Кодэкс рэспублікі Беларусь аб культуры




старонка10/15
Дата канвертавання17.03.2016
Памер3.25 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15
Глава 20
народныя МАСТАЦКІЯ рамёствы


  1. Народныя мастацкія рамёствы. Вырабы народных мастацкіх рамёстваў

1. Народныя мастацкія рамёствы –– напрамак культурнай дзейнасці па стварэнні вырабаў народных мастацкіх рамёстваў.

2. Вырабы народных мастацкіх рамёстваў –– прадметы дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння, створаныя ў адпаведнасці з традыцыямі народных мастацкіх рамёстваў з выкарыстаннем натуральных матэрыялаў і ручной працы, якія маюць мастацкую вартасць.

3. Пры стварэнні вырабаў народных мастацкіх рамёстваў дазваляецца:

творчае вар’іраванне, якое з’яўляецца адной з форм праявы народнай творчасці і асноўным метадам перадачы тыпавога ўзору вырабу народных мастацкіх рамёстваў, што прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у кампазіцыйнае, колеравае, арнаментальнае, пластычнае і іншае мастацкае рашэнне вырабу, якія не прыводзяць да прынцыповых змяненняў традыцыйнага характару, зніжэння мастацкага ўзроўню і якасці вырабу народных мастацкіх рамёстваў;

выкарыстанне механізаванай працы ў падрыхтоўчых і дапаможных аперацыях.

4. Да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў можа быць аднесена прадукцыя арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў.

Аднясенне прадукцыі арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў праводзіцца экспертнай камісіяй па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў.


  1. Экспертная камісія па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў

1. Экспертная камісія па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў ствараецца Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры дзяржаўным вытворча-гандлёвым аб’яднанні «Белмастацпромыслы».

2. Асноўнымі задачамі экспертнай камісіі па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў з’яўляюцца:

правядзенне экспертызы прадукцыі арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

садзейнічанне абароне дзяржаўных і агульнанацыянальных інтарэсаў па захаванні і далейшым развіцці традыцый народных мастацкіх рамёстваў;

садзейнічанне творчаму развіццю арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, падтрымка і захаванне іх творчай індывідуальнасці і самабытнасці, забеспячэнне высокага мастацкага ўзроўню і якасці вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, пашырэнне і абнаўленне асартыменту вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

падрыхтоўка прапаноў па адраджэнні і далейшым развіцці народных мастацкіх рамёстваў на аснове мастацка-стылявых асаблівасцей і традыцыйных тэхналогій народных мастацкіх рамёстваў, якія склаліся гістарычна, з улікам сучасных эстэтычных патрабаванняў, па заахвочванні майстроў народных мастацкіх рамёстваў за стварэнне высокамастацкіх вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

папулярызацыя народных мастацкіх рамёстваў, аказанне дапамогі арганізацыям народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальным прадпрымальнікам і рамеснікам, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, у арганізацыі іх працы, правядзенне кансультацый па пытаннях мастацка-стылявой накіраванасці, захаванні, адраджэнні тых ці іншых традыцыйных тэхналогій стварэння вырабаў народных мастацкіх рамёстваў.

3. Экспертная камісія па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў:

праводзіць экспертызу прадукцыі арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

разглядае пытанне аб магчымасці аднясення прадукцыі арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

прымае рашэнне аб аднясенні або немагчымасці аднясення прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

прадстаўляе ў дзяржаўнае вытворча-гандлёвае аб’яднанне «Белмастацпромыслы» рашэнне аб аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

садзейнічае забеспячэнню высокага мастацкага ўзроўню і якасці вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, пашырэнню і абнаўленню іх асартыменту;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па адраджэнні і развіцці народных мастацкіх рамёстваў;

садзейнічае папулярызацыі народных мастацкіх рамёстваў;

аказвае дапамогу арганізацыям народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальным прадпрымальнікам і рамеснікам, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, у арганізацыі іх працы;

кансультуе па пытаннях мастацка-стылявой накіраванасці, захаванні, адраджэнні тых ці іншых традыцыйных тэхналогій стварэння вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па ўдасканаленні традыцыйных тэхналогій, развіцці мастацка-стылявой накіраванасці вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, павышэнні якасці гэтых вырабаў, аб мэтазгоднасці стварэння асобных відаў вырабаў народных мастацкіх рамёстваў.

4. Склад экспертнай камісіі па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў зацвярджаецца Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Экспертная камiсiя па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў дзейнічае на падставе зацверджанага ёю рэгламенту.

5. Рашэнні экспертнай камісіі па аднясенні прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх рамёстваў носяць рэкамендацыйны характар.


  1. Правы грамадзян у сферы народных мастацкіх рамёстваў

1. Грамадзяне маюць права на творчую дзейнасць у сферы народных мастацкіх рамёстваў у адпаведнасцi са сваiмi патрэбнасцямі, інтарэсамі і творчымі здольнасцямi (магчымасцямі).

2. Грамадзянiн мае права займацца творчай дзейнасцю ў сферы народных мастацкіх рамёстваў як на прафесiйнай, так i на непрафесiйнай (аматарскай) аснове, у калектыве або індывідуальна.

3. Грамадзяне, якія займаюцца творчай дзейнасцю ў сферы народных мастацкіх рамёстваў, маюць права на абарону сваёй дзейнасці і ахову сакрэтаў майстэрства, а таксама свабодна распараджацца вынікамі сваёй дзейнасці.

4. Грамадзяне, якiя займаюцца творчай дзейнасцю ў сферы народных мастацкіх рамёстваў, маюць права ствараць грамадскія аб’яднанні, што маюць на мэце стварэнне найбольш спрыяльных умоў для творчай дзейнасцi, развiцця, падтрымкi i папулярызацыi народных мастацкіх рамёстваў, а таксама ўступаць у дзеючыя грамадскія аб’яднанні ў гэтай сферы.

Дзейнасць грамадскiх аб’яднанняў у сферы народных мастацкіх рамёстваў рэгулюецца гэтым Кодэксам і заканадаўствам аб грамадскiх аб’яднаннях.

5. Грамадзяне маюць права вывозiць з Рэспублiкi Беларусь у мэтах экспанавання, iншых форм публiчнага паказу, а таксама на продаж вырабы народных мастацкіх рамёстваў у адпаведнасці з гэтым Кодэксам, заканадаўствам аб знешнеэканамічнай дзейнасці, заканадаўствам аб мытным рэгуляванні, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь і іншымі міжнародна-прававымі актамі, якія з’яўляюцца абавязковымі для Рэспублікі Беларусь.



  1. Майстар народных мастацкіх рамёстваў. Народны майстар у сферы народных мастацкіх рамёстваў

1. Майстар народных мастацкіх рамёстваў –– грамадзянін, які займаецца творчай дзейнасцю, вынікам якой з’яўляецца стварэнне вырабаў народных мастацкіх рамёстваў. Майстар народных мастацкіх рамёстваў можа займацца творчай дзейнасцю самастойна, у тым ліку ў рамках прадпрымальніцкай або рамесніцкай дзейнасці, або на падставе працоўнага, грамадзянска-прававога дагавора ў арганізацыі культуры.

2. Творчая дзейнасць майстроў народных мастацкіх рамёстваў ажыццяўляецца ў наступных вiдах народных мастацкіх рамёстваў:

разьба па дрэве;

роспiс па дрэве, тканiне, шкле;

саломапляценне;

пляценне i вырабы з раслiнных матэрыялаў мясцовага паходжання (лазы, чароту, карэння, бяросты, дранкі, лыка i іншых матэрыялаў);

аплiкацыя i iнкрустацыя саломкай;

ткацтва на ручных i ткацкiх станках;

ткацтва, пляценне, вiццё паясоў;

вышыўка ручная;

карункапляценне i вязанне карункаў;

ганчарства;

выраб глiнянай цацкi;

кавальства;

бондарства;

выцiнанка;

выраб народных касцюмаў у мясцовых i рэгiянальных традыцыях з захаваннем традыцыйных тэхналогiй ткацтва, вышыўкi;

выраб сувенiрных этнаграфiчных лялек у народных касцюмах;

ручное мастацкае вязанне ў беларускiх народных традыцыях;

мастацкая апрацоўка скуры;

выраб уручную мастацкай мэблi з дрэва;

нiзанне бiсеру;

пiсанкарства (выраб велiкодных яек-пiсанак);

пернiкарства i выраб абраднага печыва (вясельныя караваi i іншае печыва);

iншыя вiды народных мастацкіх рамёстваў.

3. Майстру народных мастацкіх рамёстваў, вырабы якога характарызуюцца арганiчным увасабленнем калектыўнага мастацкага вопыту народа Беларусі, выразнай этнiчнай самабытнасцю i маюць мастацкую вартасць, надаецца статус народнага майстра ў сферы народных мастацкіх рамёстваў (далей –– народны майстар).

4. Статус народнага майстра надаецца ў мэтах:

падтрымкі і папулярызацыі народных мастацкіх рамёстваў, творчай дзейнасці майстроў народных мастацкіх рамёстваў;

захавання традыцыйных тэхналогiй i асаблiвасцей стварэння вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

стварэння спрыяльных умоў для пераемнасці мастацкага здабытку беларускай традыцыйнай культуры;

актывізацыі культурна-асветнай дзейнасці;

вызначэння прыярытэтаў у развіцці напрамкаў народных мастацкіх рамёстваў.

5. Статус народнага майстра можа надавацца майстру народных мастацкіх рамёстваў, які:

з’яўляецца носьбітам этнічных традыцый, што ўвасабляе беларускую нацыянальную ментальнасць, пераемнікам і прадаўжальнікам мастацкага здабытку беларускай традыцыйнай культуры;

займаецца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

пераняў майстэрства або набыў яго ў працэсе самастойнай творчай дзейнасцi;

у сваёй дзейнасці абапiраецца на традыцыi (мясцовыя, рэгiянальныя, нацыянальныя), творча iх развiвае, праяўляе творчыя здольнасцi да iндывiдуальнай iнтэрпрэтацыi;

прымае ўдзел у выстаўках, святах, конкурсах, фэстывалях народнай творчасці і іншых культурных мерапрыемствах.

6. Статус народнага майстра можа быць нададзены грамадзяніну, які займаецца творчай дзейнасцю ў сферы выяўленчага мастацтва i творчасць якога характарызуецца самабытнасцю.

7. Хадайнiцтва аб наданнi статусу народнага майстра дасылаецца структурнымi падраздзяленнямi абласных (Мiнскага гарадскога) выканаўчых камiтэтаў, якiя ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, дзяржаўным вытворча-гандлёвым аб’яднаннем «Белмастацпромыслы», грамадскiм аб’яднаннем «Беларускi саюз майстроў народнай творчасцi» ў Мiнiстэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

8. Да хадайнiцтва аб наданнi статусу народнага майстра прыкладаюцца вырабы народных мастацкіх рамёстваў цi iх фотаздымкi, слайды, вiдэаматэрыялы, даведка аб творчай дзейнасцi прэтэндэнта на наданне статусу народнага майстра, дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у яго звання, прэмій, іншых заахвочванняў за ўдзел у культурных мерапрыемствах, рэкамендацыi структурных падраздзяленняў гарадскiх або раённых выканаўчых камiтэтаў, якiя ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, арганiзацый народных мастацкіх рамёстваў, абласных аддзяленняў грамадскага аб’яднання «Беларускi саюз майстроў народнай творчасцi».

9. Хадайнiцтва аб наданнi статусу народнага майстра разглядаецца экспертнай камісіяй па народных мастацкіх рамёствах не пазней за


30 каляндарных дзён з дня атрымання хадайніцтва.

Па вынiках разгляду экспертная камісія па народных мастацкіх рамёствах робiць заключэнне аб наданнi або немагчымасці надання статусу народнага майстра. На падставе заключэння аб наданнi статусу народнага майстра Мiнiстэрствам культуры Рэспублікі Беларусь выдаецца пасведчанне народнага майстра па форме, устаноўленай гэтым Міністэрствам.

10. Дзяржаўныя органы садзейнiчаюць стварэнню народнымі майстрамі вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, перадачы iх майстэрства па адпаведным вiдзе народнага мастацкага рамяства, арганізацыі і правядзенню культурных мерапрыемстваў з удзелам народных майстроў.


  1. Правы народнага майстра

Народны майстар мае права на:

экспанаванне i iншыя формы публiчнага паказу вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

заахвочванне за стварэнне і публiчнае выкарыстанне вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

набыццё i нарыхтоўку неабходных вiдаў сыравiны i матэрыялаў;

арэнду памяшканняў для выкарыстання iх у якасцi творчых майстэрняў у адпаведнасцi з заканадаўчымі актамі;

забеспячэнне ўмоў для творчай дзейнасцi ў адпаведнасцi з патрабаваннямi па ахове працы;

работу па працоўным або грамадзянска-прававым дагаворы;

перадачу свайго майстэрства па адпаведным відзе народнага мастацкага рамяства;

магчымасць мець вучняў у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі;

абарону свайго прафесiйнага гонару i годнасцi;

iншыя правы.


  1. Экспертная камісія па народных мастацкіх рамёствах

1. У мэтах садзейнiчання адраджэнню, захаванню i развiццю народных мастацкіх рамёстваў, стварэнню i выкарыстанню вырабаў народных мастацкіх рамёстваў пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь ствараецца экспертная камiсiя па народных мастацкіх рамёствах.

2. Экспертная камiсiя па народных мастацкіх рамёствах з’яўляецца пастаянна дзеючым органам, у склад якога ўваходзяць прадстаўнiкi дзяржаўных органаў, арганiзацый культуры, грамадскіх аб’яднанняў, мастакi, мастацтвазнаўцы, этнографы i iншыя спецыялiсты, дзейнасць якіх звязана з захаваннем культурнай спадчыны, развiццём традыцый народных мастацкіх рамёстваў.

3. Экспертная камiсiя па народных мастацкіх рамёствах:

садзейнiчае арганiзацыi творчай дзейнасцi майстроў народных мастацкіх рамёстваў, падтрымцы i захаванню творчай iндывiдуальнасцi і самабытнасцi, забеспячэнню высокага мастацкага ўзроўню i якасцi вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, пашырэнню i абнаўленню iх асартыменту;

аказвае метадычную i экспертную дапамогу па пытаннях адраджэння, захавання i развiцця народных мастацкіх рамёстваў;

садзейнiчае папулярызацыі народных мастацкіх рамёстваў, творчасцi майстроў народных мастацкіх рамёстваў.

ажыццяўляе ацэнку вырабаў народных мастацкіх рамёстваў на iх адпаведнасць традыцыям нацыянальнай культуры, падрыхтоўку прапаноў па павышэнні мастацкага ўзроўню i якасцi вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

разглядае хадайнiцтвы аб наданнi статусу народнага майстра i дае заключэнне аб наданнi або немагчымасці надання гэтага статусу;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў i метадычных распрацовак па пытаннях адраджэння, захавання i развiцця народных мастацкіх рамёстваў i ўносіць iх на разгляд у Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, iншыя дзяржаўныя органы для прыняцця практычных мер, накіраваных на адраджэнне, захаванне i развiццё народных мастацкіх рамёстваў.

4. Склад экспертнай камiсii па народных мастацкіх рамёствах зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Экспертная камiсiя па народных мастацкіх рамёствах дзейнічае на падставе зацверджанага ёю рэгламенту.

5. Сваю дзейнасць экспертная камiсiя па народных мастацкіх рамёствах ажыццяўляе ва ўзаемадзеяннi з дзяржаўнымi органамi, навуковымi арганiзацыямi i арганiзацыямi культуры.

6. Рашэнні экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах носяць рэкамендацыйны характар.


  1. Арганізацыі народных мастацкіх рамёстваў

1. У мэтах стварэння, тыражавання i рэалiзацыi вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, якiя характарызуюцца нацыянальнай самабытнасцю i высокiм мастацкiм узроўнем, а таксама адраджэння, захавання i развiцця народных мастацкіх рамёстваў, задавальнення духоўных і эстэтычных патрэбнасцей грамадзян, удасканалення традыцыйных тэхналогiй i iндывiдуальнага майстэрства народных майстроў у Рэспублiцы Беларусь ствараюцца i дзейнiчаюць арганізацыі народных мастацкіх рамёстваў.

2. Арганізацыі народных мастацкіх рамёстваў –– арганізацыі культуры, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў на аснове выкарыстання традыцыйных тэхналогій па апрацоўцы натуральных матэрыялаў.

3. Арганізацыя народных мастацкіх рамёстваў захоўвае свой профіль незалежна ад змены ўласніка яе маёмасці.

4. У арганізацыі народных мастацкіх рамёстваў у парадку, вызначаным статутам, можа стварацца мастацкi савет.



  1. Падтрымка арганізацый народных мастацкіх рамёстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў

1. Падтрымка арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, ажыццяўляецца для забеспячэння магчымасцей выканання iмi iх вытворчых задач.

2. Падтрымка арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, ажыццяўляецца дзяржаўнымі органамі шляхам:

стварэння спрыяльных умоў для выкарыстання гэтымi арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і рамеснікамі фiнансавых, матэрыяльна-тэхнiчных i iнфармацыйных рэсурсаў, а таксама навукова-тэхнiчных распрацовак i тэхналогiй;

садзейнiчання знешнеэканамiчнай i iншай звязанай з ёю дзейнасцi, уключаючы пашырэнне i развiццё гандлёвых, навукова-тэхнiчных, вытворчых i iнфармацыйных сувязей гэтых арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, удзел у мiжнародных выстаўках i кiрмашах;

арганiзацыi падрыхтоўкi, перападрыхтоўкi i павышэння квалiфiкацыi кадраў для гэтых арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў.

3. Рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы распрацоўваюць i ажыццяўляюць комплекс мерапрыемстваў па садзейнiчанні ў забеспячэннi арганізацый народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, абсталяваннем i сучаснымi тэхналогiямi для падрыхтоўчых працэсаў i арганiзацыi вытворчасцi.

4. Дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з актамі заканадаўства прадастаўляюць арганізацыям народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальным прадпрымальнікам і рамеснікам, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, на падставе дагавораў арэнды абсталявання, вытворчых i службовых памяшканняў, iншай маёмасці, якая знаходзiцца ў дзяржаўнай уласнасцi.


  1. Цэнтр (дом) рамёстваў

1. Цэнтр (дом) рамёстваў –– арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія ажыццяўляюць дзейнасць па захаванні і папулярызацыі мясцовых і рэгіянальных традыцый народных мастацкіх рамёстваў.

2. Задачамі цэнтра (дома) рамёстваў з’яўляюцца:

падтрымка i стварэнне ўмоў для творчай дзейнасці майстроў народных мастацкіх рамёстваў;

далучэнне да народных мастацкіх рамёстваў шырокiх колаў насельнiцтва;

адраджэнне традыцыйных тэхналогiй пры стварэнні вырабаў народных мастацкіх рамёстваў паводле старадаўнiх мясцовых узораў i распрацоўка новых тэхналогiй.

3. Да кампетэнцыі цэнтра (дома) рамёстваў адносяцца:

правядзенне работы па выяўленні мясцовых i рэгiянальных традыцый народных мастацкіх рамёстваў;

збор і забеспячэнне захавання вырабаў народных мастацкіх рамёстваў;

стварэнне клубных фарміраванняў i забеспячэнне іх дзейнасці па вiдах народных мастацкіх рамёстваў;

аказанне садзейнічання ў арганізацыі семінараў, майстар-класаў і іншых мерапрыемстваў з удзелам майстроў народных мастацкіх рамёстваў;

арганізацыя дзейнасці па аб’яднанні майстроў народных мастацкіх рамёстваў і каардынацыі іх творчай дзейнасці;

арганiзацыя і ўдзел у выстаўках, кiрмашах, святах народнага мастацтва і іншых культурных мерапрыемствах;

ажыццяўленне супрацоўнiцтва з іншымі арганiзацыямi культуры, у тым ліку замежнымi;

ажыццяўленне іншых функцый, звязаных з адраджэннем, захаваннем i развiццём народных мастацкіх рамёстваў.

4. У склад цэнтра (дома) рамёстваў у якасці падраздзяленняў могуць уваходзіць выставачныя залы, салоны па продажы вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, iнфармацыйныя цэнтры, кiна-, фота-, фона-, вiдэаархiвы i iншыя падраздзяленнi.

5. У цэнтры (доме) рамёстваў у парадку, вызначаным статутам, могуць стварацца каардынацыйны савет, мастацкi савет.



  1. Арганізацыя пераемнасці традыцый у сферы народных мастацкіх рамёстваў

Арганізацыя пераемнасці традыцый у сферы народных мастацкіх рамёстваў ажыццяўляецца шляхам:

перадачы народнымі майстрамі свайго вопыту работы і авалодання іх вопытам у мэтах забеспячэння аўтэнтычнасці традыцый народных мастацкіх рамёстваў;

знаёмства з нарoднымі мастацкімі рамёствамі, традыцыйнымі тэхналогіямі нарoдных мастацкіх рамёстваў пры атрыманні дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі;

атрымання прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і дадатковай адукацыі дарослых;

набыцця навыкаў у сферы нарoдных мастацкіх рамёстваў самастoйна, у тым ліку ў цэнтрах (дамах) рамёстваў.


  1. Папулярызацыя і распаўсюджванне вырабаў народных мастацкіх рамёстваў

1. Дзяржаўныя органы, арганізацыі народных мастацкіх рамёстваў, індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі, якія займаюцца стварэннем вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, i грамадскiя аб’яднаннi ў сферы народных мастацкіх рамёстваў сумесна з зацiкаўленымi садзейнiчаюць папулярызацыi i распаўсюджванню вырабаў народных мастацкіх рамёстваў з дапамогай сродкаў масавай iнфармацыi, праз рэкламна-выдавецкую дзейнасць, шляхам правядзення выставак, кiрмашоў, аўкцыёнаў, дэманстрацыi вырабаў народных мастацкіх рамёстваў, устанаўлення заахвочванняў у сферы народных мастацкіх рамёстваў, а таксама iншымi спосабамi.

2. У мэтах стымулявання развiцця народных мастацкіх рамёстваў, папулярызацыi гэтага віду культурнай дзейнасці рэгулярна праводзяцца выстаўкi вырабаў народных мастацкіх рамёстваў.

3. У мэтах збірання, захоўвання, вывучэння i папулярызацыі вырабаў народных мастацкіх рамёстваў могуць стварацца музеі ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, іншымі актамі заканадаўства.

4. Дзяржаўныя органы садзейнiчаюць распаўсюджванню дасягненняў народных мастацкіх рамёстваў за межамі Рэспублiкi Беларусь. З гэтай мэтай у памяшканнях дыпламатычных прадстаўнiцтваў i консульскiх устаноў Рэспублiкi Беларусь дэманструюцца вырабы народных мастацкіх рамёстваў.

5. У мэтах стымулявання развiцця народных мастацкіх рамёстваў, навуковых даследаванняў у сферы народных мастацкіх рамёстваў, падтрымкi самабытных традыцый, а таксама майстроў народных мастацкіх рамёстваў, таленавітай моладзi, якая займаецца гэтым напрамкам культурнай дзейнасці, дзяржаўныя органы ўстанаўлiваюць заахвочванні.

Глава 21


кінематаграфічная дзейнасць


  1. Кінематаграфія

Кінематаграфія –– сукупнасць творчых, вытворчых, навуковых, тэхнічных, адукацыйных, інфармацыйных, асветніцкіх і іншых працэсаў, накіраваных на вытворчасць, паказ і распаўсюджванне фільмаў.

  1. Кінематаграфічная дзейнасць і яе склад

1. Кінематаграфічная дзейнасць –– напрамак культурнай дзейнасці па вытворчасці, паказе і распаўсюджванні фільмаў.

2. Вытворчасць фільма –– стварэнне фільма шляхам увасаблення творчай задумы на тэхналагічнай аснове кінематаграфіі. Вытворчасць фільма ажыццяўляецца на падставе камплекта дакументаў (кінапраекта).

3. Паказ фільма –– дэманстрацыя (публічнае выкананне) фільма, якая ажыццяўляецца ў кіназалах або іншых спецыяльна абсталяваных памяшканнях (месцах), а таксама па эфірным, кабельным, спадарожнікавым тэлебачанні, праз глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт або іншымі тэхнічнымі спосабамі.

4. Распаўсюджванне фільма –– продаж, прадастаўленне ў пракат арыгінала або копіі фільма іншым юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам для паказу фільма і (або) прадастаўленне (перадача) правоў на фільм.



  1. Работнікі кінематаграфіі

Работнікі кінематаграфіі –– работнікі культуры, якія ажыццяўляюць кінематаграфічную дзейнасць.

  1. Арганізацыі кінематаграфіі

1. Юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасці асноўнага віду дзейнасці кінематаграфічную дзейнасць, з’яўляецца арганізацыяй кінематаграфіі.

2. Віды арганізацый кінематаграфіі:

кінавытворчыя –– арганізацыі кінематаграфіі, асноўным відам дзейнасці якіх з’яўляецца вытворчасць фільмаў;

кінавідовішчныя –– арганізацыі кінематаграфіі, асноўным відам дзейнасці якіх з’яўляецца паказ фільмаў;

кінапракатныя –– арганізацыі кінематаграфіі, асноўным відам дзейнасці якіх з’яўляецца распаўсюджванне фільмаў.


  1. Падтрымка кінематаграфіі

Падтрымка кінематаграфіі ажыццяўляецца шляхам:

размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў;

фінансавання вытворчасці фільмаў з рэспубліканскага бюджэту з улікам дыферэнцыраванага падыходу;

садзейнічання папулярызацыі нацыянальных фільмаў, а таксама іншых фільмаў, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне;

арганізацыі правядзення кінематаграфічных мерапрыемстваў і ўдзелу ў такіх мерапрыемствах;

стымулявання паказу арганізацыямі кінематаграфіі лепшых узораў беларускага кінамастацтва, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне;

стварэння ўмоў для паказу фільмаў для малазабяспечаных грамадзян, у сельскіх населеных пунктах, пасёлках гарадскога тыпу, гарадах раённага і абласнога падпарадкавання;

рэалізацыі творчых, адукацыйных і іншых праграм у сферы кінематаграфіі;

падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў кінематаграфіі;

устанаўлення іншых мер падтрымкі.



  1. Фільм

1. Фільм –– аўдыявізуальны твор, створаны на аснове творчай задумы, які складаецца з зафіксаваных на матэрыяльных носьбітах інфармацыі і паслядоўна злучаных у тэматычнае цэлае выяў (кадраў) з суправаджэннем або без суправаджэння іх гукам і прызначаны для ўспрымання з дапамогай адпаведных тэхнічных прылад.

2. Фільм можа быть створаны ў ігравой, неігравой, анімацыйнай або змешанай формах.

Фільм у ігравой форме –– фільм, у аснову якога пакладзены літаратурны сцэнарый з драматургічнай канструкцыяй, пазначанай мастацкімі вобразамі, створанымі акцёрамі.

Фільм у неігравой форме –– фільм, у аснову якога пакладзены здымкі рэальных падзей і людзей.

Фільм у анімацыйнай форме –– фільм, у аснову якога пакладзены літаратурны сцэнарый з вывераным сюжэтам, з драматургічнай канструкцыяй, пазначанай мастацкімі выявамі, створанымі маляванымі, лялечнымі, перакладачнымі, сыпучымі, камбінаванымі, камп’ютарнымі персанажамі.

Фільм у змешанай форме –– фільм, у якім адначасова могуць выкарыстоўвацца элементы фільмаў у ігравой, неігравой і (або) анімацыйнай формах.

3. Зыходнымі матэрыяламі фільма з’яўляюцца матэрыяльныя носьбіты інфармацыі, неабходныя для захавання і (або) тыражавання фільма.


  1. Вытворчасць фільмаў

1. Пры вытворчасці фільмаў на прафесійнай аснове павінны выконвацца абавязковыя для выканання патрабаванні тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нармавання і стандартызацыі, якія вызначаюць тэхнічную якасць тэхналагічных працэсаў і парадак іх ажыццяўлення.

2. Вытворчасць фільма ажыццяўляецца, як правіла, здымачнай групай –– часовым калектывам, які складаецца з творчых работнікаў і іншых грамадзян і фарміруецца вытворцам фільма (прадзюсарам) у мэтах вытворчасці фільма. Склад удзельнікаў здымачнай групы ўказваецца ў выходных дадзеных (цітрах).

3. Вытворца фільма (прадзюсар) –– юрыдычная асоба, грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, якія забяспечваюць фінансаванне, вытворчасць і распаўсюджванне фільма.

Вытворца фільма (прадзюсар) мае права самастойна вызначаць крыніцы фінансавання, выбіраць тэхналагічную базу і тэхнічныя сродкі пры вытворчасці фільма, за выключэннем выпадкаў вытворчасці нацыянальных фільмаў, а таксама іншых фільмаў, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне.

Вытворца фільма (прадзюсар) мае права пры любым выкарыстанні фільма ўказваць сваё імя (найменне) або патрабаваць такога ўказання.

4. У выпадку сумеснай вытворчасці фільма двума і больш вытворцамі (прадзюсарамі) дагавор аб сумеснай вытворчасці фільма павінен утрымліваць гарантыі кожнаму вытворцу (прадзюсару) на сумеснае валоданне зыходнымі матэрыяламі фільма і доступ да іх, за выключэннем выпадкаў вытворчасці нацыянальных фільмаў, а таксама іншых фільмаў, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне.

5. Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з вытворчасцю фільма як аб’екта аўтарскага права, рэгулююцца заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах.


  1. Нацыянальныя фільмы, іншыя фільмы, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне

1. Да нацыянальных фільмаў адносяцца фільмы, якія адлюстроўваюць найважнейшыя падзеі нацыянальнай гісторыі і культуры, сучаснага жыцця Рэспублікі Беларусь, прысвечаны агульначалавечым гуманітарным, сацыяльным і маральным праблемам, падзеям сусветнай гісторыі, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне для Рэспублікі Беларусь.

2. Да іншых фільмаў, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, адносяцца:

у ігравой форме –– фільмы, якія адлюстроўваюць падзеі нацыянальнай гісторыі і культуры, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, фільмы –– экранізацыі твораў беларускай і замежнай літаратуры, а таксама фільмы сацыяльнай тэматыкі, розныя па жанрах;

у неігравой форме –– фільмы, якія адлюстроўваюць падзеі нацыянальнай гісторыі і культуры або дасягненні сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, фільмы –– партрэты знакамітых асоб, а таксама фільмы экалагічнай і сацыяльнай тэматыкі;

у анімацыйнай форме –– фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, у тым ліку гісторыка-патрыятычнай і сацыяльнай тэматыкі.

3. Фінансаванне вытворчасці нацыянальных фільмаў, а таксама іншых фільмаў, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, ажыццяўляецца ў памерах і на ўмовах, якія вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

4. Першачарговы паказ нацыянальных фільмаў, а таксама іншых фільмаў, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, ажыццяўляецца ў Рэспубліцы Беларусь.

5. Зыходныя матэрыялы нацыянальных фільмаў, а таксама іншых фільмаў, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, перадаюцца на захоўванне ва ўстанову «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» у парадку, устаноўленым заканадаўствам аб архівах і справаводстве.



  1. Паказ і распаўсюджванне фільмаў

1. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паказ і распаўсюджванне фільмаў ажыццяўляюцца іх праваўладальнікамі.

2. У Рэспубліцы Беларусь забараняецца паказ фільмаў, звесткі пра якія не ўключаны ў дзяржаўны рэгістр фільмаў.

3. Паказ фільмаў у спецыяльна абсталяваных памяшканнях (месцах), аснашчаных кінаабсталяваннем, можа ажыццяўляцца толькі пасля атрымання ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, дазволу на эксплуатацыю гэтых памяшканняў (месцаў) і абсталявання.

4. Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з кінаабслугоўваннем насельніцтва (аказаннем паслуг па паказе фільмаў), рэгулююцца заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.

5. Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з паказам і распаўсюджваннем фільма як аб’екта аўтарскага права, рэгулююцца заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах.


  1. Класіфікацыя фільмаў

1. Фільмы, прызначаныя для паказу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, падлягаюць класіфікацыі.

2. Класіфікацыя фільма ўяўляе сабой аднясенне фільма ў залежнасці ад яго тэматыкі, жанру, зместу і мастацкага афармлення да пэўнай узроставай катэгорыі.

3. Класіфікацыю фільма ажыццяўляе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычная асоба, упаўнаважаная ім, у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

4. На класіфікацыю фільмы прадстаўляюць іх праваўладальнікі ў выпадку адсутнасці звестак пра фільм у дзяржаўным рэгістры фільмаў.

Пры неабходнасці праваўладальнік павінен забяспечыць работнікам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобы, упаўнаважанай ім, умовы для прагляду фільма.

5. Пасля прагляду фільмы, якія ўтрымліваюць:

элементы эротыкі, насілля і жорсткасці, накіроўваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобай, упаўнаважанай ім, у Рэспубліканскую экспертную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці для атрымання экспертнага заключэння;

прызывы да экстрэмізму (экстрэмісцкай дзейнасці), накіроўваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобай, упаўнаважанай ім, у Рэспубліканскую экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму.

Пры неабходнасці для экспертнай ацэнкі фільма Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобай, упаўнаважанай ім, могуць запрашацца асобы, кампетэнтныя ў пэўнай галіне ведаў.

6. Фільм можа быць аднесены да наступных узроставых катэгорый:

«0» –– без узроставых абмежаванняў;

«6+» –– фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 6 гадоў;

«12+» –– фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 12 гадоў;

«16+» –– фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 16 гадоў;

«18+» –– фільм, дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў. Паказ фільмаў гэтай узроставай катэгорыі па тэлебачанні праводзіцца з абмежаваннем часу паказу: не раней 24.00 і не пазней 6.00 па мясцовым часе.

Крытэрыі аднясення фільмаў да пэўных узроставых катэгорый устанаўліваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

7. Па выніках прагляду фільма і разгляду экспертных заключэнняў Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці і Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму (пры іх наяўнасці) Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобай, упаўнаважанай ім, прымаецца рашэнне аб класіфікацыі фільма.

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобай, упаўнаважанай ім, прымаецца рашэнне аб адмове ў класіфікацыі фільма ў выпадках выяўлення ў фільме Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці элементаў парнаграфіі, прапаганды насілля і жорсткасці і (або) прыкмет праяўлення экстрэмізму, выяўленых Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму.

8. Знак узроставай катэгорыі фільма ўказваецца ва ўсіх выпадках выкарыстання фільма (у тым ліку пры трансляцыі па тэлебачанні) і яго рэкламы (буклеты, запрашальныя білеты, лістоўкі, аб’явы і іншыя), а таксама на ўпакоўцы матэрыяльных носьбітаў экзэмпляраў фільма.

9. Па выніках класіфікацыі фільма звесткі пра фільм не пазней за пяць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння аб класіфікацыі фільма ўключаюцца ў дзяржаўны рэгістр фільмаў.

10. Фільмы, якім да ўступлення ў сілу гэтага Кодэкса прысвоены індэксы, якія вызначаюць парадак выкарыстання гэтых фільмаў, не падлягаюць класіфікацыі.

Суаднясенне індэксаў, прадугледжаных часткай першай гэтага пункта, і ўзроставых катэгорый, прадугледжаных пунктам 6 гэтага артыкула, вызначаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.



  1. Дзяржаўны рэгістр фільмаў

1. Дзяржаўны рэгістр фільмаў змяшчае звесткі пра фільмы, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб класіфікацыі, і іх узроставую катэгорыю, у тым ліку звесткі аб рэгістрацыі фільмаў, што ажыццяўлялася да ўступлення ў сілу гэтага Кодэкса, звесткі аб экспертных заключэннях Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці і Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяўлення экстрэмізму (пры іх наяўнасці).

2. Фарміруе і вядзе дзяржаўны рэгістр фільмаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаная ім юрыдычная асоба.

3. Звесткі, якія змяшчаюцца ў дзяржаўным рэгістры фільмаў, размяшчаюцца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.

1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   15


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка