Кодэкс рэспублікі беларусь




старонка12/14
Дата канвертавання17.03.2016
Памер2.97 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14
ГЛАВА 24
ДЗЕЙНАСЦЬ ПРАФЕСІЙНЫХ КАЛЕКТЫВАЎ
МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ


  1. Асаблівасці культурнай дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці

1. Дзейнасць прафесійных калектываў мастацкай творчасці – напрамак культурнай дзейнасці, накіраваны на стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічны паказ (выкананне) на прафесійнай аснове.

2. Напрамкамі дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічнае выкананне;

арганізацыя і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў;

правядзенне майстар-класаў і іншых культурных мерапрыемстваў дзеячамі культуры і мастацтва, іншымі творчымі работнікамі;

ажыццяўленне сумесных культурных праектаў з іншымі калектывамі мастацкай творчасці;

падрыхтоўка, тыражаванне і рэалізацыя выданняў інфармацыйна-даведачнага характару, відэаматэрыялаў і фанаграм, звязаных з культурнай дзейнасцю прафесійных калектываў мастацкай творчасці.

3. Нароўні з напрамкамі дзейнасці, вызначанымі ў пункце 2 гэтага артыкула, прафесійны калектыў мастацкай творчасці можа ажыццяўляць выраб і (або) прадастаўленне юрыдычным асобам і грамадзянам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, дэкарацый, мэблі, рэквізіту, сцэнічных касцюмаў і іншай маёмасці для правядзення культурна-відовішчных і іншых мерапрыемстваў або ўдзелу ў іх.

4. У прафесійных калектывах мастацкай творчасці можа стварацца і дзейнічаць мастацкі савет. 

Парадак стварэння і дзейнасці мастацкага савета прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, яго персанальны склад зацвярджаюцца кіраўніком прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца прафесійны калектыў мастацкай творчасці, па ўзгадненні з заснавальнікам на тэрмін не больш за два гады.



  1. Асноўныя прынцыпы і мэты дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці

1. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

забеспячэнне правоў грамадзян на свабоду творчай дзейнасці, удзел у культурным жыцці і карыстанне паслугамі, якія прадастаўляюць прафесійныя калектывы мастацкай творчасці;

незалежнасць у выбары напрамкаў у мастацтве, рэпертуару, у прыняцці рашэнняў аб публічным выкананні твораў сцэнічнага мастацтва прафесійнымі калектывамі мастацкай творчасці, публікацыі рэкламных і іншых матэрыялаў, якія не супярэчаць заканадаўству;

ахова выключных правоў аўтараў і ўладальнікаў сумежных правоў на вынікі іх творчай дзейнасці, якія выкарыстоўваюць прафесійныя калектывы мастацкай творчасці;

развіццё розных напрамкаў мастацтва.

2. Асноўнымі мэтамі дзейнасці прафесійных калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

эстэтычнае выхаванне грамадзян;

фарміраванне і задавальненне патрэбнасцей грамадзян у сцэнічным мастацтве;

стварэнне неабходных умоў для гуманізацыі асобы, захавання самабытнасці беларускай культуры, нацыянальнай самасвядомасці і мовы;

папулярызацыя твораў сцэнічнага мастацтва;

садзейнічанне ў захаванні адзінай культурнай прасторы, развіцці міжнацыянальных і міждзяржаўных культурных сувязей.


  1. Правы прафесійных калектываў мастацкай творчасці

Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці маюць права:

самастойна вызначаць рэпертуарную палітыку і змест культурна-відовішчных мерапрыемстваў;

удзельнічаць у культурных мерапрыемствах і ў выкананні сацыяльна-творчых заказаў;

папулярызаваць мастацкую творчасць розных аўтараў, выканаўцаў;

самастойна планаваць сваю дзейнасць і вызначаць перспектывы развіцця зыходзячы з мэт, прадугледжаных іх статутамі (палажэннямі), наяўнасці ўласных творчых і матэрыяльных рэсурсаў;

мець уласную сімволіку (афіцыйнае найменне, эмблему, іншае выяўленне), таварны знак.



ГЛАВА 25
ДЗЕЙНАСЦЬ НЕПРАФЕСІЙНЫХ (АМАТАРСКІХ) І АЎТЭНТЫЧНЫХ фальклорных КАЛЕКТЫВАЎ МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ


  1. Асаблівасці культурнай дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці

1. Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці – напрамак культурнай дзейнасці, накіраваны на стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічны паказ (выкананне) на непрафесійнай аснове.

2. Напрамкамі дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічны паказ (выкананне);

удзел у культурна-відовішчных і іншых культурных мерапрыемствах;

правядзенне майстар-класаў дзеячамі культуры і мастацтва, іншымі творчымі работнікамі.

3. Нароўні з напрамкамі дзейнасці, вызначанымі ў пункце 2 гэтага артыкула, непрафесійны (аматарскі) калектыў мастацкай творчасці можа ажыццяўляць выраб і (або) прадастаўленне грамадзянам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, дэкарацый, мэблі, рэквізіту, сцэнічных касцюмаў і іншай маёмасці для правядзення культурна-відовішчных і іншых мерапрыемстваў або ўдзелу ў іх.

4. Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці ажыццяўляецца з улiкам жанру і формы культурнай дзейнасцi, ступенi развiцця выканаўчага майстэрства членаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, узроўню iх творчага патэнцыялу, асаблiвасцей рэпертуару i iншага.

5. Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці носiць планавы характар, вызначаецца мэтанакiраванасцю, спалучэннем розных вiдаў заняткаў (iндывiдуальных, групавых, агульнакалектыўных) i заключаецца ў авалоданнi тэарэтычнымi ведамi i практычнымi навыкамi ў пэўным вiдзе мастацтва.

Для арганізацыі пастановачнай i кансультацыйнай работы ў непрафесійных (аматарскіх) калектывах мастацкай творчасці могуць запрашацца балетмайстры, хормайстры, канцэртмайстры, рэжысёры, кампазiтары, мастакі i iншыя творчыя работнікі. 

6. Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці лічыцца выніковай, калі гэты калектыў:

праводзіць самастойныя культурныя мерапрыемствы не радзей за адзiн раз у два месяцы;

праводзіць штогод справаздачныя культурныя мерапрыемствы з абнаўленнем іх зместу;

прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца заснавальнікам непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

7. Колькасць удзельнікаў непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці павінна адпавядаць жанру і форме культурнай дзейнасці калектыву пры фарміраванні рэпертуару, правядзенні рэпетыцый, стварэнні твораў мастацтва, выкананні твораў сцэнічнага мастацтва, вырашэнні мастацкіх задач, правядзенні культурных мерапрыемстваў, садзейнічаць творчаму развіццю непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

8. Формай самакіравання ў непрафесійных (аматарскіх) калектывах мастацкай творчасці можа выступаць мастацкі савет, які ствараецца з мэтай каардынацыi дзейнасцi непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці і складаецца з удзельнікаў гэтага калектыву.

Склад мастацкага савета непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці вызначаецца шляхам галасавання на агульным сходзе членаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці большасцю галасоў ад агульнай колькасці ўдзельнікаў гэтага калектыву.



  1. Асноўныя прынцыпы і мэты дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці

1. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

добраахвотнасць;

агульнасць iнтарэсаў;

даступнасць;

спалучэнне асабiстай iнiцыятывы, арганiзацыi i самакіравання;

рэалізацыя творчых здольнасцей, уменняў і навыкаў.

2. Асноўнымі мэтамі дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

адраджэнне, захаванне, развiццё i распаўсюджванне беларускай традыцыйнай культуры;

далучэнне грамадзян да культурных мастацкіх традыцый, лепшых узораў айчыннай і сусветнай культуры, твораў сучаснага мастацтва;

стварэнне, захаванне i распаўсюджванне культурных каштоўнасцей і шырокае далучэнне да ўдзелу ў мастацкай творчасці розных сацыяльных груп насельніцтва;

папулярызацыя твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, якія атрымалі агульнаграмадскае прызнанне;

набыццё ведаў і навыкаў у розных відах мастацкай творчасці, выяўленне i гарманічнае развiццё творчых здольнасцей асобы, стварэнне ўмоў для яе сацыялiзацыi i самарэалізацыі;

эстэтычнае выхаванне грамадзян;

арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва i задавальненне культурных патрэбнасцей грамадзян.



  1. Правы і абавязкі непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і іх заснавальнікаў

1. Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці маюць права:

самастойна вызначаць жанр і форму культурнай дзейнасці калектыву, склад удзельнікаў, рэпертуарную палітыку;

ажыццяўляць творчую дзейнасць;

дэманстраваць вынікі творчай дзейнасці, удзельнічаць у фестывалях, аглядах, конкурсах і іншых культурных мерапрыемствах;

папулярызаваць творчасць розных аўтараў, выканаўцаў;

удзельнічаць у выкананні сацыяльна-творчых заказаў.

2. Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці абавязаны мець назву.

Поўная назва непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці павінна адлюстроўваць жанр і форму культурнай дзейнасці калектыву, поўную назву заснавальніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці (яго падраздзялення), тэрытарыяльную прыналежнасць, а таксама можа ўтрымліваць арыгiнальную назву непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

Поўная назва непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, у склад якой уваходзiць больш 75 працэнтаў удзельнiкаў, якiя працуюць ва ўстановах культуры, установах адукацыі ў сферы культуры i пры гэтым маюць адукацыю ў пэўных відах мастацтва, можа адлюстроўваць якасны склад удзельнікаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

Назва непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці адлюстроўваецца ў пашпарце непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

3. Адказнасць за дзейнасць непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці нясе яго заснавальнік. 

4. Заснавальнік непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці:

ажыццяўляе арганiзацыйнае, фiнансавае i матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці;

садзейнічае развіццю творчых здольнасцей удзельнікаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, удзелу непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці ў культурных мерапрыемствах;

садзейнічае павышэнню прафесiйнага ўзроўню і заахвочванню кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.


  1. Асаблівасці культурнай дзейнасці аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці

1. Дзейнасць аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці – напрамак культурнай дзейнасці, накіраваны на захаванасць аўтэнтычнага фальклору пэўнай мясцовасцi.

2. Аўтэнтычны фальклор – народнае мастацтва ў яго спрадвечным, адэкватным генетычным вытокам выглядзе, без якiх-небудзь апрацовак. Аўтэнтычны фальклор функцыянуе ў натуральным асяроддзi, iснуе як вусная традыцыя, праяўляе сябе як калектыўная свядомасць, псiхалагiчна арыентаваная на непасрэдныя, нефармальныя адносiны.

Аўтэнтычны фальклор мае матэрыяльныя і нематэрыяльныя формы iснавання (праявы).

Да матэрыяльных праяў аўтэнтычнага фальклору адносяцца па-мастацку аформленыя прадметы побыту, прылады працы, касцюм, жыллё, мэбля, посуд, вырабленыя з прымяненнем мясцовых прыродных матэрыялаў (дрэва, глiна, салома, лаза, лён, воўна i iншае) па традыцыйных тэхналогiях.

Да нематэрыяльных праяў аўтэнтычнага фальклору адносяцца абрадавыя дзеяннi, гульнi, песенны, iнструментальны, танцавальны, празаiчны фальклор i iншае.

3. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці ў сваёй цэласнасцi цi асобных праявах з’яўляюцца:

адным з фактараў існавання праяў аўтэнтычнай традыцыйнай культуры;

носьбітам адметных для традыцыйнай культуры з’яў i працэсаў;

вынiкам i сведчаннем недаследаваных працэсаў;

матэрыяльным аб’ектам i нематэрыяльнай з’явай, характэрнай для культуры нацыі.

4. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці маюць:

адметныя, характэрныя для пэўнага рэгiёна краіны культурныя традыцыi;

традыцыйныя тапанiмiчныя назвы;

рэдкiя i адметныя ўзоры прадметаў побыту i iншага прызначэння пэўных гiстарычных перыядаў i рэгiёнаў, пэўных стылiстычных напрамкаў рэгiянальных i этнiчных асаблiвасцей традыцыйнага мастацтва, твораў мастацтва розных вiдаў народнай творчасцi пэўнага гiстарычнага перыяду, рэгiёна i этнiчнай групы.

5. Назва аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці павінна ўключаць словы «аўтэнтычны фальклорны». 

6. Культурная дзейнасць аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці павінна быць скіравана на захаванне ў натуральных умовах праяў аўтэнтычнага фальклору сваёй мясцовасцi, такіх як:

абрады i звычаi каляндарнага i сямейна-бытавога цыклаў;

традыцыйныя формы адпачынку i заняткаў характэрнымi вiдамi дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;

уласцiвыя для спантанных праяўленняў традыцыйнай мастацкай культуры спевы, ігра на музычных інструментах, танцы, гульнi ў натуральным асяроддзі;

рэгiянальныя песенныя, iнструментальныя, танцавальныя, гульнёва-мастацкiя стылi;

традыцыйныя склады выканаўцаў;

перадача фальклорных ведаў i навыкаў дзецям i моладзi, якiя далучаюцца да традыцыйнай фальклорнай спадчыны сваёй мясцовасцi ў парадку вуснай традыцыі натуральным шляхам;

выраб нацыянальнага адзення ў мясцовых традыцыях;

iншыя праявы.

7. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці могуць ажыццяўляць культурную дзейнасць на базе арганізацый культуры, устаноў адукацыі, іншых юрыдычных асоб або па месцы жыхарства іх удзельнікаў. 

Юрыдычная асоба, на базе якой дзейнічае аўтэнтычны фальклорны калектыў мастацкай творчасці, па магчымасці прадастаўляе асобнае памяшканне, абсталяванне, музычныя iнструменты, сродкi для фiксацыi твораў традыцыйнай культуры (аўдыя-, фота-, вiдэаапаратура і іншыя), дапамагае ў аднаўленні і стварэнні сцэнічных касцюмаў на аснове мясцовых аўтэнтычных строяў, стварае iншыя неабходныя для забеспячэння культурнай дзейнасці аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці ўмовы.

8. У арганізацыі культуры, на базе якой ажыццяўляецца культурная дзейнасць аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці, са згоды заснавальніка арганізацыі культуры можа ўводзіцца пасада кіраўніка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці, які працуе на падставе працоўнага або грамадзянска-прававога дагавора. 


  1. Кіраўнік аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці

1. Прыярытэтнымі патрабаваннямі да кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці з’яўляюцца:

веданне і вывучэнне гiсторыi, этнаграфii, фальклору пэўнага рэгіёна краіны, культурна-этнаграфiчных асаблiвасцей мясцовасцi, у якой ажыццяўляе культурную дзейнасць аўтэнтычны фальклорны калектыў мастацкай творчасці;

валоданне беларускай мовай i адным з вiдаў традыцыйнага мастацтва.

2. Прыярытэтным напрамкам дзейнасцi кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці з’яўляецца забеспячэнне дзейнасці гэтага калектыву ў мэтах захавання аўтэнтычнага фальклору ў адпаведнасці са спецыфікай аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці. 

3. Вынiкi дзейнасцi кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці вызначаюцца па:

ступенi паўнаты i iнтэнсiўнасцi культурнай дзейнасці аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці ва ўмовах мясцовай несцэнiчнай традыцыi (выкананне ў натуральных умовах каляндарных i сямейных абрадаў, наяўнасць аўтэнтычных касцюмаў, веданне мясцовых музычных, танцавальных традыцый, казак, паданняў, легенд i іншае), садзейнiчанні ў перадачы ўсiх праяў аўтэнтычнай традыцыйнай культуры дзецям i моладзi;

наяўнасцi створанага фонду твораў традыцыйнай культуры, які складаецца з якасна зафiксаваных рознымi тэхнiчнымi сродкамi матэрыялаў усiх вiдаў i жанраў фальклору, характэрнага для дадзенай мясцовасцi.

ГЛАВА 26
АРГАНІЗАЦЫЯ КУЛЬТУРНАГА АДПАЧЫНКУ
(ВОЛЬНАГА ЧАСУ) НАСЕЛЬНІЦТВА


  1. Арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, яе віды

1. Арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва – напрамак культурнай дзейнасці, накіраванай на задавальненне асветных, эстэтычных, пазнавальных і забаўляльных патрэбнасцей насельніцтва.

2. Асноўнымі відамі арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва з’яўляюцца:

арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў;

ажыццяўленне дзейнасці клубных фарміраванняў;

правядзенне дыскатэк, баляў, карнавалаў, дзіцячых ранішнікаў, гульнявых і іншых праграм;

правядзенне масавых тэатралізаваных свят і прадстаўленняў, народных гулянняў, абрадаў і рытуалаў у адпаведнасці з мясцовымі звычаямі і традыцыямі;

арганізацыя работы па краязнаўчых, навукова-тэхнічных, экалагічных, культурна-бытавых, калекцыйных і іншых інтарэсах;

іншыя віды арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва.

3. Асноўнымі арганізацыямі культуры і падраздзяленнямі юрыдычных асоб, якія забяспечваюць арганізацыю культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, з’яўляюцца клубы, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі і заасады.


  1. Клуб. Віды клубаў

1. Клуб – арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія арганізуюць культурны адпачынак (вольны час) насельніцтва праз стварэнне грамадзянам спрыяльных умоў для заняткаў творчай дзейнасцю, развіцця і рэалізацыі іх творчых здольнасцей, задавальнення іх асветных, эстэтычных, пазнавальных і забаўляльных патрэбнасцей, патрэбнасцей у міжасобасных адносінах і адпачынку. 

2. Па форме ўласнасці клубы падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя.

Усе дзяржаўныя клубы адкрыты для публічнага наведвання.

3. У залежнасці ад арыентацыі на культурныя інтарэсы пэўных прафесійных, нацыянальных і іншых сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва клубы могуць быць наступных відаў:

палацы (дамы, цэнтры) культуры (мастацтваў);

цэнтры (дамы) народнай творчасці (народнага мастацтва, фальклору), сучаснага мастацтва;

цэнтры (дамы) рамёстваў;

маладзёжныя культурныя цэнтры;

цэнтры нацыянальных культур;

іншыя клубы.

4. У залежнасці ад характару дзейнасці і ўзроўню арганізаванасці клубы падзяляюцца на шматпрофільныя і аднапрофільныя.

Шматпрофільны клуб забяспечвае падтрымку і развіццё розных відаў арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва.

Аднапрофільны клуб забяспечвае разнастайнасць дзейнасці на аснове канкрэтнага віду арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, а таксама функцыянуе ў якасці пляцоўкі для правядзення культурных і іншых мерапрыемстваў.

5. У залежнасці ад тэрыторыі функцыянавання клубы падзяляюцца на сельскія, пасёлкаў гарадскога тыпу, гарадскія, раённыя, абласныя, рэспубліканскія.



  1. Клубныя работнікі

Клубныя работнікі – работнікі культуры, якія забяспечваюць арганізацыю клубам культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва. 

  1. Асноўныя прынцыпы і мэты дзейнасці клубаў

1. Асноўнымi прынцыпамi дзейнасцi клубаў з’яўляюцца:

забеспячэнне правоў грамадзян Рэспублiкi Беларусь на свабоду творчай дзейнасці, удзел у культурным жыццi;

гуманiстычны характар дзейнасцi, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей, свабоднага развiцця асобы;

падтрымка грамадскай iнiцыятывы i самадзейнасці, спалучэнне iндывiдуальнай, групавой i масавай работы, галоснасцi, кiравання i самакiравання;

дыферэнцыяцыя i спецыялiзацыя дзейнасцi ў залежнасцi ад мясцовых асаблiвасцей гiстарычнага i культурнага развiцця.

2. Асноўнымі мэтамі дзейнасці клубаў з’яўляюцца:

захаванне і развіццё здабыткаў нацыянальнай культуры, традыцыйных форм адпачынку;

развіццё аматарскай мастацкай творчасці ва ўсіх праявах, раскрыццё і падтрымка творчых талентаў, носьбітаў аўтэнтычнага фальклору;

садзейнічанне пазнавальнай актыўнасці грамадзян, іх самаадукацыі;

стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека;

фарміраванне ў грамадзян умення і звычкі рацыянальнай, грунтоўнай, трывалай і гуманнай арганізацыі і самаарганізацыі свайго культурнага адпачынку (вольнага часу).


  1. Дзейнасць клубаў

1. Дзейнасць клубаў грунтуецца на добраахвотнасці ўдзелу грамадзян, прызнанні ў якасці асновы іх функцыянавання грамадскай ініцыятывы і самадзейнасці, спалучэння індывідуальнай і групавой работы, кіравання і самакіравання.

2. Клубы:

ствараюць i арганiзуюць работу калектываў мастацкай творчасці, гурткоў і iншых клубных фармiраванняў;

забяспечваюць арганiзацыю i правядзенне культурных мерапрыемстваў, накіраваных на паказ вынiкаў творчай дзейнасцi калектываў мастацкай творчасці, гурткоў і iншых клубных фармiраванняў;

забяспечваюць правядзенне культурна-відовішчных і іншых культурных мерапрыемстваў з удзелам выканаўцаў i аўтараў;

ажыццяўляюць паказ фiльмаў;

арганiзуюць работу кансультацый i лекторыяў, народных унiверсiтэтаў, школ i курсаў прыкладных ведаў, праводзяць тэматычныя вечары, вусныя часопiсы, цыклы творчых сустрэч, ажыццяўляюць iншыя формы асветнiцкай дзейнасцi;

праводзяць масавыя тэатралiзаваныя святы i прадстаўленні, народныя гулянні, абрады i рытуалы ў адпаведнасцi з мясцовымi звычаямi i традыцыямi;

праводзяць дыскатэкі і іншыя забаўляльныя праграмы;

аказваюць кансультатыўную, метадычную і іншую дапамогу суб’ектам культурнай дзейнасці ў арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў, ажыццяўляюць пракат музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў, рэалізацыю метадычных матэрыялаў;

ажыццяўляюць іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва.

3. Клубы могуць сумяшчаць дзейнасць па арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва з іншымі напрамкамі культурнай дзейнасці, дзейнасцю іншых юрыдычных асоб (дамы і клубы культурна-сацыяльных паслуг, клубы-бібліятэкі, клубы-музеі, культурна-спартыўныя цэнтры, клубы-кафэ і іншыя).

4. Клубы могуць спецыялізавацца на перасоўным характары дзейнасці з выкарыстаннем розных транспартных сродкаў (аўтаклубы, плаўклубы і іншыя клубы).


  1. Клубныя фарміраванні. Віды клубных фарміраванняў

1. Клубнае фарміраванне – добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, заснаванае на супольнасці інтарэсаў, запытаў і патрэбнасцей у сумесных занятках творчай дзейнасцю, якая спрыяе развіццю здольнасцей, уменняў і навыкаў яго ўдзельнікаў, стварэнню імі вынікаў творчай дзейнасці, а таксама заснаванае на адзінстве імкнення да атрымання актуальнай інфармацыі і прыкладных ведаў у розных галінах грамадскага жыцця, культуры, літаратуры і мастацтва, навукі і тэхнікі, да авалодання карыснымі навыкамі ў сферы культуры, быту, здаровага ладу жыцця, арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу).

2. Клубныя фарміраванні могуць ажыццяўляць культурную дзейнасць у якасці падраздзялення або на базе арганізацый культуры, устаноў адукацыi i iншых юрыдычных асоб. 

3. Клубныя фарміраванні могуць існаваць у выглядзе:

непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці;

аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці;

гурткоў (невялікая група грамадзян, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі і рэгулярнай сумеснай дзейнасцю на аснове гэтых інтарэсаў);

клубаў па інтарэсах (аматарскіх аб’яднанняў);

іншых клубных фарміраванняў.

4. Клубнае фарміраванне:

арганізуе сістэматычныя заняткі ў тэарэтычных і практычных формах, а таксама ў відах, якія характэрны для дадзенага клубнага фарміравання (рэпетыцыя, лекцыя, урок, трэніроўка, пасяджэнне і іншыя віды);

праводзіць штогод справаздачныя культурныя мерапрыемствы (канцэрты, выстаўкі, конкурсы, майстар-класы і іншыя культурныя мерапрыемствы);

прымае ўдзел у культурных мерапрыемствах;


ажыццяўляе іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва.

  1. Правядзенне дыскатэк

1. Дыскатэка – танцавальная і (або) забаўляльная праграма, якая суправаджаецца публічным выкананнем музычных твораў выканаўцамі, у тым ліку з дапамогай тэхнічных сродкаў, з магчымым паказам фільмаў, правядзеннем культурна-відовішчных мерапрыемстваў, гульняў і іншых забаў.

2. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ажыццяўляюць улік юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк. 

На тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў, пасёлкаў гарадскога тыпу ўлік ажыццяўляюць сельскія і пасялковыя выканаўчыя камітэты.

У гарадах (пасёлках гарадскога тыпу, якія з’яўляюцца цэнтрамі раёнаў) улік ажыццяўляюць гарадскія, раённыя выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі раёнаў у гарадах.

3. Правядзенне дыскатэкі арганізуецца на закрытай і адкрытай пляцоўках, якія павінны адпавядаць санітарна-эпідэміялагічным, супрацьпажарным патрабаванням, а таксама патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі.

Закрытая пляцоўка – капітальная пабудова (будынак, збудаванне), памяшканне, што выкарыстоўваюцца для правядзення дыскатэкі.

Адкрытая пляцоўка – танцавальная пляцоўка і іншыя месцы пад адкрытым небам, агароджаныя і спецыяльна прызначаныя для правядзення дыскатэкі.

4. Правядзенне дыскатэк у жылых памяшканнях не дапускаецца.

5. Правядзенне дыскатэк на адкрытых пляцоўках ажыццяўляецца да 23 гадзін, за выключэннем дыскатэк, якія праводзяцца па рашэнні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў або па ўзгадненні з імі. Па ўзгадненні з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў або з упаўнаважанымі імі асобамі час правядзення дыскатэк на адкрытых пляцоўках можа быць прадоўжаны.

6. Правядзенне дыскатэк у перыяд з 23 да 6 гадзін ажыццяўляецца на закрытых пляцоўках, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных пунктам 5 гэтага артыкула.

7. Пры правядзенні дыскатэкі на адкрытай пляцоўцы тэрыторыя гэтай пляцоўкі павінна быць адгароджана ад вуліцы, праезнай часткі плотам або агароджай, якія забяспечваюць бяспеку наведвальнікаў дыскатэкі, а таксама жыхароў прылеглых да месца правядзення дыскатэкі жылых дамоў, удзельнікаў дарожнага руху.

8. Грамадзяне, якія не дасягнулі шаснаццаці гадоў, не могуць знаходзіцца на дыскатэках у начны час (з 23 да 6 гадзін) без суправаджэння бацькоў, апекуноў, папячыцеляў або без суправаджэння па іх даручэнні асоб, якія дасягнулі васямнаццаці гадоў.

9. Наведвальнікі дыскатэкі маюць права:

на атрыманне інфармацыі аб узроставым складзе і максімальнай колькасці наведвальнікаў, мерах па забеспячэнні грамадскага парадку;

наведваць дыскатэку незалежна ад полу, расы, мовы, рэлігійных, палітычных або іншых перакананняў, нацыянальнасці, сацыяльнага паходжання, маёмаснага, службовага становішча і іншых абставін.

10. Наведвальнікі дыскатэкі абавязаны:

выконваць правілы правядзення дыскатэкі, а таксама абмежаванні, устаноўленыя пунктам 3 артыкула 216 гэтага Кодэкса і іншымі актамі заканадаўства;

захоўваць грамадскі парадак;

выконваць патрабаванні заканадаўства, правілаў правядзення дыскатэкі, работнікаў юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк.

11. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк, маюць права:

устанаўліваць правілы правядзення дыскатэк з улікам патрабаванняў гэтага Кодэкса;

арганізоўваць для наведвальнікаў аўтамабільныя паркоўкі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

12. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк, абавязаны:

не дапускаць дыскрымінацыі ў адносінах да наведвальнікаў дыскатэкі;

не дапускаць знаходжання на дыскатэках у начны час (з 23 да 6 гадзін) грамадзян, якія не дасягнулі шаснаццаці гадоў, без суправаджэння бацькоў, апекуноў, папячыцеляў або без суправаджэння па іх даручэнні асоб, якія дасягнулі васямнаццаці гадоў;

не дапускаць прысутнасці грамадзян, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;

не дапускаць грамадзян з халоднай, агнястрэльнай, газавай зброяй, выбухованебяспечнымі рэчывамі і боепрыпасамі;

забяспечваць ахову грамадскага парадку ў час правядзення дыскатэкі, у тым ліку на аўтамабільных паркоўках, арганізаваных для наведвальнікаў дыскатэкі;

неадкладна інфармаваць органы ўнутраных спраў аб выяўленні фактаў ужывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў наведвальнікамі дыскатэкі, а таксама аб здзяйсненні наведвальнікамі дыскатэкі супрацьпраўных дзеянняў;

арганізоўваць спецыяльна прызначаныя і абсталяваныя для курэння месцы;

не выкарыстоўваць праграмы, якія змяшчаюць прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці, насілля, жорсткасці і парнаграфіі;

прымяняць піратэхнічныя сродкі толькі пры ўмове выканання патрабаванняў адпаведных тэхнічных нарматыўных прававых актаў;

выконваць патрабаванні заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах і іншага заканадаўства;

выконваць правы наведвальнікаў дыскатэкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства;

выконваць іншыя абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

13. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк на пастаяннай аснове, акрамя абавязкаў, пералічаных у пункце 12 гэтага артыкула, павінны забяспечваць:

уваход на дыскатэку на падставе білетаў;

абсталяванне месцаў правядзення дыскатэк сістэмамі відэаназірання і кнопкай трывожнай сігналізацыі з паступленнем сігналу на пульт органаў унутраных спраў.

14. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк не на пастаяннай аснове, акрамя абавязкаў, пералічаных у пункце 12 гэтага артыкула, у мэтах прадухілення надзвычайных сітуацый і падтрымання правапарадку павінны ўзгадніць правядзенне дыскатэкі з кіраўніком адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або з упаўнаважанай ім асобай за пяць дзён да яе правядзення.

15. Гэты артыкул не распаўсюджваецца на дыскатэкі, якія праводзяцца на бязвыплатнай аснове ў:

рамках арганізацыі выхаваўчага працэсу ўстановамі адукацыі;

аб’ектах грамадскага харчавання.



  1. Паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады

1. Паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады – арганізацыі культуры або падраздзяленні юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць арганізацыю культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва праз стварэнне на сваёй тэрыторыі спрыяльных умоў для адпачынку і забаў грамадзян, распаўсюджвання і папулярызацыі ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя.

2. Усе дзяржаўныя паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады адкрыты для публічнага наведвання.



  1. Дзейнасць паркаў культуры і адпачынку, гарадскіх садоў, заапаркаў, заасадоў

1. Паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады могуць:

арганізоўваць дзейнасць танцавальных, глядзельных i спартыўных залаў, летнiх эстрад i цыркаў, выставачных залаў, гульнявых пляцовак i павiльёнаў, планетарыяў, бiльярдных, вiдэатэк, гульнятэк, салонаў, цiраў, стадыёнаў i спартыўных пляцовак, каткоў, лыжных i лодачных станцый, экалагiчных i прагулачных сцяжынак, плавальных басейнаў, салярыяў, баз пракату культурна-бытавога i спартыўнага iнвентару, аўтадромаў, конна-спартыўных баз, стацыянарных і нестацыянарных гандлёвых аб’ектаў i iншых аб’ектаў культурнага i фiзкультурна-аздараўленчага прызначэння;

праводзіць дыскатэкi;

набываць атракцыёны i гульнявыя аўтаматы;

ствараць абсталяваную i добраўпарадкаваную базу для работы сярод дзяцей i падлеткаў;

прадастаўляць у карыстанне атракцыёны, гульнявыя аўтаматы, культурна-бытавы i спартыўны iнвентар;

для абслугоўвання наведвальнiкаў ствараць калектывы мастацкай творчасці і іншыя клубныя фарміраванні, аранжарэi, гадавальнiкi, лабараторыi, доследныя станцыi i iншае;

арганiзоўваць i праводзіць культурныя і спартыўныя мерапрыемствы;

пры наяўнасцi матэрыяльна-тэхнiчнай базы i квалiфiкаваных кадраў ствараць рамонтныя i вытворча-будаўнiчыя цэхi, творчыя, пiратэхнiчныя i iншыя майстэрнi;

ажыццяўляць іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва.

2. Правядзенне паркам культуры і адпачынку, гарадскім садам, заапаркам, заасадам мерапрыемстваў або ажыццяўленне іншай дзейнасці, якія могуць мець экалагічныя, сацыяльныя і іншыя вынікі, што закранаюць інтарэсы насельніцтва адпаведнай тэрыторыі, узгадняецца з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы іх знаходжання. 

3. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы садзейнічаюць развіццю і эфектыўнай дзейнасці паркаў культуры і адпачынку, гарадскіх садоў, заапаркаў, заасадоў, перадачы для іх патрэбнасцей памяшканняў, іншых аб’ектаў.



1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   14


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка