Ганна Старыковіч Шукаючы — знойдзеш




старонка6/9
Дата канвертавання01.05.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Касцёл стаяў на гары на перакрыжаванні дарог. Насупраць стаяла царква. З гісторыі Косцік ведаў, што гэтаму касцёлу ў параўнанні з Кавальчукоўскім, пашанцавала значна больш. На пачатку трыццатых гадоў тут зрабілі клуб. З прыходам немцаў касцёл аддалі вернікам, а пасля Перамогі зноў забралі. З развалам СССР клуб стаў нікому не патрэбны. І святыню зноў адчынілі для вернікаў.

Але ксёндз Павел павёў хлопчыкаў не ў касцёл, а за яго, дзе стаяў дом святара. Ён быў больш раскошны, чым у ксяндза Паўла: у два паверхі. І плошчу меў большую ў два разы. Не саромеючыся і не азіраючыся па баках, ксёндз Павел падняўся па лесвіцы і пастукаў у дзверы, якія тут жа адкрыла маленькая бабуля, чымсьці падобная на Косціну прапрабабулю. Мабыць, у старасці ўсе людзі становяцца паміж сабой падобныя, асабліва жанчыны.

– А, ксёндз Павел! Добры дзень! Зайдзіце, калі ласка. І вы хлопчыкі таксама. Зараз я паклічу ксяндза Мечыслава.

Госці апынуліся ў прасторным пярэднім пакоі. Направа і налева былі дзверы, а прама знаходзілася шырокая лесвіца, якая вяла на другі паверх. Бабуля паспела падняцца толькі на некалькі прыступак, як на верхняй пляцоўцы з’явіўся мужчына невысокага росту, у штанах і кашулі з закатанымі рукавамі, прыкладна аднаго з ксяндзом Паўлам ўзросту.

– Пашка! Вось дык сустрэча! Якім ветрам цябе занесла ў наш край?

Ксёндз Мечыслаў усміхаўся і сыходзіў па лесвіцы. Калі ён, нарэшце, апынуўся ўнізе, стала яшчэ больш прыкметна якога ён маленькага росту ў параўнанні з ксяндзом Паўлам. Святары павіталіся за рукі, і ксёндз Мечыслаў запрасіў усіх прайсці ў левыя ад уваходу дзверы. За імі была гасцёўня, абодва акна якой выходзілі на касцёл. Сцены былі абклеены шпалерамі, на якіх былі белыя з шэрымі кветкамі, на падлозе ляжаў саматканы дыванок, а ў цэнтры стаяў вялікі стол, накрыты ідэальна белым абрусам. Вакол стала – крэслы, вельмі падобныя на тыя, што стаялі ў доме ксяндза Паўла. У кутку, на сцяне насупраць вокнаў, быў невялікі вугал печы. Вялікая яе частка, напэўна, знаходзілася наверсе.

Не паспелі госці і сам гаспадар дома сесці вакол стала, як у дзверы ўвайшла бабуля з самаварам у руках. Косцік і Сяргей паступілі цалкам аднолькава – ускочылі, каб дапамагчы бабульцы. У выніку самавар узяў Сяргей, а Косцік пайшоў за бабуляй, якая паклікала яго за сабой. Так ён апынуўся ў правым ад уваходу пакоі. Гэта была кухня. І там таксама была печ, якая, мяркуючы па ўсім, заканчвалася наверсе, у пакоі. У кухні каля акна стаяў невялікі стол, у адрозненне ад гасцінай нічым не пакрыты, два стулы вакол і паліцы з рознымі кухоннымі рэчамі. У памяшканні былі дзверы ў каморку, у якой і схавалася хатняя гаспадыня. Праз пяць хвілін на стале ў кубачках быў наліты чай, а ў вазачках з сіняга шкла, якія Косцік бачыў у сваёй бабулі, ляжалі вараныя суніцы, пернікі і цукеркі.

– Мы да цябе па справе, Мечыслаў. Тут мае хлопчыкі раскапалі, што продак аднаго з іх быў вельмі багаты і знакаміты, хоць яму заўсёды казалі, што ён з сям’і кучара ці кагосьці там.

– Яно і зразумела. Я вось табе распавяду ...

– Потым. – ксёндз Павел спакойна перапыніў ксяндза Мечыслава, але той зусім не пакрыўдзіўся. – Мы прагледзілі ўвесь архіў нашага касцёла, але там няма ні аднаго запісу: ні пра нараджэнне дадзенага чалавека, ні пра смерць, хоць магіла маецца, і ты ведаеш, што ўсё тое, што адбываецца, тым больш – пахаванне на каталіцкіх могілках, фіксуецца.

– І чаму вы вырашылі звярнуцца да мяне? Як я разумею, вы збіраецеся вывучаць архіў гэтага касцёла.

– Прозвішча таго чалавека і гэтага хлопчыка, – ксёндз Павел паказаў на Антонія, – Костка. А ваша вёска, як вядома, называецца Косткаўшчына.

– Што ж, пераканаў, – сказаў Мечыслаў сур’ёзна.

Калі ўсе дапілі чай, ксёндз Мечыслаў крыкнуў:

– Марыя Апанасаўна, мы сыходзім.

У дзвярах з’явілася бабуля і стала збіраць са стала. Сяргей паднёс ёй самавар, а Косцік і Антоні дапамаглі забраць кубкі і вазачкі. Увесь гэты час ксёндз Павел і ксёндз Мечыслаў стаялі на ганку і аб чымсьці ціха размаўлялі.

Потым усе разам накіраваліся ў касцёл. Архіў (у адрозненні ад архіва касцёла ў Кавальчуках) знаходзіўся ў падвале, у шафе. Было сыра і страшнавата. Асабліва пасля таго, як ксёндз Мечыслаў з лагодным тварам распавёў, што тут у нішах труны некалькіх папярэдніх ксяндзоў. Праўда, двое апошніх выказалі жаданне, каб іх пахавалі ў зямлі каля касцёла. А труны ў падвале, калі хлопчыкі хочуць, ён можа ім з радасцю паказаць. Сябры не пажадалі.

Лямпы асвятлялі прастору толькі вакол шафы, але ад гэтага было значна больш жахліва. Лепей бы яны самі ўбачылі гэтыя нішы з трунамі, чым, міжволі углядаючыся ў цемру, дадумваліся, як яны выглядаюць.

Патрэбная шафа стаяла з правага боку блізу ўваходу. Але па рэху ад крокаў можна было вызначыць, што прасторы тут вялікія – у палову даўжыні касцёла.

Сшыткаў тут было ў два разы больш, таму што косткаўшчынскі касцёл быў шаснаццатага стагоддзя, а кавальчукоўскі – васемнаццатага.

Ксёндз Павел сказаў, што яны будуць праглядаць усе сшыткі. Ксёндз Мечыслаў быў гэтаму невыказна рады. Яны натуральна затрымаюцца да позняга вечара, так што прыйдзецца затрымацца нанач. А начаваць яны будуць у яго.

З сшыткамі яны зноў вярнуліся ў дом гасціннага ксяндза Мечыслава. Сам ён застаўся весці імшу, але прасіў гасцей, і асабліва старога сябра, адчуваць сябе як дома.

Зноў размясціліся ў гасцёўні. Кожны з прысутных узяў сабе па сшытку. У храналагічным парадку. Яны не дзяліліся на нараджэнне і смерць. Усё фіксавалася па датах. І дзяліліся сшыткі па гадах, якія былі напісаны на першай старонцы. І заўсёды рознымі чарніламі. Першую дату пісаў той, хто пачынаў сшытак, а апошнюю той, хто заканчваў. Гэтыя прамежкі, мяркуючы па запісах, складалі часам больш за сорак гадоў.

У ксяндза Паўла быў самы стары сшытак. На першай яго старонцы была напісана дата асвятлення касцёла (15 красавіка 1576 года), імя першага ксяндза, а таксама мецэната, які выдаткаваў грошы на будаўніцтва. Ім аказаўся нейкі пан Брылеўскі. Хлопчыкі толькі разгублена паціснулі плячыма. Нікога з такім прозвішчам яны не ведалі. Першым жа запісам стала фіксацыя даты нараджэння сына пана Брылеўскага Вячаслава. І гэтак далей.

Антонію трапіў сшытак, датаваны 1600 годам, наступны пасля таго, які трымаў у руках ксёндз Павел. Сяргей узяў сшытак, датаваны 1657 годам. А Косцік узяў у рукі сшытак, які пачалі весці ў 1701 годзе.

Бясконцы ланцужок народзінаў і смерцяў. Чарга паўторных прозвішчаў. Асобна ляжаў тоўсты сшытак шлюбаў, які пачалі весці ў 1577 годзе і не скончылі. Апошняй датай быў 1921 год. Людзі не спяшаліся браць шлюб перад Богам.

Косціку трапіў вельмі цікавы сшытак. Мяркуючы па подчарку???, трыццаць гадоў у ім пісаў адзін і той жа чалавек. Калі ў астатніх была напісана проста дата, прозвішча і імя, а таксама тое, што адбылося (нараджэнне, хрост або смерць), то тут на пяць радкоў уніз былі распісаны каментары таго, хто ўсё гэта фіксаваў. Косцік стаў зачытваць ўслых, і ад таго справа пайшла больш павольна, таму што ўсе жадалі паслухаць.

– А вось яшчэ цікава: 12 сакавіка 1721 года. Антаніна Вікенцьеўна Пароўская. Памерла ў 10 гадзін раніцы. Засталіся двое дзяцей. Сын Павал і дачка Серафіма. Апошняя з-за імя стала затворніцай. Памятаецца, ксёндз адгаворваў нябожчыцу Пароўскую так называць дзяўчынку. – Косцік адарваў вочы ад тэкста і дадаў ад сябе. – Дзяўчынку, пра якую ідзе гаворка, хрысцілі ў 1705 годзе. Аўтар вельмі смяяўся з гэтай нагоды і прадракаў дзіцяці нядобры лёс. Так і адбылося.

Праз тры гадзіны вярнуўся ксёндз Мечыслаў, і тут жа бабуля падала вячэру. Так што пошукі прыйшлося на час прыпыніць.

Да таго, як вярнуўся ксёндз Мечыслаў, ксёндз Павел распавёў гісторыю іх знаёмства. Сустрэліся яны ў семінарыі. Мечыслаў вучыўся на другім курсе, а Павел на першым. Хлопцы адразу ж пасябравалі. Юны Павел часам у душы дзівіўся, як такі вясёлы хлопец мог пайсці вучыцца ў семінарыю і стаць у далейшым святаром. І ён вырашыў спытаць. Аказалася, што ў яго ад раку памёр брат. Ён заўсёды хацеў стаць ксяндзом, але быў слабы, і яго не стала ў дваццаць год. На пахаванні прысутнічаў стары ксёндз з суседняй вёскі. Калі цела аддалі зямлі, ён раптам падышоў да дзесяцігадовага Мечыслава, паклаў руку на галаву і сказаў:

– Ты станешь ксяндзом, не забудзь.

Тады і бацькі, і сваякі не ведалі, як сябе паводзіць. Хтосьці радаваўся, хтосьці наадварот. А Мечыслаў з часам забыў пра прадказанні старога святара. Успомніў толькі на яго пахаванні – праз сем гадоў. І вырашыў, што пойдзе ў семінарыю. Бо так прадказаў Божы чалавек. Было цяжка – ён быў малады, сімпатычны і меў унікальнае пачуццё гумару, якое, зрэшты, не знікла і да цяперашняга часу.

Маладыя прыгажуні не давалі яму праходу, але ён быў цвёрдым у сваім рашэнні. Пасля заканчэння гімназіі Мечыслаў абвясціў бацькам, што будзе паступаць вучыцца не ва Універсітэт, а ў духоўную семінарыю ў Люблін. Ён сам ужо верыў, што хоча стаць святаром. Той жа ноччу ён прысніў брата. Той прысеў на край ложка і стаў спакойна так распавядаць, што Бог падрыхтаваў яму, Мечыславу, выдатны лёс. Што ён стане самым паважаным святаром і ніколі не пашкадуе, што зрабіў гэты крок.

– Калі я з ім пра гэта размаўляў, ён усё распавядаў спакойна, а пра свае трывогі – нават з усмешкай. Так, ён не звычайны, вельмі вясёлы, але ўсім сэрцам адданы свайму пакліканню, і нішто ў жыцці не зможа павярнуць яго з абранай дарогі.

За вячэрай, ад душы смеючыся і чырванеючы, ксёндз Мечыслаў, пра якога хлопчыкі ведалі ўжо дастаткова, сам распавёў тое, што адбылося сёння ў касцёле.

– Прыходзіць адна бабулька з Харковічаў і кажа на споведзі: ведаеце, ксёндз Мечыслаў, я вось тут дзве ночы думала – няма ў мяне грахоў. А я ёй кажу: святая, хутчэй за ідзі да алтара, маліцца за цябе будзем. Яна пакрыўдзілася, вядома, пайшла ад мяне. Я пасля імшы да яе падышоў і сказаў, каб зноў прыйшла да мяне на споведзь. Яна кажа: цяпер хачу. І распавядае. Злілася, маўляў, на святара. А нельга. І думкі дрэнныя ў галаву лезлі. І за Нюрай Міцькінай падглядвала. І яшчэ штосьці. А потым кажа: небеззаганная я. Даруй мне, старой.

– Адвечна ты шуткуеш, Мечыслаў, над бабулямі.

– Гэта з маім характарам, я, Пашка, жартую. Другі б прагнаў са споведзі і ўвогуле не стаў болей слухаць, – адказаў ксёндз Мечыслаў, спыніўшы смех.

Пасля вячэры працягнулі пошукі, цвёрда вырашыўшы скончыць сёння ж. Ксёндз Мечыслаў пераканаўся, што ў яго дапамозе няма патрэбы, і падняўся да сябе наверх, каб чытаць. Тады Косцік і натыкнуўся на першы факт. Гісторыя з’яўлення ў вёсцы першага Косткі ў сувязі з нараджэннем хлопчыка Усяслава.

– Слухайце! «5 студзеня 1730 года. На свет з’явіўся Ўсяслаў Костка. У нашай вёсцы Люпін ...

– Стоп! Які Люпін? – Спытаўся ксёндз Павел.

– Тут так напісана “... вёсцы Люпін Андрэа Костка з’явіўся ў мінулым годзе. Купіў дом. І ператварыў яго ў палац. А праз год ажаніўся на Алене Правадавай…

– Правадавай? – спытаў Сяргей.

Косцік нецярпліва кіўнуў і працягнуў:

– …Правадавай. На свет з’явіўся іх сын Усяслаў. Кажуць, што прыехаў Андрэа аднекуль з Фландрыі. Мастак. Прыгожы. Я яго бачыў». Усё.

– Усё? – перапытаў Антоні.

– Усё. Ксёндз Павел, а дзе гэта – Фландрыя?

– Гэта тэрыторыя сучаснай Галандыі. Там у той час жылі выдатныя мастакі. Хаця варта сказаць, што і для галандцаў гэтае прозвішча нехарактэрна. Мабыць туды яго продкі патрапілі яшчэ з нейкай краіны, хутчэй за ўсё з тэрыторыі Чэхаславакіі.

– Галандыя – гэта недалёка ад Германіі, так? – запытаў Антоні.

– Так. – адказаў ксёндз Павел і ўсміхнуўся.

– Мой продак – галандзец! А што-небудзь яшчэ ёсць? – спытаў Антоні.

Косцік стаў гартаць сшытак ў пошуках згадак прозвішчы Костка.

– 7 Лістапада 1731. «Нараджэнне. Паліна Костка». А потым 8 Лістапада 1731. «Смерць. Паліна Костка».

– Небарака. І больш нічога?

– Не. Мабыць ранейшы аўтар больш не змог пісаць. Або сам памёр.

Усе пакінулі свае больш старыя сшыткі і пачалі вывучаць больш новыя. І зноў пашанцавала Косціку. У сшытку, датаваным 1732-1790 гадамі, ён прачытаў ад паслядоўніка мнагаслоўнага летапісца, што ў 1740 годзе вёску перайменавалі. І назвалі Косткаўшчына. У гонар Андрэа Костка. Пан Костка, так аб ім пісаў аўтар, усім даваў працу, шчодра ахвяраваў на касцёл і наогул быў вельмі добрым чалавекам. Антоні, слухаючы ўсё гэта, усміхаўся. Усе адклалі сшыткі і слухалі толькі тое, што чытаў Косцік: паслядоўныя каментары да ўсіх падзеяў, якія адбываліся ў гэтай сям’і. Нараджэнне яшчэ чацвярых дзяцей. Смерць Алены і яе пышнае пахаванне. Смерць самога Андрэа ў 1770 годзе. Жаніцьба малодшага сына – Франца – у 1785. Затым зноў каментары перапыніліся. І толькі сухія лічбы, запісаныя ў сшытак, адлюстроўвалі падзеі нараджэння, хросту і смерці людзей. Сярод усяго патоку імёнаў, па-ранейшаму не знікаючы, ззяла прозвішча Костка.

У новым сшытку, датаваным 1791-1830 гадамі зноў з’яўляецца шматслоўны летапісец. І тут дадзеныя, якія тычыліся людзей з прозвішчам Костка, усе слухалі затоена. Разгадка роду была блізкай. У 1791 годзе нарадзіўся той самы Бернард Костка, якога па нейкай прычыне пахавалі ў Кавальчуках.

– Летапісец піша: «прынеслі яго хрысціць, а ён крычыць, увесь потны, ножкамі ўпіраецца. Раней такога ні з адным дзіцем не здаралася».

– Гэта яшчэ нічога не значыць, – сказаў ксёндз Павел. – Я таксама крычаў, калі мяне хрысцілі. А стаў святаром.

А Косцік тым часам лістаў далей, шукаў інфармацыю аб тым самым Бернардзе. Знайшоў толькі ў 1820 годзе.

– «5 чэрвеня 1820. Нараджэнне Аўгустыны Костка, дачкі Бернарда і Віялеты Костка, якая прыходзіцца яму траюраднай сястрой. Скандальная гісторыя, якую я, зрэшты, апісаў у кнізе шлюбу».

Згаданая кніга ляжала каля ксяндза Паўла, таму той яе і адкрыў. Стаў гартаць. Знайшоў патрэбны год і пачаў чытаць ўслых скандальную гісторыю шлюбу:

– «17 верасня 1819 года. Вянчанне Бернарда Костка і Віялеты Плісуцкай. Скандальная гісторыя. Віялета, па чутках, з Варшавы. Траюрадная сястра Бернарда. Ён з братамі і сёстрамі ездзіў кожны год у Варшаву на канікулы. А апошні раз павёз Віялету з сабой. Сказаў, што хоча ажаніцца. Усе былі супраць гэтага. Бацька Бернарда, Уладзіслаў, прасіў ксяндза не вянчаць маладых. Але Бернард здолеў настаяць. Кажуць, нават падкупілі ксяндза. Вянчанне адбылося. Усе баяцца, што ў іх народзяцца хворыя дзеткі». Шукай, Косцік, далей, там павінна быць пра хрост іншых дзяцей.

За акном стаяла ноч, у хлопчыкаў зліпаліся вочы, але ніхто не выказваў жадання ісці спаць. Адзін раз, калі гадзіннік падыходзіў да апоўначы, спусціўся ксёндз Мечыслаў у прыгожым халаце, распавёў, хто дзе будзе спаць, пажадаў ўсім спакойнай ночы і пайшоў. На пытанне хлопчыкаў, адкуль у ксяндза такое незвычайнае адзенне, ксёндз Павел адказаў, што Мечыслаў сам выдатна шые. Усё. Нават сутаны шые сабе сам. І сябрам таксама. Цалкам бясплатна.

Косцік адшукаў запіс аб хросце Барбары. Але там было напісана толькі: «19 Лютага 1821года хрост Барбары Костка. Дзяўчынка прыгожая». У 1821 і 1822 гадах адпаведна з’явіліся на свет яшчэ два сыны Бернарда Костка – Усяслаў і Павел. А затым у 1830 – сын Канстанцін.

– Гэта мой дзед! І ніякай інфармацыі пра пераезд або нейкае няшчасце. А памёр жа Бернард Костка ў 1831 годзе.

– Наступны сшытак чытай, – ксёндз Павел працягнуў Косціку сшытак, датаваны 1831-1876 гадамі.

Гэта быў поспех. Зноў усё падзеі запісваў нейкі гаварлівы летапісец.

– 11 студзеня 1831 года пакінула гэты свет Віялета Костка. Яна нарадзіла насуперак размовам, чацвярых цудоўных дзяцей. Памерла ад іспанкі.

– Іспанка – гэта грып, – патлумачыў ксёндз Павел.

Косцік працягнуў чытаць тое, што было напісана ў сшытку.

– ... На Бернарда было страшна глядзець. Ён увесь сагнуўся ад гора. Забыўся пра дзяцей, за якімі ў гэты час сачылі шматлікія сваякі. Кажуць, ён збіраецца пакінуць Косткаўшчыну і перабрацца ў Кавальчукі. Да сябра дзяцінства Уладзіміра Сквароўскага. Яму невыносна жыць у доме, дзе больш няма яе. Людзі асуджаюць яго ўчынак – хоча пакінуць дзяцей сіротамі». Больш нічога не напісана.

Усе сядзелі моўчкі і глядзелі на Косціка, нібы чакалі, што ён скажа штосьці яшчэ. Атрымлівалася, што пасля смерці жонкі Бернард Костка з’ехаў з Косткаўшчыны і, забіты горам, неўзабаве памёр у гасцях у сябра. Там яго і пахавалі. Толькі вось у тых кнігах няма ніякага запісу.

– Трэба знайсці, калі ён памёр, – сказаў Косця, – У кавальчукоўскіх кнігах нічога няма. Магчыма, будзе тут.

І сапраўды, праз некалькі старонак быў запіс аб смерці Бернарда.

– «11 лютага, – гэта значыць, праз месяц, – 1831 года ў вёсцы Кавальчукі сканаў Бернард Костка. Пахаваны там жа », – зачытаў Косцік.

Гісторыя радаслоўнай Антонія была раскрытая. Пра тое, чаму ён нарадзіўся ў Кавальчуках, ён мог сам спытаць у бацькоў.

Гадзіннік паказваў дзве гадзіны ночы. Акуратна склаўшы сшыткі на стале, ксёндз і хлопчыкі ўзялі лямпы і ў поўнай цішыні падняліся па лесвіцы. На другім паверсе, гэтак жа як і ўнізе, было дзве дзверы і маленькі калідор. Ксёндз павярнуў у левыя дзверы, у той пакой, які знаходзіўся над гасцінай, а хлопчыкі павярнулі ў правыя дзверы – той пакой, што размяшчаўся над кухняй. Ён быў даволі прасторны, з двума ложкамі, з пасцеленай бялізнай. Каля акна стаяў столік з люстэркам. На падлозе ляжаў дыван. Святло лямпы выхапіла з цемры яшчэ штосьці: на падлозе ляжаў матрас, так што хлопчыкам трэба было вырашыць, хто гэтую ноч правядзе не на ложку.

Лямпу паставілі на адзіны ў пакоі столік і вырашылі выкінуць на пальцах, хто будзе спаць на матрасе. Пасля простых маніпуляцый высветлілі, што гэтым чалавекам будзе Косцік. А ён і не быў супраць паспаць на падлозе.

Лямпа на століку выглядала неяк злавесна. Свет адбіваўся ў люстэрку, і пакой у ім бачыўся ў паўцемры. Нейкія няясныя цені рухаліся па сцяне. Зусім ясныя, вядома ж, – адлюстраванне саміх хлопчыкаў. Але ўсё роўна, выглядала ўсё некалькі злавесна.

Косцік прыпомніў, як аднойчы вырашыў паваражыць на жонку. Усё як трэба: цёмная лазня, люстэрка, свечка перад ім. Пасля доўгага ўглядання Косцік і сапраўды ўбачыў кагосьці за сваёй спінай. Юны варажбіт тады з крыкам выбег з лазні і вырашыў такія эксперыменты больш не праводзіць.

Усім хлопчыкам было неяк ніякавата ад гэтага святла ў люстэрку, таму было вырашана класціся спаць. Усё роўна нічога акрамя трох фігур невысокага росту ў гэтым люстэрку больш не ўгледзеш.

Раніцай сяброў разбудзілі даволі позна, моцна пастукаўшы тры разы ў дзверы. Сонца ўжо радасна свяціла ў акно другога паверха і можна было добра разгледзець увесь пакой. Сцены былі абклеены такімі ж шпалерамі, як і ў гасцінай, белая печ займала ўвесь правы кут, на вокнах віселі ідэальна белыя фіранкі. Але пакой, відаць, быў не жылы, а толькі для гасцей, таму што не было ні шафы, ні тумбачкі – толькі столік з люстэркам, стул і два ложкі.

Хлопчыкі апрануліся, спусціліся ўніз і сустрэлі ксяндза Паўла ў гасцёўні. Стол быў накрыты да сняданку, але святар не прыступаў да ежы, чакаў дзяцей. Сшыткаў у пакоі відаць не было. Мабыць, ксёндз Мечыслаў сам аднёс іх у касцёл. Паснедалі, развіталіся з хатняй гаспадыняй, шчыра падзякавалі ёй за гасціннасць. Пасля дзеці за ксяндзом Паўлам выйшлі на двор і накіраваліся ў касцёл. На імшу, якую абодва ксяндзы адслужылі разам.

Было прыемна і радасна глядзець на гэтых двух прыгожых святароў, людзей, якія маліліся за ўсіх на гэтай зямлі.

– Бывай, Пашка. Быў рады цябе пабачыць. Спадзяюся, яшчэ заглянеш.

На імгненне твар ксяндза Паўла пакрыў цень. Але ён тут жа шырока ўсміхнуўся і, абняўшы ксяндза Мечыслава, сказаў:

– Абавязкова, брат, сустрэнемся, а інакш і быць не павінна.

Настаў час выбірацца ў зваротны шлях. Тым больш, што трэба было паспець у Кавальчукі да сямі вечара, каб правесці імшу для мясцовых людзей.

– Антоні, скажы мне, ты задаволены вынікамі пошуку? Ты высветліў, што твае продкі на самай справе былі багатымі і паважанымі людзьмі. Цяпер ніхто не мае права даказваць табе адваротнае, – сказаў ксёндз Павел, калі яны ўжо ішлі па лесе.

– Як і я нікому нічога не змагу даказаць.

– Гэта праўда, – сказаў Косцік, укладаючы ў свае словы трохі іншы сэнс.

І каб не палохаць беднага Антонія і не тлумачыць, адкуль ён ведае, дадаў, што ніхто не бачыў гэтых сшыткаў.

– Ты можаш адсылаць нявернікаў да мяне, – сказаў ксёндз Павел і ўсміхнуўся. – Мне нельга не паверыць, я ж святар, я не магу хлусіць.

У лесе было спакойна і прыемна. Спявалі птушкі, сонца, прабіраючыся скрозь зялёныя галіны, весела іграла на тварах падарожнікаў. Вырашылі, каб не губляць дарма часу, не спыняцца. Таму паспелі да сямі гадзін вярнуцца ў вёску.

Касцёл быў поўны людзей. Адкрыла святыню Косцікава прапрабабуля, якая ведала, дзе ляжаць ключы. Усе чакалі ксяндза, а калі ён з’явіўся ў дзвярах, нечакана самі для сябе наладзілі яму апладысменты. Нібыта ён вярнуўся з вайны. І ўсё гэтым вечарам складвалася асабліва. Сам ксёндз гаварыў натхнёна, людзі слухалі яго ўважліва, ловячы кожнае слова і разглядаючы яго твар і постаць. Нібыта адчувалі, што не хутка ўбачаць яго ў наступны раз.

8

На наступную раніцу, яшчэ было цёмна, раздаўся страшны стук спачатку ў дзверы, а потым у акно. Косцік са сна нічога не разумеючы ўскочыў з ложка і стаў апранацца. Ксёндз таксама выйшаў са свайго пакоя і пачаў на хаду зашпільваць гузікі на сутане. Ён жэстам паказаў Косціку сядзець, не выходзіць, а сам пайшоў адчыняць. Пакуль дзверы не адкрыліся, Косцік перабіраў у галаве розныя варыянты, хто б гэта мог быць. Калі хтосьці памёр, прыбеглі б вядома, але, напэўна, не грукалі бы так моцна ў дзверы і ў акно. Можа быць, пачакалі б нават да світання, усё роўна ж адышла душа. Калі хтосьці памірае, то не ладзяць столькі шуму. Можа быць, крыкнулі б. Але не так грукалі.



У калідоры, а затым у кухні, чуўся тупат вялікай колькасці ног, гул галасоў. Толькі не было сярод гэтага хору голаса ксяндза Паўла. Чуйней усіх казаў адзін, той, чый голас Косцік ўжо аднойчы чуў.

- Мы даем вам роўна дзесяць хвілін на тое, каб сабраць рэчы і ісці за намі.

- У чым мяне абвінавачваюць? - спытаўся ксёндз Павел.

- У антысавецкай прапагандзе, контра. Толькі мне дадзены прыказ з табой не гаварыць і нічога табе не тлумачыць.

На парозе з’явіўся ксёндз Павел з лямпай. Ён увайшоў, затым прысеў на кукішкі каля Косціка і жэстам паказаў, каб ён нахіліўся.

- Нічога не палохайся, я яшчэ вярнуся. У іх нічога няма супраць мяне, проста хочуць запужаць. Ужо многіх святароў так вялі, але пакуль нікога не расстралялі. Не хвалюйся. Раніцай скажы тваёй прапрабабулі, каб схавала ключы.

Тое, што ксёндз размаўляе з хлопчыкам, ніхто не ўбачыў. Ім было ўсё роўна, што робіць там гэты напаловучалавек, памяшаны на якімсьці там Боге. Усё роўна яго няма, а значыць, і прафесіі такой, як святар, быць не можа. Будынкі такія прыгожыя будуюць, - так іх можна пад клубы прыстасаваць, ці пад яшчэ што-небудзь. Ці мала ў калгасе патрэб. Здаровыя мужыкі, а ад працы адлыньваюць. Носяць сваю чорную вопратку, і шапочуць штосьці. Вось і зараз, мабыць, перад сыходам, пашаптаць пайшоў. А тое, што ўсе, хто сядзяць у кухні – ахрышчаныя, ніхто не ўспомніў. І тое, што маці хаваюць ад родных сыноў іконы і крыж у ночы, пра гэта ніхто не ведаў. А ксёндз Павел тым часам скончыў гаварыць, сатварыў знак крыжа над галавой спужанага Косціка, пацалаваў у лоб, і пайшоў у свой пакой. Выйшаў хутка, з ужо загадзя складзеным маленькім лакавым чамаданчыкам. Без сутаны. У штанах, кашулі, без пастырскай каўнерыкі, каб не злаваць таварышаў камуністаў, і ў пінжаку. Звычайны малады мужчына. Праходзячы міма канапы, ён зноў перахрысціў хлопчыка, і выйшаў. На яго надзелі кайданкі, як на злодзея або забойцу, і павялі прэч з дома. Толькі калі ляснулі дзверы, Косцік нібы апамятаўся і выбег следам. Ён бачыў, як ксяндза Паўла вялі пад рукі да машыны, схаванай дзесьці за дрэвамі.

Антысавецкая прапаганда. Хто б мог падумаць. Косцік ніколі не чуў ад ксяндза Паўла нічога падобнага. Ён зусім забыўся, што калісьці чытаў пра гэта. Масавыя рэпрэсіі святароў. Нікога яшчэ не расстралялі. Але гэта не перашкаджае яму быць першым выключэннем.

На вуліцы станавілася светла. Першыя промні сонца афарбавалі свежую траву ў залацісты колер. За домам заспяваў певень, перакрываючы сваім звонкім голасам гук матора старога аўтамабіля. Яны нават не сказалі, у якую турму павезлі святара. Дзе яго шукаць, дзе пытацца пра ягоны лёс. Косцік ўсе стаяў і стаяў на ганку, глядзеў на калітку, у якую адвялі ксяндза. Дзіўна, чаму бабуля ніколі не распавядала, што арыштоўвалі ксяндза Паўла Юрскага.

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка