Гісторыя Беларусі




старонка11/35
Дата канвертавання15.03.2016
Памер5.74 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   35

8.2. Гарады, рамяство і гандаль у 17 – першай палове 18 стст.

Войны другой паловы 17 – пачатку 18 стст. нанеслі гарадам і мястэчкам яшчэ большыя страты, чым сельскай гаспадарцы. Была разбурана большасць гарадоў, а некаторыя цалкам разрабаваны і спалены. Падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гг. рамеснікі хрысціянскага веравызнання ў масавым парадку прымусова вывозіліся ў Масковію. Вынікам стала тое, што ў сярэдзіне 18 ст. у гарадах стала дамінаваць яўрэйскае насельніцтва. Унутраны рынак рэзка звузіўся. Частка гарадскіх рамеснікаў была вымушана перасяляцца ў вёску або займацца сельскай гаспадаркай у горадзе, бо не было заказаў пакупнікоў.

Ва ўмовах заняпаду гарадоў магнаты, выкарыстоўваючы свае прывілеі і вайсковыя сілы, рабавалі купецкія абозы, самавольна патрабавалі грошай з гарадоў, а часам проста ажыццяўлялі рабаўнічыя напады на гарады і рынкі. Ствараліся прыватныя ўнутраныя мытні ва ўладаннях магнатаў. Значна выраслі падаткі з дзяржаўных гарадоў, і адначасова раслі юрыдыкі.

З аднаўленнем сельскай гаспадаркі паступова пачынае адраджацца гаспадарка гарадскіх паселішчаў. Хутчэй, чым іншыя, адбудоўваюцца буйныя гарады на галоўных гандлёвых шляхах – Менск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Новагародак – у іх лягчэй было з дапамогай права абмежаваць магнацкае свавольства. У найбольшай ступені насельніцтва гарадоў і мястэчак павялічвалася за кошт яўрэяў, паколькі прыток людзей з вёскі быў складанай справай з-за панавання прыгоннага права.

У гарадах у першай палове 18 ст. адраджаецца рамесная вытворчасць, адзначаецца спецыялізацыя раёнаў. У Віцебску ў першай палове 18 ст. пашыралася гарбарная вытворчасць, апрацоўка мінеральнай сыравіны і дрэва; у Магілёве – вытворчасць мыла і пальчатак; у Слуцку – пярсцёнак. Адраджэнне рамяства суправаджалася аднаўленнем цэхаў. Адначасова ўзрастае роля скупшчыка-пасярэдніка паміж вытворцам і рынкам. Гэтай справай займаюцца не толькі гандлёвыя людзі, але і цэхавыя майстры. Цэхі ўжо не ахопліваюць большасць рамеснікаў горада. Павялічваецца праслойка нецэхавых рамеснікаў. Узрастае канкурэнцыя паміж цэхамі і нецэхавымі рамеснікамі.

У сярэдзіне 17 ст. прыкметна звузіўся памер унутранага і знешняга гандлю. Прычынамі былі агульны заняпад гаспадаркі; збядненне асноўнай масы насельніцтва; вузкасць унутранага рынку і г.д. З сярэдзіны 18 ст. гандаль у гарадах некалькі ажывіўся за кошт вывазу на экспарт вырабаў сельскай гаспадаркі і лясных промыслаў. Увозілі ў якасці імпартных тавараў тканіны, палотны, жалеза і вырабы з яго, медзь, розныя галантарэйныя вырабы. Пашырыліся гандлевыя сувязі з Прыбалтыкай і Расіяй.



Такім чынам, на працягу другой паловы 17 – першай паловы 18 стст. гарадская гаспадарка знаходзіцца ў стане моцнага крызісу. К сярэдзіне 18 ст. назіраецца некаторае ажыўленне. Аднак тым не менш разбураная інфраструктура гарадоў, адсутнасць значнага мяшчанскага капіталу, які б мог стаць асновай пашыранага развіцця эканомікі садзейнічалі захаванню сярэднявечных форм эканамічнай дзейнасці.
8.3. Сацыяльна-эканамічны ўздым у другой палове 18 ст.

У другой палове 18 ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі ВКЛ. Прычынамі ажыўлення былі:

1) Хуткі рост насельніцтва (у 1791 – налічвалася звыш 3,6 млн. жыхароў, з 11% гарадское насельніцтва).

2) Узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самім ВКЛ, так і за яе межамі. Попыт на аграрную прадукцыю павялічваўся таму, што рэзка выраслі цэны на збожжа на замежным рынку ў другой палове 18 ст. (у 3-5 разоў) ва ўмовах паскарэння эканамічнага развіцця і росту гарадоў. Гэта садзейнічала развіццю таварнай фальваркавай гаспадаркі.

3) Дзяржаўныя рэформы 1760-1770-х гг.: узмацненне цэнтральнага апарату дзяржаўнай улады, адмена ўнутраных мытняў і пошлін, дазвол мяшчанам набываць маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем; устанаўленне адзіных мытных пошлін для ўсіх экспарцёраў Рэчы Паспалітай, уніфікацыя сістэмы мер і вагі.

4) Захады з боку дзяржавы па развіцці гандлю і сродкаў зносін: пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты; праводзяцца работы па ачыстцы і рэгуліроўцы рэк, збудаванню рачных партоў, будаўніцтву дарог і мастоў. У 1781-1784 гг. быў пабудаваныя Прыпяцка-Нёманскі і Прыпяцка-Бугскі каналы.


Сельская гаспадарка

Прыкметамі эканамічнага росту ў сельскай гаспадарцы сталі:

- пашырэнне фальварачнай запашкі на захадзе і ў цэнтры ВКЛ;

- асваенне новых зямель;

- удасканаленне агратэхнікі;

- рост пагалоўя хатняй жывёлы;

- павышэнне ўраджайнасці;

- павелічэнне таварнасці шляхецкай сельскай гаспадаркі, пашырэнні яе сувязяў з рынкам.

У другой палове 18 ст. павялічваюцца надзелы сялянскіх гаспадарак. Сяляне асвойвалі пустуючыя землі, а таксама расчышчалі ад лесу новыя плошчы. Сярэдні зямельны надзел прыватнаўласніцкіх сялян у другой палове 18 ст. склаў 0,63 валокі на адну гаспадарку. На ўсходзе ВКЛ ён быў некалькі большым, чым у заходніх і цэнтральных рэгіёнах. Пры чыншавай сістэме гаспадарання ў сяляніна была магчымасць апрацоўваць большую дзялянку зямлі. Сялянскія павіннасці заставаліся тымі ж, але змяніліся іх памеры. У цэлым павіннасці ў гэты час павялічыліся ў сярэднім ў 1,5 разы ў параўнанні з папярэднім перыядам.

Пачынаецца працэс сацыяльнага расслаення ў вёсцы. Каля 10% сялян не мелі сваёй гаспадаркі і працавалі па найме ў заможных сялян або на панскай гаспадарцы. У той жа час вылучаецца невялікая група заможных сялян, якая часам арандавала ў шляхты млыны, цагельныя заводы і г.д.

З мэтай павелічэння прыбытковасці дзяржаўных маёнткаў падскарбій ВКЛ Антоній Тызенгаўз у 1765 г. правёў аграрную рэформу ў каралеўскіх эканоміях – дзяржаўных зямельных уладаннях, прызначаных для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу. Сутнасць яе заключалася ва ўмацаванні фальваркавай сістэмы гаспадарання. Рэформа пачалася з перапісу і фіксацыі зямельнай маёмасці і павіннасцяў сялян, што дазволіла выпрацаваць агульныя нормы выканання павіннасцяў (галоўным відам павіннасцяў была паншчына) за карыстанне пэўнай колькасцю зямлі. Была адменена арэнда ў эканоміях. Дадзеныя меры зменшылі злоўжыванні дзяржаўнай адміністрацыі ў адносінах да сялян і садзейнічалі павелічэнню рэнтабельнасці сялянскіх гаспадарак. Уводзілася дзяржаўнае страхаванне на выпадак неўраджаяў і бедстваў, ствараліся школы для сялянскіх дзяцей. Дадзеная рэформа дазволіла павялічыць прыбытковасць дзяржаўных маёнткаў. Аднак у той жа час яна прывяла да павелічэння павіннасцяў сялян, што прыводзіла да росту сацыяльнай напружанасці ў вёсцы. Найбольш яркім прыкладам гэтага стала паўстанне сялян Шаўліскай эканоміі 1769 г.

Некаторыя землеўладальнікі ў сваіх маёнтках пачалі ў гэты перыяд уводзіць капіталістычныя метады гаспадарання, г.зн. такія метады, якія былі заснаваны на выкарыстанні вольнанаёмнай працы. У такіх гаспадарках праца ў фальварках ажыццяўлялася не шляхам паншчыны прыгонных сялян, якія пераводзіліся на чынш, а шляхам працы наёмных сельскагаспадарчых рабочых (пераважна з ліку малазямельных і беззямельных сялян) за заработную плату. З мэтай павелічэння даходнасці ў такіх маёнтках уводзіліся новыя формы агратэхнікі і арганізацыі працы, тэхнічныя ўдасканаленні. Падобныя мерапрыемствы ажыццяўляліся ў маёнтках І. Храптовіча, П.К. Бжастоўскага, Т. Ваўжэцкага і іншых магнатаў. Аднак большасць шляхты працягвала ажыццяўлялць гаспадарчую дзейнасць традыйцынымі метадамі.



Гарады, рамяство і гандаль

Да канца 18 ст. была адноўлена большасць гарадскіх паселішчаў. Насельніцтва гарадоў і мястэчак дасягнула каля 370 тыс., што складала каля 11% усяго насельніцтва. Аднак агульная колькасць гарадоў да канца 18 ст. не дасягнула ўзроўню першай паловы 17 ст.

Галоўную ролю адыгрывалі вялікія гарады на галоўных гандлёвых шляхах – Вільня, Віцебск, Гародня, Магілёў, Менск. Рамеснае насельніцтва ў вялікіх гарадах складала 30-40%, у малых 10-25% ад агульнай колькасці жыхароў. Акрамя рамяства важнымі заняткамі жыхароў гарадоў заставаліся сельская гаспадарка, а таксама розныя промыслы – рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.

Асноўныя віды рамёстваў:

- апрацоўка металаў (ім займалася каля 20-30% ад агульнай колькасці рамеснага насельніцтва гарадоў);

- апрацоўка скур;

- выраб адзення;

- будаўнічыя рамёствы.

У буйных гарадах налічвалася да 45-60 рамесных прафесій.

Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым рамяством, але колькасць цэхаў скарачалася да канца 18 ст. Адначасова расла колькасць рамеснікаў, якія працавалі па-за межамі цэха. Яны пачалі выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Такое становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала паступоваму разбурэнню цэхавай арганізацыі вытворчасці.

Мануфактурная вытворчасць

Новай з’явай у сацыяльна-эканамічным развіцці становіцца стварэнне мануфактур. Мануфактурная вытворчасць – буйная прамысловая вытворчасць, заснаваная на падзеле працы пры захаванні ручной тэхнікі. У Заходняй Еўропе шырока развіваецца з 16-17 стст. У ВКЛ першыя мануфактуры з’яўляюцца толькі ў 18 ст. Пераважная большасць з іх знаходзілася ў мястэчках і маёнтках, якія належалі каралю або магнатам. Таму яны называліся вотчыннымі мануфактурамі.

Першай мануфактурай у ВКЛ лічыцца шкляны завод у Налібоках (1720-я гг.). Большасць мануфактур спецыялізавалася на вытворчасці прадметаў раскошы. Найбольш вядомымі з’яўляліся мануфактуры ў мястэчку Ўрэчча Бабруйскага павета (шкляныя вырабы і люстэркі), мястэчку Свержань (фарфоравыя вырабы), Нясвіжы і Слуцку (шаўковыя паясы). У 1760-1770-я гг. у каралеўскіх эканоміях паводле ініцыятывы А. Тызенгаўза была заснавана 21 мануфактура ў раёне Гародні, Берасця і Пастаў (выраб шоўку, сукна, зброі і г.д.).

Мануфактуры працавалі пераважна не на выраб масавай прадукцыі на продаж, а на задавальненне попыту ў прадметах раскошы магнацкай эліты. У якасці рабочых на большасці мануфактур выкарыстоўваліся прыгонныя сяляне, для якіх праца ў прамысловасці стала своеасаблівай павіннасцю. На працягу 18 ст. былі заснаваны 53 мануфактуры, на якіх працавала 2400 рабочых, пераважна прыгонных.



Гандаль

Адбываецца ажыўленне гандлёвых сувязяў як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Гэтаму садзейнічалі ўзнаўленне сельскай гаспадаркі; уздым рамеснай і станаўленне мануфактурнай вытворчасці; пашырэнне таварна-грашовых адносін; паляпшэнне шляхоў зносін.

У развіцці ўнутранага гандлю асноўная роля належала кірмашам. Найбольш буйнымі былі кірмашы ў Бешанковічах і Зэльве. З’яўляецца рэгулярны гандаль праз крамы.

У структуры знешняга гандлю на экспарт вывозіліся збожжа, воск, мёд, скуры, лён, лес і г.д. Імпартаваліся пераважна прадметы заходнееўрапейскай мануфактурнай прамысловасці. Асноўнымі пунктамі знешняга гандлю былі балтыйскія порты Гданьск, Каралявец, Рыга. Паралельна пашыраліся гандлёвыя сувязі з Расійскай імперыяй.

Развіваюцца крэдытна-грашовыя адносіны. У 1776 г. у Гародні быў заснаваны першы на тэрыторыі Беларусі банк.

Такім чынам, у другой палове 18 ст. у ВКЛ назіраецца сацыяльна-эканамічны ўздым. Новымі з’явамі становяцца фарміраванне капіталістычных метадаў гаспадарання ў вёсцы, стварэнне прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу. Аднак у той жа час феадальна-прыгонніцкія адносіны застаюцца пераважнымі формамі і механізмамі мабілізацыі гаспадарчых рэсурсаў, што абумовіла эканамічнае адставнне ВКЛ ад перадавых краін Заходняй Еўропы, якія ў гэты час развіваліся па капіталістычнаму шляху.
Асноўныя паняцці:

Арэнда, інвентары, паўстанне ў Крычаўскім старостве, Прыпяцка-Нёманскі канал, Прыпяцка-Бугскі канал, аграрная рэформа ў каралеўскіх эканоміях, капіталістычныя метады гаспадарання, мануфактура, вотчынная мануфактура, банк.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Якія прычыны выклікалі востры крызіс у сацыяльна-эканамічным жыцці ВКЛ у другой палове 17 – першай палове 18 стст.?

  2. Растлумачце, чаму у другой палове 17 – першай палове 18 стст. павялічваецца ўдзельная вага буйных латыфундый у структуры землеўладання?

  3. Якія асноўныя метады выкарыстоўвала шляхта для аднаўлення сваіх гаспадарак у другой палове 17 – першай палове 18 стст.?

  4. У сувязі з чым у 18 ст. распаўсюдзілася арэнда зямлі ў буйных маёнтках? Якія наступствы гэта мела для сялянства?

  5. Ахарактарызуйце сацыяльна-эканамічнае становішча сялянства ў другой палове 17 – першай палове 18 стст.

  6. Назавіце буйнейшыя сялянскія паўстанні ў першай палове 18 ст. Чым яны былі выкліканы?

  7. Якім чынам змяніўся этнічны склад гарадоў ВКЛ у 18 ст?

  8. Ахарактарызуйце агульнае становішча гарадоў ВКЛ у другой палове 17 – першай палове 18 стст.

  9. У якіх гарадах аднаўленне гаспадаркі адбываецца больш хуткім тэмпамі і чаму?

  10. Вызначце стан унутранага і знешняга гандлю ў ВКЛ у другой палове 17 – першай палове 18 стст.

  11. Якія прычыны вызначылі сацыяльна-эканамічны ўздым у ВКЛ у другой палове 18 ст.?

  12. Якія шляхі камунікацый былі пабудаваныя на сродкі дзяржавы і магнатаў ВКЛ у другой палове 18 ст.?

  13. Укажыце прыкметы эканамічнага росту ў сельскай гаспадарцы ВКЛ у другой палове 18 ст.

  14. Ахарактарызуйце становішча сялянскай гаспадаркі ў другой палове 18 ст.

  15. У чым заключаліся асноўныя накірункі аграрнай рэформы А. Тызенгаўза ў каралеўскіх эканоміях? Якія яна мела вынікі?

  16. У чым спецыфіка капіталістычных метадаў гаспадарання ў шляхецкіх маёнтках? Падумайце, чаму дадзеныя метады не атрымалі шырокага распаўсюджання ў сельскай гаспадарцы ВКЛ?

  17. Ахарактарызуйце асаблівасці развіцця гарадоў і рамяства ў ВКЛ у другой палове 18 ст.

  18. Што такое мануфактура? Дзе з’яўляюцца першыя мануфактуры ў ВКЛ?

  19. Што такое вотчынныя мануфактуры? у чым палягае іх спецыфіка? Падумайце, чым было выклікана іх стварэнне?

  20. Ахарактарызуйце працэс развіцця ўнутранага і знешняга гандлю ў ВКЛ у другой палове 18 ст.

  21. Дзе на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца першы банк і калі?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Каралеўскія эканоміі ў другой палове 17 – 18 стст.

  2. Сялянскае паўстанне ў Крычаўскім старостве: прычыны, ход, вынікі.

  3. Барацьба гарадоў ВКЛ з магнацкім самавольствам у другой палове 17 – першай палове 18 стст.

  4. “Паўлаўская рэспубліка” ва ўладаннях П.К. Бжастоўскага.

  5. Эканамічная палітыка А. Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях ВКЛ (1765 – 1780).

  6. Развіццё шляхоў зносін у ВКЛ у другой палове 18 ст.

  7. Крэдытна-грашовая сістэма ў ВКЛ у 18 ст.



Тэма 9: Рэлігія і культура ВКЛ 17 – 18 стст.

1. Рэлігійныя адносіны.

2. Этнічныя працэсы.

3. Адукацыя і навука.

4. Культура.
9.1. Рэлігійныя адносіны.

17 – першая палова 18 стст. адзначаюцца ў рэлігійным жыцці ВКЛ істотным ростам палітычнага, эканамічнага і ідэалагічнага ўплыву рымска-каталіцкай царквы. Гэтаму садзейнічала Контррэфармацыя – рух, які ахапіў усе каталіцкія краіны Еўропы і быў накіраваны на ўзмацненне ролі і значэння каталіцкай царквы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а таксама на барацьбу з варожымі адносна царквы вучэннямі, асабліва пратэстанцкімі.

Галоўнай сілай у ажыццяўленні Контррэфармацыі становіцца створаны ў сярэдзіне 16 ст. манаскі ордэн езуітаў. На тэрыторыі ВКЛ езуіты з’яўляюцца ў 1569 г. А ўжо на пачатку 1770-х гг. тут дзейнічала каля 90 езуіцкіх устаноў. Пашыралася дзейнасць і іншых каталіцкіх манаскіх ордэнаў (дамініканцы, францысканцы, кармеліты, бенедэктынцы, піяры, бернардзінцы, аўгусцінцы).

Асноўныя накірункі Контррэфармацыі:

- актыўная прапаганда сярод насельніцтва, асабліва шляхты, на карысць каталіцызму;

- актыўная палітычная і эканамічная падтрымка каталіцкай царквы з боку дзяржавы;

- арганізацыя сеткі каталіцкіх, найперш езуіцкіх, навучальных устаноў;

- арганізацыя пры каталіцкіх манаскіх ордэнах дабрачыннай і культурнай дзейнасці (бясплатныя шпіталі, тэатры і г.д.);

- гвалтоўныя дзеянні часткі духавенства і езуітаў у адносінах да іншаверцаў (пагромы, падпалы культавых будынкаў і г.д.). Так, па ініцыятыве езуітаў адбыліся антыпратэстанцкія пагромы ў Вільні ў 1581, 1591, 1611, 1639, 1682 гг.

Ва ўмовах Контррэфармацыі каталіцкая царква ўзмацніла намаганні, накіраваныя на падпарадкаванне праваслаўнай царквы. Вышэйшае праваслаўнае духавенства ў канцы 16 ст. прыхільна ставілася да ідэі аб’яднання з каталіцкай царквой, паколькі спадзявалася такім чынам вызваліцца з-пад апекі свецкіх апякуноў. Ідэя царкоўнай уніі знайшла падтрымку з боку дзяржаўнай улады падчас каралявання Жыгімонта Вазы.

6-9 кастрычніка 1596 г. на царкоўным саборы ў Берасці большасць праваслаўных епіскапаў Рэчы Паспалітай на чале з мітрапалітам Міхаілам Рагозам прыняла рашэнне пра далучэнне да каталіцкай царквы.



Умовы Берасцейскай царкоўнай уніі:

- праваслаўная царква Рэчы Паспалітай прызнавала ўладу рымскага папы і выходзіла з-пад падпарадкавання Канстанцінопальскага патрыярхату;

- праваслаўная царква прызнавала каталіцкае веравучэнне;

- захоўваліся ранейшыя абрады, традыцыі, мова набажэнстваў праваслаўнай царквы.

Аднак у той жа час большасць сярэдняга і дробнага праваслаўнага духавенства і некаторыя епіскапы, а таксама шырокія колы праваслаўнай шляхты і мяшчан выступілі супраць уніі. У кастрычніку 1596 г. яны правялі ў Берасці альтэрнатыўны сабор, які абвясціў адлучэнне ад царквы епіскапаў-уніятаў і пацвердзіў падпарадкаванне Канстанцінопальскаму патрыярху. Такім чынам, адбыўся раскол царквы на уніяцкую і праваслаўную.

Дзяржаўная ўлада актыўна падтрымлівала уніяцкую царкву. Афіцыйна ўсе правы і прывілеі, якія належалі праваслаўнай царкве, пераходзілі да ўніяцкай. На падставе гэтага дзяржаўныя (гарадскія) праваслаўныя цэрквы перадаваліся уніятам, а калі ў горадзе не было прыняўшых унію святароў, храмы зачыняліся. Здараліся выпадкі прымусовага навяртання праваслаўных да уніі. Праваслаўная царква была пазбаўлена фактычна сталага юрыдычнага статусу і не мела легітымнай іерархіі.

Дадзеная сітуацыя стала асновай праваслаўна-уніяцкага рэлігійнага канфлікту. Праваслаўныя спрабавалі давесці незаконнасць уніі; паміж праваслаўнымі і уніятамі ішлі пастаянныя спрэчкі за царкоўную маёмасць. Праваслаўная шляхта разам з пратэстанцкай актыўна выступала на соймах і сойміках з патрабаваннямі гарантый юрыдычных правоў для праваслаўнай царквы. Найбольшую актыўнасць у канфлікце мелі праваслаўныя і уніяцкія брацтвы, якія складаліся пераважна з ліку мяшчан. Брацтвы наладжвалі свае канфесійныя друкарні, школы, выдавалі палемічную літаратуру.

Асабліва абвастрыўся праваслаўна-уняцкі канфлікт пасля таго, як у 1620 г. іерусалімскім патрыярхам Феафанам была пасвечана новая праваслаўная іерахія. Дадзены акт фактычна абвяшчаў пазбаўленне уніяцкіх епіскапаў іх пасад. Дзяржаўныя ўлады не прызналі дадзенага пасвячэння і пачалі пераследаванні прыхільнікаў новай іерахіі. Канфлікт у некаторых месцах набыў узброеныя формы. Найбольш вядомым актам насілля стала забойства ў Віцебску ў 1623 г. полацкага уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Паступова рэлігійны канфлікт сталі выкарыстоўваць як ўнутраныя палітычныя сілы (казакі), так і знешнія (Маскоўская дзяржава), абвяшчаючы сябе абаронцамі праваслаўя у Рэчы Паспалітай.

Для суцішэння рэлігійнага канфлікту кароль Уладыслаў Ваза ў 1632 г. абвясціў пра аднаўленне правоў праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай у складзе трох епархій на чале з кіеўскім мітрапалітам. Тэрыторыя ВКЛ уваходзіла ў склад Магілёўскай епархіі. Дзяржава афіцыйна прызнала правы і прывілеі праваслаўнай царквы. У 1632-1635 гг. быў прыняты шэраг дакументаў, паводле якіх адбываўся падзел храмаў і маёмасці паміж праваслаўнымі і уніятамі (толькі ў Полацку і Віцебску забаранялася дзейнасць праваслаўных храмаў). Аднак канфлікт паміж праваслаўнымі і ўніятамі працягваўся; у 1630-1640-я гг. яго галоўнай формай сталі маёмасныя спрэчкі ў судах. Гэты канфлікт адыгрываў значную ролю падчас казацкай вайны 1648-1653 гг. і вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гг.

Уніяцкая царква ў Рэчы Паспалітай захавала ранейшую структуру праваслаўнай царквы. У выніку уніі зменшыўся ўплыў свецкіх асоб. На ўзор каталіцкіх быў створаны уніяцкі манаскі ордэн базыльян, які адыгрываў вядучую ролю ў прапагандзе уніяцтва, а таксама ў развіцці уніяцкай адукацыі і літаратуры. Тым не менш да другой паловы 17 ст. уніяцтва мела значна меншую колькасць вернікаў у параўнанні з праваслаўем. У 1647 г. у Рэчы Паспалітай налічвалася каля 4 тыс. уніяцкіх абшчын, у той час як праваслаўных – каля 13,5 тыс.

Аднак дыскрымінацыя і змяншэнне аўтарытэту праваслаўнай царквы пасля “вялікага патопу”, актыўная падтрымка з боку дзяржавы прывялі да імклівага пашырэння уніяцтва ў канцы 17 – 18 стст. У канцы 18 ст. у ВКЛ уніятамі былі звыш 2/3 насельніцтва (у тым ліку сярод сялянства – каля 80%). У той жа час у гэты перыяд назіралася паступовае набліжэнне культу уніяцкай царквы да рымска-каталіцкай. Дадзеная тэндэнцыя знайшла была афіцыйна замацавана рашэннямі Замойскага сабору 1720 г.

Уплыў праваслаўнай царквы ў канцы 17 – 18 стст. істотна зменшыўся. У канцы 18 ст. праваслаўныя складалі каля 6,5% насельніцтва ВКЛ. З 1686 г. праваслаўная царква Рэчы Паспалітай перайшла ў падпарадкаванне Маскоўскага патрыярхату. Выкарыстоўваючы гэта, Маскоўская (Расійская) дзяржава часта ўмешвалася ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай на падставе абароны правоў праваслаўнай меншасці.

У выніку Контррэфармацыі пераважная большасць пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ да канца 17 ст. пераходзіць у каталіцызм. У шляхецкай свядомасці з гэтага часу замацоўваецца ўсведамленне тоеснасці паміж шляхецтвам і каталіцызмам. Шырокая падтрымка контррэфармацыйнага руху з сярэдзіны 17 ст. не толькі з боку дзяржавы, але і большай часткі шляхты прыводзіць да абмежавання рэлігійнай талеранцыі ў Рэчы Паспалітай. Гэта адлюстроўвалі наступныя заканадаўчыя акты і з’явы:

- выгнанне ў 1658-1662 гг. з тэрыторыі Рэчы Паспалітай антытрынітарыяў;

- забарона пераходу з каталіцызму ў іншыя веравызнанні паводле соймавай канстытуцыі 1668 г.;

- забарона замацоўваць дзяржаўнай пячаткай дакументы, якія б прадугледжвалі карысць для асоб некаталіцкага веравызнання;

- забарона для некаталіцкай шляхты займаць дзяржаўныя пасады і выбірацца ў сойм паводле соймавых пастаноў 1717 і 1733 гг.

Пад уплывам Контррэфармацыі мела месца дыскрымінацыя правоў мяшчан праваслаўнага і пратэстанцкага веравызнання ў гарадах.

Аднак у той жа час юрыдычная правамоцнасць акту Варшаўскай канфедэрацыі захоўвалася да канца існавання Рэчы Паспалітай. Захоўваліся правы і прывілеі іншаэтнічных этнаканфесійных груп. Дадзеныя з’явы сведчылі аб ўздзеянні традыцыі талеранцыі ў ВКЛ.



Такім чынам, у рэлігійным жыцці ВКЛ у 17 – 18 стст. найбольш істотнымі з’явамі сталі развіццё контррэфармацыйнага руху, стварэнне і паступовае пашырэнне ўплыву уніяцкай царквы, змяншэнне ўплыву праваслаўнай і пратэстанцкіх канфесій, прававое абмежаванне рэлігійнай талеранцыі.
9.2. Этнічныя працэсы.

Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы ў ВКЛ у 17 – 18 стст. запаволілі складванне беларускай народнасці.

Моцным ударам па беларускай народнасці і культуры сталі войны 16 – 18 стст. Асабліва моцны ўдар быў нанесены гарадам. Гарадское насельніцтва ў 17 – першай палове 18 стст. значна скарацілася. Паколькі менавіта гарады з’яўляюцца цэнтрамі фарміравання народнай (нацыянальнай) самасвядомасці, то іх заняпад садзейнічаў запавольванню працэсаў нацыяўтварэння і захаванню сярэднявечных форм самасвядомасці (рэгіянальная, карпаратыўная, канфесійная).

У 17 – 18 стст. канчаткова завяршаецца працэс фарміравання карпаратыўнай саслоўнай супольнасці – палітычнага шляхецкага народа Рэчы Паспалітай. У аснове яе самасвядомасці знаходзіліся ідэалогія сарматызму і польская мова як сродак унутранай камунікацыі.

Пад сарматызмам разумеецца ідэалогія, якая абгрунтоўвае асаблівы статус шляхты як пануючага саслоўя ў грамадскай сістэме краіны. У падмурку знаходзіўся міф пра паходжанне шляхты Рэчы Паспалітай ад старажытных сарматаў – плямёнаў, якія жылі ў 1–4 стст. на тэрыторыі сучаснай Украіны. Дадзены міф падкрэсліваў, з аднаго боку, адасобленасць шляхты ад іншага насельніцтва, з другога – роўнасць і аднароднасць шляхецкага стану Рэчы Паспалітай. У межах сарматызму сцвярджаліся наступныя прынцыпы:

– адданасць каталіцызму (падкрэсліваліся заслугі шляхты Рэчы Паспалітай у барацьбе з “нявернымі” (туркамі, татарамі), “схізматыкамі” (маскавітамі), “ератыкамі” (шведамі);

– кансерватызм у эканамічных і грамадска-палітычных адносінах; сцвярджэнне нязменнасці дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай і непарушнасці “шляхецкіх вольнасцяў”;

– патрыярхальнасць (сцвярджэнне ідэалу патрыярхальных адносін паміж шляхтай і сялянамі, а таксама ў шляхецкай сям’і).

Ідэалогія сарматызму праводзіла думку пра ідэальны лад Рэчы Паспалітай і ўзорнае палітычнае жыццё краіны; Рэч Паспалітая разглядалася як падмурак хрысціянства, апора каталіцызму ва Усходняй Еўропе.

Абвяшчэнне шляхтай сваёй адасобленасці ад астатняга насельніцтва і паступовае адмаўленне яе ад выкарыстання старабеларускай мовы на карысць польскай садзейнічалі дэзінтэграцыі беларускай народнасці.

Разрабаваныя падчас войнаў гарады і мястэчкі перастаюць засяляцца сялянамі, якія патрапілі ў прыгонную залежнасць, і засяляюцца яўрэйскім насельніцтвам. Такім чынам, беларускай культура кансервуецца толькі ў вёсцы, на ніжэйшай ступені сацыяльных структур.

За беларускай мовай і яе носьбітамі замацаваўся статус “простай” і “мужыцкай”. Паступова старабеларуская мова пачынае замяняцца польскай у дзяржаўным справаводстве. Згодна з пастановай сойму 1696 г. яна страціла статус дзяржаўнай у ВКЛ. Хаця, нельга казаць аб поўнай паланізацыі вышэйшых слаёў грамадства. Аб веданні беларускай мовы ў шэрагах шляхты ВКЛ нават у канцы 18 ст. сведчыць, напрыклад, абвешчаны ў 1785 г. тост караля Рэчы Паспалітай С. Панятоўскага на піры у А. Радзівіла Пане-каханку: “Пане, кажы віна даці, каб гора не знаці!”



Такім чынам, этнічныя працэсы на землях ВКЛ у 17 – 18 стст. характарызаваліся паступовай дэзінтэграцыяй беларускай народнасці, кансервацыяй старых форм грамадскай самасвядомасці, канчатковым фарміраваннем палітычнага шляхецкага народу і яго культурнай паланізацыяй.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка