Кодэкс рэспублікі Беларусь аб культуры




старонка8/15
Дата канвертавання17.03.2016
Памер3.25 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   15
ГЛАВА 17
АХОВА АРХЕАЛАГІЧНАй СПАДЧЫНы


  1. Археалагічная спадчына

1. Археалагічная спадчына ўяўляе сабой сукупнасць археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў, у тым ліку помнікаў археалогіі.

Археалагiчныя аб’екты –– нерухомыя матэрыяльныя аб’екты або iх комплексы разам з археалагічнымі артэфактамі і культурным пластом (слоем), якiя ўзніклі ў вынiку дзейнасцi чалавека больш за 120 гадоў таму назад, захавалiся ў зямлі або на дне прыродных i штучных вадаёмаў, маюць гістарычнае, мастацкае, навуковае або іншае культурнае значэнне, могуць адпавядаць крытэрыям для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, вызначаным артыкулам 93 гэтага Кодэкса.

Археалагічныя артэфакты –– рухомыя матэрыяльныя аб’екты, якія ўзніклі ў вынiку дзейнасцi чалавека больш за 120 гадоў таму назад, захавалiся ў культурным пласце (слоі) або на дне прыродных i штучных вадаёмаў, маюць гістарычнае, мастацкае, навуковае або іншае культурнае значэнне, могуць адпавядаць крытэрыям для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, вызначаным артыкулам 93 гэтага Кодэкса, і на момант іх выяўлення не маюць уласніка.

Культурны пласт (слой) –– пласт у зямлi або пад вадой, якi ўтварыўся ў вынiку жыцця i дзейнасцi чалавека і ўтрымлівае сляды існавання чалавека.

2. Да археалагічных аб’ектаў могуць быць аднесены:

рэшткi ўмацаваных пасяленняў (старажытных гарадоў, гарадзiшчаў, замкаў), неўмацаваных пасяленняў (старажытных стаянак, паселiшчаў, асобнага жылля), капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), культавых аб’ектаў (свяцiлiшчаў, месцаў спраўляння абрадаў, манастыроў, храмаў);

крыжы, культавыя камянi, статуi, абелiскi;

курганныя i грунтавыя могiльнiкi, асобныя пахаваннi, некропалi, маўзалеi i iншыя пахаваннi;

iнфраструктура сухапутных, водных i водна-волакавых шляхоў;

аб’екты іншага прызначэння.



  1. Ахова археалагічнай спадчыны

1. Ахова археалагічнай спадчыны –– напрамак культурнай дзейнасці, які ўключае сiстэму арганiзацыйных, прававых, эканамiчных, матэрыяльна-тэхнiчных, навуковых, iнфармацыйных i (або) iншых мер, накiраваных на выяўленне археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў, іх вывучэнне, улiк археалагічных аб’ектаў, захаванне, аднаўленне, утрыманне i выкарыстанне археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў, што ажыццяўляюцца ў мэтах зберажэння і памнажэння археалагічнай спадчыны.

2. Прафесійна і выпадкова выяўленыя археалагічныя артэфакты падлягаюць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць у парадку, вызначаным артыкуламі 88 і 89 гэтага Кодэкса.

3. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняюцца набыццё, продаж, дарэнне, мена, залог і перасылка археалагічных артэфактаў, за выключэннем набыцця, продажу, дарэння, мены і перасылкі археалагічных артэфактаў дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі ў мэтах вывучэння археалагічных артэфактаў і камплектавання музейных і іншых фондаў гэтых арганізацый.


  1. Рэестр археалагічных аб’ектаў

1. Рэестр археалагічных аб’ектаў уяўляе сабой сукупнасць звестак аб археалагічных аб’ектах і іх тэрыторыях.

Тэрыторыя археалагiчнага аб’екта –– участак зямлi або вадаёма, заняты археалагiчным аб’ектам i звязаны з iм гiстарычна i функцыянальна.

2. Рэестр археалагічных аб’ектаў вядзецца ў мэтах:

арганізацыі ўліку археалагічных аб’ектаў;

стварэння адзінай базы даных аб археалагічных аб’ектах і іх тэрыторыях;

прадстаўлення звестак, якiя ў iм змяшчаюцца.

3. Фармiруе i вядзе рэестр археалагічных аб’ектаў Нацыянальная акадэмія навук Беларусі або юрыдычная асоба, упаўнаважаная ёю.

4. Доступ да звестак, якія ўключаны ў рэестр археалагічных аб’ектаў, забяспечваецца шляхам:

знаёмства з зямельна-кадастравай картай (або планам) адпаведнага рэгіёна, на тэрыторыі якога археалагічны аб’ект знаходзіцца;

давядзення мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага тэрытарыяльнага ўзроўню да ведама землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчаны археалагічны аб’ект, што гэты аб’ект уключаны ў рэестр археалагічных аб’ектаў;

публікацыі навукова-папулярных і навуковых звестак аб правядзенні археалагічных даследаванняў і іх выніках.

5. Звесткі рэестра археалагічных аб’ектаў выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы горадабудаўнічых праектаў і землеўпарадкавальнай дакументацыі.



  1. Археалагічныя даследаванні

1. Археалагічныя даследаванні –– комплекс мерапрыемстваў па пошуку і вывучэнні археалагічных аб’ектаў і (або) археалагічных артэфактаў, правядзенні археалагічнага нагляду.

Пошук археалагічных аб’ектаў і (або) археалагічных артэфактаў –– мэтанакіраваныя дзеянні па выяўленні археалагічных аб’ектаў і (або) археалагічных артэфактаў.

2. Пошук археалагічных аб’ектаў і (або) археалагічных артэфактаў можа ажыццяўляцца толькі пры правядзенні археалагічных даследаванняў на падставе дазволу (адкрытага ліста) на права правядзення археалагічных даследаванняў (далей –– дазвол (адкрыты ліст)), які выдаецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Форма дазволу (адкрытага ліста) устанаўліваецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

3. Дазвол (адкрыты ліст) выдаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах музею або навуковай арганізацыі, у якіх працуюць на ўмовах працоўнага дагавора (кантракта) або ажыццяўляюць дзейнасць на падставе грамадзянска-прававога дагавора грамадзяне
(далей –– грамадзяне, якія працуюць на ўмовах дагавора), якія адпавядаюць наступным крытэрыям:

маюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Археалогія», «Гісторыя (археалогія)»;

валодаюць навуковымі і практычнымі ведамі, неабходнымі для правядзення археалагічных даследаванняў і падрыхтоўкі навуковай справаздачы аб выкананых археалагічных палявых работах;

маюць практыку ўдзелу ў археалагічных даследаваннях на працягу не менш чым два гады ў сукупнасці незалежна ад тэрмінаў перапынку.

4. У дазволе (адкрытым лісце) указваецца імя грамадзяніна, які працуе на ўмовах дагавора і па даручэнні музея або навуковай арганізацыі ажыццяўляе кіраўніцтва археалагічнымі даследаваннямі.

5. Музей або навуковая арганізацыя пры правядзенні археалагічных даследаванняў маюць права прыцягваць грамадзян на падставе грамадзянска-прававога дагавора або дагавора аб арганізацыі практыкі студэнтаў для выканання падрыхтоўчых і дапаможных работ пад кіраўніцтвам грамадзяніна, імя якога ўказана ў дазволе (адкрытым лісце).

6. Музей і навуковая арганізацыя, якім выдадзены дазвол (адкрыты ліст), перад пачаткам правядзення археалагічных даследаванняў абавязаны атрымаць узгадненне мясцовага выканаўчага і распарадчага органа базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, на тэрыторыі якога плануюцца археалагічныя даследаванні. Прыняцце рашэння аб узгадненні (неўзгадненні) прымаецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам базавага тэрытарыяльнага ўзроўню на падставе заключэння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

7. Археалагічныя даследаванні ажыццяўляюцца ў форме археалагічных палявых і камеральных работ.

8. Да археалагічных палявых работ адносіцца комплекс мерапрыемстваў па даследаванні зямных нетраў, вадаёмаў, культурнага пласта (слоя), тэрыторый археалагічных аб’ектаў, саміх археалагічных аб’ектаў на мясцовасці ў асяроддзі іх натуральнага бытавання.

9. Віды археалагічных палявых работ:

археалагічныя раскопкі –– від археалагічнага даследавання на археалагічным аб’екце, які ажыццяўляецца з прымяненнем раскопачных работ у мэтах вывучэння культурнага пласта (слоя), архітэктурных і іншых матэрыяльных рэшткаў;

археалагічныя разведкі –– від археалагічнага даследавання, які не звязаны з разбурэннем культурнага пласта (слоя) археалагічнага аб’екта і які ажыццяўляецца ў мэтах выяўлення, картаграфавання, лакалізацыі, інтэрпрэтацыі, інспекцыі археалагічнага аб’екта, а таксама атрымання актуальных звестак аб раней выяўленым археалагічным аб’екце. Пры археалагічнай разведцы дапускаецца выкананне асобных шурфаў у мэтах удакладнення даных пра археалагічны аб’ект;

археалагічны нагляд –– від археалагічнага даследавання, які ажыццяўляецца пры выкананнi земляных i будаўнiчых работ, ажыццяўленнi iншай дзейнасцi на пашкоджаных участках тэрыторыi археалагiчнага аб’екта ў мэтах выяўлення археалагічных артэфактаў, культурнага пласта (слоя), канструкцыйных складаючых археалагічнага аб’екта.

10. Да археалагічных камеральных работ адносіцца комплекс мерапрыемстваў па ачыстцы, кансервацыі, рэстаўрацыі і (або) вывучэнні археалагічных артэфактаў.



  1. Парадак правядзення археалагічных даследаванняў

1. Парадак правядзення археалагічных даследаванняў вызначаецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

2. Выкарыстанне металашукальнікаў, геарадараў і іншых тэхнічных сродкаў і інструментаў для пошуку археалагічных аб’ектаў і (або) археалагічных артэфактаў магчыма выключна на падставе дазволу (адкрытага ліста) грамадзянамі, якія ўказаны ў пункце 5 артыкула 126 гэтага Кодэкса.

3. Пры прафесійным выяўленні археалагічных аб’ектаў і (або) археалагічных артэфактаў грамадзяне, якія ўказаны ў пункце 5 артыкула 126 гэтага Кодэкса, абавязаны выконваць патрабаванні, прадугледжаныя артыкулам 88 гэтага Кодэкса.

4. Па заканчэнні археалагічных палявых работ, якія выконваліся на падставе дазволу (адкрытага ліста), грамадзянін, імя якога ўказана ў дазволе (адкрытым лісце), абавязаны скласці навуковую справаздачу аб выкананых археалагічных палявых работах, якая зацвярджаецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

У навуковай справаздачы аб выкананых археалагічных палявых работах змяшчаюцца даныя фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі, праведзеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі, прадугледжанымі артыкулам 92 гэтага Кодэкса.


  1. Ахова археалагічных аб’ектаў пры выкананні земляных і будаўнічых работ, ажыццяўленні іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў

1. Выкананне земляных i будаўнiчых работ, ажыццяўленне іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў (далей –– выкананне работ на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў) дазваляюцца толькi пасля распрацоўкi i ажыццяўлення мер па ахове гэтых аб’ектаў.

2. Навукова-праектная дакументацыя на выкананне земляных i будаўнiчых работ, ажыццяўленне іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў, за выключэннем помнікаў археалогіі, узгадняецца з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусi ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Навукова-праектная дакументацыя на выкананне земляных i будаўнiчых работ, ажыццяўленне іншай дзейнасці на помніках археалогіі ўзгадняецца з Мiнiстэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

3. Звесткі аб археалагiчных аб’ектах уключаюцца ў генеральныя планы гарадоў і іншых населеных пунктаў, горадабудаўнічыя праекты дэтальнага планавання і іншыя горадабудаўнічыя праекты.

Горадабудаўнічыя праекты, якiя змяшчаюць звесткi аб археалагiчных аб’ектах (за выключэннем помнікаў археалогіі), падлягаюць узгадненню з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусi, а горадабудаўнічыя праекты, якiя змяшчаюць звесткi аб помніках археалогіі, падлягаюць узгадненню з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.


  1. Меры па ахове археалагічных аб’ектаў
    пры выкананні работ на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў


1. Меры па ахове археалагiчных аб’ектаў пры выкананні работ на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў павiнны прадугледжвацца на ўсiх этапах выканання гэтых работ.

Меры па ахове археалагiчных аб’ектаў пры выкананні работ на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў уключаюцца ў навукова-праектную дакументацыю.

2. Меры па ахове археалагiчных аб’ектаў пры выкананні работ на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў прадугледжваюць:

забарону ўсiх работ i вiдаў дзейнасцi на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў без:

атрымання ўзгаднення мясцовага выканаўчага i распарадчага органа базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, на тэрыторыі якога знаходзіцца археалагічны аб’ект. Прыняцце рашэння аб узгадненні (неўзгадненні) прымаецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам базавага тэрытарыяльнага ўзроўню на падставе заключэння Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;

атрымання дазволу на выкананне работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, які выдаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у дачыненнi да археалагічных аб’ектаў, якія з’яўляюцца помнiкамі археалогii;

фiксацыю ўжо вядомых археалагiчных аб’ектаў;

абследаванне зоны выканання работ на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў у мэтах выяўлення няўлiчаных археалагiчных аб’ектаў, iх фiксацыю i пры неабходнасцi археалагічнае даследаванне;

стварэнне iнжынернай абароны археалагiчных аб’ектаў;

археалагічнае даследаванне археалагiчных аб’ектаў на падставе дазволу (адкрытага лiста);

археалагічны нагляд пры правядзеннi работ на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў;

кансервацыю археалагiчных аб’ектаў у складзе будаўнiчага комплексу;

забарону правядзення пошуку археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў, ажыццяўлення iншай дзейнасці на тэрыторыі археалагiчных аб’ектаў з выкарыстаннем металашукальнікаў, геарадараў і іншых тэхнічных сродкаў і інструментаў для выяўлення археалагічных аб’ектаў без дазволу (адкрытага лiста);

iншыя меры, накiраваныя на захаванне, вывучэнне, забарону прычынення шкоды або знiшчэння археалагiчных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў.

3. Парадак рэалізацыі мер па ахове археалагiчных аб’ектаў пры выкананні работ на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў распрацоўваецца музеямі і навуковымі арганізацыямі, якiм выдадзены дазвол (адкрыты ліст).

4. Фiнансаванне мер па ахове археалагiчных аб’ектаў пры выкананні работ на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў ажыццяўляецца юрыдычнымi асобамi, грамадзянамі, у тым лiку iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi, якiя з’яўляюцца заказчыкамi гэтых работ.



  1. Інфармацыя аб археалагічных аб’ектах

1. Iнфармацыя аб археалагiчных аб’ектах, якая атрымана ў ходзе правядзення работ на тэрыторыi археалагiчных аб’ектаў, не пазней
за 14 каляндарных дзён з дня заканчэння работ прадстаўляецца ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі музеямі і навуковымі арганізацыямі, якім выдадзены дазвол (адкрыты ліст).

Iнфармацыя аб археалагiчных аб’ектах складаецца з тэкставага апiсання археалагiчнага аб’екта, указання яго месцазнаходжання, копіі часткі зямельна-кадастравага плана з нанясеннем гэтага аб’екта i яго фотафiксацыi, выкананай з розных бакоў.

2. Інфармацыя аб археалагічных аб’ектах не пазней за
30 каляндарных дзён з дня яе атрымання наносіцца арганізацыямі па землеўпарадкаванні, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь, іх даччынымі прадпрыемствамі на зямельна-кадастравую карту (або план) раёна на падставе адпаведных звестак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія прадстаўляюцца ў тэкставым і графічным відах мясцовым выканаўчым і распарадчым органам базавага тэрытарыяльнага ўзроўню не пазней за сем каляндарных дзён з дня атрымання ад музеяў і навуковых арганізацый, якім выдадзены дазвол (адкрыты ліст).

ГЛАВА 18


БІБЛІЯТЭЧНАЯ СПРАВА


  1. Бібліятэчная справа. Асноўныя прынцыпы арганізацыі бібліятэчнай справы

1. Бібліятэчная справа –– напрамак культурнай дзейнасці па стварэнні і развіцці бібліятэк, фарміраванні і апрацоўцы бібліятэчных фондаў, арганізацыі бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк, навукова-метадычным забеспячэнні дзейнасці бібліятэк.

2. Асноўнымі прынцыпамі арганізацыі бібліятэчнай справы з’яўляюцца:

рацыянальнае і аптымальнае размяшчэнне бібліятэк у адпаведнасці з дэмаграфічным складам насельніцтва і з улікам развіцця асобных рэгіёнаў і галін вытворчасці;

узаемадзеянне бібліятэк і ўзаемавыкарыстанне іх інфармацыйных рэсурсаў і даведачна-бібліяграфічнага апарату;

дзяржаўна-грамадскі характар кіравання бібліятэчнай справай.

3. Даведачна-бiблiяграфiчны апарат –– сукупнасць бiблiятэчных каталогаў, картатэк, баз даных, даведачных i бiблiяграфiчных выданняў, прызначаных для пошуку бiблiяграфiчнай i iншай iнфармацыi.



  1. Бібліятэчны работнік

Бібліятэчны работнік –– работнік культуры, які займаецца фарміраваннем і апрацоўкай бібліятэчных фондаў, бібліятэчным, інфармацыйным і даведачна-бібліяграфічным абслугоўваннем карыстальнікаў бібліятэкі, навукова-метадычным забеспячэннем дзейнасці бібліятэкі.

  1. Бібліятэка. Віды бібліятэк

1. Бібліятэка –– арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія ажыццяўляюць збор і забяспечваюць захаванасць дакументаў для грамадскага выкарыстання.

2. Па форме ўласнасці бібліятэкі падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя.

Усе дзяржаўныя бібліятэкі адчынены для публічнага наведвання.

3. Па прызначэнні бібліятэкі падзяляюцца на публічныя і спецыяльныя.

Публічная бібліятэка –– бібліятэка, якая задавальняе ўніверсальныя інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэкі.

Спецыяльная бібліятэка –– бібліятэка, якая задавальняе інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэкі, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю (вытворчыя бібліятэкі), адукацыйнай дзейнасцю (бібліятэкі ўстаноў адукацыі), навуковай дзейнасцю (навуковыя бібліятэкі) ці іншай спецыяльнай дзейнасцю.

4. У залежнасці ад тэрыторыі функцыянавання бібліятэкі падзяляюцца на сельскія, пасёлкаў гарадскога тыпу, гарадскія, раённыя, абласныя, рэспубліканскія.


  1. Сеткі бібліятэк. Сукупная сетка бібліятэк

1. Сетка бібліятэк –– сукупнасць бібліятэк, якія аб’яднаны ў адпаведнасці з іх прызначэннем, тэрытарыяльнай прыналежнасцю і (або) заснавальнікам і маюць каардынацыйны і метадычны цэнтр.

2. Сукупная сетка бібліятэк складаецца з сеткі публічных і сеткі спецыяльных бібліятэк.

Каардынацыйным і метадычным цэнтрам сукупнай сеткі бібліятэк з’яўляецца дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі».

3. Аднясенне бібліятэк да пэўных сетак бібліятэк ажыццяўляецца заснавальнікамі бібліятэк.

Сярод каардынацыйных і метадычных цэнтраў сетак бібліятэк вылучаюць каардынацыйныя і метадычныя цэнтры рэспубліканскага, абласнога, раённага і гарадскога ўзроўняў.

4. Каардынацыйнымі і метадычнымі цэнтрамі рэспубліканскага ўзроўню з’яўляюцца:

у сетцы публічных бібліятэк –– дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»;

у сетцы спецыяльных бібліятэк –– дзяржаўныя ўстановы «Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь», «Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка», «Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка», «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і «Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С.Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», Навукова-педагагічная бібліятэка ўстановы «Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь», Фундаментальная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

5. У сетцы спецыяльных бібліятэк для пэўных відаў спецыяльных бібліятэк Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь вызначаюцца каардынацыйныя і метадычныя цэнтры рэспубліканскага ўзроўню з ліку бібліятэк, пералічаных у абзацы трэцім пункта 4 гэтага артыкула.

6. Вызначэнне каардынацыйных і метадычных цэнтраў абласнога, раённага і гарадскога ўзроўняў ажыццяўляецца каардынацыйнымі і метадычнымі цэнтрамі рэспубліканскага ўзроўню па ўзгадненні з заснавальнікамі бібліятэк і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.



  1. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»

1. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» з’яўляецца публічнай бiблiятэкай, носьбiтам агульначалавечых духоўных каштоўнасцей, скарбнiцай культурных здабыткаў народа Беларусі, яго нацыянальнай памяцi. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» не можа быць перапрафiлявана.

2. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» задавальняе ўніверсальныя інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэк і з’яўляецца:

рэспубліканскім інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам;

рэспубліканскім цэнтрам па каардынацыі і кааперацыі дзейнасці бібліятэк па набыцці, стварэнні, фарміраванні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў;

рэспубліканскім галіновым цэнтрам інфармацыі па культуры;

нацыянальным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, цэнтрам дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў;

рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтрам у сферы бібліятэчнай справы;

навуковай установай па бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве;

рэспубліканскім дэпазітарыем матэрыялаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, іншых міжнародных арганізацый і міждзяржаўных утварэнняў.

3. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бiблiятэка Беларусi» выконвае наступныя асноўныя функцыі:

фарміруе, зберагае, пастаянна захоўвае і прадастаўляе карыстальнікам бібліятэкі найбольш поўны збор айчынных дакументаў і беларусікі, навукова значных замежных дакументаў;

арганізуе доступ да нацыянальных і сусветных баз даных;

фарміруе абменныя бібліятэчныя фонды для ажыццяўлення дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, міжнароднага дакументаабмену;

забяспечвае каардынацыю ўзаемадзеяння бібліятэк з органамі навуковай iнфармацыi, архiвамi, музеямi i iншымi юрыдычнымі асобамі па ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, вядзенні нацыянальнага зводнага электроннага каталога;

набывае ў першачарговым парадку бібліятэчныя зборы ў вядомых пісьменнікаў, дзеячаў навукі, культуры і мастацтва, іх спадчыннікаў, іншых грамадзян, а таксама ў букіністычных кнігарнях і на аўкцыёнах;

ажыццяўляе навукова-даследчую дзейнасць па бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве;

прадастаўляе дакументы, бібліяграфічную і іншую інфармацыю ў адпаведнасці з правам грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне;

праводзіць культурна-асветную работу, накіраваную на садзейнічанне культурнаму развiццю карыстальнiкаў бiблiятэкі;

ажыццяўляе выдавецкую і паліграфічную дзейнасць, накіраваную на падрыхтоўку і выпуск інфармацыйных і метадычных выданняў, навуковых публікацый па бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве;

удзельнічае ў фарміраванні і правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы бібліятэчнай справы;

забяспечвае каардынацыю і кааперацыю дзейнасці бібліятэк па набыцці, стварэнні, фарміраванні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, аказанні электронных паслуг;

выконвае іншыя функцыі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам, іншымі актамі заканадаўства аб культуры.



  1. Асаблівасці стварэння і ліквідацыі бібліятэк

1. Абавязковымі ўмовамі для стварэння бібліятэкі з’яўляюцца:

наяўнасць не менш за 2000 дакументаў бібліятэчнага фонду;

магчымасць заснавальніка бібліятэкі забяспечыць бібліятэку капітальнай пабудовай (будынкам, збудаваннем), памяшканнем, якія адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк і захаванасці бібліятэчнага фонду, а таксама абсталяваннем, тэхнiчнымi, фiнансавымi сродкамi, неабходнымi для арганiзацыi i ажыццяўлення дзейнасцi бiблiятэкі.

2. Пры ліквідацыі дзяржаўнай бібліятэкі яе заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць бібліятэчнага фонду і перадаць яго іншай дзяржаўнай бібліятэцы (бібліятэкам).

3. Пры ліквідацыі прыватнай бібліятэкі ў выпадку прыняцця яе ўласнікам рашэння аб адчужэнні дакументаў бібіліятэчнага фонду пераважнае права іх набыцця на іншых роўных умовах маюць дзяржаўныя бібліятэкі, калі іншае не прадугледжана гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.


  1. Асаблівасці матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння бібліятэк

1. Заснавальнiкі бібліятэк абавязаны забяспечыць бібліятэкі капітальнымі пабудовамі (будынкамі, збудаваннямі), памяшканнямі, якiя адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнiкаў бiблiятэк i захаванасцi бiблiятэчных фондаў, а таксама абсталяваннем, тэхнiчнымi, фiнансавымi сродкамi, неабходнымi для арганiзацыi i ажыццяўлення дзейнасцi бiблiятэк.

2. Размяшчэнне бібліятэк у капітальных пабудовах (будынках, збудаваннях), памяшканнях, якiя не адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнiкаў бiблiятэк i захаванасцi бiблiятэчных фондаў, i перавод бібліятэк у капітальныя пабудовы (будынкi, збудаванні), памяшканнi, якiя пагаршаюць умовы iх дзейнасцi, не дапускаюцца.

3. У выпадку пераводу дзяржаўных бібліятэк у іншыя капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), памяшканні іх заснавальнікі абавязаны забяспечыць перамяшчэнне бібліятэчных фондаў i абсталявання.


  1. Асноўныя задачы і прынцыпы дзейнасці бібліятэк

1. Асноўнымі задачамі бібліятэк з’яўляюцца:

камплектаванне бібліятэчных фондаў дакументамі і забеспячэнне іх захаванасці;

ажыццяўленне апрацоўкі дакументаў, стварэнне даведачна-бібліяграфічнага апарату, у тым ліку баз даных і іншых інфармацыйных рэсурсаў;

забеспячэнне бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк згодна з іх асабістымі патрэбнасцямі і інтарэсамі;

правядзенне культурна-асветнай работы, накіраванай на садзейнічанне культурнаму развiццю карыстальнiкаў бiблiятэк.

2. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці бібліятэк з’яўляюцца:

вызначэнне агульначалавечых каштоўнасцей у якасці прыярытэтных;

садзейнічанне адраджэнню, захаванню і развіццю нацыянальных культурных традыцый, забеспячэнню даступнасці культурных даброт і павышэнню іх якасці, ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;

сцвярджэнне і распаўсюджванне гуманістычных ідэй, навуковых і прававых ведаў і дасягненняў сусветнай культуры;

агульнадаступнасць інфармацыі аб змесце бібліятэчных фондаў;

самастойнасць у вызначэнні форм і метадаў дзейнасці;

каардынацыя і кааперацыя дзейнасці па набыцці, стварэнні, фарміраванні і ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў, аказанні электронных паслуг.



  1. Правы і абавязкі бібліятэк

1. Бібліятэкі маюць права:

самастойна вызначаць змест і формы сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з мэтамі і функцыямі, замацаванымі ў статуце (палажэнні);

вызначаць крыніцы камплектавання бібліятэчных фондаў;

ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даход, у тым ліку аказваць платныя паслугі;

фарміраваць абменныя бібліятэчныя фонды;

выключаць і рэалізоўваць дакументы з бібліятэчных фондаў;

устанаўліваць па ўзгадненні з заснавальнікам або юрыдычнай асобай, падраздзяленнем якой з’яўляецца бібліятэка, правілы карыстання бібліятэкай, парадак рэгістрацыі карыстальнікаў бібліятэкі;

вызначаць у адпаведнасці з заканадаўствам залогавы кошт найбольш каштоўных выданняў пры іх выдачы, а таксама ў іншых выпадках, устаноўленых правіламі карыстання бібліятэкай;

прымаць меры па кампенсацыі ўрону, нанесенага карыстальнікамі бібліятэкі, у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам;

вызначаць умовы выкарыстання бібліятэчных фондаў на падставе дагавораў з юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі;

удзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;

супрацоўнічаць з бібліятэкамі і іншымі замежнымі і міжнароднымі юрыдычнымі асобамі, у тым ліку весці міжнародны дакументаабмен, уваходзіць ва ўстаноўленым парадку ў міжнародныя арганізацыі, удзельнічаць у рэалізацыі міжнародных праграм;

аб’ядноўвацца ў бібліятэчныя асацыяцыі, саюзы;

набываць, ствараць, фарміраваць і выкарыстоўваць інфармацыйныя рэсурсы;

ажыццяўляць збор дакументаў у электронным відзе, пры неабходнасцi ствараць копii дакументаў у электронным відзе з выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах.

2. Бібліятэкі абавязаны:

садзейнічаць рэалізацыі правоў карыстальнікаў бібліятэк, прадугледжаных гэтым Кодэксам;

абслугоўваць карыстальнікаў бібліятэк у адпаведнасці са сваімі статутамі (палажэннямі) і правіламі карыстання бібліятэкай;

не выкарыстоўваць звесткі аб карыстальніках бібліятэк і іх запытах у іншых мэтах, акрамя навуковых і бібліятэчных;

садзейнічаць доступу карыстальнікаў бібліятэк да сусветных баз даных;

забяспечваць захаванасць бібліятэчных фондаў;

пры наяўнасці ў бібліятэчных фондах кніжных помнікаў забяспечыць іх захаванасць і ўключэнне ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, іншыя зводныя каталогі, базы даных;

пры прадастаўленні карыстальнікам бібліятэк актуальнай прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь забяспечваць магчымасць доступу да эталоннай прававой інфармацыі.

3. Бібліятэкі маюць іншыя правы і абавязкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.



  1. Рэспубліканскі бібліятэчны савет

1. Для выпрацоўкі прапаноў па пытаннях бібліятэчнай справы, удасканалення дзейнасцi і ўзаемадзеяння бібліятэк, а таксама аказання ім метадычнай дапамогi пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь на грамадскіх пачатках ствараецца Рэспубліканскі бібліятэчны савет, які з’яўляецца пастаянна дзеючым дарадчым, кансультатыўным і экспертным органам.

2. Рэспубліканскі бібліятэчны савет:

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па развiцці бiблiятэчнай справы;

садзейнічае ўдасканаленню каардынацыi і кааперацыі дзейнасці бiблiятэк;

выяўляе i разглядае найбольш важныя праблемы i перспектывы развiцця бiблiятэчнай справы ў адпаведнасцi з сучаснымі навуковымі распрацоўкамi i практыкай дзейнасці бібліятэк;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па вырашэнні актуальных праблем бiблiятэчнай справы і ўносіць іх на разгляд дзяржаўным органам;

вывучае i абагульняе станоўчы вопыт дзейнасцi бiблiятэк, распрацоўвае прапановы па яго выкарыстаннi i развiццi;

садзейнiчае рэалiзацыi культурных праектаў, дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па ўдасканаленнi заканадаўства аб культуры ў частцы бiблiятэчнай справы, умацаваннi сувязей з айчыннымi i замежнымi бiблiятэкамi;

прымае рашэнні па скаргах на заключэннi камiсiй дзяржаўных бiблiятэк аб ацэнцы кошту культурных каштоўнасцей, якiя складаюць Бiблiятэчны фонд Рэспублiкi Беларусь.

3. У склад Рэспубліканскага бібліятэчнага савета ўваходзяць прадстаўнiкi Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, бiблiятэк Беларусi, iншых юрыдычных асоб, якiя маюць дачыненне да бiблiятэчнай справы.

Склад Рэспубліканскага бібліятэчнага савета зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Рэспубліканскі бібліятэчны савет дзейнічае на падставе зацверджанага ім рэгламенту.

4. Рашэнні Рэспубліканскага бібіліятэчнага савета носяць рэкамендацыйны характар, акрамя рашэнняў па скаргах на заключэннi камiсiй дзяржаўных бiблiятэк аб ацэнцы кошту культурных каштоўнасцей, якiя складаюць Бiблiятэчны фонд Рэспублiкi Беларусь.



  1. Бібліятэчны фонд. Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь

1. Бiблiятэчны фонд –– упарадкаваная сукупнасць дакументаў, якія пастаянна захоўваюцца ў бібліятэцы і прызначаны для грамадскага выкарыстання.

Дакумент –– носьбiт iнфармацыi, у тым лiку электронны, на якiм iнфармацыя змяшчаецца ў выглядзе тэксту, гуказапiсу або выявы i якi прызначаны для перадачы інфармацыі ў часе i прасторы.

2. Бібліятэчныя фонды дзяржаўных бібліятэк з’яўляюцца агульнанацыянальным здабыткам і ахоўваюцца дзяржавай.

3. Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь складаецца з бібліятэчных фондаў бiблiятэк розных форм уласнасцi і адлюстроўвае інфармацыйны, культурны, адукацыйны і навуковы патэнцыял грамадства.



  1. Кніжныя помнікі. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь

1. Кніжныя помнікі –– рукапісныя кнігі, друкаваныя выданні, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці або якія з’яўляюцца рэдкімі ці каштоўнымі дакументамі і маюць адметныя гістарычныя, навуковыя, мастацкія або іншыя вартасці.

2. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сукупнасць звестак аб кніжных помніках, якія ўключаны ў Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь, а таксама якія належаць юрыдычным асобам і грамадзянам на праве ўласнасці, іншай законнай падставе і ўключаны ў дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь са згоды гэтых асоб.

3. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь ствараецца ў мэтах уліку і сістэматызацыі звестак аб кніжных помніках, ідэнтыфікацыі і папулярызацыі кніжных помнікаў.

4. Фарміруе і вядзе дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі».

5. Пры змене ўласніка кніжнага помніка, уключанага ў дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, яго былы ўласнік абавязаны не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня спынення права ўласнасці на кніжны помнік паведаміць аб гэтым у дзяржаўную ўстанову «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» для ўнясення змяненняў у дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

Уласнікі (уладальнікі) кніжных помнікаў, уключаных у дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, у выпадку змянення звестак, якія ўносяцца ў дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, абавязаны не пазней за 30 каляндарных дзён з дня ўзнікнення падставы для іх змянення пісьмова паведаміць аб гэтым у дзяржаўную ўстанову «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» для ўнясення змяненняў у дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

6. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь вядзецца на беларускай мове.

7. Звесткі, якія змяшчаюцца ў дзяржаўным рэестры кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца адкрытымі і размяшчаюцца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, за выключэннем звестак, што падлягаюць абмежаванаму распаўсюджванню ў адпаведнасці з заканадаўствам.



  1. Фарміраванне бібліятэчных фондаў

Фармiраванне бібліятэчных фондаў –– сукупнасць працэсаў камплектавання, арганiзацыi бібліятэчных фондаў, выключэння дакументаў з бібліятэчных фондаў, кiравання бібліятэчнымі фондамi.

  1. Камплектаванне бібліятэчных фондаў

1. Камплектаванне бібліятэчных фондаў –– сукупнасць працэсаў выяўлення, адбору, заказу, набыцця, стварэння, атрымання дакументаў, якiя адпавядаюць задачам бiблiятэкi, профiлю камплектавання яе фондаў.

2. Камплектаванне бібліятэчных фондаў можа ажыццяўляцца шляхам:

атрымання абавязковых бясплатных экзэмпляраў дакументаў;

набыцця дакументаў і падпіскі на перыядычныя выданні;

дакументаабмену паміж бібліятэкамі і іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі;

атрымання, стварэння копій дакументаў у электронным відзе;

атрымання дакументаў у якасці бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, ахвяраванняў.

3. Парадак рассылкі абавязковых бясплатных экзэмпляраў дакументаў, віды дакументаў, што адносяцца да абавязковага бясплатнага экзэмпляра, пералік бібліятэк, якія маюць права на атрыманне абавязковых бясплатных экзэмпляраў дакументаў, вызначаюцца палажэннем аб абавязковым бясплатным экзэмпляры дакументаў, якое зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.



  1. Арганізацыя бібліятэчных фондаў. Выключэнне дакументаў з бібліятэчных фондаў

1. Арганiзацыя бібліятэчных фондаў –– сукупнасць працэсаў прыёму, улiку, апрацоўкi, размяшчэння i захавання дакументаў.

2. Улiк бiблiятэчных фондаў ажыццяўляецца бібліятэкай у мэтах забеспячэння захаванасцi, кантролю за наяўнасцю i рухам дакументаў.

Улiк бiблiятэчнага фонду ўключае рэгiстрацыю, маркiроўку, iнвентарызацыю, ацэнку кошту дакументаў, якія складаюць бібліятэчны фонд, падвядзенне вынiкаў руху бібліятэчнага фонду i яго праверку.

3. Кiраўнік бібліятэкі або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца бiблiятэка, павiнен ствараць умовы для забеспячэння арганiзацыi правiльнага ўлiку i захоўвання бiблiятэчнага фонду, а таксама правядзення пераплёту дакументаў i санiтарна-гiгiенiчнай апрацоўкi бібліятэчнага фонду. Для захоўвання бiблiятэчнага фонду павінны выкарыстоўвацца прыстасаваныя памяшканнi, якія забяспечваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым, спецыяльнае абсталяванне.

4. Пры захоўванні кніжных помнікаў абавязковай умовай з’яўляецца абмежаванне асвятлення. Вокны ў памяшканнi, дзе яны захоўваюцца, забяспечваюцца святлозатрымлiваючымi прыстасаваннямi (матавае шкло, шторы). Ужыванне лямп дзённага святла як пастаяннай крынiцы асвятлення не дапускаецца.

Захоўванне кніжных помнікаў, іншых найбольш каштоўных у навуковых, гiстарычных i мастацкiх адносiнах дакументаў у працэсе іх выкарыстання забяспечваецца стварэннем страхавога фонду.

Страхавы фонд фарміруецца шляхам мiкрафотакапiравання або пераносу дакументаў на матэрыяльныя носьбіты інфармацыі і прызначаны для іх працяглага і пастаяннага захоўвання.

5. Асаблівасці выкарыстання дакументаў, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, уключаныя ў культурна-гістарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь, вызначаюцца заканадаўствам у сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі.

6. Выключэнне дакументаў з бібліятэчнага фонду (рэкамплектаванне) –– адбор, выдаленне з бібліятэчнага фонду i зняцце з улiку дакументаў, далейшае захаванне якiх прызнана немэтазгодным. Да такіх дакументаў адносяцца няпрофiльныя, састарэлыя па змесце, празмерна дублетныя (паўторныя), дэфектныя, зношаныя i iншыя дакументы.

Выключаныя з бібліятэчных фондаў дакументы могуць быць перададзены бібліятэкамі бясплатна або за плату іншым бібліятэкам і юрыдычным асобам, у тым ліку шляхам дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, або грамадзянам.

7. Арганiзацыя бібліятэчных фондаў і выключэнне з іх дакументаў, за выключэннем арганізацыі бібліятэчных фондаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і выключэння з іх дакументаў, афармляюцца ўліковымі дакументамі, формы якіх устанаўліваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Арганiзацыя бібліятэчных фондаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і выключэнне з іх дакументаў афармляюцца ўліковымі дакументамі, формы якіх устанаўліваюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.



  1. Узаемадзеянне бібліятэк

Узаемадзеянне бібліятэк ажыццяўляецца ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі дзейнасці бібліятэк, у тым ліку шляхам дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, арганізацыі і функцыянавання нацыянальнай сістэмы міжбібліятэчнага абанемента.

  1. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў

1. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў –– бязвыплатная перадача з адной бібліятэкі празмерна дублетных (паўторных) і няпрофільных для гэтай бібліятэкі дакументаў іншай бібліятэцы або юрыдычнай асобе для папаўнення яе фонду.

2. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў арганізуюцца па тэрытарыяльных і тэрытарыяльна-галіновых прынцыпах.

3. У мэтах дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў бібліятэкі ствараюць абменныя фонды.

4. Абменныя фонды фарміруюцца з празмерна дублетных (паўторных), няпрофільных для гэтай бібліятэкі дакументаў, якія:

выключаны з асноўнага фонду;

паступілі ў якасці бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі і ахвяраванняў.

5. Парадак уліку абменных фондаў вызначаецца бібліятэкамі самастойна ў адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага Кодэкса.

6. Для ўзаемнага інфармавання аб складзе абменных фондаў бібліятэкі рэгулярна фарміруюць і распаўсюджваюць (у тым ліку па электронных каналах) спісы (паказальнікі, пералікі) дакументаў, прызначаных для дакументаабмену і пераразмеркавання.

7. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў могуць здзяйсняцца на пастаяннай аснове або па разавых запытах.

Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў афармляюцца адпаведнымі актамі, якія складаюцца ў двух экзэмплярах і дапаўняюцца спісамі (пералікамі) перадаваемых дакументаў.

Расходы па транспарціроўцы дакументаў, якія перадаюцца ў межах дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, аплачваюцца па дамоўленасці бакоў.

8. У бібліятэках, якія ажыццяўляюць дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў, прадугледжваюцца:

функцыянаванне асобнага структурнага падраздзялення, вызначэнне асобных штатных адзінак, адказных за выкананне абавязкаў па забеспячэнні дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў;

выдзяленне асобнага памяшкання (часткі памяшкання) для размяшчэння абменнага фонду і работы з ім.

9. Парадак дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, прадугледжаны гэтым артыкулам, не распаўсюджваецца на кніжныя помнікі, якім нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасці, іншыя дакументы, якiя ўтрымлiваюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, уключаныя ў культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь.


  1. Міжбібліятэчны абанемент. Нацыянальная сістэма міжбібліятэчнага абанемента

1. Міжбібліятэчны абанемент –– форма бібліятэчнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк, заснаваная на ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў і даведачна-бібліяграфічнага апарату бібліятэк шляхам прадастаўлення карыстальнікам бібліятэкі арыгіналаў дакументаў або іх копій, атрыманых ад іншай бібліятэкі.

2. Нацыянальная сiстэма мiжбiблiятэчнага абанемента –– форма ўзаемадзеяння бібліятэк, заснаваная на ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў і даведачна-бібліяграфічнага апарату бібліятэк.

3. Нацыянальная сiстэма мiжбiблiятэчнага абанемента аб’ядноўвае бiблiятэкi незалежна ад ведамаснай прыналежнасці, аб’ёмаў, складу іх бібліятэчных фондаў, арганізацыйна-тэхналагічных асаблівасцей функцыянавання бібліятэк, ствараецца ў мэтах забеспячэння бесперашкоднага прадастаўлення і атрымання карыстальнікамі бібліятэк дакументаў з бібліятэчных фондаў і будуецца на ўзаемавыгадным добраахвотным супрацоўніцтве.

4. У нацыянальнай сiстэме мiжбiблiятэчнага абанемента выдзяляюць галіновыя і ўніверсальныя цэнтры мiжбiблiятэчнага абанемента, якія забяспечваюць аптымальны рэжым яе функцыянавання і рацыянальнае выкарыстанне бібліятэчных фондаў.

Да галiновых цэнтраў мiжбiблiятэчнага абанемента адносяцца спецыяльныя біблiятэкi, якія з’яўляюцца метадычнымі і каардынацыйнымі цэнтрамі рэспубліканскага ўзроўню. Унiверсальнымi цэнтрамi мiжбiблiятэчнага абанемента з’яўляюцца абласныя публічныя бiблiятэкi.

5. Абслугоўванне па мiжбiблiятэчным абанеменце вядзецца на падставе дагавораў (пагадненняў) або пісьмаў.

6. Карыстальнікі бібліятэк не абмежаваны ў выбары бібліятэкі для накіравання заказаў на дастаўку дакументаў. Дастаўка дакументаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі карыстання бібліятэкай той бібліятэкі, у бібліятэчным фондзе якой знаходзіцца дакумент.

7. Заказ па мiжбiблiятэчным абанеменце афармляецца на бланку-заказе, які накіроўваецца па любых каналах сувязі (пошта, электронная пошта). Бланк-заказ запаўняецца на кожны асобны дакумент разборлiва, без адвольных скарачэнняў, з запаўненнем усіх рэквізітаў, якія прадугледжаны бланкам-заказам.

Форма бланка-заказа ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.


  1. Карпаратыўнае ўзаемадзеянне бібліятэк
    па фарміраванні і выкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў


1. Інфармацыйныя рэсурсы дзяржаўных бібліятэк з’яўляюцца састаўной часткай інфармацыйных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь.

2. Бібліятэкі ўдзельнічаюць у фарміраванні зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі, іншых карпаратыўных інфармацыйных рэсурсаў.

Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі –– інфармацыйны рэсурс, які адлюстроўвае склад і змест Бібліятэчнага фонду Рэспублікі Беларусь.

3. У мэтах павышэння якасці інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання і эфектыўнага выкарыстання сусветных інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі на карпаратыўнай аснове ажыццяўляюць іх набыццё і забяспечваюць доступ да іх. Парадак карпаратыўнага ўзаемадзеяння вызначаецца дагаворамі паміж бібліятэкамі і (або) юрыдычнымі асобамі, падраздзяленнем якіх з’яўляецца бібліятэка.

Каардынацыя карпаратыўнага ўзаемадзеяння бібліятэк забяспечваецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.


  1. Карыстальнікі бібліятэк. Правы і абавязкі карыстальнікаў бібліятэк

1. Юрыдычныя асобы, грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія звяртаюцца да паслуг бібліятэк, з’яўляюцца іх карыстальнікамі.

Парадак карыстання бібліятэкай, пералік асноўных паслуг і ўмовы іх прадастаўлення ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай.

2. Карыстальнікі бібліятэк маюць права на бiблiятэчнае, iнфармацыйнае i даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне згодна з іх асабiстымi патрэбнасцямi i iнтарэсамi.

3. Права на бiблiятэчнае, iнфармацыйнае i даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне забяспечваецца шляхам:

стварэння розных відаў бiблiятэк;

садзейнічання доступу да нацыянальных i сусветных баз даных;

арганізацыі мiжбiблiятэчнага абанементу;

электроннай дастаўкі дакументаў;

арганізацыі абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк па месцы жыхарства (прабывання), працы, службы, вучобы, адпачынку;

стварэння і функцыянавання на базе дзяржаўных публічных бібліятэк публічных цэнтраў прававой інфармацыі.

4. Карыстальнікі дзяржаўных бібліятэк маюць права:

бясплатна атрымліваць поўную інфармацыю аб складзе бібліятэчных фондаў;

бясплатна атрымліваць кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі;

бясплатна атрымліваць для часовага карыстання дакументы з бібліятэчных фондаў;

атрымліваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк;

атрымліваць дакументы або іх копіі па міжбібліятэчным абанеменце;

прымаць удзел у культурных мерапрыемствах, якія праводзяцца бібліятэкай;

выкарыстоўваць у зонах абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк тэхнічныя сродкі на аўтаномным сілкаванні без гукавых сігналаў, за выключэннем выкарыстання капіравальных прыбораў (сканераў, аўдыя-, фота- і відэаапаратуры), мабільнага тэлефона і іншых тэхнічных сродкаў у мэтах фота- і відэаздымкі дакументаў з бібліятэчных фондаў;

карыстацца паслугамі бібліятэк, у тым ліку платнымі.

5. Асобы з аслабленым зрокам і асобы, пазбаўленыя зроку, маюць права на атрыманне дакументаў на спецыяльных носьбітах інфармацыі.

6. Інваліды і іншыя фізічна аслабленыя асобы маюць пераважнае права атрымліваць дакументы з бібліятэчных фондаў публічных бібліятэк па месцы жыхарства (прабывання).

7. Карыстальнікі бібліятэк маюць права ўдзельнічаць у дзейнасці папячыцельскіх саветаў, аб’яднанняў карыстальнікаў бібліятэк.

8. Незаконныя дзеянні (бяздзейнасць) службовых асоб бібліятэк, якiя абмяжоўваюць правы карыстальнікаў бібліятэк, могуць быць абскарджаны ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

9. Карыстальнікі бібліятэк абавязаны:

выконваць правілы карыстання бібліятэкай;

беражліва адносіцца да бібліятэчных фондаў;

у вызначаныя бібліятэкай тэрміны вяртаць дакументы, атрыманыя з бібліятэчных фондаў;

праходзіць перарэгістрацыю карыстальнікаў бібліятэк у тэрмін і ў адпаведнасці з парадкам, устаноўленым бібліятэкай;

пры атрыманні дакументаў з дэфектамі паведаміць аб гэтым бібліятэчнаму работніку.

10. Доступ да дакументаў з бібліятэчных фондаў і інфармацыйных рэсурсаў можа быць абмежаваны ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

11. Карыстальнікам бібліятэкі забараняецца:

наведваць бібліятэку ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;

уваходзіць у бібліятэку з жывёламі, за выключэннем карыстальнікаў бібліятэк –– асоб з аслабленым зрокам і асоб, якія страцілі зрок, у суправаджэнні сабакі-павадыра;

уносіць у бібліятэку друкаваныя выданні, колючыя і рэжучыя прадметы, калі іншае не прадугледжана правіламі карыстання бібліятэкай;

выносіць дакументы з памяшкання бібліятэкі без запісу ў формах уліку, устаноўленых бібліятэкай;

уносіць і выкарыстоўваць капіравальныя прыборы (сканеры, аўдыя-, фота- і відэаапаратуру), мабільныя тэлефоны і іншыя тэхнічныя сродкі ў мэтах фота- і відэаздымкі дакументаў з бібліятэчных фондаў;

перадаваць чытацкі білет іншым асобам або карыстацца чытацкім білетам другой асобы.

12. У выпадку страты, пашкоджання дакументаў з бібліятэчных фондаў карыстальнікі бібліятэк замяняюць іх ідэнтычнымі, раўнацэннымі дакументамі. Пры адсутнасці магчымасці замены дакументаў карыстальнікі бібліятэк кампенсуюць іх кошт у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам.

13. Карыстальнікам бібліятэкі, якія парушылі тэрміны звароту дакументаў з бібліятэчных фондаў, да моманту іх звароту выдача новых дакументаў не праводзіцца.


  1. Рэгістрацыя карыстальнікаў бібліятэк

1. Рэгістрацыя грамадзян у якасці карыстальнікаў бібліятэк ажыццяўляецца непасрэдна ў бібліятэцы або на афіцыйным сайце бібліятэкі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.

2. Рэгістрацыя юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у якасці карыстальнікаў бібліятэк ажыццяўляецца на падставе дагавора аб бібліятэчным, інфармацыйным і даведачна-бібліяграфічным абслугоўванні.

3. Парадак рэгістрацыі карыстальнікаў бібліятэкі зацвярджаецца кіраўніком бібліятэкі, якая з’яўляецца юрыдычнай асобай, па ўзгадненні з заснавальнікам бібліятэкі або кіраўніком юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца бібліятэка.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   15


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка