I курса фiлалагічнага факультэта спецыяльнасцей: 1-21 05 01 «Беларуская філалогія» 1-21 05 02 «Руская філалогія» 1-21 05 04 «Славянская філалогія» мінск бду 2007




старонка5/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер1.95 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Узоры запісаў:

а). Нашы жэншчыны не ваділі, а ў нас прыхаділі з другоі вёскі, з Багданаўкі, гэта Лунінецкі раён. Прыходілі жэншчыны з мужчынамі, адяваліся, Куста ўбіралі і ваділі, у нас такога не было;

б). Раньшэ водылы Куста, яшчэ була тогді мала, годов восім було, но я всё равно цікавіласа. Ломалі клён, вэлі вэнкы, збіраліса дэвкы, дома убыралы. На дворы збыралыса, вэнкы тые на голову накладалі...дэвкы нэзамужніе. Одна нэсла на голові, остальные шлы позаді.

Як назбырають грошэй, хто яйця давав, хто грошы давав, хто сало, да ужэ вэнка прыносять до колодезя, втягають коворота того і на коворот вішалі. Я сама тые разы усё прыглядаюса, і вун цэлу нэділю вісіть, покуль труйца вэдэцца.
Апытальнік для збору траецкай прозы
1. Як дакладна ў вашай мясцовасці называецца свята Тройцы (напрыклад, Тройца, Трыйца, Труйца, Сёмуха, Сёмка, зялёныя святы, зялёныя святкі)? Выкарыстоўваецца адна назва ці некалькі?

2. Як святкавымі Тройцу раней і як цяпер? Ці ўпрыгожваюць хаты ўнутры і звонку зелянінай? Якой? Што з ёю потым рабілі? Як яна называлася (напрыклад, май, тройца, клечанне)?

3. Ці хадзілі калі-небудь у лес да бярозкі? Ці знаёмы вам такія выразы, як «завіваць бярозку», «развіваць бярозку», «завіваць вянкі», «развіваць вянкі»? Што гэта значыць? Што рабілі з вянкамі? Ці варажылі на вянках? Ці адбываецца цяпер гулянне каля бярозкі?

4. Ці памятаюць у вас пра такі траецкі звычай, як кумленне? Хто і з кім куміўся?

5. Як святкуюцца траецкія дзяды? У які дзень?

Узоры запісаў:

а). Як Труйца, то бацько закопае бэрозу, орабыну коло порога, позатыкають голынкы у хаты – і гэтэ высушыть, і хавають пока класты жыто у стожок. Клалы і казалы, то мышы нэ будуть йісты жыта;

б). Тройца называецца Дух. Клён ломляць і несуць на могілкі мёртвым. Вроде жывым Тройца і мёртвым Тройца. Дух мо ў понеделок.

Як я мала была, то говорылі на Духа надо іцці купацца. То мы ідём на рэчку купацца первы раз. Колісь до Духа старыя не купалісь. Говорылі, трэба первы раз на Духа пойці помыцца, до Тройцы, девка, не іді купацца.

На Тройцу тры дня нічога не делаем, а тры дня можна, але всё роўна Тройчаны тыждень.

Жэншчыны собіраюцца чоловек 50, беруцца за рукі і ідуць по уліцам, співаюць тройчаны песні.

У нас на тройцу дівкі готовяць вечэру, хлопцы ідуць. І сейчас у нас таке. Жарят яечніцу, выпіўку беруць. Галі я сама дала. Два вечары гулялі, под радіолу танцовалі;

в). Прыносылы з лісу бырызытыну, клён і прыбывалы до хаты кай двырэй і кай окон, у хаты тожэ затыкалы у кутках, за образы, над двырэма. Авалы яйірі сыпалы на дворі, каля хаты. Дівчану обкручвалы клёнам, бэзом, бырэзыною, ано то могла руку высунуты. А потым водылы по сылі, водылы Куста. Спывалы гэту пысню:

Выдэм Куста в зылёному клёну,

Выкынь, пане, хоть по золотому.

Выдэм Куста в зылёному бырвынцу,

Выкынь, пане, да хоч по чырвінцу.

За пысню люды давалы дар, хто шчо мае.
2.2.5. ПАЭЗІЯ ТРАЕЦКА-РУСАЛЬНАГА КОМПЛЕКСУ

Уключае:


1) траецкія песні, якія спяваліся на Сёмуху (Тройцу) – 50-ы дзень пасля Вялікадня. З суцэльнага абрадавага комплексу траецкіх свят, працягласць якіх можа дасягаць двух тыдняў (у суботу перад Тройцай – Траечныя дзяды, упрыгожванне зелянінай хаты і падвор’я, абрады завівання бярозкі і кумлення на Тройцу, у панядзелак – сашэсце святога Духа, аўторак – Конскі Вялікдзень, у сераду – рытуалы здабывання і ўшанавання агню, чацвер – абрады выклікання дажджу, Наўскі Вялікдзень, у нядзелю – абрады развівання бярозкі). Песнямі суправаджаліся абрады кумлення і завівання і развівання бярозкі. Цэнтральныя персанажы такіх песень – персаніфікаваная Бяроза, дзяўчаты, якія апяваюць дзеянні завівання – развівання вяночкаў, тлумачаць матывацыю кумлення. Адпаведна названыя песні ў жанравым плане рытуальныя. Аднак большасць траецкіх твораў лірычныя ці любоўныя.

Узоры запісаў:

а). Пойдзем, дзевачкі, у луг гуляць б). Дзеўкі на Тройцу вянкі вілі…

(траецкая рытуальная песня) (траецкая лірычная песня)



Пойдзем, дзевачкі, у луг гуляць, Дзеўкі на Тройцу вянкі вілі,

Зялёных вяночкаў завіваць. Ай, на Купала дывівалі.

Пры сваю долечку гадалі.

Заўём вянкі на ўсе святкі, –

На ўсе святкі, на ўсе празнічкі; Калі ж ты, доля, шчаслівая,

Цвіці вяночык, як васілёчык,
Калі ж ты, доля, нішчасная,

Ссохні, вяночык, як сухарочак.
2) куставыя песні спяваліся на Сёмуху падчас абраду «Ваджэння Куста». Гэта лакальная з’ява беларускага фальклору, вядомая на Піншыне і часткова ў іншых раёнах Заходняга Палесся. Куставыя песні падзяляюцца на: а) абходныя, якія непасрэдна звязаны з абрадам «Ваджэнне Куста». Цэнтральныя персанажы тут – Куст, «дзявоцкае войска», гаспадары; б) карагодна-таночныя, звязаныя з сямейна-бытавой і любоўнай тэматыкай. Іх героі – дзяўчаты, хлопцы, маці, бацька, Доля:

Узоры запісаў:

а) Ох, мы ж былі у харошаму й бору б) На гары на новай крамяніцы

(куставая рытуальная песня) (куставая карагодна-таночная песня)



Ох, мы ж былі у харошаму й бору На гары на новай крамяніцы

І звілі Куста ж із зялёнага клёну. Танцавалі дзеўкі, маладзіцы.

Там ягомасць да на пэрэдачку

І звілі Куста із зялёнага клёну, ходзіць,

Да прывялі Куста ды й да слаўнага двору. Сваю імасць да за белу ручку

водзіць.

Да прывялі ды й Куста да слаўнага двору, Ты, імасць, гардуеш ты мною,

Проша пана выйсці з новага пакою. Шчо быці сто год із табою.
Проша нам вынесці тры барылкі гарылкі,

Мы прывялі куста да харошыя тры дзеўкі.
Ой, у нашага Куста ножанькі невялічкі,

Ой, проша вынесці да хоч на чаравічкі.
Проза абраду провадаў русалкі
Русальны абрад – адметная з’ява традыцыйнай культуры Усходняга Палесся (Гомельшчына). Галоўныя структурныя моманты русальнага абрадавага комплексу – выбар прыгожай дзяўчыны на ролю русалкі (месцамі да яе далучаецца маленькая дзяўчынка – дачка русалкі – і русалін – мужчына-праваднік) – провады русалкі ў жыты (часам з абраным ёю хлопцам) – выкананне праводных песень – мясцовыя міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з русалкай, якую праводзяць.

Ад збіральніка патрабуецца запісаць аповед аб лакальнай версіі абраднасці (або адной з яе частак) з вызначэннем лакальных структурных элементаў, якія маюць мясцовыя назвы. Напрыклад, лавіць русалку – весці ў танок – весці праз вёску – весці ў жыта. Майце на ўвазе, што ў кожнай вёсцы абрад складаецца з уласцівых толькі гэтай версіі дэталей і дзеянняў. Напрыклад, у адным выпадку русальныя вянкі спальвалі, у другім – сплаўлялі па вадзе, у трэцім – закідвалі на дрэва.


Апытальнік для збору русальнай прозы
1. Як у вашай мясцовасці называюць абрад провадаў русалкі (напрыклад, «паліць русалку», «тапіць русалку», «закапуваць русалку», «заганяці на грушу»)? Калі ён адбываецца?

2. Што гэта была за русалка? Гэта быў жывы чалавек ці чучала? Якім чынам апраналі русалку? З якіх галінак і кветаквыраблялі вянок русалкі? Ці была ў русалкі пара (напрыклад, русалін, «дачка»)?

3. Як пачыналіся провады? Адкуль і куды вялі русалку? Што з ёю рабілі? Як сябе паводзіла русалка? Ці шукалі русалку? Дзе яна хавалася?

4. Як завяршаўся абрад? Ці вярталіся за русалкай? Што рабілі з вянкамі?

5. Навошта, з якой мэтай праводзілі русалку (напрыклад, каб задобрыць яе, выгнаць як шкодную істоту, на добры ўраджай і да т. п.)?

Узоры запісаў:

а). На русальную нядзелю калісь вадзілі русалку. І сьпеваюць: «Проведу, проведу русалочку до бору» (поўны тэкст песні). І тады венкі етые скідаюць з галоў. А дзе русалка йшла, з берозы венок чэпляюць у варота кладбішча. Русалку адзявалі ў белае адзенне і зелёный венок да розавуй. А дзевушкі другіе у всякуму разнум. А венкі сабе кожна саўе із цветоў, па лесу наломець. Кагда с кладбішча ідуць, ну, тады хлопцы маладые сабіраюцца туды. Венкі тые пашшыбаюць ужэ, угору падкідаюць. Да хлопцы іх – панамочваюць розкі, наломяць да хочуць пабрыскаць дзевак. Дак хто куды папала уцекае. І агні палілі. Бяросту здзерэ з берозы, берэсцінку, да накіне, да запаліць. Пробуе і агнём подпаліць дзевак. Русалкай выбіралі кого папала, хто согласіцца: я, чы ву, чы ані, хто согласіцца. От я буду русалка. У русалкі венок з бярозы, здоровуй, аж цягнецца по землі;

б). Правядуць русалку, а самі ідуць дадому, кідаюць вянкі на грады, на гуркі. Гэта, кажуць, на ўраджай. Гэта па-калішняму такая прымха была;

в). Праводзіцца абрад гэты ў полі, усе ўдзельнікі свята ідуць туды з песнямі і пляскамі, вядуць русалку ў жыта і там качаюць яе па жыту. А хлопцы дзевак стрыкаюць крапівой, дзеўкі прыгаюць цераз вогнішча і хаваюцца ад хлопцаў у жыта, а хлопцы шукаюць дзяўчат у жыце;

г). Русалку вялі па дзярэўне, а потым у жыта, там спяваюць і кладуць агонь. Хлопцы і дзеўкі прыгаюць чэраз яго, а русалка ловіць іх. Калі паймае, то апячэ крапіваю. Патом русалка выбірала сабе хлопца і цалавала яго, калі хлопец любіў яе, то цалаваў тожа, а калі не, то кідаў русалку ў воду і казаў: «Ідзі да лешага, яго сватай». Патом русалку вымалі з вады, і яна павінна была адпомсціць хлопцу: кінуць яго ў ваду, вымазаць у гразь, надзець яму сваю юбку, пацалаваць без разрашэння;

д). Чучала рабілі з саломы, з сярэдняга куля, здзелаям як чалавека, уніз калосся, а ўверсе камель. Пасярод перавяжам повясам (у каго е дзіравій, красный), а тады павірэзуім шыю кругам, кала камлей тады пахожа як галава. На ету галаву зав’яжам завязку і надзенем чапец... Тады напраном попку – кароткія армякі, шчо па тры хвасты ззаду. І рукі дзелаям: выхвацім з бакоў па жмені саломы, да абкруцім хустамі, да парав’яжам пат плечы, яны і стырчаць. На шыю хустачку краснянькую зав’яжам... На галаву вянок кладом із красак...
3) русальныя песні спяваліся на Русальным (Граным) тыдні, які адзначаўся праз тыдзень пасля Тройцы (Сёмухі). Яны падзяляюцца на дзве групы:

а) песні, якія спяваюцца на працягу Русальнага тыдня. Гэта творы на сюжэт «На граной нядзелі русалкі сядзелі», «Ходзіць Пятрышча па вуліцы», «Русалачкі-зямляначкі», «Русалачка, дзе твая дачка?» і інш.:



Узор запісу: На граной нядзелі…

(русальная песня)



На граной нядзелі

Русалкі сядзелі,

Эй, рана-рана,

Русалкі сядзелі.
Русалкі сядзелі,

На дзевак глядзелі,

Эй, рана-рана,

На дзевак глядзелі.
Дзевачкі-сястрыцы,

Падайце вадзіцы,

Эй, рана-рана,

Падайце вадзіцы.
Падайце вадзіцы

З халоднай крыніцы,

Эй, рана-рана,

З халоднай крыніцы.
А хлопчыкі-брацця,

Вы спляціце лапці,

Эй, рана-рана,

Вы спляціце лапці;
б) песні, якія спяваліся падчас абраду провадаў русалкі. Кампазіцыйна гэта творы двухчасткавыя: у першай указваецца месца провадаў русалкі – поле, лясок, да йгрушкі і нш., у другой канстатуецца момант вяртання «да дому», «к падружкі», «да мамкі», «да дзяжы» і інш.
Даведка
З абрадам провадаў русалкі могуць быць звязаны таксама карагодныя (ці таночныя – у залежнасці ад мясцовасці) песні тыпу «Ах, мая русалачка, // Летні ты цвяточак, // Вазьмі сабе дзевачак //Ў карагод-таночак», у якіх яскрава вызначаецца любоўна-шлюбная тэматыка: «А сярод тых дзевачак // Малады галубчык, // Малады галубчык, // Залаты пярсцёнак».
Апытальнік па паэзіі веснавога цыкла
1. Якія песні ў вас лічацца веснавымі?

2. Масленіца. Якімі песнямі і як сустракалі і праводзілі (выганялі) Масленіцу? Ці гушкаліся на арэлях? Якія песні пры гэтым спявалі? Ці хадзілі віншаваць маладзёнаў? Якія прыгаворы, віншаванні і песні пры гэтым выконвалі? Ці былі строга вызначаныя песні, якія спявалі напачатку і напрыканцы Масленічнага тыдня? Якімі жартамі, прыпеўкамі, гульнямі суправаджаліся масленічныя святы? Ці вядомыя масленічныя песні пра ластавіцу, вутачак, зайчыка? Ці ведаеце вы песні пра Масленіцу-«каўзуху», «пакатуху», «палізуху» і г.д.? Калі спявалі такія песні – напачатку, у сярэдзіне ці напрыканцы тыдня?

3. Гуканне вясны. Ці праводзіўся абрад спальвання або выгнання зімы? Якімі песнямі суправаджаліся рытуальныя дзеянні? Якія карагоды, танцы, веснавыя гульні суправаджалі абрады перыяду гукання вясны? Запішыце іх мясцовыя назвы і апісанні. Якія песні спяваліся ў карагодах, танцах, гульнях?

4. Саракі. Як святкаваліся Саракі? Ці вядомыя песні, звязаныя з Саракамі? Як праводзілі гэты дзень: гушкаліся на арэлях, варажылі і г. д.? Якія павер’і, звычаі, гаданні звязаны з названым прысвяткам?

5. Вялікдзень. Ці спявалі на Вялікдзень велікодныя песні? Ці гушкаліся на арэлях, спяваючы спецыяльныя песні? Ці вадзілі карагоды, спяваючы карагодныя песні? Зафіксуйце ўсе песні, гульні, прыгаворы, якія выконваліся падчас Велікодных святаў. Ці вядомыя ў вашай мясцовасці валачобныя песні? Якая размова адбывалася паміж валачобнікамі і гаспадарамі? Якія песні выконваліся падчас абходу хат валачобнікамі? З якім прыпевам? З чаго пачыналіся і чым заканчваліся віншаванні? Каму прысвячалася першая валачобная песня і каму наступныя?

6. Юр’я. Якія песні спявалі на свята Юр’я? Ці вядомы песні, якія суправаджаюць першы выган жывёлы на пашу? На якія асаблівасці выгану ў іх звяртаецца ўвага? Ці ходзяць на Юр’е качацца ці бегаць па расе, абыходзіць засеянае поле, агароды, частавацца на полі (агародзе), закопваць рэшткі ежы з краю поля і г. д.? Ці суправаджаюцца названыя дзеянні песнямі і якімі? Ці водзяць на Юр’е карагоды? Ці спяваюць карагодныя песні? Ці адрозніваюцца яны ад іншых юраўскіх песень? Чым?

7. Ваджэнне і пахаванне стралы. Якія песні і пры якіх абставінах выконваліся падчас «ваджэння» і «пахавання стралы»? Якія карагоды і карагодныя песні суправаджалі першую і другую частку абраду? Ці існуе розніца ў рэпертуары песень падчас «ваджэння» і «пахавання»? Якія яшчэ песні – прыпеўкі, рамансы і інш. спявалі на Ушэсце?

8. Тройца (Сёмуха). Якія песні лічацца сёмушнымі (траецкімі)? Ці суправаджаліся абрады завівання – развівання бярозкі спецыяльнымі песнямі? Ці спявалі песні, калі накіроўваліся да бярозы? Якія? Ці пускалі дзяўчаты развітыя вянкі на ваду? Якія песні пры гэтым спявалі? Ці суправаджаўся абрад кумлення дзяўчат песнямі? Якімі? Ці вадзілі карагоды вакол бярозкі? Ці спявалі пры гэтым карагодныя песні? Якія?

9. Ваджэнне Куста. Якія песні выконваліся падчас абраду ваджэння Куста? Ці адрозніваюцца песні, якія суправаджалі ваджэнне Куста па вуліцы, ад песень, якія спявалі ў двары гаспадара? Ці вадзілі на вуліцы карагоды (танкі)? Якімі песнямі яны суправаджаліся?

10. Провады русалкі. Якія песні выконваліся на Русальным (Граным) тыдні? Ці вадзілі карагоды і калі: на працягу тыдня, падчас абраду провадаў, пасля абраду провадаў? Ці вядомыя песні на сюжэт «На граной нядзелі русалкі сядзелі»? Якія песні спявалі на працягу тыдня і падчас абраду провадаў русалкі? Куды паводле песень праводзяць русалку паводле песень? Ці супадаюць месцы провадаў у песнях і ў абрадзе? Якія гульні, танцы ладзіліся пасля абраду провадаў? Ці суправаджаліся яны песнямі і якімі?


Летні цыкл земляробчага календара

Уключае:


1. ПРОЗУ І ПАЭЗІЮ КУПАЛЛЯ;

2. ПЯТРОЎСКІЯ І КАСЕЦКІЯ ПЕСНІ;

3. ПРОЗУ І ПАЭЗІЮ ЖНІВА.
2.2.1. ПРОЗА КУПАЛЛЯ

Ёсць адна цікавая акалічнасць, звязаная з геаграфіяй купальскай прозы і паэзіі. Хоць купальскія песні ахопліваюць вялізны арэал, але іх цяжка знайсці ва Усходнім Палессі (Гомельшчына), на поўдні Магілёўшчыны, паўднёва-заходняй частцы Гродзеншчыны, наўрад ці надарыцца магчымасць запісаць іх на Берасцейшчыне (тут трэба звярнуць асаблівую ўвагу на Пінскае Палессе).

Геаграфія купальскай прозы значна шырэй. Яе можна запісаць нават у тых рэгіёнах, дзе Купалля як такога няма, але яно вядома пад іншымі назвамі (напрыклад, на Гомельшчыне гэты дзень пазначаецца як Іван вядзьмарскі, Іван-ды-Мар’я).

Звярніце ўвагу на асноўныя тэмы купальскай прозы: мясцовыя назвы свята і звязаныя з ім уяўленні, прыкметы, перасцярогі – вогнішчы – атрыбутыка купальскага вогнішча – купальскія ведзьмы і іх выкрыванне – купальскае кумаўленне – уяўленні пра папараць-кветку – купальскія бясчынствы – купанне – «ігра» сонца.


Апытальнік для збору купальскай прозы
Назвы свята

Як у вашай мясцовасці называлася свята, якое адбывалася з 6 на 7 ліпеня? Як называўся наступны дзень 7 ліпеня?


Вогнішчы

1. У якія дні года распальвалі (раскладвалі) вогнішчы (на Каляды, на Вялікдзень, Благавешчанне, Юр’я, Купалу, Пятра і г. д.)?

2. Дайце кароткае апісанне абраду «запальвання купальскага агню». Запытайце:


  • Ці выбірала моладзь кіраўніка або распарадчыка («урадніка») гэтага дзейства?

  • У якім месцы распачыналі дзейства?

  • Дзе раскладвалі вогнішча (каля вады, на адкрытым месцы за вёскай, на ўзвышшы, вакол дрэва – удакладніць якога)?

  • Ці існаваў у вашай мясцовасці звычай зносіць з усёй вёскі ўсялякія старыя рэчы (зношанае адзенне, старыя боты і г. д.)? А цяпер?

  • Што пасля рабілі з гэтым хламам? Напрыклад, вывозілі сабраны хлам на поле, дзе звальвалі ў кучу і пакідалі да ночы.

  • Ці існаваў у вашай мясцовасці звычай падпярэзвацца палыном, ідучы на ігрышча?

  • Як паводзіла сябе моладзь, ідучы на Купалле? Напрыклад, браліся за рукі і выходзілі на поле з песнямі.

  • Ці захаваўся звычай здабываць «жывы» агонь шляхам трэння сухога дрэва аб дрэва?


Атрыбутыка купальскага вогнішча

1. Ці ўтыкалі ў зямлю вакол вогнішча зялёныя дрэўцы? Для чаго гэта рабілі?

2. Што ўтыкалі непасрэдна ў агонь? Як гэты прадмет называўся? Што на ім было (шчыт, кола, пудзіла)? Што дадзеная кампазіцыя сімвалізавала?

3. Што рабілі ўдзельнікі абраду, падпаліўшы касцёр (уладкоўваліся каля агню, частаваліся, спявалі, вадзілі карагоды і г. д.)? Што кідалі ў агонь?

4. Як размяшчаліся вакол вогнішча хлопцы і дзяўчаты (па розныя бакі, побач, не мела значэння)?

5. Скокі праз агонь. Хто і як скакаў праз агонь (хлопцы і дзяўчаты, паасобку, парамі, накрыж)?

6. Як называлі тую дзяўчыну, якая не магла пераскочыць праз вогнішча (напрыклад, ведзьмай)?
Купальская ведзьма

1. Каго лічылі ведзьмай (таго, хто не прыйшоў на Купалле; дзяўчыну, якая не пераскочыла праз вогнішча; жанчыну, якая падышла да кастра і папрасіла агню? Каго яшчэ?)

2. Хто мог выконваць ролю ведзьмы (напрыклад, самая старая бабулька)? Як яна сябе паводзіла (напрыклад, падкрадвалася і спрабавала ўзяць галавешку з агню)?

3. Ці рабілі ў вас пудзіла ведзьмы? З чаго? Які яно мела выгляд? Што з ім рабілі (апраналі, насілі па вёсцы, спальвалі, тапілі, разрывалі на часткі і г.д.)?

4. Як моладзь вартавала касцёр (праганяла «ведзьму», біла яе палыном і г.д.)?

5. Што яшчэ магло сімвалізаваць ведзьму (напрыклад галава (чэрап) каровы або каня, якую спальвалі ў агні)?

6. Як абаранялі ад ведзьмаў і нячыстай сілы жывёлу, жыта, малочны посуд?
Звычай кумаўлення

1. Ці існаваў у вашай мясцовасці звычай кумаўлення? Калі гэта адбывалася (у час Купалля, у Пятроў дзень, на Тройцу)?

2. Хто куміўся на Купалу (дзяўчаты паміж сабой, дзяўчаты з хлопцамі)?
Папараць-кветка

1. Ці шукалі на Івана Купалу папараць-кветку?

2. Ці было павер’е, што з дапамогай гэтай кветкі можна бачыць усё, што згублена, захавана, знайсці клад?

3. Ці казалі, што кветку папараці ў гэтую ноч ахоўвае нячыстая сіла?

4. Ці былі спецыяльныя ўмовы для людзей, якія ішлі шукаць папараць-кветку?

5. Ці існавала павер’е, што той, хто знойдзе папараць-кветку будзе шчаслівы?

6. У некаторых месцах існуе павер’е, што папараць-кветку можна было ўбачыць роўна апоўначы. А як у вас?

7. Ці існуе ў вашай мясцовасці легенда пра чалавека, які знайшоў папараць-кветку? Запішыце яе.


Бясчынствы

1. Якія «бясчынствы» рабіліся ў купальскую ноч (цягалі колы, бочкі, пераварочвалі іх, закідвалі на дах; здымалі платы, выводзілі скаціну з хлява і г. д.)? Навошта гэта рабілася?

2. Як ставяцца вяскоўцы да гэтых «бясчынстваў»?
Купанне

Ці пільнаваліся таго звычаю, што на Івана Купалу трэба купацца, або, наадварот, нельга было купацца? Калі купаліся (ноччу, на досвітку, раніцай)? Як купаліся хлопцы і дзяўчаты – паасобку ці разам? У якім выглядзе?


«Ігра» сонца

1. Як называецца «ігра» сонца (сонца грае, купаецца і г. д.)? Што гэта значыць?

2. Як трэба назіраць за «ігрой» сонца (прыжмурыўшы вочы, не моргаючы)?
Узоры запісаў:

а). У гэты дзень збіраліся людзі, ставілі вялікія жэрдкі, высокія жэрдкі, прывязвалі іх адна да другой, вешалі на гэтыя жэрдкі кошыкі, клубкі, намочаныя ў газу, усякае рыззё і падпальвалі. Агонь быў бачны вельмі далёка. Збіралася каля вогнішча вельмі многа моладзі. У вёсцы гэтыя вогнішчы палілі на кожнай вуліцы. Каля вогнішча пелі, танцавалі, жартавалі. Тут апошні раз спявалі вяснянкі, а таксама спявалі і гэту песню:

Ой, лелю да лелю

Да ў крывога танца...(падаецца поўны тэкст);

б). У нас на Купалле пераапраналіся ў Купалінку і чарцей. Упрыгожвалі дзяўчынку з доўгімі валасамі, гэта Купалінка, яна пела і клікала ўсях на свята, у карагод, прыгаць праз вогнішча. Чэрці ўсе абмазаныя, з рагамі і хвастом, яны рабілі ўсялякія злачынствы;

в). Позна ноччу, калі само свята ў разгары, маладыя хлопцы і дзяўчаты, калі парамі, калі проста хлопцы, калі дзяўчына дужа баязлівая была, ухадзілі ў лес, далёка не хадзілі, толькі каб спакойна было, ніхто не падглядваў. Трэба было знайсці вялікі куст папаратніка, вакол яго ачарціць кола, сесці ўсярэдзіну і глядзець на гэты куст папаратніка, і ў нейкі момант з куста павінна была вырасці кветка – яркая, як сонейка, трэба было яе накрываць чым-небудзь, рваць і бегчы да сваёй каханай, а ў гэты час за табой павінен бегчы чорт, каб кветку адабраць, але абарочвацца нельга, бо чорт галаву скруце;

г). На Купайло рвалэ прокэву і зав’езувалэ ею двэрэ в хатэ, в коморэ, в хліві. Бо в гэту ныч ходыць відьма, і в тэй двэрэ, шо зав’езанэ прокэвію, вона ні підэ;

д). Уставалэ шэ до схода сонця, шоб побачітэ, ек сонцэ грайе. І гэто правда, бо в другі дэнь воно зусім ны гэтак сходыть;

е). У нас на Купалле хлопцы ўкрадуць каток з калёс, што коней запрягаюць, і тады ў поўнач голымі параздзяюцца і круга дзярэўні тры разы нада абкаціць. Кацілі два ці тры хлопцы, астальныя ждуць адзетыя на ростаньках. Тады гэты каток сякуці і вогнішча кладуць – штоб дзеўкі не шлі ў чужую дзярэўню замуж;

ж). На Купалу кіяхі, гуркі рвалі. Хлопцы плуга ўкрадуць, узаруці вуліцу, а мы пасаджаем гэта на вуліцы. Каторыя нядаўна пажаніліся, тым ставілі калыску з люлькаю перад клеццю, дзе тыя спалі.

Проці Івана цвяты вязалі ў пучкі. Чэраз агонь пераскаківалі і пучкі перакідалі.
2.2.1. ПАЭЗІЯ КУПАЛЛЯ

КУПАЛЬСКІЯ ПЕСНІ суправаджалі святкаванне Купалля ў ноч з 23 на 24 чэрвеня ў каталікоў і з 6 на 7 ліпеня ў праваслаўных беларусаў. У жанравым плане падзяляюцца на:



а) рытуальныя, якія спяваліся ля купальскага вогнішча пры апусканні на ваду вянкоў, сустрэчы ўсходу сонца:

Узор запісу: Божа наш, ой, месяцу, месяцу…

(купальская рытуальная песня)



Божа наш, ой, месяцу, месяцу,

Да ўзыйдзі раненька, Божа наш.
Божа наш, да ўзыйдзі раненька,

Развядзі купаллейка, Божа наш.
Божа наш, дзевачкам пяяннейка,

Хлопчыкам гуляннейка, Божа наш;
б) заклінальныя, у якіх выразна акрэслены матыў барацьбы з нячыстай сілай.

Узор запісу: Звала Купала Іллю на ігрышча…

(купальская заклінальная песня)



Звала Купала Іллю на ігрышча. То-то-то!

Хадзі, Ільішча, ка мне на ігрышча. То-то-то!


Не маю часу, Купалічка. То-то-то!

Гэту ночку мне не спаці. То-то-то!
Нада жыта пільнаваць. То-то-то!

Каб змяя заломаў не ламала. То-то-то!
У жыце карэнні не капала. То-то-то!

У кароў малака не адбірала. То-то-то!.
в) карагодныя купальскія песні, якія маюць любоўна-шлюбную тэматыку:

Узор запісу: Пойдзем, дзеўкі

(купальская карагодная песня)



Пойдзем, дзеўкі, На коніку,

Пойдзем, дзеўкі, кала жыта, На коніку пагарцуем,

Кала жыта. Пагарцуем.
Ці ні найдзім, А з малойцам

Ці ні найдзем каго ў жыце, А з малойцам патанцуім,

Каго ў жыце. Патанцуім.
Ці коніка, На коніку,

Ці коніка варанога, На коніку ездзіць будзім,

Варанога. Ездзіць будзім.
Ці молайца, А з малойцам,

Ці молайца маладога, А з малойцам гуляць будзім,

Маладога. Гуляць будзім.
Парада
Звярніце ўвагу на страфічны запіс тэксту дадзенай песні. Як бачыце, песенны слупок складаюць тры радкі, у межах якіх паўтараюцца па два словы папярэдняга радка. Гэта вельмі важны ў страфічных адносінах падзел, абумоўлены мелодыяй песні. Калі ласка, улічвайце такія моманты пры перазапісе песні з касеты на картку ці пры падрадковым запісе ад інфарманта адразу пры спяванні, калі вы не маеце магнітафона (дыктафона);
г) жартоўныя, у якіх высмейваюцца хлопцы, ведзьма, прыдзірлівыя бацькі.

Узор запісу: Да сягоння Купала, заўтра – Іван…

(купальская жартоўная псеня)



Да сягоння Купала, заўтра – Іван,

Будзе, дзецюкі, ліха вам.
А якое ліха – ліхое,

Пагоніце сабакі ў поле.
Да ад свіныя лебядзіцы

Пагоніце сабакі да вадзіцы;
д)  баладныя, у якіх апавядаецца аб пераўтварэнні ведзьмы ў жабу, мыш, яшчарыцу; пра ўдаву, якая нарадзіла двух сыноў; пра шлюб брата з сястрою, якія, даведаўшыся пра сваю роднасць, пераўтварыліся ў сінюю і жоўтую кветкі і нш.
2.2.2. ПЯТРОЎСКІЯ І КАСЕЦКІЯ ПЕСНІ

Выконваліся ў дні перадпятроўскага посту, які пачынаецца ад панядзелка пасля Траецкага тыдня і працягваецца да Пятра (12 ліпеня ў праваслаўных беларусаў, народная назва – Пятроўка). Паэтыка названых песень прыблізна аднолькавая: яны маюць зачын-зварот да сонца і бога тыпу «Сонейка! Пятрова ночка невялічка, сонейка…», «Божа наш! Пятрова ночка маленька, божа наш…», «Божа наш! На сенажаці мядуначка, божа наш…», просьбы аб добрым надвор’і. Аднак пятроўскія песні тэматычна шырэйшыя за касецкія. Калі ў апошніх згадваецца выключна пра касцоў ці гаспадара, якога касцы велічаюць, то ў пятроўскіх сустракаюцца таксама любоўна-шлюбныя матывы.



Узоры запісаў:

а). Божа наш! Пятрова ночка невялічка… б). Касцы косяць…

(пятроўская песня) (касецкая песня)



Божа наш! Пятрова ночка невялічка. Касцы косяць,

Божа наш! Бога просяць:

Божа наш! А хто ж у нас не выспаўся?

Божа наш! – Ой, дай, Божа, пагоданьку

Божа наш! Млода Манечка ўсю ноч не спала, Да на нашу работаньку.

Божа наш!

Божа наш! Ўсю ноч не спала, паясы ткала, Сена пакасіці,

Божа наш! Дадому звазіці.

Божа наш! Паясы ткала шалковыя,

Божа наш!

Божа наш! Хусткі рабіла паркалёвыя,

Божа наш!
2.2.3. ЖНІЎНАЯ ПРОЗА

Галоўнае – запісаць аповед пра зажынкі і дажынкі, даўнейшыя і цяперашнія. Даведайцеся таксама, наколькі быў распаўсюджаны звычай жніўнай талакі, ці запрашаюць на талаку ў нашы дні.


Апытальнікдля збору жніўнай прозы
1. Як рыхтаваліся да дажынак? Як апраналіся, што бралі з сабою?

2. Каму даручалі зажынаць першаму? Ці ўдзельнічалі ў зажынках мужчыны? Што яны рабілі і як сябе паводзілі? Колькі снапоў нажыналі ў дзень зажынак? Што рабілі з першым снапом?

3. Што рабілі, каб пры жніве не балелі рукі (напрыклад, абвязвалі іх ніткай з вясельнага каравая, каласамі, вырванымі на тым месцы, дзе зажыналі, латачкай, якой былі звязаны ногі нябожчыка)?

4. Што рабілі, каб не балела спіна (напрыклад, затыкалі нешта за пояс, падпярэзваліся перавеслам, качаліся на зямлі, нешта прыгаворваючы)?

5. Што рабілі з рэшткамі ежы пасля палуднавання на полі (напрыклад,пакідалі на мяжы для птушак, мышэй, мураўёў і нешта прамаўлялі, прыносілі дахаты для дзяцей і жывёлы)?

6. Што рабілі, калі знаходзілі ў жыце «залом», «завітку»? Які мелі гэтыя злакі выгляд? Каго вінавацілі ў «заломах»? Хто і як мог абясшкодзіць залом? Якую шкоду гаспадару поля чыніць «залом», калі яго выпадкова зжынамі?

7. Каго і якім чынам запрашалі на талаку? Як дражнілі жняю, што жала горш за іншых, заставалася апошняй?

8. Якімі абрадамі адзначалася заканчэнне жніва? Ці пакідалі на полі некалькі калоссяў і ў якім выглядзе (напрыклад, перавязвалі чырвонай шарсцяной ніткай, запляталі, аблівалі вадой, палолі, клалі камень, хлеб, соль, прыгіналі да зямлі)? Як яны называліся (напрыклад, «каза», «барада»)?

Ці перакульваліся падчас дажынак па полі?

Што яшчэ рабілі? Ці выбіралі каго-небудзь на ролю талакі?

9. Як вярталіся дадому пасля заканчэння жніва? Ці выраблялі спецыяльны дажынкавы «букет»? Як ён называўся (напрыклад, вянок, кветка, барада, каза)? Які меў выгляд? Што з ім рабілі? Куды ставілі астатні сноп? Якім чынам потым выкарыстоўвалі зерне з яго?

10. Як сустракалі талачан? Што адбывалася паміж імі і гаспадарамі?



Узоры запісаў:

а) Ужыная перву жменьку – як сярпом узяць – нясе дадому перву жменьку і ня кажа «прынесла стапок», а скажа «прынесла кулідку і піражок!» Дома схаваюць. А як ацеліцца кароўка, тады нада працадзіць малозіва цераз этую саломку. А тады тую саломку бярэ, парыц даёнку этай саломкай, кідае цаглінку туды, штоб малако чыстая було, штоб сыр моцны буў!

б) Самая старэйшая жанчына нажынала першы сноп. Садзіліся на гэты сноп і ўсе рабілі вянок – сноп гэты ўкрашалі. Снапок абвяжам нітачкамі краснымі або розавымі. Прыносім гэты снапок дамой, ставім на кут і там гэты снапок стаіць да Іспаса. Тады абціраем яго і носім зярняткі ў цэркаў свяціць і етым жытам засяваем, калі сеем жыта ўвосень;

в) Ведьмы роздевалыся догола і шлі завіваты, находылы, коб нэ до пары буў куст. Робылы тэе, коб у хозяйстве нэ вэлось. Бояцца завівку зачэпыты – обожнуть, покынуть, а тогді ужэ альбо вырвуть, альбо на месті там запалють. Вырвы да спалы, а то, кажуть, на крыжову дарогу трэба вынэсты да тожо спаліты чы закопаты. Знахор паліть ее ноччу, у двенадцать часоў ночы;

г) Жнеі пасля абабка жыта завіваюць вянок, украшаюць яго кветкамі і пры гэтым спяваюць песню:

Ой, у садочку цвіла лілея,

Дажала жыта старшая жнея.

Збор жыта, збор!

і г. д.

Звіты вянок жнеі надзяваюць на галаву старшай жнеі «багіні», даюць ёй у рукі дажыначны сноп, які пакрыт белым пакрывалам. Самі акружаюць яе, узяўшыся за рукі і, утварыўшы круг, спяваюць «У нас сягоння вайна была...»

Патом яны нясуць сноп у хату гаспадару і там тожа спяваюць. Гаспадар выходзіць і сустракае жней з хлебам-соллю. «Багіня» выступае наперад і , пакланіўшыся яму, кладзе каля гаспадаровых ног сноп... І надзявае на галаву гаспадара вянок. Гаспадар запрашае «багіню» і жней у хату. Дажыначны сноп прыносяць жнеі, ставяць яго на покуць і спяваюць песню:

Як на нашай ніўцы

Сягоння дажынкі,

Дзіва, дзіва!

А калі жнеі ўжо ўходзяць, гаспадар дарыць ім падаркі;

д) Як дажынаюць жыта, возюмуць пяць каласкоў, палку паставяць і к палке каласкі прывяжуць. Цвятоў многа нарвуць, ету бараду прыбяруць красіва – ззяе, як кукла, тая барада на полі. Палосак было многа – і ў каждага барада: стаяць, як куклы. Хлеб-соль лажылі, нада зямлю паблагадарыць, што дала ўраджай, таму і астаўляюць.
2.2.3. ПАЭЗІЯ ЖНІВА

ЖНІЎНЫЯ ПЕСНІ спяваліся падчас пары жніва (канец ліпеня – пачатак жніўня, у залежнасці ад рэгіёна Беларусі). Некаторыя з іх суправаджалі абрады зажынак і дажынак, і таму ў жанравых адносінах гэта песні рытуальныя, якія падзяляюцца на:



1) зажынкавыя песні, якія апявалі моманты выхаду жней з дому, звароты да гаспадыні з пажаданнем атрымаць пачастунак, зразанне першага «снапочка-гаспадарочка», вяртанне ў хату да гаспадара:

Узор запісу: Выпраўляюцца малажайкі…

(зажынкавая рытуальная песня)



Выпраўляюцца малажайкі

На спраўленне зажынак,

Паглядзець на дабро гаспадаркі

Да прыняць поўны жыта абірак <…>
Да гатоў жа, гатоў, гаспадыня,

Сустрэчанне ім шчырае,

Рашчыняй, калі ёсць, скрыня

Да бяры нясі мёд з вырая <…>;
2) уласна жніўныя песні ў жанравым плане творы лірычныя. Яны апяваюць знакавыя для жніва вобразы жыта, поля, жней, палуднічкаў, сярпочкаў, малодачак, пана, прыганятага, павязнічка, дарогі, перапёлкі і інш.:

Узор запісу: Ой, не ляжы, ветру, ў полі…

(жніўная лірычная песня)



Ой, не ляжы, ветру, ў полі,

Паміж горачак, у разоры,
Да ўстань, ветру, памаленьку,

Павей, ветрык, паціхеньку,
Развей хмарачку цямненьку –

Маю тугу цежаленьку <…>;
3) дажынкавыя песні звязаны з апошнім днём жніва і яго звычаямі – пляценнем вянка з апошняй лапінкі жыта, завіваннем «барады», выбарам дзяўчыны – «багіні», прыходам да гаспадара, танцамі пасля дажынкавай вячэры. Напрыканцы жніва спявалі і талочныя жніўныя песні ў тым выпадку, калі група жней дапамагала ўбраць поле таму гаспадару, які не спраўляўся.
Даведка
Адметнай з’явай беларускай каляндарна-абрадавай паэзіі з’яўляюцца талочныя песні, якія выконваліся падчас калектыўнай працы на падвор’і ці ў полі гаспадара, які не спраўляўся з веснавым пасевам, уборкай ураджаю, будаўніцтвам хаты ці з іншымі важнымі гаспадарчымі справамі. У залежнасці ад рэгіёна Беларусі талочныя песні маглі спявацца і вясной, і летам, і восенню. Такая сезонная шырыня – своеасаблівая рыса названых твораў, таму пры запісе заўсёды пытайцеся ў інфарманта пра каляндарны час выканання талочных песень.
Узор запісу: Наша ніўка залатая,

(жніўная талочная песня)



Наша ніўка залатая,

Нашы сярпы вострыя,

Наш пан гаспадар налягае,

Што б мы не былі чорствыя.
Ой, чыё ж то поле

Зажаўцелае стаіць?

Янукова поле



Зажаўцелае стаіць! <…>
Апытальнік па паэзіі летняга цыкла
1. Купала. Якія песні лічацца купальскімі? Пры якіх абставінах яны выконваліся? Якія песні спяваліся падчас пляцення дзяўчатамі вянкоў? Ці вадзілі карагоды вакол вогнішча? Пад якія песні? Ці спявалі жартоўныя песні? Хто, каму і дзе? Ці вядомы купальскія баладныя песні? На якія сюжэты? Ці вядомыя песні, у якіх згадваецца пра папараць-кветку, ведзьму? Якімі песнямі суправаджалася назіранне за ігрой сонца пасля купальскай ночы?

2. Пятроўка. Якія песні спяваліся на свята Пятра? Да якіх стыхіяў звяртаюцца ў пятроўскіх песнях? Чым гэта абумоўлена? Ці ладзіліся на Пятра арэлі? Ці былі якія ігрышчы? Якімі песнямі яны суправаджаліся? Ці спяваліся песні маральна-павучальнага зместу аб паводзінах дзяўчыны і хлопца? Ці вядомы ў вёсцы касарскія (касецкія) песні? Калі і дзе яны спяваліся? Ці адрозніваюцца яны ад пятроўскіх песень? Чым?

3. Жніво. Якія песні ў вашай мясцовасці лічацца жніўнымі? Ці спявалі песні на зажынкі? Якія? Дзе і калі? Якімі песнямі суправаджаліся дажынкі? Ці апявалі пачатак апошняга дажыначнага дня, момант з’яўлення на полі ста копаў, час заканчэння жатвы, пляценне вянка гаспадару, дарогу да дому гаспадара? Ці былі песні пра княгіню, «бараду», Спарыша, Раёк? Ці вядомы песні пра жняю, якая жне горш за іншых, застаецца апошняй? Якімі песнямі суправаджаўся адпачынак падчас абеду? Якімі танцамі, гульнямі, песнямі адзначаліся дажынкі пасля вяртання з поля? Якія сацыяльныя і бытавыя матывы сустракаюцца ў жніўных песнях: сіроцкія, сямейныя, любоўныя і г. д.?
Восеньскі перыяд земляробчага календара

Уключае восеньскую прозу і паэзію.

ВОСЕНЬСКАЯ ПРОЗА

Празаічны пласт восеньскага фальклору не надта багаты. Аднак ён прадстаўлены арыгінальнымі тэмамі, звязанымі з восеньскімі абрадамі, звычаямі, фалькларызаванымі хрысціянскімі святамі і прысвяткамі. На жаль, апошнім часам мы маем мала звестак наконт сучаснага стану восеньскай прозы, таму раім звярнуць на яе асаблівую ўвагу. Мяркуем, што ўважлівы збіральнік знойдзе і запіша шмат цікавага матэрыялу, пацвердзіць, ці захаваліся ў памяці мясцовых жыхароў успаміны пра старадаўнія звычаі, якія ўжо, магчыма, зніклі з побыту. Напрыклад, яшчэ ў 1988 годзе жыхаркі в. Дзяржынск Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці расказвалі аб тым, што раней «на Сямёна» (14 верасня) у іх праводзілі абрад «жаніцьбы коміна» (пасвета, лучніка) на звяртанне ўвагі да хатняга агню і надыходу восеньскіх попрадак.

Па сённяшні дзень значнымі датамі народнага календара застаюцца святы, звязаныя з ушанаваннем Божай Маці, Узвіжанне, восеньскія Дзяды, або Асяніны, дзень Параскевы Пятніцы, Кузьмы-Дзям’яна, Піліпаўка, з якой пачынаўся перадкалядны пост і інш.
Апытальнік для збору восеньскай прозы
1. Якія вы ведаеце кароткія ўстойлівыя выразы наконт восеньскіх месяцаў, іх якасцей (напрыклад: «Халодны верасень, але сыты»; «Лістапад зіме сцежку пракладае» і да т. п.)?

2. Ці прымяркоўваюць у вас час сяўбы азімых да пэўнай каляндарнай даты? Які час лічыцца найбольш спрыяльным (напрыклад, на Баўтрамея. Казалі: «Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей»)? Чаму?

3. На які дзень зямля «закрываецца» на зіму, адлятаюць птушкі ў вырай, хаваюцца ў норы ў змеі? Што ў вас кажуць пра вырай (дзе ён знаходзіцца, што гэта такое, чаму так называецца і г. д.)? Ці чулі вы што-небудзь пра змяінага цара? Што трэба рабіць пры сустрэчы з ім?

4. Ці чулі вы пра абрад «жаніцьба коміна» (пасвета, лучніка)? Калі і як ён адбываўся? Хто ўдзельнічаў? На кім «жанілі комін»? Ці спявалі пры гэтым песні? Якія?

5. Ці спраўляюць у вас свята па назвай Багач ці якой іншай (напрыклад, Багатнік, Багатуха, Другая Прачыста (Спажа, Спожка), Гаспожка Багатая, Зельная)? Ці насілі ў гэты дзень кошык з жытам і свечкаю ў кожную хату і адрыну? Дзе яго пакідалі? Якія яшчэ звычаі звязаны са святам уборкі зерневых?

6. Ці спраўляюць у вас Стаўроўскія Дзяды? Якім чынам?

7. Ці ведаеце вы, чаму свята называецца Пакровы (Пакроў)? Якія прыказкі існуюць пра гэты дзень? Ці адметны ён якімі-небудзь звычаямі (напрыклад, дзяўчаты вытрасалі з прыполу апалае лісце і назіралі, у які бок яго панясе вецер – туды і замуж ісці)?

8. Раскажыце, калі ласка, як у вашай мясцовасці адзначаюцца Дзяды. Як называюцца асобныя памінальныя дні? Што павінна быць на стале? Якімі словамі запрашалі «дзядоў» на вячэру? Што казалі, выпраўляючы з хаты душы памерлых?

Які быў парадак памінальнай вячэры? Што казалі пра «дзядоў»?

9. Раней дзяўчаты і жанчыны хадзілі на попрадкі. Ці збіраюцца суседкі на попрадкі цяпер, ці кожная прадзе ў сваёй хаце?



  • Ці вядомыя вам забароны, звязаныя з прадзеннем (напрыклад, нельга прасці ў пэўныя дні тыдня, на святы, у той ці іншай квадры месяца, бо аслепнеш, будзеш пакараны (кім?), на тым свеце будуць калоць верацёнамі, маланка спаліць сена і г. д.)?

  • Ці чулі вы пра тое, што ноччу нехта мог прыйсці прасці ці ткаць (напрыклад, «пятніца», Божая маці, русалка, хатнік і г. д.)? Што пры гэтым адбывалася?

  • Ці пралі часам своеасаблівую нітку? Калі, з чаго, якім чынам, дзеля чаго (напрыклад, для лячэння, варажбы, чараўніцтва і г. д.)?

10. Якія звычаі і забароны звязаны з днём Параскевы Пятніцы? У якім выглядзе яе ўяўлялі? З якімі просьбамі звярталіся дзяўчаты і жанчыны да Пятніцы?

11. Чым адзначана свята Кузьмінкі (Кузьма-Дзям’ян, Касьма Даміян)? Што расказавюць пра Кузьму і Дзям'яна? Хто яны такія? Аб чым клапоцяцца? Ці вядомы ў вашай мясцовасці расказы пра змаганне кавалёў Кузьмы і Дзям'яна са змеем?

12. Ці адзначаюцца ў вас акрамя Дзядоў таксама і Бабы? Калі?

13. Якія назіранні, прыкметы, звычаі і забароны звязаны з апошнім святам года – Міхайлавым днём (напрыклад, мядзведзі кладуцца на спячку, унукі наведваюць бабуль, да Міхайла трэба выткаць адны кросны і г. д.)

Ці лічыцца ў вас Міхайла баронцам ад грому, уладаром вятроў? Што трэба рабіць у гэты дзень, каб не пакрыўдзіць Міхайлу?

14. Якія звычаі і прыкметы звязаны з Піліпаўскімі запустамі (заговінамі) і Піліпаўкай? Што вы ведаеце пра «воўчае вяселле»?


Узор запісу:

У пятніцу не пралі, у нядзелю. У пятнічку я прала маладая, думаю старым не можна, мама не прала. Прыходзіць жэншчына, адзета ў чорном, наподобіе Божа Мацер. Дак я пытаюся: «Чаго вы хочэце? Чего вы прішлі?» Я разоў тры сказала. Ана нічога не атвеціла і завернулась і пашла. Страшна мне стала – і не стала прасці, вуносіла кудзелю с хаты, штоб ана не была ў хаці, не мешала. Не стала прасць.
ВОСЕНЬСКАЯ ПАЭЗІЯ

У адрозненне ад іншых каляндарных твораў, зусім не інтэграваны з абрадамі, не выяўляюць якой-небудзь прымеркаванасці да пэўных свят, сувязь з працоўнай дзейнасцю селяніна ў іх паслабленая. У залежнасці ад мясцовасці восеньскімі лічацца песні, якія тэматычна закранаюць паслядажынкавы этап сельскагаспадарчых работ і перадвясельны перыяд. У сувязі з гэтым склад восеньскіх твораў не мае такой дакладнай класіфікацыі, як у іншых цыклах каляндарна-абрадавай паэзіі. Таму пры запісе песень, якія інфарманты будуць называць восеньскімі, звяртайце ўвагу на іх функцыянальныя разнавіднасці: ярынныя, ільняныя, канапельныя, спасаўскія, кірмашовыя, збіральніцкія, пастухоўскія песні. Азначэнні могуць вар’іравацца ў залежнасці ад геаграфічнага распаўсюджання. Спынімся на найбольш вядомых:



1) ярынныя песні, або песні яравога жыта. Падзяляюцца на творы аграрнай тэматыкі (у жанравым плане часам заклінальныя), перадвясельнай тэматыкі (матывы няшчаснага кахання, будучага замужжа).
Увага! Ярынныя песні перадвясельнай тэматыкі, як і іншыя восеньскія з такой жа тэматыкай, трэба адрозніваць ад абрадавых вясельных. Яны выконваюцца падчас канца лета – пачатку восені, пакуль вяселлі яшчэ не спраўляліся.
Узоры запісаў:

а). Дай, Бог, каб парасло… б). А зялёненькі мой авясец…

(ярынная заклінальная) (ярынная перадвясельная)



Дай, Бог, каб парасло А зялёненькі мой авясец,

На ўсякую долю: А каго ж ка мне Бог прынясець?

І на хазяйскую, А калі старога – не хачу,

І на Разанскую, А калі маладога – біці буду,

І на цыганскую, А калі ж роўніцу – жыці буду.

І на ўсіх добрых людзей!
2) ільняныя і канапельныя песні выконваліся падчас уборкі лёну і канапель. Яны, як і ярынныя, закранаюць тэмы будучага замужжа дзяўчыны, яе далейшага лёсу, жыцця замужніцы, удовінага кахання. Іх адметнасць – прадстаўленыя шляхам паэтычнага паралелізму вобразы льна, льнянога поля, іллянішча, канапелькі (канаплінкі) і заручонай дзяўчыны.

Узоры запісаў:

а). Бедаваў зялёны лён… б). Ой, гаварыла канапелька…

(восеньская ільняная песня) (восеньская канапельная песня)



Бедаваў зялёны лён, Ой, гаварыла канапелька,

Пры дарозе стоячы. Стоячы ў народзе:

Пры дарозе стоячы, – Адкуль на мяне, канапелечку,

Галоўкамі звонячы: Усё й тыя буйныя ветры?

Ой, бяда ж мая, бяда, Як сталі веяць, сталі павяваць,



Што сцюдзёная вада Канапелечку абіваць.

Не дала мне вырасці,

Майму семю выспеці. Ой, гаварыла маладая дзевачка,

Жывучы ў татачкі:

Бедавала дзяўчынка, – Адкуль на мяне, маладзеньку,

У таткі гуляючы: Усё й тыя добрыя людзі?

Ой, бяда ж мая, бяда Як сталі хадзіць, мёд-віно насіць,



Ды з частымі сватамі. Мяне ў татачкі прасіць <…>

Не далі мне вырасці, Датуль хадзілі, мёд-віно насілі,

Русай коскі выплесці; Пакуль у татачкі ўпрасілі.
3) збіральніцкія песні (ці песні пры збіранні арэхаў, ягад і грыбоў) з любоўнымі і сямейна-бытавымі матывамі. Сюжэтныя сітуацыі ў такіх песнях абумоўлены акалічнасцямі, якія могуць здарыцца са збіральнікамі. Найбольш распаўсюджаны сюжэт, калі дзяўчына заблудзіла ў лесе, ёй трапляецца хлопец, які абяцае дапамагчы пры пэўнай умове:

Узор запісу: Да парадзіла мяне маці…

(восеньская збіральніцкая песня)



Да парадзіла мяне маці

Ай, ні ўдзень, ні ўначы.
Да спарадзіла мяне маці,

Ягады беручы.
Ягадкі ў прыполлі,

Мяне на далоні.
4) талочныя песні, у якіх талачане называюць гаспадара «панам», а сябе – «мужове-панове»:

Узор запісу: А мы свайму пану…

(восеньская талочная песня)



А мы свайму пану

А ўчынілі славу,
Славу ўчынілі.

Гнаёк навазілі,

Ніўку ўкрасілі
Радзі ж, божа,

Жыта на навозе.
Жыта ядраное,

Калоссе буйное.
5) піліпаўскія (прадзільныя) песні займаюць у календары прамежкавае становішча. Яны спяваліся на працягу Піліпаўкі (шасцітыднёвага перадкаляднага посту, які пачынаецца з 28 лістапада і заканчваецца 6 студзеня) падчас апрацоўкі льновалакна, з якога сукалі і пралі ніткі. Большасць такіх твораў элегічныя і жартоўныя, у іх пераважаюць матывы стомленасці, прадчывання Каляд, нешчаслівага замужжа.

Узоры запісаў:

а). Дуня ж, наша Дуня… б). Ой, Калядачкі, прыбліжыцеся…

(піліпаўская жартоўная песня) (піліпаўская песня аб Калядах)



Дуня ж, наша Дуня Ой, Калядачкі, прыбліжыцеся,

Тонкапраха была. Ай, люлі, люлі, прыбліжыцеся.
Тонкапраха была, Ай, каўбасачкі, паніжыцеся,

Тры дні нітачку віла. Ай, люлі, люлі, паніжыцеся.
У гадочак прасціночак, Мы ж вас, Калядачкі, шанаваць будзем,

У нядзельку нітачку. Ай, люлі, люлі, шанаваць будзем.
Вот дзівятая вясна, Кожны вечарок святкаваць будзем,

Як не ставіла красна. Ай, люлі, люлі, святкаваць будзем.
На дзісятая вясна То на йгрышчайка, то з ігрышчайка,

Дуня паставіла красна. Ай, люлі, люлі, то з ігрышчайка.
Скрозь гораду ткала, На ігрышча йдучы, аж душа гарыць,

Колам прабівала. Ай, люлі, люлі, аж душа гарыць.
Ехалі казакі, З ігрышча йдучы, галава баліць,

Бог-помач казалі: Ай, люлі, люлі, галава баліць.
Памажы, Бог, Дуні,

Рагожу даткаці.
Хоць жа вы казакі,

Дык жа вы дуракі.
Гэтая ж тканіна –

Тонка парусіна;
Апытальнік па паэзіі восеньскага цыкла
1. Якія песні у вас лічацца восеньскімі? Ці ёсць іншыя назвы песень, якія выконваліся ў гэты час (ільняныя, канапельныя, збіральніцкія, кірмашовыя, спасаўскія, яравыя)? Чаму песню адносяць да восеньскай?

2. Талака. Ці вядомыя ў вас талочныя песні? Якія песні спявалі пра “талаку”? Калі спявалі талочныя песні: вясной, летам ці восенню? Якія песні адрасаваліся гаспадарам? Пра якія падзеі, выпадкі, сітуацыі, віды працы спявалася ў такіх песнях?

3. Піліпаўка. Якія песні ў вас лічацца піліпаўскімі? Калі яны спяваліся? Ці была нейкая пэўная прымеркаванасць піліпаўскіх песень да часу і месца спявання: увечары, на працягу дня, калі збіраліся ў адной хаце? Ці існуюць полаўзроставыя абмежаванні пры спяванні піліпаўскіх песень? Што спявалі пра лянівую пралю?

2.3. ПАЭЗІЯ СЯМЕЙНА–АБРАДАВАГА КОМПЛЕКСУ

Да сямейна-абрадавага комплексу адносіцца паэзія, звязаная з наступнымі падзеямі ў жыцці чалавека: нараджэнне, шлюб, смерць. Радзiны, хрэсьбiны, вяселле i пахаванне – гэта той пласт народнай творчасці, які ў большай ці меншай ступені вядомы кожнаму. Для вас не стане цяжкасцю пошук інфарманта. Аднак не кожны выканаўца адразу пагодзіцца выканаць песню, спасылаючыся на адсутнасць голасу ці дрэнную памяць. У гэтым выпадку пачніце размову з пытанняў, якія непасрэдна тычацца лёсу і жыцця інфарманта, напрыклад, пра яго асабістае вяселле ці пра нараджэнне яго дзяцей і г. д.
Парада
Для запісаў паэтычных твораў лепш за ўсё карыстацца тэхнiчнымi сродкамi. Вельмі важна, каб запісы песні рабіліся «з голасу»: гэта дазваляе адчуць мелодыку твора, правільна вызначыць строфіку і сістэму паўтораў. Памятайце, што не заўсёды радкі пачынаюцца дакладна. Бывае, дадаюцца новыя гукі і выклічнікі ці, наадварот, скарачаюцца апошнія словы. Часта другі радок, які паўтараецца, з’яўляецца пачаткам наступнай страфы і спяваецца інакш, чым папярэдні. Ён можа мець сэнсавае адзінства з наступнай часткай песні, напрыклад:

Благословы, Божэ,

Благословы, Божэ, тэй посажэ,

Благословы, Божэ.

Калі зрабіць памылку падчас запісу, можна згубіць страфічны малюнак твора. Напрыклад:



Благословы, Божэ, (2 разы)

Тэй посажэ,

Благословы, Божэ.

Улічвайце гэтыя парады пры расшыфроўцы магнітафонных запісаў песенных твораў.

Пры афармленнi запiсу трэба абавязкова ўказваць назву, якая часцей за ўсё (калі няма заўваг інфарманта) даецца па першай страфе песні. Пад назвай у дужках запісвайце жанрава-відавое вызначэнне твора.
Сямейна-абрадавы комплекс беларусаў уключае:

1. радзіны (РАДЗІННА-ХРЭСЬБІННУЮ ПРОЗУ І ПАЭЗІЮ);

2. вяселле (ВЯСЕЛЬНУЮ ПРОЗУ І ПАЭЗІЮ);

3. пахаванне (ПАХАВАЛЬНУЮ ПРОЗУ І ПАЭЗІЮ).


Радзіны

2.3.1. РАДЗІННА-ХРЭСЬБІННАЯ ПРОЗА

Каб лепш арыентавацца ў гэтай частцы прозы, трэба ведаць яе галоўныя тэмы. Яны наступныя: нараджэнне дзяцей – забароны пры цяжарнасцi – прыёмы палягчэння родаў – роды i паводзiны прысутных –дзеяннi з пупавiнай i паследам («дзiцячым месцам») – правiлы прыёму нованароджанага – першае купанне нованароджанага – імя народжанага – хрэсьбiны – хрэсьбiнныя чыны – бабiна каша – падарункi i зычэннi – ушанаванне бабкi.
Апытальнiк для збору радзiнна-хрэсьбiннай прозы
1. Што рабiлi для таго, каб былi дзецi або каб яны нарадзiлiся праз два-чатыры гады пасля вяселля?

Напрыклад, у першым выпадку на вяселлi клалi за пазуху яйка, садзiлiся на лаўку, дзе ляжаў хлеб, з’ядалi зерне жыта-самасейкi i г. д., а ў другiм – кiдалi грошы на печ (у печ), на вяселлi садзiлiся на пальцы i г. д.



Узоры запiсаў:

а). От як меня забралi ужэ к мужу весцi вечэрам, далi мне йiйцо, за пазуху. У ужэ мы iдом, вот уж му пораўну з йiм, i ужэ му iдом, я несу ўжэ iкону на руках – без iконы ж не пуйдзеш – i на порогi чэраз дзвер дак я за пояса сягнула на парогi, йiйцо разбiлася, я й пашла. Дак ета гаварыць, што ета будзеш дзецi лехко раджаць;

б). А каторыя не хацяць, дак iдзе ўжэ, сабiраеца к мужу ўжэ iцi, як ей муж забiрае ўжэ, дак яна iдзе, на дзверах да за дзеньгi да i кiне о туды о, у той попел, о дзе от ямка – угребём о с печы. Туда i кiдае. То кажуць, не будзе дзецей: пьяць капеек кiне – хоч о пьяць гадоў, трi капейкi, дзвi капейкi, капейку кiне... А цi праўда ета цi не? Ета я чула.
2. Што забаранялася рабiць цяжарнай жанчыне? Чаму?

Напрыклад, «штоб свечкi не сукала iз воску, бо як будзеш сукаць, дак у дзiцяцi будзе з вуш цекцi», «у празнiк ў лес, кажэ, не хадзiлi, коб дзіця калекаю не було», «як iдзе беременна ў дзверах, штоб яна не застаiвала, а то застай зробiцца ў вароцях, як будзе родзiцца», i да т. п.

3. Што рабiлi для палягчэння родаў?

Абавязкова паспрабуйце высветлiць ролю мужа. Напрыклад, вядома, што на Палессi iснаваў звычай «кувада», калi муж, каб дапамагчы жонцы, сiмвалiчна браў на сабе яе боль, стагнаў i войкаў. Даведайцеся, цi памятаюць пра гэты звычай, цi прытрымлiваюцца яго ў наш час.

4. Як называлася дзiцячае месца, што з iм рабiлi – закопвалi (дзе, асобна або з iншымi рэчамi?) цi захоўвалi, з якой мэтай?

Якiя iснавалi правiлы адразання пупавiны, яе прыкладання да пэўнай рэчы (якой i чаму?), закопвання i захавання, для чаго?



Узор запiсу:

Баба одмеряе на трi пальца з лiшнiм пупавiну тую кiшэчку i зав’яжэ нiточкою крепко i адрэжэ. Як хлопец, так к обуху положыть, к секiре, а як деўка, то к грэбёнцы, штоб дiўчына грэбёнку брала да пряла... Пуповiнy з месцэм одрежэт i закопваеш в землю... Казалi: еслi хлопца хочэш, закопай каля дверей, каля вушака, а дiвчiну – ўжэ где хочэш...
5. Хто першы раз купаў нованароджанага? Цi iснуюць розныя правiлы купання дзяўчынкi i хлопчыка? Якiя i чаму?

6. Як засцерагалі парадзiху i нованароджанага ад сурокаў?

7. Каму дазвалялася адведваць парадзiху, а каму не? Што неслi на адведкi?

8. Як святкавалi хрэсьбiны? Каго можна (нельга) браць за кума i куму? Як яны павiнны сябе паводзiць, ад’язджаючы да царвы, у дарозе, вяртаючыся пасля хрышчэння?



  • Калi хадзiлi за хрэсьбiнны стол?

  • Калi i як адорвалi нованароджанага, парадзiху, бабку?

  • Што гэта была за «бабiна каша»? Як яе трэба гатаваць? Чым завяршаўся хрэсьбiнны стол (напрыклад, «кашай», «торгам»)? Што рабiлi з кашай?

  • Якiм чынам выказвалi пашану бабцы?

Узор запiсу:

Ну, баба зварiць кашу с пшана i прiдзе ўжэ на радзiны i прiнесе два пiрагi ўжэ яна ў кародцы iлi там у сумцы iлi ў чум. У седаюць за стол ўжэ i пьюць i ўсе i ўжэ падаюць. Баба ўжэ падасць, пародуха, боршч, i той ужэ боршч стануць есьцi. Да куды есьцi без пiрага без бабiнага! Давайце бабiнага пiрага, якога баба спекла там – мо, з мёдам, цi яна з макам, цi ж чым – будзем бачыць. Ужэ возьмуць таго пiрага, не режуць нажэм, нада паламаць...

Ну, ўжэ паедзяць боршч, пададуць тую кашу – ужэ на стале. Баба ўжэ ўстае, шчэ што робiць баба – шчэ возьме да й цветоў у тую кашу наўтыкае, коб «Эта каша загранiчная i очэнь дарагая», ўжэ смеяцца да ўдумляюць. Эта ж купа людзей. У ўжэ паставiць туды ўжэ баба на стул i возьме за тую кашу чысту тарелачку, ў эту тарелачку ўкалупiць тую зверху пiгарку, што засхне ўжэ на кашы. Паложыць i ўжэ кладзе грошы...
2.3.1. РАДЗІННА-ХРЭСЬБІННАЯ ПАЭЗІЯ

Пры запісах гэтага пласта сямейна-абрадавага комплексу трэба ўлічваць малую колькасць радзіннай паэзіі. Асноўныя іх персанажы – парадзіха, дзіця, бабка, бацька дзіцяці. Іншая справа – хрэсьбінная паэзія. Яна існуе ў розных жанрах: заклінальныя, велічальныя, жартоўныя, бяседныя песні, зычэнні, тосты, прыгаворкі.


Апытальнік для збору радзінна-хрэсьбіннай паэзіі
1. Як у вашай мясцовасці называлі жанчыну, што дапамагала пры родах (бабка, павітуха, родавая бабка, інш.)?

2. Якімі словамі звычайна запрашалі павітуху?

3. Што трэба было казаць і рабіць пры цяжкіх родах?

4. Хто і калі пачынаў спяваць радзінныя песні?


5. Ці ўзгадваюцца ў радзінных песнях дні, якія лічыліся шчаслівымі для нараджэння дзіцяці?

Узор запісу: У нядзельку рана-параненьку…

(радзінная бяседная песня)



У нядзельку рана-параненьку

Усе званы званілі,

Усе жоначкі маладзенькія

К ютрані хадзілі.

Адна наша парадзіха маладзенькая

У ютрані не была.

Да яна ж, сабе, маладзенькая,

Борзда дзела зачала,

А яна ж сабе да маленькага

Сыночка спавіла.
6. Ці выконваліся падчас родаў спецыяльныя заклінальныя песні? З якой мэтай (дапамагчы парадзісе, засчерагчы яе і дзіця ад сурокаў, забяспечыць здароўе нованароджанаму, інш.)?

Узор запісу: Бяжыць яна скарэсенька…

(радзінная заклінальная песня)



Бяжыць яна скарэсенька,

Просіць бога шчырэсенька:

Дай жа, бог, маёй унучцы



Лягесенька, дабрэсенька, скарэсенька <…>
7. Ці адрозніваліся песні, якія выконваліся пры нараджэнні хлопчыка ці дзяўчынкі?

8. Ці захавалася ў вашай мясцовасці традыцыя спяваць ці прыгаворваць у час першага купання нованароджанага, першага кармлення, першага ўкладвання ў калыску (люльку) і г. д.? Якія творы выконваліся?

9. Ці спяваліся песні падчас наведвання парадзіхі пасля родаў? Якія пажаданні выказваліся парадзісе наведвальніцамі?

10. Ці існавалі спецыяльныя песні для незамужняй дзяўчыны-парадзіхі?

11. Каго, хто і якімі словамі звычайна запрашаў у кумы?

12. З якімі словамі бабка перадавала дзіця кумам перад хрышчэннем?


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка