Колькі каштуюць дзіцячыя слёзы




Дата канвертавання01.05.2016
Памер27.51 Kb.
КОЛЬКІ КАШТУЮЦЬ ДЗІЦЯЧЫЯ СЛЁЗЫ
"Мама" – першае слова, якое вымаўляе дзіця. Яно сугучна ў многіх мовах свету, самае дарагое, светлае, чыстае. Маці для маленькага чалавека -- цэнтр сусвету, і мы, дарослыя, павінны разумець гэта. Але быць маці – не прафесія: звольніцца ўжо немагчыма. Жанчына, якая нарадзіла дзіця, павінна клапаціцца пра яго, гадаваць. Падтрымліваць маці ва ўсім, дапамагаць, у ідэале, павінен муж. На жаль, у рэальным жыцці расце колькасць разводаў. Яшчэ большую трывогу грамадства выклікае павелічэнне колькасці ненадзейных сем'яў. У Дзятлаве і раёне іх жыве 97. У гэтых сем'ях выхоўваюцца 158 непаўналетніх. У раёне – 77 абавязаных асобаў (пагашаюць расходы, патрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні), 51 з іх – працаўладкавана, 11 – адбываюць пакаранне, 3 – не працуюць (двое з іх добраахвотна выплачваюць дзяржаве грошы на ўтрыманне непаўналетніх, адна жанчына знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём да 3-х гадоў). Асноўная прычына дзіцячага недабрабыту – алкагалізм дарослых. У пошуках "чарговай чаркі" гора – бацькі забываюцца аб тым, што ў іх ёсць дзеці, што яны сядзяць дома галодныя або бадзяюцца, часам, не маюць цёплай вопраткі, абутку. Звычайна на дапамогу такім "заложнікам" сямейных абставін прыходзяць бабулі і дзядулі, радзей -- суседзі. Але гэта не вырашае праблемы сацыяльнага сіроцтва. Ёю займаецца дзяржава.

Менавіта таму 24 лістапада 2006 года ў законную сілу ўступіў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем'ях". Працэдура работы з такімі сем'ямі наступная. Калі ў поле зроку адказных службаў трапляюць сем'і, сітуацыя ў якіх выклікае трывогу, іх ставяць на кантроль як сацыяльна-ненадзейныя. Пры пагаршэнні сітуацыі ў такой сям'і, суд або камісія па справах непаўналетніх выносіць рашэнне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Непаўналетніх забіраюць з сям'і і пасля медыцынскага агляду змяшчаюць у сацыяльны прытулак на тэрмін да 6 месяцаў. Бацькі такіх дзяцей павінны пагашаць расходы на іх утрыманне. Калі гора-бацькі працуюць, то расходы пагашаюцца з заработнай платы. У выпадку, калі абавязаныя асобы не працаўладкаваны, яны на працягу трох дзён пасля адабрання павінны прайсці медыцынскі агляд. У гэты ж тэрмін мясцовы орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне вызначае адну або некалькі арганізацый для працаўладкавання. Прыступіць да работы неабходна не пазней дня, наступнага за днём атрымання накіравання органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. За абавязанай асобай захоўваецца не менш за 30% заработнай платы: астатнія грошы ідуць на пагашэнне расходаў на ўтрыманне дзяцей. Кантроль за яўкай на працу вядуць праваахоўнікі, наймальнік і орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Калі абавязаная асоба не выконвае патрабаванняў Дэкрэта №18, яна можа быць папярэджана, падвергнута адміністрацыйнаму арышту, пры грубых парушэннях – асуджана. Так, суд Дзятлаўскага раёна ў сакавіку 2005 года вынес рашэнне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў мужа і жонкі з вёскі Пенчыцы, бацькоў 5 дзяцей. Пазней, у 2010 годзе, у сям'і нарадзіўся 6 хлопчык. У выніку амаральнага ладу жыцця бацькоў, злоўжывання алкаголем дзіця мела інваліднасць з-за шэрагу сур'ёзных паталогій і памёрла ў 2012 годзе. За перыяд пакуль гора-бацькі з'яўляюцца абавязанымі асобамі і працуюць у СВК "Русь-Агра", у іх накапілася запазычанасць у памеры звыш 98 мільёнаў рублёў. У маі 2013 года за непагашэнне расходаў, прагулы, злоўжыванне алкаголем бацьку асудзілі на год пазбаўлення волі.

За гэтымі сухімі лічбамі і фактамі зламаныя лёсы дзяцей, многія з якіх ніколі не змогуць стаць паўнацэннымі членамі нашага грамадства з-за інваліднасці, псіхічных праблем. Пра іх дабрабыт клапоціцца дзяржава, іх абараняе закон. Некаторыя непаўналетнія трапляюць у прыёмныя сем'і. Але гэта не пазбаўляе біялагічных бацькоў ад неабходнасці выплачваць грошы. Да гора-бацькоў, якія не лічаць патрэбным гадаваць уласных дзяцей, у нашай дзяржаве прымаюцца і будуць прымацца самыя жорсткія меры. Абавязаныя асобы, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, згодна з законам, выплацяць усю суму, затрачаную на ўтрыманне іх дзяцей.
В. ПЕТРУКЕВІЧ,

начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх



АУС Дзятлаўскага райвыканкама


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка