Галоўнае не перамога, а ўдзел




Дата канвертавання17.03.2016
Памер19.17 Kb.
Першы крок да адраджэння спартыўных традыцый

“Галоўнае – не перамога, а ўдзел”, – пад такім дэвізам па ініцыятыве прафкама 31 сакавіка бягучага года ў гімназіі № 4 адбыліся спаборніцтвы па гульні “Дартс”. У спаборніцтве прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі, БРСМ, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, настаўнікі і тэхнічны персанал установы. Мэты спаборніцтва – даць супрацоўнікам магчымасць падчас канікул адпачыць пасля працяглай і напружанай чвэрці, прапагандаваць здаровы лад жыцця, папулярызаваць гульню “Дартс”, выявіць мацнейшых ігракоў сярод работнікаў гімназіі.

Адкрыла спаборніцтвы намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Рогач Т.Я. Яна нагадала прысутным, што спартыўныя спаборніцтвы ў нашым калектыве – з’ява не новая. “Гэта хутчэй не нараджэнне новай традыцыі, а адраджэнне старой”, - адзначыла Таццяна Яўгенаўна ў сваім звароце да прысутных.

Спаборніцтвы праходзілі па правілах “Вялікага круга”, калі удзельнік выконвае тры кіданні дроціка ў кожны сектар, пачынаючы з сектара 1 і заканчваючы сектарам “бул”.

Пасля жараб’ёўкі прадстаўнікі 10 каманд паказвалі сваё майстэрства ў авалоданні гэтым відам гульнёвага віду спорта. Хочацца адзначыць, што напярэдадні кожны з ігракоў упарта трэніраваўся, “набіваючы” руку і “прыстрэльваючы” сектары. Таму, нягледзячы на таварыскі статус спаборніцтваў, у спартыўнай зале разгарнулася сапраўдная барацьба. Ігракі паказвалі сваю індывідуальную тэхніку, свой стыль. А кожнае трапнае пападанне ў вызначаны сектар выклікала шквал апладысментаў і буру эмоцый у гледачоў, што прыйшлі падтрымаць сваю каманду. Лідэры гульні ўвесь час мяняліся, і гэта надавала ігракам спартыўнага азарту, а балельшчыкам – эмацянальнага запалу.

Пасля заканчэння гульні галоўны суддзя спаборніцтваў Губіч Л.А. і сакратар Манчак Т.А. падвялі вынікі ў асабістым і камандным першынстве. У індывідуальным заліку найбольшую колькасць балаў (139) набраў Калінін У.І. З адрывам у 10 балаў на другое месца ў асабістым заліку выйшла Рогач Т.Я. ІІІ месца заваявала Ясевіч А.С. з колькасцю балаў 121. У камандным першынстве ў лідэрах аказалася сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба, якую прадстаўляў Калінін У.І., ІІ месца заняла каманда адміністрацыі, прадстаўніком якой была Рогач Т.Я. На ІІІ месца выйшла кафедра замежнай мовы, гонар якой абараняла Ляшчэвіч І.В. Пераможцам у асабістым першынстве былі ўручаны медалі і граматы. Пераможцы ў камандным заліку атрымалі дыпломы і прызы. Удзельнікам, што набралі найменшую колькасць балаў, былі ўручаны “суцяшальныя” ўзнагароды “за волю і імкненне да перамогі”.



Закрываючы спаборніцтвы, дырэктар гімназіі Дурэйка І.А. выказала ўпэўненасць у тым, што гэтыя спаборніцтвы далі магчымасць атрымаць кожнаму добрую порцыю цудоўнага настрою і пазітыўнай энергіі.

Старшыня прафкама гімназіі № 4 Таццяна Манчак


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка