Ім. А. А. Грымаця” Геаграфічныя і турыстычна-краязнаўчыя даследаванні Ільянскай зоны Вілейскага раёна




Дата канвертавання16.03.2016
Памер446.89 Kb.
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Мінскае абласное ўпраўленне адукацыі

Вілейскі раённы аддзел адукацыі.

Дзяржаўная установа адукацыі “Ільянская агульнаадукацыйная сярэдняя школа з краязнаўчым ухілам

ім. А.А. Грымаця”

Геаграфічныя і турыстычна-краязнаўчыя даследаванні Ільянскай зоны Вілейскага раёна


Аўтары праекта:


Наш адрас:

222431 вул. Школьная 1 “А”

В. Ілья Вілейскі раён

Мінская вобл.



Тэлефоны:

8-01771-76-3-40

8-01771-76-4-98

mailto: Director_Iliya@mail.ru

Ілья, 2008



Геаграфічныя і турыстычна-краязнаўчыя даследаванні Ільянскай зоны Вілейскага раёна


  1. Мэты і задачы даследванняў.

У Ільянскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школе з краязнаўчым ухілам імя Адама Антонавіча Грымаця апошнім часам усё больш надаецца ўвагі краязнаўству. Тут дасягнуты пэўныя поспехі ў гэтым накірунку. Сярод іх—распрацаваныя краязнаўчыя маршруты “Ільянскія далягляды”. Іх праведзена ўжо тры, рыхтуюцца новыя маршруты. Школьныя музеі “Вілейшчына літаратурная” і гісторыка-краязнаўчы заахвочваюць вучняў і настаўнікаў да ўдзелу ў грамадска-карыснай дзейнасці па вывучэнню роднага краю.

Геаграфічныя і турыстычна-краязнаўчыя даследванні вёскі Ілья і яе наваколля - так званай Ільянскай зоны - паўднёва-усходняй часткі Вілейскага раёна — асноўная задача данай працы. Мы хочам прааналізаваць і абагульніць сабраны матэрыял, адшукаць новыя звесткі, паразважаць і ўнесці свае прапановы наконт выкарыстання магчымасцей дадзенай тэрыторыі ў справе развіцця турызму і літаратурнага краязнаўства. Мы хочам прыцягнуць да гэтага увагу ўсіх зацікаўленых людзей, хто займаецца ці хоча займацца турызмам і літаратурным краязнаўствам, хто марыць аб развіцці сельскага турызму, хто збіраецца падарожнічаць па родным краі і вывучаць яго гісторыю і цяперашняе грамадска-эканамічнае развіццё рэгіёна.

Зараз востра паўстае пытанне аб добраўпарадкаванні населеных пунктаў, адкрыцці турыстычных цэнтраў, аб развіцці здаровага ладу жыцця.

Настаў час актыўных дзеянняў у гэтым напрамку. Кожнаму неабходна ўсяляк садзейнічаць паспяховаму развіццю нашай краіны. А з боку кіраўнікоў розных узроўняў патрабуецца асаблівая ўвага. Ад іх вельмі шмат што залежыць. Можна сказаць, залежыць усё, у тым ліку і тое, ці стане Ільянская зона тым месцам, куды ахвотна будуць прыязджаць і нашы грамадзяне і людзі з-за мяжы.

У гэтым, якраз, і заключаецца актуальнасць і практычнае значэнне нашых даследванняў.
2. Апісанне геаграфічных і турыстычна-краязнаўчых магчымасцей Ільянскай зоны Вілейскага раёна.
Адразу зазначым, што вёска Ілья і яе наваколле, на наш погляд, найцікавейшыя мясціны, вартыя асаблівай увагі.

Гэта адразу заўважаеш, калі азнаёмішся з геаграфічным палажэннем Ільянскай зоны. Прапанаваныя вашай увазе карты-схемы падцвярджюць гэта. На данай тэрыторыі маецца густая сетка аўтадарог з асфальтаваным пакрыццём, якія ідуць у розных напрамках. Найперш, тут праходзіць аўтамагістраль Мінск-Нарач — найкарацейшы шлях са сталіцы рэспублікі на возера Нарач.

Добрыя асфальтаваныя дарагі праведзены ў Ілью з Маладзечна, з Вілейкі, з Краснага. З Ільі асфальтаваныя дарогі вядуць у Будслаў, у Даўгінава, у Плешчаніцы, у Лагойск. А яшчэ і мясцовыя асфальтаваныя дарогі звязваюць паміж сабой асобныя населеныя пункты: пасёлак Партызанскі, вёскі Малявічы, Барысаўшчыну, Уладыкі, Калодчына, Суднікі, Баяры, Мацькаўцы, Альковічы, Хаценчыцы, Карпавічы і іншыя.

Па данай тэрыторыі працякае рака Ілія, якая ўпадае ў Вілейскае вадасховішча, утворанае на рацэ Віліі. Тут пачынаецца і галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Прыродна-кліматычныя ўмовы, раслінны і жывёльны свет, геаграфічнае палажэнне, размешчаныя тут культавыя святыні (цэрквы, царковішчы, касцёлы і т.д.), архіялагічныя, гісторыка-культурныя і архітэктурныя помнікі, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы памнажаюць турыстычна-краязнаўчыя магчымасці Ільянскай зоны.

Асаблівую каштоўнасць уяўляюць сабой, вядома, людзі, якія пражываюць тут і ствараюць матэрыяльнае і духоўнае асяроддзе на працягу ўжо многіх стагоддзяў.



Ільянская зона—гэта выражэнне даволі часта ўжываецца асабліва кіраўнікамі раёна. На тэрыторыі Вілейскага раёна існуюць яшчэ і Даўгінаўская зона, і Куранецкая, і Іжанская. Найперш Ілья і Даўгінава з іх тэрыторыямі найбольш аддаленыя ад цэнтра (Вілейкі) часткі раёна.

Гэта, напэўна, адна з прычын, па якой іх неафіцыйна выдзяляюць у асобныя тэрытарыяльныя адзінкі. Другая прычына заключаецца ў тым, што да вайны і пасля вайны да 1957 года ў складзе спачатку Вілейскай вобласці, а потым Маладзечанскай існавалі Ільянскі і Куранецкі раёны.

У склад Ільянскага раёна тады ў розныя гады ўваходзілі сельскія саветы: Альковіцкі, Ракшыцкі, Суднікоўскі, Рэдзькавіцкі, Вязанскі, Латыгальскі, Шыпкоўскі, Карпавіцкі, Загаранскі, Залескі, Каранеўскі, Батурынскі, Ільянскі, Навагуцкі, Хаценчыцкі.

Напэўна, мы не памылімся, калі пачнем азнаямленне з Ільянскай зонай з Мінска. Турысты-краязнаўцы, рухаючыся адсюль, напрыклад, на маршрутным аўтобусе Мінск-Вілейка праз Ілью, маюць магчымасць ацаніць прыгажосць нашай радзімы Беларусі. Тут нельга не звярнуць увагу на прыгажосць палёў і лясоў, на стан дарогі, на узнікшыя побач высокія вышкі мабільнай сувязі, на АЗС, на прыдарожныя указальнікі, указальнікі населеных пунктаў.

Аўтобус хутка імчыць па дарозе праз населеныя пункты Цну, Дубаўляны, Паперню, ўсё далей і далей у заходне-паўночным напрамку спачатку па тэрыторыі Мінскага, а потым Лагойскага раёнаў.

Там, дзе зправа ад дарогі стаіць прыдарожны ўказальнік са словам ”Лускава” - назва вёскі, якая бачна з вакна аўтобуса, трэба не забыцца павярнуць управа, іначай можна па прамой дарозе заехаць у Радашковічы.

Павярнуўшы ўправа, мы едзем на Мядзел, так сцвярджае новы прыдарожны знак, а гэта значыць, што мы цяпер едзем правільна туды, дзе знаходзіцца Ілья і Вілейка і наша Ільянская зона.

Мы заўважаем, што мясцовасць тут не раўнінная. Тут шмат узгоркаў. І гэта невыпадкова: мы едзем па Мінскаму ўзвышшу.

Мясцовасць лясістая. Толькі ўзказальнікі інфармуюць, што недзе там, у лесе, знаходзіца чарговы населены пункт—Лесіны, напрыклад, ці Дашкі. У гады апошняй вайны ў гэтых лясах знаходзіліся шматлікія партызанскія атрады. Некаторыя з іх фарміраваліся і пачыналі свой баявы шлях, каля вёскі Малыя Бясяды. Напрыклад, атрад “За Радзіму”, які пазней перарос у партызанскую брыгаду імя М.В. Фрунзе і які дзейнічаў потым у Ільянскім раёне. Тут напрацягу ўсёй вайны існавала партызанская зона, куды немцы зрэдку рабілі свае налёты, знішчаючы людзей і вёскі.

Жыхары вёсак Дзяніскі, Вяпраты і іншых і цяпер могуць расказаць пра той цяжкі перыяд нямецкай акупацыі.

Тут варта звярнуць асаблівую увагу на прыдарожныя ўказальнікі, якія інфармуюць, што дарога ўправа вядзе ў вёску Карпілаўку, і недзе там знаходзяцца Купалаўскія Акопы і філіял музея Янкі Купалы ў вёсцы Харужанцы. Вучні Ільянскай сярэдняй школы неаднаразова наведвалі гэтыя мясціны, аб чым сведчаць матэрыялы ў школьным музеі “Вілейшчына літаратурная”. Раім усім пабываць у Купалаўскіх Акопах, а яшчэ прачытаць нарыс У. Кажамякі, які быў надрукаваны ў “Краязнаўчай газеце” ( гл. Дадатак).

А яшчэ ёсць магчымасць турыстам дайсці і даехаць да Лысай Гары, дзе таксама бываў Янка Купала. Дарожны ўказальнік падказвае: да Лысай Гары - 5 км.

Дзяніскі, Вяпраты, Казлеўшчына - апошнія вёскі на тэрыторыі Лагойскага раёна, праз якія мы праязджаем. Дарожны знак за Казлеўшчынай сцвярджае, што пачаўся ўжо Вілейскі раён.

Нарэшце, у далечыні злева бачыцца вёска Лукавец, а наперадзе нас чакае вёска Батурына. Тут управа дарога пайшла на Лагойск.

Наш аўтобус паварачвае налева і тут жа спыняецца на прыпынку “Батурына“. Адсюль і пачынаецца Ільянская зона, і мы выходзім з аўтобуса. Знаёмімся з кароткай геаграфічнай характарыстыкай раёна пахода.

Ён размешчаны паміж 54 0 і 28 1 пн.ш 27 0 і 201 у.д і 54 0 60 1 пн.ш 27 0 і 301 у.д ў паўднёва-ўсходняй частцы Вілейскага раёна у 32 км. ад горада Вілейка, 65 км. ад горада Мінска. Бліжэйшыя чыгуначныя станцыі: Уша - 33 км.; Вілейка - 35 км. Населеныя пункты знаходзяцца ў даліне рэк Іліі і Вяпраты - прытокаў ракі Віліі, у басейне ракі Нёман. Характар рэльефа раўнінны. Раўніна ў паўднёва-ўсходнім напрамку ўзвышаецца і складаецца з асадкавых парод, паверхня плоская, слаба-хвалістая, рэгіён знаходзіцца ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, на крайнім паўднёвым усходзе Мінскага узвышша. Пераважаюць вышыні 150-180 м над узроўнем мора. Даантрапагенныя адкладанні: дэвонская сістэма, сярэдні аддзел, гліны, пяскі, мергель, даламіты, гіпс. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Беларускай антэклізы, Вілейскага пахаванага выступа. Пераважаюць флювіягляцыяльныя і марэнныя антрапагенныя адклады. Іх таўшчыня да 50 метраў. Рэльеф градава-узгорысты канечна – марэнны.

Раён знаходзіцца ў зоне змешаных лясоў. Кліматычныя і глеба-грунтовыя ўмовы спрыяльныя для роста асноўных лесаўтваральных парод: сасны, ёлкі, дуба. Лясы багаты дзікімі жывёламі такімі, як дзікі, лісы, зайцы, ласі, вавёркі, вожыкі і інш. Зімуючыя птушкі: вераб’і, галкі, вароны, сарокі, дзятлы, сініцы; пералётныя – буслы, лебедзі, ластаўкі, шпакі, дзікія гусі і качкі. Летам лясы багаты ягадамі і грыбамі, а рака Ілія з’яўляецца выдатным месцам для купання, актыўнага адпачынку і рыбалкі. У рэчцы плаваюць шчупакі, плоткі, акуні і іншыя рыбы. Ракаў няма, а раней яны былі.

Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя гадавая тэмпература + 5, 5 0 С., сярэдняя тэмпература чэрвеня - + 180 С, студзеня - - 6,80 С. Выпадае 680 мм. ападкаў. Пераважаюць на працягу года заходнія і паўночна-заходнія вятры.

Колькасць гадавой сонечнай радыяцыі 3600 МДж\м2, радыяцыйны баланс 1550 МДж\м2. Атмасферны ціск 1017 гПа (студзень), 1013 гПА (ліпень).

Вегетацыйны перыяд складае 188 сутак. Працягласць безмарознага перыяду 130 дзён. Вышыня снегавога покрыва 20-25 см., у апошнія гады адсутнічае.

Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледніковых суглінках і супесках, часта падасланых марэнай (39, 9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), тарфяна – балотныя (17, 8%) і інш.

Прыродная зона змешаных лясоў, падзона дубова-цёмна-хвойных лясоў(41%). Пераважаюць шыракаліста-яловыя, яловыя, хваёвыя лясы. Сустракаюцца бародаўча-бярозавыя. Лясістасць у 2007 годзе ў параўнанні з 1957 годам узрасла з 28% да 41%.





Такая лясістасць была ў Беларусі толькі ў XIX стагоддзі — на дыяграме адлюстраваны унікальныя дадзеныя, якія паказваюць колькасць лясоў у Беларусі пачынаючы з 1750 года.

Забалочанасць ад вытокаў паступова зніжалася: каля Вілейкі — 21%, каля Залесся - 27%, каля Міхалішак-18%.

Жывёльны свет: буры мядзведзь, дзік, лось, рысь, барсук, лісы, заяц-бяляк, еўрапейская норка, качка, кедраўка, белая курапатка, рак і інш. Сустракаецца рысь - занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Ландшафты:

- водна-ледавіковыя з хваёвымі і дубовымі лясамі на дзярнова-падзолістых глебах;

- узгорыста-марэнна-эразійныя з дубова-яловымі і хваёвымі лясамі на дзярнова-падзолістых глебах.

Шчыльнасць насельніцтва 20-30 чал \ км2 . Нацыянальны склад больш за 90% беларусы.

Недзе тут зусім блізка на адлегласці аднаго кіламетра на ўсход ад Батурына да 1939года праходзіла дзяржаўная мяжа паміж Савецкім Саюзам і Польшчай. Тут яе часам пераходзілі шматлікія перабежчыкі з навакольных вёсак Заходняй Беларусі ў Савецкі Саюз, бо лічылі, што там жыццё больш шчаслівейшае і вальнейшае. У тыя часы, знаходзячыся ў Батурыне ці ў Лукаўцы, можна было пачуць, як там, на савецкім баку, людзі галасіста спяваюць прыгожыя песні, гэта значыла, што мясцовыя калгаснікі там радаваліся шчасліваму і заможнаму жыццю. Яшчэ трактар “Універсал” калі-некалі паяўляўся на полі на тым баку. Многія адсюль назіралі за трактарам, бачылі гэткі цуд упершыню, зноў жа лічылі, што ў Савецкім Саюзе людзі жывуць куды лепей, чым у Заходняй Беларусі.

Яшчэ праз савецка-польскую мяжу людзі зрэдку хадзілі з заходне-беларускіх вёсак туды за соллю, за газай (керасін), выменьваючы ўсё гэта на сала.

Аказваецца, у Заходняй Беларусі людзей дрэнна забяспечвалі соллю і газай, і яны былі дарагімі. Прасцей было людзям схадзіць за мяжу і абмяняць на сала, патрэба ў якім за мяжой была вялікая: людзі ў калгасах жылі вельмі бедна. Аб гэтым і расказваюць цяперашнія жыхары старэйшага веку і ў Батурыне, і ў Лукаўцу, і ў Малявічах. Аб гэтым пішуць і расказваюць яшчэ і мясцовыя краязнаўцы.

Вёска Батурына ў тыя часы, калі існаваў Ільянскі раён, была цэнтрам сельскага савета. Цяпер гэта невялічкая вёсачка, дзе пражывае 14 чалавек, з іх 4 чалавекі працаздольныя. Дзяцей ў вёсцы няма. Вёска гэта з ліку неперспектыўных, і яна з года ў год губляе сваіх жыхароў скарачаецца і, магчыма, хутка перастане існаваць. Можа пагэтаму і ёсць неабходнасць пабыць у такіх вёсках турыстам-краязнаўцам і запісаць успаміны іх апошніх жыхароў.

Гонар вёсцы Батурына складае тая акалічнасць, што тут некалі працаваў хатнім настаўнікам вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля ( Самуіл Плаўнік) пасля вучобы ў яўрэйскай школе ў Ільі. Ён працаваў у Батурыне настаўнікам яўрэйскай мовы.

А яшчэ ў Батурыне нарадзіўся Пётра Сыч, ён нарадзіўся ў 1912 годзе, удзельнік Айчыннай вайны ў складзе корпуса генерала Андэрса, а пасля вайны быў актыўным прадстаўніком беларускага нацыянальнага руху за мяжой. Ён займаўся літаратурнай творчасцю, напісаў шмат, а яго ўспамін пра Монтэ-Касіна “Смерць і салаўі” захоўваецца ў нашым школьным музеі “ Вілейшчына літаратурная “.

Яшчэ мы даведаліся ад мясцовых жыхароў у Батурыне Мордаса Валерыя Іванавіча (1951 г.н.) і Гадлеўскай Марыны Ўладзіміраўны (1930 г.н.), што цяпер у вёсцы людзі жывуць толькі ў васьмі хатах і ў асноўным па аднаму. З іх 10 чалавек—пенсіянеры. Два дачнікі абаснаваліся тут з Мінску, і прыязджаюць яны сюды толькі на лета.

Нам паведамілі, што ў вёсцы яшчэ трымаюць 5 кароў. Іх навязваюць на выгане, і яны пасуцца тут усё лета.

А некалі Батурына лічылася мястэчкам, праз якое праходзіў знакаміты Даўгінаўскі тракт. Тут ехалі на конях і ішлі пешшу людзі з Мінска ў Даўгінава. Дарога ад Батурына ішла на Крамянец, Глыбачаны, Пасадзец, Крайск, Камена. Ад Батурына да Пасадца (тут нарадзіўся Змітрок Бядуля) каля 12 км. шляху. Дарога гэта захавалася і цяпер, але па ёй ездзяць вельмі рэдка.

А раней Даўгінаўскі тракт быў бойкім. У Батурыне людзі спыняліся на адпачынак, наведвалі карчму, падкармлівалі і паілі коней і потым кіраваліся далей.

У Батурыне быў касцёл, дзе апошнім ксёндзам заставаўся да 1939 года Вацлаў Сэнк. Дарэчы, ён пакінуў свае ўспаміны, напісаўшы кнігу на польскай мове, дзе ўспамінае і пра Батурына, і шмат пра што яшчэ.

У Батурыне была пачатковая школа. Да 1939 года існавала стражніца—вайскоўцы тут пільнавалі дзяржаўную мяжу.

Жылі ў Батурыне некалькі яўрэйскіх сем’яў. Іх прозвішчы і імёны паспрабавала ўспомніць Марыя Уладзіміраўна Гідлеўская: Хайка, Лэйза, Есель, Залман, Сымаль.

“Добрыя былі яўрэі“, - кажа Марыя Уладзіміраўна. Расказала, што дзяўчынкай гуляла разам з яўрэйскімі дзецьмі, хавалася ў пустой шафе ў хаце ў Сымаляў і ела іх мацу. Сала яўрэі не спажывалі—вера не дазваляла. Курыныя яйкі, курынае мяса яны любілі вельмі. Сабе куплялі жывых курэй, выбіралі, каб яны былі “сытыя”, гэта значыць, тлусценькія, для гэтага ў курыцы паднімалі хвост і дзьмухалі туды, каб праз пух у тым месцы можна было разгледзіць скуру. Калі скура была сіняя, такую курыцу бракавалі, а калі жоўтая, то куплялі яе—значыць, яна была сытая.

У час вайны некаторыя батурынскія яўрэі загінулі. Нехта з іх хаваўся ў лесе, нехта партызаніў. Назад у Батурына з іх ніхто пасля вайны не вярнуўся. Ды і не было куды вяртацца—немцы ў час блакады поўнасцю спалілі вёску. І зусім мала сем’яў пасля вайны вярнулася сюды. Былое мястэчка ператварылася ў маленькую вёсачку.

Пяць чалавек з адной сям’і ў час вайны расстралялі партызаны ў Батурыне, нібыта, за сувязь з немцамі. Мужык і сын паспелі ўцячы, а жонку, яе сястру і трох дачок забілі. Іх родзічаў у Навасёлках 7 чалавек таксама забілі партызаны.

У час нямецкай блакады жыхары Батурына змаглі выратавацца—яны сваечасова ўцяклі ў лес. Некалькі чалавек немцы ўсё ж злавілі, у тым ліку і Марыну Гідлеўскую, тады яна была яшчэ непаўналетняй дзяўчынкай. Іх прыгналі ў Ілью, там пратрымалі з тыдзень, рыхтавалі адправіць у Германію. Потым перагналі ў Малявічы, адтуль Марына Гідлеўская прыйшла ў Батурына. Другіх адправілі з Малявіч у Нямеччыну.

Вось пра што нам удалося даведацца ў Батурыне. Вядома, што гэта далёка няпоўныя звесткі. Але ўсёроўна яны вельмі каштоўныя для нас.

Тут дададзім, што вёска Батурына, па звестках з кнігі “Памяць. Вілейскі раён”, сваю назву атрымала ад слова “Батура” – імя цюркскага паходжання, якое перакладаецца як “смелы чалавек, герой, багатыр”.

У 1886 годзе Батурына – сяло ў Хаценчыцкай воласці, дзе было 9 двароў, і жыло 105 жыхароў. У 1938 годзе яно ўваходзіла ў склад Хаценчыцкай вясковай гміны, налічвала з калоніяй 20 двароў і 122 жыхары. У 2003 годзе вёска захавала толькі 8 двароў і 17 жыхароў.

Вёска Лукавец да нядаўняга моманту была цэнтрам саўгаса “Лукавец”. Саўгас апошнім часам заняпаў і перайшоў у прыватную ўласнасць, стаў называцца філіял ААТ кафэ “Палессе” “Аграфірма Лукавец”, дзе генеральным дырэктарам з’яўляецца Зялёная Зінаіда Міхайлаўна з Мінска. Дырэктарам аграфірмы “Лукавец” зараз працуе Носікаў Пётр Іванавіч.

Людзі ў Лукаўцы расказваюць, што працаваць у аграфірме няма каму – не хапае добрасумленных умелых спецыялістаў і працаўнікоў. Пагэтаму і справы тут ідуць, як кажуць, “з сярэдзінкі на палавінку”, гэта значыць не вельмі добра. Ураджайнасць, надоі малака пакуль нізкія. Адсюль і заробкі ў людзей ніякаватыя: недзе пад 250 000 рублёў.

Аграфірма мае 4119 га зямлі, з іх сельскагаспадарчых угоддзяў 3446 га, раллі – 2037 га.

Колькасць кароў складае 350 галоў, свіней 700. Гаспадарка вялікая, а вынікі малаватыя. Хаця ўрадлівасць глебы не такая ўжо і дрэнная – суглінкі ўсё ж. Але шмат існуе ў гаспадарцы праблем з палівам, з тэхнікай, адсюль – нізкая агратэхніка, несвоечасовае і няякаснае выкананне тэхналагічных аперацый і інш. У аграфірме вырошчваюць бульбу, зерневыя і зерне-бабовыя культуры, рапс, кармавыя карняплоды.

Вёска Лукавец сфарміравалася ўжо пасля вайны. У 2003 годзе ў ёй налічвалася 148 двароў і 404 жыхары, быў дзіцячы сад, дом культуры, бібліятэка, ФАП, сталовая, магазіны. На сённяшні дзень усё гэта ў вёсцы захавалася.

У кнізе “Памяць. Вілейскі раён” маюцца звесткі аб Лукаўцы з 1550 года, калі тут існаваў толькі маёнтак – уласнасць Рыгора Астаф’евіча Рагозы. Маёнтак шмат разоў пераходзіў ва ўласнасць другіх людзей, аб чым у кнізе добра напісана. У 1938 годзе тут знаходзіўся маёнтак і 8 двароў з 97 жыхарамі. Мясцовыя жыхары расказваюць, што апошнім панам быў Ян Бароўскі. 17 верасня 1939 года ён не змог уцячы на Захад па той прычыне, што мяжа была зусім побач, і чырвонаармейцы захапілі маёнтак, адразу арыштавалі Яна Бароўскага і яго жонку Ніну. Ніна была замужам за Янам Бароўскім другі раз. Першым яе мужам быў пан Мечыслаў Багдановіч з Абадоўцаў.

Далейшы лёс гэтай сям’і трагічны. Ян Бароўскі і Ніна былі адпраўлены ў Расію ў розныя лагеры. Ян Бароўскі памёр там, а Ніне нейкім чынам у час вайны ўдалося выехаць з Расіі. Апошнім яе месцам жыхарства была Амерыка, дзе яна і памерла ў ЗША. Так расказваюць людзі.

Назва вёскі паходзіць ад слова “лука”, якое можа мець 2 значэнні: 1 – выгіб; бераг выгібу ракі; 2 – хітрасць, падман.

З Лукаўца хутка можна патрапіць у Хаценчыцы, а потым і ў Карпавічы і азнаёміццца тут з цудоўнымі краявідамі, атрымаць усе неабходныя звесткі і напісаць цікавыя тэксты пра гэтыя мясціны.

Мы ж нагадаем толькі аб тым, што Хаценчыцы цяпер з’яўляюцца цэнтрам сельскага савета. На 01.01.2008 года тут пражывла 55 чалавек (21 – працаздольныя, 30 – пенсіянеры, дзяцей – 4). У 2003 годзе ў вёсцы пражывала 95 жыхароў і было 48 двароў. Для параўнання ў 1938 годзе ў Хаценчыцах жыло 190 жыхароў.

Тут працуе сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, лясніцтва, аптэка, ФАП і пабудаваны, нават, дом паляўнічага. Ёсць краязнаўчы музей.

На тэрыторыі Хаценчыцкага сельскага савета на 01.01.08 пражывала 1707 чалавек, налічваецца 66 вёсак.

Лічыцца, што назва вёскі Хаценчыцы паходзіць ад слова “хоця (хаценя)” – дахрысціянскае імя, што можна абазначыць як “каханы, жаданы”.

Хаценчыцы вядомы яшчэ з 1470 года як маёнтак Мікалая Радзівілавіча (Радзівіла Старога). Пазней маёнтак шмат разоў пераходзіў да другіх гаспадароў. Некалі тут існавала царква, у вайну яе знішчылі. Працавала млячарня, на ёй перараблялі малако.

Паводле кнігі “Памяць. Вілейскі раён”, ў гэтых мясцінах каля вёскі Пляшчаны на гары Міроткава знаходзіцца найбольш высокая кропка Вілейшчыны – 255,3 м. над узроўнем мора. З усходняй часткі гары адкрываецца цудоўная панарама на маляўнічы градава-пагоркава-лагчынны рэльеф Мінскага ўзвышша (помнік прыроды з 1998 г.). Ці ўдасцца нам калі пабыць на гары Міроткава і палюбавацца цудоўнай панарамай?

У гэтых мясцінах каля вёскі Цёсны за 2 км. на поўдзень ад яе каля правага берага ракі Рыбчанкі пры старыцы на паўночным і паўднёва-заходнім краях дзюны маюцца 2 стаянкі каменнага веку.

Яшчэ каля Хаценчыц знаходзіцца курганны могільнік за 1,5 км. на паўднёвы захад ад вёскі, злева ад дарогі ў вёску Куляшы, у лесе ва ўрочышчы Казлоўшчына. Захаваліся 43 насыпы вышынёй 0,7 – 1,5 м.

Захаваліся каменныя магілы і ва ўрочышчы Капішча – каля 30 магіл. Мясцовая іх назва – Паганскія могілкі. Таксама каменныя магілы знаходзяцца ў вёсцы Зачарная зправа ад дарогі ў лесе. Захавалася 15 магіл. А вось гэту звестку мы ўзялі з кнігі “ Культурны ландшафт Вілейшчыны “. У ёй на стар. 72 наш вілейскі краязнавец А. Зайцаў піша, што ў Хаценчыцах была святая крыніца каля падножжа ўзгорку, на якім цяпер знаходзяцца вясковыя могілкі. Даследчык А. Сапуноў пісаў: “ У вярсты ад царквы - прыходскія могілкі, па паданні на гэтым месцы некалі было паганскае капішча ”. І А. Зайцаў заключае: “Узгорак у Хаценчыцах можна лічыць адной са святых гор Вілейшчыны“.

У вёсцы Куляшы жыве і працуе фермер Кулеш Пётр Паўлавіч. Пра вёску і пра Пятра Паўлавіча чытайце ў матэрыяле, змешчаным у дадатку, гэты тэкст намі ўзяты з краязнаўчага маршрута “Ільянскія далягляды”, які распрацаваны краязнаўцамі нашай школы.

А яшчэ тут у маленькай вёсачцы Пятрылава жыве вядомы беларускі пісьменнік Леанід Левановіч. Ім напісана некалькі кніг, якія маюць краязнаўчы ўхіл, як, напрыклад, кнігі “Сіняе лета”, “Бесядзь цячэ ў акіян” ды інш. Аўтар кніг вельмі хораша піша пра наш беларускі лес, апявае яго. Леанід Кірэевіч неаднаразова наведваў нашу школу, сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі. Мы ведаем, што ён не толькі піша кніжкі, а і займаецца пчалярствам. Цудоўны ён чалавек.

І вось такі напамін. У вёсцы Дварэц, побач з Хаценчыцамі, жыве Леаніла Антонаўна Міцько. Яна некалі працавала настаўніцай у Ільянскай школе, а цяпер знаходзіцца на пенсіі, жыве адна. Хварэе – баляць ногі, пагэтаму ёй дрэнна хадзіць. Але яна застаецца актыўным чалавекам. Некалі арганізавала сваіх вяскоўцаў, і яны пасадзілі ў вёсцы дрэўцы, абгарадзілі іх, назвалі Паркам у гонар загінуўшых на вайне землякоў. Яшчэ Леаніла Антонаўна напісала радавод сваёй вёскі і выдала гэта кніжачкай. Надрукавана толькі некалькі экзэмпляраў яе. Адзін захоўваецца ў школьным музеі “Вілейшчына літаратурная”. І, нават, у Вілейскай раённай бібліятэцы ёсць гэта кніжачка. Дарэчы, Папковіч Уладзімір Антонавіч, беларускі паэт, які жыве ў Віцебску, родны брат Леанілы Антонаўны.

Гэтым напамінам мы хочам падцвердзіць наша меркаванне, што ільянская зямля вартая таго, каб аб ёй пісалі. Леаніла Антонаўна падае ў гэтым добры прыклад усім нам. Як і Мікола Кутас, наш ільянскі паэт, і Галіна Кутас, і Генрых Кутас, і Уладзімір Папковіч, а яшчэ Роза Канстанцінаўна Шэрая, кіраўнік школьнага музея “Вілейшчына літаратурная”, краязнаўца Рогач Анатоль з Вілейкі, Кажамяка Уладзімір, кіраўнік літаратурна-краязнаўчага гуртка нашай школы, Аксана Ярашонак, наша настаўніца, як Зінаіда Крупская, Віктар Кажура, Клаўдзія Дубовік з Вілейкі і шмат хто яшчэ.

Наша раённая газета “Шлях Перамогі”, “Рэгіянальная газета” (Маладзечна), “Краязнаўчая газета”, часопіс “Куфэрак Віленшчыны” (Маладзечна) удала аб’ядноўваюць намаганні краязнаўцаў, друкуюць іх матэрыялы.

Тут дададзім, што на тэрыторыі Хаценчыцкага сельскага савета знаходзіцца буйная вёска Карпавічы, у ёй пражывае 317 чалавек, з іх 199 працаздольных, 53 пенсіянеры і 65 чалавек дапрацаздольнага ўзросту.

Яшчэ мы даведаліся, што ў Хаценчыцкай сярэдняй школе раней дырэктарам працаваў Будавей Яўген Іванавіч, гэта ён стварыў тут краязнаўчы музей, і ён напісаў кнігу “Хаценчыцкі край“. Дзякуй яму за гэтыя добрыя справы.

У Хаценчыцах жыў і памёр Бацяноўскі Дарафей Купрыянавіч—камандзір асобнага партызанскага атрада “Баец“, пры якім знаходзіліся Маладзечанскія падпольныя райкам партыі і райкам камсамола. Жонка Дарафея Купрыянавіча—Ніна Іосіфаўна (1918г.н.) жыве зараз у дачкі ў вёсцы Старынкі Альковіцкага сельскага савета. А ў Хаценчыцах жыве Луцкі Міхаіл Гаўрылавіч з 1922 года нараджэння. У гады вайны немцы вывезлі яго ў Германію. Ён яшчэ можа шмат чаго расказаць, як і Ніна Іосіфаўна Бацяноўская.

У вёсцы Храмцова Хаценчыцкага сельскага савета мае дачу Гайко Ганна Анатольеўна. Яна жыве ў Мінску. Яна ў Інтэрнэце, кажуць, змяшчае свае вершы, піша іх па-руску.

Пра вёску Дварэц мы ўжо згадвалі і пра Леанілу Антонаўну Міцько. Яна расказала нам яшчэ, што жыхары Дварца ў 1920г. Пісалі ліст да Леніна, і падпісалі яго нехта Смірноў і жыхар Дварца, бацька Леанілы Антонаўны, Папковіч Даніла Адамавіч Гэты ліст надрукаваны ў кнізе, якая выдадзена ў Мінску ў 1980 г.

А яшчэ Леаніла Антонаўна паведаміла, што да 1939 г. у многіх хаценчыцкіх вёсках стаялі памятныя знакі ў гонар Пілсуцкага, тагачаснага прэзідэнта Польшчы. Стаяў такі знак і ў Дварцы, а яшчэ ў Будзьках. Гэты памятны знак (апрацаваны камень-валун) перавезены ў Вілейку і там ляжыць цяпер на тэрыторыі раённых электрасетак, дзе кіраўніком працуе краязнавец Анатоль Рогач.

А зараз мы павінны вярнуцца назад у Батурына і па дарозе накіравацца ў бок Ільі, адсюль да яе 15 км., так інфармуе прыдарожны знак. Каля Батурына ўздоўж дарогі заўважаем сад аграфірмы “Лукавец”. Сад стары, і ён недагледжаны, што дрэнна. Зазначым, што апошнім часам калектыўныя сады паўсюдна або знішчаны, або запушчаны. Не па-гаспадарску гэта робіцца, лічым мы.

А вось пафарбаваны штакетны плот каля Батурына ўздоўж дарогі глядзіцца добра. За гэта трэба пахваліць тых, хто яго зрабіў.

Уздоўж дарогі пайшоў лес. За лесам адкрываецца вядомая ў раёне вёска Навасёлкі. Тут у гады вайны знаходзіўся штаб партызанскай брыгады імя М. В. Фрунзе і падпольны Ільянскі райкам партыі. Цяпер у вёсцы стаіць помнік у іх гонар.

А на другім баку праз дарогу ў лесе насупраць вёскі знаходзяцца партызанскія зямлянкі. Яны знаходзяцца пад аховай. Сюды можна прыйсці і паглядзець, што яны сабой уяўляюць. Каля дарогі стаіць прывабны ўказальнік з чырвонай зоркай.

Даследванні нашых краязнаўцаў пра Навасёлкі і партызанскія зямлянкі мы змяшчаем у дадатку.

Неўзабаве ад дарогі, па якой мы рухаемся, адыходзіць дарога ўправа – яна ідзе на Брыгідава, Сакалоўку і далей на Боркі, Любчу, Малявічы і Улыдыкі, дзе ў лесе каля дарогі пахаваны паўстанцы 1863 года. Школьныя краязнаўцы апісалі гэтыя мясціны. Аналізаваць ці каменціраваць іх мы зараз не будзем, а змяшчаем для азнаямлення ў дадатку. Па гэтых мясцінах наша школа праводзіць экскурсіі для вучняў. Вучні даглядаюць мемарыял “Любча” і помнік на магіле ў Борках, дабраўпарадкоўваюць іх. Нельга не пабываць у гэтых мясцінах, святых і гераічных. Вось толькі прыдарожныя ўказальнікі тут пакуль не пастаўлены, і многія людзі не ведаюць пра магілы, якія тут ёсць, і што там стаяць помнікі.

Пасля паварота на Сакалоўку па дарозе на Ілью мы неўзабаве трапляем у Старынкі. Вёска стаіць каля самай шашы злева. На ўскраіне вёскі – высокі абеліск на брацкай магіле. Тут трэба спыніццца. Нашы школьныя даследчыкі тут былі не раз. Іх апісанне змешчана ў дадатку, і з ім можна пазнаёміцца кожнаму.

Надалёка ад Старынак захавалася польская стражніца – тут некалі праходзіла дзяржаўная мяжа. Стражніца захавалася ў добрым стане. Яна размешчана каля дарогі злева, але з-за кустоў з дарогі яна не бачна.

Мінуўшы пасля Старынак бярозавы лес уздоўж дарогі з абодвух бакоў, трапляем раптам на адкрытае поле. Злева каля лесу відно паселішча з цікавай назвай “Саколле-Вугал”. Даведваемся, што ў 1851 г. гэта быў засценак у маёнтку Баброўка, уласнасць Яна Хаецкага. У 1938г. – вёска, якая мела 14 двароў і 114 жыхароў. У 2003 г. вёска значна паменела: 13 двароў, 20 жыхароў.

Паходжанне назвы вёскі азначае аддаленае, глухое месца. Гэта вельмі праўдзіва.

Дарога ўправа тут вядзе ў вёску Новая Гута. Яна крыху бачна з дарогі. З кнігі “Памяць. Вілейскі раён” даведваемся, што ў 1800 годзе гэта была вёска ў маёнтку Ілья, і належала яна генерал-аншэфу Мікалаю Салтыкову. Вёска мела 26 двароў і 110 жыхароў, тут размяшчаўся шклозавод (ён быў перанесены сюды з Ільі), было 3 млыны, была праваслаўная царква. У 1938 г. вёска мела 45 двароў і 242 жыхары. У 2003 г. – 25 двароў, 42 жыхары.

Шклозавод з Новай Гуты з часам быў перанесены ў Залессе (пасёлак Партызанскі).

Пасёлак Партызанскі знаходзіцца ў 2 км. ад дарогі злева. Шклозавод тут ужо не працуе і мёртвымі стаяць печы і кацельня. Спробы запусціць завод не мелі поспехаў. Затое працуе піларама, другіх прадпрыемстваў не існуе.

Асуджаны на запусценне пасёлак! Як шкада. Але людзі тут жывуць, ездзяць на працу ў другія месцы, пакрысе яны спрабуюць адсюль выехаць. У пасёлак наведваюцца маршрутныя аўтобусы па добрай асфальтаванай дарозе. Вышка мабільнай сувязі паўстала тут побач. Пабудавана апошнім часам новая сярэдняя школа, але вучняў у ёй мала. Яшчэ існуе цяпер пабудаваная праваслаўная царква.

Некалі школьныя краязнаўцы пабывалі ў пасёлку і пакінулі свае запісы. Іх мы змяшчаем у дадатку.

Недалёка ад пасёлка Партызанскі па дарозе на Ілью знаходзяцца вёскі Залескія, Барысаўшчына. Школьныя краязнаўцы, якія тут жывуць, Ляшок Марыя і Спірыдовіч Даша, напісалі пра свае вёскі нарысы. Яны былі выдадзены школьным выдавецтвам асобнымі кніжачкамі. Гэтыя тэксты друкаваліся ў газеце “ЛіМ” і ў “Краязнаўчай газеце”. Іх мы змяшчаем у дадатку. Змяшчаем яшчэ і матэрыялы з краязнаўчага маршрута, знаёмцеся, калі ласка.

Па дарозе з Залескіх трэба прайсці не шмат лясной дарогай, каб апынуцца на скрыжаванні дарог: адна адыходзіць улева, у Ільянскае лясніцтва, а другая – направа, на Альхоўку (Адамавічы) і далей на Малявічы і Уладыкі. З Малявічамі і Уладыкамі мы ўжо пазнаёміліся раней. Матэрыялы пра Альхоўку (Адамавічы), занатаваныя нашымі краязнаўцамі, змешчаны ў дадатку.

Звесткі пра Ільянскае лясніцтва школьныя краязнаўцы сабралі таксама. Вось яны.

Плошча лясніцтва 6160 га. Плошча разбіта на 221 квартал з памерам 0,5 х 0,5, а сярэдняя плошча квартала складае 28 га. У агульнай плошчы лясніцтва удзельная вага пакрытых лесам зямель – 93,4%. Дрэвастой у асноўным сасновы.Лесагаспадарчая частка лясоў зялёнай зоны займае 5703 га, акрамя таго 313 – гэта ахоўныя палосы ўздоўж дарог, 144 га – лясы санітарнай аховы.

У лясніцтве ўтвораны тры ўчасткі, якімі кіруюць майстры : №1 – Максімовіч Юрый Мікалаевіч, №2 – Пашковіч Алег Фёдаравіч, №3 – Шпак Андрэй Алегавіч.

З 01.03.1998 года лясніцтвам кіруе Кавалёў Андрэй Анатольевіч, выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, які да гэтага працаваў у Быхаўскім лясхозе.

Намеснікам ляснічага працуе Ерашонак Рыгор Сямёнавіч з 1975 года, а галоўным бухгалтарам з 1976 года працуе Малееева Леаніла Іванаўна.

У розныя гады Ільянскае лясніцтва ўзначальвалі : Брыль Л.І. – 1945 –1949 г.г., Шушкевіч А.П. – 1949 –1950 г.г., Кунцэвіч В.А. –1950-1952 г.г., Рахімкулаў А.С. – 1952-1957 г.г, Шкраба І.А. –1957-1966 г.г, Клопаў В.В. – 1966-1969 г.г, Петрыкоўскі М.А.-1969-1970 г.г, Данілевіч Б.А.-1970-1974 г.г, Панфіль Ніна Сцяпанаўна –1974-1998 г.г., Кавалёў Андрэй Анатольевіч – з 1998 г.

Круглы год у лесе ідзе напружаная работа, кіпіць жыццё. Штогод праводзіцца загатоўка драўніны, пасадкі лесу (у 2008 г. плануецца пасадзіць 100 га) і планы гэтыя спраўна выконваюцца. На 100% забяспечваюцца дрывамі з лесу жыхары і арганізацыі. Драўніна хвойных парод ідзе на экспарт у Швецыю, Польшчу, Расію, канкрэтна на Калінінградскі цэлюлозны камбінат, а яшчэ на Рэчыцкі гідролізны завод Гомельскай вобласці.

Розныя мясцовыя арганізацыі выкарыстоўваюць для сваіх мэт драўніну лясніцтва, у тым ліку, гэта ЖКГ, райспажыўсаюз, Мінскі мэблевы цэнтр у Ільі, цэх перапрацоўкі драўніны “Рэчкі”, мэблевая фабрыка.

Выконваюцца планы пабочнага карыстання – нарыхтоўка грыбоў, ягад, лекавых траў, бярозавага соку, сена.

У зімні перыяд лес, нібыта, спіць. Але і ў гэты перыяд тут выконваюцца аб’ёмы лесанарыхтоўкі, нарыхтоўкі насення сасны, елкі і яго пераапрацоўка (сушка), праводзяцца падкормкі жывёл і птушак і інш. Да Новага года леснікі рыхтуюць лясных прыгажунь – елкі, для гэтага ў лясніцтве ёсць іх плантацыя.

У лясніцтве шмат спелага лесу, але гэта ў асноўным асіннікі і бярэзнікі і мала хваёвага лесу. Рэдкія пароды дрэў растуць тут: арэх манжурскі, лістоўніца даурская, сасна Банкса, сасна Веймутава. Уводзіцца ў культуру дуб чырвоны.

Асноўная хвароба лесу – гэта ўсыханне яловых насаджэнняў у выніку паніжэння ўзроўню грунтовых вод.

Галоўнай небяспекай для лесу з’яўляецца пажар. Апошні пажар тут назіраўся ў 2002 годзе. Папярэджванне ўзнікнення пажараў – галоўная забота працаўнікоў лесу. Яны праводзяць гутаркі з насельніцтвам, праводзяць асобныя забаронныя мерапрыемствы, ствараюць супрацьпажарныя разрывы, назіранні за лесм з мэтай своечасовага выяўлення пажараў.

Ёсць у лясніцтве і свой невялікі пітомнік , дзе растуць ёлка, ясень, клён, дуб. А вось пчоламі ў лясніцтве пакуль не займаюцца, цэнтральны пчальнік ёсць толькі ў Латыгалі пры Вязынскім лясніцтве.

Створана лесапаляўнічая гаспадрка на плошчы 6350 га, а з 1998 года створаны ўзнаўленчы ўчастак плошчай 3120 га. У выніку павялічваецца колькасць лася, кабана, з’явілася, нават, чацвёра аленей. Сустракаецца рысь, мядзведзь. Паляванне дазволена толькі па ліцэнзіі на лася, кабана, казулю. Значна павялічылася колькасць баброў, ёсць яноты, вавёрка, куніца, лісіца. Што датычыць барсука, то сустракаюцца толькі яго даўнія пасяленні, дзе захаваліся толькі барсучыныя норы, а барсукоў у іх няма.

Па лесе яшчэ шмат бегае зайцоў. Кажуць “не вучыце шчупака плаваць, а зайца – бегаць” І вось зайцы бегаюць як коні не толькі па лесе, а і па палях, па шашы, па вёсках, бегаюць прама і кругамі, хітра манеўрыруючы і заблытваючы свой след. Сустракаюцца зайцы белякі і русакі. Калі яны сустракаюцца, то ў іх нараджаюцца зусім жыццяздольныя дзеці, якіх называюць ні як- небудзь, а тумакамі.

А вось ваўкоў у лесе ўжо няма. Нядобра гэта, кажуць.

З рэдкіх птушак на тэрыторыі лясніцтва сустракаецца чорны бусел і гняздзіцца белая чапля.

Для жывёл і птушак ствараюцца спецыяльныя падкормачныя комплексы, дзе ёсць саланцы, падкормачныя пляцоўкі, назіральныя вышкі.

У месцах адпачынку для людзей, на граніцах лясных тэрыторый, проста ў лесе стаяць прыгожыя альтагкі.

Пры лясніцтве працуе школьнае лясніцтва. Юныя ляснікі дапамагаюць садзіць лес, даглядаць яго, збіраць насенне, прыязджаюць сюды на экскурсіі, збіраюць грыбы, ягады, лекавыя расліны, размяшчаюць сінічнікі.

Адзначым яшчэ і тое, што за лясніцтвам замацаваны мемарыяльны комплекс “Боркі” і там вядзецца догляд помнікаў, добраўпарадкаванне мясцовасці.

Дзейнічае ў лесе экалагічная сцежка . Тут вядзецца назіранне за жыццём лесу, яго насельнікамі.

Пры лясніцтве створаны 2 кропкі пастаяннага маніторынгу (назірання) ад ААН. На гэтай тэрыторыі ніякіх лесагаспадарчых мерапрыемстваў не праводзіцца акрамя назірання. Назіранні праводзяць прадстаўнікі інстытута лесу, яны збіраюць матэрыял па сасняку і асінніку і аналізуюць яго, робяць вывады.

Радыяцыйнае забруджванне выяўлена ў 5 кварталах да 5 кюры на кв.км у раёне вёскі Новая Гута. Тут існуюць пасты кантролю.

Ахову леса вядуць клапатлівыя працаўнікі – ляснікі. Лепшыя з іх – Ясінскі Георгій Мікалаевіч, яго абход заўсёды знаходзіцца ў добрым стане. Выконвае нормы выпрацоўкі лесаруб Альшук Уладзімір Пятровіч. Бабкевіч Валянцін Францавіч выдатны майстра, ён умее ўсё рабіць як цясляр, сталяр. Прыгожыя альтанкі – яго рук праца.

Першае месца трымае Ільянскае лясніцтва сярод усіх лясніцтваў Вілейскага раёна. Мае за гэта пэўныя ўзнагароды і матэрыяльныя, у тым ліку, як матацыкл, магнітафон, тэлевізар.

Тэрыторыя самаго лясніцтва знаходзіцца ў добрым стане, добраўпарадкаванню тут надаецца асаблівая ўвага.

Беларусь – лясная краіна. Тут шмат існуе розных паданняў, звязаных з лесам. Напрыклад, лічыцца, што ў лесе пасяліліся лешыя, кікімры, лесавікі, нейкія шышычы лясныя, духі дрэваў, духі вятроў.

Лесавік захоўвае лес, ён умее пераўтварацца ў лясных звяроў а то і ў старца.

Ён можа папрасіць у чалавека дапамогі, падкінуць яму параненае птушанё, можа напужаць чалавека і звесці яго хатнюю жывёлу. А можа і ахоўваць чалавека і яго жывёл. І гэта важна, бо раней чалавек жыў у лесе, бо палёў тады проста не існавала. Лесавік, неспадабаўшы чалавека, можа абысці вакол яго і чалавек будзе блукаць па лесе. Лесавік можа прыняць вобраз чалавека і размовамі зазваць каго-небудзь у гушчар. Пры гэтым карысна ведаць, каб распазнаць лесавіка, што ў такога чалавека-лесавіка вопратка зашпільваецца наадварот. Лесавік любіць пужаць тых, хто зрабіў начлег на сцежцы, або пакінуў у лесе незатушаны агонь, хто пакідае смецце. Позняй восенню лесавікі стогнуць і плачуць у лесе.

Каб пазбегнуць няшчасця нашы продкі - славяне добра адносіліся да лесавіка, дзякавалі яму за грыбы і ягады, пакідалі на пяньках прысмакі для яго. А каб адпугнуць ад сябе лесавіка, які пачаў чалавека пужаць, жартаваць над ім, трэба было мець пры сабе часначынку, бо лесавікі баяцца гэтага паху і пакідаюць чалавека ў спакоі.

Было прынята яшчэ правіла: каб ссекчы дрэвы для пабудовы хаты, трэба было задобрыць дух гэтага дрэва, напрыклад, пачаставаць кавалкам хлеба і тады дух не будзе помсціць людзям і ў хаце будзе спакой. Тое ж самае трэба было рабіць , прыйшоўшы ў лес за грыбамі ці ягадамі – клалі у непрыкметным месцы кавалак пірага ці бліны са словамі просьбы. Лічылася, што за грыбы ў лесе адказваў лесавік Грыбоза, за ягады –Ягадзіч, за траву для жывёлы – Травоза, а за пчол – Пчоліч. Вось так.

Нарэшце, пакінуўшы лясніцтва, мы тут жа апынуліся на беразе ракі Іліі, на каменным мосце праз раку. Здзівіліся: на дарожным указальніку напісана так: “р. Ілля”. Гэта памылка – рака называецца Ілія. Трэба дарожнікам памылку гэту ліквідаваць.

Рака Ілія працякае ў Лагойскім і Вілейскім раёнах у басейне р. Вілія. Даўжыня 62 км. Плошча водазабору 1200 кв.км. Утвараецца ад зліцця рэк Каменка і Бачылаўка, цячэ па паўночна-заходніх схілах Мінскага ўзвышша, ніжэй па паўднёва-усходняй ускраіне Нарачана-Вілейскай нізіны. Асноўныя прытокі: Сліжанка, Мышкаўка, Выпрата, Жучок, Рыбчанка (злева), Дроздка (справа). Даліна ракі невыразная шырынёй 2-3 км. Пойма забалочаная, нізкая, шырынёй 300-500 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 25 км каналізаванае, ніжэй звілістае. Берагі крутыя, месцамі абрывістыя. Шырыня ракі пры ўпадзенні цяпер ужо у Вілейскае вадасховішча- да 20м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,8 м3 /с. Вадасбор 1220 км 2 . Прымае сцёк з меліярацыйных каналаў. У ніжнім цячэнні Іліі зона адпачынку Вілейка.У даліне Ілія - Гайна на тэрыторыі Лагойскага раёна заалагічны заказнік Антонава.

Каля вёскі Ілья праз раку пабудавана 3 масты, 2 з іх пешаходныя і адзін на аўтатрасе Маладзечна- Лагойск.

Некалі на рацэ Ілія каля вёскі Ілья працаваў вадзяны млын. Млын належаў гаспадару Лямпрэхту (людзі звалі Лямпарт), апалячанаму немцу ці то нямецкаму паляку. Ён жыў у Ільі там, дзе зараз знаходзіцца сяліба Шалухі. Загадваў млынам Іван Філістовіч (Ванька Млынавы), ільянскі жыхар, жыў за рэчкай у Старай Гуце. Ён быў абраны дэлегатам у Беласток на аб’яднаны з’езд, дзе прымалася рашэнне аб далучэнні да СССР Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. Пазней яго выбралі дэпутатам Вярхоўнага савета Беларусі.

На млыне малолі зерне на муку простага памолу і шабраваную, выраблялі крупы. Млынок быў невялікіх памераў, вядома, мелася плаціна і вада праз адкрытыя застаўкі вылівалася на вадзяное кола, якое круцілася і праз сістэму перадач прыводзіла ў рух камяні жорнаў. Працавала і дынамамашына, якая вырабляла электрычны ток для асвятлення самаго млына.

У 1918-1920 г.г. па р. Іліі праходзіла дзяржаўная мяжа паміж Савецкай Расіяй і буржуазнай Польшчай. У выніку паспяховага наступлення польскай арміі, мяжа была перанесена далей на ўсход і праходзіла паблізу в.Старынкі, дзе да цяперашняга часу захаваўся блок-пост, пабудаваны з бетону - стражніца.

З кожным годам рака ўсё больш забруджваецца рознымі сцёкамі і ў гэтым плане патрабуе больш сур’ёзнай аховы. Ільянскія школьнікі праводзяць вялікую работу па вывучэнню праблем ракі і яе ахове.

З легенд вядома, што рэкі і нават ручаі маюць сваіх духаў – ахоўнікаў. Гэта русалкі і вадзяныя. Вадзяныя абчапляныя водарасцямі, жывуць у вірах. Яны пасуць рыбу, назіраюць за чысцінёй вады, захоўваннем рыбных запасаў – гэта гаспадары вадаёмаў, справядлівыя і старанныя. І яны не пакрыўдзяць таго, хто бярэ з вадаёму не больш, чым яму патрэбна. Толькі ж трэба не забываць прыносіць вадзяному прынашэнне: горстку зерня, акраец хлеба – і тады лаві сабе рыбу ў меру.

Кажуць, калі ў адной вёсцы людзі перагарадзілі невялікую раку і ўсю рыбу пабілі восцямі, то вадзяны раззлаваўся на людзей і змыў на наступны год вёску у час разводдзя ды так, што і памяці пра яе не засталося.

Жаночыя духі вады – вадзяніцы, русалкі, шаўкі выплываюць на паверхню вады ў ноч і плешчуцца ў вірах. Яны спяваюць прыгожыя песні і заманьваюць да сябе прахожых з нячыстым сумленнем, цягнуць іх у ваду і топяць. На Купалу ў русалак вялікае свята, на якое яны набываюць жаночы воблік і шукаюць сабе каханых.У купальскую ноч яны асабліва моцныя і прывабныя, і скачуць у хараводах разам з усімі.

А вось берагіні ахоўваюць людзей, якія жывуць каля вады, ад злых духаў і дапамагаюць тым людзям, якія раптам пачынаюць тапіцца, выратоўваюць дзяцей, якія пачынаюць тапіцца ў вадзе.

Калі чалавек утварыў рэчцы зло, то ўсе вадзяныя духі будуць яму помсціць і старацца яго загубіць. У цяперашні час людзі дарэмна забылі аб вадзяных духах і ім няма чаго добрага чакаць ад вады – цяпер яна стала вельмі небяспечнай.

Каля рэчак, і не толькі, бывае шмат балот і там жывуць балотнікі і балотніцы – гэта страшныя крыксы, хмыры балотныя, каракандалы – усе яны памочнікі Ліха Аднавокага і пастаянна крыўдзяць людзей, зазываюць іх у трасіну і топяць там.

Узнікае справядлівае пытанне: адкуль з’явіліся ўсе гэтыя чарадзеі? Дык вось, аказваецца, якая справа. Кажуць, што калі Бог Сварог ствараў людзей, то ён біў залатым молатам па Алатырскаму камню і выляталі залатыя іскры ва ўсе бакі, з іх і нарадзіліся людзі. Недарэмна кажуць у Ведах, што “ Мы як іскры у гэтым свеце”. Пасля Чорнаму Змею стала зайздросна, і ён вырашыў таксама стварыць сабе служкаў і пачаў біць па Алатырскаму камню сваім чорным малатком. Толькі вось людзей у яго не атрымалася, а нарадзіліся з чорных іскраў розныя істоты не падобныя на людзей ( без божай іскры) – лешыя, валкалакі, упыры, вампіры, русалкі, беражні, хатнічкі, чэрці, хмыры, балотныя гмуры, гномы волатанамы, эльфы і істоты, блізкія да людзей. І атрымалася так, што некаторыя з іх пачалі жыць побач з людзьмі і змаглі часткова пазбавіцца ад свайго чорнага нараджэння, а людзі, між тым, наадварот, сталі пераймаць ад іх чорны ўзор жыцця. Ці было гэта так на самай справе? Але ўсё на свеце бывае, і гэта таксама можа быць, як напісана ў казках.

За ракой Іліяй амаль адразу пачынаецца вёска Ілья, якая і сваю назву атрымала, відаць, ад назвы ракі Іліі (ільная рака). Ілья мае каардынаты 540 481 пн.ш., 270 301 у.д.

На 01.01.2008 г. у вёсцы пражывала 1214 жыхароў. Звесткі аб вёсцы Ілья прыводзім поўнасцю так, як аб гэтым напісана ў кнізе “Памяць. Вілейскі раён”. “Ілья, вёска, цэнтр сельсавета. У 1473 г. маёнтак, уласнасць Багдана Андрэевіча Саковіча, маршалка дворнага, намесніка браслаўскага, у 1546 г. – Фрыдрыха Іванавіча Сапегі, у 1552 г. – князя Стафана Андрэевіча Збаражскага, ваяводы трокскага. У 1572 г. маёнтак і мястэчка – уласнасць Барбары Ёрданаўны з Заклічына, кашталянавай кракаўскай. У 1582 г. маёнтак Яна Глябовіча, кашталяна менскага, падскарбія земскага і пісара ВКЛ. У маёнтку ёсць сяльцо Крываносы. У 1613 г. маёнтак Мікалая Глябовіча, ваяводы смаленскага. У 1650 г., паводле інвентара, мястэчка складалася з рыначнай плошчы і трох вуліц, было 93 двары, 10 корчмаў, новапабудаваны касцёл (царква згарэла незадоўга да складання інвентара). З 1754 г. графства Ільскае, уласнасць Брыгіды, з Радзівілаў, Яна Салагуба. У 1795 г. маёнтак, уласнасць Міхала Клеафаса Агінскага, падскарбія ВКЛ; канфіскаваны ў казну і падараваны графу Мікалаю Іванавічу Салтыкову, генерал-аншэфу. У 1800 г. мястэчка Ілья – сумесная ўласнасць генрал-аншэфа Мікалая Салтыкова і ільянскай каталіцкай плябаніі: 112 сялянскіх двароў, 361 жыхар; яўрэяў-мяшчан - 133; касцёл каталіцкі, царква уніяцкая; 2 кірмашы штогод. У 1829 г. маёнткам валодае Станіслаў Міхайлавіч Радзішэўскі, у час паўстання 1830-1831 гг. – ваенны начальнік Віленскага павета. Пасля 1831 г. маёнтак канфіскаваны ў казну. У 1857 г. мястэчка, уласнасць казны: 103 двары, 478 жыхароў. У 1886 г. мястэчка казённае, у Вязынскай воласці: 40 двароў, 318 жыхароў; 2 царквы, школа, таргі па нядзелях, 2 кірмашы штогод. У 1938 г. цэнтр вясковай гміны, мястэчка, 236 двароў, 1333 жыхары і лясная старожка (1 двор, 5 жыхароў). У 2003 г. вёска, 542 двары, 1626 жыхароў; сярэдняя школа, вучэбна-вытворчы камбінат, дзіцячы сад, дзіцячас музычная школа, сельскагаспадарчы тэхнікум, бібліятэка, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, клуб, 5 магазінаў, сталовая і шэраг іншых устаноў.”

Матэрыялы, сабраныя школьнымі краязнаўцам і аб Ільі, і аб размешчаных тут краязнаўчых аб’ектах, прыводзім поўнасцю і пачынаем гэта рабіць з Аляксандра Судніковіча, вучня нашай школы, які прапанаваў свой нарыс “Ці ведаеце вы, што…” Вёска Ілья вядома з 1473 года як двор браслаўскага намесніка Саковіча Б. А. Першапачаткова тут было пабудавана 2 хаты.

Старая назва вёскі – Іля. Лічыцца, што гэта назва ўтварылася ад ракі Ілія (ільная рака). Ёсць яшчэ меркаванне, што сваю назву паселішча атрымала ў гонар прарока Іллі. Яшчэ захаваліся і такія назвы: Старая Іля, Новая Іля. Цяперашняя назва вёскі – Ілья або Ілля.

Некалі вёска Ілья была ўласнасцю Міхаіла Клеафаса Агінскага, вядомага кампазітара.

Праз вёску Ілью планавалася правесці чыгунку з Маладзечна на Плешчаніцы.

У Ільі жыў і працаваў Іліер Менашэ - расійскі равінскі аўтар і філосаф. Ён нарадзіўся ў 1767 годзе ў Смаргоні. Пражыў 64 гады.Другі раз ажаніўся з дачкой ільянскага гандляра і ў Ільі пражыў большую частку свайго жыцця. Памёр у 1831 годзе ў час халернай эпідэміі. Пахаваны на старых яўрэйскіх могілках у Ільі. А. Салжаніцын напісаў аб ім так: ”Менаше Илиер, выдающийся талмудист, но и поборник просвещения. В 1807 году напечатал и разослал раввинам свою книгу (вскоре изъятую раввинатом из обращения, а следующая его книга подвержена массовому сожжению), в которой отмечал тёмные стороны еврейской жизни”.

У час Паўночнай вайны у Ільі былі шведы ў 1708 годзе. Яны ішлі на Маскву. Захаваўся старажытны запіс: “Курган – шведская могила – находится также во дворе крестьянина в м. Илья Шушкевича” . Жыхар вёскі Шушкевіч Аляксандр Пятровіч падцвердзіў, што курган быў на агародзе яго бацькі. Паступова ён знік, яго раскапалі.

Праз Ілью ў 1812 годзе са Старынак (Альковіцкі сельсавет) на Вязынь і далей на Маладзечна праязджаў Напалеон. Ён уцякаў ад рускай арміі, кінуўшы сваіх салдат, жывых і мёртвых.

У Ільі была заснавана і працавала шклогута (завод па вырабу шкла). Захаваліся рэшткі Ільянскай шклогуты - месца, дзе яна знаходзілася на невялічкім узвышшы каля дарогі Ілья - Краснае з правага боку там, дзе адыходзіць дарога на Старую Гуту. Цяпер на гэтым месцы размешчаны агарод, дзе садзяць бульбу. Тут у зямлі знаходзяць апаленае шкло. Кавалкі такога шкла захоўваюцца ў школьным краязнаўчым музеі. На старым шклозаводзе выраблялі шкляны посуд і аконнае шкло.

У Ільі ёсць два царковішчы – месцы, дзе раней стаялі цэрквы. Іх разбурылі ў 50-х гадах мінулага стагоддзя па загадзе тагачасных улад. Адна царква знаходзілася там, дзе цяпер сквер каля аўтастанцыі. А на месцы другой царквы пабудавалі кінатэатар.

Цяпер у Ільі ёсць дзеючыя Свята-Іллінская царква, касцёл “Найсвяцейшае сэрца Езуса”, малітоўны дом ХВЕ (Хрысціян веры евангельскай).

Звесткі, атрыманыя ад Аляксандара Судніковіча, мы хочам дапоўніць. У Ільі працавала ў школе настаўніцай Эмілія Кунавіч, вядомая польская пісьменніца, і матэрыялы аб яе жыцці і творчасці захоўваюцца ў школьным музеі “Вілейшчына літаратурная”.

У часопісе “Куфэрак Віленшчыны” надрукавана эсэ аб Ганне Сухой, якая нарадзілася ў Ільі ў 1913 годзе, скончыла Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя, працавала настаўніцай у Ільі і Вілейцы ў час нямецкай акупацыі, а пасля вайны была асуджана на 5 гадоў лагера. Рэабілітавана. Апошнія гады жыла ў Мінску. Памерла ў 1995 годзе.

У Ільі бываў Янка Купала, калі прыязджаў на шклозавод у Залессе і надрукаваў апасля свой артыкул аб шклозаводзе ў газеце “Наша Ніва”.

У Ільі пры сінагозе вучыўся вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля.

У Ільі ў час нямецкай акупацыі (жнівень-лістапад 1942 г.) жыў вядомы беларускі паэт Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк) і напісаў тут свае цудоўныя вершы “Восень”, “У мроях” і “Маладэчна”.

Ілью неаднаразова наведваў народны пісьменнік беларусі Янка Брыль, калі выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Апасля ён прысылаў свае лісты ў школьны музей “Вілейшчына літаратурная”, дзе яны і захоўваюцца цяпер.

Да вайны ў Ільі жыло шмат яўрэяў, і Ілья лічылася яўрэйскім мястэчкам. У 1847 г. тут пражывала 894 яўрэі, у 1921 – 456, а ў перадваенныя гады – 586 чалавек.

У гады нямецкай акупацыі ў Ільі дзейнічала антыфашысцкае падполле. Матэрыял аб гэтым захоўваецца ў школьным краязнаўчым музеі (“Непахісныя”, У. Кажамяка).

У гады вайны немцы масава знішчалі ў Ільі не толькі яўрэяў, а і палякаў. Па некаторых звестках іх знішчылі 26 чалавек, у тым ліку ксяндза, дырэктара школы Дзічканца Пятра і асцюковіцкую памешчыцу Соф’ю Тукала.

У Ільі быў помнік-капліца, пабудаваны ў гонар загінуўшых каля вёскі Уладыкі паўстанцаў у 1863 годзе. У 50-х гадах мінулага стагоддзя помнік разбурылі, ён не адноўлены.

У 1940 годзе быў утвораны Ільянскі раён, ліквідавалі яго ў 1957 годзе і далучылі да Вілейскага раёна.

У апошнія гады ў Ільі ўзніклі новы вуліцы: Маладзёжная, Лугавая, Сонечная, там пабудаваны сучасныя дамы.

Іншыя звесткі аб Ільі ўтрымлівае краязнаўчыя маршруты “Ільянскія далягляды”-1, 2, 3.

На тэрыторыі Ільянскага сельскага савета пражываюць 6 інвалідаў Вялікай Айчынай вайны, 6 удзельнікаў гэтай вайны, 15 вязняў нямецкіх канцлагераў( 5 асоб узнагароджаны ардэнамі і медалямі ў гады вайны), 4 воіны-ітэрнацыяналісты, 640 адзінока пражываючых грамадзян, 37 шматдзетных сем’яў, 15 сем’яў з дзецьмі інвалідамі.

На тэрыторыі Ільянскага сельскага савета на 01.01.2008г. знаходзіцца 28 населеных пунктаў. З іх найбольш буйныя па колькасці насельніцтва: Ілья—1214 чалавек, п. Партызанскі—719, вёска Абадоўцы—329, в. Забар’е—118, в. Баяры—94, в. Асцюковічы—93, в. Дварэц—85, в. Казлы—84, в. Кавалі—63, в. Каўшэвічы—42. А вось статыстыка 5-гадовай даўнасці:



 

усяго

дапрацаздольнага ўзросту

працаздольнага ўзросту

пасля працаздольнага ўзросту

Ілья

1626

322

934

370

Барсукі

17

3

10

4

Баяры

115

25

44

46

Будзішча

34

5

17

12

Безводнае

43

0

14

29

Дварэц

93

17

37

39

Гараватка

3

0

0

3

Зарэчча

16

4

6

6

Забар'е

153

28

56

69

Іл.хутара

22

5

10

7

Карытніца

29

2

10

35

Каўшэвічы

47

7

23

28

Капусціна

58

0

6

22

Крыніца1

41

9

12

20

Крыніца2

5

0

1

4

Кавалі

79

3

2

42

Калодчына

4

19

13

32

Казлы

118

1

33

66

Катоўка

1

2

0

1

Лёпаўчшына

13

10

5

7

Альхоўка

5

2

2

1

Абадоўцы

375

101

186

89

Асцюковічы

99

28

4

30

П.Партызанскі

805

205

404

196

Суднікі

34

3

 

22

Сакалы

1

0

0

1

Шчарачыха

13

4

4

8

Цагельня

10

2

2

8

усяго

3907

799

1907

1197

Па аднаму чалавеку жывуць у в. Сакалы і в. Катоўка, 3—у в. Гараватцы, 4—у в. Крыніца-2, 6—у в. Альхоўка (Адамавічы).

Ніжэй прыводзім для параўнання дадзеныя аб колькасці насельніцтва на тэрыторыі цяперашняга Ільянскага сельскага савета ў розныя гады



 

1921


2003

2008

Ілья

1457


1626

1214

Барсукі




17

13

Баяры




115

94

Будзішча




34

25

Безводнае




43

33

Дварэц

136

93

85

Гараватка




3

3

Зарэчча




16

18

Забар'е




153

118

Іл.хутары




22

21

Карытніца

200

29

34

Каўшэвічы

182

47

42

Капусціна

123

58

21

Крыніца1

66

41

30

Крыніца2




5

4

Кавалі




79

63

Калодчына

8

4

42

Казлы




118

84

Катоўка




1

1

Лёпаўчшына

62

13

9

Альхоўка

28

5

6

Абадоўцы

123

375

329

Асцюковічы

141

99

93

П.Партызанскі




805

719

Суднікі




34

28

Сакалы




1

1

Шарачыха




13

9

Цагельня

28

10

10

Гарыдаўка

4







Старая Гута

120







Маяк

6







Альшынка

21







Пянькоўка

4







Паграбішча (фальварак)

28







Паграбішча

70







усяго




3907

3149

Цікавымі з’яўляюцца і гэтыя звесткі аб размешчаных у в. Ільі ўстаноў і арганізацый: сельвыканкам, сельскі дом культуры, сельская бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў, участковая бальніца, адзяленне сувязі, вузел электрасувязі, апорна-эксплуатацыйны пункт “Маладзечанскія электрасеткі”, участак ДРБУ-162, участак ГУП “ Вілейскае ЖКГ “, дзяржаўны аграрны коледж, УП “Коопзаготпром”, бар, аптэка, КПП (комплексны прыёмны пункт), дзіцячы сад-яслі, участак РКУП “ Вілейскі вадаканал “, ПАВП-14, аддзяленне “ Беларусбанк ”, 6 магазінаў.

Неабходна хаця б коратка азнаёміцца яшчэ з аграфірмай “Ілья”. Аграфірма “Ілья” ЗАТ “РАСТЭМ” утворана ў верасні 2004 года. Гэта уласнасць бізнесмена Юрыя Робертавіча Авер’янава. Раней тут існаваў саўгас, а потым калгас “Абадоўцы”, які зрабіўся эканамічна адсталай гаспадаркай.

Цэнтр аграфірмы знаходзіцца ў вёсцы Абадоўцы, і гаспадарка існуе ўжо 7 гадоў. Вялікіх поспехаў у эканоміцы тут пакуль што не дасягнута. Магчыма, гэта справа будучага.

Гаспадарка мае 4334 га зямлі, у тым ліку, раллі—2736га. 40,2% яе займаюць пасевы зерневых і зерне-бабовых культур. Яравые зерневые (ячмень, авёс) займаюць 22,5 % плошчы. У 2007 г. іх ураджайнасць склала 24,1 ц/га. Ураджайнасць жыта—27 ц/га, трыцекале—29,5 ц/га, кукуруза (зерне)—70 ц/га. Шмат плошчы займаюць травы пад сенажацямі пашай.

Бульбы ў 2007годзе садзілі толькі 5 га, агародніны—10 га.

Свіней у гаспадарцы не трымаюць. Ёсць коні - некалькі галоў. Жывёлагадоўчая галіна ў аграфірме “Ілья”, такім чынам, нязначная.

Землі Аграфірмы “Ілья” выходзяць на ўзбярэжжа Вілейскага вадасховішча. Гэта самы буйны штучны вадаём у Беларусі, асноўнае гідразбудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Плошча 64,6 км2. Найбольшая глыбіня 13 м. Даўжыня 27 км. Даўжыня берагавой лініі 137 км. Аб’ём вады 238 млн. м3 . Плошча водазбору 4120 км 2 .

Вадасховішча створана на рацэ Вілія пры зліцці яе з рэкамі Сэрвач, Ілія, Касутка, за 5 км на усход ад г.Вілейка ў 1973-1975 гадах для акумуляцыі і перакіду вады ў Свіслач. Расход вады: скід праз плаціну ў Вілію (75 %), забор у Вілейска-Мінскую водную сістэму (20 %) і на арашэнне. Берагавая лінія слаба зрэзана, але ёсць буйныя залівы, куды ўпадаюць рэкі. Берагі нізкія (вышыня 0.5-1м), у выніку абразійна-абвальных і эразійных працэсаў каля 25% з іх падвергнута размыву, частка берагоў замацавана. На паўдневым беразе пясчаныя пляжы шырынёй 50-100 м., 10 астравоў, берагі, якіх таксама актыўна размываюцца. Дно выслана пяском, пад тарфянікамі каля 15 % плошчы.

Пераважаюць вятры паўднёва-заходніх і заходніх напрамкаў. Летам пры скорасці ветру 3-5 м/с вышыня хваль дасягае 0,2 - 0,5 м. Найбольшае хваляванне (да 1,5 м) пры вятрах заходняга напрамку. Летам паверхневыя воды праграюцца да 18-22 0 С, прыбярэжныя і мелкаводныя ўчасткі да 240 С. Замярзае ў пачатку снежня, лёд (таўшчыня да 60-70 см.) трымаецца да сярэдзіны красавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 2 м. Празрыстасць вады павялічваецца ад вярхоўя (1-1,5м) да плаціны (да 2,5м). Зарастае слаба (да 10 % плшчы). У сярэдзіне чэрвеня назіраецца масавае развіцце сіне-зяленых водарасцей (“цвіценне вады”), адміранне якіх у асенні перыяд значна пагаршае якасць вады. Птушкі сустракаліся кожны дзень. Буслоў, варон, сарок, дзікіх галубоў, соек, зязюль, крыжанак, лысух засталося столькі ж, колькі і раней. Значна больш стала лебедзяў, чапляў, чаек і вераб'ёў. Апошнія амаль зніклі пасля Чарнобыльскай аварыі ў 1986 годзе. Не сустрэўся ні адзін чорны бусел, хаця на Віліі ёсць некалькі гняздоўяў. Менш стала глушцоў, цецерукоў, кулікоў, бакасаў, кнігавак, ястрабаў, дзятлаў.

Павялічылася колькасць калоній баброў. Яны актыўна будуюць плаціны на меліярацыйных каналах, падтопліваючы раней меліяраваныя сельгасугоддзі. Стала менш андатры. Яна з ракі перайшла ў старыцы.

Прыбярэжны лес зрыты дзікамі. Іх колькасць павялічылася ў параўнанні з 1977 годам і яшчэ больш - у параўнанні з 90-мі, калі здавалася, што браканьеры знішчылі ўсіх да аднаго.

Павялічылася колькасць лісаў і янотападобных сабак. Сляды ласёў і самі яны сустракаліся ў 1977 годзе значна часцей. У параўнанні з 90-мі іх колькасць цяпер узрасла, але ўсё-такі не дасягнула лічбы 30-гадовай даўнасці.

Вавёрак, куніц і тхароў засталося столькі ж, колькі і раней. У 2007 годзе сустракалася таксама і еўрапейская норка. Яшчэ засталіся барсукі, занесеныя ў Чырвоную кнігу.

Падлешчык, плотка, краснапёрка, акунь у Вілейскім вадасховішчы цяпер масава заражаныя легулёзам - хваробай, пры якой у рыбе жыве паразіт, легула. Ён перадаецца ад чаек. На чалавека, які есць такую рыбу, паразіт ніяк не ўплывае. Адзінае, з-за чаго можна не есці легулёзную рыбу, гэта эстэтычныя меркаванні. Трыццаць жа гадоў таму паразіт сустракаўся толькі ў адзінкавых асобінаў рыб.

У канале Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (ВМВС) імкліва ўзрастае колькасць бычка, зноў многа колюшкі, расце колькасць ратана. Менш сустракаецца ёрш. Цяпер у параўнанні з 1982 годам на нераст у канал ВМВС яго збіраецца ў сто разоў менш. Зменшылася колькасць куклянак (руск. "улитка"), пярловіц (па-народнаму "ракавінкі"), шыцікаў, вадамераў.

Ужо ніхто не ловіць на два кручкі келбу (пячкур), заходзячы па калена на пясчаную водмель і спецыяльна пераступаючы з нагі на нагу, каб узбаламуціць ваду. На пясчаную муць келба ішла касяком. За гадзіну хлопцы лавілі больш за сто штук.

Знікла самая рамантычная рыбалка на сазана і шчупака - лучэнне (лоўля рыбы ўначы пры яркім асвятленні). Таксама Вілія настолькі абмялела, што лоўлю ведзяёй на двух лодках можна ўбачыць толькі вясной. Мала хто памятае рыбалоўную сетку, якая называлася саўкай. Пра яе ўзгадвае толькі назва Саўкін мост у Даўгінаўскім сельсавеце.

Колькасць рыбакоў-вудачнікаў і спінінгістаў значна ўзрасла на ўчастку Віліі перад самым пачаткам Вілейскага вадасховішча, пачынаючы ад вёскі Сцешыцы і пераходзячы ўласна на берагі вадасховішча.

Цяпер у Вілейскім вадасховішчы налічваецца 27 відаў рыб, што адносяцца да васьмі сем'яў. Дамінуюць прадстаўнікі сям'і карпавых (17 відаў). Сям'я акунёвых прадстаўленая трыма відамі (ёрш, акунь, судак), у той час як астатнія шэсць сем'яў маюць толькі па адным-двух відах.

3 рыб, характэрных для ракі Вілія, у вадасховішчы адсутнічаюць ручаёвая фарэль (стронга), харыус, рачны вугор, рыбец, падуст, вусач. Адной з прычын гэтага з'яўляецца адсутнасць у плаціне рыбахода. Стронга, харыус, вусач і рыбец уключаныя ў "Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь".

Гэта 55% складу іхтыяфауны вадаёма. 3-за вялікай колькасці асобінаў у лік прамысловых занесеныя такія каштоўныя віды, як судак, шчупак, лешч, язь, налім, а таксама малакаштоўныя - акунь, плотка, гусцяра.

У адпаведнасці з рыба-гаспадарчай класіфікацыяй Вілейскае вадасховішча адносіцца да ляшчова-судаковага тыпу. Прадуктыўнасць па розных крыніцах і ў розныя гады ацэньвалася ад 15 кг/га да 34 кг/га.



Сем’і рыб і іх доля (у %) у іхтыяфауне Вілейскага вадасховішча

Дынаміка пестыцыднай нагрузкі (кг/га) ў Вілейскім раёне ў 1977- 2007 гадах

3. Вывады, абагульненні і практычнае значэнне праведзеных даследванняў.
Такім чынам, Ільянская зона, на наш погляд, мае падставы быць зонай сельскага турызму, дзякуючы сваім геаграфа-краязнаўчым магчымасцям. Яшчэ літаратурнае краязнаўства чакае тут сваіх новых аўтараў, вучоных спецыялістаў, якія змогуць значна глыбей даследаваць нашу тэрыторыю і напісаць цікавыя літаратурныя і навуковыя працы. Магчымасці ў гэтай справе – бязмежныя.

Ільяншчына – найпрыгажэйшы, найцікавейшы куток нашай зямлі, аб гэтым мы сцвярджаем цяпер вельмі смела і ўпэўнена.

І гэта - наш асноўны вывад.

Лічым, што пара ў Ільі ствараць цэнтр турызма і краязнаўства, грунтоўна заняцца добраўпарадкаваннем усіх краязнаўчых аб’ектаў, у тым ліку, вёскі Ільі і навакольных вёсак, абавязкова трэба аднавіць страчаныя помнікі і стварыць для турыстаў прыдатныя ўмовы для адпачынку і пражывання.

Турысты, краязнаўцы, вучоныя, прыехаўшыя ў Ілью, могуць адсюль з’ездзіць у Будслаў і наведаць там знакаміты касцёл бернардзінцаў. У Будславе нарадзілася, там жыла і пахавана, Паўліна Вікенцьеўна Мядзёлка. Яна – прататып Паўлінкі ў творы Я. Купалы “Паўлінка”. Яе ўспаміны “Сцежкамі жыцця” надрукаваны ў часопісе “Полымя” №4 за 1944 год.

Без цяжкасцей з Ільі можна наведаць Ракуцёўшчыну, дзе ёсць музей М. Багдановіча і Пасадзец, дзе нарадзіўся З. Бядуля, і Вязынку – радзіму Купалы, і такія цікавыя мясціны, як Заслаўль, Залессе ў Смаргонскім раёне, Радашковічы, Вілейку, Маладзечна, Лагойск, Даўгінава і Мінск, вядома.

Трэба зрабіць усё так, каб ехалі да нас дзівіцца госці з Польшчы, Германіі, Ізраіля, Амерыкі, з іншых краін свету, з розных мясцін Беларусі, а больш нам ніхто не трэба.

Спіс літаратуры.

1. Антипов В.Г.Парки Белоруссии /В.Г.Антипов.-Минск, 1975.

2. 3.Беларусь: энцыклапедычны даведнік.-Мінск, 1995.

3. Белоруская ССР: краткая энциклопедия /под. ред.Шамякина И.П.- Минск, 1982.

4. Энцыклапедыя прыроды Беларусі /гал.рэд.Шамякін І.П.- Мінск, 1983.

5. Федорук А.Т.Старинные усадьбы Минского края \А.Т.Федорук.- Минск: полифакт, 2000.

6. Памяць.Вілейскі раён. Мінск, 2006.

7. Матэрялы школьнага краязнаўчага музея.

8. Матэрыялы музея “Вілейшчына літаратурная”

9. Краязнаўчыя маршруты “Ільянскія далягляды” -1, 2,3.

10.Газета “Шлях пеамогі”.

11.”Краязнаўчая газета”.

12. “Рэгіянальная газета”

13.Часопіс “Куфэрак Віленшчыны”.

Карта Вілейскага раёна





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка