Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродна рэпрэзентацыя вобразу ілжывага чалавека




Дата канвертавання19.03.2016
Памер83.92 Kb.
Сушко Т.С.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродна


РЭПРЭЗЕНТАЦЫЯ ВОБРАЗУ ІЛЖЫВАГА ЧАЛАВЕКА

Ў ФРАЗЕАЛОГІІ СТАРАБЕЛАРУСКАЙ МОВЫ


У сучасным грамадстве ілжывасць усё часцей успрымаецца людзьмі як нармальная і звычайная з’ява, якая дапамагае пераадольваць часовыя цяжкасці, ствараць давяральныя адносіны ў грамадстве, пазбегнуць пакарання і г.д. Зразумела, што немагчыма мець устойлівую пазіцыю ў жыцці і грамадстве, не пранікаючы ў сутнасць зафіксаваных моўных вобразаў, якія існуюць шмат стагоддзяў, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, з’яўляюцца вечнымі, агульнанароднымі і агульначалавечымі.

Фальклорны вобраз у шырокім сэнсе – катэгорыя фальклорнай творчасці, сродак узнаўлення, вытлумачэння і засваення рэчаіснасці. У пазнаваўчым аспекце фальклорны вобраз – пераўтварэнне рэчаіснасці з дапамогай асацыятыўнасці і метафарычнасці. Фальклорны вобраз – спецыфічная катэгорыя, якая звязана з асаблівасцямі фальклору: калектыўнасцю, варыятыўнасцю і інш. У адрозненне ад мастацкага вобразу, фальклорны вобраз выражае абагуленую суб’ектыўнасць, якая найперш павінна ўздзейнічаць на свядомасць [1, с. 267]. Гэта глыбока традыцыйны вобраз, уключаны ў нацыянальныя звычаі. Каштоўнасць фальклорнага вобразу, паводле Ю.І.Юдзіна, у яго сінкрэтызме. Ён нясе ў сабе ўяўленне, паняцце, эмоцыю, маральныя адносіны, моўную выразнасць. Такі вобраз, выражаючы свет культурных уяўленняў і перажыванняў, актуалізуе ўнутраныя асабістыя рэсурсы, фарміруе культурныя дамінанты чалавека [6].

Вусная народная творчасць наскрозь прасякнута ўстойлівымі адзінкамі, стэрэатыпнымі зваротамі і спалучэннямі, якія вельмі дакладана характарызуюць той ці іншы вобраз, ацэньваюць яго.

Даўгавечнасць многіх вобразных ФА беларускай мовы пацвярджае думку аб тым, што ФА – істотная частка моўнага фонду, выкліканая да жыцця патрэбамі носьбітаў мовы – народа. Менавіта гэтым можна растлумачыць той факт, што з эпохі Сярэднявечча да нашага часу ў беларускай мове захаваўся багаты пласт народнай фразеалогіі [3, с. 29].

Помнікі старажытнага пісьменства пераканаўча сведчаць аб тым, што старабеларуская мова мела значны слоўнікавы запас народнай фразеалогіі. Яна ўзбагаціла сабой усе жанры тагачаснай беларускай пісьменнасці. І гэта не выпадкова. Нават у перыяд феадальнай раздробленасці, калі на ролю дзяржаўна-дзелавых моў асобных княстваў прэтэндавалі памесна-тэрытарыяльныя дыялекты, народная мова і мова вуснай народнай творчасці выступалі як вялікая культурна-аб’яднальная сіла, як фактар нацыянальнай кансалідацыі.

Мэта выкарыстання ФА – не называць з’яву рэчаіснасці, а выражаць ацэначныя адносіны да яе моўнага калектыву. Так, вобраз ілжывага чалавека, які рэпрэзентуецца ў ФА старабеларускай мовы (іх усяго 46), акрэслены негатыўнымі якасцямі і ўтрымлівае ў сабе жорстка асуджальную ацэнку.

Ілжывы чалавек – прамоўца, які свядома імкнецца стварыць у слухача (слухачоў) няправільнае ўражанне аб фактах ці з’явах рэчаіснасці.

Яшчэ ў старажытнасці людзі, якія распаўсюджвалі няправільную інфармацыю, атрымалі характарыстычнае найменне злыи языки: чого и право всhхъ народовъ допущаетъ, заисте и намъ, словеснымъ и розумнымъ и волнои кондиции будучимъ, на таковыи злыи языки не пристоить быти нh могли (Палін., 318, 1621). З адценнем адмоўнай ацэнкі, асуджэння гэтая ФА бытуе і ў сучаснай мове: А яшчэ злыя языкі казалі, што ва ўсе гэтыя гады не было такога, каб Хадоська падышла к якой маладзіцы, у каторай грудное на руках. (Мележ) [2, ІІ, с. 597].

Чалавек, які дзейнічае наперакор праўдзе, ствараючы вобраз праведніка, параўноўваўся з крывадушным ваўком, што адлюстравана ў ФА волкъ въ wвчомъ wденю ‘крывадушны чалавек, які хавае дрэнныя намеры, учынкі пад маскай дабрачыннасці’: стережитес# одо лъживыхs пророкавъ, которие приход#ть кs вамъ въ одежахъ овчих, внuтри пакъ сут волки драпежные (Цяп. 1580, 9). Гэтая адзінка дайшла да нашага часу і ўжываецца амаль без зменаў у сучаснай беларускай мове: Не, з гэтым ваўком у авечай шкуры трэба паводзіць сябе інакш. “Маладосць” [2, І, с. 213]. Пра няшчырага чалавека гаварылі, што ён мае кривый языкъ: падение криваго "зыка, "кобы той онъ же на колзкости падаеть, такоже и падение злыхъ скоро приидеть (Скар. 1646 – 1648. ІС, 32б) ці кривое седце: wмерзенье гднь кривыи срдца и вол# его полныи пuти (Зб. 262, 98б), а таксама раздвоеный языкъ ‘пра ілжывага чалавека’: тыми часы дхъ ст дал wказию зстuпuючи показалис мовит роздвоеные "зыки вs ди"ни"х … Аплве много wбецали пнu "зыком а потом мало (Зб. 261, 153б).

У тых выпадках, калі ілжывасць становіцца звычайнай формай паводзін, яна выступае як характарыстычная якасць асобы. У адносінах да такой асобы скарыстоўваліся ФА языкъ лживый, ходити кривоустьемъ ‘ілгаць, хлусіць’: Члкъ невsчтивыи мuж криведныи ходить кривоустьемь (Зб. 262, 95б), глядети криво и слепо ‘мець няправільны погляд на што-небудзь’ Ты такъ криво и слhпо на мене гледишъ "къ и на боги свои (Пралог 17 ст., 530) і інш. Для прыведзеных ФА характэрна, як правіла, адмоўная канатацыя і стылістычная афарбоўка неадабрэння. Сэнсава-вызначальнымі кампанентамі выступаюць тут прыметнікі кривый, встеклый, у семантыцы якіх выяўляецца негатыўная ацэнка. Лексема крывы паходзіць ад праславянскага krivъ ‘не прамы, крывы, несправядлівы, левы’. Са славянскіх моў толькі серб.-харв. крив зберагла абодва значэнні ‘крывы’ і ‘левы’. У астатніх мовах значэнне ‘левы’ было выцеснена прасл. levъ [5, V, с. 129].



Вялікая колькасць ФА з адмоўным канатацыйным значэннем указвае на тое, што падман, хлусня, няпраўда, несправядлівасць з’яўляюцца заганамі асобы і грамадства: солгати на свою глову ‘дарэмна падмануць’; выссати съ палца ‘выдумаць’: знати же тое собh с палца выссал, а правдою того довести не можетъ (Апакр. 1598, 177б). У сучаснай беларускай мове гэтая ФА ўжываецца са заменай дзеяслоўнага кампанента высмоктваць з пальца: Навука павінна мець запатрабаваныя практыкі, прастор. Базу для эксперыметаў. Безумоўна, калі там, у інстытутах, будуць высмоктваць вывады з пальцаў ... Калі мы не дамо ніводнай комплекснай задачы... (Шамякін) [2, І, с. 259]. У склад ФА мылити очи (чари очи людем мыл#ть (Мак. 1627, 12)), очи оморочити (тоесте собh оуважили, жесте очи мои в s самuю полuденнuю свhтлость wморочити хотhли, абымъ волка за wвцu прин#лъ (Варл. 1637., 154–255)), замыляти очи ‘уводзіць у зман, ашукваць каго-н.’(чарнокнижникизамыдл"ючи wчи людские помешают взрок (Зб. 261, 214б)) недарэмна ўваходзіць кампанент очи. Параўн. у сучаснай мове: Дык навошта было гаварыць, замазваць вочы? (Галавач) [2, І, с. 457]. Яшчэ філосафы, псіхолагі і афтальмолагі даўно заўважылі, што інфармацыя, якая паступае праз зрок, не зводзіцца да святла ці колеру, формы ці адлегласці. Яна намнога багацейшая і ўключае працэдуры пазнавання, класіфікацыі, інтэрпрэтацыі, устанаўленне каўзуальных і іншых сувязей. Вочы – гэта адзін з важнейшых інструментаў пазнання рэчаіснасці. Дадзеная ФА ўтварылася пры метафарычным пераасэнсаванні абстрактнага паняцця, увасобленага ў ФА, перададзенага праз канкрэтны вобраз. ФА водити за носъ і за носъ нятися ўжывалася ў старажытнасці са значэннем ‘уводзіць у зман’: бhсъ ест такъ слабыsже се з него лацно насмh"ти, и крестом стым праве его за нос водити могут (Зб. 752, 486–486б); окривити уста ‘схлусіць, сказаць няпраўду’: волхованіе на оустhхъ црьскихъ на сuдh не wкривить оустъ своих (Зб. 262, 101). Прыкладам ілжывых паводзін выступаюць ФА закидати сhти ‘ашукваць, падманваць каго-н.’: не зайзрим вамъ славы, богатствъ и ласки оу когw розuмhете. Не закидайте намъ тых сhтокъ, бо нас рибокъ розuмных на робачкu немопкнете (Паўуст. 1622, 7); показuючи хитрости діаволскіе. "кіе сhти слuгам божиим закидает, wва згола достаточнuю наuку им дал (Зб. 107, 123), предавати ложь ‘казаць няпраўду’, презъ ногу кинутипадмануць, абхітрыць каго-н.’: Лев данилович, кнжа володымерское, заживаючи хитрог фортелю uмыслил вызват воs селка глuбеs в землю рuскuю жебы его такъ снаднеs моглъ през ногu кинут (Стрыйк., 527б), о зельживости приправити ‘абылгаць, скампраментаваць’: онислужебников моихшкодливе поранили и мене дей самое ледво о зельжывость не прыправили (АВК, XXXVI, 195, 1582), подвоити речъ ‘салгаць, схлусіць’: wна на теперешнемъ рокu wтърочономъ листовъ не покидаеть и речъ свою подвоила (КВС, 516, 1552), ричью двоити ‘гаварыць няпраўду, цямніць, хлусіць’: Ивашко поведилъ, ижъ дей ты мне у кълуни призналъ, што есте ледве вепра у хлеве забили, а теперь дей ричью двоишъ (АВК, XVIII, 73, 1589), помкнути на робачку ‘ашукаць, падмануць’: не закидайте намъ тых сhтокъ, бо нас рибокъ розuмных на робачкu не помкнете (Паўуст. 1622, 7); показовати курку на костеле ‘ашукваць’: такъ посполите баламuтом кuрка на костелh показuют (Апакр. 1598, 198б).

Як бачым, адлюстраванне вобразу ілжывага чалавека народнай фразеалогіяй старабеларускай мовы прадстаўлена шырока і ўсебакова праз метафары і параўнанні. Падман, хлусня з’яўляюцца заганамі сярэдневяковага грамадства, таму жорска асуджаюцца. Чалавек, які характарызуецца такімі адмоўнымі якасцямі, свядома становіцца на шлях пагібелі, на крывую дорогу, кривый путь ‘няправільны шлях жыцця’: ноги мои з слизкои и небезпечнои, и превротнои и крывои дороги выт#гнuлъ (Варл. 1637, 186б).


Спіс літаратуры


  1. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т.1: А капэла – Куцця / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2005. – 768 с.

  2. Лепешаў, І.Я. Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы. У 2 т. Т.1 А–Л / І.Я.Лепешаў. – Мінск, Беларус. Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. – 672 с.

  3. Тамашэвіч, Т.І. Беларуская фразеалогія. Гістарычны нарыс / Т.І.Тамашэвіч – Гродна, 1993. – 93 с.

  4. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / пад рэд. М.Р.Судніка, М.Н.Крыўко. − Мн: БэлЭн, 2002. − 784 с.

  5. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / [Р.В.Краўчук, В.В.Мартынаў, А.Я.Супрун, Н.В.Івашына.; Рэд. В.В.Мартынаў]. − Мн., Навука і тэхніка, 1985.

  6. Юдин, Ю.И. Народное творчество и народная культура в педагогическом учении Ушинского / Ю.И.Юдин // К.Д.Ушинский и русская школа. – М., 1994.

Спіс скарачэнняў крыніц


АВК – Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею для разбора древних актов, т. I – XXXIX. Вильна, 1865 – 1915.

Апакр. – Апокрисисъ албо отповедь на книжкы о съборе берестейскомъ (Вільня, 1598).

Зб. 107 – Зборнік павучальных навел рэлігійнага зместу сярэдзіны XVII ст. Рукапіс Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук ЛітССР, RKF – 107.

Мак. – Духовныи беседы святого отца нашего Макаріа пустелника египетского … (Вільня, 1627).

Пралог – Пралог XVII ст. Рукапіс Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І. Леніна, ф. 256, № 325, лл. 484 – 685 б.

Скар. – «Бивлия руска» выдання Ф. Скарыны 1516 – 1519 гг.



Стрыйк. – Кроиника словяновъ руская о панствах рускіх, полских и литовских («Хроника» М. Стрыйкоўскага пачатку XVII ст.). Рукапіс Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына, F. IV. 688.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка