Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь




Дата канвертавання17.03.2016
Памер99.65 Kb.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь складае аснову прававой сістэмы краіны

Сучасная Канстытуцыя Беларусі

Канстытуцыя з’яўляецца Асноўным законам дзяржавы. Сучасная Канстытуцыя была распрацавана ў 1994 і скарэкціравана ў 1996 і 2004 гадах. Гэта пятая Канстытуцыя ў гісторыі Беларусі.

Канстытуцыя Беларусі грунтуецца на трох асноўных кампанентах:



  • рэгуляванне правоў і свабод

  • устанаўленне дзяржаўнага механізма

  • рэгламентаванне заканадаўчай сістэмы і сістэмы правасуддзя

Правы і свабоды народа Беларусі

Канстытуцыя Беларусі гарантуе наступныя правы беларускім грамадзянам:

- права на медыцынскае абслугоўванне (бясплатнае ў дзяржаўных установах)

- права на сацыяльнае забеспячэнне для пажылых, хворых, інвалідаў і непрацаздольных

- права на бясплатную агульную адукацыю для ўсіх

- права на бясплатную прафесійна-тэхнічную адукацыю



Дэмакратыя ў Беларусі

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца асновай дэмакратычных інстытутаў беларускай дзяржавы.

Яна гарантуе правядзенне свабодных выбараў, уключаючы выбары нацыянальнага і мясцовага ўзроўняў, і рэферэндумаў.

Згодна з Канстытуцыяй Беларусі шляхам свабоднага прамога тайнага галасавання выбіраюцца:

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн з’яўляюцца сімваламі суверэнітэту краіны.



Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру шырынёй у 2/3 і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9даўжыні сцяга



Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой зялёны контур Рэспублікі Беларусь у залатых прамянях сонца над зямным шарам. Зверху контуру знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева –лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу зроблены надпіс золатам: "Рэспублiка Беларусь".
У Беларусі ўстаноўлена дзяржаўнае свята – Дзень Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, якое адзначаецца штогод у 2-ю нядзелю мая.


Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны.

Дзяржаўны гімн сучаснай Беларусі захаваў музычную аснову гімна Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Музыка Нестара Сакалоўскага карысталася папулярнасцю і павагай людзей розных пакаленняў, таму і пры стварэнні гімна незалежнай Беларусі было прынята рашэнне яе захаваць. Потым быў аб’яўлены конкурс на стварэнне тэксту гімна. Словы Дзяржаўнага гімна адлюстроўваюць умовы развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай, міралюбівай дзяржавы, падкрэсліваюць патрыятызм і працавітасць грамадзян, брацкія адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.



Мы, беларусы — мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі,

Шчыра сябруем, сілы гартуем

Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі

Мы баранілі родны парог,

У бітвах за волю, бітвах за долю

Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў — сіла народаў —

Наш запаветны, сонечны шлях.

Горда ж узвіся ў ясныя высі,

Сцяг пераможны — радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,

Слаўся, народаў братэрскі саюз!

Наша любімая маці-Радзіма,

Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Беларуская культура

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета

Багатая культура Беларусі – самабытнасць, разнастайнасць стыляў, форм, напрамкаў.

Гісторыя беларускай культуры
Самабытная мастацкая культура Беларусі фарміравалася на працягу стагоддзяў. Тут існавалі арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, ствараліся непаўторныя музычныя і літаратурныя творы.

Усе шэдэўры беларускага мастацтва, якія дайшлі да нашых дзён, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Яны захоўваюцца ў калекцыях буйнейшых беларускіх музеяў, зборах бібліятэк. Класіка беларускай музыкі і драматургіі дэманструецца на тэатральных падмостках і ў канцэртных залах.

Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. У краіне праходзіць мноства мастацкіх выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў.

Усё гэта цікава і даступна як для беларусаў, так і для гасцей краіны.



Выяўленчае мастацтва Беларусі

Выяўленчае мастацтва Беларусі разнастайнае па стылях, напрамках і жанрах. Самыя цікавыя творы беларускага жывапісу і скульптуры розных эпох можна ўбачыць у мастацкіх музеях краіны.

Буйнейшы збор твораў мастацтва мае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Ён актыўна прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Тут пастаянна праходзяць выставы твораў беларускіх мастакоў.

Цікавыя калекцыі твораў беларускага мастацтва ў Віцебскім абласным мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Полацкай мастацкай галерэі.

У многіх раённых цэнтрах Беларусі ёсць мастацкія галерэі, дзе можна ўбачыць работы мясцовых мастакоў.

Музыка ў Беларусі

Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі імкнецца захаваць нацыянальныя традыцыі, адначасова развіваючы папулярныя ў свеце стылі і напрамкі. Творы беларускіх кампазітараў, сусветнай класічнай і эстраднай музыкі гучаць у выкананні як прафесійных, так і самадзейных музыкантаў.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца творчасць вядучых музычных калектываў краіны:

Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь

Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам М.Фінберга

Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра

Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы

Дзяржаўнага народнага хору імя Г.Цітовіча

вакальнай групы «Чысты голас»

вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры»

вакальна-інструментальнага ансамбля «Сябры»

У Беларусі штогод праходзяць фестывалі, якія прадстаўляюць розныя напрамкі і жанры музычнага мастацтва:

«Беларуская музычная восень»

«Мінская вясна»

«Залаты шлягер»

«Музы Нясвіжа»

Сімвалам фестывальнага руху Беларусі стаў Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», удзел у якім прымаюць папулярныя артысты з розных краін свету.

Тэатр у Беларусі

Беларускі прафесійны тэатр развіўся са старадаўніх народных абрадаў, творчасці вандроўных музыкантаў, прыдворных труп беларускіх магнатаў, дзейнасці аматарскіх калектываў рубяжа XIX–XX стст. Цяпер у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў, вялікая колькасць самадзейных народных калектываў, у т.л.:

лялечныя тэатры

драматычныя тэатры

музычныя тэатры

Самым праслаўленым тэатрам рэспублікі з’яўляецца Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Яго пастаноўкі заваявалі грандыёзны поспех як у айчыннага, так і ў замежнага гледача.

У Беларусі праходзяць маштабныя тэатральныя фестывалі, сярод якіх «Панарама» ў Мінску, «Белая вежа» ў Брэсце.

Літаратура ў Беларусі

Літаратура стагоддзямі адыгрывала важную ролю ў культуры Беларусі.

Сярод найбольш вядомых пісьменнікаў і паэтаў Беларусі:

Сімяон Полацкі

Янка Купала

Якуб Колас

Максім Багдановіч

Васіль Быкаў

Трагічная гісторыя краіны паўплывала на тое, што тэма вайны доўгі час была вядучай у беларускай літаратуры.

Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь у Мінску мае самы вялікі збор друкаваных выданняў у краіне, а таксама права атрымання абавязковага экзэмпляра. Тут сабраны самы вялікі за межамі Расіі збор кніг на рускай мове. У 2006 годзе адкрыты новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, які мае унікальнае архітэктурнае рашэнне ў форме брыльянта, – прадмет нацыянальнай гордасці беларусаў.



Вядомыя беларусы

Многія вядомыя людзі – ад святых сярэдневякоўя да лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і алімпійскіх чэмпіёнаў сучаснасці – ураджэнцы Беларусі.



Вядомыя гістарычныя асобы Беларусі:

Барбара Радзівіл - вялікая княгіня, каралева Польшчы

Тадэвуш Касцюшка

Тадэвуш Касцюшка, які нарадзіўся ў Беларусі ў 1746 годзе, з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі, Амерыкі і Польшчы. Быў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у вайне за незалежнасць ЗША.



Вядомыя вучоныя з Беларусі

Ігнат Дамейка

Нарадзіўся ў Беларусі ў 1802 годзе. Быў знакамітым геолагам, большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе стаў нацыянальным героем. За свае дасягненні афіцыйна прызнаны ЮНЕСКА.



Аляксандр Чыжэўскі

Нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці ў 1897 годзе. Прызнаны вучоны, які вывучаў біялагічнае ўздзеянне Сонца і Сусвету, у тым ліку суадносіны сонечнай актыўнасці з перыядамі войнаў у гісторыі чалавецтва.



Жарэс Алфёраў

Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Алфёраў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе.



Вядомыя касманаўты з Беларусі

Пётр Клімук

Пётр Клімук, першы беларускі касманаўт, вучоны ў галіне тэхнічных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Камароўка Брэсцкага р-на ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў і арбітальных комплексаў, правёў у космасе 78,76 сутак.



Уладзімір Кавалёнак

Уладзімір Кавалёнак, беларускі касманаўт, вучоны ў галіне ваенных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Белае Мінскай вобласці ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў космас у якасці камандзіра экіпажа, правёў у космасе 216,38 сутак, у тым ліку ў адкрытым космасе 2,3 гадзіны.



Вядомыя ў мастацтве беларусы

Марк Шагал

Нарадзіўся ў 1887 годзе ў Віцебску. Самы знакаміты ўраджэнец Беларусі, вядомы ва ўсім свеце як класік авангардызму ў выяўленчым мастацтве.



Луіс Барт Маер

Нарадзіўся ў Мінску ў 1885 годзе. Кінематаграфіст Луіс Барт Маер найбольш вядомы як адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі «Метра-Голдвін-Маер».



Васіль Быкаў

Быкаў Васіль Уладзіміравіч, беларускі празаік, драматург, публіцыст. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Бычкі Віцебскай вобласці.

У аснове творчай манеры Быкава – суровая праўда ў адлюстраванні вайны, яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да багацця думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядання.

Народны пісьменнік Беларусі (1980). У 1990–1993 гадах - прэзідэнт аб’яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Памёр у 2003 годзе.



Вядомыя палітыкі з Беларусі

Хаім Вейцман

Нарадзіўся ў Беларусі ў невялікай вёсцы пад Пінскам у 1874 годзе. Хаім Вейцман быў выдатным хімікам, чытаў лекцыі ў Швейцарыі і Вялікабрытаніі.

Як актыўны сіяніст ён быў выбраны першым прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (1949) і заставаўся на гэтай пасадзе да самай смерці (1952).

Знакамітыя асветнікі Беларусі

Францыск Скарына

Нарадзіўся ў Полацку ў 1486 годзе. Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Пераклаў на беларускую мову і выдаў 23 кнігі Бібліі, першую – у 1517 годзе.



Святая Ефрасіння

Полацкая князёўна. Нарадзілася ў XII стагоддзі.

Стала манашкай у 12 гадоў і правяла жыццё, дапамагаючы бедным і будуючы цэрквы і манастыры па ўсёй Беларусі. Памерла ў час паломніцтва ў Іерусалім, яе мошчы вернуты ў Беларусь у 1910 годзе.

Прылічана да ліку святых, ушаноўваецца як нябесная заступніца зямлі беларускай.



Чэмпіёны з Беларусі

Аляксандр Мядзведзь

Беларускі спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), свету (1962, 1963, 1966, 1967, 1969–71). Прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя.



Вольга Корбут

Легендарная гімнастка заваявала 4 залатыя алімпійскія медалі, тры з іх – на алімпійскіх гульнях у Мюнхене (1972). У 1972 годзе прызнана лепшай спартсменкай свету.



Віталь Шчэрба

Беларускі спартсмен (спартыўная гімнастыка). Чэмпіён XXV Алімпійскіх гульняў (1992, Іспанія). Бронзавы прызёр XXVI Алімпійскіх гульняў (1996, ЗША).

14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША). Чэмпіён Універсіяд (1993, 1995). Лепшы спартсмен свету за 10-годдзе (1991–2000).

Ігар Макараў

Макараў заваяваў залаты медаль у дзюдо на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.



Юлія Несцярэнка

Несцярэнка заваявала залаты медаль у бегу на 100 метраў на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.



Максім Мірны

Максім Мірны – самы вядомы тэнісіст Беларусі, які заваяваў серыю міжнародных узнагарод у парным разрадзе і вывеў беларускую зборную на лепшае месца за ўсю яе гісторыю на Кубку Дэвіса.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка