Ганна Старыковіч Шукаючы — знойдзеш




старонка5/9
Дата канвертавання01.05.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

У вырашальны момант, калі Косцік стаяў зусім побач з Ленай, і яна вось-вось гатовая была штосьці вымавіць, дзверы распахнуліся, і на парозе з’явілася прапрабабуля, ксёндз Павел і Андрэй. Гаварыў толькі святар.

– Сёння ноччу зноў спрабавалі падпаліць касцёл. Мы знайшлі… А чаму ты стаіш?

Косцік нічога не адказаў святару. Ён моўчкі дайшоў да ложка і лёг пад коўдру. Прапрабабуля выйшла, ксёндз Павел і Андрэй селі за стол, Алена так і засталася стаяць каля акна.

– Мы знайшлі рэшткі сена. І камяні чорныя на дзесяць сантыметраў у вышыню. Абарона ні да чаго не прывяла.

Андрэй паглядзеў на сястру – яна ўпотай выцірала вочы.

– Усе думаюць, што цябе пабіў Юзэф Мельжыч, – сказаў Андрэй.

– Бог з ім, – нечакана адказаў Косцік, – я ўсё роўна нікому помсціць не буду. Калі будзе трэба, Бог яго сам пакарае.

Сам ён падумаў, што не будзе ў Юзэфа ніводнаго сына, і род яго спыніцца. Жонка яго памрэ раней. А на кім жа гэта ён быў жанаты? Ні на Алене? Косцік спрабаваў узгадаць дачок Юзэфа. Ведаў ён толькі цётку Наташу, яна часцей прыязджала ў вёску. Магчыма, і сапраўды на Алену падобная была? Ці не была? Хлопчык нахмурыўся. Ён стаміўся гуляць у мінулае з яго праблемамі! І пацягнула ж яго штосьці ў гэты дуб! Ўсё жыццё пройдзе ў гэтай дагістарычнай вёсцы, а ён так і не дачакаецца хаця б электрычнасці.

Ксёндз Павел, які заўсёды адчуваў настрой Косціка, услых сказаў:

– Пойдзем, Андрэй. Кастуся яшчэ рана турбаваць. Няхай паляжыць адзін.

Кастусь і сапраўды хацеў пабыць адзін, закрыць галаву коўдрай і паспаць, а калі адкрые вочы – апынуцца ў родным доме, у сваім пакоі, пачуць, як за дзвярыма перагаворваюцца мама і тата. Так ён і зрабіў – моўчкі адвярнуўся да сцяны і накрыў галаву коўдрай. Па твары пакаціліся слёзы крыўды на ўсе на свеце і на сябе ў першую чаргу.

Алена, Андрэй і ксёндз Павел, тым часам выйшлі.

5

Але раніцай нічога не адбылося. Косцік прачнуўся ў тым жа доме ксяндза Паўла, у тым жа тысяча дзевяцьсот дваццаць дзевятым годзе, ды яшчэ з падбітым вокам і хворай спінай. Ніякай радасці. Так, шкадуючы сябе і пакрыўджаны на кожнага, ён правёў у ложку цэлы тыдзень, а потым, як і сказаў доктар, яму стала лепш, і ўжо праз паўтары тыдні ён з’явіўся ў школу.



Як толькі хлопчык увайшоў у клас, то адразу зразумеў – нешта змянілася. Быццам бы і парты на месцы, і дзеці ўсё тыя ж, толькі вось глядзяць інакш. Хтосьці са здзіўленнем, хтосьці абыякава, а хтосьці, як Юзік Мельжыч – з пагардай.

Косцік моўчкі сеў за сваю парту і стаў слухаць настаўніцу. Толькі нічога не чуў. Перад ім сядзела Алена і ён мог глядзець толькі на яе. Аднак звыклага люстэрка ў яе руцэ не было і Кастусь не змог паглядзець ёй ў вочы. А варта было б.

На перапынку Сяргей распавёў, што адбылося. Аказваецца, пакуль Косцік вымушана хварэў, Алена пагадзілася, каб Юзік правёў яе дамоў, а потым яшчэ некалькі разоў. Ён цяпер заўсёды за ёй ходзіць. І Косцік нібыта ўжо і ўбаку. А пабіў яго тады сваімі вялізнымі кулакамі Грыша. Ён хваліўся пра гэта і не бачыў, што недалёка стаіць Сяргей.

Што ж, значыць, штосьці ён рабіў не так. Значыць, так трэба, каб Алена стала любіць іншага. Вось так, за тыдзень, пакуль яго не было.

На наступным перапынку сумныя Косціны разважанні перапыніў Антоні Костка.

– Я такое знайшоў! Такое! – шчокі ў яго гарэлі, а ад нецярпення ён заломваў пальцы на руках.

– Што ты знайшоў? І чаму ты толькі на гэтым перапынку кажаш? – спытаўся Сяргей.

– Я ж ведаў, што ты павінен расказаць Кастусю пра Алену, – адказаў Антоні, відавочна збянтэжаны. А потым працягнуў: - Мне ніхто ніколі не казаў, што я належу да старажытнага шляхецкаяга роду. Пасля рэвалюцыі ўсе саромеліся пра гэта казаць. А тут я сам натыкнуўся на магілу! Бачылі, тыя, якія на могілках за касцёлам стаяць? Дык вось адна з іх належыць майму прадзеду!

– А другая каму належыць? – спытаўся Косцік, хоць сам выдатна ведаў адказ.

Ён здзівіўся, што хлопчык толькі зараз трапіў на могілкі.

– Мельжычам, – адказаў Антось. – Але ён заўсёды казаў, што толькі яны шляхта, а я ж не ведаў.

- І што гэта змяняе? - спытаў Сяргей. - Ты ж не вернеш сабе тытул. У нас іх даўно няма. Ну, стаіць сабе магіла – і няхай стаіць!

- А тое мяняе, што падманвалі мяне ўсё жыццё, распавядаючы, што прадзед мой быў прыгонным селянінам. А ён быў высакароднай крыві!

Антоні амаль што крычаў. Толькі рука Косціка на спіне трохі стрымлівала яго эмоцыі.

- А хто табе сказаў, што там ляжыць менавіта твой прадзед? Магчыма, ты нашчадак прыгоннай сялянкі і якога-небудзь кучара, які атрымаў прозвішча Костка ў знак доўгай службы?

- А я... Ну цябе! - Антоні вельмі пакрыўдзіўся.

Ён заўсёды верыў, што з’яўляецца нашчадкам слаўнага роду. Слава якога, на жаль, ужо нікому не патрэбна. Ён пакрыўджана паглядзеў на Сяргея і пайшоў у клас.

- Дарма ты яму так. Між іншым, у нас з табой таксама не простыя прозвішчы. Тры роды заснавалі гэты край: Сквароўскі, Мельжыч і Костка. Усе яны пахаваныя на могілках за касцёлам, які пабудаваў наш з табой продак, Леанард.

- А чаму наш, а не мой? Ты якія маеш да ягоадносіны? Тое, што прозвішчы ў нас з табой аднолькавыя ...

- Я ўсё раскажу табе пасля заняткаў.

Косцік давёў Сяргея да самага дома. І ўсё распавядаў, распавядаў. І пра тое, дзе ён жыў, пра тое, як сюды трапіў. І пра тое, чаму не сышоў.

- Не можа быць, - увесь час паўтараў Сяргей і глядзеў на снег.

А Косцік адказваў:

- Можа, - і распавядаў далей. Як прыемна было зноў усё расказаць. Ён як быццам зноў патрапіў у свой свет, пераацаніў такія рэчы, як электрычнасць, газавая пліта. З гонарам, нібы сам лятаў, распавёў, што людзі пабывалі ў космасе, і на Месяцы хадзілі. Пачуўшы пра тое, што людзі заляталі за аблокі, Сяргей спытаў:

- А Бога яны бачылі?

- Не. Хіба Бога можна ўбачыць? Ён жа не сядзіць на троне, як цар! Бог ёсць паўсюль, нават у гэтым снезе. Праўда, адзін з касманаўтаў, якія высадзіліся на Месяцы, потым стаў святаром і ніколі не даваў інтэрв’ю.

Хлопцы стаялі каля плота і размаўлялі, пакуль не сцямнела. Потым Косцік пайшоў у дом ксяндза, а Сяргей да сябе ў дом. Ён ніяк не мог паверыць, што сапраўды ажэніцца на Машы, у іх народзіцца сын, а потым з’явіцца унук, з якім ён толькі што асабіста размаўляў. І ўвогуле, кантактуе з ім некалькі месяцаў! Не можа быць! Не можа быць ... А ён раўнаваў яго да ўласнай бабулі! Хоць, калі дуб гэты ніколі больш не з’явіцца, усё яшчэ можа змяніцца ...

Косцік прыйшоў дадому таксама ў выдатным настроі. Нарэшце ён з кімсьці яшчэ падзяліўся сваёй тайнай! І не з кімсьці, а з уласным дзедам. Косця хутка пад’еў, зрабіў хатнія заданні і пабег у касцёл. У шэсць гадзін вечара пачалася імша, а ён, як заўсёды, хацеў у ёй удзельнічаць.

Ксёндз Павел быў вельмі смелым чалавекам. Ён з усімі быў шчыры, ніколі не баяўся казаць праўду. Так і ў гэты вечар.

- Дарагія! Нашаму касцёлу пагражае небяспека. Яго хочуць знішчыць. Аднак мы павінны змагацца да канца. Я планую узмацніць ахову, і, калі спатрэбіцца, сам стану дзяжурыць разам з мясцовымі мужчынамі. Трэба тэрмінова пабудаваць прасторную вартоўню з печкай і вялікімі вокнамі з трох бакоў. Таксама павесім вакол касцёла ліхтары. Дзяжурыць будзем па двух. Спадзяюся, што гэта дапаможа.

Вартоўню прыняліся будаваць на наступны ж дзень. Пяцёра мужчын, у тым ліку і прадзед Косціка, сабраліся разам і пабудавалі прасторную хатку – такую, як прасіў ксёндз Павел. Заставалася толькі здагадвацца, як яны сабралі патрэбны матэрыял і дзе, але да вечара маленькі домік быў гатовы. Печка была маленькай і нагадвала комін. Каля акна, якое выходзіла на касцёл, – невялікая лаўка, але не вельмі зручная, каб не было спакусы спаць. Каля працілеглага акна – стул. На печцы – лямпа. Вось і ўсё багацце.

Сэнсу ад такой вартоўні было мала, калі няма ліхтароў. Так што праз два дні ўстанавілі ліхтары, зробленыя па прынцыпе газавай лямпы. Увесь той час, пакуль ішло будаўніцтва, вакол касцёла панавала неверагоднае ажыўленне. Ксёндз Павел падыходзіў да будаўнікоў, аб чымсьці з імі гаварыў, потым дапамагаў пілаваць дошкі, разводзіць раствор. Перыядычна, калі станавілася горача, ён скідваў сваё паліто і шалік і заставаўся ў адной сутане, якая краямі чаплялася за снег.

Праз тры дні ўсё было гатова, і першыя вартаўнікі заступілі ўвечары на дзяжурства. Гэта быў сам ксёндз Павел і бацька Антонія Костка. Дзяжурства распісалі на тыдзень наперад - так шмат аказалася добраахвотнікаў. Косцік бачыў гэты спіс - ні аднаго з Мельжычаў там не было. Ясная справа - куды панскаму роду аховай займацца! Так казаў Сяргей. Асабліва стараўся ён так казаць пры Антоніі, чые сваякі першымі запісваліся ў ахову. А Антоній ганарыўся – казаў, што і сам бы пайшоў, ды толку ад яго мала - маленькі і худзенькі. Вось ад Грышкі быў бы толк. Дык не пойдзе ж!

Косцік адзін раз паспрабаваў папрасіць ксяндза Паўла павартаваць. У адказ атрымаў доўгі засяроджаны погляд і фразу: ідзі, лепш да дуба схадзі. Косцік не пакрыўдзіўся. Ён і сам, без указкі, хадзіў да дуба кожны дзень. І чым бліжэй з кожным днём станавілася вясна, тым мацней яго цягнула дадому ад усяго гэтага побыту першай трэці дваццатага стагоддзя. Ён не хацеў у гэтым удзельнічаць, не хацеў бачыць, як на яго вачах узарвецца касцёл, і адбудзецца ўсё, пра што распавядала бабуля.

А дуб не з’яўляўся.

6
У Вербную Нядзелю ў касцёле наладзілі грандыёзнае свята. З Куля прывялі асла і зрабілі ўсё гэтак жа, як у першых святароў Рыма. Ксёндз пад’язджаў да ўваходу на асле, а людзі кідалі яму пад ногі пальмавыя галіны. Ну, не пальмавыя, вядома, а вербныя. Але ўражанне складалася адпаведнае. Косцік такога ніколі яшчэ не бачыў і таму моцна дзівіўся. Як распавёў яму потым Сяргей – да гэтага ніколі ў іх вёсцы такога не было. Проста ксёндз Павел з ксяндзом з Косткаўшчыны (то самае сяло, куды Косцік у сваім свеце ездзіў на імшу) дамовіліся адрадзіць традыцыю. Яны з’ездзілі на некалькі дзён у Мінск, правялі час у бібліятэках, а потым вярнуліся кожны ў сваю парафію ладзіць грандыёзнае свята. Спецыяльна для гэтага ўсім хлопчыкам пашылі новыя прыгожыя балахоны з белай парчы, таму ўсё выглядала ўрачыста і прыгожа. На тыдзень перад Вялікаднем дзяцей адпусцілі па дамах, і Косцік правёў гэтыя дні ў кампаніі Сяргея і Антонія. Снег ужо сышоў, таму яны бесперашкодна маглі трапіць на могілкі, не асцерагаючыся змокнуць. Антоні з гонарам паказаў склеп свайго прадзеда. А потым Косцік павёў сяброў да ўжо вядомай яму магілы Леанарда Сквароўскага.

– Адкуль ты столькі ўсяго ведаеш пра гэтыя могілкі? – спытаўся неяк Антоні.

Косцік не адказаў. Толькі ўсміхнуўся Сяргею. Той ведаў яго таямніцу.

Усю пятніцу Андрэй Правадаў, Косцік, Антоні Костка і Сяргей правялі ў касцёле на каленях побач з ксяндзом. Іх ніхто не прасіў і не прымушаў. Яны самі захацелі. Косцік маліўся і прасіў у Бога шмат чаго. Па-першае, каб супакоіліся сэрцы бацькоў. Па-другое, каб нарэшце з’явіўся дуб. Каб сам ён не парушыў ход гісторыі. Таму што шмат адбывалася такога, чаго на самай справе ў мінулым не было: Маша па-ранейшаму глядзела на яго з захапленнем і забывала пра Сяргея, а той пакутаваў. Лена ледзь не прайшла міма свайго лёсу – Юзэфа Мельжыча, і зноў жа – з-за з’яўлення Косціка. Хто ведае, што можа яшчэ адбыцца? І маліўся яшчэ, каб ксёндз Павел нейкім цудам застаўся жыць, а не загінуў пры выбуху. Каб ён увогуле не ішоў начаваць у касцёл. Каб ён паслухаўся яго: з’ехаў з вёскі і зачыніў касцёл на ключ.

Кожны маліўся пра сваё. У касцёле стаяла цішыня. І толькі пяць сілуэтаў на каленях на фоне цёмнага алтара з адной запаленай свечкай стаялі ўвесь дзень на каленях, пакорліва схіліўшы галовы.

Увесь наступны дзень Косцік вельмі хваляваўся і рыхтаваўся да імшы. Яму трэба было вечарам прачытаць пяць урыўкаў з Бібліі. Гучна, выразна, бо мікрафонаў жа няма, як у яго час. Таму хлопчык увесь дзень хадзіў па пакоі і чытаў услых. Тэкст ён вывучыў амаль напамяць. І ўсё роўна хваляваўся: раптам нешта пойдзе не так?

Аднак дарэмна хваляваўся – усё прайшло выдатна. Косцік чытаў і адчуваў моц свайго голасу, захапленне ад таго, што ён чытае для такой вялікай колькасці народа: касцёл быў поўны людзей. Народ з’ехаўся на Вялікдзень з усіх акруговых вёсак. Упершыню Кастусь падумаў пра тое, што можна было б пайсці вучыцца ў семінарыю і стаць святаром. Гэтая думка прамільгнула і знікла за хваляй іншых пачуццяў і думак. Але з’явілася і абяцала вярнуцца яшчэ.

У нядзелю першая імша была ў сем гадзін раніцы, і Косцік удзельнічаў у ёй. Было шмат людзей, усе прыйшлі памаліцца і сказаць адзін аднаму “Хрыстос уваскрос”, перш чым прыступіць да святочнай трапезы. Косцік думаў, што прапрабабуля, як заўсёды, накрые ім стол у доме ксяндза, але ён памыляўся. Сяргей Сквароўскі папрасіў бацькоў, каб яны запрасілі святара і іх далёкага сваяка да сабе на святочны абед. Ксёндз Павел не стаў пярэчыць. Ён ведаў, што Косцік распавёў пра ўсе Сяргею, таму яму цяпер было лягчэй і цікавей знаходзіцца ў гасцях. Адразу пасля імшы яны закрылі касцёл і разам з усімі Сквароўскімі, якія прысутнічалі з раніцы ў касцёле, адправіліся да іх у госці. Дазор у гонар свята вырашылі не выстаўляць.

Дом быў поўны гасцей. Мала таго, што сабраўся ўвесь род Сквароўскіх, дык яшчэ была Маша, Антоні Костка, Уладзік Мельжыч, а потым зазірнуў, даведаўшыся, што ксёндз тут, Андрэй Правадаў. Лены не было, але Косцік адчуў, што гэта яго зусім не засмучае. Ён не хоча бачыць яе лішні раз пасля такой здрады. Затое Маша па-ранейшаму не зводзіла з Косціка вачэй, а ён знарок увесь час з кім-небудзь ажыўлена размаўляў або зусім выходзіў на вуліцу падыхаць вясновым паветрам.

Калі ўжо стала цёмна, ксёндз Павел і Косцік сталі збірацца дадому. І Андрэй Правадаў і Сяргей вызваліся іх праводзіць. Ужо на сярэдзіне алеі яны заўважылі, што каля касцёла нешта творыцца нядобрае. Ліхтары яшчэ не запальвалі, але было неяк светла, не гледзячы на тое, што сонца ўжо зайшло. Калі ксёндз Павел зразумеў, што адбылося, ён не стрымаўся і ўскрыкнуў, а потым кінуўся да касцёла. Андрэй дабег да святара раней, чым Сяргей і Косцік.

Пачуўшы крыкі “пажар”, яны кінуліся да дома ксяндза за вадой – так здарылася, што каля касцёла ніколі не было студні. Яны прыцягнулі два вядры з вадой. Але небяспека мінула. Ксёндз Павел і Андрэй затушылі полымя уласнымі паліто. Зараз уся сцяна, дзе быў алтар, была чорнай. А Андрэй і ксёндз Павел стаялі і цяжка дыхалі, выглядалі магчымае полымя. Распаленыя камяні залілі вадой, затым запалілі ліхтары і пачалі агляд. На крыкі з вёскі з вадой прыбеглі мужыкі. Унізе ляжалі рэшткі тлеючай саломы, а ўся сцяна была аблітая нейкай алейнай вадкасцю. І спецыяльна з боку алтара, каб з вёскі было не вельмі заўважна. Гарэла не вельмі даўно. Але камяні паспелі зчарнець, хоць незваротныя працэсы яшчэ не пачаліся.

Святочны настрой знік. На ксяндза Паўла было страшна глядзець. Ад дыму яго твар счарнеў, ды нават калі б ён і не змагаўся з агнём, усё роўна б не выглядаў задаволеным. Пасля разбору таго, што здарылася, ён моўчкі, нават не азіраючыся на Косціка, пайшоў дадому, пацягнуў за сабой сапсаванае паліто. Калі хлопчык увайшоў у хату, то ўбачыў ксяндза, які сядзеў за сталом і як у самыя цяжкія хвіліны, глядзеў на падлогу. І Косцік нічым не мог яму дапамагчы. Ён здагадваўся, пра што думае святар, і не адважваўся загаварыць першым. Моўчкі прысеўшы на канапу, пачаў глядзець у цёмнае акно, за якім нічога не было відаць. На стале стаяла лямпа і асвятляла чорны ад сажы твар ксяндза Паўла. Нарэшце святар загаварыў:

– Я не ведаю, што рабіць. Можа быць, і сапраўды аддаць ім касцёл, каб толькі яго не псавалі?

Косцік сядзеў моўчкі. Касцёл аддаваць нельга, парушыцца ход гісторыі. Усё зменіцца. Будзе па-іншаму. Яго павінны менавіта падарваць. Толькі без ксяндза. Хай з’едзе, згубіцца дзе-небудзь у Польшчы. І пра яго ніхто не даведаецца. Пасля некаторага роздуму Косцік усё гэта сказаў ксяндзу Паўлу.

– Як я паеду? Кіну вас? Гэта тупік! Тупік! Тупік...

Ён устаў і выйшаў з пакоя. Яго не было каля дзесяці хвілін. Затым ён вярнуўся, ужо з чыстым тварам, і моўчкі прайшоў да сябе ў пакойчык.

На наступны дзень Косцік збіраўся ў школу адзін. Прапрабабуля сказала, што ксёндз выехаў у Мінск. Выйшаў у пяць гадзін раніцы, каб паспець дайсці да прыпынку. Навошта – не сказаў.

У школе на перапынку Сяргей, Антоні і Косцік, як заўсёды, размаўлялі ў калідоры. У Антонія з’явілася вар’яцкая ідэя аднавіць сваё генеалагічнае дрэва. І ён нават знайшоў магчымасць. Па-першае, у касцёле захоўваліся кнігі, дзе рэгістравалі нованароджаных, а таксама смерці. Па-другое – Косткаўшчына. Назва гаворыць сама за сябе. Варта наведацца туды. Снег сышоў, днём цёпла, у лесе даволі суха. Калі ісці не па шашы, а праз лес, то можна дабрацца хутка. У Косцін час дарога ў Косткаўшчыну была толькі па шашы. Бабуля паказвала, як раней ляжаў шлях праз лес. Але там усё так зарасло, што немагчыма было прайсці. А тут, такую колькасць гадоў таму, усё магчыма. Дамовіліся зрабіць гэта падарожжа ў суботу. А сёння ж вечарам спытаць ксяндза пра гэтыя кнігі. Калі ён, вядома, паспее вярнуцца з Мінску.

Ён паспеў. Вярнуўся ў такім жа разагнаным настроі, так што Косцік не адважыўся пытацца яго пра што-небудзь. Напэўна, страшна жыць з думкай пра тое, што хутка памрэш. Асабліва, калі ведаеш нават месяц. Добра, што Гасподзь пазбавіў чалавека магчымасці ведаць сваю будучыню. І дзень смерці.

Пасля імшы дзеці падышлі да ксяндза Паўла са сваім пытаннем. І аказалася, што гэтыя кнігі сапраўды ёсць. Святар паклікаў дзяцей, каб падняліся на хоры. Там каля аргана яны ўбачылі вялікі дубовы куфар, скі сцямнеў ад старасці. У яго была масіўная замочная свідравіна незвычайнай формы – з промнямі ў выглядзе зоркі. Чамусьці Косцік чакаў, што цяпер ксёндз Павел з таямнічным тварам здыме ключ з грудзей і адкрые дзецям якую-небудзь страшэнную тайну. На справе ўсё аказалася значна прасцей. Святар выцягнуў ключ з кішэні сутаны (калі ён паспеў яго ўзяць з захрыстай, Косцік не бачыў), адкрыў старажытны куфар і перад паглядамі дзяцей паўстала стопка старажытных сшыткаў.

Праўда, верхнія два сшыткі былі самыя звычайныя, такія, у якіх пішуць у школе.Твар святара неяк змягчэў. На ім з’явілася нават нейкае падабенства ўсмешкі.

– У самым апошнім сшытку запісаны толькі даты вашага хросту, дзеці. А вось у тых запісвалі дату нараджэння. Гэта тады было, як зараз ЗАГС, – касцёл выдаваў даведкі. І царква таксама.

З цікаўнасці сталі гартаць спачатку верхні сшытак. Даведаліся, што Сяргея і Машу хрысцілі ў адзін дзень. Толькі ў розны час. А Антонія хрысьцілі раней, чым Юзэфа Мельжыча. І яшчэ ў Антонія (ён і не ведаў, бо ніхто яму не распавядаў), аказваецца, было падвойнае імя – Антоній Бернард. Назваць назвалі, але ўслых не прамаўлялі, як бы ў чым не абвінавацілі. І ў вёсцы яго наогул часта называлі Антось. А ён, аказваецца, Антоні Бернард. Гэта надало хлопчыку ўпэўненасці ў сабе і ў тым, што ён абавязкова знойдзе продкаў. Аднак далей сяброў чакала расчараванне. Ні ў адным сшытку больш не было ніводнага чалавека з прозвішчам Костка, акрамя яго. Нават бацькоў не было. Значыць, яны аднекуль пераехалі сюды. Мабыць, з Косткаўшчыны. Тады чаму яго продак пахаваны менавіта на гэтым могілках? Хаця смерць яго ў апошнім сшытку не зарэгістраваная. Знайшлі, праўда, усіх Сквароўскіх. Першай зарэгістраванай смерцю была смерць Леанарда Сквароўскага. Так і было напісана: фундатар касцёла Св. Пятра і Св. Паўла. Затым перад нашчадкам прабег яго ўвесь радавод. Да слова сказаць, не ўсе народжаныя ў Кавальчуках, знаходзілі спакой тут жа. Многія з’язджалі, асабліва дзяўчаты. Мабыць, выходзілі замуж.

Хлопчыкі сядзелі на хорах і вывучалі даты нараджэння і смерці да адзінаццаці гадзін вечара. І ксёндз сядзеў разам з імі. Ён крыху аддаліўся ад сумных думак. Каментаваў прачытанае. А потым выказаў ідэю, што лепш за ўсё пашукаць у касцёле ў Косткаўшчыне. Тым больш, што вёска так называецца. Яна даволі вялікая. Проста так іх да архіўных сшыткаў ніхто не дапусціць, таму ён пойдзе разам з імі, каб самому папрасіць мясцовага ксяндза пусціць іх да сшыткаў.

Хлопчыкі вельмі ўзрадаваліся, што можна будзе правесці цэлы дзень у кампаніі адзін аднаго. А больш за ўсё радаваўся Антоні, што з яго ідэі – аднавіць генеалагічнае дрэва – ніхто не смяецца. Увесь тыдзень праляцеў у чаканні радаснага падарожжа, хлопчыкі абмяркоўвалі падрабязнасці маршруту і хто якія рэчы возьме з сабой. І кожны вечар хадзілі ў лес глядзець на гэтую дарогу. Яна сапраўды была зусім іншая, чым праз шесцьдесят сем гадоў. Косцік глядзеў на месца, дзе павінен быў расці дуб, аднак яго там не было.

У суботу выйшлі рана, у шэсць гадзін ўжо стаялі на ўскрайку леса. У кожнага за плячыма было па невялікім мяшэчку, дзе ляжала ежа, вада і нож. На ўсялякі выпадак.

Вясновы лес – гэта штосьці чароўнае. Гэта наглядная ўрачыстасць жыцця над смерцю, доказ таго, што нічога не знікае бясследна, і жыццё не заканчваецца прыпынкам сэрца. Аб усім гэтым дарогай казаў хлопчыкам ксёндз Павел. Казаў натхнёна і з ясным позіркам. Ён глядзеў на вясновы лес і разумеў, што больш ніколі яго не ўбачыць, і не баяўся гэтага. А вось сябры прыціхлі. Асабліва Косцік. Ён ясна разумеў, навошта пайшоў з імі ксёндз Павел і навошта задумаў гэтую размову. Сяргей таксама маўчаў. А вось Антоні гаварыў без перапынку:

– Здараецца, напрыклад, так, што дрэва цалкам гіне. Надыходзіць вясна, а на ім няма ні аднаго лісточка. Значыць, яно цалкам загінула. Усё. Як вы кажаце, спыненне сэрца. Прыйшла вясна, толькі не для яго.

– А колькі часу расло гэта дрэва? Ад яго адлятала насенне, лісце прарастала побач. Птушкі карміліся яго парасткамі, а потым натуральным шляхам частка гэтага дрэва ажыла за сотні кіламетраў адсюль. Я зараз кажу не толькі пра тое, што пасля смерці ёсць іншае жыццё для памерлага. А яшчэ і аб тым, што памерлы застаецца ў памяці тых, з кім ён жыў. Дрэннымі або добрымі ўчынкамі.

Косцік зусім апусціў галаву, ён не хацеў, каб хтосьці ўбачыў ягоныя вочы, якія пачырванелі. Было невыносна цяжка слухаць размовы аб сыходзе блізкага чалавека і ён, зладзіў з дрыжыкамі ў голасе і паспрабаваў змяніць тэму:

– Скажыце, ксёндз Павел, а як вы патрапілі ў гэтую вёску? Дзе вы нарадзіліся? Як сталі ксяндзом?

– Нарадзіўся я ў маленькім горадзе, не буду казаць дзе – вы ўсё роўна не ведаеце. Але ў Беларусі. Быў там касцёл. Мяне, як і вас, ахрысцілі ў дзіцячым узросце. А ў пяць год адправілі ў нядзельную школу. Спачатку мне гэта не падабалася. Казалі па-польску і па-беларуску, а я ведаў толькі рускую мову, таму што да таго часу яна шчыльна увайшла ў наш ужытак. Паступова я прывык, а ў дзесяць гадоў не мог уявіць сваё жыццё без касцёла.

– А калі вы зразумелі, што хочаце стаць святаром? – спытаў Антоні, хоць Косціка гэтае пытанне цікавіла яшчэ больш: чаму чалавек вырашае прысвяціць сябе Богу?

– Я заўсёды гэта ведаў. З самага дзяцінства мяне акружалі ксяндзы. Бог дапамог – гэта былі цудоўныя, добрыя, спагадлівыя людзі. Яны ні на чым не настойвалі, а ўласным прыкладам паказвалі, што быць святаром – гэта добра. Не страшна. І калі ляжыць да гэтага душа – не варта супраціўляцца. Калі мне споўнілася пятнаццаць гадоў, ксёндз Святаслаў, якога я любіў больш за ўсіх, спытаў, ці не хацеў бы я рыхтавацца да паступлення ў семінарыю. І я адказаў, што хачу. У васемнаццаць год я паступіў у духоўную семінарыю ў горадзе Любліне. Скончыў яе, і мяне адправілі на Радзіму. Як ні дзіўна, Савецкая ўлада прыняла мяне назад. Пакуль што ў нас не перашкаджаюць навучанню святароў. Але гэта, відаць, не надоўга.

Ён змоўк, і ніхто з хлопчыкаў не адважыўся парушыць цішыню. Нават Антоні.

– Добра, калі змагу гэтым летам адправіць Андрэя вучыцца.

На адной з палянак вырашылі прысесці, адпачыць. Перакусіць. Ісці яшчэ заставалася каля васьмі кіламетраў. Сонца стаяла высока, і нават крыху пякло. Птушкі заліваліся шчаслівым спевамі. Жыццё ішло сваёй чаргой. Прыгожы амаль трыццацігадовы мужчына ў сутане сядзеў у атачэнні трох хлопчыкаў, еў, чтосьці спакойна распавядаў, і бачыў вясну ў апошні раз. І сэрца яго білася надзіва роўна.

7
У вёсцы Косткаўшчына падарожнікі з’явіліся ў дзве гадзіны дня. Косцік заўважыў, што яна не моцна змянілася па сканчэнні амаль сямідзесяці гадоў. Тыя ж хаты, той жа касцёл на гары, які пакрывае чвэрць вёскі сваім ценем. У дзевяностых вёска, вядома, крыху разраслася, і на ўсіх бакавых вуліцах ляжаў асфальт. Зараз жа і на галоўнай вуліцы, і на бакавых было цяжка прайсці. Нягледзячы на сухое надвор’е, дарога выглядала месівам – столькі кароў і коней праходзіла па ёй за дзень. Тым не менш, на вуліцы гулялі дзеці, праз плот было бачна, як самыя маленькія з голымі ножкамі ўжо сядзелі на кажухах, пасцеленых на траве, і нешта цягнулі сабе ў рот.

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка