Гісторыя Беларусі




старонка27/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   23   24   25   26   27   28   29   30   ...   35

21.2. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.

Падзеі, звязаныя з ліквідацыяй Польскай дзяржавы, сталі пачаткам паспяховай захопніцкай палітыкі нацысцкай Германіі ў першы перыяд Другой сусветнай вайны. На працягу 1941 г. германскія войскі захапілі Нідэрланды, Бельгію, Францыю, Данію, Нарвегію, сумесна з войскамі Італіі і іншых дзяржаў-саюзнікаў уварваліся ў Югаславію і Грэцыю. Германія атрымала ў сваё распараджэнне эканамічныя і ваенныя рэсурсы большасці еўрапейскіх краін. Да сярэдзіны 1941 г. фактычна адзіным сур’ёзным праціўнікам Германіі на еўрапейскім кантыненце заставалася Англія. У гэтых умовах кіруючыя колы нацысцкай Германіі пачалі рыхтавацца да вайны з СССР, паколькі бачылі ў ім найбольш сур’ёзнага на той момант канкурэнта ў дасягненні геапалітычнага панавання ў Еўропе. Напрыканцы 1940 г. яны распрацавалі план “Барбароса”, які прадугледжваў правядзенне хуткай, “маланкавай”, вайны супраць СССР, у выніку якой павінны быць імкліва захоплены асноўныя тэрыторыі еўрапейскай часткі дзяржавы і адбыцца капітуляцыя галоўных сіл савецкіх войскаў.

Да сярэдзіны 1941 г. германскае камандаванне сканцэнтравала вялкія сілы на мяжы з СССР. На беларускім ўчастку мяжы дыслацыравалася група германскіх армій “Цэнтр” (камандуючы – генерал-фельдмаршал фон Бок), якая налічвала 51,5 дывізій з 1,6 млн. чалавек, звыш 14,5 тыс. гармат і мінамётаў, 2 тыс. танкаў, 1,6 тыс. баявых самалётаў. З савецкага боку на гэтым участку дыслацыраваліся часці Заходняй асобай ваеннай акругі, пераўтворанай падчас вайны ў Заходні фронт, (камандуючы – генерал Д. Паўлаў) і 11-й арміі Прыбалтыйскай ваеннай акругі, якія складаліся з 48,5 дывізій з агульнай колькацю 715 тыс. чалавек, з наяўнасцю 10,8 тыс. гармат і мінамётаў, 2,4 тыс. танкаў, 1,9 тыс. баявых самалётаў.

22 чэрвеня 1941 г. войскі нацысцкай Германіі ўварваліся на тэрыторыю СССР. На баку Германіі ў вайне выступілі таксама Італія, Венгрыя, Румынія, Славакія, Балгарыя, Фінляндыя. Пачалася Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг., якая адкрыла новы этап Другой сусветнай вайны. Пачатак вайны Германіі з СССР прывёў да заключэння саюзу СССР з Англіяй, да якога ў снежні 1941 г. далучыліся ЗША, якія ўступілі ў вайну супраць Германіі, Японіі і іх саюзнікаў. Такім чынам з 1941 г. у Другой сусветнай вайне супрацьстаялі адзін аднаму два блокі дзяржаў:

1) Германія, Італія, Японія і іх саюзнікі;

2) краіны антыгітлераўскай кааліцыі: СССР, ЗША, Англія і іх саюзнікі.

З чэрвеня 1941 г. пачалося шырокамаштабнае наступленне войскаў нацысцкай Германіі на тэрыторыі СССР ад Балтыйскага да Чорнага мора. У першыя дні вайны адбыліся масавы артылерыйскі абстрэл прыгранічнай тэрыторыі і бомбавыя ўдары па аддаленых ваенных базах Чырвонай арміі, якая панесла велізарныя страты тэхнікі і людскіх рэсурсаў. Пачаліся баі ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Найбольшае супраціўленне нямецкім войскам аказаў гарнізон Брэсцкай крэпасці, які вёў абарончыя баі на працягу амаль месяца.

Прарваўшы абарону пагранічных войскаў у БССР, дзве групоўкі германскіх армій “Цэнтр” накіраваліся на ўсход: адна з іх рушыла ад Сувалак на Вільню і Мінск, другая ад Брэста ў напрамку Баранавічы – Мінск. Яны мелі задачу абыйсці з поўначы і поўдня галоўныя сілы Заходняга фронту ў раёне Мінска і знішчыць іх. У выніку напружаных баёў злучэнні нямецкіх войскаў 28 чэрвеня захапілі Мінск. На тэрыторыі на захад ад Мінска ў акружэнне трапіла значная частка савецкіх войскаў (“Навагрудскі кацёл”). У палон было ўзята каля 330 тыс. савецкіх вайскоўцаў, захоплена шмат баявой тэхнікі і вайсковай маёмасці.

Пасля правядзення паскоранай мабілізацыі і перадыслакацыі з іншых рэгіёнаў некалькіх армій савецкае камандаванне на пачатку ліпеня 1941 г. арганізавала лінію стратэгічнай абароны ўздоўж рэк Заходняй Дзвіны і Дняпра. Упартае супраціўленне савецкіх войскаў адбывалася пры пераправе германскіх злучэнняў праз р. Бярэзіну. 6 ліпеня прайшла буйнейшая падчас першага этапу вайны танкавая бітва ў раёне Сянно і Лепеля. З 3 па 27 ліпеня адбывался абарона Магілёва. Упартыя баі праходзілі ў раёне Віцебска, Оршы, Гомеля. Аднак нямецкім войскам удалося прарваць савецкую абарону і працягваць наступленне. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя БССР апынулася пад кантролем германскіх войскаў. У выніку наступлення германскай арміі на тэрыторыі БССР загінула каля 300 тыс. савецкіх салдат, больш за 1,5 млн. патрапіла ў палон.

Да ліку прычын, якія абумовілі паражэнні савецкіх войскаў у 1941 г., належаць:

- якасная перавага Германіі ў эканамічнай і тэхнічнай сферы (Германія выкарыстоўвала рэсурсы большасці краін Еўропы, якія былі больш эканамічна і тэхнічна развітымі ў параўнанні з СССР);

- непадрыхтаванасць да ваенных дзеянняў новай лініі мяжы СССР 1939 г.;

- стратэгічны пралікі савецкага камандавання (быў няправільна вызначаны асноўны накірунак наступу германскіх войскаў; панавала дактрына наступальнай вайны, войска было непадрыхтавана да тактыкі абарончых баёў);

- масавыя рэпрэсіі супраць каманднага саставу войска напярэдадні вайны (у 1941 г. амаль 75% камандзіраў палкоў і дывізій займалі свае пасады менш чым адзін год);

- дыпламатычныя пралікі сталінскага кіраўніцтва (разлік быў на тое, што ў хуткім часе Германія не распачне вайну).

У сувязі з пачаткам баявых дзеянняў у БССР, як і ў цэлым у СССР, адбывалася мабілізацыя людскіх і матэрыяльных рэсурсаў на ваенныя патрэбы. У адпаведнасці з дырэктывай СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 г. партыйна-дзяржаўным арганізацыям прадпісвалася арганізаваць мабілізацыю людзей у Чырвоную армію, перабудаваць прамысловасць на выпуск ваеннай прадукцыі, правесці эвакуацыю вытворчых фондаў, матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў, насельніцтва на ўсход.

Мабілізацыйныя мерапрыемствы ў асноўным праводзіліся ва ўсходняй частцы БССР, паколькі заходняя і цэнтральная частка была за вельмі кароткі тэрмін акупіравана германскімі войскамі. На працягу чэрвеня-жніўня 1941 г. у Чырвоную армію было мабілізавана каля 500 тыс. жыхароў БССР. Дапаможную ролю адыгрывалі знішчальныя батальёны, якія неслі ахову важных аб’ектаў, групы садзейнічання савецкім войскам, атрады і палкі народнага апалчэння, якія налічвалі каля 46 тыс. чалавек. Каля 2 млн. чалавек было мабілізавана на будаўніцтва абарончых збудаванняў. Праводзілася масавая работа па зборы матэрыяльных сродкаў на карысць Чырвонай арміі.

На прамысловых прадпрыемствах усходніх абласцей БССР адбывалася пераарыентацыя вытворчасці на выпуск ваеннай прадукцыі. Працоўны дзень быў павялічаны да 10-12 гадзін у суткі. Ва ўсходняй частцы БССР была праведзена буйнамаштабная эвакуацыя матэрыяльных рэсурсаў і насельніцтва. У выніку яе на ўсход (пераважна ў Паволжа, на Урал і ў Сібір) былі вывезены 124 прамысловыя прадпрыемствы, энергетычныя ўстаноўкі, значная частка сельскагаспадарчай тэхнікі і працоўнай жывёлы, чыгуначнага саставу, фінансавыя сродкі, культурныя каштоўнасці і інш. Было эвакуіравана каля 1,5 млн. жыхароў БССР. Частка прадпрыемстваў, абсталявання і прадукцыі, якія не ўдалося вывезці, знішчалася (узарвана больш за 10 тыс. прамыслова-вытворчых будынкаў прадпрыемстваў).

Абарончыя баі на тэрыторыі БССР і мабілізацыйныя мерапрыемствы дазволілі савецкаму кіраўніцтву сканцэнтраваць рэзервы і правесці абарончыя мерапрыемствы на маскоўскім напрамку. У баях пад Масквой у лістападзе – снежні 1941 г. наступленне нямецка-фашысцкіх войскаў было спынена.

Пачатак вайны суправаджаўся ўзмацненнем рэпрэсіўнасці сталінскага таталітарнага рэжыму. Прадстаўнікі вайсковага кіраўніцтва Заходняга фронту на чале з Д. Паўлавым, абвінавачаныя ў “баязлівасці”, былі расстраляны. Паводле загаду партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ад 16 жніўня 1941 г. прадугледжвалася пакаранне смерцю чырвонаармейцаў, якія здаваліся ў палон, дэзерціравалі або “праяўлялі трусасць”, а іх сем’і падлягалі высылцы ў аддаленыя раёны СССР.



Такім чынам, у выніку пачатку Вялікай Айчыннай вайны на працягу чэрвеня – жніўня 1941 г. уся тэрыторыя БССР была захоплена войскамі нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў.
21.3. Нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым у Беларусі (1941-1944).

У выніку акупацыі тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі былі ліквідаваны ўсе інстытуты ранейшай ўлады і створана новая сістэма органаў улады. Тэрыторыя Беларусі ўключана ў склад некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў:

Беласточчына і Гродзеншчына былі непасрэдна далучаны да “Трэцяга рэйха”;

паўднёвая частка Беларусі разам з гарадамі Брэст, Пінск, Мазыр уключана ў склад рэйхскамісарыята “Украіна”;

цэнтральная і частка заходняй Беларусі ўключаны ў склад рэйхскамісарыята “Остланд” з цэнтрам у Рызе; гэты рэйхскамісарыят падзяляўся на некалькі генеральных акруг: некаторыя раёны паўночна-заходняй Беларусі далучаны да генеральнай акругі “Літва”; на астатняй тэрыторыі ўтворана генеральная акруга “Беларусь”, якая складала каля 1/3 тэрыторыі БССР і падзялялася на 11 акруг;

усходняя частка Беларусі ўваходзіла ў склад тылу групы армій “Цэнтр”.

У рэйхскамісарыятах і генеральных акругах утваралася грамадзянская адміністрацыя. Вышэйшым органам улады ў генеральнай акрузе з’яўляўся генеральны камісарыят на чале з гаўляйтэрам (у генеральнай акрузе “Беларусь” гэтую пасаду займалі В. Кубэ (1941-1943), К. фон Готберг (1943-1944). Генеральныя акругі падзяляліся на акругі і раёны. Адміністрацыйны апарат складаўся ў асноўным з нямецкіх грамадзянскіх служачых. У якасці дапаможных мясцовых устаноў ствараліся гарадскія і раённыя ўправы, валасныя старшыні і сельскія старасты. Іх работу накіроўвалі і кантралявалі спецыяльна прызначаныя германскія чыноўнікі – “камісары”, “каменданты”, “зондэрфюрэры” і г.д.

У тыле армій “Цэнтр” адміністрацыйныя функцыі выконвалі армейскія палявыя і мясцовыя камендатуры, якія надзяляліся ўсёй паўнатой улады ў зоне сваёй дзейнасці. Пры іх дзейнічалі мясцовыя грамадзянскія ўлады.

Узброенай асновай акупацыйнага рэжыму з’яўляліся вайсковыя гарнізоны – ахоўныя дывізіі, а таксама каманды жандармерыі, групы тайнай палявой паліцыі, служба бяспекі СД. Асаблівае месца ў сістэме сілавых органаў мелі аператыўныя групы СС, якія непасрэдна падпарадкоўваліся ўладам ў Берліне; іх асноўныя функцыі палягалі ў правядзенні карных акцый і знішчэнні яўрэйскага насельніцтва. Дапаможную ролю ў падтрымцы акупацыйнага рэжыму мела паліцыя, створаная з мясцовых жыхароў. Агульная колькасць ваенна-паліцэйскіх сіл на тэрыторыі Беларусі дасягала 160 тыс. чалавек.

Палітыка германскіх уладаў на тэрыторыі Беларусі была накіравана на максімальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краю ў ваенна-гаспадарчых мэтах. Акрамя таго ставілася задача стварэння ўмоў для паступовай германізацыі Беларусі і яе зліцця з “Трэцім рэйхам”. Напярэдадні вайны у Мінітэрстве акупіраваных зямель Германіі быў распрацаваны план “Ост”, у адпаведнасці з якім прадугледжвалася знішчэнне каля 25% насельніцтва Беларусі (перадусім яўрэяў), 25% - павінна было быць пераселена за Урал, астатняе насельніцтва меркавалася выкарыстоўваць у якасці рабочай сілы на месцы або ў Германіі.

Для кіравання эканомікай акупіраваных тэрыторый СССР у Берліне быў створаны спецыяльны штаб “Ост”, які ўяўляў з сябе шматлікія спецыяльныя гаспадарчыя каманды, інспекцыі, атрады для збору сродкаў вытворчасці, а таксама 17 спецыяльных дзяржаўных і прыватных кампаній. Гэтыя арганізацыі праводзілі рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі, нарыхтоўкі сыравіны, кіравалі дзейнасцю прамысловых прадпрыемстваў.

У перыяд германскай акупацыі на тэрыторыі Беларусі працавала каля 60 прамысловых прадпрыемстваў з колькасцю рабочых звыш 30 чалавек, а таксама значная колькасць дробных і рамесна-саматужных прадпрыемстваў. Большасць асноўных прадпрыемстваў апынулася ў руках германскіх дзяржаўных і акцыянерных арганізацый. Адбывалася пераарыентацыя прамысловых прадпрыемстваў на выпуск прадукцыі ваеннага прызначэння. Аднак прамысловая вытворчасць знаходзілася ў крызіным стане з-за недахопу сыравіны і працоўнай сілы. Акупацыйныя ўлады ўвялі прымусовую працоўную мабілізацыю ў прамысловасці, абавязковы ўлік беспрацоўных на біржах працы. Матэрыяльнае становішча рабочых значна пагоршылася: працоўны дзень складаў 10-12 гадзін у суткі, частай з’явай з’яўляліся звышурочныя работы, зарплата была мізэрнай, адбываўся рост цэн, устанаўліваліся высокія падаткі для насельніцтва. У гарадах уводзілася картачная сістэма; распаўсюджваліся такія з’явы як голад і эпідэміі. Акупацыйныя ўлады дазвалялі дробнае прыватнае прадпрымальніцтва, аднак на практыцы яго рэалізацыя была абмежаванай.

У сельскай гаспадарцы ўсходняй Беларусі былі захаваны калгасы і саўгасы, якія перайменоўваліся ў абшчынныя гаспадаркі і дзяржаўныя маёнткі. Калгасная сістэма ўяўлялася больш прыдатнай для выкарыстання сельскагаспадарчых рэсурсаў. У заходняй частцы Беларусі нешматлікія калгасы, утвораныя ў 1939 – 1941 гг., былі распушчаны. Вярталіся землі і маёмасць, канфіскаваныя ў 1939 – 1941 гг., былым уласнікам (аднак на зямельныя ўладанні плошчай звыш 60 га права прыватнай уласнасці не аднаўлялася, былыя гаспадары лічыліся толькі адміністратарамі сваіх маёнткаў). У 1942 – 1943 гг. выдаваліся распараджэнні аб аднаўленні прыватнай уласнасці на зямлю ва ўсходняй Беларусі. Аднак на практыцы аднаасабных прыватных гаспадарак было створана мала. Сялянскія гаспадаркі былі абкладзены вялікімі натуральнымі і грашовымі падаткамі. За невыкананне абавязковых паставак сельскагаспадарчай прадукцыі прадугледжваліся жорсткія пакаранні. Гэта прывяло да значнага падзення аграрнай вытворчасці ў Беларусі.

У шырокіх маштабах гітлераўскія ўлады вывозілі мясцовае насельніцтва на рабскую працу ў Германію. У 1941 – 1944 гг. на прымусовыя работы было вывезена каля 380 тыс. чалавек.

Для запалохвання мясцовага насельніцтва і барацьбы з антыфашысцкім рухам акупацыйны рэжым праводзіў масавыя рэпрэсіі. На тэрыторыі Беларусі было створана 260 канцэнтрацыйных лагераў, у якіх без суда і вызначэння тэрмінаў зняволення знаходзіліся дзесяткі тысяч чалавек. Яны падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі) і для цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, жаночыя лагеры, штрафныя лагеры). Яўрэйскае насельніцтва змяшчалася ў асобыя лагеры – гета. Найбольш цяжкім злачынствам нацызму стаў Халакост – масавае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва. Буйнейшым лагерам на тэрыторыі Беларусі з’яўляўся Трасцянец каля Мінска, у якім падчас акупацыі было знішчана 206,5 тыс. чалавек. Вялікія лагеры смерці былі створаны паблізу станцый Лясная і Бронная гара на Брэстчыне, Грэбенеўскі ў Магілёве, Баравуха каля Полацка.

У зонах актыўнага партызанскага руху нацысты праводзілі карныя экспедыцыі, якія суправаджаліся масавым знішчэннем насельніцтва і населеных пунктаў. На працягу 1941 – 1944 гг. было ажыццёўлена 140 карных экспедыцый, падчас якіх спалена разам з жыхарамі 628 вёсак. Усяго падчас акупацыі на тэрыторыі БССР загінула звыш 1 млн. 400 тыс. цывільнага насельніцтва і каля 810 тыс. ваеннапалонных.

У той жа час германскія цывільныя ўлады імкнуліся прыцягнуць на свой бок частку мясцовага насельніцтва. З гэтай мэтай заахвочвалася прыцягненне мясцовых жыхароў у адміністрацыйныя органы, аднаўлялася дзейнасць рэлігійных устаноў, дазвалялася навуковая і культурная дзейнасць, арганізоўваліся беларускамоўныя школы (у генеральнай акрузе “Беларусь”).

Супрацоўніцтва насельніцтва акупіраваных тэрыторый з нямецка-фашысцкімі ўладамі атрымала назву калабарацыя. У яе межах існавалі розныя плыні.

На тэрыторыі Беларусі найбольш значнай з’яўлялася беларуская нацыянальная калабарацыя. Яна была прадстаўлена такімі арганізацыямі як Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі і інш. У іх удзельнічалі пераважна прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху, якія разлічвалі на стварэнне беларускай дзяржаўнасці пад пратэктаратам Германіі. У снежні 1943 г. з дазволу германскіх улад была створана Белаурская цэнтральная рада (БЦР) – прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацый пры адміністрацыі генеральнай акругі “Беларусь” на чале з Радаславам Астроўскім. Беларускія калабаранты актыўна ўдзельнічалі ў фарміраванні паліцэйскіх батальёнаў і іншых вайсковых адзінак. У сакавіку 1944 г. па ініцыятыве БЦР была абвешчана прымусовая мабілізацыя насельніцтва ў генеральнай акрузе “Беларусь” у Беларускую краёвую абарону (БКА), якая выкарыстоўвалася германскімі ўладамі як дапаможнае войска. Усяго ў БКА было прыцягнута каля 25 тыс. чалавек. Напярэдадні выгнання германскіх акупантаў беларускія калабаранты пад кантролем нямецкай адміністрацыі 27 чэрвеня 1944 г. правялі ў Мінску т.зв. “Другі Усебеларускі кангрэс”, які прыняў рэзалюцыі аб непрызнанні БССР і неправамоцнасці савецка-польскіх дагавораў, якія датычылі Беларусі.

Істотнай плынню ў межах калабарацыі з’яўлялася дзейнасць расійскіх прафашысцкіх арганізацый, якія ўтваралі вайсковыя адзінкі пераважна з ліку ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі: Руская вызваленчая народная армія, Руская нацыянальная народная армія і інш. Таксама на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі ўкраінскія, літоўскія, латышскія, казацкія, татарскія і іншыя калабаранцкія ваенна-паліцэйскія фарміраванні.



Такім чынам, на працягу 1941-1944 гг. на тэрыторыі Беларусі быў усталяваны нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым. Яго спецыфічнымі рысамі з’яўляліся скіраванасць на татальнае выкарыстанне людскіх і матэрыяльных рэсурсаў краю на патрэбы вядзення вайны, а таксама правядзенне масавых рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва, якія мелі характар генацыду.
21.4. Антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.

Палітыка нямецка-фашысцкіх улад выклікала незадаволенасць большай часткі насельніцтва Беларусі, асабліва ва ўсходняй яе частцы, дзе ўлада належала ваеннаму камандаванню. На тэрыторыі Беларусі разгарнуўся шырокі антыфашысцкі рух, які праходзіў у двух асноўных формах: партызанскі pyx і антыфашысцкае падполле.

Ужо падчас адступлення Чырвонай арміі летам 1941 г. савецкімі партыйна-дзяржаўнымі работнікамі была створана сетка падпольных цэнтраў, арганізацый і груп. Іх галоўнымі задачамі з’яўляліся арганізацыя партызанскіх атрадаў, правядзенне дыверсій і антыфашысцкай прапаганды. Да канца жніўня 1941 г. было створана 378 партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, у якія ўваходзіла каля 8 тыс. чалавек. Аснову першых партызанскіх і падпольных фарміраванняў складалі чырвонаармейцы, якія трапілі ў акружэнне, савецкія партыйныя і камсамольскія актывісты. Буйнейшай у Беларусі сеткай падпольных арганізацый з’яўлялася мінскае партыйнае падполле на чале з І.К. Кавалёвым, якое актыўна дзейнічала да вясны 1942 г., калі было разгромлена нацысцкімі спецслужбамі. Буйныя падпольныя цэнтры дзейнічалі ў Магілёве, Віцебску, Оршы, Гомелі, Жлобіне, Брэсце, Баранавічах і іншых гарадах. Дзейнічаў падпольны друк, галоўнымі выданнямі якога з’яўляліся газеты “Звязда” і “Чырвоная змена”.

Разам з развіцём падпольнага руху адбываецца ўтварэнне партызанскіх атрадаў. Да ліку буйнейшых з іх належалі:

атрад пад камандаваннем В. Каржа на тэрыторыі Пінскай вобласці;

атрад пад камандаваннем Ц. Бумажкова і Ф. Паўлоўскага на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці;

атрад пад камандаваннем М. Шмырова (“Бацькі Міная”) у Суражскім раёне Віцебскай вобласці;

падпольная група і партызанскі атрад пад кіраўніцтвам К. Заслонава ў раёне Оршы.

Аднак да канца 1941 г. партызанскі рух не меў масавага характару; адсутнічаў адзіны партызанскі цэнтр. У аснове яго развіцця знаходзілася перакідванне дыверсійных груп з савецкага тылу, якія часта знішчаліся.

Перамогі Чырвонай Арміі ў бітвах пад Масквой (снежань 1941 г.), пад Сталінградам (лістапад 1942 – люты 1943 гг.) і на Курскай дузе (ліпень 1943 г.) і звязаны з імі пералом у ходзе Вялікай Айчыннай вайны на карысць савецкіх сіл выклікалі ўдым партызанскага і падпольнага руху ў Беларусі. Было адноўлена мінскае партыйнае падполле (у яго складзе за ўвесь час акупацыі знаходзілася звыш 9 тыс. чалавек). У 1943 г. мінскія падпольшчыкі разам з партызанамі здзейснілі шэраг буйных дыверсій на гарадскіх прадпрыемствах і чыгуначным вузле, ажыццявілі забойства гауляйтэра В. Кубэ. Шырокі падпольны рух меў месца ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Брэсце, Обалі, Асіповічах і г.д. Асабліва актыўную дзейнасць падпольшчыкі праводзілі ў накірунку дыверсій на чыгуначных вузлах. Усяго да 1944 г. у антыфашысцкім падполлі ў Беларусі ўдзельнічала каля 70 тыс. чалавек.

Пачынаючы з вясны 1942 г. назіраецца хуткі рост партызанскага руху. Адбываецца працэс аб’яднання асобных партызанскіх атрадаў у партызанскія брыгады і злучэнні. Першая партызанская брыгада ў Беларусі ўзнікла на тэрыторыі Віцебшчыны пад кіраўніцтвам М. Шмырова. У выніку наступлення войскі Чырвонай арміі на пачатку 1942 г. выйшлі да мяжы БССР і ўступілі ў непасрэднае ўзаемадзеянне з партызанскімі атрадамі М. Шмырова. У выніку ўтварыўся 40-кіламетровы праход у лініі савецка-германскага фронту, так званыя “Суражскія вароты”, які праіснаваў да верасня 1942 г. Праз яго партызанам перапраўлялася зброя і боепрыпасы, накіроўваліся спецыялісты па вядзенню дыверсій і інш.

Развіццю партызанскага руху ў Беларусі садзейнічала актыўная дапамога савецкага тылу. Адтуль партызаны атрымлівалі значную частку зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, сродкаў сувязі. Там праходзілі лячэнне параненыя партызаны, дастаўленыя з-за лініі фронту, рыхтаваліся кіруючыя кадры для партызанскага руху, дзейнічала школа па падрыхтоўцы партызанскіх спецыялістаў і інш.

3 мэтай цэнтралізацыі аператыўнага кіраўніцтва партызанскім рухам у маі 1942 г. пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкам, а з верасня 1942 г. пачаў працаваць Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР), які ўзначаліў другі сакратар ЦК КП(б)Б П. Калінін.

У выніку паспяховых баявых аперацый партызанскіх фарміраванняў на некаторых тэрыторыях Беларусі была ліквідавана нацысцкая ўлада і ўтвораны партызанскія зоны. Найбольш буйнымі зонамі былі Акцябрска-Любанская, Барысаўска-Бягомльская, Клічаўская, Полацка-Лепельская, Расонска-Асвейская, Івянецка-Налібоцкая і інш. Да канца 1943 г. 20 партызанскіх зон кантралявалі 60% тэрыторыі БССР. У партызанскіх зонах аднаўлялася бальшавіцкая ўлада; гаспадарчыя рэсурсы падпарадкоўваліся патрэбам барацьбы з германскімі акупантамі. Палітыка генацыду, праводзімая акупацыйнымі ўладамі, садзейнічала росту падтрымкі партызан сярод мясцовага насельніцтва. У 1943 – 1944 гг. партызанскі рух набывае масавы характар. Да лета 1944 г. у складзе партызанскіх фарміраванняў налічвалася каля 370 тыс. чалавек.

Буйнейнай акцыяй партызанскага руху ў Беларусі была т.зв. “рэйкавая вайна” – правядзенне адначасовага масавага разбурэння чыгуначных камунікацый у розных рэгіёнах Беларусі. У ходзе акцыі партызаны разбуралі чыгуначныя шляхі, пускалі пад адхон эшалоны, узрывалі чыгуначныя станцыі, масты. Было знішчана каля 90% чыгункі БССР. “Рэйкавая вайна” праходзіла ў тры этапы:

1) жнівень-верасень 1943 г. – акцыя праходзіла ў падтрымку наступлення Чырвонай арміі пад Курскам;

2) друга палова верасня – кастрычнік 1943 г. (“Канцэрт”) – акцыя праходзіла ў падтрымку наступлення Чырвонай арміі ва ўсходніх раёнах Беларусі;

3) чэрвень-ліпень 1944 г. – акцыя праходзіла ў кантэксце буйнога наступлення Чырвонай арміі ў Беларусі.

Важнай часткай антыфашысцкага руху ў Беларусі 1941-1944 г. з’яўляўся яўрэйскі рух супраціўлення, які праявіўся ў правядзенні антыфашыцкай прапаганды ў гета, уцёках з гета, сабатажы лагерных мерапрыемстваў, дыверсійнай працы, узброеных паўстаннях і партызанскім руху.

Акрамя савецкага партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі таксама іншыя антыфашысцкія арганізацыі.

Актыўна дзейнічала польскае падполле, якое падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Яго буйнейшай арганізацыяй, якая стварыла сетку партызанскіх атрадаў, з’яўлялася Армія Краёва (АК). На тэрыторыі Беларусі найбольш значныя сілы АК знаходзіліся на Навагрудчыне. АК выступала за аднаўленне незалежнасці Польшчы ў межах 1939 г. У 1941 – 1943 гг. польскае падполле знаходзілася ў саюзе з савецкім. Пасля разрыву ў красавіку 1943 г. адносін паміж СССР і польскім эмігранцкім урадам АК перайшла да тактыкі барацьбы супраць “двух ворагаў” – Германіі і СССР. Разам з тым летам 1944 г., у перыяд наступлення Чырвонай арміі, некаторыя атрады АК прынялі ўдзел у баях за Вільню. Усяго ў атрадах Арміі Краёвай у перыяд акупацыі ў Заходняй Беларусі налічвалася каля 14 тыс. чалавек.

На поўдні Беларусі ў 1942-1943 гг. дзейнічалі украінскія партызанскія атрады Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) і т.зв. “бульбаўцаў”, якія налічвалі ў гэтым рэгіёне каля 12 тыс. чалавек. Яны выступалі за стварэнне незалежнай украінскай дзяржавы, у склад якой павінны былі ўвайсці таксама землі паўднёвай Беларусі. Украінскія партызаны вялі ўзброеную барацьбу як супраць германскіх акупантаў, так і супраць савецкіх і польскіх партызан.

На тэрыторыі Беларусі існавалі таксама невялікія антыфашысцкія групы беларускага нацыянальнага руху, але яны не мелі значнага ўплыву.



Такім чынам, у 1941-1944 гг. на тэрыторыі Белаурусі разгарнуўся шырокі партызанскі і падпольны рух, накіраваны супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. З 1943 г. ён набыў масавы характар і адыграў значную ролю ў разгроме войскаў нацысцкай Германіі.
1   ...   23   24   25   26   27   28   29   30   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка