Кодэкс рэспублікі беларусь




старонка3/14
Дата канвертавання17.03.2016
Памер2.97 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14
ГЛАВА 8
КАЛЕКТЫВЫ МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ ЯК СУБ'ЕКТЫ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ


  1. Паняцце і віды калектываў мастацкай творчасці

1. Калектывы мастацкай творчасці – аб’яднанні грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю. 

2. Калектывы мастацкай творчасці могуць стварацца ў выглядзе:

прафесійных калектываў мастацкай творчасці;

непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці;

аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці.

3. Прафесійным калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на прафесійнай аснове.

4. Непрафесійным (аматарскім) калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на непрафесійнай аснове, за выключэннем кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які займаецца мастацкай творчасцю на прафесійнай аснове. 

5. Аўтэнтычным фальклорным калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, звязаных з натуральным фальклорным асяроддзем пэўнай мясцовасці, якія атрымалі і перадаюць фальклорныя веды і навыкі ў парадку вуснай традыцыі, сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на непрафесійнай аснове. 



  1. Жанры і формы калектываў мастацкай творчасці

1. Па жанрах калектывы мастацкай творчасці падзяляюцца на:

тэатральныя (драматычныя, музычныя, лялечныя, прозы i паэзii, сатыры і гумару, пантамiмы, мiнiяцюр i iншыя тэатральныя жанры);

вакальна-харавыя (з акадэмiчнай, народнай, эстраднай манерай выканання i iншыя вакальна-харавыя жанры);

харэаграфiчныя (народнага, класiчнага, бальнага, эстраднага танцаў i iншыя харэаграфічныя жанры);

музычна-iнструментальныя (народных, ударных, духавых iнструментаў, духавой, старадаўняй, класічнай, камернай, эстраднай музыкi i iншыя музычна-інструментальныя жанры);

фальклорныя (розных вiдаў i жанраў фальклору, які прыстасаваны для сцэнiчных умоў і існуе ў апрацоўках);

дэкаратыўна-прыкладныя (лозапляцення, саломапляцення, керамiкi, апрацоўкi дрэва, вышыўкi, ткацтва i iншыя дэкаратыўна-прыкладныя жанры);

выяўленчыя (жывапiсу, графiкi, скульптуры і іншыя выяўленчыя жанры);

цыркавыя;

дызайнерскія;

фота-, слайд-, кiнамастацтва;

калектывы, якiя дзейнiчаюць на спалучэннi розных жанраў (вакальна-iнструментальны, песнi i танца, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва i iншыя жанры).

2. Па формах калектывы мастацкай творчасці падзяляюцца на:

хор;


аркестр;

тэатр;


ансамбль;

цырк;


студыю;

іншыя віды.



  1. Статус калектываў мастацкай творчасці

1. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці могуць стварацца ў якасці юрыдычнай асобы і з’яўляцца арганізацыямі культуры або стварацца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы і не з’яўляцца арганізацыямі культуры. Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці таксама могуць быць клубнымі фарміраваннямі. 

2. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці юрыдычнай асобы, дзейнічаюць на падставе статута або ўстаноўчага дагавора. 

3. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы, і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы або клубнага фарміравання, дзейнічаюць на падставе палажэння, зацверджанага заснавальнікам калектыву мастацкай творчасці.

4. Статус непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці пацвярджаецца пашпартам непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які змяшчае асноўныя звесткі аб гэтым калектыве. Пашпарт непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці складаецца заснавальнікам калектыву мастацкай творчасці па форме, якая ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Новыя звесткi i змяненнi ўносяцца ў пашпарт непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці не пазней за 30 каляндарных дзён з моманту iх узнiкнення шляхам запаўнення новага пашпарту непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

5. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці могуць быць клубнымі або іншымі фарміраваннямі.



  1. Парадак стварэння і ліквідацыі прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці

1. Парадак стварэння і ліквідацыі прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці, якія з’яўляюцца арганізацыямі культуры, вызначаецца Грамадзянскiм кодэксам Рэспублiкi Беларусь i iншымi заканадаўчымi актамi.

2. Парадак стварэння прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, вызначаецца заснавальнікам гэтага калектыву ў яго ўстаноўчым дакуменце.

3. Заснавальнікам прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, выступае юрыдычная асоба, у структуры якой створаны гэты калектыў.

4. Заснавальнікам непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, выступае юрыдычная асоба, у структуры якой створаны або на базе якой дзейнічае гэты калектыў.

5. Спыненне дзейнасці прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, ажыццяўляецца па рашэнні заснавальніка калектыву мастацкай творчасці, а таксама на падставах, прадугледжаных заканадаўствам.


  1. Падставы дзейнасці ўдзельнікаў прафесійных калектываў мастацкай творчасці, непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці

1. Удзельнікі прафесійнага калектыву мастацкай творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора.

2. Удзельнікі непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, за выключэннем кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе ўдзелу (членства) або прыёму (запісу), што праводзяцца на аснове добраахвотнага волевыяўлення грамадзяніна, у тым ліку па выніках папярэдняга адбору (конкурсу).

Кіраўнік непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора ці на іншых падставах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Кіраўнік непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора.

3. Удзельнікі аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе ўдзелу (членства).

Кіраўнік аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці, які з’яўляецца клубным фарміраваннем, можа ажыццяўляць сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора.



  1. Кіраванне ў прафесійным калектыве мастацкай творчасці і непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры

1. Кіраванне ў прафесійным калектыве мастацкай творчасці або непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, ажыццяўляецца заснавальнікам і кіраўніком калектыву ў адпаведнасці з устаноўчым дакументам заснавальніка калектыву і палажэннем, зацверджаным заснавальнікам калектыву.

2. У выпадку ажыццяўлення кіраўніком прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, сваёй дзейнасці на падставе працоўнага дагавора (кантракта) ён назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады заснавальнікам адпаведнага калектыву і нясе перад ім адказнасць за дзейнасць калектыву.



ГЛАВА 9
АРГАНІЗАЦЫІ КУЛЬТУРЫ і падраздзяленні юрыдычных асоб ЯК СУБ’ЕКТЫ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ


  1. Арганізацыі культуры і падраздзяленні юрыдычных асоб

1. Для ажыццяўлення культурнай дзейнасці могуць стварацца арганізацыі культуры і падраздзяленні юрыдычных асоб.

2. Бібліятэкі, музеі, тэатры, цыркi, фiлармонii, ансамблі, хоры, аркестры, студыі і іншыя калектывы мастацкай творчасці, клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры (мастацтваў), кінатэатры, дамы кіно, кіна- і відэацэнтры, кіна- і відэасалоны, цэнтры (дамы) народнай творчасцi (народнага мастацтва, фальклору), цэнтры (дамы) рамёстваў, маладзёжныя культурныя цэнтры, цэнтры нацыянальных культур, карцiнныя, мастацкiя галерэi i галерэi мастацтваў, выставачныя залы, панарамы, паркi культуры i адпачынку, гарадскiя сады, заапаркi, заасады, творчыя майстэрнi, метадычныя цэнтры народнай творчасцi (культурна-асветнай работы) могуць быць як арганізацыямі культуры, так і падраздзяленнямі юрыдычных асоб, у тым ліку адасобленымі. 



  1. Віды і асноўныя тыпы арганiзацый культуры

1. Арганізацыі культуры па форме ўласнасці падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя, па асноўнай мэце дзейнасці – на камерцыйныя і некамерцыйныя.

2. Арганiзацыi культуры могуць быць створаны ў форме наступных камерцыйных арганiзацый:

гаспадарчых таварыстваў (адкрытага або закрытага акцыянернага таварыства, таварыства з абмежаванай адказнасцю i таварыства з дадатковай адказнасцю), поўнага i камандытнага таварыстваў;

унітарных прадпрыемстваў.

3. Арганiзацыi культуры могуць быць створаны ў форме наступных некамерцыйных арганiзацый:

фiнансуемых уласнікам устаноў;

асацыяцый (саюзаў);

іншых формах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

4. Арганiзацыi культуры ў залежнасці ад напрамкаў культурнай дзейнасці падраздзяляюцца на наступныя асноўныя тыпы:

бiблiятэкi;

музеi;

арганiзацыi народных мастацкіх рамёстваў;



арганiзацыi кiнематаграфii;

тэатры;


цыркi;

фiлармонii, ансамблі, хоры, аркестры, студыі, канцэртныя залы i iншыя канцэртныя арганiзацыi;

клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры (мастацтваў), цэнтры (дамы) народнай творчасцi (народнага мастацтва, фальклору), цэнтры (дамы) рамёстваў, маладзёжныя культурныя цэнтры, цэнтры нацыянальных культур i iншыя клубныя арганізацыі;

карцiнныя, мастацкiя галерэi i галерэi мастацтваў, выставачныя залы, панарамы i iншыя выставачныя арганiзацыi;

паркi культуры i адпачынку, гарадскiя сады, заапаркi, заасады;

творчыя майстэрнi;

метадычныя цэнтры народнай творчасцi (культурна-асветнай работы);

арганізацыі па правядзенні культурных мерапрыемстваў;

прадзюсарскія арганізацыі;

іншыя арганізацыі культуры. 

5. Арганiзацыi культуры, якiя ажыццяўляюць культурную дзейнасць праз забеспячэнне стварэння выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і іх публічнага выканання, лiчацца тэатральна-вiдовiшчнымi. Да тэатральна-вiдовiшчных арганiзацый культуры адносяцца тэатры, цыркi, канцэртныя арганiзацыi, iншыя тыпы арганiзацый культуры, якія ажыццяўляюць дадзеную культурную дзейнасць.

6. Арганiзацыi культуры, якiя ажыццяўляюць культурную дзейнасць праз забеспячэнне доступу грамадзян да культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца ў фондах гэтых арганiзацый, або праз стварэнне ўмоў для занятку народнай i мастацкай творчасцю, самаадукацыяй, а таксама для духоўнага i фiзiчнага развiцця, лiчацца культурна-асветнымі. Да культурна-асветных арганiзацый культуры адносяцца музеi, бiблiятэкi, клубныя арганізацыі, iншыя тыпы арганiзацый культуры, якія ажыццяўляюць дадзеную культурную дзейнасць.

7. У мэтах забеспячэння ўмоў комплекснага прадастаўлення культурных даброт насельніцтву, а таксама аптымізацыі дзейнасці арганізацый культуры могуць стварацца арганiзацыi культуры змешанага тыпу. 

Да арганізацый культуры змешанага тыпу адносяцца арганізацыі культуры, у склад якіх уваходзяць падраздзяленні (структурныя або адасобленыя), што ажыццяўляюць віды культурнай дзейнасці, якія адпавядаюць асноўнаму віду дзейнасці розных тыпаў арганізацый культуры. 

8. Асаблiвасцi стварэння, прававога становiшча i парадку дзейнасцi асобных тыпаў арганiзацый культуры вызначаюцца гэтым Кодэксам. 


  1. Асаблiвасцi ўстаноў культуры як адной з форм некамерцыйных арганiзацый культуры

1. Установа культуры – арганiзацыя культуры, якая ствараецца ўласнiкам для ажыццяўлення кіраўнічых, сацыяльна-культурных i iншых функцый некамерцыйнага характару ў сферы культуры i фiнансуецца ім поўнасцю або часткова.

2. Установы культуры могуць быць дзяржаўнымі (рэспубліканскімі і камунальнымі) і прыватнымі.

3. У якасці заснавальнікаў устаноў культуры могуць выступаць:

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь;

дзяржаўныя органы, падпарадкаваныя і (або) падсправаздачныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, а таксама дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь;

мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы;

грамадзяне Рэспублікі Беларусь і юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь;

замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

4. Заснавальнiкi ўстаноў культуры абавязаны забяспечыць установы культуры капітальнымі пабудовамі (будынкамi, збудаваннямі), памяшканнямі, абсталяваннем, тэхнiчнымi i iншымi сродкамi, неабходнымi для ажыццяўлення або забеспячэння культурнай дзейнасцi.

5. Перавод дзяржаўных устаноў культуры ў капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), памяшканнi, якiя пагаршаюць умовы iх дзейнасцi, не дапускаецца.


  1. Стварэнне, рэарганiзацыя i лiквiдацыя арганiзацый культуры

1. Парадак стварэння, рэарганiзацыi i лiквiдацыi арганiзацый культуры вызначаецца Грамадзянскiм кодэксам Рэспублiкi Беларусь, гэтым Кодэксам i iншымi актамi заканадаўства.

2. Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы маюць права ствараць дзяржаўныя арганiзацыi культуры любых тыпаў звыш нарматываў, вызначаных дзяржаўнымi мiнiмальнымi сацыяльнымi стандартамi ў сферы культуры.

3. Пры планаваннi стварэння дзяржаўных арганiзацый культуры ўлiчваюцца гiстарычныя, нацыянальныя i геаграфiчныя асаблiвасцi мясцовасцi.

4. Лiквiдацыя дзяржаўных устаноў культуры не дапускаецца, калi такая лiквiдацыя пацягне немагчымасць выканання дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у сферы культуры.

5. Рэарганiзацыя i лiквiдацыя дзяржаўных устаноў культуры, маёмасць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, ажыццяўляюцца са згоды Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь у выпадках, калі яны:

маюць асаблiвае значэнне для захавання, развiцця i распаўсюджвання беларускай нацыянальнай культуры. Пералiк такіх устаноў культуры ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублiкi Беларусь;

створаны ў вызначаным парадку пасля 4 чэрвеня 2004 г. 

6. Гэтым Кодэксам, iншымi актамi заканадаўства могуць быць прадугледжаны абавязковыя патрабаваннi (умовы), пры выкананнi якiх дапускаецца стварэнне арганiзацый культуры пэўных вiдаў (тыпаў), у тым лiку патрабаваннi да складу фондаў культурных каштоўнасцей, а таксама маёмасцi, што перадаюцца заснавальнiкам арганiзацыi культуры для ажыццяўлення або забеспячэння культурнай дзейнасцi.

7. Пры стварэнні арганізацыі культуры змешанага тыпу, у склад якой будзе ўваходзіць музей або бібліятэка, павінны выконвацца ўмовы стварэння музеяў і бібліятэк, устаноўленыя гэтым Кодэксам.

8. Пры ліквідацыі дзяржаўнай арганізацыі культуры змешанага тыпу, у склад якой уваходзіць бібліятэка, яе заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць бібліятэчнага фонду і перадаць яго іншай дзяржаўнай бібліятэцы (бібліятэкам). 

Пры ліквідацыі дзяржаўнай арганізацыі культуры змешанага тыпу, у склад якой уваходзіць музей, яе заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў і перадаць музейны фонд іншаму дзяржаўнаму музею (музеям).


  1. Папячыцельскія саветы арганізацый культуры

1. У мэтах садзейнічання рэалізацыі статутных мэт у арганізацыях культуры могуць стварацца папячыцельскія саветы.

2. Рашэнне аб стварэнні (спыненні дзейнасці) папячыцельскага савета прымаецца кіраўніком арганізацыі культуры па ўзгадненні з яе заснавальнікамі або дзяржаўным органам, у падпарадкаванні якога знаходзіцца арганізацыя культуры. Пры прыняцці такога рашэння можа ўлічвацца меркаванне калегіяльнага органа, створанага ў арганізацыі культуры, і (або) яе працоўнага калектыву.

3. Рашэнне аб стварэнні (спыненні дзейнасці) папячыцельскага савета дзяржаўных арганізацый культуры можа быць прынята Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама іншым дзяржаўным органам у дачыненні папячыцельскага савета арганізацыі культуры, яму падпарадкаванай.

4. У выпадку парушэння папячыцельскім саветам патрабаванняў заканадаўства яго дзейнасць падлягае спыненню па рашэнні службовай асобы, дзяржаўнага органа, якія прынялі рашэнне аб стварэнні папячыцельскага савета.

5. Папячыцельскі савет дзейнічае на падставе палажэння аб папячыцельскім савеце арганізацыі культуры, якое зацвярджаецца службовай асобай, дзяржаўным органам, якія прынялі рашэнне аб стварэнні папячыцельскага савета. 

6. Папячыцельскі савет:

садзейнічае забеспячэнню спалучэння прынцыпаў дзяржаўнага і грамадскага кіравання культурнай дзейнасцю арганізацыі культуры;

садзейнічае арганізацыі культуры ў ажыццяўленні культурнай дзейнасці, у тым ліку стварэнні новых тэатральных пастановак, канцэртных праграм, выставак, папаўненні бібліятэчных, музейных і іншых фондаў, стварэнні і набыцці фільмаў і маёмасных правоў на іх, падтрымцы маладых таленавітых выканаўцаў і іншым;

распрацоўвае і рэалізуе перспектыўныя і бягучыя планы работы ў адпаведнасці з палажэннем аб папячыцельскім савеце, а таксама прыцягвае ў склад новых членаў і ўносіць службовай асобе, дзяржаўнаму органу, якія прынялі рашэнне аб стварэнні папячыцельскага савета, прапановы аб змяненні яго складу;

уносіць на разгляд арганізацыі культуры прапановы і рэкамендацыі па паляпшэнні яе дзейнасці;

аказвае дапамогу ў арганізацыі замежных гастролей калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў, іншым чынам садзейнічае развіццю міжнароднага супрацоўніцтва;

аказвае садзейнічанне ва ўдасканальванні кіравання арганізацыяй культуры, яе фінансавай і гаспадарчай дзейнасці;

садзейнічае ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацыі культуры;

садзейнічае прыцягненню пазабюджэтных і іншых дадатковых крыніц фінансавання, не забароненых заканадаўствам, для ажыццяўлення або забеспячэння культурнай дзейнасці і развіцця арганізацыі культуры;

прапаноўвае напрамкі, формы, памеры і парадак выкарыстання фінансавых сродкаў і другой маёмасці, якая перадаецца арганізацыі культуры па дагаворах бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, дагаворах ахвяравання, у рамках мэт, вызначаных гэтымі дагаворамі, і ажыццяўляе грамадскі кантроль за расходаваннем дадзеных сродкаў у адпаведнасці з заканадаўствам;

аказвае садзейнічанне ў падтрымцы асобных работнікаў культуры і творчых работнікаў, а таксама ў паляпшэнні ўмоў працы і медыцынскага абслугоўвання, павышэнні ўзроўню сацыяльнай абароненасці работнікаў культуры і творчых работнікаў;

аказвае дапамогу арганізацыі культуры ў пошуку партнёраў для яе супрацоўніцтва ў рамках ажыццяўлення культурнай дзейнасці;

разглядае вынікі дзейнасці папячыцельскага савета і пытанні эфектыўнасці выкарыстання фінансавых сродкаў і другой маёмасці, якая перадаецца арганізацыі культуры пры садзейнічанні папячыцельскага савета, у мэтах далейшага ўдасканальвання сваёй дзейнасці;

разглядае іншыя пытанні, вынесеныя на абмеркаванне папячыцельскага савета.

7. Склад папячыцельскага савета фарміруецца з юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, з іх згоды або па іх заявах. Юрыдычныя асобы ўдзельнічаюць у дзейнасці папячыцельскага савета праз сваіх прадстаўнікоў.

8. Членамі папячыцельскага савета могуць быць асобы, якія аказваюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу, робяць ахвяраванні, ажыццяўляюць арганізацыйную і метадычную падтрымку арганізацыі культуры, а таксама дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі сфер аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, навукі, сродкаў масавай інфармацыі, свяшчэннаслужыцелі, іншыя прадстаўнікі грамадскасці і дзяржаўных органаў.

9. Колькасны і персанальны склад папячыцельскага савета зацвярджаецца службовай асобай, дзяржаўным органам, якія прынялі рашэнне аб стварэнні папячыцельскага савета.

10. Расходы членаў папячыцельскага савета, якія ўзнікаюць у сувязі з выкананнем імі абавязкаў членаў папячыцельскага савета, не кампенсуюцца. 

11. Рашэнні папячыцельскага савета носяць рэкамендацыйны характар.

12. Арганізацыя культуры забяспечвае папячыцельскі савет памяшканнем для правядзення пасяджэнняў, месцам для захоўвання дакументацыі папячыцельскага савета.

Глава 10
УСТАНОВЫ АДУКАЦЫI І НАВУКОВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ Ў сферы КУЛЬТУРЫ, МЕТАДЫЧНЫЯ ЦЭНТРЫ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ (культурна-асветнай работы) ЯК СУБ’ЕКТЫ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ


  1. Установы адукацыi ў сферы культуры

1. Да ўстаноў адукацыi ў сферы культуры адносяцца ўстановы агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыi, а таксама ўстановы дадатковай адукацыi дзяцей i моладзi i дадатковай адукацыi дарослых, якiя падпарадкоўваюцца Мiнiстэрству культуры Рэспублiкi Беларусь або структурным падраздзяленням мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры.

2. Асноўнымі задачамі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры з’яўляюцца: 

прафесійнае навучанне ў сферы культуры;

эстэтычнае выхаванне грамадзян;

распаўсюджванне і папулярызацыя культурных каштоўнасцей;

забеспячэнне неабходных умоў для фарміравання духоўнасці, агульнай культуры і мастацкага развіцця грамадзян;

задавальненне патрэбнасцей грамадзян у культурным, інтэлектуальным і асобасным развіцці;

развіццё творчых здольнасцей грамадзян;

выяўленне таленавітай моладзі;

стварэнне ўмоў для набыцця грамадзянамі ведаў, уменняў і навыкаў у галіне асобных відаў мастацтва, вопыту мастацкай творчасці;

падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў культуры.


  1. Навуковыя арганізацыі ў сферы культуры

Навуковыя арганізацыі ў сферы культуры ажыццяўляюць навуковую дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам аб навуковай дзейнасці.

  1. Метадычныя цэнтры народнай творчасцi (культурна-асветнай работы)

1. Метадычным цэнтрам народнай творчасці (культурна-асветнай работы) з’яўляецца арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, асноўнымі напрамкамі дзейнасці якіх з’яўляюцца аказанне метадычнай дапамогі арганізацыям культуры і іншым юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, правядзенне аналітычна-даследчай работы ў сферы культуры.

2. Асноўнымі задачамі метадычных цэнтраў народнай творчасці (культурна-асветнай работы) з’яўляюцца:

павышэнне якаснага ўзроўню метадычнага абслугоўвання арганізацый культуры і іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, удзел у распрацоўцы дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;

удасканаленне зместу арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу), павышэнне яго сацыяльнай значнасці, пошук і ўкараненне новых, эфектыўных форм і метадаў работы з насельніцтвам;

даследаванне, вывучэнне і фіксацыя ўзораў традыцыйнай мастацкай творчасці і фальклору рэгіёнаў;

распрацоўка арганізацыйна-метадычных і рэпертуарных матэрыялаў па арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў, арганізацыі дзейнасці клубных фарміраванняў, захаванні і распаўсюджванні ўзораў традыцыйнай мастацкай творчасці і фальклору;

вывучэнне і аналіз стану дзейнасці арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, па развіцці новых напрамкаў іх дзейнасці, а таксама народнай творчасці;

вывучэнне і ўкараненне ў практыку арганізацый культуры і іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, перадавога вопыту работы айчынных і замежных арганізацый культуры;

удзел у арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў;

фарміраванне даведачна-інфармацыйнага фонду метадычных матэрыялаў, сцэнарных распрацовак арганізацый культуры і іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;

павышэнне прафесійнага ўзроўню, майстэрства работнікаў культуры;

ажыццяўленне міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах далучэння грамадзян, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, да культурных каштоўнасцей сусветнай культуры і інтэграцыі беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную культуру і інфармацыйную прастору;

садзейнічанне ўкараненню перадавых інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць арганізацый культуры і іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць.

3. Метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветнай работы) маюць права ўносіць на разгляд заснавальнікаў арганізацый культуры і іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, актуальныя пытанні ўдасканалення іх работы.

4. Метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветнай работы) працуюць у цесным узаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб’яднаннямі, установамі адукацыі і іншымі юрыдычнымі асобамі, якія садзейнічаюць ажыццяўленню і забеспячэнню культурнай дзейнасці.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка