Гісторыка-культурныя каштоўнасці Воранаўшчыны касцёлы касцёл Святога Яна Хрысціцеля 1900-1906 гады




Дата канвертавання19.03.2016
Памер33.56 Kb.
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Воранаўшчыны

КАСЦЁЛЫ

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля 1900-1906 гады

(в.Беняконі)

Пабудаваны ў 1900-1906гг. На яе паўночнай ускраіне, на месцы фундаванага Янам Чаплінскім драўлянага барочнага касцёла, што існаваў з 1634г. Двухвежавая трохнефавая базіліка з трансептам і паўцыркульнай апсідай. Бакавыя нефы больш нізкія і на галоўным фасадзе вылучаны магутнымі трох’яруснымі вежамі-званіцамі, а па баках алтара — прамавугольнымі сакрысцямі. Паўцыркульная апсіда абкружана больш нізкай прыбудовай, што надае ёй арыгінальнае ступеньчатае вырашэнне. Цэнтральны неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах, бакавыя нефы — аднасхільнымі. Прамавугольныя вокны дэкарыраваны паўцыркульнымі імпастамі. Верхні ярус апсіды асветлены вялікімі люкарнамі. Сцены аздоблены плоскімі і руставанымі пілястрамі, філёнгавымі нішамі, сандрыкамі, завершаны развітымі багата прафіляванымі антаблементамі. Інтэр’ер двухсветлавы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Дэкаратыўнае афрмленне інтэр’ера прыпісваецца мастаку К. Квяткоўскаму і выканана ў стылі неаракако — картушы, ракайлі, ляпніна, роспіс. Касцёл — помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі неабарока і неакласіцызму.



Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі 1809 год

(в.Тракелі)

Існуючы храм пабудаваны ў 1809г. на месцы папярэдняга, узведзенага ў 1740г., які належаў езуітам. У 1928г. адрамантаваны. Будынак касцёла складаецца з аднолькавых па вышыні прамавугольных зрубаў прытвора, малітоўнай залы і апсіды з бакавымі нізкімі сакрысцямі, якія скампанаваны ў выцягнуты па падоўжнай восі манументальны аб’ём, накрыты агульным вальмавым дахам. Шатровы дах прытвора завершаны цыбулепадобным купалам на гранёным барабане. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны лучковымі вокнамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках, над прытворам — паўкруглая люкарна. Малітоўная зала перакрыта плоскай столлю, апсіда — цыліндрычным скляпеннем. Над уваходам на чатырох калонах пастаўлены хоры, на якіх устаноўлены вырашаны ў стылі сціплага ракако арган. Драўляны алтар выкананы ў стылі неабарока. У інтэр’еры абраз ХІХ ст. “Святы Ян Непамук” (палатно, алей, народны прымітыў). Побач з касцёлам (на поўнач ад яго) пастаўлена драўляная двух’ярусная каркасная званіца, накрытая пакатым шатром. Ніжні ярус зашыты цёсам, верхні скразны. Касцёл — помнік архітэктуры народнага драўлянага дойлідства з выкарытсаннем элементаў стыляў барока і класіцызму.



Касцёл Адшукання Святога Крыжа 1789 год

(в.Жырмуны)

Пабудаваны ў 1789г. з дрэва. Прамавугольны ў плане будынак з трансептам і пяціграннай алтарнай часткай. Асноўны аб’ём і крылы трансепта накрыты двухсхільнымі дахамі з франтонамі на тарцах. Галоўны заходні фасад, цэнтральная частка якога аформлена 2 мураванымі калонамі, завершаны франтонам з васьміграннай вежачкай. Сцены вертыкальна ашаляваны, расчлянёны пілястрамі і завершаны развітым антаблементам. Вокны паўцыркульныя. Унутраная прастора касцёла падзелена калонамі дарычнага ордэра на 3 нефы. Бакавыя нефы з галерэямі, якія адкрываюцца ў цэнтральны неф арачнымі праёмамі. У заходняй часцы — хоры. У паўднёвым крыле трансепта вылучана сакрысція. Галоўны алтар выкананы ў дарычным ордэры. Касцёл — помнік архітэктуры класіцызму.



Касцёл Святых апосталаў пятра і Паўла 1803-1812гады

(в.Забалаць)Размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы в. Забалаць (па вул. Партызанскай) на акружаным бутавай агароджай з трохарачнай брамай узгорку. Першы драўляны касцёл пабудаваны ў 1622г., існуючы мураваны — у 1803-12гг. Касцёл вырашаны прамавугольным аб’ёмам пад двухсхільным дахам (у пачатку 20 ст. дахоўка заменена бляхай). Да галоўнага фасада далучана трох’Ярусная чатырохгранная званіца з партатыўнай васьмікалоннай шатровай ратондай у завяршэнні, надбудаванай на пачатку 20 ст. У той жа час арачныя бакавыя вокны заменены на гатычна-спічасныя, што ўнесла элемент эклектызму ў архітэктурна-стылёвую трактоўку помніка. Нетрадыцыйна размешчаны 2 сакрысціі, аб’яднаныя ў адзінай прыбудове да тыльнай алтарнай сцяны храма. Архітэктурны дэкор сканцэнтраваны на званіцы: ярусы падзелены карнізамі, ніжні ярус і вуглы руставаны, верхні апрацаваны філёнгамі і прарэзаны арачнымі праёмамі. Плоскасныя фасады дэкарыраваны гарызантальным рустам, прамавугольнымі панэлямі і плакеткамі, апяразаны карнізам спрошчанага профілю. Зала храма перакрыта плоскай столлю, сакрысціі — крыжовымі скляпеннямі, сцены расчлянёны пілястрамі і аперазаны антаблементам спрошчанай прафіліроўкай. На алтарнай сцяне і бакавых кулісах-прасценках, што вылучаюць памяшканне апсіды, сродкамі юлізорнага жывапіснага роспісу нанесены 3 архітэктанічныя алтары: цэнтральны чатырохкалонны з выявамі святых Пятра і Паўла і двухкалонныя бакавыя. На левай кулісе апсіды навешаны паўкруглы амбон. У час рамонту 1939г. размаляваны неаракайльнай арнаментыкай сцены і столь. Над уваходам на 4 драўляных калонах узнята галерэя хораў. Мастацкую каштоўнасць уяўляюць абразы пачатку 18 ст. “Маці Божая Рымская” (дошка, алей), “Навучэнне Марыі” (палатно, алей) і “Святы Георгій” (палатно, алей, абраз 18 ст.), “Маці Божая смуткуючая” (палатно, алей).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка