Каштоўнае выданне




Дата канвертавання22.03.2016
Памер23.07 Kb.


Каштоўнае выданне

Споўнілася 200 гадоў з пачатку вайны 1812 года паміж кааліцыяй еўрапейскіх дзяржаў на чале з напалеонаўскай Францыяй і Расійскай імперыяй. Ужо два стагоддзі паміж гісторыкамі розных нацыянальных школ вядуцца дыскусіі аб прычынах і характары гэтай вайны, яе ўплыве на развіццё нацыянальнай свядомасці народаў Еўропы, напалеонаўскіх прынцыпах палітычнага і сацыяльнага пераўладкавання падуладных тэрыторый.

Не абыйшла бокам вайна і Беларусь, землі якой сталі арэнай баявых дзеянняў. Кровапралітныя баі, у якіх воіны супраціўных бакоў праяўлялі мужнасць і гераізм, працягваліся тут з чэрвеня па снежань 1812 года. Беларуская зямля ў чарговы раз аказалася шчодра палітай крывёю расійскіх салдат, воінаў еўрапейскіх краін і, канечне ж, саміх беларусаў: у шэрагах Вялікай арміі і войск імператарскай Расіі змагаліся і гінулі дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў. Удзячныя нашчадкі абавязаны помніць пра іх.

Беларуская зямля захавала нямала сведчанняў гэтай вайны. З аднаго боку – грандыёзныя фартыфікацыйныя збудаванні ў Бабруйску, Барысаве, Верхнядзвінску, з другога – дзясяткі помнікаў розных эпох (царскай, савецкай, постсавецкай) і відаў (манументы на месцах баёў, надмагільныя помнікі). Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб захаваць гэтыя гістарычныя аб’екты для будучых пакаленняў, як продкі нашы збераглі іх для нас.

У Беларусі зроблена нямала па ўвекавечанні падзей 1812 года. Некаторыя помнікі той эпохі знаходзяцца ў добрым стане, шэраг патрабуе рэстаўрацыі ці поўнага аднаўлення. Каб гэтыя аб’екты не аказаліся забытымі, трэба больш увагі звяртаць вывучэнню мясцін, звязаных з Айчыннай вайной, распрацоўваць новыя экскурсійныя маршруты, уключаць існуючыя аб’екты ў дзейнічаючыя.

Менавіта гэтай мэце і заклікана паслужыць манаграфія дацэнта кафедры гісторыі новага і навейшага часу Белдзяржуніверсітэта, кандыдата гістарычных навук А. Лукашэвіча «Памятники и памятные места 1812 года в Беларуси». У ёй не толькі апісваюцца помнікі і памятныя мясціны, але разглядаюцца і маладаследаваныя пытанні ўвекавечвання падзей вайны 1812 года на беларускіх землях. Падрабязна адлюстравана гісторыя стварэння тагачасных фартыфікацыйных збудаванняў, падрыхтоўка і рэалізацыя агульнарасійскай праграмы ўвекавечвання 1835 года, а таксама шматлікіх губернскіх праграм, прысвечаных 100-годдзю вайны 1812 года. Асаблівая ўвага надаецца пытанням рэканструкцыі і ўзнаўленню ваенных помнікаў.

У кнізе таксама падрабязна разгледжана гісторыя стварэння надмагільных і культавых помнікаў на магілах генералаў і афіцэраў – удзельнікаў той вайны (Я. Кульнёў, С. Ланскі і інш.), пахаваных на беларускай зямлі, апісаны імператарскія мясціны, дзе спыняліся Аляксандр І і Напалеон, галоўныя кватэры армій.

Гэта праца мае не толькі навуковае, але і практычнае значэнне. Аўтар кнігі звяртае ўвагу на тое, што існуючыя турыстычныя маршруты па месцах бітваў 1812 года носяць, як правіла, самадзейны характар і прапаноўвае новыя, гаворыць аб неабходнасці ўвекавечвання мясцін, звязаных са знаходжаннем на беларускай зямлі імператараў, прапаноўвае стварыць на берагах ракі Бярэзіна Ваенна-гістарычны музей-запаведнік, па прыкладзе Барадзінскага. Менавіта такі статус беларускай зямлі ў раёне барысаўскіх вёсак Брылі-Студзёнка дазволіць захаваць цэласнасць гістарычнага ландшафту і зберажэ яго ад разбурэння.



Кніга «Памятники и памятные места 1812 года в Беларуси» змяшчае на сваіх старонках больш за 420 фотаздымкаў.

(Міхась ЗАВЕЙНЫ, «Зара над Друццю»)



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка