I курса фiлалагічнага факультэта спецыяльнасцей: 1-21 05 01 «Беларуская філалогія» 1-21 05 02 «Руская філалогія» 1-21 05 04 «Славянская філалогія» мінск бду 2007




старонка7/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер1.95 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Узор запісу: Прыехалі сваты на двор…

(вясельная песня сватання)



Прыехалі сваты на двор,

Пусцілі стралу у акно.

Страла мая, страла,



Па што ты прыйшла,

Чы па мёд, па гарэлку,

Чы па красную дзеўку
Узглядзiны (дыялектныя варыянты – сугляды, змовiны,

запоiны, запiвiны, заповiны), малыя заручыны, малая

гарэлка, барышы, заручыны, ладзiны, запой

11. Запішыце песні, у якіх узгадваецца мясцовая назва гэтай часткі вяселля.



Узор запісу: Прыехалі на заручыны

(вясельная песня заручын)



Прыехалі на заручыны,

Там дзверы закручаны.

Мы дзверы круцілі,

Мы дзевачку заручылі.
Ехалі на запоіны,

Там дзверы закованы.

Мы ж дзверы адкавалі,

Мы дзевачку запівалі.
12. Якімі словамі запрашалі родных і вяскоўцаў на запоіны (заручыны і г. д.)?

13. Якiя песнi пераважалі на запоiнах i заручынах: велічальныя, заклінальныя, жартоўныя, лірычныя, рытуальныя? Хто спяваў?

14. Ці спявалі пад час гэтай часткі вяселля жартоўныя песні? Каму яны адрасаваліся (свату, дзяўчыне, маладому, інш.)?

Узор запісу: Як запівалі, заручалі…

(вясельная песня заручын)



Як запівалі, заручалі –

Сем кароў, казалі,

А як прыйшлося, у месца сышлося –

Адзін бычанёначак.

Як пайду даіць,

Адзін бык стаіць,

Я да яго з даёначкай,

Ён да мяне з капыцікам.
15. Ці выконваліся велічальныя песні?

Узор запісу: Ой, прыходзіць да дзяўчыны…

(вясельная песня заручын)



Ой, прыходзіць да дзяўчыны

Малады Ясенька, –

Сам бялявы, вус чарнявы,

Прыкрасна лічэнька…
16. Як пасля заручын у песнях называлася дзяўчына (запiтай, прапiтай, заедзенай яечняй i г. д.)?

17. Ці захаваліся ў вашай мясцовасці песні абрада «злучэння» маладых?



Узор запісу: Сучыся, пер’ейка, сучыся…

(вясельная песня заручын)



Сучыся, пер’ейка, сучыся,

Злучыся, Наташа, з Грышкаю, злучыся.

А ўжо пер’ейка ссучылась,

Наташка з Грышкаю злучылась.
18. Як, паводле песень, павінна была паводзіць сабе дзяўчына пасля заручын?
Зборная субота, дзявочы вечар (дыялектны варыянт – дзявiчы вечар), паненскi вечар, вянкi, зборны вечар, вечарына, дзявічкі, ёлка

19. Як у песнях вашай мясцовасці называўся вечар перад вяселлем, калi да нявесты прыходзілі яе сяброўкi?

20. Якое значэнне, паводле вясельных песень, мела зборная (суборная) субота?

21. Якія песні пераважалі ў гэты вечар ― сумныя ці вясёлыя?

22. Ці зафіксаваліся ў вясельных песнях асноўныя падзеі зборнай суботы: завіванне вянкоў, падрыхтоўка кветак для дружыны жаніха, падрыхтоўка вясельнага дрэўца – ёлкі, інш.?

Узоры запісаў: а). Сягоння субота, святы дзянёчак…

(вясельная песня дзявочага вечара)



Сягоння субота, святы дзянёчак,

Ой, субота, святы дзянёчак.
Віла Ганначка з руты вяночак,

Ой, віла з руты вяночак.
Ой, віла, віла, усё гаварыла,

Ой, віла, віла, усё гаварыла:
Мае дзевачкі, мае сястрыцы,

Вы мае дзевачкі, мае сястрыцы,
Радзьце радачку, што мне рабіці,

Ці замуж ісці, ці дзеўкай быці?
б). Наша ёлачка зіму і лецечка зелена…

(вясельная песня дзявочага вечара)



Наша ёлачка зіму і лецечка зелена,

Наша Ганначка ўсю нядзелю весела.
У пятніцу па ваду шла засмучона,

А ў суботу вяночак пляла, плакала
Пачатак вяселля

23. Ці існавалі ў вашай мясцовасці спецыяльныя песні, выкананне якіх азначала пачатак вяселля?



Узоры запісаў:

а). Развіваецца, развіваецца… б). Ты, святы Кузьма-Дзямьян…

(вясельная зачынальная песня) (вясельная зачынальная песня)



Развіваецца, развіваецца Ты, святы Кузьма-Дзямьян,

Ды ў гародзе зелечко, Да ты скуй нам свадзебку,

Зачынаецца, зачынаецца Да штоб крэпка-накрепка,

У Ганулі вяселечко. Да штоб вечна-навечна…

Бог ёй дае, Бог ёй дае,

Татулечко (матулечко, брацейка,

цётачко, суседзечко) спамагае…;

Каравай

Парада
Каравайныя песнi лепш запiсваць адпаведна ходу каравайнага абраду.
24. Колькі караваяў, паводле вясельных песень, было прынята гатаваць у вашай мясцовасці?

25. Хто і якімі словамі прасіў благаславення рашчыняць каравай (г. зн. рыхтаваць цеста для каравая)?



Узор запісу: «Хросная старэйшая маці перад тым, як сыпаць у дзяжу муку, просіць благаславення:

Благаславіце, айцец, маці,



І ўся родзінонька ў хаце,

Маладой Ганульцы каравай рашчыняці».
26. Ці спявалі песні, калі рашчынялі каравай?

27. Хто, паводле песень, прымаў удзел у прыгатаванні каравая (старшая каравайніца, каравайнік, маці, інш.)?

28. Якія песні спявалі, замешваючы каравай: заклінальныя, велічальныя, інш.?

29. Чым займаліся каравайнікі, пакуль цеста падыходзіла? Ці спявалі ў гэты час песні?

30. Хто ляпіў каравай? Ці спявалі пры гэтым песні? Якія?

31. Ці спявалі песні, калі садзілі каравай у печ?

32. Якія песні выконвалі, калі вынімалі каравай з печы?

33. Як у песнях ілюструецца працэс упрыгожвання каравая?



Узор запісу: Убірайся, коровай…

(каравайная песня)



Убірайся, коровай,

То ў мяту,

То ў руту,

То ў ружовыя кветкі,

Шоб любіліся дзеткі.
34. Хто, паводле песень, меў права занесці каравай у клець?

35. Ці трэба было, каб спевы каравайніц былі чутныя па ўсёй вёсцы?

36. Якія яшчэ абрады, паводле вясельных песень, выконваліся з «удзелам» каравая (пасад, благаславенне, пакладзіны, інш.)?

37. Як у вясельных песнях ілюструецца падзел каравая? Калі гэта адбывалася?



Узор запісу: Дружко коровай крае…

(каравайная песня)



Дружко коровай крае,

Золоты ножык мае,

Срэбрану талерачку,

Шоўкаву хусціначку.
Пасад

Даведка
Існавалi тры тыпы пасаду, якiя адрознiвалiся рытуалам i пэўным значэннем. Першы тып – пасад маладой i маладога (кожнага асобна) перад шлюбам. Другi тып – сумесны пасад маладой i маладога пасля вянчання ў сувязi з абрадам звядзення. Трэцi тып – пасад маладых у розныя часы: а) у час завiвання; б) на заручынах; в) на зборную суботу; г) у час сустрэчы маладых пасля шлюбу.
Пасад маладой

38. Хто, паводле песень, звычайна вёў нявесту на пасад (брат, дружка, інш.)?



Узор запісу: Брат сястру на пасад вядзе…

(вясельная песня пасаду маладой)



Брат сястру на пасад вядзе,

Месца рыхтуе, цяжка сумуе:

Тут мая сястра сядзе,



Ой, на пасад сядзе.
39. Ці згадваецца ў песнях, якім чынам вялі дзяўчыну (за руку, ручнік, хустку)?

40. Хто і якімі словамі просіць благаславіць маладую на пасад пасадзіць? Запішыце, што на гэта адказваюць прысутныя.

41. Ці просіць сама маладая благаславення сесці на пасад?

42. Як у песнях называецца месца пасаду (дзяжа, лава, інш.)?

43. Ці галасіла маладая або яе маці ў час пасаду?

44. Як у песнях расказваецца пра расплятанне касы нявесты?



Узор запісу: Кукавала зязюля ў садочку…

(вясельная песня пасада маладой)



Кукавала зязюля ў садочку,

Прыклаўшы галоўку к лісточку…
Плакала дзеванька ў святліцы,

Прыклаўшы галоўку к сястрыцы:
А хто ж маю косаньку распляце,

Хто ж мае ўплёты ды прыбярэ.
Ой, распляце косаньку братухна,

Прыбярэ ўплёты ды матухна.
45. Ці спявалі пад час пасаду нявесты жартоўныя песні?

46. Якіх песень гучала больш: велічальных, заклінальных, лірычных, рытуальных?


Пасад маладога

47. Ці выконваліся ў вашай мясцовасці песні пад час пасаду маладога?

48. Якія этапы пасаду ілюструюцца ў песнях (застрыганне валасоў, благаслаўленне, інш.)?

49. Ці захаваліся песні абраду «перапоя» маладога?


Сумесны пасад маладога i маладой

50. Калi, паводле песен, адбываўся сумесны пасад маладога i маладой (у час заручын, у хаце маладога)?

51. Якіх песен гучала больш пад час сумеснага пасада маладога i маладой: рытуальных, заклінальных, велічальных, жартоўных?
Прыезд дружыны жанiха па нявесту

52. Як у песнях ілюструюцца зборы маладога ў дарогу да нявесты?

Хто і якiя песнi спяваў у гэты час?

53. Што, паводле песень, павінна была зрабіць і сказаць маці жаніха непасрэдна перад самым ад’ездам?



Узор запісу: Не забудзь, сыночак, не забудзь…

(вясельная песня збораў маладога па маладую)



Не забудзь, сыночак, не забудзь,

Не пей первыя чарачкі,

Не пей первыя чарачкі.

Выллі коніку за грыўку,

Выллі коніку за грыўку.

Штоб была грывачка ільняна,

Штоб была грывачка ільняна,

Штоб была нявеста слухмяна.
54. Якiя песнi выконваюць у дарозе да маладой?

55. Што спявалі, калі дружына маладога пад’язджала да дому маладой?

56. Хто і як, паводле песень, сустракаў жаніха?

Узор запісу: Пышная цёшча, пышна…

(вясельная песня прыезду маладога да нявесты)



Пышная цешча, пышна,

Проці зяця не выйшла.

Пакінь, цёшча, пыхаваць,

Выйдзі зяця вітаць.

Ці кажуха не маеш,

Ці ты зяця не знаеш?

Мы кажуха пазычам,

Мы зяця ды ўкажам.
57. Якія песні спявалі, калі малады ўваходзіў у хату?

58. Як, паводле песень, паводзіў сабе жаніх і яго дружына ў доме маладой?

59. Ці спявалі адпаведныя песні, калі жанiх i нявеста абменьваліся падарункамі?

Узор запісу: Каціўся гарошак па сенажаці…

(вясельная песня абмена падарункамі паміж маладымі)



Каціўся гарошак па сенажаці,

Хваліўся Колечка Надзечку ўзяці.

Яна, маладая, яго жалавала,

Выняла хусцінку да й падаравала.

Дарую хусцінку бялым-бяленьку,



Глядзі, Колечка, каб доля добранька.

Мая хусцінка шоўкам нашыта,

Глядзі, Колечка, каб не была біта.
60. Як песні ілюструюць момант, калі нявесту «дараць»?
Шлюб, вянчанне

61. Якія песні спяваліся, калі маладыя ад’язджалі да вянца (цi ў ЗАГС, сельсавет на рэгiстрацыю шлюбу)?

62. Ці выконваліся адпаведныя песні пасля вянца, пад час вяртання дадому?
Развітанне маладой з домам

63. Ці галасіла нявеста або яе маці пад час ад’езду да маладога?

64. Якія пажаданні адрасавалі маладой?

Узор запісу: З добрым векам, з добрай доляй…

(вясельная песня ад’езду да маладога)



З добрым векам, з добрай доляй,

Каб здарова была, як зіма,

А вясёла, як вясна,

А ціха, як лета,

А багата, як восень.

Каб табе вадзіла і пладзіла.
65. Хто, паводле песен, суправаджаў нявесту пад час ад’езду да маладога (шаферкi, хросная мацi, iнш.)?

66. Ці спявалі ў гэты момант спецыяльныя песні ад сурокаў («ворагаў»)?



Узор запісу: Ой, ворогі, ворогі…

(вясельная песня ад’езду да маладога)



Ой, ворогі, ворогі,

Ступэтэ з дорогі.

Ой, ворогі, ворожэнькі,

Ступэтэ з дорожэнькі.
67. Якiя песнi спявалi па дарозе да маладога?
Прыезд да маладога

68. Як, паводле песен, сустракаюць маладых у доме жанiха?



Узор запісу: Адчыні, маці, аконца…

(вясельная песня прыезду да маладога)



Адчыні, маці, аконца,

Едзе нявеста, як сонца.

Адчыні, маці, новы двор,

Едзе нявеста, як явор.
69. Цi выконваюцца адпаведныя песні, калі нявеста дорыць падарункi раднi маладога?

70. Ці ілюструецца ў песнях, хто і як праводзiць маладую ў хату жанiха (свёкар, сват i iнш.)?


Пір, вяселле, княжы стол, гулянне

71. Якiя песнi спяваюць у час вясельнага гуляння ў доме жанiха?

72. Цi спяваюць жартоўныя песнi пра дружак, свата, сваццю?

73. Якія тосты, зычэнні гучалі пад час вясельнага застолля?



Узор запісу: Колькі ў хаце сталоў…

(вясельнае пажаданне)



Колькі ў хаце сталоў,

Колькі ў сталах дошчачак,

Каб столькі сыноў і дочачак!
74. Якiя песнi спяваюць тыя, хто не быў запрошаны, каб атрымаць пiрага ад свата i сваццi?
Пакладзіны, шлюбная ноч, камора

75. Якiмi песнямі суправаджаецца адыход маладых у камору пасля вясельнага гуляння?

76. Што, паводле песень, адбываецца ранiцай пасля шлюбнай ночы?
Завіванне маладой

77. Цi захаваліся ў вашай мясцовасцi песні абраду завiвання маладой (пераапранання яе ў жаночае адзенне – намiтку, чапец, хустку)?



Узор запісу: Мы цябе, Ганночка, завіваем…

(вясельная песня завівання маладой)



Мы цябе, Ганночка, завіваем,

Шчасцем, долею обсыпаем.

Ой, будзь здарова, як зямля,

Ой, будзь багата, як вада,

Ой, будзь прыгожа, як ружа.
78. Якія песні спявалі, калi ў хату маладога прыносілі пасаг маладой?

79. Якія мясцовыя назвы, паводле песен, існуюць для абазначэння пасагу (прыданкі, прыданская вячэра, закасяне, інш.)?


Заканчэнне вяселля

80. Ці вядомы ў вашай мясцовасці спецыяльныя песні, якімі заканчваецца вяселле?



Узор запісу: Едзьця, сваты, дадому…

(песня заканчэння вяселля)



Едзьця, сваты, дадому,

Бо паелі конікі салому…
81. Якія песні спявалі падчас ад’езду дадому гасцей маладой?
Пярэзвы, пэрэзов, одведкі, адводзіны

82. Цi захавалася ў песнях мясцовая назва перазова?

83. Якiя песнi спявалi ў час перазова?
Госці, пірагі, бабскі вечар

84. Цi спяваюць песні на так званым «бабскiм вечары»? Якія песні пераважаюць – сумныя ці вясёлыя?


Хвэст, цыгане, ражаныя,

разгрэбіны, кура, банкеты, пята,

карэнне, печкін выкуп, бяседы

85. Якую назву, паводле песень, мела паслявясельная частка абраднасці?

86. Ці спявалі ў гэты момант спецыяльныя песні?
Сіроцкае вяселле

87. Якія адметныя рысы сіроцкага вяселля вылучаюцца ў песнях?

88. Ці хадзіла сірата перад вяселлем галасіць на могілкі бацькоў? Аб чым яна іх прасіла ў галашэннях?

Узор запісу: А мой ты родны татанька…

(вясельнае галашэнне сіраты)



А мой ты родны татанька,

А мая ты родная маманька,

Падыйдзіце ж пад маё вакошачка

І паглядзіце пад ясную зораньку:

Ці не ўвідзіце там сваю дачушачку родненькую,

Ці не прыйдзеце вы на яе пірушачку?

Пажалейце мяне, горкую сіротачку,

А мне ж ісці ў чужыя людзі.
89. Ці спяваюць асобныя песні сіраце, калі пякуць каравай?

90. Якія песні ў вашай мясцовасці выконваліся для жаніха-сіраты? Хто і як галасіў, калі малады быў сіратой?

91. Што спявалі сіраце падчас вясельнага застолля?

92. Ці выконваліся сірочыя песні, калі дзялілі каравай ці ў любы іншы момант пасля вяселля?


Пахаванне

2.3.3. ПАХАВАЛЬНА-ПАМІНАЛЬНАЯ ПРОЗА

Задача збiральнiка – запiсаць аповеды аб пахавальным рэгламенце ў канкрэтнай мясцовасцi i памiнаннi нябожчыкаў. Асаблiвую ўвагу звярнiце на тое, каб зафiксаваць народную тэрмiналогiю i фразеалогiю.

Перш за ўсё даведайцеся, што кажуць пра чалавека, якi памiрае (напрыклад, збiраецца ў дарогу, зямлёй пахне), знаходзiцца ў стане прадсмяротнай агонii (напрыклад, канае), i пра сам смяротны канец (напрыклад, сканаў, пыйшоў да дзядоў).

Засяродзьце ўвагу на галоўных тэмах, звязання з пахаваннем i памiнаннем: падрыхтоўка набожчыка да пахавання – правiлы вынасу труны – правiлы пахавання – рэгламент памiнак – памiнанне на працягу года – агульныя памiнанні ўсiх нябожчыкаў – уяўленнi пра смерць i душу.
Апытальнiк для збору пахавальна-памiнальнай прозы
1. Што робяць у хаце адразу пасля смерцi чалавека (напрыклад, спыняюць гадзiннiкi, завешваюць люстэркi) i чаму?

2. Каго запрашаюць памыць i апрануць нябожчыка, зрабiць труну, выкапаць дол?

3. Як апраналi i абувалi нябожчыкаў рознага ўзросту i полу? Што падсцiлалi ў труну, чым набiвалi падушку, як яе шылi, чым накрывалi нябожчыка? Што клалi ў труну жанчынам, мужчынам, дзiцяцi, старым, халастым? Чым звязвалi ногi?

4. Як трэба выносiць труну, несцi або везцi да могiлак? Якiх коней i кабыл пазбягалi запрагаць? Як трэба сябе паводзiць пры сустрэчы з пахавальнай працэсiяй? Што рабiлi з лаўкай, на якой стаяла труна?

5. Якiм чынам быў арыентаваны дол? Дзе ставілі крыж?

Цi клалi на могiлку дубовыя калоды i калi гэта рабілі?

Калi i як упрыгожвалi крыжы?

6. Колькi разоў на год памiналi нябожчыка? Як называлiся гэтыя днi? Цi наведвалi нябожчыка на другi дзень пасля пахавання? Як называлiся агульныя для ўсiх памершых памiнальныя днi, як i калi яны адзначалiся (напрыклад, Дзяды, Бабы, Наўскi Вялiкдзень, Наўская Тройца, Асянiны)?

7. Дзе i як хавалi няхрышчаных дзяцей, памерлых не сваёй смерцю, чараўнiкоў? Што трэба зрабiць, каб нябожчык «не хадзiў»?

8. У якiм выглядзе з’яўлялася перад памiраючым смерць? У якiм выглядзе можа з’явiцца душа памершага?


Узоры запiсаў:

а). Мертвеца с хаты вынеслi, зараз за пасцель. Выносяць i лаўку змiвають. У людi ж на могiлках пабудуть, дак ужэ так не садяца кушаць, а треба шоб кожэн чэлавек памыл рукi. Кожны шоб памыл. Ось мi атнеслi на могiлкi, мi вянкi неслi зараз. Стаiть людзiна i загадуе: мiйце рукi. От мi памiлi рукi, тады i iшлi кушаць ужэ. От як це ўжэ такi закон;

б). Нехрiшчанэ дiця калiсь не клалi на могiлках. Нехрiшчане дiця дома хавалi. Де-небудь у саду – цi пад ябланькаю, цi...
2.3.3. ПАХАВАЛЬНА-ПАМІНАЛЬНАЯ ПАЭЗІЯ

Пахавальна-памінальная паэзія падзяляецца на плачы, хаўтурныя і памінальныя галашэнні, песні-псальмы. Складанасць запісаў галашэнняў – у іх абумоўленасці абрадам і ў імправізацыйным характары. Трэба ўлічваць, што асноўная частка пахавальных абрадаў амаль не захавалася, таму, здавалася б, творы гэтага жанру ў наш час запісаць немагчыма. Але, як высвятляецца, зафіксаваць галашэнні магчыма і цяпер, таму што інфарманты памятаюць, як гэта рабілася раней, і ўзнаўляюць традыцыю.


Увага! Неабходна адрозніваць плачы і галашэнні. Плачам не трэба было вучыцца, гэта – крык душы, маўленчае выражэнне гора, таму фармальна плачы часцей за ўсё былі кароткімі сапраўднымі імправізацыямі. У галашэннях жа захоўваецца традыцыйны паэтычны малюнак, які і ўзнаўляецца выканаўцамі. Звычайна інфарманты пагаджаюцца выканаць менавіта галашэнні (не плачы!), але памятайце, што гэта патрабуе ад іх вялікай эмацыянальнай напругі.
Даведка
Нагадаем, што песні-псальмы – гэта разнавіднасць рэлігійных песень, якія нараспеў чыталіся з «Псалтыра» на хаўтурах, а таксама на дзевяціны, Радуніцу і г. д.
Апытальнiк для збору пахавальна-памiнальнай паэзіі
1. Як у вашай мясцовасці называлі людзей, якія ўмелі галасіць? Ці вучылі яны другіх?

2. Калі звычайна пачыналі галасіць па нябожчыку? Хто рабіў гэта першым?



Узор запісу: «Ой, мой жа ж ты мой міленькі, да куды ж ты ад мяне адлучыўся? Ды засталіся дзеткі ўсе маленькія… Ой, да з кім жа я цяпер буду жыці? Да з кім жа я буду гаварыці? Да тваіх дзетак усе будуць біці, бо няма ў іх заступы, бо яны сіроты».
3. Ці адрозніваліся галашэнні, якія адрасаваліся жанчынам, мужчынам, дзецям, старым, халастым? Чым?

4. Якімі словамі звычайна звярталіся да нябожчыка?



Узор запісу: «Ой, мой дубанька кучаравы, дзе ж я цябе буду шукаць? Ох, дзе ж я цябе буду выглядаць? А хто цябе, мой сынок, хто цябе зваліў такога маладзенькага? Раба зязюлька будзе вясною каваці, а я ж буду свайго сына выглядаці, мо’ зязюленькаю скінуўся ды прыляцеў каваці. Да чужыя хлопчыкі будуць ісці, а я свайго сынанька буду выглядаці, мо’ дзе забавіўся…»
5. Ці працягвалі галасіць, калі нябожчыка абмывалі, апраналі, клалі ў труну?

Узор запісу: «Обрадзілі мы вам госьціка почасного, покутнаго: прымайця, шануйця, частуйця яго, каб ён су ўсвятымі спочываў у царстві нябеснэй, раю просветлым, зы вас Бога замовляў…»
6. Хто і як галасіў, калі адбывалася наведванне роднымі і суседзямі нябожчыка ў яго хаце?

7. Ці існавала ў вашай мясцовасці традыцыя выконваць песні-псальмы? Хто і калі гэта рабіў?



Узор запісу: Ужэ слонцэ на заходзе, спаці не ложуса…

(пахавальная песня-псальма)



Ужэ слонцэ на заходзе, спаці не ложуса,

До споведзі неготовый, Богу не молюса.

Кажуць людзі, што я умру, а я хочу жыці.

Покуль жыці на гэтым свеці мушу согрэшыці,

Есьць у мяне срэбро, злото, там гэто не трэба,

Чтэры дошкі, зямлі трошкі, збавеньня з неба,

Дадуць табе цёмну хату і смутну ложу.

Не дай, Божа, в грэхах уміраць, а мой моцны Божа!

Як зазвоняць во все звоны пры остатней годзіне,

Поклонюса ўсему свету і своей родзіне.

Я думаў доўга жыці, але трэба ў цэмне гніці.
8. Як галасілі, калі выносiлі труну з хаты?

9. Што трэба было казаць пры сустрэчы з пахавальнай працэсiяй?

10. Ці існуюць спецыяльныя галашэнні пад час дарогі да могiлак?

11. Што трэба было казаць, калі прыбіралі хату пасля вынасу труны ці калі пазбаўляліся ад рэчаў нябожчыка?



Узор запісу: «Дзяды, бабулькі, бацькі, матулькі, дзядзюхны, цётухны, прымеце к сабе памёршага нашага бацюхну і жывіце тамокі з ім добрэ, не спорэцеся…»

12. Як галасілі на могілках у момант пахавання?

13. Ці галасілі, калі ўпрыгожвалi крыжы?

14. Што зычылі нябожчыку, калі пакідалі могілкі?

15. Ці існавалі спецыяльныя галашэнні для няхрышчаных дзяцей, памёрлых не сваёй смерцю, чараўнiкоў?

16. Ці апісвалася у галашэннях ці песнях-псальмах, які выгляд мае смерць, душа памёршага?

17. Што трэба было казаць, каб нябожчык «не хадзiў» (г. зн. спакойна ляжаў у магіле, не прыходзіў у хату, не «забіраў» жывых)?

18. Якія галашэнні выконвалі падчас памінальнага стала: хаўтурныя ці памінальныя? Чым пахавальныя галашэнні адрозніваліся ад памінальных?

19. Ці прынята было галасіць, калі наведвалi могілкі на другi дзень пасля пахавання?

20. Ці выконвалі памінальныя галашэнні і песні-псальмы на трэці, дзевяты, саракавы дзень пасля пахавання? Якія назвы носяць гэтыя дні (дзевяціны, саракавіны)?

21. Дзе было прынята галасіць у час гадавых памінак: дома ці на могілках?

22. Як галасілі ў памінальныя дні? Ці згадвалася ў галашэнні, якія гэта дні: (напрыклад, Дзяды, Бабы, Наўскi Вялiкдзень, Наўская Тройца, Асянiны)?

23. Ці захавалася ў вашай мясцовасці традыцыя галашэння?

3. Малыя жанры беларускага фальклору

Да гэтага пласта народнай творчасці далучаюцца прыказкі, прымаўкі, загадкі, выслоўі. «Малымі» іх назвалі па фармальнай прыкмеце – творы гэтых жанраў сапраўды невялікія па аб’ему.

Фалькларыстамі ХІХ–ХХ ст. былі распрацаваны розныя метадычныя прыёмы фіксацыі твораў малых жанраў. Напрыклад, вопытныя збіральнікі рэкамендуюць уважліва прыслухоўвацца да мовы выканаўцаў, вылучаючы ў ёй прымаўкі і прыказкі і запісваючы іх.
Парада
Галоўнае не толькі запісаць прымаўку, прыказку, выслоўе ці загадку, але зафіксаваць іх у кантэксце, адзначаючы, з якой нагоды яны згадваліся.

Можна таксама падрыхтаваць асобны спіс прымавак, прыказак, выслоўяў ці загадак (прыкладна каля 200 адзінак абранага жанру) і ў размове з інфарматарам павольна прачытаць творы. Гэта, без сумнення, актывізуе памяць выканаўцы, і дасць вам магчымасць пачаць дыялог і запісаць творы малых жанраў.



Увага! Абавязкова фіксіруйце ўсе каментарыі выканаўцы, напрыклад, калі, у якіх абставінах кажуць так ці інакш.
Апытальнiк для збору твораў малых жанраў
3.1. ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ

1. Якія мясцовыя назвы існуюць для гэтых жанраў?

2. Ці адрозніваюць выканаўцы прыказку ад прымаўкі? Чым? З якой мэтай іх выкарыстоўваюць?

3. Якія тыпы прыказак найчасцей ужываюцца (у прамым значэнні – «Лепш пазней, чым ніколі» або ў пераносным – «Кашу маслам не сапсуеш»)?

4. Ці існуюць прыказкі, якія страцілі прамое значэнне і ўжываюцца толькі ў пераносным?

Узор запісу: «Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж».
5. Якія тэматычныя групы прыказак і прымавак найбольш пераважаюць у вашай мясцовасці (пра прыроду, гаспадарчую дзейнасць, працу, матэрыяльны быт, грамадскае жыццё, сям’ю і сямейны быт, чалавека і яго якасці, мараль, розныя павучанні і назіранні, агульныя разважанні)?

6. Якія існуюць прыказкі на мясцовыя тэмы, з чым яны звязаны?


3.2. ЗАГАДКІ

1. Хто, каму і калі загадвае загадкі?

2. Ці існуюць мясцовыя назвы загадак?

3. Якія загадкі пра прадметы і з’явы сучаснага быту вядомы ў вашай мясцовасці?

4. Ці ведаюць выканаўцы загадкі-каламбуры, задачы-шарады?

5. Ці бытуюць загадкі літаратурнага паходжання?

6. Ці складаюцца цяпер новыя загадкі?
3.3. ВЫСЛОЎІ

Даведка
Выслоўі – гэта трапныя і дасціпныя выразы, часцей гумарыстычнага характару, якія пазбаўлены элементаў афарыстычнасці і навучальнасці, уласцівым прыказкам, а толькі нібы жартам, мімаходзь прыкмячаюць і падкрэсліваюць тую ці іншую з’яву, дробную бытавую падзею, асобную рысу ў характары чалавека, у паводзінах жывёлы, у стане прыроды. Да выслоўяў даследчыкі таксама далучаюць такія характэрныя ўзоры народнай словатворчасці, як скорагаворкі, застольныя жарты, прыгаворкі і тосты, вітанні, зычэнні, ветлівыя і ласкавыя звароты, прысяганні і бажба, праклёны і абзыванні-ганьбаванні, нават калі яны выражаны адным словам.
3.3.1. Выслоўі-жарты і каламбуры

1. Ці існуюць мясцовыя назвы гэтых твораў?

2. Якія выразы выкарыстоўваюцца часцей «для смеху», «да слова», інш.?

Узор запісу: «Ах ты, стары пёс, калі ж я на цябе казаў сабака»?

Ці: «Каб тое каб, да каб тое еслі, то самі б грыбы ў рот лезлі».


3.3.2. Застольныя выслоўі

3. Ці адрозніваюцца тосты, прыгаворкі, зычэнні, якія выконваюць пад час розных святкаванняў: сямейнага застолля, суседскіх частаванняў, вясковых урачыстасцей?



Узор запісу: «Ешце вы, госційкі, ужывайце, толькі ў карманы не хавайце».
4. Каму ў першую чаргу адрасаваліся тосты і зычэнні?

3.3.3. Выслоўі-вітанні

5. Як было прынята вітацца, калі ўваходзілі ў хату ці пры сустрэчы?

Узор запісу: «Добры дзень! – Добры дзень! Хай дае Бог добрае!»
6. Што казалі на развітанне?

Узор запісу: «Заставайцеся здаровы! – Ідзі здарова!»
7. Ці захаваліся ў вашай мясцовасці спецыяльныя вітанні (рыбаловам, як стрыгуць авечак, як будуюць хату, на наваселле, інш.)?

8. Што казалі пры розных работах?



Узор запісу: «Памагай Бог! – Бог казаў, каб і ты памагаў».
9. Якія вітанні ўжывалі на пахаванні і памінках?

Узор запісу: «Добры чалавек быў пакойнік, няхай яму зямля пухам будзе!»
10. Што казалі пры чханні?

Узор запісу: «Будзь здароў, мей сто кароў».
3.3.4. Выслоўі-праклёны і ганьбаванні

11. У якіх выпадках гучалі выслоўі-праклёны?

12. Калі ўжываліся жартоўныя праклёны?

Узор запісу: «А каб табе жаба цыцкі дала
13. Якія адкляцці вядомыя ў вашай мясцовасці?

Узор запісу: «Твае рэчы ды табе ў плечы». Ці: «Цыпун табе на язык».
14. У якіх выпадках ужываліся выслоўі-ганьбаванні? Каму яны адрасаваліся?

Узор запісу: «Бот ты з левае нагі» Ці: «Які жа ты баламут

4. Баладныя песні

Баладныя песні маюць наступную ўнутрывідавую класіфікацыю:



1) міфалагічныя, 2) гістарычныя, 3) навелістычныя, 4) балады з загадкамі.

У 1) міфалагічных баладах найбольш прадуктыўны матыў – метамарфоза гераіні-маці (-дачкі, -нявесткі, -жонкі) у птушку (зязюлю, ластаўку, салавейку і інш.), радзей – у кветкі, дрэвы, каменні, рэчкі і нш. Да гэтай групы балад блізкія казачныя і легендарныя. Адметнасцю першых з’яўляецца прысутнасць вобразаў дзікіх звяроў, якія шырока прадстаўлены ў казках (напрыклад, воўк, мядзведзь і інш.), другіх – наяўнасць хрысціянскіх сюжэтаў (самы распаўсюджаны – пра Юр’я і Цмока, пра дзеўку-дзетагубніцу, «жыційныя» (пра святую Алену і інш.)).

Магчыма, вам удасца зафіксаваць 2) гістарычныя балады пра татарскі (турэцкі) палон, трагічныя сустрэчы разлучаных членаў сям’і пасля палону, продаж у няволю, выкуп з няволі, згадкі пра ваенныя сутыкненні з татарамі, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод 3) навелістычных балад пераважаюць тэмы сямейных канфліктаў, прыгод і нягод кахання, радзей – нешчаслівага лёсу, драматычных спаборніцтваў, небяспечных прыгод.

Вельмі мала зафіксавана збіральнікамі апавядальных песень, у якіх асноўнай сюжэтаўтваральнай рысай з’яўляецца выпрабаванне загадкамі-пытаннямі, – такое азначэнне можна даць 4) баладам, якія змяшчаюць загадкі. У іх лаканічна падаюцца драматычныя моманты ў жыцці чалавека пад час абрадавага ці выпадковага выпрабавання іх лёсу, якія могуць заканчвацца нават трагічна.
Увага! Можа так здарыцца, што, фіксуючы загадкі, вам сустрэнецца менавіта балада з загадкай-пытаннем. Пацікаўцеся ў інфарманта, ці не загадваліся гэтыя загадкі ў пэўным кантэксце: на день нараджэння, на заручынах і г. д. Магчыма, вам пашчасціць зафіксаваць менавіта баладу з загадкамі-пытаннямі, а не проста загадку.

Парада
Апошнім часам усё больш у запісах студэнтаў сустракаюцца балады літаратурнага паходжання, беларускія апрацоўкі сюжэтаў вядомых рускіх балад. Распрацоўваецца жанр балады ў творчасці пісьменнікаў і спевакоў-бардаў. Калі вам сустрэнуцца балады такога кшталту, вызначце, у якой форме яны бытуюць: у вуснай, дзённікавай пісьмовай ці інш., каб не прывесці запіс аўтарскага пісьменніцкага твора ў якасці фальклорнай адзінкі.
5. Духоўныя вершы і псаломы

Духоўныя вершы – (народная назва – песні старэцкія) – творы эпічнага і ліра-эпічнага характару на хрысціянскія сюжэты, матывы і вобразы (выконваліся аднагалосна ў пазалітургічных абставінах). Запісаць іх можна ад хрысціян праваслаўнага веравызнання. Духоўныя вершы маюць наступныя тэматычныя разнавіднасці: 1) вершы пра Галубіную кнігу з яе апавяданнем пра першапачаткі Сусвету, стварэнне зямной іерархічнай сістэмы і барацьбу Праўды і Крыўды, вынік якой прадвызначыў лёс усяго чалавецтва; 2) вершы на старазапаветныя і евангельскія тэмы; 3) вершы пра святых і вялікамучанікаў; 4) вершы аб падзвіжніках і праведніках; 5) вершы пра пятніцу; 6) вершы пра Жабрацкую брацію; 7) стараверскія і сектанцкія вершы.


Парада
Духоўныя вершы – творы вялікіх памераў. Калі інфармант спыніцца, абавязкова запытайцеся, ці гэта канец твора, таму што ўвесь тэкст можа ім і не ўспомніцца. У плане строфікі большасць духоўных вершаў не мае падзелаў на пэўныя строфы, паколькі знаменны распеў характарызуецца манатоннасцю гучання, у сувязі з чым усе вядомыя тэксты, як правіла, падаюцца ў зборніках як суцэльныя астрафічныя творы.
Узор запісу: Як с под Кіява, с под Чарнігава…

(духоўны верш пра Галубіную кнігу)



Як с под Кіява, с под Чарнігава,

Находзіла туча, туча цёмная,

Находзіла хмара, хмара грозная.

С тые хмары, хмары грозныя

Выпадала кніга Галубіная…

Пісав ету кнігу свет Асай пророк,

Цытав ету кнігу Іван Быгослов,

Ён цытаў іе ровно трі года,

Процытав во кнігі толькі трі ліста <…>
Псаломы – вусна-паэтычныя творы на хрысціянскія тэмы, запісаць якія вы зможаце ад паслядоўнікаў каталіцкага і пратэстанцкага веравызнання на рускай, польскай ці беларускай мовах.

Узор запісу: Ужаснися, человече…

(псалом)


Ужаснися, человече,

И слезися своим сердцем,

Что душею помрачился,

Потерял себя ты ныне

Во гресе своих.

Отложи свои забавы

И утехи сего міра,

Не отдайся в рабство вечно,

Не теряй своей свободы <…>.

6. Пазаабрадавая лірыка

У навуковай літаратуры існуе праблема класіфікацыі пазаабрадавай лірыкі. І гэта зразумела: у жанравым плане фальклор вельмі багаты; прапанаваць ідэальную класіфікацыю, у якую б «укладваліся» абсалютна ўсе творы, складана. У сувязі з гэтым мы паспрабавалі ўлічыць усе вядомыя падыходы да класіфікацыі пазаабрадавай паэзіі і прапануем вам наступны варыянт:

6.1. БЫТАВЫЯ ПЕСНІ. У іх складзе вылучаюцца любоўныя, элегічныя, сямейныя, сіроцкія, удовіныя, прымацкія творы, звязаныя з пазаабрадавай сферай жыцця чалавека.
Увага! У зводзе беларускага фальклору (БНТ: Беларуская народная творчасць) названыя разнавіднасці песень пададзены крыху інакш: асобнымі тамамі прадстаўлены любоўныя песні і сямейна-бытавыя. Да апошніх аднесены ўласна сямейныя, сіроцкія, удовіныя творы. У плане класіфікацыі гэта тыя ж творы, якія мы прапануем пад агульнай назвай «БЫТАВЫЯ ПЕСНІ». Прымацкія песні ў зводзе змешчаны ў томе «Сацыяльна-бытавыя песні».
Кожная з тэматычных разнавіднасцей песень мае свае характарыстыкі, таму іх можна лёгка распазнаць і правільна вызначыць.

1) любоўныя песні (ці песні пра каханне); прысвечаны тэме кахання – шчаслівага, нешчаслівага, ідэальнага і г.д. У цэнтры твораў – лірычны герой (дзяўчына ці хлопец), яго эмацыянальна афарбаваныя роздумы, пачуцці і перажыванні. Формай іх перадачы, як правіла, з’яўляюцца маналагічныя споведзі-прызнанні, споведзі-скаргі, дыялогі. Важны момант у перадачы псіхалагічнай карціны любоўнага перажывання належыць пейзажным замалёўкам.

Узор запісу: Ой, рэчанька, рэчанька…

(любоўная песня)

Ой, рэчанька, рэчанька,

Чаму ж ты не поўная?
Прыпеў: Ай, люлі, люлі, люлі, люлі

Чаму ж ты не поўная?
Чаму ж ты не поўная,

З беражком не роўная?
А як жа мне поўнай быць,

Ясь млоды каня паіць.
Ясь млоды каня паіць,

Кася воду чэрпаіць.
Ах, Ясенька, Ясенька,

Чаму ж ты не жэнішся?
Чаму ж ты не жэнішся,

На каго надзеішся?
Увага! Часта ў якасці аб’екта кахання дзяўчыны выступае хлопец-казачэнька. У традыцыйнай лірыцы гэта тыповы вобраз маладога нежанатага хлопца, а зусім не ўказанне на сацыяльную прыкмету: казакі як асобная група з’яўляюцца цэнтральнымі вобразамі-персанажамі ў сацыяльных казацкіх песнях. Каб не заблытацца ў вызначэнні віду песні, уважліва прачытайце тэкст твора, вызначце яго тэму і калізію. Калі твор пра дзяўчыну і хлопца-казачэньку – перад вамі тыповая любоўная песня.
2) элегічныя песні (паводле класіфікацыі В. Е. Гусева); падобныя на песні пра каханне, таму што вызначаюцца такім жа лірызмам, перадачай пачуццяў і настрояў. Іх адрозненне – у вобразнай сістэме твора: у элегічных песнях суб’ект перажывання (хлопец, дзяўчына) не прадстаўлены, акцэнт змешчаны на апісанні прыроды (пейзажныя малюнкі), радзей – на інтэр’ер хаты, у іх перадаецца агульны характар перажывання.

Узор запісу: Стаіць гара высокая…

(элегічная песня)



Стаіць гара высокая,

А над гарою гай,

Зялёны гай, красівенькай,

Не йначай праўда рай.
Прыпеў: Зялёны гай, красівенькай,

Не йначай праўда рай.
А ў том гаю цячэ рэчка,

Як шкло вада блішчыць.

Далінаю шырокаю

Куды яна бяжыць?
Прыпеў: Далінаю шырокаю

Куды яна бяжыць?
Бяжыць яна край берага,

Дзе вяжуцца галіны.

Схіліліся тры дзераўца

Тай журацца яны.
Прыпеў: Схіліліся тры дзераўца

Тай журацца яны.
Пройдзець вясна, за ім лецейка,

Наступяць халада.

Асыпяцца з іх лісцейка,

Да й панясе вада.
Прыпеў: Асыпяцца з іх лісцейка,

Да й панясе вада.
Асыпецца з іх лісцейка,

Да й панясе вада.

А маладосць не вернецца,

Не вернуцца гада.
Прыпеў: А маладосць не вернецца,

Не вернуцца гада.
3) сямейныя песні; распрацоўваюць тэмы сямейнага дэспатызму і жаночай долі. Асноўныя матывы – сум па роднай хаце і бацьках (праз успаміны і звароты да братоў і родных), скаргі, слёзы і праклёны прыгнечанай нявесткі, папрокі зяцю ад цешчы і г. д. Сустракаюцца, хоць і рэдка, песні, дзе гаворыцца аб добрым і чулым свёкры. Асобную групу складаюць песні-аповеды пра ўзаемаадносіны жонкі і мужа, жыццё з нялюбым (нялюбай) ці старым мужам, нявернасць мужа (радзей – жонкі) і г. д. Названыя творы ў большасці сваёй спяваліся жанчынамі.

Узоры запісаў:

а). Каліна-маліна, не стой над вадою… б). Чый свёкар благі…

(сямейная песня пра родную хату) (сямейная песня аб добрым свёкры)



Каліна-маліна, не стой над вадою Чый свёкар благі,

Да не раўнуйся са мною. А мой свёкар добры,

Было табе тады раўнавацца, Ён мяне не судзіць,

Як я ў роднай мамкі жыла: Раненька не будзіць,

Бялей твайго цвету цвіла, Ён сам устаніць,

Чырваней ягодак была. А мяне накрываіць:

Як стала ў свёкаркі жыць – – Спі, спі, нявехначка,

Стала жоўта, як ліпінька, Спі, маё дзіцятка,

Стала тонка, як былінка; Тваё дзіця мала,

Ночкі не даспала,

Усю ночку сядзела,

Свечачка гарэла.
4) сіроцкія і ўдовіныя песні; прысвечаны тэме няшчаснага, складанага лёсу дзяцей і ўдавы пасля страты бацькоў і мужа. Для іх характэрны матывы скаргаў на долю, слёз, пакут ў перадачы шчымлівага болю, звароткі да памерлых, долі, Бога (напрыклад, Гасподзь Бог навучае сірату, як і дзе знайсці сваю мамку і г. д.). Форма арганізацыі твора, як правіла, аповедна-дыялагічная.

Узоры запісаў:

а) Ой, на гары, ой, на крутой… Кувала зязюля…

(сіроцкая песня) (удовіная песня)



Ой, на гары, ой, на крутой, Кувала зязюля,

Хадзілі-варкавалі пара галубоў, Цераз сад летучы,

Адкуль ні вазьміся ахотнік прыйшоў, Плакала сіротка,

Разбіў, разлучыў пару галубоў. На службу ідучы.

Галубка забіў, галубку злавіў, – Не кувай, зязюля,

Узяў пад полу, прынёс дадому. Цераз сад летучы,

Прынёс дадому, дый кінуў да долу. Не плач ты, сіротка,

Наліў ёй з крыніцы студзёнай вадзіцы, На службу ідучы.

Поўна карытца насыпаў пшаніцы. Маеш ручкі, ножкі,

Галубка не есць, галубка не п’е, Светленькія вочкі –

На тую круту гору ўсё плакаць ідзе. Будзеш ты рабіці

<…>; Да цямненькай ночкі <…>.
5) прымацкія песні; з’яўляюцца люстраным адбіткам сямейных жаночых песень, з той толькі розніцай, што ў іх жаліцца на свой лёс прымак, які жыве ў хаце жонкі. Часам сярод прымацкіх песень сустракаюцца творы жартоўна-гумарыстычныя.

Узор запісу: Як паехаў наш прымак у поле араці…

(прымацкая песня)



Як паехаў наш прымак у поле араці,

Ой, забыўся ж наш прымак хлеба, солі ўзяці.

Гарэ прымак, гарэ прымак з гары ў даліну,

Яго жонка гаварыла: «Я цябе пакіну!»

Аж прыходзіць яго жонка на другі дзень рана,

Настукала, нагрукала: наараў прымак мала.

А ён кажа: «Не дзівіся, дзе саха арала,

А дзівіся, мая міла, дзе скрыпачка грала.

Скрыпачка з ліпанькі, а струны із руты,

Як зайграе – сэрца вяне, па Ўкраіне чуці».

Прыехаў прымак з поля і не ўспеў сесці,

Яго цешча загадала: «Нясі свінням есці!»

Бадай свінні паздыхалі, а хата згарэла,



Як мне гэта прымацкае жыццё надаела!
6.2. САЦЫЯЛЬНЫЯ ПЕСНІ падзяляюцца на рэкруцкія, салдацкія, казацкія, антыпрыгонніцкія, батрацкія, бурлацкія, чумацкія, турэмныя. Іх вызначальная рыса – мастацкая прэзентацыя сацыяльнай прыналежнасці герояў і таго асяроддзя, у якім яны дзейнічаюць.

На сённяшні дзень наўрад ці ўдасца запісаць шмат антыпрыгонніцкіх (пра панскі прыгнёт і несправядлівыя адносіны да селяніна), батрацкіх і бурлацкіх (пра цяжкую вымушаную працу ў наймальніка), рэкруцкіх (пра сялянскіх хлопцаў, якіх забіралі ад родных сем’яў амаль у пажыццёвае рэкруцтва – службу ў імператарскай арміі), салдацкіх (пра парадкі і складанасці вайсковай службы і г. д.) і чумацкіх песень (пра людзей, якія займаліся рознымі заробкамі, у асноўным перавозкай солі і рыбы). Фактычна названыя жанры ўтвараюць класічны, але малапрадуктыўны ў плане функцыянавання фонд сацыяльных песень. Магчыма, вам удасца зафіксаваць казацкія песні, дзе гаворыцца пра адыход казака на службу і на вайну, развітанне казака з жонкай, маці, нявестай, казацкі паход, смерць казака на полі бою, вяртанне дадому і г. д.



Даведка
Казацтва – сацыяльная праслойка рускага і ўкраінскага народаў. У XVI-XVII ст. беларускія сяляне і бедныя жыхары гарадоў разам з казакамі і паўстаўшымі сялянамі Украіны вялі барацьбу супраць феадалаў Рэчы Паспалітай і шляхты. Многія беларускія сяляне збягалі ад прыгонніцтва «на ніз», на Украіну, і ўступалі ў атрады запарожскіх казакоў. Былі і іншыя казакі – вольныя дробныя зямельныя ўладальнікі, якія збеглі ў XVI ст. з маскоўскай дзяржавы ў Літву і аселі ў Полацку, на Смаленшчыне і Чарнігаўшчыне. Названыя гістарычныя падзеі знайшлі адлюстраванне ў беларускія казацкіх песнях.

Узор запісу: Ой, у полі там жанкі жнуць…

(сацыяльная казацкая песня)



Ой, у полі там жанкі жнуць,

Ой, да пад гарою туман даліною,

Казакі йдуць.

Ой, даліною, ой, шырокаю

Казакі йдуць.

Папе-папераду Дарашэнька

Вядзе сваё войска, войска Запарожска

Харашэнька.

А па-, а пазаду Сагайдачны.

Памяняў ён жонку на табак і люльку,

Да й няўдачна.

Эй, даліною, эй, шырокаю,

Да няўдачна.

А мне, а мне жонка – не вадзіца,



А табак і люлька казаку ў дарозе

Прыгадзіцца.

Эй, даліною, эй, шырокаю,

Прыгадзіцца.
ПОСТФАЛЬКЛОРНЫЯ САЦЫЯЛЬНЫЯ ПЕСНІ складаюцца з салдацкіх (аб службе ў арміі нашага часу), турэмных і «блатных» (аб жыцці і парадках у спецыялізаваных установах для тых, хто парушыў закон), фанацкіх (песні фанатаў спартыўных клубаў, папулярных артыстаў і г. д.), студэнцкіх песень (аб вучобе, быце і адпачынку ў студэнцкім асяроддзі).
Парада
Названыя творы ў мастацкім плане рознаякасныя. Іх прыкметай з’яўляецца выкарыстанне спецыфічнай лексікі (жарганізмаў, арго, вульгарызмаў), увага да сферы інтарэсаў адпаведных субгруп насельніцтва. Па магчымасці фіксуйце найбольш яркія, выразныя, эстэтычна вартыя творы, якія карыстаюцца папулярнасцю ў пэўным асяроддзі. Памятайце, што вы збіраеце мастацкія творы, па якіх наступныя пакаленні будуць меркаваць аб узроўні і вартасцях нашай культуры. Неэстэтычныя, нізкаякасныя і проста брудныя па змесце творы лепш не запісвайце.
6.3. ЖАРТОЎНЫЯ ПЕСНІ

Асноўнымі тэмамі жартоўных песень з’яўляюцца сямейна-бытавыя адносіны, маральныя заганы пануючых класаў грамадства і звычайных людзей, узаемныя насмешкі дзяўчат і хлопцаў, кума і кумы, жартоўныя спрэчкі жонкі і мужа, дзеда і бабы, зяця і цешчы, камічныя супярэчнасці ў сям’і, недарэчныя ўчынкі, алагічныя сітуацыі, небыліцы пра жывёл і птушак, неверагодныя гісторыі і многае іншае. Сустракаюцца жартоўныя творы эратычнага зместу.



Узор запісу: А што ж гэта за чутка была,

(жартоўная песня-небыліца пра жывёл)



А што ж гэта за чутка была,

Ды што курачка бычка радзіла.

Парасёначак яечка знёс,

А бязрукі яечка ўхапіў

Ды голаму за пазуху заклаў.

А бязногі іх пабег даганяць,

А сляпы на старожках стаяць,

А глухі стаў падслухваць,

А нямы закрычаў: калавур!
Увага! Пры запісе жартоўных песень побач з вызначаным відам указвайце тэматычную разнавіднасць песні, напрыклад: жартоўная песня пра хлапечыя заляцанні, пра лянівую жонку, пра насякомых і г. д.
6.4. ЖОРСТКІ РАМАНС па сваёй сюжэтыцы і тэматыцы падобны на баладныя песні пра нешчаслівае каханне, драматычныя ці трагічныя выпадкі ва ўзаемаадносінах паміж дзяўчынай і хлопцам. Асноўнае адрозненне жорсткага рамансу ад балады заключаецца ў тым, што ў ім узноўлена псіхалогія маргінальнага асяроддзя, свет сучасных каштоўнасцей, а невырашальны характар канфлікту абумоўлены дэградацыяй маральнага стану грамадства.

Даведка
Гістарычна жорсткі раманс – набытак гарадской культуры, аднак у другой палове ХХ ст. сфера яго бытавання пашырылася. На вёсцы, ды і ў горадзе пры запісе ад інфарманта назвы «жорсткі раманс» можна і не пачуць: і балады, і жорсткі раманс яны могуць назваць як «жаласлівыя песні» пра некага (нешта). Таму правільнае вызначэнне віду твора будзе залежыць ужо ад вашых ведаў.
6.5. ПРЫПЕЎКІ – самы прадуктыўны песенны жанр. Іх вызначальныя паэтычныя рысы – лаканічная чатырохрадковая форма, наяўнасць рыфмы і харэічнага метру, здольнасць хутка, дасціпна і з гумарам адгукацца на любыя змены ў грамадстве, побыце і прыватным жыцці чалавека.

Парада

Пры запісе прыпевак звяртайце ўвагу на якасць гумару і паэтычнай вобразнасці, на мастацкасць твора. Пры вызначэнні віду ўказвайце не толькі «прыпеўка», але і яе тэматычную разнавіднасць, напрыклад, «прыпеўка пра каханне хлопца да дзяўчыны», «прыпеўка пра мужа-пьяніцу», «палітычная прыпеўка» і інш.


Апытальнік па пазаабрадавай паэзіі
1. Якія духоўныя вершы (старэцкія песні) вам вядомыя? Якія персанажы ў іх удзельнічаюць: Праўда/Няпраўда (Крыўда), Багародзіца, Ягорый Пераможца, Жабрацкая брація, Пятніца, Аляксей, чалавек Божы ці інш.?

2. Ці чулі вы вершы пра «Галубіную кнігу» з апавяданнем пра першапачаткі сусвету, стварэнне зямной іерархічнай сістэмы, барацьбу Праўды і Няпраўды?

3. Ці ведаеце вы вершы пра падзвіжнікаў і праведнікаў (Хвёдара Церына, Аляксея, чалавека Божага, Алісахвія царэвіча і інш.), святых і велікамучанікаў (Ягорыя Пераможцу, Мікіту – Хрыстова мучаніка, Барыса і Глеба, Зміцера Салунскага і інш.)?

4. Ці спяваюць у вас духоўныя вершы на старазапаветныя і евангельскія тэмы: пра Адама, Восіпа Прыгожага, Багародзіцу, Узнясенне Хрыстова, пакуты Хрыстовы, Лазара?

5. Ці ведаеце вы вершы пра Пятніцу, жабрацкую брацію? Пра якія з вершаў старавераў можаце расказаць?

6. Ці вядомыя ў вашай мясцовасці псаломы? Пра што ў іх спяваецца?

7. Дзе і калі спяваюцца песні пра каханне і сямейнае жыццё («за кудзеляй», «на бяседзе» і г. д.)? Якія матывы распрацоўваюцца ў такіх песнях: няшчаснага (шчаслівага) кахання (шлюбу), вымушанага расстання, жыцця з нялюбым (нялюбай), прыгнёту ў сям’і мужа і г. д.?

8. Ці ведаеце вы песні пра горкую долю ўдавы, беднай сястры, сіраты, прымака?

9. Ці захаваліся ў вёсцы песні пра казакоў, бурлакоў, батракоў, чумакоў, паноў?

10. Ці спяваюць зараз песні пра службу ў войску (казацкія, рэкруцкія, салдацкія)?

11. Дзе часцей за ўсе можна пачуць жартоўныя песні?

12. Ці вядомы ў вас «жаласныя» песні, (пра забойства, атручванне, дачку-птушку, братоў-разбойнікаў, спрэчку каня з арлом, ваўкоў-нянек, заклятае вяселле, смерць, гора, долю, Бандароўну, мужа Дуная, дзяўчыну Ціхоню і г.д.)?

13. Ці ведаеце вы песні з загадкамі?

14. Ці вядомыя вам спецыяльныя песні i прыпеўкі да танцаў?



7. Народна-драматычнае мастацтва

Народна-драматычнае мастацтва ўключае наступныя віды: 1) драматургію фальклорна-этнаграфічных комплексаў, 2) драматургію хрысціннай і вясельнай абраднасцей; 3) драматургію маладзёжных і дзіцячых гульняў; 4) тэатральна-драматызаваныя прадстаўленні ўсенародных гулянняў; 5) батлейку, 4) інтэрмедыі, 5) народную драму. Сярод прадстаўленай класіфікацыі відаў на сённяшні дзень на вёсцы і ў горадзе рэальна зафіксаваць драматургію першых чатырох разнавіднасцей.



Даведка
Фальклорна-этнаграфічнымі комплексамі з’яўляюцца Каляды, комплекс Масленічнага тыдня, Ваджэнне Куста, Ваджэнне стралы, Сёмушны тыдзень, Русальны тыдзень, Купалле.

Парада
Паколькі па каляндарнай абраднасці вам прапануецца фіксацыя матэрыялу ў раздзелах «Каляндарна-абрадавая паэзія» і «Каляндарна-святочная проза», а ў сямейнай абраднасці – у раздзелах «Паэзія сямейна-абрадавага комплексу» і «Сямейна-абрадавая проза», у дадзеным раздзеле вы можаце звярнуць увагу інфарманта на рытуальныя і сацыяльныя ролі выканаўцаў абрадаў, песень, танцаў, гульняў, карагодаў. Драматургія мае на ўвазе пэўную тэатралізаванасць, прадстаўнічасць, таму ўсе асаблівасці паводзінаў, адзенне, абставіны правядзення пэўных прылюдных мерапрыемстваў і прадстаўленняў пажадана акуратна занатаваць. Уявіце, што па вашых запісах абрад ці гульня пасля будуць пастаўлены на сцэне, напрыклад, Дома культуры ці іншай установы. Толькі ад вас залежыць, ці будзе магчымым здзяйсненне такой пастаноўкі з боку дастатковасці матэрыялу. Памятайце, што кожная дэталь у вашых запісах – сапраўдная каштоўнасць.

8. Дзіцячы фальклор

Дзіцячы фальклор аб’ядноўвае даволі вялікую групу твораў. Трэба памятать, што тэксты дзіцячага фальклору складаюцца як дарослымі (калыханкі, забаўлянкі), так і дзецьмі (песні-заклічкі, песні-небыліцы, дакучныя песні, дражнілкі, лічылкі, слоўныя прыгаворы, анекдоты, «страшылкі»). Таму відавочна, што запісваць дзіцячы фальклор можна і ад дарослых, якія, па-першае, лепш ведаюць творы некаторых відаў і жанраў (калыханкі, забаўлянкі), па-другое, самі калісьці былі дзецьмі, таму таксама могуць узгадаць і лічылкі, і дражнілкі, і дзіцячыя песенькі.



Парада
Запісваючы фальклор ад дзяцей, вы павінны быць вельмі назіральнымі і чулымі да выканаўцаў. Перш за ўсё трэба заваяваць іх давер, высветліць, хто больш ведае гульняў і песень. Пажадана са слоў дзяцей запісаць умовы гульні, яе ход з дакладным драматычным тэкстам-«сцэнарыем», а потым папрасіць правесці гэтую гульню, суаднесці з запісаным расказам, удакладніць, адзначыць імправізатарскія моманты.
Апытальнік для збору дзіцячага фальклору
1. Якія творы ў вашай мясцовасці дарослыя выконваюць выключна для дзяцей (калыханкі, уцешкі, забаўкі, інш.)?

2. Ці спяваюць цяпер дзецям калыханкі? Якія?



Узор запісу: Апсік, апсік, каточак…

(калыханка)



Апсік, апсік, каточак,

Злавіў рыбку за хвасточак.

Ці самому есці,

Ці дзіцятку несці?

Еж ты рыбку сам, каток,

Ідзі з хаты за парог.

Не мяшай дзіцяці спаць,

А мне Натку калыхаць.
3. Ці ўмеюць пець калыханкі падлеткі, маладыя маці?

4. Як весяляць дзяцей малодшага ўзросту (аднаго–двух гадоў)? Якімі гульнямі і дзеяннямі суправаджаецца выкананне забаўлянак?



Узор запісу: Ішлі козы рагатыя, багатыя…

(забаўлянка)



Ішлі козы рагатыя, багатыя:

Каго пападу, таго забаду!



Аксютку папалі,

Аксютку забадалі:

Будык – будык – будык!
5. Ці ведаюць дзеці ў вашай мясцовасці калядкі, вяснянкі, іншыя абрадавыя песні?

6. Хто выконваў песні-небыліцы? Каму яны прызначаліся?



Узор запісу: Раба курачка бычка прывяла…

(дзіцячая песня-небыліца)



Раба курачка бычка прывяла,

Парасёначак яечак нанёс,

А бязрукі яечкі пабраў,

Да іх голаму за пазуху паклаў.
Сляпы прыгледзеўся,

Глухі прыслухаўся,

Нямы «каравул» закрычаў,

Бязногі бегам пабяжаў.
7. Які ўзроставы рэпэртуар гульняў у дзяцей 7–10, 12–14 гадоў? Хто ўдзельнічае ў гульнях? Ці існуюць гульні толькі для дзяўчынак ці толькі для хлопчыкаў?

8. Якія гульні суправаджаюцца выкананнем песень, разыгрываннем роляў?



Узор запісу: Гульня «Слепа бабулечка»

«Усе дзеці ходзяць па кругу. Выбіраецца слепа бабулечка. Ёй завязваюць вочы. Яна ходзіць у сярэдзіне круга. Усе пяюць:



Наша слепа бабулечка

Па вошчупу ходзіць,

Шукае каго-небудзь,

Хто яе асвабодзіць.

Бабулечка, хадзі бліжэй,

Усе цябе просяць.

Даткні каго, угадай, хто ён,

А мы асвабодзім.

Яна падыходзіць да каго-небудзь, датыкаецца, адгадвае, хто гэта. Калі адгадае, той становицца слепай бабулечкай».
9. Якія лічылкі ведаюць дзеці? Калі яны выконваюцца?

Узор запісу: Цыкаў, цыкаў…

(лічылка)



Цыкаў, цыкаў

Матацыкл.

Усе дарогі перацыкаў.

Ён паехаў у Ленінград

Выбіраць сабе нарад:

Красны, жоўты, галубой –

Выбірай сабе любой.
10. Якія існуюць песенькі-заклічкі? Да каго яны адрасаваны?

Узор запісу: Ідзі, ідзі, дожджыку…

(дзіцячая песня-заклічка)



Ідзі, ідзі, дожджыку,

Звару табе боршчыку,

Пастаўлю пад елкаю,

Накрыю талеркаю,

Сама пакаштую,

Цябе пачастую.
11. Якія дражнілкі існуюць у вашай мясцовасці? Чым тлумачыцца паходжанне тых ці іншых дражнілак?

Узоры запісаў:

а). Іван-балван… б). Доктар Пенкін…

(дражнілка) (дражнілка)



Іван-балван, Доктар Пенкін

На сасне дран, Лечыць блох

На ліпінке луплен, З дзесяці

За тры грошы куплен; Да чатырох.

Доктар Пенкін

Лечыць дарам,

Мажа плечкі

Скіпідарам.
12. Ці захаваліся ў вашай мясцовасці жартоўныя песні, галоўнымі персанажамі якіх з’яўляюцца жывёлы, птушкі, насякомыя?

Узор запісу: У нас у нядзелю свадзьба будзе…

(дзіцячая жартоўная песня)



У нас у нядзелю свадзьба будзе, Камар злосці напітаўся,

Камар муху сватаць будзе, Ад травіны адарваўся.

У нас, у нас. Уцёк, уцёк, уцёк!
Прыляцелі стары мухі, Паляцеў ён у лясочак,

Узялі камара на рукі, Сеў на зялёненькі лісточак.

Прыляцелі. Сеў, сеў, сеў!
Да панеслі ў даліну, Захадзілася фура-бура,

Прывязалі за травіну. Камарочка з дуба здула.

Стой, стой, стой! Упаў, упаў, упаў!
Упаў камар з высакосці,

Паламаў робры і косці.

Забіўся!
13. Якія «страшныя гісторыі» («страшылкі») расказваюць дзеці? Як гэтыя гісторыі называюць у вашай мясцовасці?

9. Сучасны гарадскі фальклор

Сучасным гарадскім фальклорам умоўна названая тая вобласць мастацкай творчасці, якая ў самых розных формах і відах бытуе цяпер у буйных гарадах. Гэта з’ява дынамічная, якая актыўна развіваецца і трансфармуецца, таму класіфікаваць яе можна толькі прыблізна.


Даведка
Сучасны гарадскі фальклор уключае ў сябе як традыцыйныя жанры фальклору, адаптаваныя ў сучасным гарадскім ужытку, так і ўласна-гарадскія тэксты, якія распаўсюджваюцца ў дзвюх формах – ВУСНАЙ і ПІСЬМОВАЙ.
9.1. ВУСНЫЯ ФОРМЫ ўключаюць: гарадскі абрадавы фальклор, гарадскую фальклорную прозу, малыя формы фальклору, гарадскую фальклорную паэзію, гарадскі дзіцячы фальклор, фальклор гарадскіх субкультур.

9.1.1. Гарадскі абрадавы фальклор датычыцца грамадскага і хатняга быту.



Грамадскі быт: паэзія адноўленых каляндарных традыцый, сучасных святаў, выпускных вечароў, вечароў сустрэч, «пасвяшчальных» абрадаў (у салдат тэрміновай службы, студэнтаў, крымінальнікаў, альпіністаў, турыстаў) і інш.
Апытальнік
1. Якія традыцыйныя каляндарныя святы і абрады вядомы ў вашым горадзе (Каляды, Масленіца, Пасха, Радуніца, Купалле, дажынкі і г. д.)? Як яны праводзяцца? Якія песні пры гэтым выконваюцца?

2. Ці існуюць новыя традыцыі святкавання сучасных дат і падзей (Дзень горада, вечары сустрэч, выпускныя вечары)? Што характэрна для фальклорнага рэпертуару?

3. Ці вядомы вам асаблівасці правядзення «пасвяшчальных» абрадаў (у салдат тэрміновай службы, турыстаў, пажарных, студэнтаў і г.д.)? Якія творы пры гэтым выконваюцца?
Хатні быт: рэпертуар сучаснага застолля, вяселля, хрысцінаў, пахавання, провадаў на тэрміновую службу.
Апытальнік
1. Што характэрна для рэпертуару сучаснага сямейнага застолля?

2. Ці вядома вам, як раней ладзілі вяселлі? Што новага з’явілася ў гарадскіх вяселлях цяпер? Ці выконваюцца яшчэ фальклорныя творы? Якія?

3. Як у вашым горадзе праходзяць абрады хрысцінаў, пахавання, провадаў на тэрміновую службу? Што вызначае спецыфіку фальклорнага матэрыялу?
9.1.2. Гарадская фальклорная проза ўключае:

а) гарадскія былічкі (у аснове – міфалагічныя апавяданні);


  • Ці вядомы вам былічкі, звязаныя з тымі ці іншымі «дрэннымі месцамі»: напрыклад, з палянамі, скаламі, пячорамі ў павер’ях турыстаў, альпіністаў і спелеолагаў; з паддашкамі і падваламі гарадскіх будынкаў у прымхлівых апавяданнях падлеткаў і г. д.?

  • Якія былічкі аб «касмічных прышэльцах», часовым выкраданні імі людзей, НЛА і іншых «анамальных з’явах» бытуюць у вашым горадзе?

  • Ці існуюць былічкі, якія апавядаюць аб сустрэчах з рознымі формамі мутацый (людзей, жывёл, раслін), якія ўзніклі ў выніку тэхнагенных катастроф (аварыі на ЧАЭС і г. д.)?


б) гарадскія бывальшчыны (у аснове – апавяданні аб даўніх падзеях);

Ці захаваліся бывальшчыны аб цяжкасцях, пакутах і фізічных калецтвах людзей у пераломныя моманты гісторыі?


в) гарадскія мемараты (у аснове – апавяданні сведкаў аб нядаўніх падзеях);

  • Аб якіх войнах (айчыннай, афганскай, чачэнскай) захаваліся ў вашым горадзе вусныя апавяданні (мемараты)?

  • Ці вядомы вам вусныя апавяданні (мемараты) аб узнікненні горада, помнікаў?


г) гарадскія легенды;

Ці бытуюць у вашым горадзе легенды аб боскім умяшанні (напрыклад, аб звышнатуральнай дапамозе, дзівосным выратаванні) ці аб прадвесці важных падзей (сны, бачанні, абнаўленні іконаў, метэрэалагічныя з’явы)?



Узор запісу: О дьяволе (легенда).

«Когда случилась давка на Немиге, среди людей был дьявол. Он собирает жизни людей раз в 65 лет».


д) гарадскія міфы;

Ці вядомы вам вусныя апавяданні, у даставернасць якіх вы верыце безагаворачна (гарадскія міфы)?


е) чуткі, плёткі, байкі;

Якія чуткі, плёткі, байкі ўвесь час узнаўляюцца ў вашым горадзе?


ж) анекдоты.

Якія асноўныя цыклы анекдотаў прадстаўлены ў фальклоры вашага горада?



Узор запісу: Анекдот.

«Родственники собрались в доме покойного и с нетерпением ожидают, когда прочтут завещание. Наконец, юрист вскрывает конверт и читает: «Будучи в здравом уме и твердой памяти, все свои деньги я растратил…» Или: «Урок биологии. Учительница: Дети, как называется существа, которые могут жить и в воде и на суше? Матросы, – отвечает с задней парты Вовочка».
9.1.3. Малыя формы фальклору ўключаюць:

а) прыказкі і прымаўкі;

  • Якія традыцыйныя прыказкі і прымаўкі вам вядомы? Пры якіх абставінах яны гучаць?

  • Ці вядомы вам камічныя пераробкі прыказак і прымавак?

Узор запісу: «Сколько волка ни корми, а он все ест и ест»; «На вкус и цвет фломастеров нет»; «Кто рано ложатся, те поздно выходят замуж». Ці: «Видно птицу по помету»; «Чем дальше влез, тем ближе вылез».
б) сучасныя маладзёжныя выслоўі.
9.1.4. Гарадская фальклорная паэзія ўключае:

а) гарадскія прыпеўкі;

Якія прыпеўкі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў вашым горадзе?


б) гарадскія рамансы, новыя балады.

Ці вядомы вам тэксты гарадскіх рамансаў ці баладных песень? Аб чым у іх спяваецца?


Узор запісу: Вдали шумели камыши…

(гарадскі раманс)

Вдали шумели камыши, судили парня молодого.

Он был красив и молчалив, но в жизни сделал много злого.

Когда он начал свой рассказ, все в зале быстро замолчали.

Он рассказал про дом, про мать, и слезы по щекам стекали.
Когда мне было восемь лет, я от семьи, от рук отбился.

Мы стали грабить, воровать, и с черной шайкой я скрутился.

Когда прошло шестнадцать лет, я взрослым стал мужчиной.

Да, вот прошло шестнадцать лет – я взрослым стал мужчиной.

…………………………………………………………………………



Мы стали грабить один дом, не зажигая света в нем.

Когда же я зажег свечу, о Боже, что я там увидел!

Ведь там лежала моя мать, в груди с кинжалом умирая.

Она свидания ждала, но сына так и не дождалась.
В углу лежал и мой отец, он был убит моей рукою.

Он сына ждал давным-давно, но за окном темным-темно.

Моя трехлетняя сестра в кроватке тихо умирала.

Она как рыбка без воды свой алый ротик открывала.
Когда он кончил свой рассказ, все в зале тихо зарыдали.

Смертельный приговор судья писал тихонько со слезами.

Вдали шумели камыши, убили парня молодого.

Он был красив и молчалив, но в жизни сделал много злого.
г) песні (бытавыя, ваенныя, палітычныя, песні-пародыі);

Што характэрна для песеннага рэпертуару вашага горада (выкананне ваенных, палітычных, бытавых, парадыйных і іншых тэкстаў)?


д) крычалкі, выразы, прыгаворкі (застольныя, картачныя, стадыённыя, дзіцячыя);

Ці можаце вы прывесці прыклады выразаў, крычалак, прыгаворак?



Узоры запісаў:

а). «Спартак», не робей! б). Великая, могучая…

(крычалка) (крычалка)



«Спартак» не робей! Великая, могучая

По своим воротам бей! Никем непобедимая,

Если в наши попадешь, Команда Новополоцка,

До медпункта не дойдешь! Ты самая любимая!
е) песенныя пераробкі папулярных твораў;

Якія папулярныя творы часцей за ўсё перарабляюцца? Чаму?



Узор запісу: Ты живешь в соседнем доме…

(песня-пераробка)


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка