Гушчынскі Ігар Генадзьевіч




старонка2/3
Дата канвертавання17.03.2016
Памер399.83 Kb.
1   2   3

У другой главе “Асаблівасці правядзення судовай рэформы ў Беларусі” раскрываецца сутнасць судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г., асвятляецца працэс распаўсюджання іх дзейнасці на тэрыторыю Паўночна-Заходняга краю. Судовая рэформа стала самай паслядоўнай буржуазнай рэформай сярод усіх рэформ другой паловы XIX ст. Судовыя статуты ад 20 лістапада 1864 г. абвясцілі шэраг буржуазна-дэмакратычных прынцыпаў судаводства: нязменнасць суддзяў, галоснасць, вуснасць і спаборнасць, у сувязі з чым была рэарганізавана пракуратура і заснавана адвакатура, аддзяленне суда ад адміністрацыі. Частка судовых органаў стала выбарнай. Згодна з рэформай ствараліся мясцовая і агульная судовыя сістэмы. Да мясцовай належалі міравыя суды і з’езды міравых суддзяў, да агульнай – акруговыя суды (ад аднаго да трох на губерню) і судовыя палаты (адна на некалькі губерняў).

На тэрыторыю Заходняга краю першапачаткова царскі ўрад вырашыў не распаўсюджваць дзеянне судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г. Гэта было звязана з тым, што ўлада, па-першае, палічыла небяспечным для сябе ўводзіць ліберальныя прынцыпы судаводства і судаўладкавання ў рэгіёне, дзе яшчэ нядаўна адбываліся антыўрадавыя ўзброеныя выступленні, а, па-другое, насцярожанасць выклікала спецыфіка нацыянальна-рэлігійнай і сацыяльнай структуры насельніцтва краю. Аднак з канца 1860-х гг. ва ўрадавых колах ўсё часцей сталі раздавацца галасы аб тым, што ўвядзенне судовай рэформы ў заходніх губернях садзейнічала б уніфікацыі мясцовых і агульнарасійскіх заканадаўчых норм, а таксама абвяргала б меркаванне аб перавазе былых “польскіх” устаноў над рускімі, спрыяючы задачам далейшай інтэграцыі дадзеных тэрыторый у склад імперыі. 30 чэрвеня 1868 г. Міністэрства юстыцыі атрымала загад скласці праект правілаў аб увядзенні міравых судоў у губернях, дзе не дзейнічалі земскія ўстановы. Неўзабаве (напачатку 1869 г.) убачыў свет папярэдні праект увядзення міравых судовых устаноў у Заходнім краі. Паводле яго суддзі павінны былі прызначацца міністрам юстыцыі на нявызначаны тэрмін; цэнзу не патрабавалася, бо гэта спрашчала магчымасць замяшчаць гэтыя пасады ўраджэнцамі іншых губерняў; колькасць ганаровых міравых суддзяў, якія набіраліся з ліку мясцовых рускіх дваран, не абмяжоўвалася. Фактарамі затрымкі ўвядзення міравых судовых устаноў на тэрыторыі Беларусі сталі, па-першае, пошук фінансавых сродкаў на гэту справу, а, па-другое, спрэчкі ва ўрадавых колах палітычнага характару: аб магчымасці выбарнасці суддзяў, кантролі над імі з боку мясцовай адміністрацыі, памеры цэнзу і г. д. Канчатковы праект увядзення ў 9-ці заходніх губернях міравых судоў быў зацверджаны Аляксандрам ІІ 23 чэрвеня 1871 г. У адпаведнасці з дакументам у Заходнім краі міравыя суддзі не выбіраліся, а прызначаліся ўрадам. З мэтай пашырыць кола кандыдатаў на гэтыя пасады за кошт прыбыўшых у край рускіх землеўладальнікаў тут былі зніжаны маёмасны і адукацыйны цэнзы. Займаць пасады міравых суддзяў у краі катэгарычна забаранялася асобам польскага паходжання. Міравыя суды распачалі сваю дзейнасць у Віленскай губ. 1 сакавіка 1872 г., Віцебскай і Магілёўскай – 2 красавіка 1872 г., Мінскай і Гродзенскай – 20 красавіка 1872 г.

Увядзенне ў Беларусі акруговых судоў адбылося толькі ў канцы 1883 г., калі ў рэформу 1864 г. ужо былі ўнесены пэўныя змены: была абмежавана незалежнасць суда, яго галоснасць, звужана кампетэнцыя суда прысяжных, разам з тым пашырана роля паліцыі, жандармерыі і адміністрацыі ў справах палітычных. Аднак было б няправільным сцвярджаць, што ўрад увесь гэты час быў супраць далейшага распаўсюджання судовых статутаў 20 лістапада 1864 г. на тэрыторыю Заходняга краю. Падрыхтоўка да адкрыцця тут судовых палат і акруговых судоў пачалася адразу пасля ўвядзення ў дадзеных губернях інстытута міравых суддзяў. Як і ў выпадку з міравымі судамі, прычынамі затрымкі ўвядзення ў Заходнім краі агульных судовых устаноў былі, па-першае, эканамічныя складанасці, па-другое, спрэчкі палітычнага характару: вяліся дэбаты па пытаннях увядзення абмежаванняў для яўрэяў пры фарміраванні складу прысяжных засядацеляў, выключэнні некаторых катэгорый спраў з падсуднасці суда прысяжных, выбары месца адкрыцця судовай палаты і інш. Акруговыя суды ў Паўночна-Заходнім краі (па 1 на губерню) былі адчынены ў лістападзе 1883 г. На тэрыторыі Беларусі не існавала судовых палат, таму апеляцыйнай інстанцыяй для Мінскага і Гродзенскага акруговых судоў была Віленская судовая палата, для Віцебскага акруговага суда – Санкт-Пецярбургская, для Магілёўскага – Кіеўская. Асаблівасцю функцыянавання ў Паўночна-Заходнім краі інстытута прысяжных засядацеляў стала тое, што пры складанні чарговага спісу прысяжных, колькасць яўрэяў павінна была адпавядаць іх колькасным адносінам да агульнай колькасці жыхароў павета; старшыня прысяжных засядацеляў павінен быў абірацца з прадстаўнікоў праваслаўнага веравызнання; удзел яўрэяў не дапушчаўся па справах аб злачынствах супраць веры або звязаных з парушэннем царкоўных правілаў. Разам з увядзеннем на тэрыторыі Беларусі акруговых судоў тут пачынаў функцыянаваць і інстытут адвакатуры.

У трэцяй главе “Уплыў судовых устаноў на грамадска-палітычны стан краю” раскрываецца месца судовай сістэмы ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ ст. Судовая сістэма Расійскай імперыі, нягледзячы на ліберальныя прынцыпы судаўладкавання і судаводства рэформы ад 20 лістапада 1864 г., у тым ліку аддзяленне суда ад адміністрацыі, самастойнай галіной улады ва ўмовах самадзяржаўнага ладу не стала. Суд з’яўляўся органам дзяржаўнай улады і, як яе структурны элемент, заўсёды стаяў на абароне інтарэсаў і ідэалаў самадзяржаўя. У Паўночна-Заходнім краі гэта выявілася ў барацьбе з нацыянальна-вызваленчым рухам, з палітычным і эканамічным уплывам “асоб польскага паходжання” (а фактычна дваран каталіцкага веравызнання) і іудзеяў, у намаганнях стрымаць сялянскі і рабочы рух, а таксама абараніць інтарэсы адной з галоўных асноў самадзяржаўнага ладу – праваслаўнай царквы.

Кадравая палітыка ўрада ў судовай сферы ў Паўночна-Заходнім краі мела мэтай замяшчэнне судовых пасад добранадзейнымі ў палітычных адносінах людзьмі, галоўным чынам рускага паходжання. З аднаго боку, праводзілася палітыка па прыцягненні ў заходнія губерні чыноўнікаў з унутраных губерняў Расіі, дзеля чаго ім прадастаўляліся рознага роду льготы, акрамя таго тут быў зніжаны маёмасны цэнз для міравых суддзяў. З другога боку, абмяжоўваўся доступ да судовых пасад, нават ніжэйшага ўзроўню (сакратароў, пісараў і г. д.), для “асоб польскага паходжання” і яўрэяў. Апошнія, акрамя таго, дыскрымінаваліся пры фарміраванні складу адвакатуры.

Справы па ўласна палітычных злачынствах альбо разглядаліся судовымі палатамі (на сучаснай тэрыторыі Беларусі іх не існавала), альбо вырашаліся ў адміністрацыйным парадку. Толькі паводле закону ад 18 сакавіка 1906 г. крымінальныя справы аб абразе імператара і членаў яго сям’і сталі падсудны акруговым судам. Аднак следчыя дзеянні, якія кантраляваліся асобамі пракурорскага нагляду, праходзілі на месцах злачынстваў. Значную небяспеку для самадзяржаўя ўяўлялі таксама злачынствы, звязаныя з непадпарадкаваннем і супраціўленнем уладам і распараджэнням урада (арт. 262–328 Улажэння аб пакараннях). Нягледзячы на тое, што юрыдычна яны не падпадалі пад “палітычныя” артыкулы, фактычна многія з іх мелі такое адценне. Асаблівы ўсплёск дадзенага віду злачыннасці назіраўся падчас рэвалюцыі 1905–1907 гг. Менавіта па ўказаных артыкулах Улажэння аб пакараннях узбуджаліся шматлікія крымінальныя справы аб супраціўленні паліцыі, вайсковым чынам падчас палітычных маніфестацый ці сялянскіх хваляванняў. Суды разглядаліся ўрадам як галоўны сродак барацьбы з рэвалюцыйнай прапагандай на старонках перыядычных выданняў. “Временные правила о повременных изданиях” ад 24 лістапада 1905 г. адмянялі іх папярэднюю цэнзуру, аднак арт. 9 гэтых правілаў прадугледжваў магчымасць налажэння адміністрацыйнымі ўладамі арышту на асобныя нумары. Рашэнне аб арышце нумару павінна было адразу паступаць у судовыя ўстановы, якія ў тэрміновым парадку на распарадчым пасяджэнні альбо адмянялі, альбо зацвярджалі арышт (гэта адбывалася ў падаўляючай большасці выпадкаў). Вельмі важным было тое, што, па-першае, суд меў права выносіць пастанову аб часовым спыненні выхаду адпаведнага выдання да прыняцця канчатковага рашэння суда па справе, па-другое, мог сваім прыгаворам назаўсёды забараніць яго. Прычым канчатковы прыгавор для адміністрацыйных улад меў другаснае значэнне. Галоўным было – дабіцца “часовага” (на ўвесь час судовага працэсу) прыпынення дзейнасці няўгоднага выдання.

Барацьба ўрада з польскім і яўрэйскім уплывамі на тэрыторыі Беларусі была цесна звязана з абаронай інтарэсаў праваслаўнай царквы, якая з’яўлялася ідэалагічнай асновай самадзяржаўя. Невыпадкова, што ўзровень рэпрэсіўнасці судоў (адносіны колькасці асуджаных да агульнай лічбы падсудных) пры вырашэнні імі рэлігійных спраў у 5-ці заходніх губернях быў больш высокім, чым па астатніх катэгорыях злачынстваў.

Антыпольская палітыка ўрада прывяла на тэрыторыі Беларусі да таго, што пры разглядзе некаторых спраў палітычную афарбоўку набыла тут нават дзейнасць міравых судовых устаноў. Ім былі падсудны наступныя катэгорыі спраў: навучанне сялян польскай грамаце, спяванне польскіх патрыятычных гімнаў, ужыванне польскіх нацыянальных эмблематычных знакаў, адкрыццё публічных бібліятэк з польскамоўнымі кнігамі, хрэсныя хады па-за межамі касцёлаў і інш.

Такім чынам, судовыя ўстановы Беларусі, як да, так і пасля ўвядзення на тэрыторыі краю судовай рэформы ад 20 лістапада 1864 г., выконвалі ролю важнага інструмента самадзяржаўя ў справе ажыццяўлення тут сваёй палітыкі.



Чацвёртая глава “Роля судовых устаноў у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі” прысвечана дзейнасці судоў па абароне фінансава-эканамічных правоў насельніцтва, рэгуляванні маёмасных адносін у краі, а таксама рэфармаванню і дзейнасці сістэмы натарыяту ў апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ ст. Адной з асноўных функцый судовай улады з’яўлялася абарона маёмасных правоў грамадзян.

Дарэформенная судовая сістэма была надзвычай недасканалай, што з’яўлялася значнай перашкодай на шляху развіцця капіталістычных адносін у краіне. Перш за ўсё гэта тычылася судаводства па грамадзянскіх справах, працэс разгляду якіх быў вельмі марудным. Складаная структура судовай сістэмы, панаванне ў судовых установах бюракратызму, адсутнасць рэгламентацыі ў тэрмінах правядзення судовага працэсу прыводзіла да таго, што суцяжніцтва зацягвалася на 20 і больш гадоў. Гэта з’яўлялася значнай перашкодай для крэдытавання сельскагаспадарчай вытворчасці, прамысловасці і гандлю, бо існуючы суд фактычна не даваў ніякіх гарантый крэдытору. Эканамічны фактар стаў адным з матываў урада для правядзення судовай рэформы 1864 г., у тым ліку пры прыняцці канчатковага рашэння аб рэалізацыі яе на тэрыторыі Беларусі. Судовыя статуты ад 20 лістапада 1864 г. у значнай ступені вырашалі акрэсленыя праблемы, што не магло не спрыяць паляпшэнню ўмоў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў цэлым і яе заходніх правінцый у прыватнасці.

Пэўную ролю ў сацыяльна-эканамічным жыцці грамадства адыгрывала не толькі праца судовых устаноў па вырашэнні грамадзянскіх цяжбаў, але і крымінальных спраў, якія ўзнікалі на эканамічнай глебе (аб крадзяжах, разбоях, рабаваннях, махлярствах, знішчэнні, незаконным карыстанні і захопе прыватнай, царкоўнай, казённай ці абшчыннай маёмасці або іншых злачынствах супраць яе, фальшываманецтве і г. д.). Колькасць названых злачынстваў пастаянна ўзрастала. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. на асуджаных па адзначаных катэгорыях спраў прыходзілася амаль 30 % ад агульнай колькасці прыгавораных агульнымі судовымі ўстановамі 5-ці заходніх губерняў па ўсіх артыкулах Улажэння аб пакараннях. Значная колькасць злачынстваў здзяйснялася супраць казённай і царкоўнай маёмасці. А калі ўлічыць, што на маёмаснай глебе ўзнікалі шматлікія справы аб непадпарадкаванні і супраціўленні ўладам, абразах яе прадстаўнікоў, аб нанясенні пабояў ці калецтваў іншым асобам, забойствах і інш., можна зрабіць выснову, што злачынствы, у аснове якіх ляжаў эканамічны фактар, складалі большую частку ад агульнай лічбы правапарушэнняў. Многія з іх былі следствам нераўнамернага размеркавання ўласнасці на зямельныя і лясныя ўгоддзі. Судовыя ўстановы, караючы вінаватых па такіх крымінальных справах, з’яўляліся галоўным гарантам эканамічных правоў як грамадзян, так і казны.

Значнай хібай дарэформеннага судовага заканадаўства з’яўлялася фактычная адсутнасць самастойнага інстытута натарыяту. Дарэформенная сістэма натарыяльных устаноў была вельмі архаічнай і не адпавядала запатрабаванням часу. Развіццё капіталізму ў эканоміцы, а таксама станаўленне адпаведных яму грамадзянска-прававых адносін, непазбежна вяло да росту колькасці здзелак, якія патрабавалі юрыдычнага замацавання, што, у сваю чаргу, выклікала неабходнасць у больш дасканалай сістэме натарыяту. У выніку судовай рэформы 1864 г., а дакладней выдадзенага 14 красавіка 1866 г. у дадатак да судовых статутаў “Положения о нотариальной части”, у імперыі быў створаны самастойны інстытут натарыяту. На тэрыторыі Беларусі гэты заканадаўчы акт пачаў дзейнічаць разам з адкрыццём тут у лістападзе 1883 г. акруговых судоў. З аднаго боку, натарыят адыгрываў важную ролю ў эканамічным жыцці грамадства, даючы гарантыі бакам пры заключэнні рознага роду здзелак, а з іншага – яго недахопы непазбежна станавіліся тормазам на шляху іх рэалізацыі, паколькі натарыяту быў уласцівы бюракратызм, залішняя скрупулёзнасць пры праверцы права валодання нерухомасцю і г. д. Натарыяльныя ўстановы часта не спраўляліся з усё ўзрастаючай на іх нагрузкай. У прыватнасці, вышэйадзначаныя недахопы натарыяту ва ўмовах інтэнсіўнага працэсу росту колькасці пазямельных здзелак негатыўна адбіліся на тэмпах рэалізацыі сталыпінскай аграрнай рэформы.

Органы натарыяту адыгрывалі значную ролю ў правядзенні палітыкі ўрада па распаўсюджанні рускага землеўладання ў Паўночна-Заходнім краі. Заканадаўствам значна абмяжоўваліся правы каталікоў і іудзеяў на набыццё імі нерухомай маёмасці. Адміністрацыйныя ўлады пільна сачылі за выкананнем адпаведных законаў. Таму невыпадкова, што ні яўрэі, ні “асобы польскага паходжання” права займаць пасады натарыусаў не мелі.

Важнай умовай развіцця буржуазных адносін у грамадстве з’яўлялася ўсталяванне прававой роўнасці розных саслоўяў. У дадзеным кантэксце вялікае значэнне мела абвяшчэнне ў судовых статутах 20 лістапада 1864 г. прынцыпу роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, што было важным крокам на шляху фарміравання грамадзянскай супольнасці ў краіне.


ЗАКЛЮЧЭННЕ
Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі

Праведзенае даследаванне дазваляе зрабіць наступныя высновы:



  1. Непасрэднае рашэнне аб распаўсюджанні на тэрыторыю Заходняга краю судовай рэформы ад 20 лістапада 1864 г. (спачатку толькі міравых судовых устаноў) кіраўніцтва краіны прыняло ў сярэдзіне 1868 г. Яно было рэалізавана ў 1872 г. Адразу пасля гэтага пачалася падрыхтоўка да ўвядзення тут і агульных судовых устаноў (акруговых судоў і судовых палат). Аднак адбылося гэта толькі ў канцы 1883 г. Працэс рэалізацыі судовай рэформы на тэрыторыі Беларусі расцягнуўся, такім чынам, больш, чым на 15 гадоў. Гэта было абумоўлена, па-першае, прычынамі фінансавага характару, па-другое, тым, што ва ўрадавых колах вяліся спрэчкі па такіх пытаннях, як выбарнасць у Заходнім краі міравых суддзяў, абмежаванне колькасці неправаслаўных сярод прысяжных засядацеляў, падсуднасць некаторых катэгорый крымінальных спраў суду прысяжных, выбар месца адкрыцця судовай палаты, што значна павышала палітычную вагу адпаведнага губернскага цэнтра, і некаторых іншых. Такім чынам, адной з асаблівасцей рэалізацыі ў Паўночна-Заходнім краі судовай рэформы 1864 г. з’яўлялася значна пазнейшае, чым у большасці ўнутраных губерняў імперыі, яе правядзенне, прычым паступова, у два этапы. Акрамя таго, адмыслова для дадзенай тэрыторыі з судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г. былі зроблены некаторыя выключэнні: не ўводзілася выбарнасць міравых суддзяў (па прычыне адсутнасці тут земскіх устаноў); з мэтай пашырэння кола кандыдатаў на гэтыя пасады з ліку праваслаўных, як мясцовых, так і з унутраных губерняў, быў зніжаны адпаведны маёмасны цэнз; прадугледжваліся абмежаванні па нацыянальна-рэлігійнай прыкмеце пры фарміраванні складу прысяжных засядацеляў. Указаныя асаблівасці былі абумоўлены, па-першае, наступствамі паўстання 1863–1864 гг., па-другое – нацыянальнай, рэлігійнай і сацыяльнай структурай насельніцтва рэгіёна. Увядзенне судовай рэформы 1864 г. на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю самадзяржаўе звязвала з правядзеннем палітыкі інтэграцыі гэтага рэгіёну ў склад Расіі. У той жа час карэкціроўка некаторых норм рэформы для Заходняга краю (адмена выбарнасці міравых суддзяў, зніжэнне для іх цэнзу, абмежаванні для неправаслаўных пры фарміраванні складу прысяжных засядацеляў) у пэўнай ступені вырашалі праблему магчымых непажаданых для царызму палітычных наступстваў увядзення ў краі судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г. [2; 5; 9].

  2. Нягледзячы на абвяшчэнне ў судовых статутах ад 20 лістапада 1864 г. такіх прынцыпаў, як аддзяленне суда ад адміністрацыі і незмяняемасць суддзяў, судовая сістэма Расіі самастойнай галіной улады ва ўмовах самадзяржаўнага ладу не стала: у судовых установах улада бачыла абаронцу сваіх палітычных інтарэсаў. На тэрыторыі Беларусі гэта знайшло адлюстраванне ў барацьбе з нацыянальна-вызваленчым рухам, палітычным і эканамічным уплывам дваранства рымска-каталіцкага веравызнання, іудзеяў, сялянскім і рабочым рухам, у абароне інтарэсаў праваслаўнай царквы, якая з’яўлялася адной з галоўных асноў самадзяржаўя. Гэта пацвярджаецца шматлікімі сакрэтнымі ці канфідэнцыйнымі цыркулярамі, інструкцыямі, прадпісаннямі Міністэрства юстыцыі, а таксама органаў адміністрацыйнай улады, у якіх утрымліваліся канкрэтныя ўказанні судовым установам адносна працэсу следства па справах, звязаных з адзначанымі з’явамі, пажаданні больш жорсткага пакарання па іх, загады не дапушчаць да заняцця пасад па судоваму ведамству асоб рымска-каталіцкага і іудзейскага веравызнання і г. д. Царская ўлада надавала вялікае значэнне таму, каб кадравы склад судовых органаў быў цалкам для яе добранадзейным. У другой палове 80-х – пачатку 90-х гг. ХІХ ст. па ведамству Міністэрства юстыцыі было выдадзена некалькі сакрэтных цыркуляраў, у выніку якіх у Заходнім краі забараняўся доступ іудзеяў і каталікоў на пасады канцылярскіх служачых, судовых прыставаў, натарыусаў, кандыдатаў на судовыя пасады. Для яўрэяў існавалі пэўныя абмежаванні пры прыняцці іх у лік прысяжных і прыватных павераных. Асаблівую вастрыню на тэрыторыі заходніх губерняў у разглядаемы перыяд набыла праблема рэлігійнай злачыннасці. Значная частка злачынстваў, накіраваных супраць інтарэсаў праваслаўнай царквы, здзяйснялася каталікамі і іудзеямі, што надавала адпаведным судовым справам у пэўнай ступені палітычнае адценне. Невыпадкова, што ў Паўночна-Заходнім краі працэнт асуджаных агульнымі судовымі ўстановамі ад агульнай колькасці падсудных па дадзенай катэгорыі крымінальных спраў быў большым, чым адпаведныя паказчыкі па іншых відах злачыннасці. Такім чынам, значныя асаблівасці на тэрыторыі Беларусі меў не толькі працэс рэалізацыі судовай рэформы ад 20 лістапада 1864 г., але і сама дзейнасць судовых устаноў, якія былі адным з галоўных інструментаў царызму па кантролі палітычнай сітуацыі ў краі [2; 3; 9].

  3. На этапе станаўлення і развіцця капіталістычных адносін асабліва важнае значэнне набывала эфектыўнасць функцыянавання судовай сістэмы, адной з асноўных задач якой з’яўлялася абарона маёмасных правоў грамадзян. Менавіта судовыя ўстановы забяспечвалі сродкі вырашэння эканамічных спрэчак і гарантавалі бяспеку дзейнасці крэдытных уcтаноў. Прычым гэта тычылася не толькі працы судоў па разглядзе спраў па грамадзянскіх ісках фінансава-эканамічнага характару, але і іх дзейнасці па вырашэнні некаторых катэгорый крымінальных спраў. Караючы вінаватых у злачынствах, накіраваных супраць чужой маёмасці (крадзяжах, разбоях, знішчэнні чужой маёмасці, незаконным карыстанні ёю, зямельных захопах, супраць ляснога статута, махлярстве, фальшываманецтве і г. д.), судовыя ўстановы выконвалі функцыю рэгулявання фінансава-эканамічных і маёмасных адносін у грамадстве. Дарэформенная судовая сістэма Расійскай імперыі была недасканалай і дадзеным патрабаванням не адпавядала, з’яўляючыся значнай перашкодай на шляху развіцця капіталістычных адносін у краіне. Працэс вырашэння спраў па грамадзянскіх ісках, у выніку заблытанасці структуры сістэмы судовых устаноў, панавання ў іх бюракратызму, адсутнасці рэгламентацыі тэрмінаў этапаў судовага працэсу, быў марудным. Суцяжніцтва зацягвалася на 20 і больш гадоў. Значнымі недахопамі таксама былі адсутнасць адвакатуры і, фактычна, самастойнага інстытута натарыяту. Сувязь эканамічных праблем і недасканаласці суда, безумоўна, усведамлялася кіраўніцтвам краіны. Пры абмеркаванні пытання аб магчымасці і ступені неабходнасці распаўсюджання судовай рэформы 1864 г. на тэрыторыю Беларусі ў канцы 60-х – пачатку 80-х гг. ХІХ ст. прыхільнікі гэтага тлумачылі сваю пазіцыю, у прыватнасці, тым, што бурны рост эканомікі рэгіёну тармазіцца недасканаласцю мясцовага судаводства і судаўладкавання. Бясспрэчна, увядзенне ў краі ў 1872–1883 гг. судовых статутаў ад 20 лістапада 1864 г. у значнай ступені вырашыла гэтыя праблемы і спрыяла паляпшэнню ўмоў сацыяльна-эканамічнага развіцця [4; 7].

  4. Важнай умовай развіцця буржуазных адносін у грамадстве з’яўляецца ўсталяванне прававой роўнасці розных саслоўяў. Дарэформенная судовая сістэма Расіі насіла ярка выражаны саслоўны характар, што з’яўлялася значнай перашкодай на шляху станаўлення капіталізму ў краіне. Кіраўніцтва краіны разумела, што такая разнастайнасць праваздольнасці ў судовай сферы для прадстаўнікоў розных саслоўяў станавілася ўсё больш несумяшчальнай з новымі ўмовамі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Бессаслоўнасць судоў была абвешчана ў арт. 2 “Учреждения судебных установлений”. У цэлым, менавіта пасля правядзення судовай рэформы 1864 г. можна казаць аб усталяванні ў краіне роўнасці грамадзян перад судом і законам увогуле. У сукупнасці з Маніфестам 19 лютага 1861 г. і іншымі рэформамі гэта было важнейшым чыннікам буржуазнай трансфармацыі расійскага грамадства, а таксама садзейнічала станаўленню грамадзянскай супольнасці ў краіне. Разам з тым пэўныя перажыткі саслоўнасці мелі месца ў судовых статутах, што праяўлялася ў некаторых прывілеях для прадстаўнікоў дваранства і духавенства. Аднак гэта было непазбежным следствам грамадскага ўладкавання краіны таго часу і не можа абвяргаць у цэлым бессаслоўны характар судовай сістэмы, уведзенай у адпаведнасці з рэформай ад 20 лістапада 1864 г., а таксама бесстаронныя адносіны судовых устаноў да прадстаўнікоў розных саслоўяў [2; 7].

Рэкамендацыі для практычнага выкарыстання атрыманых вынікаў

Высновы і асноўныя палажэнні дысертацыі могуць быць выкарыстаны пры напісанні абагульняючых прац і падручнікаў, пры распрацоўцы агульных і спецыяльных курсаў па гісторыі Беларусі перыяду капіталізму. Матэрыялы дадзенага даследавання могуць быць таксама карысны для такой дысцыпліны, як “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі”. Вынікі дысертацыйнага даследавання могуць быць запатрабаваны органамі юстыцыі Рэспублікі Беларусь.



СПІС АПУБЛІКАВАНЫХ РАБОТ ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ
Артыкулы ў навуковых часопісах

1. Гушчынскі, І.Г. Крыніцы па вывучэнні дзейнасці судовых устаноў Беларусі перыяду капіталізму (1864–1914 гг.) / І.Г. Гушчынскі // Весці БДПУ. Сер. 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2009. – № 3. – С. 31–35.

2. Гушчынскі, І.Г. Сутнасць Расійскай судовай рэформы 1864 г. і асаблівасці яе рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі / І.Г. Гушчынскі // Весці БДПУ. Сер. 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2009. – № 4. – С. 22–25.

3. Гушчынскі, І.Г. Месца судовых устаноў у дзейнасці расійскага ўрада па стабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Беларусі (1864–1914 гг.) / І.Г. Гушчынскі // Весці БДПУ. Сер. 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2010. – № 1. – С. 23–27.

4. Гушчынскі, І.Г. Дзейнасць натарыяльных устаноў Беларусі і іх роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці краю (1883–1914 гг.) / І.Г. Гушчынскі // Весці БДПУ. Сер. 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2010. – № 2. – С. 27–30.
Матэрыялы канферэнцый

5. Гушчынскі, І.Г. Рэалізацыя судовай рэформы 1864 года на тэрыторыі Беларусі / І.Г. Гушчынскі // Актуальныя праблемы сацыяльнай гісторыі Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.): да 90-годдзя Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. : матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 23 лютага 2007 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка ; рэдкал.: А.І. Андарала [і інш.]. – Мінск, 2007. – С. 222–224.

6. Гушчынскі, І.Г. Праблемы гістарыяграфіі правядзення расійскай судовай рэформы 1864 г. у Беларусі / І.Г. Гушчынскі // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі, новай і навейшай гісторыі краін Еўропы і ЗША: матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 28 сакавіка 2008 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка ; рэдкал.: А. І. Андарала [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 118–121.

7. Гушчынскі, І.Г. Роля судовых устаноў Беларусі ў развіцці капіталістычных сацыяльна-эканамічных адносін у краі (1864–1914) / І.Г. Гушчынскі // Актуальныя праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці (да 90-годдзя ўтварэння БССР) : матэрыялы рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 27 лютага 2009 г. : в 2 ч. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка ; рэдкал.: А.І. Андарала [і інш.]. – Мінск, 2009. – Ч. 1. – С. 112–114.

8. Гушчынскі, І.Г. Даныя судовай статыстыкі 1872–1913 гг. як крыніца вывучэння беларускага грамадства перыяду капіталізму / І.Г. Гушчынскі // Сучасныя падыходы да вывучэння крыніц па гісторыі Беларусі : матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 18 снежня 2009 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка ; рэдкал.: М.М. Забаўскі [і інш.]. – Мінск, 2009. – С. 154–160.
Глава ў вучэбна-метадычным дапаможніку

9. Гушчынскі, І.Г. Судовая рэформа (пачатак 60-х гг. ХІХ ст. – канец ХІХ ст.) / І.Г. Гушчынскі, А.П. Жытко // Гісторыя Беларусі перыяду капіталізму : вучэб.-метад. дапам. : у 5 ч. – Мінск : БДПУ, 2005–2009. – Ч. 4 : Буржуазныя рэформы ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. / А.П. Жытко, М.М. Забаўскі, А.Ф. Рацько, В.Я. Навагродскі, І.І. Забаўская, Т.В. Грышкевіч, І.Г. Гушчынскі. – 2009. – Гл. 3.1. – С. 49–55.


Раздзел хрэстаматыі

10. Гущинский, И.Г. Судоустройство и судопроизводство / И.Г. Гущинский // История восточных славян : хрестоматия : в 2 ч. – Минск : БГПУ, 2010. – Ч. 1 : Внутренняя политика царизма (1861–1917 гг.). / сост. Н.М. Забавский, А.П. Житко, С.А. Толмачёва, В.М. Фомин, В.С. Путик, В.Г. Федорасова, Н.Д. Левкович, В.Я. Новогродский, И.И. Дривень, И.Г. Гущинский, Т.Н. Осипова; под общ. ред. А.П. Житко. – Разд. 3. – С. 130–142.


1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка