Канспекты дапаможных матэрыялаў




старонка20/20
Дата канвертавання17.03.2016
Памер1.38 Mb.
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   20

Ход заняткаў



Малітва: Апостальскі Сімвал веры.
У хуткім часе вы прымеце сакрамэнт канфірмацыі, у якім Дух Святы ўмацуе вас, каб вы мужна вызнавалі і абаранялі сваю веру, перамагалі слабасці і спакусы, дазволіць вам лепш распазнаваць і выконваць хрысціянскія абавязкі.

Падчас сённяшніх заняткаў вы пазнаёміцеся з абрадамі сакрамэнту канфірмацыі, наша тэма так і гучыць: «Абрады сакрамэнту канфірмацыі» .



Чалавек пытае

Давайце прыгадаем, як дзейнічаў Дух Святы, калі сышоў на Касцёл?


Вучні адказваюць. Напрыклад:

— умацоўваў веру вучняў;

— рабіў іх здольнымі адважна абвяшчаць Божае слова;

— надзяліў рознымі дарамі (харызматамі), неабходнымі для развіцця Касцёла.


Ад моманту спаслання Святога Духа апосталы пачалі абвяшчаць Евангелле ў Палестыне, а таксама ў іншых краінах. Апосталы ўскладаннем рук перадавалі дар Духа Святога іншым людзям. Чытаем пра гэта ў кнізе Дзеяў Апосталаў.
Бог адказвае

«Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса. Тады Апосталы ўсклалі на іх рукі, і яны прынялі Духа Святога» (Дз 8, 14–17).

— Што рабілі апосталы, каб Дух Святы сышоў на жыхароў Самарыі?

Касцёл у сваіх абрадах захаваў тыя дзеянні, якія рабілі Апосталы. Сёння біскупы ў хрысціянскіх супольнасцях праз малітву і ўскладанне рук перадаюць дары Духа Святога вернікам. Літургія бежмавання мае свае абрады, з якімі мы зараз пазнаёмімся.



Катэхет змяшчае на дошцы схему абрадаў літургіі бежмавання, вучні маюць яе ў падручніках:
Уступныя абрады

Літургія слова

Прадстаўленне кандыдатаў


  • Гамілія

  • Аднаўленне абяцанняў хросту

  • Ускладанне рук

  • Намашчэнне хрызмам

  • Малітва вернікаў

  • Эўхарыстычная літургія

  • Благаслаўленне

К. дзеліць вучняў на групы. Вучні на падставе выбраных тэкстаў з Абраду бежмавання паводле Рымскага пантыфікала павінны растлумачыць знакі гэтага абраду. Прэзентацыя працы ў групах можа быць ў форме табліцы. К. дапаўняе адказы вучняў.


Група І:
Прадстаўленне кандыдатаў:
Святар: Дастойны ойча, святы Касцёл просіць праз мяне аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі сабраным тут вернікам парафіі ( называецца парафія).
Біскуп: Ці гэтыя вернікі ведаюць, які вялікі дар атрымаюць яны ў гэтым сакрамэнце, і ці адпаведна падрыхтаваліся да яго прыняцця?
Святар: Я перакананы, што ўсе падрыхтаваліся да канфірмацыі, бо ўдзельнічалі ў слуханні Божага слова і супольнай малітве, а таксама прыступілі да сакрамэнту пакаяння.
Біскуп: Дарагія браты і сёстры, скажыце перад сабраным тут Касцёлам, якіх ласкаў чакаеце вы ад Бога ў гэтым сакрамэнце?
Кандыдаты: Прагнем, каб Дух Святы, якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага вызнавання веры і для жыцця паводле яе праўдаў.

Усе: Амэн
Група ІІ:
Аднаўленне абяцанняў хросту:
Біскуп: Ці выракаецеся сатаны, усіх справаў ягоных і спакусаў ягоных?

Кандыдаты: Выракаюся.

Біскуп: Ці верыце ў Бога Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі?

Кандыдаты: Веру.

Біскуп: Ці верыце ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, народжанага з Дзевы Марыі, замучанага і пахаванага, які ўваскрос з памерлых і сядзіць праваруч Айца?

Кандыдаты: Веру.

Біскуп: Ці верыце ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які сёння асаблівым чынам удзяляецца вам, як некалі Апосталам ў дзень Пяцідзесятніцы.

Кандыдаты: Веру.

Біскуп: Ці верыце ў святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела і жыццё вечнае?

Кандыдаты: Веру.

Біскуп: Гэта наша вера. Гэта вера Касцёла, вызнаваць якую – наш гонар у Езусе Хрысце, Пану нашым.

Усе: Амэн.
Група ІІІ: Ускладанне рук
Біскуп стаіць тварам да людзей і, склаўшы рукі, кажа:

Наймілейшыя, просім Бога Айца Ўсемагутнага, каб ласкава спаслаў Духа Святога на гэтых выбраных дзяцей сваіх, адроджаных ужо на хросце да вечнага жыцця. Хай Дух Святы умацоўвае іх сваімі дарамі і праз сваё намашчэнне ўчыніць падобнымі да Хрыста, Сына Божага.


Біскуп выцягвае рукі над кандыдатамі і кажа:

Божа ўсемагутны, Айцец нашага Пана, Езуса Хрыста, які адрадзіў гэтых слугаў сваіх праз ваду і Святога Духа і вызваліў іх ад граху, спашлі на іх Духа Святога Суцяшыцеля, дай ім духа мудрасці і розуму, духа рады і мужнасці, духа ўмеласці і пабожнасці, напоўні іх духам Тваёй боязі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Група IV: Намашчэнне хрызмам:
Дыякан падае біскупу хрызму. Кандыдаты падыходзяць да біскупа. Сведка бежмавання кладзе правую руку на плячо кандыдата і называе яго імя біскупу, альбо кандыдат сам кажа сваё імя.
Біскуп крэсліць святой хрызмам на чале кандыдата знак крыжа, кажучы:

Біскуп: N (імя) прымі знак Дару Духа Святога.

Канфірмаваны: Амэн.

Біскуп: Супакой табе.

Канфірмаваны: І з духам тваім.



АБРАДЫ БЕЖМАВАННЯ





ЗНАЧЭННЕ ЗНАКАЎ І ЭЛЕМЕНТАЎ

АБРАДУ

Літургія слова


Дыялог з біскупам


Вызнанне веры

Літургія сакрамэнту:

— ускладанне рук


— намашчэнне хрызмам


Усведамленне ролі і моцы ласкі Духа Святога, а таксама ўказанне на Яго дзеянне на працягу вякоў.


Усведамленне таго, з якой мэтай моладзь сабралася ў касцёле і чаго чакае ад Бога.
Бежмаванне з’яўляецца працягам хросту, таму, вызнаючы веру, мы выяўляем гатоўнасць да прыняцця гэтага сакрамэнту.
Паўтарае біблійны жэст, які азначае просьбу аб дарах Святога Духа і просьбу аб умацаванні ў веры, надзеі і любові.
Намашчэнне знакам крыжа і словы «Прымі знак дару Духа Святога», даюць усведамленне атрыманых дароў: моцы Духа Святога, выбранасці, далучэння да Хрыста і супрацоўніцтва з Ім у Касцёле.


(свае адказы вучні запісваюць у падручнік) К. можа раздаць вучням фотаздымкі з літургіі бежмавання, каб яны не толькі прачыталі, але і ўбачылі, як выглядае літургія.

Чалавек адказвае Богу
Як бачна на фотаздымках, біскуп намашчае кандыдата спецыяльным алеем — хрызмам. Гэты алей асвячаецца ў Вялікі чацвер падчас святой Імшы, калі адзначаецца дзень устанаўлення сакрамэнту святарства. Ужыванне гэтага алею падчас сакрамэнту канфірмацыі паказвае сувязь канфірмаванага з Хрыстом. Канфірмаваны з гэтага моманту павінен клапаціцца не толькі пра ўласнае збаўленне, але і пра збаўленне іншых людзей, даючы прыклад сваім уласным жыццём. Для выканання гэтых абавязкаў ён умацоўваецца дарамі Духа Святога. Вельмі важна быць адкрытым на прыняцце Духа Святога, каб пасля ва ўласным жыцці ў поўні выкарыстоўваць Яго дары.

Як бачыце, ў сакрамэнце канфірмацыі хрысціянін атрымлівае і дары, і заданні. Вучэнне Касцёла кажа нам пра іх (падручнік вучня):


Канфірмацыя ўдасканальвае ласку Хросту; гэта таямніца, якая дае нам Святога Духа для таго, каб мы глыбей укараняліся ў Божым сыноўстве, мацней злучыліся з Хрыстом, каб нашая сувязь з Касцёлам стала больш трывалай, далучаючы нас да яго місіі і дапамогі яму ў сведчанні хрысціянскай веры праз слова, якому спадарожнічае дзеянне”. (пар. ККК 1316)


  • Якія заданні атрымлівае хрысціянін у сакрамэнце канфірмацыі?

(свае адказы вучні запісваюць у падручнік)
Карыстаючыся моцаю Духа Святога, кожны з нас можа быць апосталам Хрыста праз добрыя ўчынкі, малітву, прыклад свайго ўласнага жыцця, моцную веру.
Разважанне:

— Наколькі сур'ёзна я адношуся да сваёй веры і прагну яе развіваць?

— Што я раблю дзеля таго, каб мая вера развівалася?

— Як часта я малюся да Духа Святога?

— Прыклад якога жыцця я паказваю ў сваім асяроддзі?

Пастанова.

Хатняе заданне:

1. Памаліся да Духа Святога, просячы аб умацаванні веры і годным прыняцці Яго дароў.

2. Св. Кірыл Ерузалемскі пісаў у сваіх катэхезах так: «Тое, да чаго датыкаецца Дух Святы, становіцца святым і перамененым». Напішы, як ты разумееш гэтыя словы.

3. Прачытай у “Катэхізісе падрыхтоўкі да канфірмацыі: наступныя пункты і адкажы на пытанні:



Што абазначае “абараняць сваю веру”?

Заключная малітва:

Духу Святы, Ты праз хрост учыніў мяне Божым дзіцем і хрысціянінам. Май ласку сысці на мяне ў гэтым сакрамэнце, як сышоў на Апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы. Пасяліся назаўсёды ў душы маёй з дарамі Тваімі. Удзялі мне дары мудрасці, розуму і ўмеласці, дар рады і мужнасці, пабожнасці і боязі Божай. Натхні мяне апостальскім духам, каб я быў нястомным сведкам Хрыста, Пана нашага. Амэн.



Тэма № 29, IX кл.

УМАЦАВАНЫ ДУХАМ СВЯТЫМ,

Я ДАЮ СВЕДЧАННЕ ВЕРЫ І ЛЮБОВІ
Дыдактычная мэта: перадаць праўду пра тое, што хрысціянін, дзякуючы сакрамэнту канфірмацыі (бежмавання), здольны сведчыць пра Хрыста ў сваім асяроддзі — дома, у школе, парафіі, грамадстве.

Выхаваўчая мэта: заахвоціць да супрацоўніцтва з Духам Святым, які адорвае, узмацняе, дапамагае.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Дз 1, 8; Лк 10, 30–37; Мц 25, 31–40; Мц 5, 43–48; Мц 22, 36–40; гамілія святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас Сусветнага дня моладзі ў Сіднэі.

Метады катэхезы: праца ў групах.

Ход заняткаў



Малітва: спеў да Духа Святога.
Вы заканчваеце сваю падрыхтоўку да сакрамэнту канфірмацыі. Перад вамі — прыгожая ўрачыстасць, віншаванні сяброў, заканчэнне катэхетычнага года, а што далей? Канфірмацыя — сакрамэнт вельмі неабходны для кожнага хрысціяніна, але ён сам па сабе не з’яўляецца мэтай. Падчас сакрамэнту канфірмацыі вы атрымаеце Духа Святога, які дасць вам моц быць сведкамі Хрыста сярод тых, з кім вы жывяце, сябруеце і вучыцеся. Тэма нашай сустрэчы: «Узмоцнены Духам Святым, я даю сведчанне веры і любові».
Чалавек пытае

Падчас першай сустрэчы, якой распачалася непасрэдная падрыхтоўка да сакрамэнту бежмавання, мы размаўлялі пра тое, што значыць даваць сведчанне. Мінуў амаль год насычанай працы над сабою, вы наведалі шмат заняткаў, набылі новы вопыт, таму я зноў хачу задаць вам пытанне:

— Што значыць даваць сведчанне?

— З якой рэакцыяй людзей вы сутыкнуліся, даючы сведчанне ўласнага хрысціянства?

— У якіх сітуацыях вы адчувалі дапамогу Духа Святога?
Даваць сведчанне хрысціяніна ў свеце, які не прымае Хрыста, адкідае хрысціянскія каштоўнасці, нават высмейвае іх, вельмі няпроста. Але такое заданне мы атрымалі ад Хрыста, і Ён дапамагае нам іх выконваць.
Бог адказвае

«Прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі сведкамі ў Ерузалеме і ва ўсёй Юдэі, і ў Самарыі, і аж да краю зямлі» (Дз 1, 8).

На старонках Святога Пісання Езус не раз тлумачыць вучням, якім павінна быць іх штодзённае жыццё.

Катэхет дзеліць вучняў на групы. Яны працуюць над тэкстам Святога Пісання, адказваючы на пытанні.

Група І:

«Адказваючы, Езус сказаў: “Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на свайго асла, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад'язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?” Ён сказаў: “Той, хто паступіў з ім міласэрна”. Тады Езус сказаў яму: “Ідзі і ты рабі таксама”» (Лк 10, 30–37).

— Чаму Хрыстус вучыць нас у гэтай прыпавесці?

— Як і дзе сёння мы можам рэалізаваць гэтае заданне?



Група ІІ:

«Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. І сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзеце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?” І Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 31–40).

— З кім атаясамлівае сябе Езус?

— Як і дзе сёння мы можам дапмагаць Езусу, які знаходзіцца ў патрэбе?



Група ІІІ:

«Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга свайго і ненавідзь ворага свайго. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. Бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не тое самае робяць і язычнікі? Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 43–48).

— Што значыць любіць ворагаў?

— Як і дзе мы можам сёння выканаць гэтае заданне?


Група IV:

«Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе? Езус сказаў яму: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі”» (Мц 22, 36–40).

— Якою павінна быць нашая любоў да Бога і бліжняга?

— Як і дзе мы можам сёння выканаць гэтую запаведзь?


Прэзентацыя працы вучняў. (свае адказы вучні запісваюць у падручнік)
Чалавек адказвае Богу

Вашае сведчанне хрысціянства павінна абапірацца на любоў і з’яўляцца ў свеце знакам Божай любові.



К. просіць вучняў прачытаць словы Бэнэдыкта XVI, скіраваныя да моладзі ў Сіднэі (падручнік вучня):

«Абвяшчэнне Евангелля і сведчанне веры сёння патрэбныя больш, чым калі-небудзь. Некаторыя лічаць, што паказваць скарб веры людзям, якія яе не раздзяляюць — гэта праяўленне неталерантнасці, але яны не маюць рацыі, бо паказваць Хрыста не азначае навязваць Яго. Апосталы дзве тысячы год таму аддавалі сваё жыццё дзеля таго, каб людзі ведалі і любілі Хрыста. З таго часу на працягу стагоддзяў Евангелле распаўсюджваецца, дзякуючы людзям, якіх ажыўляе той самы місійны запал, што калісьці мелі Апосталы. Сёння існуе патрэба ў вучнях Хрыста, якія, не шкадуючы часу і энергіі, будуць служыць справе Евангелля. Патрэбныя маладыя людзі, якія дазволяць, каб у іх сэрцах запалала любоў Бога, якія адкажуць на Яго заклік, святыя і благаслаўлёныя ў будучыні. Дух Святы сёння заахвочвае вас, маладых людзей несці прыгожую навіну аб Езусе Хрысце сваім аднагодкам. Вы ведаеце ідэалы і мову сваіх аднагодкаў, ведаеце, што ім баліць, чаго яны чакаюць, як яны прагнуць дабра. Вы штодня сустракаецеся з бязмежнасцю рэальных чалавечых пачуццяў, працы, жаданняў, цярпенняў. Няхай кожны з вас набярэцца адвагі, каб даць абяцанне Духу Святому, што прывядзе да Хрыста аднаго маладога чалавека тым спосабам, які найлепш ведае, праз шчырае распаўсюджванне той надзеі, якую мае» (Бэнэдыкт XVI падчас Сусветнага дня моладзі ў Сіднэі).


— Да чаго заклікае цябе Святы Айцец?

Быць сведкам Хрыста — значыць быць сведкам Яго любові, якая не баіцца цярпення, крыжа і нават смерці. Быць сведкам Хрыста — значыць быць сведкам Яго ўваскрасення, атрымліваючы новае жыццё ў Духу Святым.



Разважанне:

— Як я абвяшчаю Хрыста ў сваім жыцці?

— Што значыць для мяне быць адказным за Хрыстовы Касцёл ?

— Як я выконваю заданні, якія Хрыстус мне даручае?

— Што значыць для мяне быць святлом Хрыста ў тым асяроддзі, дзе я жыву?

— Што я павінен змяніць у сваім жыцці, каб быць сапраўдным сведкам Хрыста?



Пастанова.

Хатняе заданне:

1. Памаліся за людзей са свайго асяроддзя, якім патрэбна Божая дапамога

2. Старайся ў сваім жыцці выконваць тыя заданні, пра якія гаворыць Хрыстус.

3. Кат-т прыгатоўвае карткі з імёнамі святых. Кожны з вучняў па чарзе выцягвае адну з картак. На наступны занятак вучні рыхтуюць біграфічны матэрыял аб святых, імёны якіх былі запісаны на выцягнутых імі картках. Знайсці неабходны матэрыял вучні могуць на сайце: www. catholic.by


Заключная малітва: падручнік вучня
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   20


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка