Філасофія жыцця і смерці: духоўныя лабірынты герояў аповесці “Сотнікаў” В. Быкава




Дата канвертавання17.03.2016
Памер84.1 Kb.
В.І. Козіч (Мінск, БДПУ)

Філасофія жыцця і смерці: духоўныя лабірынты герояў аповесці “Сотнікаў” В.Быкава

Сорам і ганьба для свету вайна,

Як ні мяркуй, ні судзі,

З боскіх законаў смяецца яна…

А.Гарун

Чалавек жыве ў бінарнай пазіцыі паміж Жыццём і Смерцю. У мірны час паміж імі большая ці меншая адлегласць. Ваенныя абставіны парушаюць многія каноны, у тым ліку лагічныя повязі вышэй названых паняццяў. Сустрэча з бядой, з горам, са смерцю – трагічны, але нічым не заменны спосаб зразумець сэнс жыцця. Смерць у многім вытлумачвае наяўнасць маралі, этычных нормаў. На мяжы “паміж” ідзе спасціжэнне сумленнасці, прыгажосці, мужнасці, па сутнасці, усяго спектра маральна-этычных каштоўнасцей.



Беларуская літаратура падрыхтавала глебу для ўсебаковага даследавання прыёмаў, спосабаў стварэння, абмалёўкі мастацкіх вобразаў, спосабаў і сродкаў раскрыцця псіхалогіі чалавека. Гэта творы М.Гарэцкага і К.Чорнага, І.Мележа і В.Быкава, Я.Брыля і А.Адамовіча, І.Навуменкі і І.Пташнікава… Асобную старонку ў нацыянальнай прозе займае творчасць Васіля Быкава. Асобную адпаведна свайму таленту, чалавечай індывідуальнсці. Гэта выяўляецца ў своеасаблівым падыходзе да паказу чалавека ваенных часоў, яго псіхікі. В.Быкаў лічыць, што сэнс рэчаіснасці, каштоўнасць дабра і зла можна пазнаць, калі чалавека паставіць перад знішчальнай сілай абставін. Ці існуе фатальная залежнасць чалавека ад абставін? Пісьменнік вырашае праблемы вайны ў кірунку паглыбленага філасафізму і псіхалагізму. Цікавы матэрыял для даследавання псіхалагічнага зместу вобразаў герояў дае адна з лепшых яго аповесцей “Сотнікаў”.

Твор пачынаецца пейзажнай замалёўкай марознай зімняй ночы на лясной дарозе: “Яны ішлі праз лес глухой, замеценай снегам дарогай, на якой не было ні чалавега следу, ні каляіны, ні нават знаку ад капыта ці полазу. <…> Голы, затуманены прыцемкамі хмызняк. <…> Рыбак усё больш пазнаваў гэтую пуцявіну, якую ён памятаў яшчэ з восені, калі пад нагамі плюхалі лужыны, а ў лесе густа церушыў лістапад і восеньскі вецер імжыў наўкола нудным сцюдзёным дажджом. <…> Голыя дрэўцы на схіле з суччам патанулі ў снезе. Над вяршаллем хвой угары лёгка слізгаў вышчарблены маладзічок месяца, які амаль не свяціў, толькі ледзь бліскаў у імглістым ззянні, аздабляючы змрочнае без зор [вылучана і падкрэслена мною – В.К.] неба” [1, с. 133-134]. Пейзаж не стварае запамінальны, сакавіты, яркі малюнак. Ён служыць фонам, дзе хутка разгорнуцца асноўныя падзеі. Малюнак эмацыянальна псіхалагізаваны, вонкава не звязаны з псіхалагічным станам герояў. Спалучэнне “адушаўлёных” эпітэтаў з “неадушаўлёнымі”, падборка змрочна-настраёвых дзеясловаў дапамагае стварыць “дэкарацыйную” карціну, дзе павінны адбыцца драматычныя падзеі. І гэты лес, і гэты месячык, з якім “было неяк весялей, нібы хтось жывы рупна праводзіў іх у гэтай дарозе” [1, с. 134], будуць адзінымі сведкамі цяжкіх думак і разважанняў герояў у час іх руху наперад па зімовай дарозе да бліжэйшай вёскі. Але ўсё ж вонкавая незвязанасць пейзажных замалёвак з псіхалагічным станам персанажаў – гэта своеасаблівы прём пісьменніка, які заключаецца ў тым, што ўнутраныя перажыванні, часовы стан псіхікі герояў выклікаюць менавіта такое багацце навакольных мясцін. Пісьменнік прапануе чытачу суб’ектыўны псіхалагічны вынік, сугучны часоваму стану псіхікі чалавека.

Ініцыятыву знаёмства з галоўным героем аповесці бярэ ў свае рукі Рыбак па той прычыне, што ён фізічна больш моцны, што на ім ляжыць адказнасць за выкананне задання. За спіной Рыбака чуем “прыглушаны прастудны кашаль, які гучаў часам бліжэй, часам далей, а цяпер вось дык і зусім прыціх нешта” [1, с. 134], затым, азірнуўшыся, бачым “тоўстыя стаптаныя буркі”, у якіх герой не ідзе, а “шкандыбае”, бачым, як “той нешта незнаёма і нязвыкла сутуліўся, апусціўшы голаў у глыбока насунутай, з апушчанымі краямі пілотцы, і, калі падышоў, стала чуваць яго разгарачанае труднае дыханне, з якім той не мог саўладаць, нават спыніўшыся” [1, с. 135]. Тонкае пранікненне ў псіхалагічныя глыбіні герояў прыводзіць аўтара да выкарыстання такога цікавага прыёма, як самааналіз і ўзаемахарактарыстыка персанажаў, узаемадапаўняльнасць і суіснаванне іх. Прыём графічных партрэтных накідаў дае пісьменніку магчымасць насыціць партрэтныя дэталі вялікім зместам, скандэнсаваць увагу менавіта на гэтых дэталях, бо яны будуць мець значэнне ў далейшым разгортванні дзеяння.

Герой В.Быкава многа думае, разважае не толькі пра сябе, але і пра другіх людзей, яго цікавяць “праклятыя” пытанні чалавецтва. Ён не спяшаецца падзяліцца думкамі з іншымі героямі. Разумовая сістэма замкнутая, стрыжань яе скіраваны ў духоўны свет, абмежаваны “я” асобы. Выкарыстоўваецца прыём сінтэзу думак, філасофскіх разважанняў таго, што хаваецца за словам характарызуемага героя і адначасна другога чалавека, паплечніка.

Пра многае ў характары Сотнікава мы даведваемся са слоў Рыбака. Размовы герояў – “глухія”: яны не разумеюць і не могуць зразумець адзін аднаго, але даюць багаты матэрыял для трэцяга “субяседніка”, за якім стаіць чытач. Кожны штрых характару героя выклікае ў чытача псіхалагічныя пачуцці, перажыванні. Бачым мы, што не становіцца лягчэй Сотнікаву, што “ўся яго ўвага была скіравана на тое, каб не збіцца з кроку, не парушыць пасільны, асвоены ім тэмп”, што нават “успамін пра ежу не падагнаў Сотнікава”, што ён “стомлена гробся на схіле”, што “ў ягоных грудзях штось ціхенька рыпела, як у сапсутым гармоніку” [1, с. 139]. Што гэта? Натуралістычнае апісанне чалавека? Адназначна не, бо без фізічных пакут былога камбата не было б яго настойлівага роздуму аб жыцці і смерці. Усё больш і больш нарастае трывога чытача, калі ён амаль фізічна адчувае, як у Сотнікава “на правай назе адняліся, не чуваць сталі два пальцы”, як “ныла ўсё яго прастуджанае цела, якое сёння пачало яшчэ і ліхаманіць”, як “пачала кружыць галава, часам нават штосьці правальвалася – знікала ў памяці”, як “спіна між лапатак макрэла ад сцюдзёнага поту” [1, с. 140]. Нарастае рытм апісання, дынамізм руху. Паскораны псіхалагізм дзеяння выклікае паскоранасць тэмпаў псіхалагізму перажыванняў, пачуццяў, псіхалагічна-філасофскую паглыбленасць думкі.

Нешматслоўнасцю герояў твора В.Быкава абумоўлена шырокае і ўдалае выкарыстанне няўласна-простай мовы. Значнае месца сярод спосабаў псіхалагічнага аналізу галоўных герояў аповесці “Сотнікаў” займае ўспамін, які падаецца то праз сны Рыбака і Сотнікава, то праз мроі фізічна слабога Сотнікава. Напрыклад, успамін пра катаванне палкоўніка дазваляе зразумець далейшыя паводзіны Сотнікава, спраецыраваць характар на будучае, бо смерць палкоўніка ўсе будуць памятаць, але не кожны падумаў, што “тыя некалькі хвілін перад расстрэлам былі ягоным трыумфам, яго подзвігам, бо палкоўнік не ведаў нават, што яго хто ўчуе са сваіх” [1, с. 188]. Сотнікаў таксама сцвярджае тую простую выснову, што “адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце – яго жыццё” [1, с. 187]. Але і яго прыходзіцца аддаваць у барацьбе з фашызмам, бо жыццё пад фашысцкім прыгнётам ужо не мае сваёй каштоўнасці. Гэта ўжо толькі здзек з чалавека. Сотнікаў цяпер выразна ўсведамляе гэта.

Апошняя перад ліквідацыяй ноч для Сотнікава – ноч роздумаў аб сэнсе жыцця чалавека, аб значнасці асобы ў грамадстве, аб смерці, якая “павінна нешта сцвярджаць, нешта адмаўляць і па магчымасці здзейсніць тое, што не паспела здзейсніць жыццё” [1, с. 256]. Стараючыся не парушаць складаную будову дыялектычнай думкі, пісьменнік перадае яе суцэльным патокам разважанняў праз цеснае ўзаемадзеянне няўласна-простай мовы з унутраным маналогам. Ці заўсёды тут вытрымана праўда характару? На жаль, не заўсёды. Шматразовае паўтарэнне пра абавязак больш садзейнічала рытарычнасці, напышлівасці слоў і фраз, а не глыбокаму пранікненню ў іх унутраны сэнс.

Лёс дакляраваў Сотнікаву яшчэ адно выпрабаванне: здрадніцтва чалавека, якога амаль лічыў сваім сябрам. Цяжка, невыносна цяжка ісці на эшафот, прымаючы “дапамогу” Рыбака. Таму “люта пакутуючы ад болю ў назе, Сотнікаў ледзьве плёўся за ўсімі, стараючыся не надта апірацца на чужую цяпер і агідную яму Рыбакову руку. З усяе сілы ён намагаўся ісці сам” [1, с. 268]. Непазбежнасць смерці не выклікае ў Сотнікава адчування бессэнсоўнасці супраціўлення, барацьбы ахвяр. Тлумачыцца гэта ўпэўненасцю, што “ёсць жа на свеце штосьці непамерна важнейшае за сваю шкуру”, і дзеля гэтага “штосьці” “на змену пакараным прыйдуць другія. Смелыя заўсёды знойдуцца” [1, с. 269]. Сэнс жыцця чалавека ў крытычных абставінах, самавыхаванне чалавека і выхаванне чалавечнасці ў другіх людзях, смерць і бессмяротнасць – вось кола тых праблем, якія хвалююць В.Быкава, на якія ён спрабуе даць адказы.

Адчуўшы сваю еднасць з людзьмі ў такім мнагалюдным чалавецтве, Сотнікаў “нечакана ўсумніўся ў сваім заўсёдным праве – нароўні з сабой патрабаваць ад іншых” [1, с. 273]. Упэўненасць у правільнасці выбранага дазваляе Сотнікаву набыць ураўнаважанасць і заспакоенасць перад смерцю. Знайшоўшы сэнс жыцця ў служэнні людзям і выкананні абавязкаў, Сотнікаў “ціха, аднымі вачамі ўсміхнуўся малому – нічога, браток!” [1, с. 274]. Гэта не ўсмешка ад усведамлення таго, што хлапчук і многія іншыя запомняць і захаваюць у сваім сэрцы подзвіг нескароных, пярэймуць і перададуць іншым сілу іх любові да Радзімы – прыкладна так пісалі многія крытыкі. Думаецца, такая “ўсвядомленасць” гаварыла б пра наіўнасць Сотнікава, што не характэрна яму з самага пачатку. І ўсмешка, і тое, што ён сам адштурхнуў цурбан, – апошняе, што мог зрабіць ён, Сотнікаў, для людзей.

Прынцыпамі, чалавечнасцю Сотнікава ў аповесці В.Быкава ідзе суд над Рыбаком. Вайна не зрабіла асобага перавароту ў душы Рыбака. Першае ж паражэнне ў барацьбе з ворагамі прымусіла старшыну стралковай роты хавацца ў вясковых людзей, якія лячылі яго параненую нагу. Не характэрны Рыбаку самааналіз, не здольны гэты герой прааналізаваць свае паводзіны па той прычыне, што ён бачыць сябе толькі сваімі, шчыльна зажмуранымі вачыма, а адкрыць іх шырэй, магчыма, не можа, але яшчэ больш магчыма – не хоча, бо за гэтым стаяць як набыткі, так і страты, а страчваць ён не жадае. Не пра дастойны адпор ворагам ён думаў, а “прыкідваў і так, і гэтак, каб як абхітрыць паліцыю, выкруціцца або хоць адцягнуць кару” [1, с. 227]. Каштоўнасць жыцця Рыбак вымярае пражытымі гадамі.

З усіх герояў аповесці Васіль Быкаў малюе найбольш поўны і дакладны партрэт старасты Пётры Качана. На працягу твора аўтар нідзе не расказвае пра мінулае Пётры. Гэта сфарміраваны, застылы ў сваёй форме характар. Пісьменнік увасабляе ў ім сілу народа, моц, трываласць і загартаванасць душы народа. Гэта своеасаблівы сімвал народнага сумлення. Такая мастацкая дэталь, як “вялікія парэпаныя рукі”, ужываецца невыпадкова. За гэтым – працоўнае жыццё чалавека, пражытае з карысцю для людзей. Становячыся па просьбе людзей старастам, Пётра хоча сваёй чалавечнасцю змякчыць жорсткі ваенны лёс аднавяскоўцаў. Смерць яго – своеасаблівы ўклад у скарбніцу перамогі народа, прадстаўніком якога ён быў.

Смерць маці траіх дзяцей Дзёмчыхі – не толькі недаравальны папрок абыякавасці Рыбака (ды і Сотнікава!), але гэта перш за ўсё вельмі цяжкое абвінавачванне фашызму. Спакон веку літаратараў хвалявала тэма слёз і пакут ні ў чым не павінных дзяцей. Васіль Быкаў праз незвычайны згустак чалавечага болю ў душы трынаццацігадовай дзяўчынкі Басі гаворыць у абарону дзяцей, прамых ці ўскосных ахвяр нямецкага парадку. Пакуты яўрэйскай дзяўчынкі, якая дайшла свядома да жадання смерці, і той босы, у падраных, на шлейцы штоніках пяцігадовы хлопчык, які марыць пра кавалак звычайнага хлеба, з’яўляюцца яшчэ адным абвінавачваннем фашысцкім прыслужнікам.

Героі твораў класіка нацыянальнай прозы Васіля Быкава жывуць у абставінах вайны, найбольш набліжаных да трагедыі. Яны вымушаны пакутліва шукаць адказы на многія рытарычныя пытанні, бо гэта дае надзею, маральную падтрымку, што па-ранейшаму будуць жыць ісціна, справядлівасць, любоў… і многае іншае для тых, хто гэтага варты.

Літаратура


  1. Быкаў, В. Збор твораў : у 4 т. / В.Быкаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. – Т. 2 : Аповесці. – 447 с.

Козіч Вольга Ільінічна,

кандыдат філалагічных навук, дацэнт БДПУ імя Максіма Танка

(х. тэл.: 2866764



г. Мінск, вул. Шафарнянская, д. 2А, кв. 13)



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка