандлі, самі былі сумленнымі. “Трэба, трэба на іх кошку”, - заўважае К.Крапіва.

Крыкуноў, саманадзейных людзей, прагных да славы, ды “вузкіх у плячах” высмейвае К.Крапіва ў байцы “ Саманадзейны Конь”. Конь, які быў “з сабаку, можа, так, мо з добрае шчаня”, скардзіцца на ўсё сяло , што хамут “нібы не для яго”, патрабуе ад Гаспадара вялікага хамута. І вось мізэрны Конь упрогся ў воз, які цягнуў ламавік. Воз жа не скрануўся, а “пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі, і затрымаўся ён аж ледзь на жываце”. У вобразе Каня ўвасоблены рысы крыкуноў, людзей з прэтэнзіямі, якім не па заслугах “веліччу быць хочацца заўсёды”.

Непрафесійнасць, самаўпэўненасць, імкненне пакрасавацца, паказаць сябе Шэфам перад падначаленымі пераканальна нараджаюць спрыяльныя ўмовы для паяўлення махальнікаў, гатовых заўсёды “падмахнуць” начальству.

Абібокі, прыстасаванцы, падхалімы, п’яніцы, махляры, самаўпэўненыя і пыхлівыя дурні, раскрадальнікі дзяржаўных здабыткаў, кар’ерысты – вось тыя тыпы, з якімі трапным словам змагаецца аўтар баек.

Даўно забыліся канкрэтныя падзеі, паводле якіх узнік той ці іншы верш, байка, а творы жывуць, не гасне сіла эмацыянальнага, мастацкага ўздзеяння на чытача.

Многія байкі выраслі з народных прыказак і прымавак, на прыкладзе якіх аўтар вучыўся выказваць свае думкі вобразна, сцісла і запамінальна. А сёння мы завучваем на памяць многія ўласныя афарызмы пісьменніка, якія ператварыліся ў прыказкі, прымаўкі, атрымалі агульнанародную вядомасць: другі баран – ні “бэ, ні “мя” , а любіць гучнае імя; як свінню не кліч, яе заўсёды выдасць лыч; каб сонца засланіць – вушэй асліных мала і іншыя.

Прайшло нямала часу пасля таго, як былі створаны байкі, сатырычныя вершы, фельетоны, памфлеты. Падзеі, аб якіх мы даведваемся са старонак твораў, вельмі падобныя на сённяшнія. Яны бічуюць адмоўныя з’явы нашага грамадства, выклікаюць гнеў і абурэнне ў чытача.



Перагорнуты апошнія старонкі кнігі. Задумваюся…Суджана ж было лёсам нарадзіцца пісьменніку, які на высокім мастацкім узроўні стварыў такія цудоўныя творы. Яны і сёння клічуць змятаць з дарогі фальш, хцівасць, ману, чалавечую мізэрнасць. Увабраўшы ў сябе невычэрпныя багацці жывой народнай мовы, народнай мудрасці, яны і ў наш час захавалі сваю дзейсную сілу і моц. Зброяй супраць адмоўных з’яў у грамадскім жыцці стала “пякучае” і “вострае” слова Кандрата Крапівы.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка