Ганна Старыковіч Шукаючы — знойдзеш




старонка4/9
Дата канвертавання01.05.2016
Памер1.28 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

За школай знаходзіўся такі ж аднапавярховы драўляны будынак, толькі было ў ім два ўваходы. Вучні ўпэўнена накіроўваліся ў далёкія дзверы. На ганку стаяў дырэктар і, як заўсёды, з усмешкай, званіў у званочак.

- Хутчэй-хутчэй, а то ўсё ваўкі з’ядуць!

Вучні, асабліва са старэйшых класаў, калі праходзілі міма, усміхаліся дырэктару, а як толькі хаваліся з вачэй – смешна крывілі твары.

Перад залам сталовай быў вялікі калідор з вешалкамі. Вучні свабодна вешалі на яго паліто, не хвалюючыся, што іх украдуць, і праходзілі далей. Абедзенная зала аказалася вельмі вялікім пакоем з расстаўленымі сталамі і лаўкамі. Кожны клас ўпэўнена накіроўваўся да свайго месца. Вось тут Косцю чакалі цяжкасці. Яго аднакласнікі спазняліся.

Нечакана з-за спіны пачуўся знаёмы голас:

- Шосты клас есць за тым крайнім сталом. Колькасць порцый заўсёды заказвае дырэктар, так што пачынай спакойна.

Косцік павярнуўся. За ім стаяў Андрэй Правадаў. Ён скончыў школу два гады таму, і цяпер дапамагаў у сталовай, дзе працавала яго мама.

- Дзякуй, - толькі і паспеў сказаць хлопчык, як адкульсьці збоку пачулася:

- Наш разумнік усюды першы! Усе вырашыў, а зараз прыйшоў у сталовую падсілкавацца!

Грышын голас, які не выгаворваў «р», можна было пазнаць і не паварочваючыся. Але Косця ўсё-ткі павярнуўся, памаўчаў, а потым сказаў:

- А ты, я бачу, усё робіш апошнім, толькі есці прыходзіш хутчэй за ўсіх. Вядома, з такім ростам і плячыма есці хочацца. Дарэчы, колькі табе гадоў?

Адказу не было, толькі той самы кулак, які так не спадабаўся Косце, ужо ляцеў яму ў лоб і нішто, здавалася, не магло яго спыніць. Акрамя голасу дырэктара, канешне.

- А ну-ка, руку апусці ўздоўж цела. Ты ведаеш, Рыгор, я боек у сябе ў школе не пацярплю.

Страшны кулак бязвольна апусціўся, нібы з яго выпала косць. А Косці было прыкра, што за яго ўступіўся гэты цукровагалосы Піцірым Уладзіслававіч. Лепш бы ён атрымаў у вока, чым за яго, новенькага і нікому не вядомага, сказаў слова дырэктар.

У сталовай стаяла незвычайная цішыня. Дзеці ужо прыступілі да ежы, спыніліся і моўчкі назіралі карціну: каля ўваходу стаіць здаравяк і злосна глядзіць на невялікага хлопца, а побач стаіць дырэктар і ўсім вядомы разумнік і спявак Андрэй Правадаў. Сястра ў яго – таксама прыгажуня.

Косця вельмі ціха, не гледзячы на дырэктара, сказаў «дзякуй» і пайшоў да стала, на які за хвіліну да гэтага паказваў Андрэй Правадаў.

Пасля заняткаў у школе Косцік адправіўся дадому. Па дарозе яго дагнаў Сяргей.

- Ты так добра вырашаеш матэматыку. У нас ніхто так не можа.

Маўчаць было няветліва, але Косця не ведаў, што адказаць, таму проста паціснуў плячыма.

- Выбачай, калі я табе штосьці дрэннае сказаў, мне проста падалося, што ты на Машу глядзеў.

“І правільна падалося”, - падумаў Косця.

Толькі цяпер яму было не да каханай Сяргея. З галавы не выходзілі прыгожыя вочы Алены Правадавай. На ўсіх, што засталіся, уроках яна для чаго-небудзь паварочвалася і ўпотай глядзела на Кастуся. Калі ж яна сядзела спінай, ён улюблёна разглядаў яе валасы.

- Нічога, я бачыў, што ты не са зла, – адказаў Косцік і ўсміхнуўся.

Усю дарогу яны ажыўлена абмяркоўвалі настаўнікаў і дырэктара. Сяргей распавядаў, адкуль яго бацькі і бабуля з дзядулем, а Косця слухаў, і ўсё тое, што адбываецца раптам перастала здавацца яму нерэальнасцю і чараўніцтвам. У яго з’явіўся блізкі сябар. Каб у яго быў такі ў дзевяностых, ён абавязкова параіўся бы з ім, лезці ў гэты дуб ці не. Ён праводзіў Сяргея дадому, а сам накіраваўся па дарожцы да касцёла. Вельмі ўжо хацелася падзяліцца ўражаннямі з добрым ксяндзом Паўлам. Пакуль ішоў, вядома ж, згадаў, што пакуль дзед быў жывы, то заўсёды любіў, каб унук сядзеў каля ягонага ложка. Распавядаў дзядуля пра вайну і пра партызанаў, гладзіў па галаве. Часам расказваў пра бабулю - якой яна была. І заўсёды казаў, што ніколі не адмаўляўся ад веры ў Бога, што яна яму заўсёды дапамагала. І памёр ён добра, калі так можна сказаць пра смерць. Перахрысціўся дрыжачай рукой, заплюшчыў вочы і больш не адкрываў. Як добра, што зараз Косцік пазнаёміўся са сваім маладым дзедам!

Касцёл быў зачынены і Косцік вырашыў, што ксёндз, мабыць, дома. Ён пайшоў па дарожцы да дому, але потым, не заходзячы ў яго, вырашыў паглядзець на дуб. Ішоў ён з заміраннем сэрца. З аднаго боку хацелася б, каб дуб быў на месцы, з другога боку, у яго тут з’явіліся два сябры, якіх ён назаўсёды страціць, як толькі пройдзе скрозь адтуліну. А з трэцяга боку - там бацькі. І ўсіх шкада, і ўсіх хочацца любіць. І сябе шкада, таму што кімсьці ўсё роўна давядзецца ахвяраваць, а хочацца, каб і бацькі, і сябры былі побач.

Дуба на месцы не аказалася. І Косцік нечакана для сябе з палёгкай уздыхнуў.

Момант выбару аддаліўся сам па сабе.

У сваім новым доме, у доме ксяндза Паўла, Косцік заўважыў, что нешта не так. Ці здарылася штосьці нядобрае? Заўсёды адчыненыя дзверы з кухні ў астатнія пакоі былі зачынены. За сталом, абапіраючыся на руку, драмала Косціна прапрабабуля. Калі хлопчык увайшоў, яна прачнулася, паглядзела на яго і сказала:

- Прыйшоў, унучак? А ў нас тут бяда. Зноў да ксяндза Паўла прыйшлі. Прымушаюць касцёл аддаць. Пагражаюць.

Косцік прысеў на лаўку, таму што ногі ў яго падкасіліся ад страху. Няўжо гэты страшны момант настане раней? Возьмуць і заб’юць яго зараз, і нікога ўгаворваць не трэба… Косця прыслухаўся. З-за дзвярэй даносіліся глухія галасы некалькіх мужчын.

Прайшло пяць маўклівых хвілін. Прапрабабуля зноў задрамала. Косця акуратна ўстаў, зноў прыслухаўся. Усё яшчэ гавораць, але, здаецца, не крычаць, настойваюць. Толькі вось хто? Чакаць больш не было моцы. Косця ўзяў у рукі палатняны мяшок, з сілай, нібы ні пра што не ведае, штурхнуў дзверы. Калі яны расхінуліся, здзіўлена расшырыў вочы і сказаў:

- Здрасце.

А сам тым часам разглядаў, што робіцца ў пакоі. Значыць так. За сталом сядзіць ксёндз Павел, твар, здаецца, спакойны. Спінай да дзвярэй - толькі зараз на хлопчыка абярнуліся - стаяць мужчыны ў чорных скураных плашчах, чорных штанах, зялёных кашулях і высокіх ботах. Жудасць нейкая. І твары такія злыя.

- Ідзі хлопчык, няма чаго тут табе рабіць, - сказаў адзін з мужчын. Косцік не ссунуўся, паглядзеў на ксяндза і мацней сціснуў рукамі палатняны мяшок, гатовы ў любы момант ударыць каго-небудзь ім па галаве.

- Ідзі, Кастусь, паабедай пакуль, а мы тут вырашым свае пытанні.

Голас роўны, і позірк спакойны, мяккі, як заўсёды. Толькі твар белы. Можа быць, і праўда, няма пакуль ніякай вялікай небяспекі.

“Што ж, - вырашыў Косця, - павартую пад дзвярыма”.

Выйшаў, зачыніў іх шчыльна, але сам прыклаў вуха – вось раптам што-небудзь пачуе. І пачуў. Той жа голас, што загадаў Косці выйсці, сказаў:

- Мы вас у апошні раз папярэджваем, вам тут рабіць няма чаго. Вашу царкву…

- Касцёл, - пачуў Косцік ціхі голас ксяндза.

- … усё роўна забяруць. Лепш пакіньце яго нам самі.

- Не, – сказаў ксёндз цвёрда. – Гэта Божы Дом і я не дам вам яго марнаваць, пакуль жыву на гэтым свеце.

- Мы вас папярэджвалі…

Ледзь-ледзь хлопчык паспеў адскочыць і сесці на лаўку, як дзверы рыўком адчыніліся і выйшлі чорныя мужчыны. Ксёндз Павел не выйшаў іх праводзіць. Яны моўчкі прайшлі да выхаду, і толькі апошні, той самы ўладальнік голасу, павярнуўся і паглядзеў на Косціка. Доўга глядзеў. Але нічога не сказаў, выйшаў. Як толькі дзверы зачыніліся, прапрабабуля і Косцік зайшлі ў пакой. Ксёндз Павел так і сядзеў на тым жа месцы, перабіраючы ў руках ружанец і глядзеў перад сабой. Такі ж бледны і маўклівы. Калі бабуля і хлопчык ўвайшлі, ён не адразу звярнуў на іх увагу. Толькі праз хвіліну ён зірнуў на хлопчыка, а потым на бабулю. Памаўчаў. Затым рэзка ўстаў і пайшоў да сябе ў пакой. Косцік пачуў, як у дзвярах пстрыкнуў замок.
4
Праз тыдзень Косціку ў школе стала вучыцца значна цікавей. Вядома, на яго па-ранейшаму нападалі то Грыша, то Валодзя Хіхштэйн, то Юзік Мельжыч. Але былі ў яго і сябры – і дзед Сяргей, і Антоній Костка, і Маша. Але самым прыемным было тое, што ў школе яго заўсёды чакала прыгажуня Алена.

І вось праз тыдзень Косцік ішоў са школы шчаслівым. Калі з раніцы яны вешалі вопратку на вешалкі, яна знарок стала побач з ім і дакранулася да яго сваёй рукой. Косціка як кіпятком апаліла. Ён пільна паглядзеў на Лену, але яна проста пайшла садзіцца. Косцік жа гэта так не пакінуў. Ён адчуваў, што не проста так яна вешала вопратку менавіта тады ж, калі і ён сам. І на другім ўроку дачакаўся яшчэ аднаго сюрпрызу. У чарговы раз, разглядаючы Аленіну патыліцу, Косцік раптам убачыў, што дзяўчына падняла левую руку, адным пальцам дакрануўся да лба. І хлопчык ўбачыў у яе далоні люстэрка, а ў ім – накіраваны да яго погляд. Ён усміхнуўся ў адказ – рука апусцілася, люстэрка знікла.

Калі Косцік прыйшоў дадому, ксёндз Павел чакаў яго, седзячы за сталом у пакоі, як тады, калі прыходзілі тыя мужчыны. Прапрабабуля паспела шаптануць, што яны зноў наведваліся, і што ксёндз Павел хоча з ім пагаварыць.

Косцік зайшоў і зачыніў за сабой дзверы, хаця можна было б і не баяцца – бабуля бы ўсё роўна не падслухоўвала.

– Сядзь, – сказаў ксёндз ціха, гледзячы на падлогу.

Косцік прысеў. Радасную ўсмешку на твары змяніла здзіўленне.

– Яны зноў прыходзілі і прыгразілі, што калі я не аддам касцёл, пасадзяць у турму, абвінаваціўшы ў шпіянажы на карысць Польшчы. Як думаеш, што я ім сказаў?

Не ведаю, напэўна, што не аддамо касцёл?

– Дакладна. – Ён, нарэшце, адарваў вочы ад падлогі і паглядзеў на Кастуся. Твар у святара быў белым, вусны шчыльна сціснутыя. – Я вырашыў, што вакол касцёла трэба выставіць ахову і пабудаваць плот.

– Каго? У сэнсе, хто пагодзіцца? – запытаў Косцік.

Святар сядзеў моўчкі. Так, не з ружжом на людзей кідацца! Ды і дзе начаваць? Будку будаваць – замерзнуць. У касцёле хіба начаваць?

– Будуць начаваць у касцёле, па чарзе. І я таксама буду.

– Тады можна, калі вы будзеце пільнаваць – і я з вамі, – прапанаваў Косцік.

– Не, табе нельга, ты пойдзеш дадому.

Больш да гэтай гутаркі ніхто не вяртаўся. Ксёндз Павел практычна перастаў ўсміхацца, усё больш глядзеў на падлогу і думаў. А Косцік з таго дня кожны раз, калі прыходзіў са школы, накіроўваўся да дуба, і не знаходзіў там нічога. І зноў у ім змагалася некалькі пачуццяў, да якіх далучылася яшчэ і каханне.

Косцік ўсе хадзіў і хадзіў па полі, глядзеў на снег і разважаў. Кожны раз, калі ён заходзіць у клас, то шукае вачыма Лену. Калі яе няма – смуткуе і чакае. Калі Лена раптам спазняецца і прыходзіць пазней за ўсіх, ён адразу чырванее, не глядзіць на яе, змагаючыся з сабой. А вось ўчора, напрыклад, яна зноў вешала паліто разам з Косцікам, і зноў яе мяккая далонь слізганула па яго руцэ. І ён – о, жах – уздрыгнуў!

У пачатку снежня ксёндз Павел сапраўды змовіўся з некалькімі моцнымі мужчынамі з Кавальчукоў. І яны па чарзе начавалі ў касцёле. Некалькі разоў рабілі абыход з ліхтаром і, што таіцца, з ружжом, пагрозліва цямнеючым за спінай. Але ніякай небяспекі пакуль не назіралася.

Праз месяц пасля цудоўнага з’яўлення Косціка у старой вёсцы Кавальчукі, ён упершыню застаўся з Ленай у класе сам-насам. Настаўніца пакінула іх прыбіраць кабінет, нібы адчуваючы, што неабходны вырашальны паварот у іх адносінах – бясконцых разглядваннях шыі, лёгкіх дакрананняў і ўсмешак праз люстэрка. Лена старанна, так, што нават пачырванела, падмятала падлогу, а Косцік вадзіў па дошцы мокрай анучай. Ён раз за разам паўтараў ў галаве адну і тую ж фразу, нават варушыў вуснамі, але так і не вырашыўся што-небудзь сказаць. Лена таксама маўчала, а час няўмольна ішоў. Вось ужо і падлога працёрта, і дошка чыстая. Можна ісці. Але яны ўсё знаходзяць прычыну застацца. І ўсе маўчаць. Нарэшце, Косцік зрабіў першы рашучы крок.

– Калі хочаш, я правяду цябе дадому, – сказаў ён, гледзячы ўніз, нібы запрашаў кудысьці падлогу, а не дзяўчынку.

– Хачу, – ледзь чутна адказала Лена.

Яны сталі апранацца. Косцік ўзяў яе паліто, расхінуў і пачакаў, пакуль дзяўчынка прасуне рукі ў рукавы, а затым дапамог накінуць на плечы. Сам жа хутка апрануўся, закруціў шалік, і яны разам выйшлі з кабінета.

На вуліцы было вельмі холадна. Пасля цёплай школы ў твар пацягнула халодным ветрам, што ў дадзенай сітуацыі было дарэчы, таму што твары абодвух дзяцей расчырванеліся. Косцік ўзяў Леніну сумку і цяпер нёс дзве. І хлопчык, і дзяўчынка па-ранейшаму маўчалі. Вось ужо і з вёскі выйшлі, і шашыу перайшлі, і ўсе моўчкі. І часу зусім мала застаецца да дома, а яны не размаўляюць. Так і дайшлі моўчкі да брамкі. Толькі Лена сумку не забрала, а пайшла ў дом. Косця імгненне вагаўся, а потым рушыў следам. Чакаючы, што ў пярэднім пакоі гарыць святло, ён зачыніў дзверы, і тут натыкнуўся на Лену. Было цёмна. З маленькіх акенцаў прабіваўся шэры свет, але не даходзіў да дзяцей, рассейваўся. Косцік стаяў, трымаючы ў адной руцэ свой мяшок, у другой Леніну сумку, і не мог нічога сказаць. І зрабіць таксама. Што ў такіх сітуацыях робяць у кіно? Здаецца, абдымаюць дзяўчынку? Але Лена ўсё зрабіла сама. Яна стала блізка-блізка, пацалавала знямеўшага Косцю ў вусны, затым выхапіла сумку, штурхнула дзверы і хлопчык апынуўся на вуліцы.

Чырвоны і шчаслівы, ён ішоў дадому і ўсміхаўся. Перад дзвярыма ён паспрабаваў надаць твару сур’ёзны выраз, але так і не змог – вусны расплываліся ва ўсмешцы.

Ксёндз Павел сядзеў у вялікім пакоі за сталом, на якім расклаў перад сабой лісты.

– Што гэта з табой, мой сябар?

Косцік прысеў, падпёр, як прапрабабуля, шчаку і з той жа ўсмешкай сказаў:

– Мяне дзесяць хвілін таму пацалавала Лена Правадава, сястра Андрэя.

Ксёндз Павал у адказ усміхнуўся і сказаў:

– Я ведаў, што гэтым калі-небудзь скончыцца. Мне яе брат распавядаў, што ў іх хаце размовы толькі пра цябе – які ты разумны ды прыгожы. А яна табе падабаецца?

Косцік пачырванеў, паглядзеў на стол. Ці падабаецца яна яму? А як жа інакш, з першага моманту, як толькі яна назвала сваё цудоўнае імя! Як шкада, што ў яго свеце няма такіх прыгожых аднакласніц! Косця кіўнуў.

– Вельмі добра. Толькі я думаю, што табе не трэба кахаць яе, таму што ўсё роўна рана ці позна табе давядзецца адправіцца дадому, у свой час.

Косцін настрой адразу знік. Як жа ён забыўся! Ну, вядома, давядзецца! А яна застанецца тут і выйдзе за каго-небудзь замуж.

Да вечара ў хлопчыка быў прыкры настрой. Зрабіў урокі і пайшоў у касцёл на імшу. Тут яго чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Не паспеў хлопчык дайсці да захрыстай, як за рукаў яго пацягнула Маша і паціху прашаптала:

– Ідзі за мной.

Косціку не вельмі хацелася ісці. Ён ведаў, што дзед Сяргей вельмі любіць Машу і не ўхваліць тое, што Косця з ёй кудысьці хадзіў, калі даведаецца. А ён даведаецца абавязкова.

– Што здарылася?

А дзяўчынка ўсё цягнула яго за рукаў на вуліцу. У двары ўжо зусім сцямнела, так што не было амаль нічога відаць. Толькі ад снегу ішло лёгкае святло. Усе неба было зацягнута хмарамі. Нечакана у пачатку ужо голай алеі, Маша спынілася і пацалавала Косціка ў шчаку. Потым хіхікнула і ўцякла. І за што гэта яму такое пакаранне? З Аленай зразумела, прыемна нават. А Маша чаго? Ёй жа замуж за Сяргея выходзіць. Праўда, яна яшчэ пра гэта не ведае...

У Косціка гарэлі вушы і шчокі, і ён не ведаў, што зрабіць са сваім тварам. Ён ніколі не ўмеў нічога хаваць. Як толькі ён увойдзе ў захрыстую, Сяргей ўсё зразумее і зусім без слоў. Хаця, калі паглядзець з другога боку, Маша добра ведае, як Сяргей ставіцца да яе і як яму, Косце, падабаецца Алена. Дык навошта ж нешта парушаць? Ад рашучасці твар з чырвонага стаў бледным. У захрыстай ён падышоў да дзеда-сябра і сказаў:

– Маша толькі што мяне пацалавала ў шчаку. Сама, я яе не клікаў. Можа, пагавары з ёй, каб яна такога больш не рабіла. Мне яна зусім не цікавая. Мне падабаецца Алена.

Сяргей нічога не сказаў, толькі шчыльна сціснуў вусны Пасля імшы Косцік бачыў, як ён пайшоў праводзіць Машу дадому. Ну і добра.

А на Каляды дзеці падрыхтавалі пастаноўку. Косціку далі адказную ролю Юзэфа. Маша грала Марыю. Андрэй Правадаў – Ірада, а Сяргей, Антоні Костка і Уладзік Мельжыч – трох каралёў. Спектакль атрымаўся, а пасля яго ўсе дзеці адправіліся па дамах на куццю. Адправіўся і Косцік – як заўсёды ў дом ксяндза Паўла.

Усё прайшло, як трэба: прапрабабуля прыгатавала смачную ежу, нават кісель з аладкамі. А пад абрус насыпала крыху саломы. Бабуля Маша таксама заўсёды так рабіла. І вось, калі ўжо пад’елі, ксёндз Павал, стаўшы нечакана вельмі сур’ёзным, сказаў:

– А цяпер будзем цягнуць саломіну.

У Косціка ўнутры ўсе пахаладзела. Ён ведаў, што ксёндз да ўсіх вераванняў, апроч хрысціянскіх, ставіцца адмоўна. А тут узяў і сам варажыць пачаў!

– Можа, не трэба, – нясмела спытаў Косцік. – Усё гэта хлусня, людзі прыдумалі, каб забаўляцца.

– Хлусня, але ж і прыходу з будучага таксама быць не можа. Давай, Косця, цягні, ты першы.

І хлопчык пацягнуў. За сябе ён не турбаваўся, і выцягнуў даўжэзную саломіну, якая пераламілася роўна пасярэдзіне.

– А цяпер мая чарга, – сур’ёзна сказаў ксёндз Павел.

І выцягнуў саломіну – тоўстую і кароткую, як галінка. Некалькі імгненняў ён моўчкі на яе глядзеў, а потым падняў вочы на Косціка і сказаў:

– Праўду кажаш, няпраўда ўсё гэта. Давай лепш са стала прыбіраць.

Моўчкі ўсе прыбіралі, бо настрой пагоршыўся. Пасля вячэры, як звычайна, Косцік памаліўся разам з ксяндзом, а пасля гэтага зноў застаўся адзін, таму што ксёндз Павал пайшоў да сябе ў пакой.

Сумна было на канікулах, калі шчыра прызнацца. Таму што не было побач Лены. Вядома, кожны дзень Косця з хлапчукамі гулялі ў снежкі, будавалі снежныя замкі, увечары хадзілі на імшу. Але для Косціка гэта ўсё было фармальна, калі няма побач Алены. Яна чамусьці не прыходзіла, хоць брат яе, Андрэй, з’яўляўся кожны дзень. Аднак не толькі, вядома, каб у снежкі гуляць. Ён яшчэ займаўся з ксяндзом Паўлам. Хлопчыкі шапталі, што Андрэй хоча паехаць вучыцца ў семінарыю ў Польшчу. Ніхто яго не адгаворваў. Неяк паміж хлопцамі і размовы такія не заходзілі, хто б хацеў стаць святаром, а тут Андрэй узяўся і пачаў займацца з ксяндзом Паўлам. Косцік думаў, што, напэўна, не пайшоў бы ў семінарыю – куды ж ён без Алены?

У дзеда Сяргея з бабуляй Машай адносіны станавіліся ўсё больш горшымі, і не апошнюю ролю ў гэтым выконваў сам Косцік. Аднойчы, гуляючы ў снежкі, Маша паваліла Кастуся ў снег і было не падобна на тое, што яна сумелася і збіраецца злезьці з яго. У гэты момант падышоў Сяргей. Ён моўчкі ўзяў Машу за шалік, адцягнуў убок, не паднімаючы, так, што яна тварам упала ў снег, а потым дапамог падняцца Косціку.

Хлопчык не разумеў, у чым справа. Ён ужо наўмысна некалькі разоў грубіў Машы, не адказваў на пытанні і наогул стараўся абыходзіць яе бокам. Марыя ж хадзіла за ім як прыклееная і ні на што не звяртала ўвагі, а Сяргей пакутаваў. Кожны раз бачыць яго сумныя вочы было проста невыносна. Тады Косцік ўвогуле пераставаў заўважаць Машу і раз наступіў балюча ёй на нагу. А яна нічога. Толькі ўсміхнулася ў адказ, і пабегла следам.

Некалькі разоў Косцік хадзіў да месца, дзе спадзяваўся ўбачыць дуб. І зноў нечакана з яго грудзей вырваўся ўздых палёгкі. Ён не хацеў адсюль сыходзіць, таму што тут жыла Алена.

Пасля канікулаў дзеці зноў вярнуліся ў школу. Зноў пачаліся заняткі, адзнакі, пакуты з чарніламі, якія ўпарта капалі ў сшытак. Але ўсё гэта ўпрыгожвала прысутнасць Алены, якая зноў і зноў даставала люстэрка, каб палюбавацца Косцікам. Толькі праводзіць сябе не дазваляла. Уцякала з класа раней за ўсіх, а потым ішла з братам. Натуральна, што Косцік знайшоў гэтаму тлумачэнне – цёмна, і бацькі кажуць, каб Андрэй забіраў сястру са школы.

Аднойчы Косцік моўчкі ішоў следам за Андрэем і Ленай. Сяргей захварэў, таму неяк так здарылася, што хлопчык ішоў адзін. І не пачуў з-за тоўстай шапкі, што нехта ззаду бяжыць. На яго наляцелі са спіны, ударылі кулаком па галаве, а потым у жывот, перавярнулі на спіну і, пакуль сыпалі на твар снег, Косцік бачыў толькі валёнкі таго, хто бег. Такія валёнкі насілі зімой усё ў яго вёсцы. Адрозніваліся толькі галёшы, якія, на жаль, былі ў снезе. Потым на вуснах з’явіўся металічны прысмак крыві. Рукі не варушыліся. Ён хацеў змахнуть снег, але не змог. Закружылася галава, няўхільна пацягнула спаць.
– Нічога, шапка выратавала, удар не моцны. Праз тыдзень будзе малайчына, – пачуўся нейкі незнаёмы Косціку стары хрыплы голас.

Косця расплюшчыў вочы і ўбачыў, што спінай да яго стаяць ксёндз і нейкі сівавалосы дзед маленькага росту. Мабыць, доктар. Хлопчык паспрабаваў паварушыцца, але гэта аддалося жахлівым болем у галаве і спіне. Міжволі вырваўся стогн. Ксёндз і доктар тут жа абярнуліся:

– А! Абудзіўся! Што ж, выдатна! Дзе баліць?

– Галава, і спіна, – нечакана ціха адказаў Косцік.

Ксёндз Павел выглядаў занепакоена. Цікава, колькі часу прайшло? І хто яго прынёс?

– Прайшло, Косцік, пяць гадзін. Дзяўчынкі прыбеглі за мной, і я цябе на санках прывёз. А потым паехаў за доктарам.

– А хто мяне так? – запытаўся хлопчык.

Чамусьці ён вырашыў, што калі ксёндз адказвае на невыказаныя пытанні, то ён ведае ўсё.

– Будзем высвятляць, – сказаў святар і ласкава ўсміхнуўся.

– Увогуле, усё зразумела, – сказаў доктар. – Выконвайце тое, што я вам сказаў, і ўсё будзе добра.

Як толькі дзядулю праводзілі за дзверы, ксёндз вярнуўся ў пакой і сеў каля ложка хлопчыка.

– Хто гэта мог быць, ты не ведаеш?

Косцік паматаўся галавой. Адкуль яму ведаць? Здаецца, стараўся нікому зла не рабіць, і тут такое.

– У школу пакуль хадзіць не будзеш. Твая прапрабабуля будзе за табой даглядаць. Прымочкі на галаву рабіць, яшчэ нешта. Усё, што доктар сказаў. А ты ляжы. Усё будзе добра. Я думаю, мы высветлім, хто гэта зрабіў.

Ксёндз Павел як звычайна замкнуўся ў сваім кабінеце, а на яго месца прыйшла прапрабабуля. Яна пачала прыкладаць да галавы нейкія цёплыя прымочкі, потым змазваць лоб пахучай маззю, ад якой рэзка пацягнула ў сон. А Косцік і не супраціўляўся.

На наступны дзень хлопчыка чакаў сюрпрыз. У пакой увайшла прапрабабуля і з усмешкай сказала, што нехта прыйшоў яго праведаць. Хоць і было балюча, але Косцік прыўзняўся на руцэ і сеў на ложку. У пакой увайшоў Андрэй Правадаў з сястрой. Шчокі Алены палалі агнём, і Косцік смела і дакладна здагадаўся: гэта з-за таго, што яна прыйшла да яго ў госці. Андрэй сціпла працягнуў сябру мяшэчак з яблыкамі і сеў на крэсла. Алена ж проста паглядзела на Косцю і таксама прысела побач з братам.

– Хто гэта цябе так? Ты хоць бачыў? – запытаў Андрэй Кастуся.

– Не, але, думаю, вызнаем. Хто-небудзь выдасць сябе.

Размова неяк не ладзілася. Алена пастаянна глядзела ў падлогу, Андрэй таксама не імкнуўся гаварыць, а Косцік сам не хацеў аб чымсьці пытацца ці распавядаць. Так прайшло некалькі маўклівых хвілін. Затым Андрэй устаў, сказаў, што пойдзе да ксяндза ў касцёл, і выйшаў, пакінуўшы Лену і Косціка сам-насам.

Калі брат сышоў, у Алене, на першы погляд нічога не змянілася. Яна таксама сціпла глядзела ўніз і маўчала. Толькі чамусьці праз некалькі хвілін стала зусім чырвонай. Косця ж глядзеў на яе ва ўпор, не адводзячы вачэй.

– Што раскажаш? – спытаўся хлопчык.

Зусім стаў смелым ад яе баязлівасці!

– У школе толькі пра цябе і гавораць, – адказала дзяўчынка, упарта разглядаючы падлогу.

Ёй стала горача, але яна так і не зняла хусткі з галавы.

– Можа, скінеш паліто? Тут горача…

Лена адмоўна пахітала галавой, затым ўстала і падышла да акенца.

– Мне здаецца, я ведаю, хто гэта зрабіў, – нарэшце сказала яна.

– Хто? – спытаўся Косцік, хоць на самой справе ў дадзены момант яму было ўсё роўна, хто на яго напаў. Радавала, што Алена побач і нарэшце з ім размаўляе.

– Юзік Мельжыч, – хутка адказала Лена, гледзячы на падлогу. – Ён падыходзіў да мяне нядаўна і прасіў, каб я з ім пайшла пагуляць. А я адмовіла.

Косціку было вельмі балюча, але ён усё ж спусціў ногі на падлогу і ўстаў з ложка. Паглядзеў на сябе ў люстэрка – так, прыгажун той яшчэ: сіняк пад вокам, і ўвогуле – выгляд не здаровы. Але дзяўчынка прыйшла, і засталася. І наогул ... Ён зрабіў некалькі крокаў да таго ж акна, каля якога стаяла Алена, і спытаў зусім ціхім голасам:

– А чаму ты адмовілася?

– Ён мне не падабаецца.

– А хто табе падабаецца?

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка