Інфармацыйны бюлетэнь "беларусы ў свеце" №1 (72) студзень 2008 г




Дата канвертавання15.03.2016
Памер303.97 Kb.




ІНФАРМАЦЫЙНЫ БЮЛЕТЭНЬ "БЕЛАРУСЫ Ў СВЕЦЕ"

1 (72) студзень 2008 г.

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне

"Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"

220030 Рэспубліка Беларусь, Мінск

вул. Рэвалюцыйная, 15

тэл./факс (+375-17) 224-79-35

e-mail: zbsb@lingvo.minsk.by

e-mail: zbsb@tut.by

web-site: www.zbsb.org




НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Прынятыя звароты “Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”


8 студзеня адбылося пашыранае пасяджэнне сустаршыняў Агульнанацыянальнага аргкамітэта па святкаванні 90-х угодкаў БНР з кіраўнікамі палітычных партый, рухаў і грамадскіх аб’яднанняў. Былі прынятыя звароты да беларускага народу і органаў улады Рэспублікі Беларусь “Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”.

Аргкамітэт звярнуўся “да органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасці”.

У накіраваных Нацыянальнаму Сходу і Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь зваротах выкладзеныя наступныя прапановы:

1. Надаць 2008 году афіцыйны статус Года беларускай дзяржаўнасці.

2. Абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам.

3. Даць афіцыйны дазвол на ўсталяванне памятных знакаў на будынку тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, дзе праходзіў Першы Усебеларускі кангрэс (1917 г.), і будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР (Мінск, вул. Валадарскага, 9).

4. Вярнуць у заканадаўчае поле і легальны грамадскі ўжытак нацыянальную гістарычную сімволіку і атрыбутыку, якія ў БНР мелі дзяржаўны статус.

5. Міністэрствам культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендаваць іх падведамасным установам правесці тэматычныя заняткі, лекторыі, конкурсы, прысвечаныя Году беларускай дзяржаўнасці.

6. Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь аказаць дапамогу выдавецтвам у выданні навукова-публіцыстычных і мастацкіх твораў, прысвечаных гісторыі БНР і яе дзеячам.

7. Гарадскім і раённым адміністрацыям садзейнічаць у правядзенні ўрачыстых сходаў і юбілейных канцэртаў 25 сакавіка 2008 г.

Поўны тэкст звароту глядзіце на сайце www.zbsb.org.

Да моманту стварэння прэс-цэнтра Агульнанацыянальнага аргкамітэта па святкаванні 90-х угодкаў БНР з пытаннямі і прапановамі звяртайцеся: zbsb@lingvo.minsk.by, zbsb@tut.by, (029) 632-00-92 (Алена Макоўская), (029) 625-83-78 (Ніна Шыдлоўская).


Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Зварот

да беларускага народу

Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”


25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Тым самым пачаўся новы перыяд беларускай дзяржаўнасці. Стварэнне БНР стала лагічным завяршэннем этапу нацыянальнага адраджэння беларусаў XIX – пачатку XX стагоддзяў, працягам тысячагадовага дзяржаватворнага працэсу ў Беларусі.

На жаль, БНР праіснавала нядоўга, бо не змагла супрацьстаяць імперыялістычнай і бальшавіцкай экспансіям.

Чаму вучыць гістарычны вопыт БНР?

Па-першае. БНР – праз заснаваныя ёю дзяржаўныя інстытуты, атрыбуты ўлады і асобы сваіх кіраўнікоў – увабрала ў сябе гістарычны вопыт беларускай дзяржаўнасці.

Карані беларускай нацыі і дзяржавы сягаюць у VI–IX стагоддзі, да першых дзяржаўных утварэнняў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і літвы. Зорнымі вышынямі айчыннай дзяржаўнасці сталіся Полацкае, Смаленскае, Тураўскае і іншыя княствы, Вялікае княства Літоўскае, паўстанцкія беларускія дзяржавы 1794 г., 1830-1831 гг., 1863-1864 гг., 1920 г.



Па-другое. БНР уяўляла сабой мадэль вольнай, суверэннай і дэмакратычнай рэспублікі.

Па-трэцяе. БНР цвёрда і дакладна акрэсліла для міжнароднага супольніцтва права беларусаў заняць “свой пачэсны пасад між народамі” як самастойны і самадастатковы міжнародны суб’ект.

Па-чацвёртае. БНР – праз свае першыя вайсковыя фармаванні – Менскі і Гарадзенскі палкі, збройныя атрады Слуцкай брыгады ў часе Слуцкага збройнага чыну – паказала ўсяму свету, што памяркоўны беларускі народ у ліхі час здольны бараніць зямлю продкаў.

Па-пятае. Факт стварэння і жыццяздольнасці БНР аказаў настолькі моцны ўплыў на ўсю палітычную сітуацыю, што з ім вымушана была лічыцца і савецкая ўлада. Гэта знайшло сваё ўвасабленне ў стварэнні БССР, што праз сем дзесяцігоддзяў адкрыла мажлівасці для абвяшчэння сучаснай незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусь.

І, урэшце, ад пачатку XX стагоддзя да сённяшняга часу БНР – сімвал нястомнай барацьбы беларускага народу за свабоду і нацыянальнае адраджэнне, захаванне роднай мовы, культуры, гістарычнай сімволікі, за ўмацаванне нацыянальнай свядомасці.

Вось чаму створаны 19 ліпеня 2007 г. з ініцыятывы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Агульнанацыянальны грамадскі арганізацыйны камітэт па святкаванні 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі звяртаецца да беларускага грамадства, органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасці, а 25 сакавіка – дзяржаўным святам.

Падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый, усіх грамадзян незалежна ад палітычнай арыентацыі на грунце прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі.

У склад Аргкамітэта ўвайшлі вядомыя грамадскія дзеячы з Беларусі і замежжа, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, рухаў, партый і арганізацый, беларускіх суполак з розных краін свету. Ганаровая старшыня Аргкамітэта – Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, сустаршыні – Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін. Рабочай групай Аргкамітэта распрацаваны каляндарны план-графік юбілейных мерапрыемстваў.

Мы заклікаем усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 90-х угодкаў БНР. Кожная беларуская сям’я – гэта цаглінка ў гмах беларускай дзяржаўнасці, гэта паўнапраўны чыннік і творца яе сучаснай гісторыі.

Пісьменнік і настаўнік, рабочы і селянін, дзяржаўны службовец і бібліятэкар, праграміст і фермер, сябра партыі і грамадскі актывіст, вернік і атэіст – усе, хто ўсведамляе сябе беларусам і грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, мусім стаць поруч. Ад нас, ад нашай пазіцыі залежыць наша з вамі будучыня, будучыня нашых дзяцей і ўнукаў – нашчадкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.


Агульнанацыянальны аргкамітэт

па святкаванні 90-х угодкаў БНР

9 студзеня 2008 г.

ВІНШУЕМ


Маем гонар павіншаваць з Днём нараджэння сяброў Вялікай Рады арганізацыі, якія нарадзіліся ў лютым: Арсена Ліса, Леаніда Лыча (Беларусь), Аркадзя Крупеньку (Расія), Васіля Астаповіча (Украіна).

Прыміце ад нас шчырыя пажаданні шчасця, доўгага жыцця, выдатнага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі на карысць беларускага народу і Бацькаўшчыны.



Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Антверпен, Бельгія


Каляды адсвяткавалі ў беларускай нядзельнай школе.

Святы Мікалай не заспеў дзетак непадрыхтаванымі. Ягонага прыходу яны чакаюць кожны год і ведаюць, што ён абавязкова прыйдзе. Ужо за месяц пачалі вучыць вершы і песні пра Нараджэнне Хрыста, пра Марыю і Язэпа, пра пастушкоў і анёлаў, зорку і трох каралёў.

Вясёлы карагод, салодкі пачастунак, гульні і конкурсы сталі часткаю дзіцячага свята.

Паводле bielarus.eu

Лос-Анжэлес, ЗША


Адыграўшы 9 спектакляў на працягу 10 дзён, 20 студзеня беларускі “Свабодны тэатр” завяршыў нью-ёркскую частку амерыканскага турнэ. Далей трупа накіравалася ў Лос-Анжэлес, дзе “Свабодны тэатр” прыняў удзел у тэатральным сімпозіуме і паказаў спектакль “Пакаленне Jeans”.

Усяго “Свабодны тэатр” паказаў у ЗША 10 спектакляў. Дзевяць з іх прайшлі ў межах вядучага амерыканскага незалежнага фестывалю “Under the Radar”. Яшчэ адзін прайшоў у Лос-Анжэлесе ў межах тэатральнага сімпозіума, які праводзіць Каліфарнійская школа мастацтваў.

“Практычна на кожным спектаклі можна сустрэць прадстаўнікоў беларускай грамады ў Амерыцы, – адзначыў Мікалай Халезін. – Некаторыя з іх чакаюць нас пасля спектаклю, каб сказаць добрыя словы. Прыходзілі былы кіраўнік беларускай службы радыё “Свабода” і кіраўнік Беларуска-амерыканскага задзіночання Вячка Станкевіч, каардынатар нью-ёрскага аддзялення БАЗА Ала Рамана, маці спевака Данчыка… Спецыяльна з Вашынгтона прыехалі нашы сяброўкі Ірына Красоўская і Ірына Курапаткіна… У нас шмат прапановаў працы ў іншых краінах. Умовы, на якіх нам прапануюць застацца, сапраўды добрыя, але мы застаемся беларускім “Свабодным тэатрам”. Беларускім і ніякім іншым”.

Паводле “Хартыі’97”

Нью-Ёрк, ЗША


Сябры Задзіночання беларускай моладзі Амерыкі сустрэлі разам Новы год.

Улічваючы, што арганізаванай сустрэчы Новага году БАЗА летась не праводзіла, можна назваць гэтую імпрэзу святам ЗБМА і БАЗА.

Месцам правядзення імпрэзы стала зала царквы св. К. Тураўскага.

Святкаванне пачалося а 10-й вечара і цягнулася да 3-й раніцы. Пасля таго, як развіталіся з старым годам і сустрэлі новы, з’явіўся Дзед Мароз. Пасля віншаванняў адбыўся касцюміраваны баль.

Святкаванне дало ўсім удзельнікам шмат станоўчых эмоцыяў і паспрыяла разуменню таго, што патэнцыял беларускай моладзі ў ЗША яшчэ не раскрыты і не выкарыстаны цалкам.

Паводле газеты “Беларус”

Рыга, Латвія


Пяць год споўнілася гурту беларусаў Латвіі “Журавінка”. У сувязі з гэтым 25 студзеня ў Гарадскім цэнтры культуры адбыўся ўрачысты канцэрт.

Штогадовыя справаздачныя канцэрты гарадскіх калектываў мастацкай самадзейнасці ў Вентспілсе сталі добрай традыцыяй. У канцы мінулага года калектыў адзначыў дзве важныя падзеі – 5-гадовы юбілей і выпуск другога кампакт-дыска.

23 студзеня “Журавінка” заспявала і на хвалях “Латвійскага радыё”, яе песні з новага дыска прагучаць у студзеньскім выпуску радыёперадачы таварыства “Світанак”.

Першы альбом ансамбля Журавінка “Не забыць краіны салаўінай” выйшаў у 2006 г., калі калектыў упершыню ўдзельнічаў у міжнародным музычным фестывалі ў Беларусі і ў фестывалі нацыянальных культур “Латгальский венок” у Краслаўскім раёне. У другі альбом, які называецца “Чыстыя воды крынічныя”, увайшлі і новыя песні, і даўно вядомыя.



Паводле www.svitanak.lv

Вільня, Літва


5 студзеня 2008 г. у Таварыстве беларускай культуры адбылася вечарына, прысвечаная 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падзеі 1918 г. сталі для беларусаў агеньчыкам надзеі на адраджэнне, на захаванне сваёй тоеснасці. Той агеньчык даў існасць сённяшняй Беларусі. А значыць, тыя далёкія падзеі прынеслі свой плён.

На вечарыне выступалі госці: Зянон Пазьняк і былы рэктар Гомельскага медычнага ўніверсітэта Юры Бандажэўскі.

З. Пазьняк распавёў аб тым крыжовым шляху, якім прайшла Беларусь. На ягоную думку, улада, якая знішчае беларускасць, закрывае беларускія школы, нішчыць беларускі нацыянальны дух, можа быць толькі акупацыйнай. Адраджэнне нацыі трэба пачынаць з сябе, рабіць гэта кожны дзень.

Ю. Бандажэўскі распавёў пра факты, якія сапраўды мала каму вядомыя. І тое, што Чарнобыль не першым забрудзіў Беларусь. Праблема радыяцыі, па словах прафесара, пачалася значна раней, у 1960-я гг., калі на Палессі праводзіліся ядзерныя вопыты. Нацыя пачала спажываць радыяцыю на 20 год раней, чым пра гэта афіцыйна гаворыцца.

Сярод слухачоў была і моладзь з ЕГУ, якая задавала шмат пытанняў сп. З. Пазьняку.



Алесь Адамковіч, Вільня
***

12 студзеня ў Таварыстве беларускай культуры адбыўся выбарчы сход, і сябры таварыства разам адзначылі Стары-Новы год. Старшыня ТБК Хведар Нюнька распавёў пра дзейнасць арганізацыі за апошнія два гады.

За гэты час таварыства выдала каля дзесяці кніг: М. Пецюкевіча “Падарожжа ў Рым”, Ул. Пецюкевіча “Узняўся белы птах”, пяць кніг З. Пазьняка і інш. Адбылася прэзентацыя кніг М. Казлоўскага “Галасы разбуджаных птушак”, В. Іпатавай “Ахвяры свяшчэннага дуба”, Ул. Коласа “Лёс ліцэя”. У таварыстве ладзіліся сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і дзеячамі культуры, палітыкамі, сярод якіх Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Вольга Іпатава, Алег Трусаў, Алесь Лозка. ТБМ арганізавала і правяло два пікеты ў абарону дэмакратыі ў Беларусі.

Старшыня таварыства прымаў актыўны ўдзел у канферэнцыях па Беларусі, якія праходзілі ў Вільні, у навуковых канферэнцыях у Сойме Літвы. За апошнія гады сябры таварыства арганізавалі і правялі некалькі краязнаўчых экспедыцый па гістарычных мясцінах Беларусі і Літвы.

Адна з галоўных падзеяў мінулага года – канферэнцыя падчас Беларуска-літоўскіх дзён культуры, на якую прыехалі беларусы аж з далёкай Аўстраліі, у ёй прымала ўдзел прэзідэнт рады БНР Івонка Сурвілла. У кастрычніку ў цэнтры Вільні адбылося адкрыццё мемарыяльных дошак, прысвечаных Наталлі Арсеньневай і Максіму Гарэцкаму.

Мінулы год прайшоў пад знакам Янкі Купалы і Якуба Коласа, у Вільні адбылося шмат мерапрыемстваў у гонар класікаў беларускай літаратуры, праводзіліся экскурсіі “Шляхамі Якуба Коласа ў Вільні”. Адным з вынікаў гэтай працы стала тое, што старшыня ТБК Хв. Нюнька ўзнагароджаны дыпломам ТБШ да 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У снежні сябры таварыства ўдзельнічалі ўва ўсіх перадачах “БЕЛСАТ”, якія здымаліся ў Вільні.

На жаль, былі і сумныя падзеі: у іншы свет адышлі сябры ТБМ доктар Г. Астроўскі, паэт М. Паўлоўскі, прафесар філалогіі, дачка Зоські Верас Г. Войцік-Луцкевіч, жаўнер эскадрона Барыса Рагулі Кастусь Шышэя.

Новы год па старым стылі сустракалі разам з вядомым сямейным украінскім ансамблям “Світліця”. На сустрэчы прысутнічалі каля пяцідзесяці чалавек, якія працу таварыства ацанілі станоўча, прапанавалі пакінуць раду таварыства ў ранейшым складзе, старшынёй адзінагалосна быў абраны Хведар Нюнька.

Пасля ўрачыстай часткі Таццяна Райнене прачытала паэму “Тарас на Парнасе”: гэта быў дэкламатарскі дэбют доктара медыцыны. Навагодні верш прачытала самая маленькая ўдзельніца ТБК Ксенія Мілаш, калядныя і прысвечаныя 90-м угодкам БНР песні выканаў Андрусь Старавойтаў, а пасля ўсе разам спявалі беларускія народныя песні.

Наперадзе шмат працы на карысць беларушчыны, дзеля захавання нашай мовы, культуры, гістарычнай памяці.

Жыве Беларусь!

Леакадзія Мілаш , Вільня, 13 студзеня 2008 г.
***

У Віленскім Доме правоў чалавека штомесячна, у Дзень салідарнасці праводзяць сустрэчы. Сюды прыходзяць мясцовыя беларусы, каб сустрэцца з цікавымі людзьмі. Гэтым разам адбылася сустрэча з перадачай “Віленскі сшытак” і яе вядучай Таццянай Дубавец.

Самая першая беларуская тэлеперадача ў Літве выйшла ў эфір у 1990 г. З таго часу штотыдня на працягу 15 хвілінаў Беларусь уваходзіць у дамы гледачоў першай праграмы Літоўскага нацыянальнага тэлеканала (зараз у суботу, у 10:45).

Гледачамі перадачы з'яўляюцца не толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць у Літве. Водгукі на сайце перадачы сведчаць, што людзі адкрываюць для сябе іншую Беларусь.

На жаль, часам здараецца, што паглядзець перадачу ў суботу не выпадае, а яна не паўтараецца. Падчас сустрэчы ўзнімалася пытанне пра неабходнасць звярнуцца з адпаведнай просьбай да кіраўніцтва Літоўскага тэлебачання.

Яшчэ Т. Дубавец распавяла пра тое, як робіцца перадача, з якімі цяжкасцямі ёй, як вядучай, даводзіцца сутыкацца. Але станоўчага ў гэтай працы, вядома ж, болей. Адным з прыемных момантаў з’яўляецца праца са студэнтамі-журналістамі з ЕГУ, якія прыходзяць на практыку ў “Віленскі сшытак”.

Сустрэча сталася карыснай не толькі для слухачоў, але і для вядучай, якая прасіла рабіць заўвагі і выказваць пажаданні.

Застаецца толькі падзякаваць спн. Таццяне і ўсім тым, хто ёй дапамагае, за магчымасць атрымліваць цікавую інфармацыю пра наша жыццё, і пажадаць ім поспехаў надалей.

Ларыса Шапавалава, svabodaby.net

Польшча


Завяршыўся агульнапольскі конкурс беларускай прозы і паэзіі “Дэбют-2007”, які арганізавалі газета “Ніва” і Беларускі саюз у Польшчы.

Усе ўдзельнікі атрымалі кніжныя ўзнагароды. Журы вызначыла пераможцаў у двух узроставых групах: пачатковыя школы і гімназіі, ліцэісты і дарослыя. У першай групе была вылучаная вучаніца гімназіі ў Нарве Марыяна Садоўская. За прозу ў другой групе журы адзначыла Віталя Воранава, за паэзію – вучаніцу Гайнаўскага Белліцэю Кацярыну Панасюк.

“Адзінаццаць выпускаў конкурсу вартыя ўжо нейкага падагульнення, – сказаў старшыня Беларускага саюза і галоўны рэдактар “Нівы” Яўген Вапа. – За гэтыя гады з творамі ў конкурсе ўдзельнічалі каля 200 асоб, з якіх 15-20 сталыя ўдзельнікі. Шырокі і яго абсяг, паколькі адгукаюцца аўтары з розных куткоў Беласточчыны і Польшчы”.

Паводле газеты “Ніва”

Беласток, Польшча


Выстава беларускіх мастакоў “Лёсы нашых народаў” адкрылася 20 студзеня.

Экспазіцыю адкрылі маршал Падляшскага ваяводства Яраслаў Зыгмунт Дважаньскі і генеральны консул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык. А вось мастакі-аўтары на адкрыццё не трапілі, таму што не паспелі зрабіць візы.

Яраслаў Зыгмунт Дважаньскі не хаваў свайго здзіўлення з прычыны таго, што мастакі не здолелі прыехаць. Паводле ягонага меркавання, трэба як хутчэй дастасаваць працэдуры выдання віз да патрэбаў культуры і бізнесу.

“Лёсы нашых народаў” прадстаўляюць габелены Святланы Баранкоўскай, графічныя працы Руслана Лядзенкі і жывапіс Вячаслава Лядзенкі.



Паводле радыё “Свабода” і “Польскага радыё для замежжа”

Беласточчына, Польшча


Гарадзенскі лялечны тэатр паказаў дзіцячы спектакль “Дарога ў Віфлеем” паводле п’есы Сяргея Кавалёва.

Акцёр Васіль Прабадзяк адзначае, што выступы на Беласточчыне прайшлі вельмі добра: “Працавалі два спектаклі ў Беларускім грамадска-культурным цэнтры ў Беластоку, два спектаклі ў Гарадку і два спектаклі ў Гайнаўцы. І заўсёды апладысменты, цёплы прыём і вялікая ўдзячнасць”.

Ён адзначыў, што спачатку было незразумела, як паказваць у Польшчы спектакль на беларускай мове: “Калі мы прыехалі і ўбачылі, як чыста і прыгожа размаўляюць там на беларускай мове, усе нашы страхі зніклі. Падыходзілі да нас настаўнікі, прасілі прыязджаць яшчэ, прывозіць што-небудзь на беларускай мове”.

Паводле радыё “Свабода”

Гайнаўка, Польшча


На сцэну Гайнаўскага дома культуры ў межах “Гайнаўскіх сустрэч з праваслаўнай калядкай” 11 і 12 студзеня выйшла каля 600 спевакоў з Гайнаўшчыны.

“Мы стараемся падтрымліваць традыцыі нашых продкаў, – заяўляе дырэктар Дэканальнага інстытута праваслаўнай культуры, пратаірэй Славамір Хвойка. – За Гайнаўкай пайшлі іншыя гарады, і зараз агляды калядак ладзяцца ў розных месцах”.

Арганізаванае калядаванне дашкольнікаў і вучняў пачало ладзіцца ў Гайнаўцы дзесяць гадоў таму ў Белліцэі, а з 2003 г. маладыя людзі калядуюць у ДК Гайнаўкі.

Паводле газеты “Ніва”

Гуўтовы, Польшча


19 студзеня ў парафіі Гуўтовы, за 30 кіламетраў ад Познані, зайграў беларускі гурт “Кудзьмень”.

Гурт выступаў у зменшаным складзе, бо не ўсе ўдзельнікі змаглі атрымаць у час візы па шэнгенскай працэдуры.

Вернікі каталіцкай парафіі мелі шанец пачуць, як гучыць аўтэнтычная беларуская дуда, а пасля параўнаць яе з вялікапольскай дудой, якую прадставілі ўдзельнікі познаньскай капэлы.

Ксёндз касцёла ў Гуўтовах з нагоды канцэрта ўпрыгожыў святыню двума беларускімі сцягамі. Нацыянальныя колеры ўпрыгожылі таксама алтар. Перад канцэртам адбылася малітва за Беларусь, вяртанне свабоды і дэмакратыі.



Віталь Воранаў

Супрасль, Польшча


Паўтары мільёны злотых з бюджэту Польшчы прызначаныя на ахову гістарычных помнікаў у праваслаўным комплексе ў Супраслі, што на Беласточчыне.

Мужчынскі манастыр у Супраслі быў пабудаваны на пачатку XVІ ст. па ініцыятыве наваградскага ваяводы і маршала ВКЛ Аляксандра Хадкевіча. З часам манастыр стаў вельмі важным асяродкам не толькі духоўнага, але і культурніцкага жыцця.

Сродкі з бюджэту Польшчы выдзеленыя на рамонт і ахову будынкаў. Галоўным ініцыятарам выдзялення сродкаў для манастыра ў Супраслі з’яўляецца дэпутат Саюза левых сілаў (SLD) Яўген Чыквін.

Ён зазначае, што сродкі на манастыр выдзеленыя не ўпершыню: “Супрасль – гэта вядомы, адзін з найважнейшых духоўных і культурніцкіх цэнтраў праваслаўя ў даўнейшай Рэчы Паспалітай ды сучаснай Польшчы. Для беларусаў гэта таксама важнае месца, бо тут была крыніца духоўнага адраджэння праваслаўнай веры. Ва ўсіх універсітэтах свету, дзе ёсць факультэт славістыкі, ведаюць пра манастыр у Супраслі. Для нас, праваслаўных, асабліва з Беласточчыне, гэта важная задача – адрадзіць манастыр”.



Паводле “Польскага радыё для замежжа”

Іркуцк, Расія


У Таварыстве беларускай культуры імя Я. Чэрскага прайшло святкаванне Калядаў і Новага году. На гэтых мерапрыемствах выступіў беларускі бард Віктар Шалкевіч, які распавёў пра свае ўражанні.

“Таварыства арандавала памяшканне ў Іркуцкім доме акцёра. На свята прыйшлі вельмі розныя людзі, у прыватнасці, старшыні літоўскага таварыства, польскага і інш.

У мяне быў гадзінны канцэрт. Паколькі я быў у гасцях у беларусаў Іркуцка першы раз, то выконваў у асноўным класічныя хіты.

Пасля канцэрта святочная праграма працягнулася спевамі і танцамі.

Я таксама сустрэўся з актывам таварыства, яны зладзілі для мяне экскурсію на Байкал, пабылі мы і на гары Чэрскага”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Калінінград, Расія


20 снежня ў Калінінградзе прайшла навуковая канферэнцыя “490 год усходнеславянскага кнігадрукавання”. Пра яе распавёў старшыня суполкі “Каралявец” Ігар Шаховіч.

“Удзел у канферэнцыі прынялі выкладчык і дацэнт БДУ Уладзімір Кароткі, дацэнт, кандыдат навук, лацініст Жанна Некрашэвіч-Кароткая, кандыдат навук Марына Свістунова (Беларусь), краязнавец Барыс Аданаў (Калінінград).

Акрамя таго, сабраліся каля 40 чалавек – выкладчыкі, гісторыкі, філосафы, краязнаўцы, сябры таварыства і інш.

Пасля канферэнцыі мы ўсклалі кветкі да помніка Ф. Скарыны.

Такім чынам мы адзначылі юбілейны год кнігадрукавання, які ў Беларусі прайшоў незаўважаны”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Масква, Расія


Як паведамляе прэс-служба беларускай амбасады ў Расіі, у Маскве можна падпісацца на пяць беларускіх выданняў. У падпісцы на недзяржаўныя выданні паабяцала дапамагчы “Беларускае зямляцтва Масквы”.

Амбасада прадстаўляе магчымасць падпісацца на часопісы “Маладосць” (падпісны індэкс: 74957), “Полымя” (74985), “Неман” (74968), “Сусветная літаратура” (74863), газету “Літаратура і Мастацтва” (63856). Выданні даступныя ў каталогах: “Газеты і часопісы” агенцтва “Росдрук”, “Пошта Расіi” агенцтва “Міжрыгіянальнае агенцтва падпіскі” і “Газеты і часопісы” агенцтва “Iнтэрпошта-2003”.

Праз “Беларускае зямляцтва Масквы” таксама можна замовіць іншыя часопісы і газеты з Беларусі: “Наша Ніва”, “Народная Воля”, “Белорусы и рынок”, часопіс “ARCHE”. Каб замовіць выданне, пішыце на bzm@pochta.ru, альбо тэлефануйце 89263877013 (Ян).

Паводле maskva.net

Санкт-Пецярбург, Расія


13 снежня ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы беларускія грамадскія арганізацыі Санкт-Пецярбургу правялі літаратурна-музычны вечар “Дзве сястры: Расія і Беларусь”.

У імпрэзе прыняў удзел саветнік амбасады Беларусі ў Расійскай Федэрацыі, паэт Іван Карэнда. Ён распавёў пра сваю творчую дзейнасць, прачытаў вершы, а музыка Андрэй Антонаў выканаў песні на словы сп. Карэнды.

Журналіст, пісьменнік Аркадзь Пінчук расказаў пра паездку ў Мінск. Старшыня Саюза пісьменнікаў Санкт-Пецярбургу Барыс Арлоў прачытаў вершы, а таксама распавёў пра сустрэчу прадстаўнікоў гарадоў-герояў у Брэсце.

З прамовамі выступілі прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацыяў Аляксей Варанцоў і Мікалай Русакевіч.

“Адкрыццём Беларусі” для сабе назваў візіт на святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння народнага песняра Якуба Коласа паэт Мікалай Астаф’еў.

Удзельнікі сустрэчы цёпла віталі песні ў выкананні гасцей з Беларусі, – лаўрэата шматлікіх конкурсаў, народнага вакальнага ансамблю “Багіня” пад кіраўніцтвам Тамары Баліхавай. Таксама прагучалі песні ў выкананні спевакоў Валянціны Царавай і Ігара Шыўкова.

Госці падзякавалі арганізатарам вечара Андрэю Антонаву, дэпутату Ірыне Рагачовай, дацэнту Аляксандру Станкевічу і іншым.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
***

Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу падвяло вынікі дзейнасці за 2007 г.

“Мэта дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства – адраджэнне і развіццё ў Пецярбургу беларускай мовы, навукі і культуры”, – адзначылі ў кіраўніцтве БГКТ.

Яны нагадалі, што арганізацыя актыўна дзейнічае 19 год. Ад самага пачатку працы і да гэтага часу таварыства ўзначальвае выдатны вучоны-энцыклапедыст, гісторык, музеязнаўца, доктар культуралогіі, кандыдат медычных навук, грамадскі дзеяч і педагог Валянцін Грыцкевіч.

Сярод актыўных чальцоў таварыства – навуковец, гісторык літаратуры і кнігазнаўца, доктар філалагічных навук Мікола Нікалаеў, пісьменнік Анатоль Кірвель, выдатная паэтка і настаўніца, светлай памяці Аўгіння Кавалюк, таленавіты камерны спявак Лявон Габрусёнак, паэт, святар, выдавец беларускага часопіса ў Пецярбургу Сяргей Сурыновіч (Яўген Бартніцкі), дацэнт Аляксандр Станкевіч і шмат іншых вядомых і таленавітых людзей.

На працягу ўсяго 2007 г. БГКТ рэгулярна праводзіла лекцыі і дыскусіі, прысвечаныя гісторыі, культуры і мастацтву Беларусі, беларускай культуры ў Пецярбургу; вечары беларускай паэзіі і кіно, канцэрты беларускай музыкі. Кожны месяц у касцёле Успення Дзевы Марыі праходзіць служба на беларускай мове.

Да беларусаў Санкт-Пецярбургу прыязджалі дзеячы беларускай культуры з усяго свету: з Беларусі, Польшчы, Украіны, Чэхіі, Швецыі, ЗША і інш. Так на 90-гадовы юбілей Маргарыты Пяровай (да шлюбу Луцкевіч), прыехаў Багдан Данчык. Адбыліся канцэрты-сустрэчы з вядомым фальклорным ансамблем “Калыханка”, з лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, оперным спеваком, кіраўніком беларускай капэлы Віктарам Скарабагатавым, з мінскім Камерным аркестрам “Класіка-Авангард”, гуртом “Сябры” і яго кіраўніком Анатолем Ярмоленкам.

Сябры таварыства арганізуюць таксама выставы, краязнаўчыя экспедыцыі па беларускіх землях на Смаленшчыне, Пскоўшчыне, Віленшчыне, Латгаліі, Беласточчыне і інш. Яны прымаюць актыўны ўдзел у навуковых канферэнцыях, звязаных з Беларуссю, беларускай гісторыяй і культурай. Рэгулярна ў публічнай бібліятэцы горада праводзяцца міжнародныя беларусазнаўчыя канферэнцыі.

Зараз таварыства рыхтуе шэраг навуковых выданняў: “Беларусы ў Пецярбургу” (М. Нікалаеў), “Народныя песні беларускага замежжа” (Г. Таўлай), “Інструментальная традыцыя паўночных беларускіх зямель (Невельска-Усвяцкага і Веліжскага рэгіёнаў Пскоўшчыны і Смаленшчыны)” (А. Рамадзін), “Вялікая беларуская імша” (І. Маціеўскі). У планах працы на 2008 г. – міжнародная канферэнцыя пра беларускія землі ў Невелі.



Інфармацыйны цэнтр “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
***

Беларусы Пецярбургу разам сустрэлі Каляды, сабраўшыся ў наноў адкрытай Бібліятэцы нацыянальных літаратур.

Кіраўнік аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, доктар філалагічных навук Мікола Нікалаеў (нарадзіўся ў Наваградку, Гродзенская вобласць) распавёў пра традыцыі святкавання Нараджэння Хрыста на беларускіх землях.

Цікавай інфармацыяй падзялілася галоўны бібліятэкар РНБ, кандыдат гістарычных навук Марыя Ткачэнка (родам з Глыбокскага раёна). Яна распавяла, што ў яе роднай вёсцы дзякуючы аматарам ужо 10 год як адноўленая традыцыя святкавання Каляд. У свяце ўдзельнічае ўся вёска.

Пра Каляды распавёў і ўраджэнец Пружанаў (Брэсцкая вобласць) мастак Іван Чэрнякевіч. Вельмі цікавай была інфармацыя вялікага знаўцы гісторыі, культуры і фальклору Беларусі, што аб’ехаў з краязнаўчымі экспедыцыямі ўсю Беларусь і былыя беларускія землі, Ігара Маціеўскага. Пра гісторыю святкавання Калядаў расказваў і журналіст Сцяпан Жучко.

Пасля афіцыйнай часткі перайшлі да святочнай: прыемнай гаворкі, частавання дранікамі і агульных спеваў.

Аляксандр Станкевіч, Санкт-Пецярбург

Японія


У лютым-сакавіку вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч дасць некалькі канцэртаў у Японіі.

Акампанаваць яму будуць японскія музыкі з гурту “Dreydel”. Па словах выканаўца, у канцэртах будуць скарыстаныя некаторыя экзатычныя музычныя прылады. Апроч песень на беларускай мове, Вайцюшкевіч выканае адну кампазіцыю і на японскай.



Паводле радыё “Рацыя”

Весткі

Грамадства


З 17 снежня 2007 г. узор рэкламы, што павінна была гучаць у тралейбусах, знаходзіцца на ўзгадненні ў Гродзенскім гарвыканкаме.

Нагадаем, рэкламу ў тралейбусах пра беларускія садкі забаранілі праз некалькі дзён пасля таго, як яе запусцілі.

Па словах прадстаўніка бацькоўскага камітэта Ігара Кузьмініча, у чаканні дазволу на рэкламу набіраць дзетак было немагчыма, але ж у сем’і тых дзетак, якія ўжо запісаліся ў беларускамоўную групу, прыйшоў Святы Мікалай і кожнаму дзіцяці падараваў невялічкія падарункі.

Гэтыя падарункі сталі магчымыя дзякуючы беларусам з Нью-Ёрку (ЗША).



Паводле радыё “Рацыя”.
***

У Беларусі пабудуюць АЭС. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі. Канчатковае рашэнне было прынятае па выніках абмеркавання на пасяджэнні Савету бяспекі 15 студзеня.

“Будаўніцтва АЭС – гэта рэальная перспектыва, стратэгічная задача, і адмаўляцца ад яе Беларусь не мае намеру”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савету бяспекі, прысвечаным развіццю атамнай энергетыкі ў краіне.

Лукашэнка, сярод іншага, сказаў, што “некаторыя гарачыя галовы з ліку апанентаў улады настойліва спрабуюць арганізаваць нейкую так званую антыядзерную кампанію сярод насельніцтва. Ствараецца ўражанне, што некаторыя нашы апазіцыянеры і вучоныя жывуць у вакууме, у нас, як заўсёды, беларускасць бяжыць паперадзе розуму. Мы пачынаем, паглядаючы з-за вугла, разважаць аб неабходнасці будаўніцтва АЭС. Увесь свет вызначыўся, а мы разважаем. А потым будзем узмоцнена даганяць. Але тады гэта будзе каштаваць у два разы даражэй”.

Паводле радыё “Свабода”
***

Урад Беларусі даў згоду на працяг працы Офіса АБСЕ ў Мінску.

Аб гэтым заявіў амбасадар Нямеччыны ў нашай краіне Гебхардт Вайс. Паводле яго слоў, офіс АБСЕ будзе працаваць пад кіраўніцтвам нямецкага дыпламата.



Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”
***

Карыкатуры на прарока Мухамеда былі апублікаваныя ў дацкай газеце “Юлландс-Постэн” 30 верасня 2005 г. У шэрагу краін быў абвешчаны байкот дацкім таварам, праходзілі дэманстрацыі пратэсту. Але ў ніводнай краіне журналіста не арыштавалі за перадрук карыкатур. Толькі ў Беларусі былога намесніка рэдактара газеты “Згода” Аляксандра Здзвіжкова асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пратэст гэтаму прысуду выказалі міжнародныя арганізацыі. У прыватнасці, прадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) Міклаш Харашці заклікаў ўлады Беларусі перагледзець судовы прыгавор і вызваліць Здзвіжкова.

Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” таксама выступіла з пратэстам супраць прысуду былому намесніку рэдактара “Згоды”. “Рэпарцёры” назвалі прысуд надзвычай суровым.

Рэдактар аддзела культуры дацкай газеты “Jullands-Posten” Флемінг Роўз, адказны за першую публікацыю скандальных карыкатур, лічыць, што “судзіць за гэта проста ганьба і глупства” і што “працэс над “Згодай” не варты еўрапейскай краіны XXI стагоддзя”.

Да мітрапаліта Філарэта з просьбай пасадзейнічаць змягчэнню прысуду звярнуўся беларускі палітык, намеснік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч.

Паводле “Хартыі’97”, РІА “Новости”, www.naviny.by, baj.by, “Нашай Нівы”, 18 – 21 студзеня 2008 г.
***

У Беларусі стартавала Антыядзерная кампанія. Яе мэта – прадухіліць будаўніцтва АЭС у краіне. Першы крок, які зроблены, – адкрыццё афіцыйнага сайта кампаніі atomby.net. Цяпер каардынатары праекта рыхтуюцца да правядзення канкрэтных акцый.

Сябра экспертнай рады Антыядзернай кампаніі, прафесар Георгій Лепін сам колісь правёў у Чарнобылі шэсць год, а потым уваходзіў ва ўрадавую камісію, якая ацэньвала мэтазгоднасць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі: “Камісія тады адказала на пастаўленую задачу так: немэтазгодна будаваць тут АЭС. Было прапанавана на 10 год абвясціць мараторый. Урад прапанову прыняў – і вось праз год заканчваецца тэрмін мараторыя”.

Але, на думку навукоўца, па сутнасці рашэнне камісіі за гэты час аніяк не састарэла – будаўніцтва АЭС у Беларусі нельга дапусціць. “У тым, што намагаюцца задумаць, я не бачу аніводнага плюса, — кажа Георгій Лепін. — Паўсюдна толькі мінусы, літаральна па кожным пытанні. Пачынаючы хоць бы з таго, што тэрыторыя Беларусі мае геалагічныя разломы, так што ўжо лепей не звязвацца з такімі аб’ектамі, як АЭС”.

Сп. Лепін падкрэслівае тое, што жыхары Беларусі ўжо маюць дастатковую радыяцыйную нагрузку. Да ўсяго адсутнічаюць спецыялісты, якія б маглі распрацаваць праект беларускай АЭС. Нарэшце, атамная электрастанцыя вымагае вялікіх сродкаў. Са слоў Г. Лепіна, толькі на будаўніцтва першага блоку станцыі трэба каля пяці мільярдаў долараў.



Паводле радыё “Рацыя”, 23 студзеня 2008 г.
***

Праваабарончая арганізацыя “Freedom House” прадставіла даклад “Свабода ў свеце” за 2007 г. Паводле ацэнак арганізацыі, “свабодных краін” у 2007 г. было 90 – гэта 47% дзяржаў планеты. Беларусь, Узбекістан і Туркменістан называюцца сярод найбольш “рэпрэсіўных” краін.

У спецыяльным дакладзе праваабарончай арганізацыі таксама адзначаецца паслабленне палітычных свабод у Кітаі, Венесуэле, Пакістане, Іране, Расіі.

Акрамя таго, адзначаецца ў дакладзе, у апошнія гады з’явіліся рэгіянальныя “моцныя лідэры”, якія распаўсюджваюць або заахвочваюць рэпрэсіўныя тэндэнцыі ў суседніх краінах. Расія Уладзіміра Пуціна, сама па сабе нявольная, аказвае дапамогу і падтрымку яшчэ менш свабоднаму беларускаму рэжыму. Бірманскі рэжым даўно б ужо быў бы пераможаны, калі б не падтрымка Кітая.

Беларусь, якая патрапіла ў спіс найбольш рэпрэсіўных краін, адзначаная ў дакладзе як краіна, дзе ў турмах утрымліваюцца палітвязні, парушаецца прынцып падзелу ўлад, свабода слова і свабода сходаў.



Паводле “Хартыі’97”, 16 студзеня 2008 г.

Эканоміка


Ветэранам і афганцам вярнулі льготы на праезд.

Гэта адбылося дзякуючы міжурадаваму пагадненню, якое ў 1993 г. у Маскве падпісаў Вячаслаў Кебіч. Пагадненне аказалася больш значным за закон аб ільготах, і цяпер ветэранам і афганцам ізноў можна ездзіць бясплатна на гарадскім, прыгарадным і нават чыгуначным транспарце.



Паводле “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, 3 снежня 2007 г.
***

21 студзеня ў трэці раз за гэтую зіму індывідуальныя прадпрымальнікі сабраліся ў цэнтры Мінска на мітынг пратэсту. Прычына ўсё тая ж -- Указа прэзідэнта Беларусі №760, які забараняе ІП наймаць працаўнікоў. Перамоваў з чыноўнікамі на гэты раз не было, а акцыя завяршылася разгонам і затрыманнямі.

Перад мітынгам адбыліся шэраг прэвентыўных затрыманняў, па ацэнках праваабаронцаў арыштаваныя каля 50 чалавек, некалькі судоў праходзілі і 21 студзеня.

Першымі словы на мітынгу бралі палітыкі. Так, намеснік Партыі БНФ Алесь Міхалевіч заклікаў улады вызваліць лідэраў прадпрымальнікаў, правесці з імі перамовы, адмяніць указ №760, а да прадпрымальнікаў звярнуўся з заклікам далучацца да апазіцыйных акцый вясной 2008 г.

Прадпрымальнік з Узды Віктар Крываль прапанаваў працягнуць забастоўку прадпрымальнікаў да канца лютага і адмовіцца ад перамоваў з уладамі, пакуль не будуць вызваленыя арыштаваныя пасля акцыі 10 студзеня.

З дастаткова рэзкай прамовай выступіў прадпрымальнік Аляксандр Цацура з Салігорска. Ён паведаміў, што наступная акцыя прадпрымальнікаў адбудзецца 18 лютага, а таксама заклікаў адправіць у адстаўку намесніка міністра эканомікі Андрэя Тура, які неаднаразова выказваўся наконт ІП, а разам з ім і “гаранта канстытуцыі”, які падпісаў Указ №760.

Падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы прадпрымальнікі паспелі прыняць рэзалюцыю мітынгу, дзе яны патрабуюць вызвалення затрыманых пасля 10 студзеня, а таксама заклікаюць да мараторыя ці адмены Указа №760.

Потым прадпрымальнікі рушылі ў бок плошчы Незалежнасці.

Удзельнікі мітынгу здолелі дайсці да плошчы Незалежнасці, але ўжо там пачалася “зачыстка” плошчы. У адрозненні ад 10 студзеня, спецназ паводзіў сабе больш агрэсіўна: апранутыя па ўсёй форме спецназаўцы дзеля запалохвання прадпрымальнікаў рухаліся ўпоперак плошчы, грукаючы дубінкамі па шчытах. Разгонам кіраваў сам міністр МУС Уладзімір Навумаў. Пасля таго, як плошча была вызваленая, ён з’ехаў.

Людзей сталі выціскаць з цэнтральнага праспекту. Некалькі сотняў чалавек вярнулася да Кастрычніцкай плошчы, але і там іх чакаў спецназ.

Затрымана больш за 20 чалавек, ёсць збітыя. Колькасць удзельнікаў дасягала 2-3 тысяч. Па выніках судоў вядома, што затрыманыя пакараныя ці буйнымі штрафамі ці адміністратыўным арыштам.

Наступная акцыя ІП — 18 лютага, акрамя таго, магчыма, з 1 лютага пачнецца бестэрміновы страйк. Прадпрымальнікі чакаюць, калі іх умовы будуць выкананыя… але беларускія ўлады ўжо не раз заяўлялі пра немагчымасць адмены Указа №760.

Інфармацыйны цэнтр “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
***

Расія застаецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Пра гэта паведаміў Мінстат Беларусі.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў студзені-лістападзе 2007 г. з'яўляліся: Расія (49,3% ад усяго аб’ёму гандлёвага звароту), Нідэрланды (8,5%), Украіна (5,6%), Германія (5,5%), Польшча (3,8%), Вялікабрытанія (3,4%), Кітай (2,4%), Латвія (2%), Італія і ЗША (па 1,5%).



Паводле www.afn.by, 16 студзеня 2008 г.

***

Больш за 17% прадпрыемстваў Беларусі працуюць са стратамі.

У Беларусі ў студзені-лістападзе 2007 г. са стратамі працавала 382 прамысловыя прадпрыемствы (17,7% іх агульнай колькасці). Пра гэта паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу. Сума чыстых стратаў гэтых прадпрыемстваў склала 333 мільярдаў рублёў (на 15,8% больш, чым за гэты ж перыяд 2006 г.).



Паводле БелаПАН, 14 студзеня 2008 г.
***

Кіраўніцтва Беларусі хавае супрацоўніцтва са скандальна вядомым інвестарам Н. Келерам і ягонай афшорнай кампаніі “Polar Stars Group S.A.”. Гэта было зроблена пасля таго, як з’явіліся непрыемныя падрабязнасці ў біяграфіі сп. Келера.

Аднак рэальна супрацоўніцтва з гэтай кампаніяй не было спынена. Кіраўніцтва Беларусі ціха падпісала пастанаўленне №1181 “Пра інвестыцыйныя праекты “Арганізацыя глыбокай перапрацоўкі бурых вуглей” і “Арганізацыя глыбокай перапрацоўкі гаручых сланцаў”, але пра наяўнасць гэтага дакумента ведала толькі абмежаванае кола людзей, даступны іншым ён стаў толькі праз некалькі месяцаў.



Паводле www.afn.by, 14 студзеня 2008 г.
***

Прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі прызнаў, што ўрад не справіўся з інфляцыяй у 2007 г. Па выніках года інфляцыя ў Беларусі склала 12,1%, перавысіўшы прагноз (6-8%) у два разы. “Пакуль інфляцыя выйшла за 10%. Больш за 2% склала інфляцыя ў снежні 2007 г.”, — сказаў С. Сідорскі на пасяджэнні ўраду.



Паводле www.afn.by, 12 студзеня 2008 г.
***

У Мінску з наступнага году не будзе камерцыйных кіёскаў.

Знішчэнне кіёскаў, як адзначыў раней лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, гэта “спроба знічшэння дробнарознічнай гандлёвай сеткі ў Мінску. А гэтая форма гандлю добра сябе зарэкамендавала: у кіёсках набываюць рэчы і міністры, і рабочыя. У 2003 г. мы ўжо змагаліся за захаванне кіёскаў. Тады іх перанеслі на прыпынкі, далей ад крамаў”.



Паводле www.naviny.by, 25 студзеня 2008 г.

Культура


Кампанія “Белтонмедыя” выпусціла аўдыёкнігу для маленькіх слухачоў — “Дзікія лебедзі”.

На дыску запісаныя казкі Ганса Хрысціяна Андэрсана ў перакладзе на беларускую мову. Гэта ўжо дзесятая аўдыёкніга кампаніі. Аўтарскі калектыў рыхтуе яшчэ некалькі такіх прац, а неўзабаве пабачаць свет і мультфільмы.

Друкаваная кніга “Дзікія лебедзі” выдавалася напачатку 1990-х у перакладзе з дацкай мовы. Цяпер яе агучылі і пераклалі ў аўдыё фармат. Тэкст чытае акторка Галіна Кухальская.

Неўзабаве выйдуць у свет кніжкі з серыі “Школьная бібліятэка”. Ужо зробленыя “Палескія хронікі” Івана Мележа, агучаны “Сымон-музыка” Якуба Коласа, п’есы Янкі Купалы. Да дня святога Валянціна рыхтуецца аўдыёкніжка Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры “Маленькі прынц”.



Паводле радыё “Свабода”, 4 снежня 2007 г.
***

15 студзеня ў Мінску прэзентавалі дубляваны на беларускую мову мультфільм “Шрэк-3”.

Пераклад “Шрэка Трэцяга” на беларускую мову зрабілі Мікола Андрэеў і бард Таццяна Беланогая.

Мультфільм можна будзе набыць у незалежных распаўсюднікаў.

Паводле “Нашай Нівы”.
***

На 15% у параўнанні з 2006 г. павялічылася колькасць найменняў кніг на беларускай мове, выдадзеных у Беларусі ў 2007 г. Пра гэта 17 студзеня паведаміў журналістам намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак.

Аднак, паводле яго слоў, за гэты ж перыяд на 17% скараціўся наклад выпушчаных беларускамоўных выданняў. “Яны складаюць толькі 7,58% ад усёй колькасці найменняў кніг, што выйшлі ў Беларусі, а па накладзе — 7,63% ад агульнага накладу выданняў”, – сказаў І. Лапцёнак. Разам з тым, паводле яго слоў, шэсць дзяржаўных выдавецтваў краіны скарацілі за гэты перыяд выпуск кніг і брашур на беларускай мове: па найменнях – на 7,6%, па накладзе – на 35%.



Паводле БелаПАН, 18 студзеня 2008 г.
***

Выйшла перавыданне песняў беларускага барда Эдуарда Акуліна на CD.

Касетныя варыянты двух альбомаў Э. Акуліна разышліся вялізнымі накладамі. Ад часу выдання аднаго з іх — “Мая Крывія” -- прайшло ўжо 13 год. З таго часу гэты выканаўца сапраўды заняў пачэснае месца ў бардаўскіх шэрагах і шануецца не менш за Алеся Камоцкага ці Сяргея Сокалава-Воюша. Таму ў студзені песні былі перавыдадзены пад назвай “Песні залатой Крывіі” ў вядомай серыі “Беларускі музычны архіў”.



Паводле “Нашай Нівы”, 24 студзеня 2008 г.
***

У Гродна ў гісторыка-археалагічным музеі працуе выстава шведскай графікі 1980-2005 гг. з калекцыі караля Карла ХVІ Густава.

Выставу адкрыў консул Швецыі Стэфан Эрыксан. У Гродна таксама прыехала група мастакоў з гэтай краіны. На выставе прадстаўленыя работы шаснаццаці графікаў: васьмі жанчын і васьмі мужчынаў.

Беларускія мастакі хочуць наладзіць абмен падобнымі выставамі са шведскім бокам.

Паводле Радыё “Свабода”, 18 студзеня 2008 г.

АБВЕСТКІ

Да 90-годдзя БНР


Каб адзначыць 90-я ўгодкі БНР у замежжы як мага больш урачыста і шырока, былі падрыхтаваныя дапаможныя матэрыялы: узор артыкула ў мясцовую прэсу пра падзею і ўзор зваротаў да афіцыйных асобаў. Матэрыялы прапануе атрымаць ахвотным з беларусаў замежжа Беларуска-амерыканскае задзіночанне.

Гэтыя матэрыялы могуць выкарыстоўваць розныя арганізацыі, групы актывістаў і студэнтаў ды нават прыватнымі асобамі, адпаведна іх адрэдагаваўшы.

Рада БНР таксама выдае пару мультымэдыйных і музычных дыскаў ды друкаваную інфармацыю пра БНР.

Па больш падрабязную інфармацыю звяртайцеся ў Галоўную Управу БАЗА:

праз е-mail: BAZA.HQ@hotmail.com

альбо поштаю на адрас:

Belarusan-American Association, Inc

P.O. Box 1347

Highland Park, NJ 08904, USA

Паводле газеты “Беларус”

Беларуская школа чакае будучых вучняў


З 15 студзеня латвійскія школы пачалі прымаць дакументы ад бацькоў будучых першакласнікаў. Апошні тэрмін падачы дакументаў – 1 красавіка. Чакаюць будучых вучняў і ў Рыжскай беларускай асноўнай школе.

Для будучых першакласнікаў не існуе неякіх абмежаванняў. Нават калі дзіця не ведае беларускай мовы, то школа працуе, каб яго навучыць. Добра, калі будучы першакласнік займаўся ў падрыхтоўчай групе. Тут наладжаны заняткі па беларускай мове, а таксама дзеці знаёмяцца з латышскай і ангельскай мовамі, якія ў школе выкладаюцца ўжо з першага класа.

Галоўны крытэрый – цікавасць да беларускай культуры, мовы, традыцый, – да таго, што мы звыкла называем беларушчынай.

Таму, паважаныя бацькі, калі Вас непакоіць будучыня дзяцей, падумайце аб магчымасці выбраць месцам навучання дзіцяці нашу школу.

Рыжская беларуская асноўная школы — дзяржаўная навучальная установа. Навучанне ў школе бясплатнае. У нас працуе моцны педагагічны калектыў, усе настаўнікі – спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Школа паспяхова прайшла дзяржаўную акрэдытацыю. Гэта той крытэрый, па якім можна меркаваць: у нашай школе дзіця атрымае належную адукацыю, пры гэтым вучыцца будзе ў добразычлівай атмасферы, бо для нас наша беларуская школа – гэта другая сям’я. Да таго ж варта паспяшацца, бо сёлета жадаючых аддаць сваё дзіця менавіта ў нашу школу не так і мала. Запрашаем Вас наведаць нашу школу ў наступным месяцы, калі будзе праводзіцца Дзень адчыненых дзвярэй, каб самім знайсці адказы на свае пытанні..

Адрас Рыжскай беларускай асноўнай школы:

Рыга, вул. Келдыша, 4.

Тэлефон для даведак: 7247545

Паводле www.svitanak.lv

Беларусы Пецярбургу ініцыіруюць усталяванне помніка Янку Купалу


Беларускае грамадска-культурнае таварыства Санкт-Пецярбургу выступіла з ініцыятывай усталяваць помнік Янку Купалу. Пры падтрымцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” беларусы Пецярбургу звяртаюцца да грамадскасці з прапановай далучыцца да гэтай пачэснай справы і прыняць удзел у дабрачынным конкурсе на лепшы праект помніка.

У Пецярбургу ўжо ёсць помнік Гогалю, нядаўна па ініцыятыве ўкраінскіх суполак усталяваны помнік Тарасу Шаўчэнку. Беларусы вырашылі паспрыяць, каб і помнік Янку Купалу быў у Пецярбургу.

Калі помнік класіку беларускай літаратуры будзе ўсталяваны ў нашым горадзе, то гэта дапаможа аб’яднанню беларускай дыяспары, пашырэнню культурных сувязей, вывучэнню і прапагандзе творчасці беларускага песняра.

Аляксандр Станкевіч, Санкт-Пецярбург

Каляндар газеты “Наша Ніва”


Каляндар беларускай газеты “Наша Ніва” з’явіўся ў продажы ў ЗША. Дні і месяцы напісаны па-беларуску і па-ангельску.

Фота да календара зроблены Ю. Дарашкевіч і А. Лянкевічам. Кошт календара $8 + кошт перасылкі (залежыць ад таго, дзе вы знаходзіцеся). Замовіць і даведацца падрабязную інфармацыю можна па электроннай пошце: jahorka@gmail.com.



Паводле zbma.net


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка