Гісторыя Беларусі




старонка7/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер5.74 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   35

4.4. Саслоўная структура грамадства.

Усё насельніцтва ВКЛ можна падзяліць на некалькі саслоўяў (станаў):



- шляхта;

- духавенства;

- мяшчанства;

- сялянства;

- іншаканфесійныя станы (яўрэі, татары).

На працягу 14-16 стст. межы паміж саслоўямі становяца ўсё больш жорсткімі.

Найбольш прывілеяваным саслоўем з’яўлялася шляхта. Яе прывілеі:

- выключнае права валодання зямлёй;

- вызваленне ад абавязковых падаткаў;

- выключнае права займаць дзяржаўныя пасады і ўдзельнічаць у палітычным жыцці.

Да сярэдзіны 16 ст. гэтае саслоўе ў прававых адносінах не было аднародным. Найбольшым уплывам карысталіся магнаты (князі і паны), якія паходзілі з былых удзельных князёў і некаторых уплывовых баяр. Яны займалі галоўныя дзяржаўныя пасады ў дзяржаве, валодалі вялікімі зямельнымі маёнткамі. З сярэдзіны 16 ст. адбываецца працэс павышэння палітычнага значэння сярэдняй і дробнай шляхты (нашчадкі былых баяр і дваран), сведчаннем чаго з’яўляюцца рэформы 1560-х гг.

Духавенства не ўяўляла з сябе адзінай саслоўнай групы. На тэрыторыі ВКЛ дзейнічала каталіцкае, праваслаўнае, з сярэдзіны 16 ст. пратэстанцкае духавенства. Прававы статус іх быў розны. Прывілеяванае становішча займала каталіцкае духавенства; каталіцкія біскупы займалі вышэйшыя месцы ў складзе Паноў Рады. Праваслаўнае духавенства мела вызначаны прававы статус, пацверджаны вялікакняскімі прывілеямі. Асобныя групы духавенства атрымлівалі спецыяльныя прывілеі, а таксама зямельныя падараванні ад вялікіх князёў або магнатаў.

Мяшчанства (гарадское насельніцтва) таксама не валодала агульнымі правамі ў межах ВКЛ. Прававое становішча мяшчан залежала ад таго, у якім горадзе яны пражывалі. Значнымі правамі карысталіся жыхары Вільні, Полацка, Берасця, Менска і іншых буйных дзяржаўных гарадоў з правам на самакіраванне і даравальнымі ільготнымі граматамі. Меншымі правамі валодалі жыхары мястэчак і гарадоў, што не мелі права на самакіраванне. Жыхары прыватнаўласніцкіх гарадоў з’яўляліся феадальна залежным насельніцтвам. Мяшчанства падзялялася на некалькі сацыяльных груп:

- патрыцыят (заможныя купцы і цэхмайстры);

- рамеснікі і дробныя гандляры;

- гарадскі плебс (чаляднікі, вучні, “чорныя людзі” – вольнаёмныя рабочыя і жабракі).

Сялянства як саслоўе не было аднародным. Сярод сялян вылучаюцца:

- асабіста свабодныя сяляне, што выконвалі ваенную службу (баяры путныя, баяры панцырныя, баяры слугі) або займаліся пэўнымі рамёствамі і промысламі (асочнікі, баброўнікі, бортнікі, рыбаловы, стральцы, бондары, ганчары, кавалі, цесляры); паводле статусу былі найбольш набліжаны да дробнай шляхты або мяшчанства;

- шматлікія катэгорыі феадальна залежнага сялянства (гл. 4.1); прававое становішча гэтых катэгорый характарызавалі поўная палітычная бяспраўнасць, абмежаваная грамадзянская праваздольнасць, павышаная крымінальная адказнасць.

У асобныя саслоўі ўключаліся групы нехрысціянскага насельніцтва – яўрэі, караімы, татары. Яны валодалі спецыяльнымі правамі, вызначанымі асобымі прывілеямі вялікіх князёў, мелі ўласную аўтаномію: свае органы самакіравання, суды. У адносінах да дзяржавы плацілі павышаныя падаткі (яўрэі) або неслі ваенную службу (татары). У асноўным былі ізаляваны ад хрысціянскага насельніцтва. Яўрэі, якія пражывалі ў розных гарадах, валодалі рознымі правамі.



Такім чынам, на працягу 14 – 16 стст. у ВКЛ сфарміравалася саслоўная сістэма, характэрная для феадальнага сярэднявечнага грамадства. Прывілеяванае становішча ў межах дадзенай сістэмы займала шляхта.
Асноўныя паняцці:

Воласць, гаспадарскі двор, паншчына, чынш, людзі пахожыя, людзі непахожыя, даннікі, асадныя сяляне, людзі цяглыя, агароднікі, людзі лёзныя, “рэвалюцыя коштаў”, “лінія Эльбы”, валочная памера, фальварак, падворнае землекарыстанне, прыгоннае сялянства, мястэчка, магдэбурскае права, юрыдыка, войт, магістрат, рада, лава, бурмістр, цэх, майстры, чаляднікі, гільдыя, шляхта, духавенства, мяшчанства, сялянства.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Ахарактарызуйце асаблівасці пазямельных адносін у ВКЛ у 14–16 стст.

  2. Якімі шляхамі адбывалася пашырэнне феадальнага землеўладання ў ВКЛ у 14 – 16 стст.? Растлумачце прычыны росту прыватнага феадальнага землеўладання ў гэты перыяд.

  3. Якія змены адбываліся ў становішчы сялянскай грамады на працягу 14 – 16 стст.?

  4. Якія Вам вядомыя катэгорыі сялянства паводле юрыдычнага становішча?

  5. Якія асноўныя віды феадальнай рэнты Вы ведаеце?

  6. З чым было звязана фарміраванне “лініі Эльбы”? Якім чынам развіццё капіталізму ў Заходняй Еўропе ў 16 ст. паўплывала на эвалюцыю сельскай гаспадаркі ВКЛ?

  7. Што такое фальварак? У чым яго адрозненне ад гаспадарскага двара?

  8. Укажыце асноўныя палажэнні аграрнай рэформы 1557 г. Якія прычыны яе абумовілі?

  9. Вызначце асноўныя вынікі правядзення валочнай памеры ў дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх маёнтках ВКЛ.

  10. Назавіце асноўныя этапы запрыгоньвання сялян у ВКЛ.

  11. Якія прычыны выклікалі рост гарадоў у ВКЛ у 14 – 16 стст.? Якія можна вызначыць асноўныя шляхі павелічэння гарадскога насельніцтва?

  12. Якія адрозненні існавалі ў прававым статусе гарадоў ВКЛ у 14 – 16 стст.?

  13. Што такое магдэбурскае права? Калі гэтае права атрымалі асноўныя гарады ВКЛ?

  14. Што такое юрыдыкі? У чым палягала адрозненне юрыдычнага становішча гараджан, якія пражывалі ў юрыдыках і на самакіруемых тэрыторыях гарадоў?

  15. Вызначце структуру кіравання ў гарадах, якія валодалі магдэбургскім правам.

  16. Якія асноўныя віды рамяства атрымалі пашырэнне ў гарадах ВКЛ у 14 – 16 стст.?

  17. Што такое цэхі? Дайце агульную характарыстыку дзейнасці цэхаў у гарадах ВКЛ.

  18. Якія асноўныя віды гандлю атрымалі развіццё ў ВКЛ у 14 – 16 стст.? Што такое гільдыі?

  19. Якія асноўныя саслоўі склаліся ў структуры грамадства ВКЛ у 14 – 16 стст.?

  20. У чым выяўлялася прывілеяванае становішча шляхты ў ВКЛ?

  21. Якія асноўныя сацыяльныя слаі можна вылучыць у межах мяшчанства ВКЛ?

  22. У чым адлюстроўваецца спецыфіка прававога становішча нехрысціянскіх груп насельніцтва ў ВКЛ (яўрэі, татары)?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Эвалюцыя сялянскай грамады ў ВКЛ у 14 – 16 стст.

  2. Сяляне – слугі ў ВКЛ.

  3. Магдэбургскае права ў Полацку: фарміраванне, інстытуты самакіравання і іх эвалюцыя.

  4. Купецкія гільдыі ў ВКЛ у 14 – 16 стст.

  5. Фарміраванне шляхецкага саслоўя ў ВКЛ у святле заканадаўчых актаў 14 – 16 стст.

  6. Утварэнне яўрэйскай абшчыны ў ВКЛ у 14 – 16 стст.

  7. Татары ў ВКЛ: сацыяльна-эканамічнае і палітыка-прававое становішча.



Тэма 5: Рэлігія і культура ВКЛ у 14 – 16 стст.

1. Рэлігійныя адносіны ў ВКЛ у 14 – 16 стст.



2. Фарміраванне беларускай народнасці.

3. Культура ВКЛ у 14 – 16 стст.
5.1. Рэлігійныя адносіны ў ВКЛ у 14 – 16 стст.

Важнейшай часткай жыцця традыцыйнага грамадства з’яўлялася рэлігія. На працягу ўсяго перыяду свайго існавання ВКЛ была шматканфесійнай дзяржавай. На яе тэрыторыі існавала некалькі рэлігійных канфесій, якія ў розны час мелі розны прававы статус і ўплыў у грамадстве. Сярод канфесій, якія дзейнічалі ў ВКЛ, можна вылучыць:

- хрысціянскія (каталіцызм, праваслаўе, пратэстантызм);

- нехрысціянскія (іудаізм, іслам).



Рымска-каталіцкая царква.

Да канца 14 ст. у ВКЛ дзейнічалі толькі невялікія абшчыны католікаў. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. каталіцызм становіцца пануючым веравызнаннем у ВКЛ. Ён быў прыняты вялікім князем і значнай часткай арыстакратыі. Прывілеі 1387 і 1413 гг. замацавалі прывілеяванае становішча каталіцкай царквы і каталіцкай шляхты. Каталіцкія біскупы займалі важнейшыя месцы ў складзе Паноў Рады. У канцы 14 – пачатку 15 стст. у каталіцызм было прымусова ахрышчана язычніцкае насельніцтва ВКЛ (пераважна балцкае). У выніку каталіцызм стала вызнаваць большасць насельніцтва ў заходняй, пераважна балцкай, частцы ВКЛ. У той жа час у цэнтры і на ўсходзе ВКЛ да канца 16 ст. колькасць католікаў была нязначнай, нават сярод шляхты. Дзяржаўныя ўлады, а таксама каталіцкая шляхта выдаткоўвалі значныя сродкі на будаўніцтва каталіцкіх храмаў, кляштароў, падаравалі ім землі і іншую маёмасць.

Уся каталіцкая царква прызнае вяршэнства рымскага папы. Паводле структуры яна падзяляецца на біскупствы. Усе біскупствы ў ВКЛ падпарадкоўваліся гнезненскаму арцыбіскупу ў Польшчы. На тэрыторыі ВКЛ існавалі наступныя біскупствы:

Віленскае (з 1388 г.)

Жамойцкае (з 1417 г.)

Уладзімірска-Луцкае (з 1425 г.).

У каталіцкай царкве вялікую ролю адыгрывалі манаскія ордэны, якія мелі значную аўтаномію ў межах царквы: дамініканцы, францысканцы, аўгусцінцы, бернардзінцы, кармеліты і інш.



Праваслаўная царква

Праваслаўе да 17 ст. вызнавала абсалютная большасць насельніцтва ва ўсходняй і цэнтральнай частцы ВКЛ, а таксама істотная частка насельніцтва на захадзе ВКЛ. Да праваслаўнай царквы належала значная частка шляхты ВКЛ. Паводле прывілеяў 1432 і 1434 гг. яна ўраўноўвалася ў грамадзянскіх правах з каталіцкай, а ў выніку прывілею 1563 г. – ураўноўвалася таксама ў палітычных правах. Праваслаўная царква мела шматлікія правы і прывілеі, якія гарантавалі яе функцыянаванне ў ВКЛ. Праваслаўная шляхта выдзяляла значныя сродкі на будаўніцтва праваслаўных храмаў, манастыроў і г.д.

Да канца 16 ст. уся праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Канстанцінопальскаму патрыярхату. На чале праваслаўнай царквы ў ВКЛ знаходзіўся мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі, рэзідэнцыя якога з 1458 г. знаходзілася ў Вільні або Новагародку. Кіеўская мітраполія падзялялася да канца 16 ст. на некалькі епархій:

Кіеўская (мітрапаліцкая)

Полацкая

Турава-Пінская

Уладзімірска-Берасцейская

шэраг епархій на тэрыторыі Украіны (Львоўская, Луцкая, Холмская, Перамышльская).

У 16 ст. надзвычай вялікую ролю ва ўнутраным кіраванні праваслаўнай царквы сталі адыгрываць свецкія асобы (шляхта, брацтвы ў гарадах), якія захапілі частку функцый духавенства.

Рэфармацыя

У 16 ст. на тэрыторыі амаль усёй Еўропы адбываецца Рэфармацыя – масавы рэлігійны рух, накіраваны супраць веравучэння і культу каталіцкай царквы і за аднаўленне прынцыпаў першапачатковага хрысціянства паводле Бібліі. Перадумовай Рэфармацыі стала пераўтварэнне каталіцкай царквы ў магутную сацыяльна-эканамічную арганізацыю ў Еўропе, багацце якой засноўвалася на вялікім землеўладанні, зборы дзесяціны, гандлю індульгенцыямі (граматамі аб адпушчэнні грахоў за грошы), паборамі за выканнне вернікамі абрадаў. Веравучэнне і культ каталіцызму ўсё больш аддаляліся ад першапачатковых прынцыпаў хрысціянства. Гэта выклікала незадаволенасць сярод шырокіх слаёў грамадства, у тым ліку кіруючых колаў шэрагу дзяржаў, якія імкнуліся завалодаць уласнасцю каталіцкай царквы.

Фармальным пачаткам Рэфармацыі лічыцца абвяшчэнне германскім манахам Марцінам Лютэрам у 1517 г. у Вітэнбергу “95 тэз”, якія былі накіраваныя на рэформу каталіцкай царквы. Вынікам Рэфармацыі стала фарміраванне шэрагу пратэстанцкіх канфесій (лютэранства, кальвінізм, баптызм і г.д.).

Пратэстанты абвясцілі Біблію галоўным аўтарытэтам у справах веры, распрацавалі новыя дактрыны веравучэння і культ, якія, на іх думку, адпавядаюць прынцыпам ранняга хрысціянства, закладзеным у Бібліі. Прадстаўнікі рэфармацыйных канфесій выступалі за танную царкву, супраць індульгенцый, за права свецкіх асоб у рэлігійнай абшчыне выбіраць і кантраляваць дзейнасць духавенства, канфіскацыю царкоўнай маёмасці, выкарыстанне народнай мовы ў набажэнствах, а не лаціны, адмаўлялі культ ікон, святых, большасць каталіцкіх абрадаў. Пратэстанты, асабліва кальвіністы, пастуліравалі прынцып вяршэнства Свяшчэннага Пісання ў царкоўным і свецкім жыцці.

Для барацьбы з Рэфармацыяй каталіцкая царква актыўна выкарыстоўвала інквізіцыю, а таксама спецыяльна створаны ў 1540 г. ордэн езуітаў. Аднак на працягу 16 ст. паўночна-германскія княствы, шэраг гарадоў-дзяржаў у Швейцарыі, Швецыя, Данія, Англія, Шатландыя, Прусія афіцыйна падтрымалі пратэстантызм. У 1555 г. імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V у Аўгсбургскім прывілеі юрыдычна замацаваў прынцып “чыя зямля таго і вера”, які дазваляў асобным князям у сваіх уладаннях уводзіць каталіцызм або пратэстантызм паводле ўласнага меркавання. У некаторых еўрапейскіх краінах супярэчнасці паміж католікамі і пратэстантамі прывялі да рэлігійных войнаў (Францыя, Нідэрланды).

Рэфармацыя ў ВКЛ пачынаецца ў сярэдзіне 16 ст. Вынікам стала ўзнікненне наступных канфесій:

- евангеліцка-аўгсбургская (лютэранская)



- евангеліцка-рэфармацкая (кальвінісцкая)

- “Польскія і Літоўскія браты” (антытрынітарыірадыкальная плынь, якая адмаўляла дагматы аб траістасці Бога і боскасці Хрыста).

Рэфармацыя ў ВКЛ мела шэраг асаблівасцяў:

1) Яна не была справакавана жаданнем феадалаў атрымаць маёмасць каталіцкай царквы. У ВКЛ царкве належала 5% зямлі, у той час як, напрыклад, у Англіі 40%. Галоўным матывам прыняцця Рэфармацыі шляхтай было імкненне паставіць пад свой кантроль дзейнасць духавенства і абмежаваць уплыў Рыму.

2) Рэфармацыя распаўсюджвалася, галоўным чынам, сярод шляхты (Радзівілы, Валовічы, Пацы і г.д.) і часткі мяшчанства; і амаль не закранула сялянскія масы. У структуры пратэстанцкіх канфесій галоўную ролю адыгрывалі свецкія апякуны (з ліку уплывовай шляхты).

3) Найбольш уплывовымі накірункамі рэфармацыйнага руху сталі кальвінізм і антытрынітарызм, а не лютэранства.

4) На тэрыторыі ВКЛ Рэфармацыя была скіравана не толькі супраць каталіцкай, але і супраць праваслаўнай царквы.

Асноўнымі шляхамі распаўсюджання Рэфармацыі былі навучанне шляхты ў пратэстанцкіх універсітэтах Заходняй Еўропы, іміграцыя замежных настаўнікаў і мяшчан, цесныя палітычныя і эканамічныя кантакты з пратэстанцкімі Прусіяй і Інфлянтамі. Першай вядомай абшчынай пратэстантаў ВКЛ лічыцца лютэранская ў Слуцку, якая ў 1535 г. атрымала надзел зямлі ў горадзе ад князя Юрыя Алелькавіча. Найбольшае развіццё рэфармацыйнага руху у ВКЛ пачалося з 1553 г., калі канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл “Чорны” на свае сродкі пабудаваў кальвінісцкі збор і друкарню ў Берасці. У 1550-1560-я гг. у ВКЛ ужо ўзнікла 85 кальвінісцкіх і 7 антытрынітарных абшчын. На 1569 г. у складзе Паноў Рады ВКЛ было 15 пратэстантаў, 2 католікі (біскупы), 5 праваслаўных. Для каардынацыі дзеянняў розных рэфармацыйных груп ВКЛ у 1557 г. быў створаны сінод евангеліцка-рэфармацкіх абшчын у Вільні.

Дзейнасць адначасова некалькіх канфесій у ВКЛ прыводзіла да ўсталявання адносна мірных ўзаемаадносін паміж імі, рэлігійнай талеранцыі. Паводле Віленскага прывілею 1563 г. было абвешчана ўраўнаванне ў палітычных правах шляхты ВКЛ усіх хрысціянскіх веравызнанняў. Пасля стварэння Рэчы Паспалітай у 1573 г. быў абвешчаны акт Варшаўскай канфедэрацыі, які прадубліраваў Статут ВКЛ 1588 г., паводле якога ўся хрысціянская шляхта незалежна ад веравызнання атрымлівала роўныя грамадзянскія і палітычныя правы. Злачынствы на рэлігійнай глебе прыраўноўваліся да крымінальных. У большасці самакіруемых гарадоў дзейнічалі прынцыпы рэлігійнай цярпімасці ў адносінах паміж мяшчанамі розных канфесій. У прыватных уладаннях рэлігійная сітуацыя кантралявалася ўладальнікамі. Яны маглі або захоўваць рэлігійную цярпімасць або ствараць перавагі для пэўнага веравызнання або нават праводзіць рэпрэсіі ў адносінах да іншаверцаў нешляхецкага паходжання.

Рэлігійная цярпімасць прадугледжвалася ў ВКЛ для прадстаўнікоў нехрыціянскіх веравызнанняў (яўрэяў, мусульман), замацаваная спецыяльнымі прывілеямі.



Такім чынам, у 14 – 16 стст. у ВКЛ склалася шматканфесійная сітуацыя. Афіцыйны пануючы статус быў замацаваны за каталіцкай царквой, аднак у грамадскім жыцці мелі таксама моцны ўплыў праваслаўная і пратэстанцкія канфесіі. Гэта прывяло да замацавання рэлігійнай талеранцыі ў міжканфесійных адносінах, пацверджанай на дзяржаўна-прававым узроўні.
5.2. Фарміраванне беларускай народнасці.

Па пытаннях узнікнення беларусаў як этнічнай супольнасці ў асяроддзі навукоўцаў розных эпох вызначаюць некалькі падходаў-канцэпцый, асноўныя з якіх:



Польская (Л. Галембоўскі): беларусы – гэта сапсаваныя рускімі князямі і праваслаўнай рэлігіяй палякі.

Вялікаруская (А. Сабалеўскі, І. Сразнеўскі): беларусы – гэта сапсаваныя польскім уплывам рускія.

Крывіцкая (Я. Карскі, В. Ластоўскі): племянны саюз крывічоў разглядаўся як вызначальны фактар у стварэнні дзяржаўных і этнічных структур сучаснай Беларусі.

Фінская (І. Ласкоў): першым гістарычна вядомым насельніцтвам Беларусі абвяшчаюцца фіна-вугорскія плямёны. Менавіта яны сталі асновай, на якой сфарміраваўся беларускі народ, з часам славянізаваны. Пацверджаннем гэтага выступаюць шэраг назваў рэк і азёраў (Дзвіна).

Балцкая (У.Сядоў): адзначаецца вядучая роля балцкіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі. Менавіта яны сфарміравалі культуру і антрапалагічны тып сучасных беларусаў. У выніку славянізацыі балцкага субстрату і сфарміраваліся беларусы, як рускія – у выніку асіміляцыі славянамі вугра-фінаў і татар.

Крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая (М. Грынблат, М. Доўнар-Запольскі): беларуская народнасць узнікла ў выніку паступовага аб’яднання розных славянскіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі.

Савецкая (С. Токараў): у межах раннефеадальнай дзяржавы Кіеўская Русь у 9–13 стст. сфарміравалася т.зв. старажытнаруская народнасць, на аснове якой у 14 – 16 стст. узнікаюць рускія, украінцы і беларусы.

Працэс фарміравання этнічных супольнасцяў як аб’яднанняў людзей з аднолькавай самасвядомасцю, агульнай тэрыторыяй, эканамічным, палітычным і культурным жыццём мае складаны характар. Першаснымі і найбольш простымі формамі аб’яднання грамадства былі арганізацыі кроўных сваякоў – роды. Роды злучаліся спачатку ў плямёны, затым племянныя саюзы і іншыя этнічныя супольнасці. Тэрыторыя Беларусі ў эпоху першабытнага грамадства была заселена фінскімі і балцкімі плямёнамі, якія ў Сярэднявеччы асіміліраваліся славянамі, аднак перадалі частку сваёй культуры новым этнічным аб’яднанням. Этнакультурныя працэсы, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў сярэднія вякі ўключалі ў сябе славянскія (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, валыняне) і балцкія (літва, яцвягі) племянныя этнічныя супольнасці.

Стымулюючым фактарам этнічнай кансалідацыі было ўтварэнне ВКЛ. Падпарадкаванне на працягу другой паловы 13–14 стст. звыш двух дзесяткаў княстваў адзінай цэнтральнай уладзе спрыяла стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі, актывізавала культурныя сувязі паміж рознымі яе тэрытарыяльнымі часткамі. У рамках Вялікага Княства Літоўскага 14 – 18 cт. адбывалася паступовае збліжэнне палітычных, эканамічных і культурных адрозненняў асобных рэгіёнаў, пачалося фарміраванне этнічных і моўных асаблівасцяў, характэрных для беларускай народнасці. Народнасць – аб’яднанне людзей на пэўнай тэрыторыі, з агульнай гісторыяй, мовай і культурай, умовамі жыцця. Але ў межах народнасці не было моцнай агульнай самасвядомасці. У 14 – 16 стст. розныя сацыяльныя групы насельніцтва ВКЛ мелі некалькі тыпаў самасвядомасці:

- рэгіянальная самасвядомасць (палачане, віцябляне, палешукі, гарадзенцы, жамойты і г.д.);

- канфесійная самасвядомасць (Русь, русіны – г.зн. праваслаўныя; лаціняне – г.зн. католікі);

- агульнадзяржаўная самасвядомасць (літвіны, г.зн. жыхары ВКЛ).

З 16 ст. фарміруецца паняцце літоўскага палітычнага народу, пад якім разумелася ўся шляхта ВКЛ незалежна ад этнічнага паходжання і веравызнання. Шляхта разглядала сябе як самастойную супольнасць, надзеленую асобымі правамі і этнічна аддзеленую ад астатняга насельніцтва (абгрунтаванню гэтага служылі легенды пра паходжанне арыстакратыі ВКЛ ад старажытных рымлян або ад старажытных стэпавых качэўнікаў – сарматаў, што абумовіла фарміраванне ў 17 – 18 стст. ідэалогіі сарматызму).

Назва “Беларусь” узнікла і замацавалася за нашымі тэрыторыямі не адразу. У 12 ст. яна адносіцца да Ўладзіміра-Суздальскага княства. Крыжакі (напр. П. Сухенвірт у 1360) пасля сканчэння ўжывання этноніма “крывічы” у сярэдзіне 13 – 14 стст. размяшчалі Белую Русь паміж Літвой і Масквой, называючы Полацкія, Смаленскія і Пскоўскія землі. У 14 – 16 ст. канфесіёнім “рускі” азначаў праваслаўных Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад “маскавітаў” – падданых Масквы. Згодна са звесткамі паляка Я. Чарнкоўскага, Полацк называецца “крэпасцю Белай Русі”, а наёмнік-італьянец у 16 ст. А.Гваніні і яго наступнікі называюць тэрмінам “беларусцы” жыхароў Падзвіння і Падняпроўя, а жыхароў Меншчыны і Гарадзеншчыны азначаюць як “літву”, адрозніваючы ад балтамоўнай “жмудзі”. У 17 – 18 стст. Магілеўская праваслаўная епархія называлася “беларускай”. Толькі ў выніку дзейнасці стваральнікаў беларускай літаратуры і нацыянальнага руху ў 19 – пачатку 20 стст канчаткова этнонім “беларусы” замацаваўся і пачаў прызнавацца за саманазву за ўсімі жыхарамі нашай тэрыторыі.

На працэс фарміравання беларускай народнасці вялікі ўплыў аказвала станаўленне старабеларускай мовы, якая фарміруецца на аснове царкоўнаславянскай мовы і мясцовых гаворак і з 14 ст. стала выцясняць з афіцыйнага ўжытку царкоўнаславянскую мову. У 14 – 16 стст. у асяроддзі шляхты і адукаванага насельніцтва старабеларуская мова замацоўваецца ў якасці асноўнай. Гэтая мова становіцца агульнадзяржаўнай, на ёй выдаюцца дзяржаўныя дакументы, ажыццяўляецца справаводства ў канцылярыі ВКЛ і ва ўсіх рэгіянальных органах улады. З другой паловы 16 ст. у асяроддзі шляхты і адукаванага насельніцтва пачынае пераважаць польская мова. Важную ролю ў грамадскім жыцці адыгрывалі таксама лацінская мова (мова рымска-каталіцкай царквы, міжнародных зносін) і царкоўнаславянская мова (мова праваслаўнай царквы).



Такім чынам, у 14 – 16 стст. адбываецца працэс фарміравання беларускай народнасці. Аднак гэты працэс запавольваўся шматканфесійным і шматмоўным характарам насельніцтва ВКЛ, наяўнасцю розных тыпаў самасвядомасці ва ўмовах карпаратыўнага сярэднявечнага грамадства.
5.3. Культура ВКЛ у 14 – 16 стст.

Культурнае жыццё ў ВКЛ у 14 – 16 стст. знаходзілася пад пераважным уплывам рэлігіі. У той жа час пад уплывам культурных кантактаў з Заходняй Еўропай і распаўсюджаннем ідэй Адраджэння адбываецца ўмацаванне свецкіх элементаў культуры. Для культуры Адраджэння характэрныя павышаная ўвага да праблем чалавека і яго месца ў свеце, свецкіх гуманітарных ведаў і мастацтва, станаўленне нацыянальных моў і літаратур. Культура Адраджэння аказала вялікі ўплыў на адукацыю, станаўленне кнігадрукавання і розныя формы мастацкай культуры ВКЛ.



Адукацыя

Да 16 ст. адукацыя ў ВКЛ развівалася вельмі павольна. Яе асноўнымі формамі былі школы пры праваслаўных і каталіцкіх цэрквах і манастырах; у іх праграму навучання якіх ўваходзілі пераважна багаслоўе, граматыка, рыторыка, часткова матэматыка, а таксама хатняя адукацыя пры дварах буйной шляхты. Для атрымання вышэйшай адукацыі ў 15 – 16 стст. распаўсюдзілася практыка выезду шляхецкай моладзі на вучобу ў Кракаўскі ўніверсітэт (Польшча), а таксама заходнееўрапейскія ўніверсітэты (Падуя, Балонья, Вітэнберг, Базэль, Кёльн і г.д.).

З пачаткам Рэфармацыі на сродкі магнатаў, якія яе падтрымлівалі, узнікаюць шматлікія рэфармацыйныя школы: кальвінісцкія ў Вільні, Берасці, Слуцку, Заслаўі, Менску і г.д., антытрынітарная – у Іўі. У іх разам з вывучэннем багаслоўя важнае месца надавалася замежным і класічным мовам, гісторыі, рыторыцы. Рэктар антытрынітарнай школы ў Іўі Я. Намыслоўскі распрацаваў і выдаў шэраг падручнікаў па логіцы і прыродазнаўству.

З канца 16 ст. на сродкі шляхты і мяшчан узнікаюць праваслаўныя брацкія школы ў Полацку, Віцебску, Магілёве. У іх вывучалася шырокае кола пераважна гуманітарных дысцыплін. Для падрыхтоўкі настаўнікаў адчыніліся праваслаўныя семінарыі ў Менску, Вільні, Берасці. Першымі падручнікамі па граматыцы ўсходнеславянскіх моў былі творы Л. Зізанія (1595) і М. Сматрыцкага (1619).



Кнігадрукаванне

Пашырэнне агульнага ўзроўню адукаванасці абумовіла ўзнікненне попыту на кнігі. У 14 – 16 стст. цэнтрамі перапіскі кніг з’яўляліся праваслаўныя манастыры (скрыпторыі ў Новагародку, Полацку, Вільні, Віцебску, Лаўрышаве, Супраслі), дзяржаўная канцылярыя ў Вільні, канцылярыі буйных магнатаў. Аднак скрыпторыі ўжо не маглі задаволіць ўзрастаўшага попыту на кніжнае слова.

Заснавальнікам кнігадрукавання ў ВКЛ з’яўляецца Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551). У 1517-1519 гг. у Празе ён пераклаў і выдаў (з каментарыямі) Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі на старабеларускай мове з істотнымі элементамі царкоўнаславянскай мовы. У 1522 г. Ф. Скарына пераехаў у Вільню, дзе заснаваў першую на тэрыторыі ВКЛ друкарню, з якой вышлі “Малая падарожная кніжыца” (1522 г.) і “Апостал” (1525 г.).

Да канца 16 ст. у ВКЛ дзейнічалі шматлікія друкарні – канфесійныя: пратэстанцкія, праваслаўныя, каталіцкія, а таксама прыватныя, пазаканфесійныя. Выдавалася самая розная літаратура на старабеларускай, польскай, лацінскай, царкоўнаславянскай мовах – як багаслоўская, так і свецкая, у тым ліку, прававая. Так, ў 1588 г. у друкарні Мамонічаў у Вільні ўпершыню быў надрукаваны Статут ВКЛ.

Вельмі шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць на тэрыторыі ВКЛ разгарнулі пратэстанты. У 1563 г. на грошы М. Радзівіла Чорнага ў Берасці была выдадзена Біблія. Тэкст быў напісаны па польску, але са значнымі элементамі беларускай лексікі. Рэфармацыйныя друкарні ў 1560-1570-я гг. дзейнічалі ў Берасці, Нясвіжы, Вільні, Слуцку, Лоску, Іўі, Ашмянах. Першую пратэстанцкую кірылічную кнігу (на старажытнабеларускай мове) – “Катэхізіс” выдалі Сымон Будны і Лаўрэнцій Крышкоўскі ў Нясвіжскай друкарні ў 1562 г. У 1570-я гг. у маёнтку Цяпіна на Полаччыне заснаваў друкарню шляхціц – антытрынітарый Васіль Цяпінскі, які выдаў “Евангелле” на царкоўнаславянскай мове з паралельным перакладам на старабеларускую мову.

Літаратура

У 14 – 16 стст. працягвалася распаўсюджанне рукапісных зборнікаў, якія ўключалі ў сябе багаслоўскую, богаслужэбную літаратуру, творы антычных, аўтараў. У эпоху Адраджэння да іх дабавіліся пераклады заходнееўрапейскіх свецкіх раманаў (найбольш вядомыя ў ВКЛ “Гісторыя пра Атылу”, “Аповесць пра Трыстана і Ізольду”, “Александрыя”, “Троя”).

З 14 ст. у ВКЛ з’явілася летапісанне. Найбольш вядомыя яго помнікі – “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” (прыкладна першая трэць 15 ст.), “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага” (першая палова 16 ст.), “Хроніка Быхаўца” (2 чвэрць 16 ст.). У летапісах і хроніках гісторыя мела белетрызаваны характар, абгрунтоўвалася неабходнасць стварэння ВКЛ, абаранялася цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў.

Ва ўмовах шматканфесійнай сітуацыі ў ВКЛ, асабліва пасля Рэфармацыі, шырока распаўсюдзілася рэлігійна-палемічная літаратура. Найбольш вядомымі прадстаўнікамі дадзенага жанру з’яўляліся католікі Аўгустын Ратундус, Пётр Скарга, пратэстанты Андрэй Волан, Пётр Гілёўскі, антытрынітарыі Сымон Будны, Марцін Чаховіц, праваслаўныя Арцемій, Герасім Сматрыцкі. Ва ўсіх палемічных творах ставіліся па сутнасці адны і тыя ж задачы: абарона ўласнай канфесіі, доказы ісціннасці свайго веравызнання, абгрунтаванне правільнасці дзеянняў сваіх прыхільнікаў, абвяржэнне довадаў праціўнікаў і абгрунтаванне ілжывасці іх поглядаў, дыскрэдытацыя дзеянняў праціўнікаў.

Ва ўмовах актывізацыі сацыяльна-палітычнага жыцця ў ВКЛ у 16 ст. шырокае распаўсюджанне атрымлівае грамадска-палітычная літаратура. Галоўнымі яе праблемамі становяцца праблемы дзяржаўна-палітычнага ўладкавання, палітычнай і грамадзянскай свабоды, талеранцыі. Найбольш вядомымі помнікамі літаратуры гэтага жанру з’яўляюцца прадмовы і пасляслоўі да выдання Бібліі Францыска Скарыны, “Трактат аб норавах татар, літвінаў і маскавіцян” (каля 1550) Міхалона Літвіна, ананімны твор “Размова Паляка з Літвінам” (каля 1565-1566), “Пра палітычную або грамадзянскую свабоду” (1572) Андрэя Волана, “Аб свецкай уладзе” (1583) Сымона Буднага, а таксама палітычная сатыра (”Прамова Мялешкі”).

Шырока распаўсюджваецца лацінамоўная паэзія. Першымі яе помнікамі былі паэма “Пруская вайна” (1516) Яна Вісліцкага, у якой аўтар апісвае перамогу над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве, а таксама паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” (1523), у якой аўтар, абапіраючыся на асабістыя назіранні і пачуцці, усхваляў мінулае, прыроду і жыхароў ВКЛ, параўноўваючы родны край з волатам беларускіх пушчаў – зубром.

У другой палове 16 ст. распаўсюджваецца панегірычная паэзія, якая праслаўляла гербы і гістарычныя дасягненні магнацкіх фамілій ВКЛ. Найлепшымі прадстаўнікамі гэтага накірунку з’яўялюцца Андрэй Рымша (каля 1550–пасля 1599), Ян Радван (? – пасля 1591).

Адметнай рысай літаратуры эпохі Адраджэння з’яўляецца распаўсюджанне асабістай карэспандэнцыі, дзённікаў (дыярыюшаў) і мемуараў, якія данеслі да нашых дзён асабістыя назіранні і адчуванні сучаснікаў гістарычных падзей. Яркія малюнкі ўтрымліваюць дзённікі новагародскага шляхціца Фёдара Еўлашоўскага (1546 – пасля 1616), нататкі пра падарожжы ў Палесціну Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі (1582–1584), у Масковію Гальяша Пельгрымоўскага (1601), пра ўдзел у маскоўскай грамадзянскай вайне “Смуце” (1607–1610) Язэпа Будзілы і шэраг іншых.



Архітэктура

Архітэктура ВКЛ у 14 – 16 стст. знаходзілася пад значным уплывам заходнееўрапейскай культурных стыляў і тэхналогій. Гэта, у першую чаргу, датычылася абарончых збудаванняў, асабістых рэзідэнцый магнатаў і культавых будынкаў пратэстантаў і католікаў. Абсалютная большасць жылля працягвала стварацца з дрэва ў мясцовых традыцыях.

Найбольш значнымі збудаваннямі эпохі, верагодна, зробленымі пад кіраўніцтвам нямецкіх майстроў, з’яўляюцца замкі 15 ст. у раманскім і гатычным стылі ў Вільні, Гародні, Троках, Крэве, Геранёнах, Лідзе, Новагародку.

У перыяд Адраджэння пашыраліся культурныя сувязі буйной шляхты ВКЛ з Італіяй, адкуль запрашаюцца архітэктары для забудовы рэгулярнай гарадской планіроўкі Слуцка, Быхава, Міра, Нясвіжа. Са змяненнем стыляў у будаўніцтве і ўвядзеннем новых прынцыпаў фартыфікацыі прыватныя замкі пачалі трансфармавацца ў палацава-замкавыя комплексы (Нясвіж, Гародня, Гальшаны, Ляхавічы). Акрамя іх будаваліся палацы з кампактнай цэнтральна-восевай планіроўкай без унутранага двара (дом-крэпасць у Гайцюнішках, Ружанскі замак).

У культавым будаўніцтве прасочваюцца асноўныя накірункі і стылі характэрныя для Еўропы таго часу: готыка (касцёлы ў Ішкалдзі, Іўі, Супрасльская царква-крэпасць, Мікалаеўскі сабор у Берасці), абарончыя цэрквы (Мурванка, Сынкавічы, Маламажэйкава) і барока (Нясвіжскі і Гарадзенскі фарны касцел). Прычым касцёл у Нясвіжы, які пабудаваў італьянскі архітэктар Ян Бернардоні (1587–1594), з’яўляецца другім па часе у свеце помнікам барока.

У адрозненне ад пышнага і ўрачыстага каталіцкага барока пратэстанцкая архітэктура характэрызуецца прастатой і лаканічнасццю форм. Да нашых дзён у Беларусі захаваліся будынкі былых кальвінісцкіх збораў (Заслаўе, Койданава, Новы Свержань).

З пашырэннем магдэбурскага права ў гарадах узнікла грамадзянская архітэктура – ратушы, дзе размяшчаліся органы самакіравання (Нясвіж, другая палова XVI ст.).

Выяўленчае мастацтва

Галоўную ролю працягвала адыгрываць культавае мастацтва. Іканапіс у 14–15 стст. развіваецца пераважна пад уплывам візантыйскіх узораў. У 16 ст. у іконапісе адчуваюцца рысы Адраджэння – з’яўляюцца элементы бытавога характару і г.д.

У свецкім жывапісе вылучаецца партрэтны жанр. Для 14 – 15 стст. характэрны партрэты-іконы (прыклад – партрэт-ікона Еўфрасінні Полацкай). На партрэтах эпохі Адраджэння пераважае больш аб’ёмнае прадстаўленне чалавека, з’яўляюцца элементы рэалізму, мастакі пачынаюць улічваць законы оптыкі, перспектывы і прапорцый (невядомымі мастакамі створаны партрэты княгіні Кацярыны Слуцкай, князя Юрыя Алелькавіча і г.д. (канец 16 ст.).

З развіццём кнігадрукавання атрымала пашырэнне кніжная графіка. Рукапісныя кнігі аздабляліся мініяцюрамі, друкаваныя – гравюрамі. Заснавальнікам кніжнай гравюры ў ВКЛ стаў Францыск Скарына. Яго выданні былі багата аздоблены сюжэтнымі кампазіцыямі і ілюстрацыямі прыкладнога характару, арнаментам.

З пашырэннем у ВКЛ каталіцызму звязана з’яўленне скульптуры. Самы ранні помнік драўлянай скульптуры, што захаваўся да нашага часу – “Распяцце” з в. Галубічы Глыбоцкага раёна (14 ст.). У 15–16 стст. у касцёлах з’яўляюцца гатычныя алтары са скульптурамі. Працягваюць развівацца традыцыі дэкаратыўнага аздаблення інтэр’ераў (разьба па дрэве і кафельнае мастацтва).

Музычнае мастацтва развівалася пераважна ў межах рэлігійных устаноў. У царкоўных і манастырскіх школах рыхтавалі спевакоў. З будаўніцтвам каталіцкіх храмаў пашыралася арганная музычная культура У самым канцы 16 ст. пры каталіцкіх кляштарах сталі ўтварацца капэлы – калектывы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў.

У 14 - 16 стст. шырокую папулярнасць у народзе атрымаў лялечны тэатр – батлейка. Прадстаўленні даваліся падчас ярмарак, на рынках; запрашалі лялечнікаў і да двароў магнатаў.



Такім чынам, у культурным жыцці ВКЛ 14 – 16 стст. назіралася паступовае развіццё адукацыі, літаратуры, розных форм выяўленчага мастацтва, узнікла кнігадрукаванне. Вызначальную ролю пры гэтым меў уплыў заходнееўрапейскай культуры Адраджэння.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка