Казакова Таццяна Пятроўна




Дата канвертавання17.03.2016
Памер48.11 Kb.
Казакова Таццяна Пятроўна

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт,

г. Мінск
ХРЫСЦІЯНСКІ УНІВЕРСАЛІЗМ У ТВОРЧАСЦІ ГРЫГОРЫЯ ЦАМБЛАКА

У атмасферы сацыяльна-палітычнага жыцця паўднёвых і ўсходніх славян, калі “развязанне грамадскіх калізій патрабавала не толькі адмаўлення ад асабістага дзеля агульнай справы, але і надзвычай пленнага развіцця чалавечых здольнасцей [3, 12], сфарміраваўся светапогляд і мастацкі свет таленавітага славянскага пісьменніка і царкоўнага дзеяча Грыгорыя Цамблака. Выхаванец патрыярха Яўфімія ў перыяд турэцкага нашэсця на Балгарыю вымушаны быў пакінуць Радзіму і весці падвіжніцкае жыццё ў Візантыі, Малдова-Валахіі, Сербіі і Вялікім Княстве Літоўскім, дзе ў 1415 г. насуперак волі канстанцінопальскага патрыярха і маскоўскага мітрапаліта Фоція, ен быў пастаўлены на саборы епіскапаў мітрапалітам “Кіева і ўсей Літоўскай дзяржавы”.

У літаратурнай спадчыне мітрапаліта Беларуска-Літоўскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне і яркае мастакоўскае вырашэнне не толькі праблемы тэалогіі, але і пытанні грамадскага жыцця славянскага свету. Асэнсаванне гістарычнасці быцця і праблема зямнога прызначэння чалавека знаходзіць мастацкае афармленне ў “Слове пахвальным Яўфімію”, якое мітрапаліт напісаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Грыгорый Цамблак з горыччу згадвае сваю спакутаваную Радзіму – Балгарыю, падкрэслівае, што тырнаўскі патрыярх “от въсех предпочтено судив отчьство, к тому пакы възвращает ся” [7, 160]. На фоне падзей біблейскай гісторыі, спалучаючы прыемы абстрагавання і псіхалагічнай пранікненасці, пісьменнік-ісіхаст паказвае “унутраны” свет Яўфімія Тырнаўскага, яго хрысціянскія дабрачыннасці і грамадзянскую пазіцыю. Пісьменнік, таленавіта аздабляючы творы элементамі драматычнага эфекту, абвінавачвае шматлікіх ворагаў хрысціян. Апісанне злачынстваў турэцкага хана Баязета ў праваслаўным храме, глыбока трагічнае па сваей сутнасці, нагадвае карціны гвалту татара-мангольскіх заваёўнікаў, апісаныя ў распаўсюджаных на беларускіх землях аповесцях “Аб разбурэнні Батыем Разані”, “Аб пабоішчы Мамая”.

Перажыванні Яўфімія Тырнаўскага паказаны ў рэчышчы “абстрактнага псіхалагізму”. У значнай ступені гэта дапамагаюць ажыццявіць шматлікія аналогіі са Свяшчэннага Пісання, дзейнасць Яўфімія Тырнаўскага паказана на фоне герояў Старога Запавету. На думку Грыгорыя Цамблака, просты чалавек няздольны апісаць веліч яго настаўніка, таму ў пахвале біблейскі цар Давід “пляце слова” тырнаўскаму патрыярху. Біблейскія вобразы і сімвалы служаць асновай, выклікаюць асацыяцыі і аналогіі. Ствараюцца два сэнсы - канкрэтны і абстрактны, пахвала ўздзейнічае на слухачоў тэкстам і падтэкстам, што дазваляла пісьменніку паказаць існуючую сувязь паміж з’явамі рэальнага жыцця і хрысціянскай гісторыяй. У час нацыянальнай трагедыі праяўляецца духоўная блізкасць тырнаўскага патрыярха з народам, пісьменнік называе тырнаўскага патрыярха “тайником недоуменных таинсътвъ”, “сопричастником славы апостолски”, “учителем истины”, “великого оно жрътвы священником”. Л. В. Горына слушна сцвярджае, што ў гэтым творы “Цамблак змог ажыццявіць вышэйшыя дасягненні свайго мастацкага майстэрства... і пакінуць у навуку будучым пакаленням сваё творчае аблічча гісторыка і публіцыста, які ўвасобіў у гэтым поўнай гістарычнай значнасці дакументальным і публіцыстычным творы велічнае і напоўненае трагізмам мінулае” [4, 342]. Абарона роднай веры і культуры, услаўленне нацыянальных герояў ва ўмовах дэспатызму былі глыбока патрыятычным актам, узнімалі актуальнасць твораў Грыгорыя Цамблака.

Відаць, мітрапаліт Вялікага княства Літоўскага выношваў і планы арганізацыі барацьбы славянскіх народаў са шматлікімі ворагамі хрысціян. У 1418 г. Ён прымаў удзел у рабоце XVI Усяленскага сабору каталіцкай царквы ў Канстанцы, дзе сярод шматлікіх канфесійных праблем абмяркоўвалася і пытанне аб турэцкім нашэсці на паўдневаславянскія краіны. У планы Грыгорыя Цамблака ўваходзіла ўстанаўленне кантакту з кіраўніцтвам заходняй царквы, але падпарадкоўвацца рымскаму папе ен не жадаў. У гатэлі Ульрыха Імхольца ён праводзіў святочныя літургіі, у якіх бралі ўдзел праваслаўныя ўдзельнікі сабору, у тым ліку і князі – Фёдар Юр’евіч Смаленскі і адзін князь з “Чырвонай Русі”. На думку А. В. Флароўскага, у Канстанцкім саборы прымаў удзел князь Федар Данілавіч Астрожскі – нашчадак тураўскіх і пінскіх князеў, удзельнік Грунвальдскай бітвы, які быў шчырым прыхільнікам праваслаўя [гл. 8]. Ю. К. Бегуноў не выключае і таго, што гэтым князем з “Чырвонай Русі” быў Федар Любартавіч (унук Гедыміна), які ў 1413 – 1431 г. жыў у замку Карапец Галіцкай зямлі і быў блізкім да Ягайлы [1, 57].

Грыгорый Цамблак на XVI Усяленскім саборы сказаў дзве прамовы: прывітальную прамову на лацінскай мове ад яго імя прачытаў чэшскі багаслоў Маўрыкій Рвачка і “Слова пахвальнае, иже во Флорентiи Констанцiи собору галатомъ, италомъ и римляномъ и всем галатомъ”, якое захавалася ў рукапісным зборніку другой паловы XVI ст. Віленскай Публічнай бібліятэкі.

Першым з праваслаўных мітрапалітаў Грыгорый Цамблак у надзвычай напружаны час намагаўся усталяваць кантакт з кіраўніцтвам заходняй царквы дзеля таго, каб у свабоднай дыскусіі вырашыць усе пытанні, якія ўзнікалі паміж католікамі і праваслаўнымі, а затым агульнымі сіламі выступіць супраць шматлікіх ворагаў хрысціян: “Сънидемся оубо, о господи и отци, и стяжемся добрым истязанием и изъвопросимся добрым и съ вопрошанием, братскы, а не по страсти, богоугодне, а не своевъгодне, истинно, а не лестивно, смирено, а не гордостно, любомудръно, а не любопрително, апостолскы, а не фарисейскы” [6, 152]. На жаль, удзельнікі сабору не прыслухаліся да прапановы мітрапаліта Беларуска-Літоўскай дзяржавы.

М. Бярдзяеў пісаў, што “хрысціянства ўпершыню прызнала бясконцую каштоўнасць чалавечай духоўнасці” [2, 92]. Мітрапаліт Вялікага Княства Літоўскага прысвяціў свае творы духоўна багатым асобам хрысціянскага свету – Дзімітрыю Салунскаму, патрыярху Яўфімію, мітрапаліту Кіпрыяну. Спалучаючы элементы мастацкага абстрагавання і канкрэтызацыі, пісьменнік уключыў іх у кантэкст хрысціянскай гісторыі. Градацыя думкі Грыгорыя Цамблака прасочваецца ў арганічным пераходзе ад дзейнасці біблейскіх герояў да асабістых перажыванняў і пачуццяў, адбываецца “выхад на вертыкаль славеснага пляцення, што дазваляе пераадолець абмежаванні лінейнага члянення традыцыйных формул” [5, 94].



Такім чынам, творчая і грамадска-місіянерская дзейнасць Грыгорыя Цамблака ў Вялікім Княстве Літоўскім спрыяла станаўленню ідэі адзінства хрысціянскіх народаў, адпавядала ўздыму патрыятычнай думкі беларускай народнасці.
Літаратура:



  1. Бегунов, Ю. К. К вопросу о церковно-политических планах Григория Цамблака // Советское славяноведение. 1981. № 3.

  2. Бердяев, Н. А. Смысл истории./ Н. Бердяев. М., “Мысль” 1990. – 173 с.

  3. Гаранін, С. Л. Шляхамі даўніх вандраванняў./ С. Л. Гаранін. Мн., 1999. 203 с.

  4. Горина, Л. В. Похвальное слово Евфимию Тырновскому Григория Цамблака как исторический источник/ Л. В. Горина // Славянские культуры и Балканы. София. 1978. Т. 15.

  5. Колесов, В. В. Средневековый текст как единство поэтических средств языка / В. В. Колесов // Труды отдела древнерусской литературы. СПб.: 1996. Т. 50. С. 92-99.

  6. Никольский, Н. К. Материалы для истории древнерусской духовной письменности / Н. К. Никольский // Сборник отделения русского языка и словесности Императорской Академии наук. Т. 82. № 4. СПб., 1907. С. 148-152.

  7. Русев, П. Похвално слово за Евтимий от Григорий Цамблак / П. Русев, И. Гълъбов, А. Давидов, Г. Данчев. София, 1971.

  8. Флоровский, А. В. Чехи и восточные славяне / А. В. Флоровский. Прага, 1935.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка