Гісторыя Беларусі




старонка28/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   24   25   26   27   28   29   30   31   ...   35

21.5. Выгнанне нямецка-фашысцкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі ў 1943-1944 гг.

З лета 1943 г., пасля Курскай бітвы, савецкія войскі канчаткова завалодалі ініцыятывай ў Вялікай Айчыннай вайне. Восенню – зімой 1943 – 1944 гг. мела месца буйнамаштабнае наступленне Чырвонай арміі на тэрыторыі ад Вялікіх Лук да Чорнага мора. Падчас яго ў верасні 1943 г. савецкія войскі занялі тэрыторыі на ўсходзе Беларусі – Камарын, Хоцімск, Клімавічы, Касцюковічы, Крычаў. У лістападзе былі ўзяты Рэчыца і Гомель, а ў студзені 1944 г. Мазыр і Калінкавічы.

Да лета 1944 г. становішча на савецка-германскім фронце склалася на карысць Чырвонай арміі, якая атрымала стратэгічную ініцыятыву. Лінія фронту ў Беларусі праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей на захад ад Мазыра і па рацэ Прыпяць да Ковеля, і ўяўляла сабой выступ, які атрымаў назву “Беларускі балкон”. Утрыманню гэтага выступу гітлераўскае камандаванне надавала асаблівае значэнне, бо ён прыкрываў галоўныя напрамкі наступлення Чырвонай арміі ў бок Германіі. Тут была створана моцная сістэма абароны, якую нямецкія ўлады назвалі “Фатэрлянд” (“Айчына”). Абарону ўтрымлівалі 63 дывізіі і 3 брыгады ў колькасці 1,2 млн чалавек, 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 баявых самалётаў.

У красавіку-маі 1944 г. Генеральны штаб Чырвонай арміі распрацаваў план наступальнай аперацыі па выгнанні нямецка-фашыцкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, якая атрымала кодавую назву “Баграціён”. Для яе ажыццяўлення прыцягваліся войскі 1-га Беларускага (камандуючы К. Ракасоўскі), 2-га Беларускага (камандуючы Г.Захараў), З-га Беларускага (камандуючы I. Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы I. Баграмян). У наступленні ўдзельнічалі Дняпроўская флатылія, французскі авіяполк “Нармандыя-Нёман”. Каардынавалі дзеянні франтоў маршалы А.Васілеўскі і Г.Жукаў. Агульная колькасць савецкіх войскаў складала 2,4 млн чалавек, 36400 гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак і 5300 самалётаў. Такім чынам, перавага Чырвонай арміі ў вайсковай сіле і баявой тэхніцы склалася ў 2-4 разы.



Аперацыя “Баграціён” пачалася раніцай 23 чэрвеня 1944 г. Пачатак аперацыі супаў па часе з разгромам савецкімі войскамі ў першай палове 1944 г. буйных груповак нямецка-фашысцкіх войскаў пад Ленінградам, у Правабярэжнай Украіне і Крыме; адкрыццём у чэрвені 1944 г. другога фронту супраць Германіі і яе саюзнікаў ў Францыі англа-амерыканскімі войскамі. Наступленне Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі пачалося ў чатырох асноўных напрамках: віцебскім, багушэўскім, аршанскім, бабруйскім. Актыўную дапамогу савецкім войскам аказвалі партызаны. 24 чэрвеня лінія абароны была прарвана. 26 чэрвеня былі вызвалены Віцебск і Жлобін, 27 чэрвеня – Орша, 28 чэрвеня – Магілёў, Асіповічы. 3 ліпеня 1944 г. савецкімі войскамі быў узяты Мінск.

У ходзе аперацыі “Баграціён” стварылася некалькі акружаных груповак германскіх войскаў – так званыя “катлы” (Віцебскі, Бабруйскі). У выніку баёў на захад ад горада ўтварыўся “Мінскі кацёл”, у які трапіла 100-тысячная групоўска германскіх войскаў (каля 70 тыс. нямецкіх салдат загінула, каля 35 тыс. здалася ў палон).

У ходзе далейшага наступлення савецкія войскі 4 ліпеня вызвалілі Полацк, 5 ліпеня – Маладзечна, 8 ліпеня – Баранавічы, 9 ліпеня – Навагрудак, 10 ліпеня – Слонім, 14 ліпеня – Пінск і Ваўкавыск, 16 ліпеня – Гродна, 28 ліпеня – Брэст. У выніку аперацыі “Баграціён” Чырвоная армія таксама заняла большую частку Літвы, частку Латвіі, усходніх раёнаў Польшчы.

У ходзе праведзенай наступальнай аперацыі уся тэрыторыя БССР была вернута пад кантроль савецкіх улад. З 110 дывізій і брыгад германскіх войскаў, якія прымалі ўдзел у баях, амаль 70 былі разгромлены, у тым ліку каля 20 знішчаны цалкам.

Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў на тэрыторыі Беларусі паспрыяў іншым паспяховым наступальным аперацыям, праведзеным Чырвонай арміяй і войскамі дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі, што прывяло да поўнага разгрому войскаў нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў. У 1944 – 1945 гг. у Чырвоную армію было мабілізавана 755 тыс. жыхароў Беларусі; усяго ў Чырвонай арміі ваявала каля 1 млн. 300 тыс. беларускіх жыхароў. 8 мая 1945 г. Германія падпісала акт аб безумоўнай капітуляцыі, што азначала канец Вялікай Айчыннай вайны. 2 верасня 1945 г. акт аб безумоўнай капітуляцыі падпісала Японія – скончылася Другая сусветная вайна.

Такім чынам, у выніку паспяховай наступальнай аперацыі “Баграціён” нямецка-фашысцкія войскі былі выгнаны з тэрыторыі Беларусі і была адноўлена савецкая ўлада.

Вялікая Айчынная вайна і германская акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя страты. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі загінула больш за 2 млн. 200 тыс. жыхароў, на 85-90% скарацілася прамысловая вытворчасць, напалову – сельскагаспадарчая вытворчасць.
Асноўныя паняцці:

Другая сусветная вайна, нацызм, “пакт Рыбентропа-Молатава”, паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, Дагавор аб дружбе і граніцы паміж Германіяй і СССР 28 верасня 1939 г., Народны сход Заходняй Беларусі, Катынскі расстрэл, дэпартацыі, “Барбароса”, група армій “Цэнтр”, Заходні фронт, Вялікая Айчынная вайна, антыгітлераўская кааліцыя, абарона Брэсцкай крэпасці, рэйхскамісарыят “Остланд”, генеральная акруга “Беларусь”, генеральны камісарыят, ахоўныя дывізіі, СС, “Ост”, канцэнтрацыйныя лагеры, гета, Халакост, калабарацыя, Беларуская цэнтральная рада, Беларуская краёвая абарона, партызанскі рух, антыфашысцкае падполле, мінскае партыйнае падполле, партызанскія брыгады і злучэнні, “Суражскія вароты”, Цэнтральны штаб партызанскага руху, Беларускі штаб партызанскага руху, партызанскія зоны, “рэйкавая вайна”, Армія Краёва, Украінская паўстанцкая армія, “Беларускі балкон”, “Фатэрлянд”, аперацыя “Баграціён”, “Мінскі кацёл”.



Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Калі пачалася Другая сусветная вайна? Якія міжнародныя падзеі ёй папярэднічалі?

  2. Што такое “пакт Рыбентропа-Молатава”? Калі ён быў заключаны і што паводле яго прадугледжвалася?

  3. Калі савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны? Які характар мела наступленне Чырвонай арміі на заходнебеларускіх землях?

  4. Якім чынам склаліся межы межы паміж Германіяй і СССР паводле Дагавору аб дружбе і граніцы ад 28 верасня 1939 г.?

  5. Калі быў праведзены Народны сход Заходняй Беларусі? Які характар мелі выбары ў склад дадзенага органа? Якія рашэнні былі прыняты падчас яго пасяджэнняў?

  6. Калі адбылося юрыдычнае замацаванне заходняй Беларусі ў складзе БССР і СССР? Падумайце, чаму савецкі ўрад вырашыў перадаць тэрыторыю Віленшчыны Літве?

  7. Якія мерапрыемствы былі праведзены бальшавіцкай уладай у Заходняй Беларусі ў сацыяльна-эканамічнай і сацыяльна-культурнай галінах? На падтрымку якіх сацыяльных слаёў насельніцтва былі перадусім накіраваны дадзеныя мерапрыемствы?

  8. Падумайце, чаму ў той час, калі ва ўсходняй Беларусі палітыка беларусізацыі ў 1930-я гг. была згорнута, у Заходняй Беларусі яна актыўна праводзілася ў 1939-1941 гг.?

  9. Якія групы насельніцтва Заходняй Беларусі падлягалі дэпартацыі ў 1940-1941 гг.? Чым гэта было выклікана?

  10. Паспрабуйце даць агульную характарыстыку вынікаў і значэння далучэння Заходняй Беларусі да БССР і СССР.

  11. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна? Якімі былі суадносіны сіл германскіх і савецкіх войскаў на мяжы БССР напярэдадні вайны?

  12. Якія асаблівасці мелі баявыя дзеянні на першым этапе Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР?

  13. У якіх мясцовасцях БССР праходзілі найбольш значныя баі ў чэрвені – жніўні 1941 г.?

  14. Дайце агульную характарыстыку мабілізацыйных мерапрыемстваў на тэрыторыі БССР на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У якіх рэгіёнах БССР яны праводзіліся найбольш эфектыўна?

  15. Падумайце, ці можна вылучыць якія-небудзь з’явы грамадскага жыцця ў СССР, якія сведчылі пра ўзмацненне таталітарнага рэжыму падчас вайны?

  16. У склад якіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў была ўключана тэрыторыя Беларусі ва ўмовах германскай акупацыі?

  17. Якія органы ўлады былі створаны на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах акупацыйнага рэжыму? Чым адрознівалася адміністрацыйная ўлада на тэрыторыях рэйхскамісарыятаў і тылу групы армій “Цэнтр”?

  18. Ахарактарызуйце асноўныя мэты германскіх уладаў, якія яны мелі пры правядзенні сваёй палітыкі на землях Беларусі?

  19. Дайце характарыстыку палітыкі масавых рэпрэсій, праводзімай германскімі ўладамі ў Беларусі ў 1941-1944 гг. Чым можна абумовіць рэпрэсіўны характар нацысцкай улады?

  20. Якія Вам вядомыя буйнейшыя канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі Беларусі? На якія катэгорыі падзяляліся лагеры?

  21. Прывядзіце доказы на карыць таго, што палітыка нацысцкіх улад на тэрыторыі Беларуі мела характар генацыду?

  22. Што такое калабарацыя? Якія Вы ведаеце плыні ў межах калабаранцкага руху на тэрыторыі Беларусі?

  23. Якія мэты мелі перад сабой тыя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, якія падтрымлівалі акупацыйны рэжым? Назавіце асноўныя арганізацыі беларускай калабарацыі.

  24. Калі ў Беларусі ўзніклі падпольныя арганізацыі? Якія яны ставілі перад сабой асноўныя задачы?

  25. У якіх беларускіх гарадах дзейнічалі найбольш значныя падпольныя арганізацыі? Якіх Вы ведаеце дзеячоў антыфашысцкага падполля.

  26. Калі адбываецца ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі партызанскіх атрадаў? Якія Вы ведаеце найбольш буйныя партызанскія фарміраванні?

  27. Калі партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі набывае масавы характар? Чым можна патлумачыць пераход да масавай барацьбы супраць акупантаў?

  28. Што такое партызанскія зоны? Назавіце найбольш буйныя сярод іх.

  29. Што такое “рэйкавая вайна”? Вылучыце яе асноўныя этапы?

  30. Які характар меў антыфашысцкі рух сярод яўрэйскага насельніцтва?

  31. Дайце агульную характарыстыку дзейнасці польскага і ўкраінскага падполля на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

  32. Паспрабуйце вызначыць, якую ролю адыграў антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў агульным кантэксце Вялікай Айчыннай вайны?

  33. Калі пачалося выгнанне нямецка-фашыцкіх войскаў з тэрыторыі Беларусі? Якія раёны першымі былі вызвалены войскамі Чырвонай арміі?

  34. Калі пачалося правязенне аперацыі “Баграціён”? Якімі былі суадносіны сіл на савецка-германскім фронце напярэдадні яе правядзення?

  35. Назавіце асноўныя падзеі, звязаныя з правядзеннем аперацыі “Баграціён”. Якія страты панесла германскае войска ў яе выніку?

  36. Укажыце асноўныя вынікі правядзення аперацыі “Баграціён”. Калі нямецка-фашысцкія войскі канчаткова былі выгнаны з тэрыторыі Беларусі?

  37. Калі скончыліся Вялікая Айчынная і Другая сусветная вайна? Якімі былі іх вынікі?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Удзел беларускага насельніцтва ў Другой сусветнай вайне ў верасні 1939 г.

  2. Дэпартацыі насельніцтва Заходняй Беларусі ў 1940 – 1941 гг.

  3. Абарона Брэсцкай крэпасці.

  4. Абарона Магілёва войскамі Чырвонай арміі ў ліпені 1941 г.

  5. Генацыд яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

  6. Беларуская калабарацыя ў 1941-1945 гг.

  7. Дзейнасць мінскага партыйнага падполля ў 1941-1944 гг.

  8. Партызанскія зоны: фарміраванне і функцыянаванне.

  9. Армія Краёва на тэрыторыі Беларусі.

  10. Аперацыя “Баграціён” і “рэйкавая вайна”.



Модуль 5. Беларусь у пасляваенны перыяд (другая палова 20 – пачатак 21 стст.). Станаўленне незалежнай беларускай дзяржавы.
Тэма 22: БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.

1. Аднаўленне эканамічнай сістэмы.

2. Палітычная сістэма.

3. Адукацыя, навука, культура.
Летам 1944 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі была адноўлена бальшавіцкая ўлада. Паводле дагавору аб мяжы паміж СССР і ўтворанай у 1945 г. Польскай народнай рэспублікай 16 жніўня 1945 г. тэрыторыя Беласточчыны была аддадзена Польшчы.
22.1. Аднаўленне эканамічнай сістэмы.

У выніку вайны эканоміка Беларусі панесла цяжкія страты:

- загінула звыш 2 млн. 200 тыс. чалавек;

- цалкам або часткова разбураны 209 гарадоў, 9200 сёл і вёсак;

- на 85% скарацілася колькасць прамысловых прадпрыемстваў, на 98% - электрастанцый, моцныя страты атрымаў транспарт;

- у сельскай гаспадарцы на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 50% пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% - коней, на 89% - свіней, амаль цалкам знішчана аграрная тэхніка.



Аднаўленне эканомікі БССР уключае ў сябе два этапы:

1) 1943-1945 гг. (перыяд ва ўмовах вядзення вайны);

2) другая палова 1940-х – пачатак 1950-х гг. (пасляваенны перыяд).

Першы этап аднаўлення эканомікі характарызаваўся ў першую чаргу арганізацыяй гаспадаркі на патрэбы вядзення вайны. Таму галоўная ўвага надавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту.

З заканчэннем Вялікай Айчыннай вайны пачынаецца другі этап аднаўлення эканомікі. Яго пачатак вызначыла пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны СССР ад 26 мая 1945 г. “Аб мерапрыемтвах па перабудове прамысловасці ў сувязі са скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў”. Аднаўленне эканомікі мела свае асаблівасці ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.



Прамысловасць

Аднаўленне прамысловасці БССР у другой палове 1940-х – першай палове 1950-х гг. адбывалася хуткімі тэмпамі Яно разглядалася як працяг індустрыялізацыі. Але калі да вайны галоўная ўвага надавалася лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай вытворчасці, то з сярэдзіны 1940-х гг. ставілася задача стварэння ў БССР буйной цяжкай прамысловасці (машынабудавання, металаапрацоўкі, энергетыкі). На ажыццяўленне дадзенай мэты выдзяляліся значныя сродкі з саюзнага бюджэту. Для аднаўлення старых і будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў з розных рэгіёнаў СССР накіроўваліся неабходнае абсталяванне, сыравіна, кваліфікаваныя рабочыя кадры.

Крыніцы прамысловага будаўніцтва ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. былі тыя ж, што і ў 1930-я гг. (перацягванне сродкаў з сельскай гаспадаркі, прымусовыя ўнутраныя пазыкі, даходы ад “лагернай эканомікі”, жорсткая эксплуатацыя рабочых). У разглядаемы перыяд з’явілася новая крыніца сродкаў на развіццё прамысловасці – рэпарацыі з краін, якія пацярпелі паражэнне ў Другой сусветнай вайне. Рэпарацыі спаганяліся ў трох формах:

- прамысловае абсталяванне;

- таварныя пастаўкі прадукцыі;

- праца ваеннапалонных і інтэрніраваных.

У выніку к канцу чацвёртай пяцігодкі (1950 г.) аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі павялічыўся на 15% у параўнанні з 1940 г. Былі цалкам адноўлены паліўна-энергетычная база прамысловасці і транспартная сістэма.

У другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. істотна змянілася структура беларускай прамысловасці. Значна ўзрасла доля машынабудаўнічай і металаапрацоўчай вытворчасці, электраэнергетыкі. З’яўляюцца новыя буйныя прадпрыемствы: Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі мотавелазавод і інш. У гэты перыяд пачынае фарміравацца спецыялізацыя БССР як “зборачнага цэха” ў эканоміцы СССР. У той жа час значна знізілася ўдзельная вага харчовай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай вытворчасці (аб’ём прадукцыі вытворчасці ў гэтых галінах на пачатак 1950-х гг. заставаўся ніжэй узроўню 1940 г.).

Пасляваеннае аднаўленне эканомікі суправаджалася цяжкім матэрыяльным становішчам працоўных. Заработная плата была нізкай; шырока ўкаранялася стаханаўская сістэма; цяжкімі былі жыллёвыя ўмовы. Да 1947 г. існавала картачная сістэма размеркавання прадуктаў. Да канца 1940-х гг. дзейнічала крымінальная адказнасць за самавольны адыход з прадпрыемстваў, прагулы, спазненні на працу, што каралася да 5-8 гадоў пазбаўлення волі ў ГУЛАГу. З канца 1940-х гг. назіраецца некаторае павышэнне заработнай платы і пенсій, зніжэнне цэн, пэўнае паляпшэнне жыллёвых умоў. Аднак рэальная заработная плата працоўных на пачатку 1950-х гг. заставалася ніжэйшай у параўнанні з даваенным узроўнем.

Сельская гаспадарка

У сельскай гаспадарцы БССР пасляваеннага перыяду існавалі пэўныя рэгіянальныя адрозненні: Ва ўсходняй частцы была цалкам адноўлена калгасна-саўгасная сістэма; у заходняй – да канца 1940-х гг. пераважалі індывідуальныя сялянскія гаспадаркі.

Аднаўленне сельскай гаспадаркі адбывалася значна больш павольна, чым у прамысловасці. Па стане на 1950 г. пасяўныя плошчы ў параўнанні з даваенным узроўнем склалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 96,5%, коней – 62%, свіней – 64,4%, авечак – 55%. На нізкім узроўні знаходзіліся ўраджайнасць, прадукцыйнасць жывёлы. Прычынамі маруднага развіцця сельскай гаспадаркі з’яўляліся:

- значны недахоп тэхнікі, працоўнай жывёлы, а таксама кваліфікаваных працоўных кадраў у калгасах і саўгасах;

- малая матэрыяльная дапамога з боку дзяржавы;

- правядзенне ў вялікіх аб’ёмах абавязковых паставак сельскагаспадарчай прадукцыі дзяржаве па заніжаных закупачных коштах;

- адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках працы з боку калгаснікаў, якія ў асноўнай масе працавалі бясплатна.

Сацыяльна-эканамічнае і прававое становішча калгаснікаў у разглядаемы перыяд характарызавалася наступнымі рысамі:

- надзвычай нізкі ўзровень аплаты працы (на 1948 г. толькі 6% калгаснікаў атрымлівалі грашовую зарплату; астатнія атрымлівалі або намінальную натуральную плату або зусім нічога);

- адсутнасць пашпартоў, пенсійнага забеспячэння, сацыяльнага страхавання;

- рэпрэсіі за парушэнні калгаснага парадку:

у 1947 г. быў адноўлены даваенны “закон аб трох каласках”;

у 1948 г. выдадзены закон, які прадугледжваў высяленне ў аддаленыя раёны дзяржавы на тэрмін да 8 гадоў тых калгаснікаў, якія ўхіляліся ад працы.

У дадзеных умовах фактычна адзінай крыніцай існавання калгаснікаў станавілася падсобная гаспадарка. Аднак асабістыя гаспадаркі павінны былі выконваць абавязковыя пастаўкі дзяржаве пэўнай колькасці малака, мяса, яек і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама былі абкладзены вялікімі грашовымі падаткамі. Невыкананне паставак і нявыплата падаткаў караліся вялікімі штрафамі. У выніку многія сем’і калгаснікаў знаходзіліся ў стане напаўгалоднага існавання.

З 1950 г. пачала праводзіцца палітыка аб’яднання дробных калгасаў у буйныя, а таксама перасялення сельскіх жыхароў з дробных вёсак і хутароў у буйныя пасёлкі.

У заходняй частцы БССР на мяжы 1940-1950-х гг. была праведзена масавая калектывізацыя. Яна праводзілася тымі ж сродкамі і метадамі, што і на ўсходзе ў 1930-я гг. Аднак яна была ажыццёўлена больш хутка, чым на ўсходзе. Калі на пачатку 1949 г. у калгасах знаходзілася 6,8% заходнебеларускіх сялян, то на канец 1952 г. – 95%. Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі суправаджалася “раскулачваннем”: толькі ў 1952 г. у Казахстан і Сібір было выселена каля 10 тыс. сялянскіх сем’яў.

Такім чынам, на працягу другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. адбывалася аднаўленне разбуранай падчас Вялікай Айчыннай вайны эканомікі. Хуткімі тэмпамі развівалася прамысловасць, што суправаджалася фарміраваннем новых галін: машынабудавання, металаапрацоўкі. Марудна праходзіла аднаўленне сельскай гаспадаркі, што тлумачылася падпарадкаваным становішчам аграрнага сектара ў адносінах да прамысловасці ва ўмовах камандна-адміністрацыйнай сістэмы.
22.2. Палітычная сістэма.

Завяршэнне Вялікай Айчыннай вайны суправаджалася аднаўленнем таталітарнага палітычнага рэжыму ў БССР. Галоўную ролю ў яго ўмацаванні адыгрывала партыйная вертыкаль улады; ёй падпарадкоўваліся органы дзяржаўнай улады, якія дзейнічалі паралельна з партыйнымі. Рашэнні партыйных арганізацый з’яўляліся абавязковымі не толькі для ніжэйшых арганізацый партыі, але і для ўсіх дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый.

З 1952 г. ВКП(б) была перайменавана ў Камуністычную партыю Савецкага саюза (КПСС), а КП(б)Б – у Камуністычную партыю Беларусі (КПБ). Адбываўся хуткі колькасны рост шэрагаў КПБ: з 48 тыс. чалавек у 1946 г. да 145 тыс. – у 1956 г. Пашырэнне шэрагаў партыі тлумачылася яе элітарным статусам: партыйнае членства з’яўлялася абавязковай умовай кар’ернага росту на дзяржаўнай службе, крыніцай некаторых сацыяльных прывілеяў. Унутры партыі ўмацоўваецца жорсткі цэнтралізм, камандна-іерархічны прынцып узаемаадносін паміж партыйнымі арганізацыямі. Разам з аднаўленнем партыйных арганізацый пасля Вялікай Айчыннай вайны аднаўляецца дзейнасць Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў а таксама камсамола, прафсаюзаў і іншых афіцыйных грамадскіх арганізацый.

Грамадска-палітычнае жыццё другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. характарызавалася бязмежным узрастаннем культу асобы І. Сталіна. Вялізнымі тыражамі выходзілі працы І. Сталіна, ствараліся тысячы гурткоў па засваенню яго біяграфіі, праводзіліся масавыя сходы і мітынгі для ўшанавання І. Сталіна.

Партыйна-дзяржаўныя ўлады ў БССР у разглядаемы перыяд жорстка кантраляваліся ў сваёй дзейнасці саюзным кіраўніцтвам. Яно ажыццяўляла прызначэнне на галоўныя кіруючыя пасады ў рэспубліцы. Пры гэтым перавага аддавалася кадрам з іншых саюзных рэспублік. Першымі сакратарамі ЦК КПБ гэтага перыяду з’яўляліся:

П.К. Панамарэнка (1938-1947);

М.І. Гусараў (1947-1950);

М.С. Патолічаў (1950-1956).

Усе яны былі рускімі сталіністамі і да свайго прызначэння на дадзеныя пасады не мелі ніякага дачынення да Беларусі.

У гэты перыяд БССР пачынае фармальна выступаць як суб’ект міжнароднай палітыкі. У 1945 г. БССР становіцца адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Яна была прынятая ў гэтую арганізацыю разам з Украінскай ССР у знак прызнання значных людскіх і матэрыяльных страт, панесеных Беларуссю і Украінай у вайне з фашызмам. У 1944 г. ва ўрадзе БССР быў створаны Народны камісарыят (з 1946 г. Міністэрства) замежных спраў. Членства БССР у ААН адкрыла для яе перпектыву далучэння да дзейнасці шэрагу спецыялізаваных міжнародных устаноў: Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Міжнароднай арганізацыі працы, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) і інш., удзеле ў праграмах ААН. БССР прымала ўдзел у заключэнні мірных дагавораў з краінамі, якія ваявалі з СССР у Другой сусветнай вайне. Яна атрымлівала ў 1946-1947 гг. матэрыяльную дапамогу па праграме Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).

Разам з тым адсутнічала заканадаўчае размежаванне паўнамоцтваў у знешнепалітычнай сферы паміж СССР і саюзнымі рэспублікамі. Фактычна ўся міжнародная дзейнасць урада БССР строга кантралявалася саюзнымі органамі ўлады. Адмоўны ўплыў на развіццё міжнародных кантактаў БССР меў пачатак “халоднай вайны” паміж СССР і заходнімі дзяржавамі на чале з ЗША. Вырашальнай акалічнасцю, якая абумовіла ўвядзенне знешнепалітычных функцый для ўрадаў БССР і іншых саюзных рэспублік, з’яўляўся палітычны разлік кіраўніцтва СССР у выкарыстанні іх для ўмацавання міжнароднага ўплыву.

Значнай з’явай грамадска-палітычнага жыцця БССР другой паловы 1940-х – пачатку 1950-х гг. было правядзенне масавых рэпатрыяцый насельніцтва. У Беларусь, згодна з міжнароднымі пагадненнямі, вярталіся былыя ваеннапалонныя, асобы, прымусова вывезеныя на працу ў Германію, былыя калабаранты. Многія з іх скіроўваліся ў спецлагеры НКВД і лагеры ГУЛАГ. Паводле пагаднення паміж урадамі БССР і Польшчы 1944 г. праводзілася перасяленне асоб, якія дэкларавалі сябе палякамі, з БССР у Польшчу і асоб беларускай нацыянальнасці – з Польшчы ў БССР. У выніку на працягу 1944 – 1948 гг. з БССР у Польшчу выехала 274 тыс. чалавек, а ў БССР перасялілася з Польшчы 36 тыс.

Умацаванне таталітарнага рэжыму суправаджалася працягам палітыкі рэпрэсій. Хваля масавых рэпрэсій пракацілася ў БССР у 1944 – 1947 гг.: яна была скіравана супраць былых калабарантаў, а таксама тых, хто падазраваўся, часта беспадстаўна, у супрацоўніцтве з германскімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У далейшым рэпрэсіі закранулі розныя слаі насельніцтва, пераважна сялян, якіх абвяшчалі “кулакамі”, інтэлігенцыю, духавенства. На пачатак 1950-х гг. у сістэме ГУЛАГа знаходзілася звыш 100 тыс. жыхароў Беларусі. Рэпрэсіі закранулі і многіх кіруючых работнікаў. З канца 1940-х гг. праводзілася афіцыйная кампанія барацьбы з “касмапалітызмам”, накіраваная перадусім супраць інтэлігенцыі (забіты ў Мінску вядомы тэатральны дзеяч І. Меерхольд). У краіне панавала атмасфера страху, падазронасці; масавай з’явай сталі даносы.

Палітыка сталінскага рэжыму выклікала супраціўленне з боку розных слаёў насельніцтва, асабліва сялян і інтэлігенцыі. Антыўрадавы рух ажыццяўляўся ў двух формах: узброенай і мірнай.



Узброены антыўрадавы рух уключаў у сябе некалькі плыняў:

- фарміраванні, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы (дзейнічалі пераважна ў заходняй частцы БССР);

- польскае падполле, галоўнай сілай якога выступала Армія Краёва, якое арыентавалася на аднаўленне польскай дзяржавы ў межах 1939 г. (дзейнічала ў заходняй частцы БССР);

- фарміраванні Украінскай паўстанцкай арміі, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы з уваходжаннем у яе склад тэрыторыі Палесся (дзейнічалі на поўдні БССР);

- літоўскія фарміраванні, якія арыентаваліся на стварэнне незалежнай літоўскай дзяржавы з уключэннем у яе склад шэрагу паўночна-заходніх тэрыторый Беларусі (дзейнічалі ў паўночна-заходняй частцы БССР);

- узброеныя фарміраванні без пэўнай палітычнай арыентацыі; нярэдка іх дзейнасць мела паўкрымінальны або чыста крымінальны характар.

Узброеныя антыўрадавыя арганізацыі праводзілі дыверсійныя акцыі, ажыццяўлялі тэрарыстычныя акты супраць прадстаўнікоў улады, займаліся антыўрадавай прапагандай, часамі ўступалі ва ўзброеныя сутычкі з міліцыяй. Некаторыя з іх падтрымлівалі сувязь з выведкамі заходніх краін. Аднак у выніку дзеянняў органаў дзяржаўнай бяспекі і міліцыі да сярэдзіны 1950-х гг. узброеныя антыўрадавыя фарміраванні былі цалкам ліквідаваны.

У другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі падпольныя арганізацыі, якія арыентаваліся на мірныя формы барацьбы са сталінскім рэжымам. Яны ствараліся пераважна прадстаўнікамі студэнцкай і вучнёўскай моладзі. У 1946-1947 гг. дзейнічалі падпольныя арганізацыі ў Баранавічах, Брэсце, Слоніме, Жыровічах, Ганцавічах, якія аб’ядноўваў Цэнтр беларускага вызваленчага руху. У 1946-1947 гг. сярод навучэнцаў педагагічных вучылішчаў Глыбокага і Пастаў існавала падпольная арганізацыя Саюз беларускіх патрыётаў; у 1947 г. у Мінску, Маладзечанскай і Пінскай абласцях дзейнічала група “Свабодная Беларусь” і інш. Дадзеныя арганізацыі выступалі за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, развіццё беларускай мовы і культуры, дэмакратызацыю грамадска-палітычнага жыцця. Яны праводзілі антыўрадавую прапаганду сярод насельніцтва, аднак, пры гэтым адмаўлялі ўзброеныя метады барацьбы. Да пачатку 1950-х гг. усе падпольныя арганізацыі былі выкрыты органамі дзяржбяспекі, а іх удзельнікі асуджаны на вялікія тэрміны пазбаўлення волі ў лагерах ГУЛАГ.



Такім чынам, другая палова 1940-х – пачатак 1950-х гг. характарызаваліся ўмацаваннем таталітарнага рэжыму ў БССР. Узмацнялася цэнтралізаваная іерархічная партыйна-дзяржаўная сістэма ўлады, якая шырока выкарыстоўвала палітычныя рэпрэсіі і паспяхова падаўляла антыўрадавы рух. У дадзены перыяд БССР атрымлівае фармальны статус суб’екта міжнародных адносін, пачынае ажыццяўляць у абмежаваных маштабах знешнепалітычную дзейнасць.
1   ...   24   25   26   27   28   29   30   31   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка