Г. К. Ціванова " Чаго вам хочацца, панове…", або рэакцыя на кнігу У. Мякішава "Язык Литовского статута 1588 года" в целом книга




Дата канвертавання19.03.2016
Памер167.14 Kb.
Г.К.Ціванова

Чаго вам хочацца, панове…”, або рэакцыя на кнігу



У. Мякішава “Язык Литовского статута 1588 года”

В целом книга В.Мякишева расценивается как солидное научное исследование. Критикуется употребление термина “западнорусский язык” вместо общепринятого “старобелорусский язык”, смешение понятий “памятник письменности” и “памятник юридической мысли”. Отмечаются отдельные неточности при анализе языка Статута 1588 года.


As a whole V. Mjakishev's book is regarded as solid scientific research. The use of the term "West Russian" instead of standard “Old Belorussian" language, as well as mixture of concepts “an ancient manuscripts” and “a monument of legal thought” is criticised. Some discrepancies are marked at the analysis of language of the Statute of 1588.
Навуковы лінгвістычны свет пабагацеў на сапраўды грунтоўнае даследаванне, выкананае ў самых лепшых традыцыях. Нават пры першым павярхоўным знаёмстве з кнігай відавочна, што гэта дасканала выкананая філалагічная праца, узорна аформленая паводле ўсіх правілаў навуковай культуры. Акрамя грунтоўнага тэарэтычнага выкладу, кніга Уладзіміра Мякішава мае вялікі бібліяграфічны спіс, а таксама колькасны паказальнік слоў і іх граматычных формаў, прадстаўленых у прааналізаваным тэксце. Такім чынам, аўтар не толькі сказаў сваё слова ў вывучэнні мовы справавога пісьменства ВКЛ, але і стварыў вартую даверу крыніцу інфармацыі для даследчыкаў гісторыі мовы, права, дзяржавы і г.д.

Манаграфія традыцыйна пачынаецца з уводзінаў “Введение: к истории и теории вопроса”, якія складаюцца з дзвюх частак: “О письменно-литературном языке Великого княжества Литовского и “русских” земель Речи Посполитой” і “Язык Литовского Статута 1588 в свете научных исследований”. На пачатку аўтар знаёміць чытача з найменнямі мовы Статута 1588, дадзенымі у розныя гістарычныя перыяды рознымі даследчыкамі. Тут прыводзяцца як назвы, зафіксаваныя ў тагачасных пісьмовых помніках, так і навуковыя тэрміны філолагаў і гісторыкаў XIX – XXI cт.: мова (язык, речь) – дыялект (наречие) – кайнэ – інтэрдыялект. Гэтыя найменні ўтвараюць тэрміналагічныя спалучэнні з азначэннямі паводле паходжання: рус(ь)кая, беларуская, крывічская, крывічанская, старабеларуская, маларасійская, украінская, русінская, рутэнская, польская, літоўская, літоўска-руская, паўднёваруская, заходняруская, велікаруская і інш., а таксама з азначэннямі паводле функцыі: пісьмовая, кніжная, дзяржаўная, актавая, дыпламатычная, справавая і інш. Аднак разнастайныя тэрміналагічныя камбінацыі і шматлікія спасылкі, што займаюць амаль палову тэксту на кожнай старонцы, не маюць навуковай аўтарскай ацэнкі, а гэта значыць, што ўласная пазіцыя аўтара застаецца неакрэсленай. Для ўзору – цытата: «Вне конкуренции к концу столетия оказался термин западнорусский язык. “Імперской (как нередко оценивают и сейчас – В.М.) назвы”56 не гнушались тот же Е.Ф. Карский57, А.И. Соболевский58, А.А. Назаревский59» (Мякишев, 14). Лічбы верхняга індэкса – паказчык спасылкі ў кнізе; за лічбай 56 – артыкул У. Свяжынскага (Свяжынскі, …) [“Праблемы ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага княства Літоўскага” (“Metriciana”, vol. 2, Мн., 2003).] Як бачым, У.Мякішаў у адным невялікім сказе зрабіў чатыры спасылкі(!), прывёў адну цытату з двух слоў(!) і змясціў уласную рэмарку.

Называючы мову Статута “«западнорусский» язык”, аўтар сам тлумачыць з’яўленне гэтага тэрміна ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя: “Это понятие имело некую связь с идеологией “западнорусизма” – культурно-идеологического течения, ставящего целью сохранение белорусской народной идентичности при признании доминирующей роли великорусского центра” (Мякишев,13). Перавага гэтаму тэрміну аддаецца таму, што “в отличие от почти всех прочих именований это понятие нивелировало “зоны риска”, поскольку не учитывало региональных особенностей книжной “мовы” на белорусских и украинских территориях, и к тому же охватывало все жанрово-стилистические формы письменно-литературного языка ВКЛ и Южной Руси” (Мякишев,14). Звернем увагу і на тое, што азначэнне “западнорусский” у адносінах да мовы Статута аўтар заўсёды бярэ ў двукоссе. Значыць, “сохранение белорусской народной идентичности при признании доминирующей роли великорусского центра” – гэта і ёсць стаўленне прафесара Мякішава да беларусаў?! Па меншай меры дзіўна, чаму ён аддае перавагу тэрміну, натуральнаму для Расійскай імперыіі.

Акрамя вышэйназванага тэрміна, аўтар выкарыстоўвае скарочаныя яго адпаведнікі: “мова” (заўсёды ў двукоссі ў рускім тэксце) і РМ. Апошні чытаецца як руская мова (пры гэтым напісаны па-руску з адной с, часам з мяккім знакам: руськая). Паходжанне гэтай назвы дакладна растлумачана: “В 1816 году со ссылкой именно на польскую языковую практику термин руський пустил в оборот в России М.Т.Каченовский: «перевожу руський язык, чтобы не смешивать с нашим русским; под руським же разумеют они (поляки) употребляемый жителями губерний: Минской, Киевской, Волынской и Подольской» (М.Т. Каченовск¿й, редакторская ссылка к статье: С.Б.Линде, О Росс¿йской литературh, «Вhстник Европы», ч. ХС, №21, 1816, с.122)” (Мякишев, 12).

Тэрмін 1816 года выпуску! А ўсходнеславянскае параўнальна-гістарычнае мовазнаўства пачынаецца з працы А.Х. Вастокава, апублікаванай у 1820 годзе. Адразу ўяўляецца, як, збіраючыся працаваць, спадар Мякішаў вострыць гусіныя пёры.

Аднак гэта не адзіная “тэрміналагічная знаходка” аўтара. Ёсць яшчэ і ПМ. Вядома, што ў пісьмовых помніках ВКЛ для адрознення ад рускай (московской) ці царкоўнаславянскай (словенского языка) да назвы сваёй мовы далучалі азначэнні руская або простая. Калі паглядзець з пазіцый сярэдневяковых грамацеяў, то відавочна, што тэрміны гэтыя характарызуюць адну і тую ж з’яву з розных бакоў: першы (РМ) – паказвае аднесенасць да пэўнага этнасу, другі (ПМ) – дае функцыянальную характарыстыку, проціпастаўляючы жывое маўленне мове царкоўнаславянскай кніжнасці. Такая методыка падбору тэрмінаў для назвы аб’екта сучаснага навуковага даследавання вельмі сумнеўная. Аўтар прыводзіць аргументацыю, “в основе которой лежит специфика восприятия определений самими “пользователями” - u÷åíûìи è áîãîáî¾íûìè людьми ВКЛ и “руских” земель Речи Посполитой” (Мякишев, 35). Нашы славутыя продкі, безумоўна, асэнсавана давалі азначэнні сваёй мове, маючы пры гэтым самыя розныя – але ж не лінгвістычныя! – задачы.

Прызнаючы руськую і простую разнавіднасцямі адной (“западнорусской”) мовы, аўтар аддае РМ сферу адміністратыўна-дзяржаўную, ПМ – рэлігійна-перакладную.

Як бы і не было даследаванняў пра жанрава-стылёвую разнастайнасць старабеларускай мовы! Чамусьці прыняты ў лінгвістыцы для азначэння пісьмовай мовы ВКЛ тэрмін старабеларуская мова (гл. Лингвистический энциклопедический словарь,72) аўтара даследавання не задавальняе.

Звесткі з гісторыі “западнорусской” мовы (гл.Мякишев, 26-33) у асноўным не супярэчаць агульнапрынятым палажэнням у беларускім мовазнаўстве: царкоўнаславянская пісьмовая мова, прынесеная на ўсходнеславянскія землі разам з хрысціянствам, выкарыстоўвалася і для запісу ўласнамоўных тэкстаў – менавіта такую моўную спадчыну і атрымала ВКЛ ад самага пачатку свайго існавання. Узаемадзеянне дзвюх стыхій – царкоўнаславянскай і народнагутарковай – па-рознаму прадстаўлена ў розных жанрава-стылёвых групах старабеларускіх помнікаў. Пры гэтым выразна прасочваецца агульная тэндэнцыя да дэмакратызацыі мовы як адна з прыкмет яе эвалюцыі. Дасканаласць, развітасць мовы залежаць ад паўнаты функцый, якія яна выконвае ў дзяржаве. Абсалютна слушна адзначае У. Мякішаў, што “взаимодействие с местными наречиями актово-канцелярский язык очень скоро начинает сочетать с равнением на польские образцы” (Мякишев, 28). Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што не толькі справавое пісьменства, але і старабеларускія пісьмовыя помнікі іншых жанраў у пэўнай ступені зведалі польскі ўплыў. Гэта бясспрэчны факт, як і тое, што далейшае развіццё палітычнай сітуацыі прывяло ўвогуле да забароны старабеларускай мовы ў афіцыйнай сферы. Аднак наступны пасаж У. Мякішава, хай сабе і падмацаваны цытатамі з Я.Ф. Карскага (ён жа таксама працаваў у пэўнай палітычнай сітуацыі), безумоўна, выклікае абурэнне: аказваецца, старабеларускай мове было наканавана, паводле Мякішава, “умереть от отсутствия чувства меры, иноязычной всеядности и стилистической безвкусицы” (Мякишев, 31). Пераканаць чытача ў тым, што такая бяда – гэта і ёсць віна мовы, на думку аўтара кнігі, павінна было знаёмства “с отдельными её (мовы – Г.Ц.) образцами”. Як узор пачварнасці прыводзяцца цытаты са стараўкраінскіх палемічных помнікаў, лексіка якіх, эмацыянальна афарбаваная, утрымлівае лацінізмы і паланізмы, што, прынамсі, не дзіўна для маўлення адукаванага жыхара ВКЛ ХVІІ стагоддзя.

Стылістыцы навуковага выкладу У. Мякішава ў цэлым характэрна пастаянная спасылка на іншых аўтараў. Гэта, канешне, вельмі добра, але ж цытаванне павінна падмацоўваць уласную аўтарскую думку. Да таго ж навука не парламент – тут ісціна не вырашаецца колькасцю галасоў! Разважаючы пра акадэмічныя пытанні, У. Мякішаў у якасці сур’ёзных аргументаў нярэдка прыводзіць настолькі яскравыя характарыстычныя, з выразнымі элементамі эмацыянальнасці, ацэначныя цытаты пра мову ВКЛ з прац самых розных даследчыкаў, што ў чытача міжволі з’яўляецца пачуццё нязгоды. Калі прыводзіцца цытата аўтарытэтнага навукоўца, то чытачу штораз самому трэба думаць, аналізаваць, у які час, у якіх палітычных умовах гэта пісалася і, адпаведна, як трэба да гэтага ставіцца.

Свае разважанні пра мову, якая, паводле цытаваных даследчыкаў, уяўляла сабой “строкату церковнослов’янсько-білорусько-укра۠інську мішанину” (Л.А. Булахоўскі), “конгломерат различных языковых стихий” (А.А. Назарэўскі) і была “самой отвратительной смесью, какую только можно себе представить и какая когда-либо существовала на Руси” (А. Бадзянскі), У. Мякішаў заканчвае ўласным меркаваннем, што “есть какая-то закономерность в том, что этот «некогда процветавший литературный язык» ушел в небытие чуть ли не без потомства: «проста мова» «не оказала почти никакого влияния на современные литературные языки Белоруссии и Украины» (апошнія словы належаць Е.А. Цэлуновай – і тут У. Мякішаў хаваецца за спіны іншых даследчыкаў!).

Ёсць добрыя і дрэнныя людзі, ёсць прыгожае і непрыгожае маўленне. А мова як аб’ект гістарычнага даследавання проста ёсць. І даследаваць яе трэба, не здраджваючы прынцыпу гістарызму. Калі нешта ў старажытным пісьмовым помніку не адпавядае сучаснаму моўнаму густу або ўласнаму ўяўленню пра мову – дык гэта нармальна, бо мова – з’ява жывая, зменлівая.

Вядома, што існуюць два магчымыя шляхі гістарычнага развіцця мовы: эвалюцыйны, непарыўны шлях паступовых змяненняў (па якім, напрыклад, ішлі руская, польская мовы) і рэвалюцыйны, пры якім мова перажывае перарыў старых пісьмовых традыцый і новае адраджэнне на народнагутарковай аснове (характэрны для многіх младапісьменных моў, у тым ліку і для беларускай). Пры гэтым варта падкрэсліць, што забарона мовы ў афіцыйным дзяржаўным ужытку не азначае забароны мовы ўвогуле: у жывым маўленні, у творах “нізкіх” жанраў яна працягвала існаваць. Няма нічога дзіўнага ў тым, што старабеларуская літаратурная мова так моцна адрозніваецца ад сучаснай (тое ж і да ўкраінскай мовы, урыўкі з помнікаў якой прапаноўваліся чытачу як узор недасканаласці). Пры гэтым варта дадаць, што любая літаратурная мова – з’ява ў пэўнай ступені штучная, наддыялектная. Калі жыццё зноў запатрабавала ад беларускай мовы абслугоўвання розных сфер жыцця, то яна даволі хутка дасягнула неабходнага ўзроўню.

Што ж да кваліфікацыі мовы, на якой напісаны Статут, то ёсць правераная навуковая методыка вызначэння паходжання пісьмовага помніка: лінгвістычны аналіз у сукупнасці са звесткамі пра аўтараў і месца выдання. Усе гэтыя звесткі сучасным даследчыкам вядомы: месца выдання – друкарня Мамонічаў у Вільні, галоўны рэдактар тэксту – Леў Сапега. Паколькі Сапега родам з Віцебскага павета, а род Мамонічаў ідзе з Магілёўшчыны, то абсалютна зразумела, што шукаць палескіх, а тым больш украінскіх дыялектных рыс у гэтым творы не мае сэнсу.

Бібліяграфічны экскурс, прыведзены ва ўводнай частцы манаграфіі, безумоўна, карысны, але ж у такіх варунках ад аўтара, які можа мець свае сімпатыі і антыпатыі, патрабуецца навуковая аб’ектыўнасць і бясстраснасць. Відавочна, што да аб’ектыўнасці і бясстраснасці У.Мякішаў імкнуўся, але на справе атрымалася нагрувашчванне цытат і невыразнасць аўтарскай пазіцыі. Мажліва, гэта выклікана імкненнем да паліткарэктнасці, бо аўтар недвухсэнсоўна намякае на палітычную актуальнасць свайго даследавання: “начало нового столетия принесло с собой обострение споров о праве на историческое наследие ВКЛ” (Мякишев, 57). Тут гаворка не толькі пра ацэнку афіцыйнай мовы ВКЛ украінскімі моваведамі, але і пра даследаванні літоўскіх гісторыкаў права. На самой справе – няма пра што спрачацца: усе гэтыя народы ўваходзілі ў ВКЛ і маюць поўнае права ганарыцца Статутам 1588 як сусветна вядомым помнікам юрыдычнай думкі.

Калі адкінуць прадстаўленыя ва ўводзінах эмацыянальныя палітычна-навуковыя перахлёсты, то асноўная частка працы У.Мякішава сапраўды выканана, як адзначана ў змешчаным на адвароце вокладкі ўрыўку з рэцэнзіі прафесара Адама Фалоўскага, у духу найлепшых традыцый філалагічнай ўсходнеславянскай школы. Маю на ўвазе падрабязнасць разгляду, ілюстрацыйную доказнасць, кампазіцыйную стройнасць і лёгкую вытанчанасць мовы выкладу.

Аўтар абсалютна дакладна і выразна фармулюе канкрэтныя задачы і выніковую мэту свайго даследавання: правесці комплексны аналіз, у які ўключаны разгляд графікі, фанетыкі і марфалогіі статутавага тэксту, што дасць магчымасць выявіць лінгвістычныя асаблівасці гэтага эталону канцылярскай разнавіднасці РМ. Несумненнай вартасцю дадзенай працы з’яўляецца метад апрацоўкі фактычнага матэрыялу з апорай на статыстычныя дадзеныя, атрыманыя ў выніку суцэльнай апрацоўкі тэксту.

Думаецца, няма сэнсу пераказваць змест усяго даследавання. Больш карысным будзе выказаць асобныя заўвагі.

Паколькі графіка-арфаграфічныя і марфалагічныя асаблівасці старабеларускай мовы дастаткова добра распрацаваны ў айчынным мовазнаўстве і даследчык меў у сваім распараджэнні грунтоўныя акадэмічныя манаграфіі, гэтыя раздзелы выклікаюць менш заўваг.

Што ж да апісання фанетычных з’яў, то перш за ўсё трэба адзначыць, што не зусім карэктна называць раздзел “Фонетика”, паколькі тут гаворка ідзе пра арфаграфічнае адлюстраванне фанетычных з’яў. Усе заўвагі да гэтага раздзела згрупуем адпаведна відавочным прычынам з’яўлення недакладнасці.

1. Памылковае разуменне сутнасці беларускай фанетычнай з’явы.

Пры разглядзе тыповай рысы беларускай фанетыкі – якання – тэарэтычныя звесткі бяруцца толькі з прац к.ХІХ – пач.ХХ стагоддзя (Я.Ф. Карскага, А.І. Сабалеўскага). У. Мякішавым не заўважана важнейшая ўмова гэтай з’явы: пераднаціскны склад. Таму нельга пагадзіцца, што напісанне âûcâ"ò÷åíüå (г.зн. ‘сведчанне’ – Г.Ц.) не мае адносін да якання (гл. Мякишев,124). Корань свhд- перадаецца з адлюстраваннем асіміляцыі па глухасці (д>т) і якання (h=е>я).

Падоўжаныя зычныя аўтар памылкова называе “удвоение согласных” (Мякишев, 179), пры гэтым прыведзеныя прыклады аддзеяслоўных назоўнікаў на –стье (çå¾øñòåìú, çà¾ñò< і інш.), як і склонавых формаў назоўнікаў (âå÷íîñòüþ, áîðòüþ, ÷åñòüþ і інш.) увогуле з’яўляюцца некарэктнымі, бо тут і не магло быць падоўжанага зычнага з-за адсутнасці інтэрвакальнага становішча.

Памылкова сцвярджаецца, што ў словах çáîæüå і áîæåãî “процесс удвоения согласных реализоваться не может, поскольку ж, предшествующий [j], является вторично отвердевшим” (Мякишев,180). Што да першага слова, дык тут ж паспяхова падоўжыўся (збожжа<çáîæü~), як і іншыя зацвярдзелыя шыпячыя (ноччу, цішшу). У слове áîæåãî сапраўды не было ўмоў для з’яўлення падоўжанага зычнага, бо, як вядома, падоўжаны зычны з’яўляецца ў выніку кантактнай асіміляцыі наступнага [j], якая развіваецца пасля страты слабага рэдукаванага ü, а ва ўсіх формах ускосных склонаў поўных прыметнікаў гук [j], які гістарычна паходзіць з указальнага займенніка è (*jь), спрасціўся паміж двума галоснымі (параўн. синя+jего > синего, божа+jего>божего) яшчэ на пачатку пісьмовай пары. Таму верагодна, што ў разглядаемай словаформе [j] у канчатку адсутнічаў: áîæåãî (божага, як і мядзвежага, чалавечага, кашачага). Напісанні ж тыпу áîæüåãî – даніна арфаграфічнай традыцыі.

2. Залішне просталінейнае атаясамліванне надрукаванага слова з яго жывым вымаўленнем.

Арфаграфічнае неадлюстраванне мяккасці зычнага перад наступным цвёрдым (таму што літара ь як знак мяккасці друкарамі яшчэ не ўсведамлялася) успрымаецца аўтарам як маніфестацыя дэпалаталізацыі. Гэта прыводзіць да некарэктных тлумачэнняў, накшталт “ìåíøû¾ под влиянием отвердевшего áîëøû¾” (Мякишев, 164). Гэтаксама нельга пагадзіцца з кваліфікацыяй напісанняў тыпу ïðîçáà, ïèñìî, âîçìå як дэпалаталізацыі зубных. Вядома, што ў беларускай мове зацвярдзенню (дэпалаталізацыі) падлягалі толькі [р], этымалагічны [ц], шыпячыя і канцавыя губныя. Таму ўсе разважанні адносна якасці гукаў [л], [н], [з], [с] з’яўляюцца беспадстаўнымі. Ва ўсіх вышэйпрыведзеных словах названыя гукі вымаўляліся мякка, але мяккасць гэта проста не адлюстравалася на пісьме.

3. Атаясамліванне тыповай беларускай фанетычнай рысы з паланізмам.

У ліку “случаев проявления откровенной польской оголосовки” (Мякишев, 111) называецца дзеяслоў âúc÷àëúcå. Тут трэба бачыць адлюстраванне гука [ў], параўн. сучаснае ўсчаўся.

У падраздзеле “Переход свистящих в шипящие и шипящих в свистящие” разглядаюцца выпадкі адлюстравання ў тэксце Статута 1588 тыповай рысы беларускай фанетыкі – асіміляцыі па спосабу вымаўлення. Аўтарам прыводзіцца нямала яскравых прыкладаў, але ж ніяк нельга пагадзіцца з адмаўленнем беларускага паходжання слоў тыпу боскі áîçüñêè¾, грэцкі ãðåöêè¾, купецкі êuïåöêè¾, убоства uáîçñòâî // uáîñòâî і інш. на той падставе, што па-польску boski, grecki, kupiecki, ubóstwo і пад. І ў беларускай, і ў польскай мовах гэтыя прыклады ілюструюць адну і тую ж з’яву: прыпадабненне шыпячага да свісцячага ў выніку страты рэдукаванага галоснага паміж імі (*bogьskьjь > *božьskьjь, божьскъи > бозскыи – далей асіміляцыя па глухасці – > босскый – і сцяжэнне ў адзін гук [с] > боскі). І зразумела, што адбыліся гэтыя з’явы ў аднолькавых аб’ектыўных фанетычных умовах у абедзвюх мовах незалежна адна ад другой. Што ж да прыкладаў тыпу ãðåöêè¾, êuïåöêè¾, то гэта тая ж самая з’ява, што і ў словах рыбацкі, маладзецкі: каранёвы [к] або [ц] + суфікс –ьск- >[цк].

Тое ж тычыцца з’явы дысіміляцыі ў групах тыпу -дьц-, -тьц- > [j]ц: âèíîâà¾öà, çäðà¾öà, ðà¾öà. На думку У.Мякішава, прыведзеныя прыклады “всего лишь отражают следствия процессов, имевших место на польской языковой почве: winovaćca> winowajca, zdradźca > zdrajca, radca > rajca” (Мякишев,178-179). Канешне, словы вінавайца, райца ў сучаснай мове – архаізмы, але ж слова малайцы, якое зведала тыя ж гістарычныя фанетычныя змены (параўн. молодьци), наўрад ці хто адважыцца адносіць да паланізмаў, хаця б з-за яго поўнагалоснага кораня.

Раздзел “Морфология” ў цэлым выклікае менш заўваг, бо ў ім аўтар абапіраецца на навуковыя манаграфіі беларускіх лінгвістаў. І тым не менш унясём асобныя карэктывы.

На с.210 гаворка вядзецца пра варыянтнае афармленне канчатка творнага склону адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду (тыпу господаремъ, лицемъ / зверомъ, лицомъ) і перавазе канчатка -ом пасля зацвярдзелых, аднак у ілюстрацыі трапілі словы са спрадвечнацвёрдымі зычнымі, дзе канчатак -ем ніколі не быў і не мог быць: пожаромъ, прокураторомъ, упоромъ.

На с. 226 аналізуюцца формы вінавальнага склону множнага ліку з канчаткамі -ов/-ев; канчатак -ов слушна кваліфікуецца як прыкмета зацвярдзення зычных (мужовъ, шляхтичовъ), але ж у прыведзеным тут слове себровъ ніколі не было мяккага [р’], значыць і канчатак не мог мець іншага варыянта, як -овъ.

На с.234-235 разглядаюцца формы меснага склону множнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду (тыпу долгохъ, збыткохъ, торгохъ, замкохъ/ замкахъ, детехъ/ детяхъ) і падаецца статыстыка, якая сведчыць аб перавазе канчаткаў -ехъ[295] /-охъ[185] над -ахъ/-яхъ[52]. Аўтар робіць выснову аб прыярытэце старой пісьмовай традыцыі над новымі уніфікаванымі формамі (гл. Мякишев, 235). Калі б прыведзеная аўтарам цытата з “Гістарычнай марфалогіі…” давалася без купюры, то чытачу была б вядома думка гісторыкаў беларускай мовы, што ўжыванне канчатка -ох “адпавядала жывому вымаўленню старабеларускага перыяду” (Булыка, Жураўскі, Крамко, 87), а калі б аўтар кнігі пацікавіўся яшчэ і працамі сучасных дыялектолагаў (гл. ДАБМ, карта 105), то ўбачыў бы, што такія формы шырока прадстаўлены ў заходніх і цэнтральных гаворках, у тым ліку і на мяжы с Літвой. Думаецца, што з улікам гэтых звестак, высновы У.Мякішава мелі б іншы акцэнт. Для грунтоўнага аналізу граматыкі Статута 1588 аўтару не хапіла выкарыстаць вельмі важную крыніцу, а менавіта Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Супастаўленне з фактамі гаворак дало б магчымасць скласці уражанне пра агульнанародную беларускую мову і дазволіла б па-іншаму трактаваць асобныя факты.

Наогул не зразумелае жаданне У.Мякішава знайсці ў помніку ўкраінскія рысы і прыцягванне дзеля гэтага цытат з прац украінскіх даследчыкаў. У Статуце 1588 няма і не магло быць адметнасцей, уласцівых выключна ўкраінскай мове! Так, на с.294 пры аналізе формаў цяперашне-будучага часу 3 асобы адзіночнага ліку дзеясловаў канчатак -тъ супастаўляецца з гаворкамі Галіччыны. Аднак для такога сцверджання няма падстаў, паколькі гэтыя формы не пярэчаць царкоўнаславянскай традыцыі (і У.Мякішаў сам адзначае гэта!); і больш за тое, мы не можам з пэўнасцю сказаць, як чыталіся гэтыя напісанні, паколькі пасля страты рэдукаваных ужыванне літар ь і ъ было дастаткова адвольным. На с.302 “трактуецца как сугубо украинская” вядомая некаторым старабеларускім пісьмовым помнікам сінтэтычная дзеяслоўная форма загаднага ладу тыпу битиму. Пры гэтым адзначаецца адсутнасць такіх утварэнняў у мове Статута. Яно і зразумела: у аснове мовы Статута паўночнабеларускія гаворкі, а названая форма ўласціва гаворкам поўдня Беларусі (гл. карту №166 ДАБМ).

Дзеяслоўная форма wбачывшы есмо (‘мы ўбачыўшы’ ў значэнні дзеяслова прошлага часу – Г.Ц.) не здавалася б “непривычным сочетанием”, калі б аўтар паглядзеў на карту №205 ДАБМ і ўбачыў пашыранасць канструкцый тыпу возера высахшы ў беларускіх гаворках, асабліва паблізу літоўскай мяжы (на тэрыторыі Віленшчыны).

Дробныя заўвагі да раздзела “Марфалогія”: недакладнасць словаўжывання: “однокорневых синонимических образований” (Мякишев, 187) – павінна быць «однокоренных» (з аднолькавымі каранямі, а не з адным коранем). Тут жа памылкова прыводзіцца як прыклад аддзеяслоўнага ўтварэння з нулявой суфіксацыяй слова крадежъ. Тут відавочны суфікс -еж- (як і ў словах грабеж, капеж).

Заключэнне манаграфіі ўтрымлівае галоўныя высновы праведзенага раней аналізу. Квінтэсэнцыяй з’яўляецца выказванне «практически все отраженные правовым текстом явления имеют в ХVI веке общий западнорусский характер, не соотносятся с определённым регионом. Эта особенность статутового языка, в целом подтверждающего старобелорусскую природу РМ даёт весомые основания говорить о койне, причем «аргументы» кодекса в этой связи оказываются куда более солидными, чем, скажем, актовой «мовной» письменности» (Мякишев, 349). Адносна параўнання з актавым пісьменствам аўтар мае рацыю: дзяржаўныя мужы – аўтары Статута, безумоўна, падавалі ўзор літаратурнай мовы свайго часу ў параўнанні з судовымі пісарамі, якія імкнуліся як мага дакладней зафіксаваць сказанае на судовым працэсе. А вось дарэчнасць ужывання тэрміна кайнэ патрабуе ўдакладнення. Энцыклапедычны слоўнік тлумачыць кайнэ як «функциональный тип языка, используемый в качестве основного средства повседневного общения с широким диапазоном коммуникативных сфер в условиях регулярных социальных контактов между носителями разных диалектов или языков» (Лингвистический энциклопедический словарь, 230). Такім чынам, для носьбітаў адной мовы кайнэ – наддыялектнае утварэнне, а значыць – вусная форма; для носьбітаў розных моў кайнэ можа быць і пісьмовым. У якасці прыклада пісьмовага кайнэ энцыклапедычны слоўнік прыводзіць латынь як навукова-пісьмовую мову ў сярэдневяковай Еўропе. Значыць, у адносінах да гісторыі ўкраінскай мовы мову Статута 1588, напэўна, можна азначаць тэрмінам кайнэ. Што ж да гісторыі беларускай мовы, то Статут 1588 – узор літаратурнай старабеларускай мовы. Менавіта узор, на які раўняліся іншыя пісьменныя людзі ВКЛ, бо Статут быў самай важнай дзяржаўнай кнігай. У гэтым яго нармалізатарская роля.

Можна, канешне, разважаць, якой стала б наша мова сёння, калі б у яе гісторыі не было перарыву пісьмовых традыцый. Але сталася што сталася. Вывучэнне мовы старажытнага пісьменства дазваляе не толькі дакладна аднавіць сэнс пісьмовых помнікаў, але і зразумець паходжанне асобных з’яў агульнанароднай мовы. Дэталёвае і статыстычна дакладнае апісанне ўзорнага варыянту мовы ВКЛ, якім з’яўляецца даследаванне У.Мякішава, стане падставай для кваліфікацыі моўных з’яў іншых помнікаў старабеларускага пісьменства.

Такім чынам, кніга У.Мякішава стварае дваістае ўражанне: калі ўводзіны ўяўляюць сабой не столькі навуковы, колькі публіцыстычны твор з яскравай нацыянальнай завостранасцю, то асноўная частка, безумоўна, з’яўляецца падзеяй ў гістарычнай лінгвістыцы, адкрывае новыя перспектывы кампаратыўнага аналізу іншых твораў старабеларускага пісьменства і, хочацца верыць, паслужыць каталізатарам для з’яўлення новых даследаванняў мовы асобных помнікаў.

Літаратура:

Мякишев В.Язык Литовского статута 1588 года. Kraków, 2008

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.

Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. Мн., 1969.

Лингвистический энциклопедический словарь. М., «Советская энциклопедия». – 1990.

Свяжынскі У.М. Праблемы ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага княства Літоўскага. // “Metriciana”, vol. 2, Мн., 2003



Ціванова Галіна Кузьмінічна – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ.

tivadom@tut.by Тэл.: VEL 6552081, служб.2223142, х. 2552081


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка