Конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь Паліталогія, сацыялогія, гісторыя Беларусі




старонка4/8
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.24 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

3 РАЗДРАБЛЕННЕ ПОЛАЦКАЙ ЗЯМЛІ Ў ХІІ ст.
3.1 Любецкі з’езд князеў і яго асноўныя вынікі
У сярэднявеччы былі распаўсюджаны з’езды князеў. Ва ўсходніх славян з’езд абазначаўся словам “снем” [59, с. 47]. Гэты тэрмін мае некалькі значэнняў. Звычайна так называлася ваенная сустрэча саюзных войскаў. Зрэдку слова “снем” азначала сустрэчу для размовы [14, c. 175] Лёсавызначальнымі маглі стаць з’езды, якія вырашалі карэнныя пытанні звязаныя з грамадскай арганізацыяй, дзяржаўным ладам і знешняй палітыкай.

У канцы ХІІ ст. разгорнутая барацьба не спынялась, уцягівая ў вадаварот новае пакаленне князеў – унукаў Яраслава. Князі ўсе часцей прыбягалі за дапамогай полаўцаў, якія абаснаваліся пасля разгрому печанегаў у паўднёварускіх стэпах. Палавецкія ханы выступалі не толькі саюзнікамі рускіх князёў у іх усобіццах, але і самі здзейснялі самастойныя набегі на паўднёварускія княствы [59, с. 47]. У такіх умовах патрэбна было знайсці нейкі кампраміс паміж князямі ў размеркаванні ўлады і прыйсці да згоды ў пытанні па абароне паўднёвых межаў Русі.

Пастановамі знакамітага Любецкага з’езда (1097), лёс Кіеўскай Русі быў вырашан на некалькі стагоддзяў. “В лъто 6605. Придоша Святополкъ, и Володимеръ, и Давыдъ Игоревичь, и Василько Ростиславичь, и Давыдъ Святославичь, и братъ его Олегъ, и сняшася Любячи на устроение мира” [20, с. 27]. Шэсць найбольш уплывовых князёў Русі сабраліся разам, каб спыніць міжусобіцы і усталяваць мір: “Почто губимъ Русьскую землю, сами на ся котору дъюще, а половци землю нашю несуть розно, и ради суть, оже межю нами рати; да отселе имъмся вь едино сердце, и блюдемъ Рускыъ земли” [45, с. 27]. Князі дамовіліся аб падзеле зямель паміж сабой: Святаполку - Кіеў; Уладзіміру Манамаху - Пераяслаўль, Смаленск, Растоў, Суздаль, Белавозера; Алегу, Давыду і Яраславу Святаславічам – Чарнігаў, Разань, Мурам; Давыду Ігаравічу – Уладзімір Валынскі; Уладару і Васільку Расціславічам – Перамышль і Церабоўль [45, с. 28].

Як адзначае М.К. Любаўскі: “Среди постоянных споров и усобц за волости выдвинулся чисто эгоистический принцип, князья стали добывать себе волости дипломатическим средствами, путем переговоров и соглашений с местными обществами. Последние очень рано стали предъявлять свои желания и требования, считаясь с личностями князей, а не с правом старшинства или отчины” [49, с. 103]. Такім чынам баярская арыстакратыя, выкарыстоўваючы міжусобныя спрэчкі паміж князямі, пачынае здзяйсняць свой ўплыў на палітычнае развіцце зямель – княстваў, выкарыстоўваючы князеў як сродкі для дасягнення сваіх карысных мэт.

На з’ездзе князям удалося дабіцца сумесных дзеянняў па абароне паўднёварускіх межах ад полаўцаў. Усе князі цалавалі крыж у знак згоды і адзінства, але фраза ў летапісу “каждо да держит отчину свою” [45], юрыдычна замацоўвала раздрабленне Кіеўскай Русі. Любецкі з’езд стаў паваротным у гісторыі ўсходняга славянства. Як лічыць Г.В. Штыхаў: “Ён адлюстроўваў пералом у размеркаванні зямельнай уласнасці і тым самым садзейнічаў усталяванню феадальных адносін” [14, c. 175].

На момант Любіцкага з’езда, у Кіеўскай Русі не было адзінай сістэмы наследавання княжацкага пасада (прастола). Крывавыя сутыкненні паміж князямі, якія адбываліся ў час княжацкіх міжусобіц, ускладняліся частымі набегамі качэўнікаў – полаўцаў. Здаралася так, што князі самі бралі цюркскіх качэўнікаў у саюзнікі і прыводзілі іх на Русь [19, c. 146].

На з’ездзе было прынята рашэнне каб кожны з князёў трымаў “свою отчину”, гэта значыць, што кожны з князёў, быў павінен княжыць у землях, у якіх княжылі яго бацька, і не прэтэндаваць на землі іншых князёў. Удзельнікі з’езда дамовіліся, што калі хто – небудзь з князёў паднімецца на другога, то яны разам будуць адстойваць інтарэсы апошняга, і павінны выступіць супраць пачынальніка міжусобіцы [40, с. 238]. Такім чынам, на Любецкім з’езде быў санкцыянаваны новы палітычны лад. Было юрыдычна замацавана раздрабленне старажытнарускай дзяржавы Рурыкавічаў, кожны з князёў трымаў свой удзел і паміж імі не было ніякага адзінства.

Руская зямля з гэтага часу больш не лічылася адзіным уладаннем усяго княжацкага дому Рурыкавічаў, а была сукупнасцю асобных “отчин”, спадчынных уладанняў асобных галін княжацкага дому. Устанаўленне гэтага прынцыпу юрыдычна замацоўвала пачатае з 1054 г. (пасля смерці Яраслава Мудрага) раздзяленне Рускай зямлі на асобныя княствы – вотчыны і феадальную раздробленасць [4]. Спыніць ваеныя дзеянні на Русі не ўдалося. Хутка ваеннымі дзеяннямі была ахоплена ўся Руская зямля. Князі запрашалі на дапамогу іншаземнае войска: палякаў, полаўцаў, венграў.

У 1101 г. у Віцічыве на Дняпры быў скліканы другі з’езд князёў. Яшчэ адна спроба захаваць выгляд адзінства Кіеўскай Русі як дзяржавы была зроблена на з’ездзе ў 1103 г. на Далобскім возеры, дзе князі прынялі рашэнне аб сумесным паходзе супраць полаўцаў [36, c. 182]. На гэтых з’ездах не ўдалося захаваць адзінства краіны, хаця яны і адыгрывалі прыкметную ролю ў паспяховай барацьбе Русі з качэўнікамі.

Што датычыцца Полацкага княства, то Усяслаў Брачыслававіч (1044 – 1101), які кіраваў на той час княствам не ўдзельнічаў у Любецкім з’ездзе. Як заўважыў М.І. Ермаловіч: “Гэта адсутнасць вельмі красамоўная, бо сведчыла аб тым, што кіеўскія князі бачылі ў Полацкім княстве непадуладную ім зямлю” [28, с. 146]. Аналізуючы гэты факт, Г.В.Штыхаў гаворыць аб тым, што Полацкія князі з’яўлаліся сюзерэнамі тэрыторыі, дзе ажыцяўлялася іх улада, і ў гэтых адносінах параўноўвае Полацкае княства з іншымі сярэднявечнымі дзяржавамі [88]. Калі пагаджацца са Г.В. Штыхавым, то фармаванне меж уладанняў полацкіх князёў у якасці сюзірэнаў краіны адбывалася яшчэ ў Х – ХІ стст., калі Полацкае княства выйшла з-пад улады Кіеўскай дзяржавы праводзіла самастойную палітыку карыстаючыся сваімі інтарэсамі.

Перыядычныя спробы ў паўднёварускіх князёў падпарадкаваць Полацкае княства Кіеву прыводзілі да ваенных сутычак. Так часта здаралася ў ХІ ст. У пачатку ХІІ ст. Уладзімір Манамах (1113 – 1125) і іншыя князі асноўную ўвагу надавалі барацьбе са знешняй пагрозай, якая сыходзіла ад качэўнікаў – полаўцаў і ў гэтай справе яны дасягнулі значных поспехаў [21]. Барацьба са знешняй пагрозай была на тот момант галоўнай справай, і спробы па аб’яднанню былых зямель Кіеўскай Русі былі другараднай мэтай. Сітуацыя змянілась пасля заняцця кіеўскага прастола Уладзімірам Манамахам (1113 – 1125), які імкнуўся замацаваць старажытную Русь у шырокім сэнсе і прымусіць іншых князёў падпарадкавацца яму. Як піша М.К. Любаўскі: “Авторитет и значение великокняжеской власти подняли временно Владимир Мономах и сын его Мстислав – благодаря своему такту и личным доблестям” [49, с. 105]. Гэтыя спробы прывялі толькі да часовага поспеху. “Уладзімір Манамах нярэдка жорстка душыў любое праяўленне мясцовай самастойнасці, парушаючы гэтым самым права кожнага асобнага княства на незалежнае развіццё і існаванне, што лагічна выцякала з дамоўленасці 1097 г. у Любечы” [14, c. 176]. Традыцыі жорсткай палітыкі свайго бацькі працягваў сын Манамаха вялікі князь кіеўскі Мсціслаў (1125 – 1132). Пасля смерці Мсціслава Уладзіміравіча (1132), Старажытная Русь раскалолася назаўсёды [36].
3.2 Утварэнне княстваў – ўдзелаў Полацкай зямлі
Пытанне аб часе ўтварэння ў Полацкай зямлі ўдзелаў застаецца спрэчным. Выказваецца меркаванне пра іх з’яўленне ў апошнія дзесяцігоддзі ХІ ст. [14, c.183]. Як лічыць У.Е. Данілевіч распад Полацкай зямлі на ўдзелы адбываецца толькі пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101г.): “При Всеславе и его предшественниках Полоцкая земля была соединена в одних руках, разделений на уделы ещё не существовало, а потому многие явления удельно – вечевого периода, которые уже давали себя чувствовать в других русских землях, были еще неизвестны Полоцкой земле” [23, c. 72]. Дакладная фіксацыя удзелаў іх у пісьмовых крыніцах адбываецца ў пачатку ХІІ ст.

З канца ХІ – пачатку ХІІ стст. побач з валасцямі, што падпарадкоўвалісь непасрэдна Полацку, ужо існуюць воласці – ўдзелы, якімі кіруюць старэйшыя сыны полацкага князя. У гэтай сувязі набывае важнае значэнне пытанне пра сыноў Усяслава і іх уладаннях. Па меркаванню М.І. Ермаловіча, з’яўленне ўдзелаў не залежыць ад наяўнасці ў таго ці іншага ўладара нашчадкаў [28, c. 152]. З гэтым меркаваннем можна часткова пагадзіцца, бо тэрытарыяльнае драбленне, гэта заканамерны гістарычны працэс. Яно вызначана геаграфічнымі, этнічнымі і эканамічнымі прычынамі. Далейшае развіццё земляробства, звязанае з распрацоўкай і асваеннем новых земляў, а таксама развіцце феадальных адносін узмацніла мясцовыя інтарэсы, што асабліва жывіла працэс тэрытарыяльнага драблення [28, c. 152].

Пісьмовыя крыніцы даносяць звесткі пра семярых сыноў Усяслава: Барыса, Давыда, Глеба, Рагвалода, Рамана, Святаслава і Расціслава. Заблытаным з’яўляецца пытанне аб іх старшынстве. Сярод даследчыкаў ішлі спрэчкі на конт таго, хто сеў на Полацкі пасад пасля смерці Усяслава Брачыславіча.

М.В. Доўнар – Запольскі лічыў Давыда старэйшым сынам Усяслава і сцвярджаў што менавіта ён сеў на полацкім пасадзе пасля смерці бацькі [24, с. 31]. Аднак У.Е. Данілевіч аспрэчваў гэтую думку, лічачы, што полацкі пасад дастаўся Барысу [23]. З Данілевічам можна пагадзіцца, бо паводле тацішчаўскіх звестках ён ужо ў 1102 г. фігуруе як полацкі князь [80, c. 123]. Верагодна, многія з сыноў Усяслава атрымалі воласці яшчэ пры жыцці бацькі як намеснікі. Пасля яго смерці, гэтыя гарады становяцца іх вотчынамі. Па меркаванню Э.М. Загарульскага, тэндэнцыі да большай самастойнасці вотчынных удзелаў узмацніліся з самага пачатку іх кіравання. “Амаль усе нашчадкі Усяслава лічылі сябе ў аднолькавых правах, і парадак старшынства к таму часу значна паслабеў” [30, с. 72 – 73].

Пасля смерці Усяслава (1101 г.), дакладна вядома толькі рэзідэнцыя Глеба. Гэта быў Менск. Што датычыцца астатніх князёў, то дакладна не вядома ў якіх удзелах яны княжылі. Можна зрабіць дапушчэнне, заснаванае на тым, што гарады, дзе сядзелі у далейшым іх нашчадкі дасталіся ім ва ўдзелы. У гэтай сувязі можна дапусціць што ў Віцебску сеў Святаслаў, у Лагойску – Давыд.

Такім чынам, з канца ХІ – пачатку ХІІ ст. пачынаецца новы перыяд у гісторыі Полацкай зямлі, які звязаны з пераменамі ў яго палітычным жыцці і зменамі ў адміністрацыйна – тэрытарыяльнай структуруры. Прычынай гэтых змен непасрэдна ў Полацкай зямлі была наяўнасць у Усяслава шасцi сыноў і размеркаванне паміж імі ўлады, але як было адзначана вышэй з’яўленне ва ўладара нашчадкаў не з’яўляецца прамой прычынай утварэння ўдзелаў.

З летапісаў дакладна вядомы ўдзел Глеба – Менск. У ролі менскага князя яго паказваюць летапісы ад 1104 да 1119 гг. Адсюль вынікае, што менскі ўдзел быў першым удзелам, які вылучыўся з Полацкага княства, зарэгістраваны летапісам у 1104 г. Першапачаткова Менская воласць уваходзіла ў сферу дзяржаўных інтарэсаў Кіева. Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч разумеў, што, трапіўшы ў склад тэрыторыі Полацкай зямлі ў выніку пагаднення з Кіевам, Менская воласць можа пры неспрыяльных абставінах ад яе адыйсці. Магчыма менавіта таму, сын Усяслава Глеб быў прысватаны да дачкі Яраполка Ізяславіча – Анастасіі. Гэты шлюб быў павінен замацаваць Менскую воласць за Полацкай зямлей. Усяслаў, як гэта рабілі звычайна, калі дзеці дасягалі сталага ўзросту ці ўступалі ў шлюб, выдзеліў Глебу Менскі ўдзел. Па меркаванню Ю.А. Зайца, гэта адбылося да 1086 г., таму што ў 1086 г. цесць Глеба быў забіты [33, c. 10]. Глеб Усяславіч працягваў палітыку свайго бацькі. Ён пачаў барацьбу з кіеўскімі князямі. На думку У.Е. Данілевіча і М.В. Доўнар – Запольскага гэта і стала прычынай нападу на Менск Яраполка Уладзіміравіча, Алега Святаславіча і Давыда Усяславіча у 1104 г. [24], але як лічыць М.І. Ермаловіч, гэта катэгарычна сцвярджаць нельга, бо крыніцы пра гэта не гавораць [28].

Летапіс распавядае пра падзеі 1104 г. наступным чынам: “Сего же лета исходяша, посла Святополк Путяту на Менеск, а Володимер сына своего Ярополка, а Олег сам иде на Глеба, поемше Давыда Всеславича: и не успеша ничтоже, и възвратишася опять” [45, c. 185]. Але гэты паход не ўдаўся. Галоўную прычыну М.І. Ермаловіч бачыць у добрых умацаваннях Менска і моцнай вайсковай сіле менскага князя [28, c. 157].

Узнікае пытанне, чаму ў гэтым паходзе ўдзельнічаў Давыд Усяславіч, родны брат менскага князя Глеба. Верагодна, Давыд не меў удзельнага княства і разлічваў яго атрымаць з дапамогаў паўднёварускіх князеў [14, c. 177].

Глеб Усяславіч імкнуўся пашырыць свае ўладанні перш за ўсе ў напрамку да Дняпра, адкуль адкрываліся перспектывы шырокіх сувязяў са знешнім светам. У Аршанскім падняпроўі інтарэсы Глеба сутыкнуліся з інтарэсамі Уладзіміра Манамаха. Ён і яго нашчадкі намагаліся пашырыць тэрыторыю Смаленскага княства, (якая з’яўлялася ўдзелам Манамахавічаў) у першую чаргу за кошт заходніх зямель, што належалі Полацкай зямлі ці знаходзіліся ў сферы яе інтарэсаў. Аб сутыкненні агульнай мяжы Полацкага і Смаленскага княстваў сведчыць будаўніцтва крэпасцей Копысь і Орша па берагам Дняпра.

Глеб пашырае свае валоданні за кошт зямель дрыгавічоў, дзе таксама былі інтарэсы Манамахавічаў, спаліў г. Слуцк, захапіў у палон шмат людзей. Уладзімір Манамах, які быў на той час вялікім князем кіеўскім, накіраваў на менскія ўладанні Глеба Усяславіча шматлікае войска. У выніку паход 1116 г. учынены кааліцыяй паўднёварускіх княеў, фактычна ліквідаваў ранейшыя заваяванні Глеба Менскага ў Аршанскім Падняпроўі. У 1119 г. Глеб Усяславіч разам з палачанамі па звестках В.Н. Тацішчава “паки начал воевать области Владимировых детей, Новгородскую и Смоленскую” [80, c. 133]. Тады Уладзімір Манамах наказаў свайму сыну Мсціславу аддзяліць Менск і быць бязлітасным у дачыненні да Глеба. Паланенне Глеба, яго хуткая смерць у Кіеве, далучэнне Менска з воласцю да кіеўскіх уладанняў - такім быў вынік зацятай барацьбы. Гэтыя падзеі яшчэ больш пагоршылі адносіны паміж полацкімі і кіеўскімі князямі.

Другім пасля Менскага ўдзела (альбо побач з ім) мог быць толькі Ізяслаўскі ўдзел [31, c. 10]. З узнікнення града – крэпасці на паўднёва – заходнім рубяжы Полацкай зямлі Ізяслаўская воласць стала вотчыннай полацкай княжацкай сям’і. Як лічыць В.М. Ляўко, Ізяслаўскую воласць маглі аддаваць ва ўдзел таму з князёў, хто павінен быў прыйсці на змену правіцелю ў Полацку [46, c. 184]. У Кіеўскай дзяржаве таксама былі “стартавыя” ўдзелы, дзе сядзелі прэтындэнты на вялікакняжацкі пасад.

Дакладна невядомым застаецца пытанне калі быў вылучаны Ізяслаўскі ўдзел. Па археалагічным даследванням, на рубяжы ХІ – ХІІ стст. на тэрыторыі Ізяслаўля быў пабудаваны новы дзядзінец. Час пабудовы дзядзінца на думку Ю.А. Зайца супадае з вылучэннем Ізяслаўскай воласці ва ўдзел [32, c. 48 – 49]. Але як лічыць Г.В. Штыхаў, Ізяслаўскі ўдзел на мяжы ХІ – ХІІ стст. увасабляў тэрыторыю Ізяслаўскай воласці ў складзе Полацкай зямлі [89, с. 29]. Як паведамляе М.В. Доўнар – Запольскі: “В 1128 г. Изяславль подвергся разграблению во время Мстиславова похода на Полоцких князей; уже тогда он представлял удельное княжение” [24, c. 50]. Такім чынам можна зрабіць выснову, што афармленне Ізяслаўскага ўдзелу адбываецца ў першай чвэрці ХІІ ст.

На працягу ХІІ ст. прасочваецца барацьба за гэты ўдзел паміж нашчадкамі менскай і віцебскай галін дынастыі Усяславічаў. Права Брачыслава Васількавіча на Ізяслаўль як на бацькаўшчыну падтрымана ў 1159 г. полацкім князем Рагвалодам Барысавічам. Сам жа князь вярнуў сабе Друцкую воласць, якая дасталася яму ў спадчыннў ад бацькі – Барыса Ўсяславіча і была захоплена ў 1151 г. менскімі Глебавічамі [45, c. 403].

Напрамак развіцця тэрыторыі Ізяслаўскага ўдзела (паўночны захад) вызначаецца памежнымі горадам Лошаскам (Лоск) у вярхоўях р. Бярэзіны Нёманскай. На паўночным усходзе з Ізяслаўскім удзелам межавала Лагожская воласць [14, c. 185]. Як сведчаць крыніцы, яна значна пазней, чым іншыя воласці Полацкай зямлі вылучылась ва ўдзел. Пад час паходу паўднёварускіх князеў 1127 г. на полацкія ўладанні Лагожск быў памежнай крэпасцю. Толькі пад 1180 г. Іпацьеўскі летапіс упамінае князя Усяслава Мікуліча з Лагожска, які быў у саюзе з Полацкам. А ўжо пад 1186 г. у Лаўрэнцьеўскім летапісе названы іншы князь Васілька Валадаравіч, які выступае супраць Полацка разам са смалянамі [45]. Паколькі Лагожская воласць толькі ў апошнія дзесяцігоддзі ХІІ ст. вылучылася ва ўдзел, магчыма яе памеры былі сціплыя і адпавядалі гістарычна складзенай да ХІ ст. тэрыторыі воласці вакол яе цэнтра, які ўпершыню пападае на старонкі “Павучання” Уладзіміра Манамаха [20].

Цікавасць выклікае Барысаўская воласць, якая была размешчана паміж Лагожскай (на захадзе), Лукомльскай і Друцкай (на паўночным усходзе) валасцямі. На поўдзень ад яе знаходзіліся землі Мінскай воласці – ўдзела, на поўнач – тэрыторыя Полацкай воласці. Шэраг даследчыкаў без спасылак пазначаюць дату заснавання горада пад 1102 г. “В 1102 г. Борис Всеславич полоцкий ходил на ятвяг и, победя их, возвратясь, поставил град Борисов в свое имя и людьми заселил” [80, c. 137]. Як удакладняе В.Е. Данілевіч, магчыма Барыс пабудаваў горад менавіта для палонных яцвягаў [23, c. 73]. Але упершыню горад з’яўляецца ў летапісах у 1128 г. у выніку пахода на Полацкую зямлю Мсціслава Ўладзіміравіча (1125 – 1132) [81, c. 370]. Важным з’яўляецца той факт, што г. Барысаў быў заснаваны князем, які знаходзіўся на полацкім пасадзе. У пачатку ХІІ ст. полацкая зямля трапляе на той шлях, якім пайшла Кіеўская дзяржава пасля з’езда ў Любечы (1097). Побач з заснаванымі на родавым праве Ізяслаўскім і Менскім удзеламі пачынаюць утварацца воласці на феадальным праве. Ініцыятыва ў стварэнні такіх валасцей (“отчин”) належыць тым полацкім князям, якія займалі пасаду ў стольным горадзе [14, c. 185]. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча, працэс феадалізацыі грамадства значна паскорыўся. Гэтаму спрыяла развіццё вотчыннага землеўладання, а таксама палітычны раскол у асяроддзі нашчадкаў Усяслава, фарміраванне асобных галін княжацкай сям’і – спадкаемцаў вотчын.

Як адзначаюць даследчыкі Г.В. Штыхаў, В.М. Ляўко, Ю.А. Заяц, удзелы, выдзеленыя на родавым праве (раннія), пэўны час развіваліся побач з вотчыннымі ўладаннямі, створанымі на феадальным праве (познімі), паступова таксама набываюць значэнне пастаянных вотчын. Утварэнне Барысаўскай воласці ў пачатку ХІІ ст. з цэнтрам у Барысаве магчыма разглядаць як першы крок у напрамку разгалінавання Полацкай зямлі на асобныя ўладанні – вотчынны прадстаўнікоў княжацкай сям’і [14, c. 186]. Калі на полацкі пасад замест Давыда Усяславіча зноў сеў Барыс Усяславіч, перад ім адкрыліся магчымасці яшчэ больш пашырыць свае асабістыя ўладанні. Паколькі летапісы звязваюць нашчадкаў Барыса Усяславіча з Друцкам і яго воласцю, то падаецца слушным, што Друцкая воласць была далучана да Барысаўскай і яны абедзве склалі ўдзел князя Барыса. Як было адзачана Л.В. Аляксеевым у канцы 20-х гадоў ХІІ ст. Друцк яшчэ не быў значным горадам [2].

Пасля кароткага праўлення ў Полацкай зямлі кіеўскіх намеснікаў (з 1129 па 1132 г.) на полацкім пасадзе зноў з’яўляецца прадстаўнік дынастыі Рагвалодавічаў. Гэта быў сын высланага ў Візантыю Святаслава Усяславіча – Васілька Святаславіч. Верагодна ён правіў Полацкай зямлей да 1146 г. [1, c. 187]. Менавіта Васількавічаў увасабляе віцебская галіна полацкіх князёў, вядомая па крыніцах ХІІ ст. Таму цалкам верагодным з’яўляецца тое, што з Васількі Святаславіча пачынаецца існаванне ўдзела з цэнтрам у Віцебску.


3.3 Палітычная гісторыя ўдзелаў Полацкай зямлі
Сярэдзіна ХІІ ст. адметная тым, што ў створаных удзелах адбываюцца значныя перамены. Гэта звязана ў першую чаргу з палітычна – адміністрацыйным станам унутры дзяржавы. Вялікую ролю адыгрываюць і знешнепалітычныя абставіны, агульны ход развіцця феадальных адносін.

Пасля усталявання ў Менскім, Друцкім, Віцебскім ўдзелах нашчадкаў Усяславічаў пачалося ўзмацненне асобных галін полацкага княжацкага дому. Яны вядуць паміж сабою барацьбу за прыярытэт вярхоўнай ўлады, тым самым паглыбляючы ўжо існуючыя супярэчнасці, падштурхоўваючы дзяржаву да канчатковага распаду [14, c. 188]. За ўладу ў Полацкай зямлі вядуць барацьбу тры асноўныя княжацкія лініі – нашчадкі Усяслава Брачыславіча. З 1146 па 1151 г. полацкі пасад знаходзіўся ў руках Рагвалода Барысавіча, князя друцкага. Але як сведчаць летапісы, не без дапамогі палітычных інтрыг яго месца займае Расціслаў Глебавіч, князь менскі, які кіруе ўсей Полацкай зямлей да 1158 г. [45]. За гэты час дынастыя Глебавічаў умацоўваецца на ўсіх ключавых пазіцыях. У менску сядзіць брат Расціслава Глебавіча – Валадар, у Ізяслаўлі другі брат – Усевалад. У Друцку ўладкаваўся яго сын Глеб Расціславіч. Такім чынам, Глебавічы атрымалі вярхоўную ўладу ў дзяржаве, а таксама вярнулі сабе бацькоўскія набыткі (Друцкую воласць), прыхапіўшы тым часам уладанні Барысавічаў (Барысаўская воласць). Фактычна Глебавічам падпарадкоўвалася Полацкая, Ізяслаўская, Барысаўская, Менская, Друцкая воласці ў складзе Полацкай зямлі. Як адзначае М.Н. Ціхаміраў, к сярэдзіне ХІІ ст. полацкія князі ўжо ў поўнай меры залежаць ад веча і таму менавіта полацкая арыстакратыя пасадзіла на полацкі пасад Расціслава [81, c. 201]. На працягу 7 гадоў Расціслаў валодаў большай часткай Полацкай зямлі. Аднак змова полацкіх баяр у 1158 г. прымусіла яго пакінуць Полацк [30, c. 88]. На полацкім пасадзе зноў усталяваўся Рагвалод Барысавіч. Такім чынам падцвярджаецца тэзіс аб галоўнай ролі веча ў кіраўніцтве Полацкай зямлей.

Рагвалод Барысавіч намагаўся ўпарадкаваць маёмасныя адносіны ў адпаведнасці з правам бацькаўшчыны [14, c. 188]. Менавіта таму Рагвалод патрабаваў вярнуць Брачыславу Васількавічу Ізяслаўль. Але ў 1161 г. пасля паражэння ад брата Расціслава Валадара, ён назаўседы пазбавіўся полацкага прастола. Палачане, як паведамляе летапіс, запрасілі да сябе віцебскага князя Усяслава Васількавіча, сына былога полацкага князя.

Калі Валадар Глебавіч у 1167 г. выбіў і гэтага князя з Полацка, той збег у Віцебск, дзе сядзеў былы смаленскі князь Давыд Расціславіч. З дапамогай Давыда ён змог вярнуцца ў Полацк. Удзячны за гэта полацкі князь удзельнічаў на баку смаленскіх князёў у іх барацьбе з ноўгарадам. У складзе групы Манамахавічаў у 1168 г. полацкія палкі двойчы хадзілі на Кіеў, а ў наступны год – на Ноўгарад. У 1174 г. палачане зноў удзельнічалі ў паходзе на Кіеў. Аднак у 1180 г. яны апынуліся ўжо ў іншым лагеры.

Пастаянная барацьба за кіеўскі прастол, хаця сам Кіеў к таму часу страціў значэнне першага горада, прымусіла кіеўскае баярства ўвесці падвойнае праўленне [75]. На княжанне запрашаліся адразу два князі, кожны з якіх прадстаўляў адну з варожых груповак. Кіеўляне запрасілі на кіеўскі пасад чарнігаўскага князя Святаслава Усеваладавіча – Вольгавіча па паходжанні, і смаленскага – Рурыка Расціславіча. Меркавалася, што сістэма двуумвірата некалькі аслабіць ўсобіцы і дасць магчымасць лепш арганізаваць абарону паўднёвых меж ад палавецкіх набегаў. Аднак як паказалі далейшыя падзеі, пазбавіцца ад усобіц не удалося.

Абодва суправіцелі Кіеўскага княства песцілі надзею стаць адзінаасобнымі ўладарамі. Пачалася падрыхтоўка да вайны, князі высылалі ганцоў да саюзнікаў: Рурык – да галіцкага князя Яраслава Асмамысла і двух луцкіх князеў – братоў – Інгвара і Усевалада. Святаслаў жа паспяшаўся ў Чарнігаў, дзе сабраў на савет сваіх суродзічаў. У гэтых падзеях полацкія князі выступілі на баку Вольгавічаў. Полацкія Васількавічы даўно згубілі стары полацкі горад Друцк, князі якога звязалі сябе са Смаленскам. Таму, на думку Э.М. Загарульскага, месцам злучэння войск Вольгавічаў і полацкіх князеў абралі Друцк [30, c. 90].

Калі чарнігаўцы прывялі з сабой полаўцаў, то палачане як адзначае летапіс прыйшлі разам з літоўскімі і ліўскімі атрадамі (“с ними бяхуть и Либь и Литва”) [45, c. 425]. Як адзначае М.І. Ермаловіч, наяўнасць у войску менавіта полацкага князя ліваў і літвы вельмі паказальная. “Як вядома, фінскае племя ліваў жыло на самым узбярэжжы Балтыйскага мора. А гэта бясспрэчна, адзначае, што Полацк пашырыў свой палітычны ўплыў на ўсё Ніжняе Падзвінне, адкуль і чэрпаў дадатковую вайсковую сілу” [28, c. 237].

Шэсць дзён полацкія і чарнігаўскія войскі разам са сваімі саюзнікамі чакалі пад Друцкам Святаслава. За гэты час на дапамогу друцкаму князю Глебу Рагвалодавічу паспеў падыйсці смаленскі князь Давыд, які толькі што заняў месца памерлага брата. Ваенная кампанія, у якую ўцягнулі такія буйныя сілы, завяршылася нічым. Быў толькі спалены друцкі астрог.

Аўтар “Слова пра паход Ігаравы” асуджае гэтыя міжусобіцы: “Ярославе и вси внуще Всеславян! Уже понизить стязи свои, вонзить свои мечи вережени – уже бо выскочисте из дедней славе. Вы бо своими крамолами начясте наводити поганыя на землю Рускую, на жизнь Всеславлю” [73, c. 88].

З гэтага летапіснага ўрыўка, датаванага 1180 г., можна атрымаць некаторае ўяўленне аб полацкіх удзелах, аб князях, якія, так ці інакш звязаны з полацкім князем, былі яго саюзнікамі на той момант. Мяркуючы па ім, у Полацку сядзеў Усяслаў Васількавіч, у Віцебску – яго брат Брачыслаў Васількавіч, у Лагойску – Усяслаў Мікуліч. Сын віцебскага князя – Васілька Брачыславіч – сядзеў у Ізяслаўлі. Там згадваюцца таксама Васілька Валадаравіч, Андрэй Валодыш і яго сын – Ізяслаў [73]. Аб Менску гэтага перыяду летапісы маўчаць. Хутчэй за ўсё ім валодалі Глебавічы.

Такім чынам у Полацкай зямлі ў другой палове ХІІ ст. адбываліся тыя ж працэсы што і ў астатніх княствах Старажытнай Русі. Полацкія князі ўключаліся ў агульнарускія ўсобіцы, ад якіх яны не атрымалі ніякай выгады. Полацкія князі страцілі шэраг гарадоў (Друцк, Віцебск). Але не гледзячы на страту гэтых гарадоў, Полацкае княства значна павялічыла сваю тэрыторыю за кошт суседніх літоўскіх зямель, і нават лівы, якія жылі на ўзбярэжжы Рыжскага заліва, плацілі даніну полацкім князям. Невыпадкова ў гэтай сувязі аутар “Слова пра паход Ігаравы”, звяртаючыся да полацкіх князёў, скарыстоўваў выраз “магутныя палачане” [73].

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка